адско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; заг. адскоч; зак.

1. Аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. хутка, скокам. [Хлопцы] рынуліся да труса, але з страшэнным крыкам адскочылі назад: нешта так ўкусіла іх за ногі, што аж уваччу пацямнела. Маўр. Як толькі.. [Турсевіч] адышоўся. Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў. Колас. // перан. Размясціцца ў аддаленні. Ніводнага гуку ні на прыстані, ні на вёсцы, што адскочыла ў поле ад стромкага берага. Ракітны.

2. Ударыўшыся, стукнуўшыся аб што‑н., адляцець у процілеглым напрамку ці ўбок. Я падняў нават кій, намерваючыся запусціць ім у жалезную бочку.., але ў апошнюю хвіліну стрымаўся, бо пабаяўся, што адскочыць кій ад бочкі і яшчэ трапіць каму-небудзь у галаву. Карпюк.

3. Разм. Пачаць расці, адрасці. Пад яловаю лапай з сонечнага боку адскочыў кусцік зялёнай, па-вясноваму свежай травы. Лужанін.

4. Аддзяліцца, адарвацца, адляцець. На дзвярах вісеў замок. Даміра пакратаў за думку, яна адскочыла. Асіпенка. [Дзераш] разы чатыры ўдарыў.., потым падважыў пешняй, і цэлая ёмкая і важкая скіба гліны адскочыла. Шынклер.

5. Разм. Адлучыцца на кароткі час. [Вэня:] — Пакуль ты будзеш гэтым займацца [калоць свіней], я пехатой адскочу на хутары, прыгавару пару япрукоў. Чорны.

•••

Недалёка адскочыць — быць амаль аднолькавым з кім‑н. у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́браць, ‑беру, ‑бераш, ‑бера; зак.

1. што. Беручы адно за адным, дастаць, выняць усё да апошняга; зрасходаваць. Выбраць ваду са студні. Выбраць сала з кубла. Выбраць ліміты. □ На балоце калісьці капалі торф, і, дзе яго выбралі, стаяла вада. Чорны. // Сабраць ураджай бульбы, агуркоў і пад. Выбраць бульбу ў полі. □ Восень дажджлівая прыйдзе Яблыкі ў садзе атрэсці, Выбраць цыбулю ў гародзе. Танк.

2. каго-што. Параўноўваючы наяўнае, аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. Выбраць спадарожніка. Выбраць месца для начлегу. Выбраць занятак па душы. □ Затое ж дзядзька хват і дока, Набіў на косах сваё вока, І калі выбера ён коску — Не пара іншаму падоску. Колас.

3. што. Адабраць што‑н. па якой‑н. прыкмеце. Выбраць дзесятак спелых яблык. □ [Люба:] — Вось намалоцім новага жыта ў цапы, выберам саломы, тады на лета і [страху] перакрыем. Васілевіч.

4. каго. Абраць галасаваннем для выканання якіх‑н. абавязкаў. Выбраць прэзідыум сходу. □ Позна ноччу новы прафком выбраў сваім старшынёй Грушэўскага. Карпюк.

5. што. Разм. Знайсці неабходны час для ажыццяўлення чаго‑н.; выкраіць. Выбраць зручны момант. □ І ўспомніў.. [Сцёпка] свайго настаўніка. Выбраў вольную часіну і пайшоў у школу. Колас.

6. Спец. Зняць, састругаць рубанкам ці якім‑н. іншым інструментам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кво́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Фізічна не развіты, слабага здароўя, хваравіты. Люда здавалася побач з мажным шыракаплечым Туміліным танюткай і кволай. Савіцкі. Птушаня, маленькае, кволае і такое бездапаможнае, сядзела непадалёку ў траве і сутаргава разяўляла жоўтую дзюбку. Курто. // Які дрэнна расце, развіваецца (пра расліны). У Аксінні тулілася да зямлі, апусціўшы вушы, кволая расада, а ў Палікарпаўны весела цягнуліся к сонцу букецікі. Кулакоўскі. // Слабы, маладзенькі, далікатны. Увайшлі [Сашка і дзед] у бярозавы гай. Ад беластволых красунь, у якіх толькі-толькі на[клёў]валіся кволыя лісточкі, здавалася, навокал пасвятлела. Даніленка. Кошыкі і карабы к поўдню напаўняліся кволымі бледна-жоўтымі і ружовымі сыраежкамі. Васілевіч.

