цяля́ і цялё, ‑ляці; мн. ‑ляты, ‑лят; н.
1. Дзіцяня каровы. На пустых палянках у садзе пасвяцца цяляты. Бядуля. Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны. // Дзіцяня ласіхі, аленя і пад. Следам за .. [зубрам] выходзіць на паляну ўвесь статак. Тут і маладыя зубры, і падлеткі, і дарослыя зубрыцы з цялятамі, падобнымі на буйных, калматых медзведзянят. В. Вольскі.
2. перан. Пра бязвольнага, безадказнага ці занадта прастадушнага, няхітрага чалавека. «Цяля!» — у думках вылаяў сябе Кулік. Гурскі.
•••
Гнілому цяляці хваста не адарве гл. адарваць.
Дзе і Макар цялят не пасе — тое, што і дзе і Макар коз не пасе (гл. дзе).
У бога цяля ўкрасці гл. украсці.
Цяляты язык аджавалі (ад’елі) каму, у каго — пра таго, хто не можа або не хоча сказаць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адмо́віцца, ‑моўлюся, ‑мовішся, ‑мовіцца; заг. адмоўся; зак.
1. Не згадзіцца рабіць што‑н.; выказаць сваю нязгоду займацца чым‑н. Пасля сканчэння акадэміі Зіну і Ніну хацелі пакінуць у аспірантуры, але яны катэгарычна адмовіліся. Гурскі. Дзед Талаш і Нупрэй мелі ўсе падставы адмовіцца на сённяшні дзень ад разведкі мястэчка. Колас. // Не прыняць чаго‑н., адхіліць. Адмовіцца ад падарунка. □ [Дзед:] — А пра вас, малых, дык і гаварыць няма чаго, — ад салодкага вы ніколі не адмовіцеся. Рылько.
2. Парваць сувязі з роднымі, блізкімі; адрачыся. Але Паддубны не можа адмовіцца ад Ганны, адштурхнуць яе ад сябе, панесці цяжкую рану гэтаму блізкаму і дарагому чалавеку. Хромчанка.
3. Не прызнаць за сваё, не пацвердзіць чаго‑н. Адмовіцца ад сваіх абяцанняў. Адмовіцца ад подпісу. // Перастаць трымацца чаго‑н.; адступіцца ад чаго‑н. Адмовіцца ад веры. Адмовіцца ад сваіх поглядаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абце́рціся, абатруся, абатрэшся, абатрэцца; абатромся, абатрацеся; пр. абцёрся, ‑церлася; заг. абатрыся; зак.
1. Абцерці сябе; выцерціся. Абцерціся ручніком. □ Потым [Пятрок] збольшага абцёрся рукавамі сарочкі і ўвайшоў у хату. Нікановіч. Трэба ж было адпачыць, абцерціся, бо на запыленых тварах блішчалі толькі вочы. Чарнышэвіч. // Ачысціцца, выцерціся, стаць бліскучым ад частага ужывання, трэння. Ужо абцерліся лемяхі аб жорсткую сырую зямлю і заблішчалі на сонцы. Галавач.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сцерціся ад частага ужывання, нашэння, трэння. Фарба на шафе абцерлася. □ Калі [Сідар] узяў вугаль у пальцы, убачыў, што ён зусім ужо абцёрся, пальцы ў сажу не мажуцца. Галавач.
3. перан. Разм. Засвоіць манеры, набыць звычкі, прынятыя ў калектыве, асяроддзі. Цяжка было ў школе, пакуль збольшага абцёрся. Таўлай. Нібыта Гарбачэня, няўжо ж, — прыглядаючыся, гаварыў пастух. — А божачка! Што значыць чалавек пабыў сярод людзей, як абцёрся — не пазнаць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
красава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і красаваць (у 1 знач.). Жыта красуецца.
