РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РВНА),

вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР, арганізаванае ў канцы 1941 ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. Асновай РВНА сталі атрад нар. міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага р-на Арлоўскай вобл. (Расія) і групы мясц. самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К.​П.​Васкабойніка (кіраўнік адміністрацыі аўт. раёна, створанага ў тыле 2-й танк. арміі вермахта). Пасля гібелі Васкабойніка фарміраванне ўзначаліў інж. Б.​В.​Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан. Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўт. раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс. чал. Камінскі ў выніку мабілізацыі скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА. Падраздзяленні РВНА ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1-й пал. 1943 часці Чырв. Арміі нанеслі РВНА шэраг паражэнняў. У жн. 1943 з дазволу ням. камандавання Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі (эвакуіравана каля 30 тыс. чал.) у раён г. Лепель. Аднак у выніку масавага дэзерцірства і пераходу байцоў і жыхароў акругі на бок сав. партызан колькасць РВНА скарацілася больш чым на ​2/3. Брыгада, папоўненая мясц. паліцэйскімі, абараняла тылавыя камунікацыі 3-й танк. арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партыз. брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У пач. 1944 РВНА разам з бежанцамі пераведзена ў г. Дзятлава Гродзенскай вобл. У крас.—маі 1944 два палкі брыгады ўдзельнічалі ў антыпартыз. аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята», у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА». Потым РВНА разгорнута ў 29-ю грэнадзёрскую дывізію СС. У жн. 1944 асн. сілы дывізіі ўдзельнічалі ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панеслі вял. страты. Вызначыліся рабаўніцтвам мясц. жыхароў і марадзёрствам. Камінскі асуджаны ваен.-палявым судом СС і расстраляны. У кастр. 1944 рэшткі дывізіі раззброены і адпраўлены ў Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1-й дывізіі Рускай вызваленчай арміі ген. А.А.Уласава.

С.​У.​Жумар.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕП (ад польск. sklep скляпенне, падвал),

1) гаспадарчая пабудова для захоўвання гародніны, бульбы, квашаніны і інш. прадуктаў. Шырока бытуе ў народаў Еўропы, Зах. Азіі, Каўказа, Сібіры і інш. На Беларусі архітэктура С., а таксама назвы (пограб, пограбня, прыгрэбка, лёх і інш.) атрымалі рэгіянальныя асаблівасці. С. мае заглыбленую на 1,5—2 м падземную ч. са сценамі з камення, бетону (раней — з бярвён), над якой робяць зруб з 3—4 вянкоў, накрываюць 2- ці 3-схільным дахам. Перакрыцце з дошак па бэльках ці маналітнае з бетону, абавязкова з ацяпленнем. Знадворку робяць квадратны люк і невял. адтуліну («варонку») для засыпання бульбы і інш. Уваход у С. заўсёды ў тарцовай сцяне. Звычайна С. ставяць каля хаты, часам ён з’яўляецца падземнай ч. клеці. Здаўна С. вядомы і пад падлогай жылых памяшканняў, часцей у сенцах, каморы, пазней — у кухнях і на верандах. Пры высокім узроўні падземных вод С. робяць неглыбокім, са сценамі, прысыпанымі для ацяплення зямлёй, ці будуюць далей ад сядзібы на сухім месцы.

2) Падземнае збудаванне ў замках, палацах, мураваных будынках ці натуральная пячора, прыстасаваная для доўгатэрміновага захоўвання віна, пораху, прадуктаў, часам для трымання і катавання вязняў.

3) Мемар. збудаванне на могілках, дзе хаваюць нябожчыка. Мае невял. (у параўнанні з грабніцай ці пахавальняй) памеры, абавязкова з унутр. прасторай, звычайна з падземнай ч. і з уваходам у яе. С. для пахавання выкарыстоўваюцца са старажытнасці. Характарызуюцца манументальнасцю форм, разнастайнасцю і багаццем дэкар. аздаблення (С. на Кальварыйскіх і Вайсковых могілках у Мінску, канец 19 ст.).

4) Падземная ч. пахавальні ці буйнога культавага збудавання, крыпта якога прызначаецца для пахавання (Нясвіжскі касцёл езуітаў, 16 ст.).

С.​А.​Сергачоў.