2. Невялікі па сіле, інтэнсіўнасці, напружанасці. Кволае полымя. Кволы голас. □ Кволы ветрык лашчыў зялёную маладую травіцу. Мурашка.

3. Недастаткова моцны; нетрывалы. Лабановіч папрасіў старасту прысесці на канапу, бо кволае крэсла, якіх тут было ўсяго толькі два, наўрад ці вытрымала б яго .. дзябёлае тулава. Колас. Наладаваныя трохтонкі, палутаркі.., быццам вялізныя жукі, спаўзаюць з узгорка на кволы мост. Брыль.

4. перан. Малы, слабы, нязначны. Кволая надзея. □ Але спадзяванне, хоць і кволае, усё-ткі жыло ў ім і не давала супакою. Мележ. [У Чудзіна] надта хутка пагаслі тыя кволыя пачуцці сумлення, якія разбудзіў у хлопца Ганчароў сваёй гутаркай. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марш 1, ‑а і ‑у; м.

1. ‑у. Спосаб мернай рытмічнай хадзьбы ў страі. Цырыманіяльны марш.

2. ‑у. Пераход войск паходным парадкам з аднаго раёна ў другі; паход. [Дывізія] рабіла марш па дваццаць-трыццаць кіламетраў, а тады спынялася ў якім-небудзь гарадку і навакольных вёсках на тры-чатыры дні, а то і на тыдзень. Марціновіч. Ні самалёты, ні танкі з запыленай пяхотай на брані, ні носьбіты пераможнага гулу — гарматы — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль.

3. ‑а. Музычны твор. Спартыўны марш. □ «Рэпертуар» .. [Тамаша] быў небагаты: два маршы, тры полькі, кадрыль. Бядуля.

4. ‑а. Спец. Частка лесвіцы паміж дзвюма лесвічнымі пляцоўкамі. Вось .. [Ніна Пятроўна] мінула першы марш лесвіцы, потым другі — і постаць яе знікла з маіх вачэй. Васілёнак.

•••

Кішкі марш іграюць гл. кішка.

[Фр. marche — хадзьба.]

марш 2, выкл.

1. Каманда для пачатку руху ў страі або для змены павольнага руху на больш хуткі. [Караневіч:] Усе падраздзяленне павінны прывесці сябе ў поўную гатоўнасць на выпадак, калі падасца каманда — шагам марш. Крапіва.

2. Разм. Загад пайсці куды‑н. — А ну, хлопцы, марш, — паказаў выразна кіем напрамак дзед. Васілевіч. Я моцна зазлаваў і папер беднае дзіця: — Кідай дровы! Панашу іх сам. А ну марш дадому! Карпюк.

[Ад фр. marche (заг. ад marcher) — ідзі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́ска, ‑і, ДМ масцы; Р мн. масак; ж.

1. Накладка на твар, падобная на звярыную морду або чалавечы твар. Тэатральнай маска. Маска зайца. // Накладка на верхнюю частку твару з прарэзамі для вачэй, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным. Карнавальная маска. // Чалавек у маскарадным касцюме і такой накладцы. Душа твая — малюнак артыстычны: Пад лютняў звон прыгожых масак рой Танцуе там, адзеўшыся нязвычна, У надзеі скрыць праз гэта смутак свой. Багдановіч.

2. перан. Прытворства, якое скрывае сутнасць каго‑, чаго‑н. Мужчыны стараліся стрымаць свае пачуцці і роблена прыкрываліся маскай абыякавасці і лёгкай іроніі. Васілевіч. Сваё замяшанне [Зелянюк] досыць удала хаваў пад маскай вясёлага бадзёрага ажыўлення. Зарэцкі.

3. Адліўка з гіпсу, знятая з твару нябожчыка. // Скульптура твару чалавека або галавы жывёлы. Пад выпуклым барэльефам белай мармуровай маскі — старадаўняга акцёрскага сімвала — было высечана: Антон Максімавіч Саковіч. Рамановіч.

4. Спец. Засцерагальнае прыстасаванне, якое надзяваюць на твар. Супрацьгазавая маска. Маска для падводнага плавання. // Накладка спецыяльнага прызначэння на твар. Перад .. [Надзяй] стаяў урач у дзіўнай масцы і незвычайным фартуху. Карпюк.

5. У касметыцы — слой накладзенага на твар лекавага саставу, крэму і пад.