2. Прыцягваць увагу, вылучацца сваёй прыгажосцю. Як красаваўся, красавацца Чырвоны сцяг над намі будзе. Купала. Ізноў, нібы кветка, красуецца Варвара, некалі самая прыгожая дзяўчына ў вёсцы, а зараз знатны брыгадзір. Васілевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца на відным месцы; вылучацца, віднецца. На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў. Колас. Мікодыму гадоў пад пяцьдзесят. На яго шырокім твары красаваліся заліхвацкія рыжыя вусы. С. Александровіч.
4. Выстаўляць сябе напаказ, любавацца сваім выглядам. Разгладжваючы вусы, прыстаў кожны дзень красаваўся ў гарадку. Чорны. Верхам едзе паніч, перад любай красуецца. Лужанін.
5. перан. Быць у росквіце, паспяхова развівацца. Красуйся на векі вечныя, Палеская зямля, свяціце незгасальныя зоры! Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Участак лесу, адведзены пад высечку або ўжо высечаны. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку, якую адвялі калгасу. Ермаловіч. — Такія елкі, як на плошчы, прывозяць з дзялянак, дзе сякуць лес, а не абы-адкуль. Хадкевіч.
2. Участак зямлі, адведзены для якой‑н. мэты (апрацоўкі, забудовы і пад.). Усе пайшлі аглядаць доследныя дзялянкі, якія былі тут жа, за палацам. Дуброўскі. Дзяўчынка адводзіць сваёй казе раскошную дзялянку: метраў дваццаць ва ўсе бакі ад убітага ў зямлю коліка. Кулакоўскі.
3. Абл. Кавалак чаго‑н. Бабіцкая разгарнула скрутак: там была круглая буханка жытняга хлеба і дзялянка сала. Гурскі. // Частка, доля ад чаго‑н. (пры дзяльбе). Актыўны гуманізм рыбакоў праявіўся ў аднадушным рашэнні даваць дзялянку з кожнага ўлову ўдаве Прахора і старому Сымону. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дражні́ць, дражню, дражніш, дражніць; незак., каго-што.
1. Знарок, наўмысна злаваць, раздражняць чым‑н. Дражніць сабак. □ [Нюрка] наогул мала калі сядзела спакойна на месцы. То імчалася да бацькі ў краму і мыла там падлогу, то дапамагала заганяць у хлявы калгасных цялят, то дражніла панурага скнару Колю. Даніленка. // Паўтараць у смешным выглядзе чые‑н. словы, рухі і пад. Нехта дражніць мяне: Кашляну, — і ў адказ кашляне І схаваецца недзе... Куляшоў. — Вось як прыпільную, дык я на тваёй галаве патраву зраблю, — дражніць Цімох Кустрэя. Колас. // Называць крыўднай мянушкай. — Смыкам дражняць мяне, а сапраўднае прозвішча Скрыпка. Гурскі. Дзеці дражняць Сцёпку сцяблом-граблом, відаць, за доўгія ногі. Хомчанка.
2. Узбуджаць, распальваць, выклікаць якія‑н. пачуцці, жаданні. На сталах на гэтых страва Дражніць нос прынадным пахам. Крапіва. Вобраз панны Ядвісі стаяў неадступна ў вачах, дражніў .. [Лабановіча], кудысь зваў і смяяўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Памянш. да жыла (у 1 знач.); тоненькая жыла. Коркія зусім блізка бачыў адрузлы, маршчыністы твар з чырвонымі жылкамі на пераноссі. Самуйлёнак. Вось з-за лесу ўстала сонца, Рассыпае каснікі, Залатыя ручнікі, І цалуе праз аконца Збітых кудзер валаконцы, Жылкі сінія рукі. Колас.
2. Ніць, вырабленая з сухажылля, капрону і пад.; лёска. Па дзень нараджэння тата падарыў сыну дзве вуды з капронавай жылкай. Юрэвіч.