Скляпы на вясковых могілках каля г. Жбейль (Ліван).
Склеп у вёсцы Радунь Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.
Склеп на Вайсковых могілках у Мінску.
Склеп у вёсцы Дзямянчыцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́БУЛА (лац. fibula),

шпілька для зашпільвання верхняга адзення ў стараж. народаў. Яе выраблялі з бронзы, жалеза, радзей з золата ці серабра. З’явілася ў бронзавым веку і была найб. пашырана ў кельцкіх (латэнскіх) плямён. Ад іх трапіла да германцаў, славян, балтаў. На тэр. Беларусі самыя стараж. Ф. раннелатэнскага тыпу з’явіліся ў 3 ст. да н.э., знойдзены на помніках мілаградскай культуры і паморскай культуры. У плямён зарубінецкай культуры пашыраны Ф. сярэднелатэнскага (3—2 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) і позналатэнскага (1 ст. да н.э. — 1 ст. н. э.) тыпаў, запазычаныя ў кельтаў (Велямічы, Атвержычы, Чаплін і інш.). Плямёны зарубінецкай культуры выкарыстоўвалі і мясц. тыпы Ф. з трохвугольным шчытком. Акрамя латэнскіх на Беларусі ў невял. колькасці трапляюцца шматчасткавыя Ф. інш. тыпаў: воінскія (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.; Велямічы, Малышкі, Мілаград, Чаплін і інш.), «вочкавыя» (1—2 ст. н.э.; Івань, Курадава, Слабодка), падвязныя (1—4 ст. н.э.; Банцараўшчына, Брэсцкі бескурганны могільнік, Лемяшэвічы, Навасёлкі, Чаплін), з грэбенем на спінцы (2-я пал. 2 — пач. 3 ст. н.э.; Брэсцкі бескурганны могільнік), пальцавыя (5—7 ст.; Нікольцы) і інш. З канца 1-га тыс. да н.э. ў плямён зарубінецкай, днепра-дзвінскай культуры, штрыхаванай керамікі культуры з’явіліся простыя па канструкцыі падковападобныя Ф. (Васількоўка, Загорцы, Кастрыца, Чаплін і інш.). Сустракаюцца Ф., упрыгожаныя эмалямі (Малышкі). Падковападобныя Ф. існавалі доўгі час, найб. пашыраны ў 10—13 ст., з ужытку выйшлі ў 14 ст. Знойдзены ў гарадах Ваўкавыск, Гомель, Лукомль, Мінск, Пінск, Полацк і інш. Некат. тыпы Ф. у старажытна-рускі час мелі кольца-, серпападобную і інш. формы. Сярод рэдкіх знаходак на Беларусі шкарлупінападобныя і роўнаплечуковыя Ф. (11—13 ст.; Маскавічы).

Літ.:

Археалогія Беларусі. Т. 2. Жалезны век і ранняе сярэднявечча. Мн., 1999.

Фібулы: 1 — ранняга жалезнага веку з археалагічнага комплексу Тайманава Быхаўскага раёна; 2 — з Гомеля (6—7 ст.); 3 — з могільніка каля в. Нісімкавічы Чачэрскага раёна (10—12 ст.).

т. 16, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каменда́нт

(ням. Kommendant, ад лац. commendans, -ntis)

1) начальнік войск крэпасці або ўмацаванага раёна;

2) вайсковы начальнік, які наглядае за парадкам нясення службы ў гарнізоне;

3) асоба, якая наглядае за парадкам перамяшчэння войск і вайсковых грузаў на шляхах зносін (ваенны к.);

4) асоба, якая адказвае за ахову і маёмасць якога-н. грамадскага будынка (напр. к. інтэрната).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУМАЖКО́Ў Ціхан Піменавіч (2.7.1909, г. Дальнярэчанск Прыморскага краю, Расія — 23.9.1941),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Мінскі хіміка-тэхнал. тэхнікум. З 1935 працаваў дырэктарам з-да, старшынёй Петрыкаўскага райвыканкома, з 1939 1-ы сакратар Акцябрскага РК КП(б)Б Палескай вобл. У пач. Вял. Айч. вайны ўзначаліў барацьбу працоўных раёна супраць захопнікаў, стварыў (разам з Ф.І.Паўлоўскім) партыз. атрад «Чырвоны Кастрычнік», які з часцямі Чырв. Арміі 18.7.1941 разграміў штаб ням. дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага р-на, захапіў палонных і шмат баявой тэхнікі, аператыўныя дакументы і інш. У жн. 1941 накіраваны на Паўд.-Зах. фронт. Загінуў у Палтаўскай вобл. У г.п. Акцябрскі пастаўлены помнік Бумажкову.

Ц.П.Бумажкоў.