•••

Зняць (скінуць) маску гл. зняць.

Надзяваць (насіць) маску гл. надзяваць.

Сарваць маску гл. сарваць.

[Фр. masque ад араб. mashara — насмешка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Наскочыць, напароцца на што‑н. вострае. Наткнуцца на сук.

2. Рухаючыся, нечакана наскочыць на каго‑, што‑н. (на якую‑н. перашкоду). Страляючы перад сабою, Мішка выскачыў на палянку, наткнуўся на нешта цвёрдае і ўпаў. Паслядовіч. Ідзе [юнак] па тратуару і аглядваецца назад. Заглядзеўся і наткнуўся на вусатага дзядзьку з гаспадарчай сумкай. — Малады чалавек, не страляйце варон. Пянкрат.

3. перан. Рухаючыся, нечакана сустрэцца з кім‑, чым‑н., набрысці на каго‑, што‑н. Познім адвячоркам абоз нечакана наткнуўся на варожую засаду. Якімовіч. Ішлі мы неяк вясной групай па лесе і наткнуліся на немцаў. Карпюк. // Нечакана, выпадкова выявіць, знайсці што‑н. Толькі ў канцы вайны неяк праглядаючы ў газеце спіс узнагароджаных Урадам партызан, Марынка нечакана наткнулася на .. прозвішча [Паходні]. Хадкевіч. Да дна ператрос чамадан у зацішку. Тут раптам вачыма наткнуўся на кніжку. Арочка. // Разм. Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. на сваім жыццёвым шляху, у сваёй дзейнасці. У Міколы быў горкі вопыт. Летась ён уцякаў і папаўся.. На першым польскім хутары яго накрылі. Багаты хутаранін, пакуль жонка карміла ўцекачоў,.. прывёў з недалёкага маёнтка салдатаў... Ды для Калодкі гэта быў не доказ. — На аднаго сабаку наткнуўся, дык думаеш, што ўсе такія. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што, на што і без дап. Стварыць ціск, налегчы цяжарам. Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі. [Раманенка] ціха, быццам крадучыся, націснуў на дзверы, і яны без скрыпу адчыніліся. Шамякін.

2. чаго. Выціскаючы, здабыць у якой‑н. колькасці. Націснуць соку з журавін.

3. на каго-што і без дап. Зрабіць націск (у 3 знач.). Націснуць на ворага з флангаў.

4. перан.; на каго-што і без дап. Прымусіць або схіліць каго‑н. да якога‑н. дзеяння. Націснуць на адміністрацыю. Націснуць на пастаўшчыкоў.

5. перан.; на што і без дап. Разм. Энергічна ўзяцца за што‑н. [Мельнік:] — Я б на тваім месцы, Коля, націснуў бы на вучобу! Карпюк.

6. на што і без дап. Вымаўляючы, зрабіць лагічны націск. — Ты гэта што? Смяяцца ўздумаў над начальствам? — закрычаў зноў старшыня і націснуў на слова «начальствам». Чарот. Стафанковіч.. сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. — Каб дождж не прамачыў вашага дзіцяці (на слова «ваша» ён вельмі націснуў). Гэтая адзежына мне не патрэбна. Чорны.

7. што. Разм. Нацерці мазоль (мазалі).

•••

Націснуць на (усе) кнопкі (педалі) — выкарыстаць усе магчымасці для дасягнення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Прызнаць у кім‑, чым‑н. знаёмага або знаёмае. Раптам прыезджы павярнуўся, і Віця пазнаў яго: гэта быў Запольскі. Пальчэўскі. Вясковыя дазорцы заўважылі варожы атрад, пазналі правадніка і .. паслалі сваіх сувязных, каб сказаць партызанам. Гурскі. Чысты пакой нельга было пазнаць. .. Ложкі Аўдоцця прадала, і той кут, дзе яны стаялі, зусім апусцеў. Чарнышэвіч. // і без дап. Распазнаць па якіх‑н. прыкметах каго‑, што‑н. Толькі па дзвюх абгарэлых бярозах, што калісьці стаялі перад хатай, стары пазнаў месца, дзе пражыў усё сваё доўгае жыццё. Шамякін.

2. і без дап. Вывучыць з’явы акаляючага жыцця, прыроды, рэальнасці. Пазнаць сутнасць рэчаў. Пазнаць тайны сусвету. □ [Бацька:] — Пазнаць жыццё пушчы, сынку, не проста, не адразу яно адкрываецца новаму чалавеку. Хадкевіч.