3. Сасудзіста-валакністае патаўшчэнне ў выглядзе ніці ў лістах раслін і крылах насякомых. Павел Ільіч разглядаў малады, шыракалісты фікус, у якім на сонцы прасвечваліся тоненькія жылкі. Гурскі.
4. Ніцепадобная палоска ў горнай народзе, якая вылучаецца колерам. Мармур з чорнымі жылкамі.
5. перан.; якая або чыя. Здольнасць або прыродная схільнасць да чаго‑н. Працоўная жылка. Творчая жылка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяшо́к, ‑шка, м.
1. Тое, што і мех 1 (у 1 знач.). Мяшкоў не хапіла, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч. // Невялікі мех. Рэчавы мяшок. Парашутны мяшок.
2. Тое, што і мех 1 (у 2 знач.). Прывезлі [парабкі] з млына воз мліва пудоў з дваццаць — чатыры мяшкі. Бядуля.
3. перан. Разм. Аб непаваротлівым, нязграбным або някемлівым чалавеку.
4. Спец. Поўнае акружэнне войска праціўніка. Праз некалькі дзён немцы блакіравалі ўвесь раён. У мяшку апынулася ўся брыгада Стронгіна. Гурскі.
5. Спец. Прыстасаванне ў жывёл і раслін для змяшчэння чаго‑н. Паветраны мяшок. Зародкавы мяшок.
•••
Залаты мяшок — пра вельмі багатага чалавека.
Каменны мяшок — цесная нізкая турэмная камера, у якой цяжка выцягнуцца на ўвесь рост, а таксама турма наогул.
Купіць ката ў мяшку гл. купіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невядо́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога не ведаюць, аб якім няма звестак; незнаёмы. Дзень добры, невядомая краіна! Сіпакоў. Ісці ў такі час у невядомую дарогу было рызыкоўна. Пальчэўскі. Нейкі невядомы лагодны матыў мроіцца ў абуджаных марах. Ваданосаў.
2. Нязведаны, не перажыты раней. У Ніны ўявілася невядомае дагэтуль пачуццё рэўнасці. Гурскі.
3. Які не карыстаецца шырокай папулярнасцю; малавядомы. Невядомы артыст.
4. у знач. наз. невядо́мы, ‑ага, м.; невядо́мая, ‑ай, ж. Незнаёмы, незнаёмая. Тым часам на другім баку граніцы з асцярогаю выглядаў з куста невядомы ў шэрай сялянскай світцы, з аброццю ў руцэ. Пальчэўскі.
5. у знач. наз. невядо́мае, ‑ага, н. Аб чым‑н. нязведаным. Кожны крок наш быў незвычайным крокам у невядомае і небывалае. Грамовіч.
6. у знач. наз. невядо́мае, ‑ага, н. У матэматыцы — велічыня, якую трэба знайсці; проціл. вядомае. Ураўненне з двума невядомымі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падаспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. — Нам неабходна пратрымацца некалькі дзён, — гаворыць Мяснікоў таварышам, — а тады падаспее падлюга... В. Вольскі. Да месца бою падаспеў камандзір брыгады з невялікай групай. Гурскі. // Быць гатовым у час, у патрэбны момант. Ляжыць [Воўк] і не здыхаецца, як запараны конь. Тут якраз і падаспела снеданне. Прынеслі яго Анюта, дачка Ваўка, і Гануся, пакаёўка пані Адэлі. Машара. // Настаць, падысці (пра тэрміны, з’явы і пад.). Важкія снапы жыта былі звезены ў гумно. Прыладзілі камбайн і патроху малацілі. Якраз падаспела і пара касіць атаву. Гроднеў. Ну, а як бліжэй сысціся з Іванам Луцкім? І тут падаспеў зручны выпадак. Новікаў.
2. Разм. Стаць гатовым для збору, уборкі (пра расліны, плады). [Андрэй Сцяпанавіч:] — Скончацца суніцы, чарніцы — пойдзем у маліны. А там падаспее ажына — цудоўная ягада. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)