т. 3, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДЗЯ́НСК (у 1939—58 Асіпенка),

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Запарожскай вобл. Засн. ў 1827. 132 тыс. ж. (1993). Порт на Азоўскім м. Чыг. станцыя. Прам-сць: машынабудаванне (с.-г. і дарожныя машыны, кабель і інш.), харч. (у т. л. рыбная), лёгкая (абутковая, трыкат.), нафтаперапрацоўчая; вытв-сць буд. матэрыялаў (шкловалакно). Пед. ін-т. Краязнаўчы, маст. музеі. Гразевы і прыморскі кліматычны курорт за 5 км ад горада, на беразе Азоўскага м. Развіваецца з канца 19 ст. Шырокія пясчаныя пляжы даўж. каля 20 км. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага з мяккай зімой, цёплым летам і вял. колькасцю сонечных дзён. Лячэбныя гразі, рапу салёных азёр і заліваў Азоўскага м. выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, сардэчна-сасудзістай і перыферычнай нерв. сістэм, гінекалагічных.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВЁРКІ (Sciurus),

род млекакормячых жывёл сям. вавёркавых атр. грызуноў. 55 відаў у Паўн. паўшар’і і на Пн Паўд. Амерыкі. Пашыраны ў горных і раўнінных лясах. На Беларусі 1 від — вавёрка звычайная (S. vulgaris).

Даўж. цела 20—35 см, хваста 19—31 см, маса 180—1000 г. Афарбоўка залежыць ад раёна пашырэння, сезона, узросту, індывідуальнасці. Вавёрка звычайная бывае рыжая, папялястая, амаль чорная і інш. Будуюць гнёзды (гайны) ці жывуць у дуплах. Штогод даюць 1—3 прыплоды па 1—12 дзіцянят. Корм раслінны і жывёльны, большасць вавёрак робяць запасы на зіму. Вавёрка звычайная акліматызавана ў Крыме, на Цянь-Шані і Каўказе. Некаторыя з вавёрак — каштоўныя паляўніча-прамысл. віды (здабываюцца дзеля пушніны, у тропіках — дзеля мяса). Дальмарская чорная вавёрка занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Вавёрка звычайная.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ «ВАРО́ТЫ», Суражскія «вароты»,

40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам (Смаленская вобл.) і Усвятамі (Пскоўская вобл.) у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку наступлення 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і дзейнічалі з 10.2 да 28.9.1942. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й ударнай арміі, 1-я і 2-я Бел. партыз. брыгады. Праз «вароты» партызаны трымалі сувязь з камандаваннем 4-й ударнай арміі, у тыл ворага накіроўваліся партыз. групы, зброя. З акупіраванай тэр. выходзілі партыз. атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырв. Армію, насельніцтва. У памяць аб Віцебскіх «варотах» у в. Заполле Віцебскага р-на пастаўлены помнік.

І.​П.​Хаўратовіч.

Помнік у гонар Віцебскіх «варот» у в. Заполле Віцебскага раёна.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1985 на базе гіст. музея сярэдняй школы № 3 г. Дзяржынск, адкрыты ў 1987. Пл. экспазіцыі 400 м², 4 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў прылады працы эпохі неаліту, бронзавага і жал. вякоў, ляпны і ганчарны гліняны посуд, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні з археал. помнікаў Дзяржыншчыны, манетны скарб 17 ст., абраз-складзень 19 ст., кантракт 1897 графа Г.​Чапскага на перадачу зямлі ў арэнду. Экспануюцца дакументы часоў 1-й сусв. і Вял. Айч. войнаў, асабістыя рэчы і рукапісы землякоў-пісьменнікаў К.​Каганца, А.​Вольскага, С.​Шушкевіча і інш., карціны мастакоў Дзяржыншчыны, бел. нар. адзенне і абутак, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., вырабы дзіцячай творчасці, прамысл. прадпрыемстваў раёна.

Г.​В.​Вашкевіч.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́НВЕР (Denver),

горад на З ЗША, каля ўсх. падножжа Скалістых гор, на р. Саўт-Плат. Адм. ц. штата Каларада. Засн. ў 1858 золаташукальнікамі. 467,6 тыс. ж., з горадам Боўлдэр і агульнымі прыгарадамі каля 2 млн. ж. (1990). Гал. прамысл., гандл.-фін. цэнтр і трансп. вузел Горных штатаў. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр вял. с.-г. (жывёлагадоўля, цукр. буракі) і горнапрамысл. (каштоўныя і рэдкія металы, уран) раёна. Прам-сць: авіяракетная, радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ і інш.), маш.-буд. (прылада- і аўтабудаванне, вытв-сць дарожна-буд. машын, горнага і інш. прамысл. абсталявання), харчасмакавая (мясная, малочная, мукамольная, цукр., піваварная), металаапр., паліграф., цэм., хім., гумава-тэхн., гарбарна-абутковая. Вытв-сць спарт. інвентару. 2 ун-ты. Музеі. Турызм, цэнтр зімовага спорту. Каля Д. нац. парк Рокі-Маўнтын.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)