3. Атрымаць сапраўднае ўяўленне аб кім‑, чым‑н. Пазнаць народнае жыццё. □ І пазнаў я жыццёвую тайну, — дзве слязы, як упалі на грудзі... Трус.

4. Перажыць, перацярпець; зведаць. Пазнаць гора. Пазнаць нястачу.

5. і з дадан. сказам. Зразумець што‑н. Калі .. [Аня] гаварыла, карыя вочы яе і выраз твару рэзка мяняліся, і па іх лёгка можна было пазнаць Аніны перажыванні. Карпюк. Здалёк і не пазнаць было, што гэта куры, — проста рознакаляровыя ласкуты. Паўлаў.

•••

Пазнаць, дзе ракі зімуюць — зведаць, што такое сапраўдныя цяжкасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбра́цца, ‑бярыся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. прыбярыся; зак.

1. Адзецца прыгожа, лепш, чым звычайна. Ігар прапусціць лекцыю, але затое прыбярэцца ў інстытут: надушыцца, выпрасуе кант, на тоўсты вузел завяжа гальштук. Карпюк. Мяне здзівіла толькі перамена ў настроі, але не тое, што цётка Матруна прыбралася. Лось. // Адзецца ў якую‑н. адзежу. Успамінаюць [казакі] асабліва пра тое, як.. [Паўло Сямёнавіч] у адну з найцяжэйшых гадзін ліпеньскай блакады, ідучы на разведку далёка наперад, прыбраўся чамусьці ў спадніцу і хустку. Брыль. Прыбраўся Кудлаты ў боты, у сярмягу. Танк. // перан.; у што. Пакрыцца чым‑н.; упрыгожыцца чым‑н. Зышліся і скучыліся каля гасцінца кусты алешніку. Прыбраліся яны ў белыя мяккія вопраткі і пра нешта раяцца паміж сабою. Галавач. У гэты дзень, 6 студзеня, з самае раніцы прыбраўся горад у чырвоныя сцягі. Гарэцкі.

2. Разм. Прыбраць дзе‑н., навесці парадак. Прыбралася, памылася, зварыла бульбы, а бацькі ўсё не было. Савіцкі. // Давесці што‑н. да ладу. Прыбрацца з сенакосам.

3. Разм. Сабрацца зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. — У горад хачу паехаць на які тыдзень, праветрыцца трэба, ды не прыбяруся ніяк. Чорны. [Сымон:] — Я даўно, дзядок, збіраўся Дзеду нештачка сказаць, Ды ніяк не прыбяруся, Не асмелюся ніяк. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. каго-што. Прыперці, прыхіліць да чаго‑н. Прываліць бервяно да сцяны. // Прыкрыць, прыціснуць зверху чым‑н. Прываліць каменем. □ [Снег] прыкрыў, прываліў з восені багну і ваду ў балотах. Сачанка. // безас. Прыціснуць, прыдушыць. Гэтая дзяўчына пераклала немцам, быццам у лесе сасной прываліла рабочага і патрэбна медыцынская дапамога. Карпюк.

2. Спец. Прыстаць, прычаліць (пра судна). Параход прываліў да берага.

3. Разм. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці. Раз, ужо ў познюю восень, грамада мужыкоў прываліла ў школу. Колас. Як заўсёды.., на сход прываліла ўся вёска; моладзь — тая наперадзе. Нікановіч. Прывалілі людзі з саду: — Што такое? — Што за гром? Бялевіч. / у безас. ужыв. У мястэчка за апошні месяц прываліла нямала рознага люду. Навуменка. // перан. З’явіцца, прыйсці (пра што‑н. нечаканае або ў вялікай колькасці). [Аўгусцін:] — Чуў, чуў, Мікалай, пра тваю знаходку. Во шчасце прываліла! Паўлаў. Здаецца, ніколі .. [вясны] так пс чакалі, як сёлета. Ажн[о] во яно, прываліла цяпло. Савіцкі. Дабро прываліла ў хату, але да раніцы яго яшчэ трэба добра прыхаваць. Няхай. / у безас. ужыв. Мадэльшчыкаў мала, а новых заказаў многа цяпер прываліла. Чорны.

прывалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

Трохі, не поўнасцю зваліць (сукно).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)