КРАСАЦЕ́ЛЫ (Calosoma),

род жукоў сям. жужаляў. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць на глебе і дрэвах. На Беларусі 4 віды: К. залатаямкавы (C. auropunctatum), К. бронзавы або малы (C. inquisitor), К. пахучы (C. sycophanta) і К. чорны, або даследчык (C. investigator); апошнія 3 віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. 15—35 мм. Цела яркай афарбоўкі, з метал. бляскам. Ніжнія крылы добра развітыя, у горных відаў адсутнічаюць. Драпежнікі; лічынкі і дарослыя жукі знішчаюць вусеняў (1 жук Да 200—300 за лета) і кукалак матылёў, кормяцца таксама інш. насякомымі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Зімуюць у глебе і подсцілцы, жывуць 2—4 гады. Пры небяспецы К. выпырскваюць едкую пахучую вадкасць. У Паўн. Амерыцы К. пахучага разводзяць для барацьбы з няпарным шаўкапрадам.

Красацел бронзавы.

т. 8, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІВО́НЯ (Paeonia),

род кветкавых раслін сям. півоневых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных і горных абласцях Еўразіі, Пн Афрыкі і на З Паўн. Амерыкі. Трапляюцца ў светлых лясах, на субальпійскіх лугах, а таксама ў лесастэпах і стэпах. На Беларусі інтрадукаваны 3 травяністыя віды П.: адваротнаяйцападобная (P. obovata), адхіленая (P. anomala), малочнакветкавая (P. lactiflora) — родапачынальніца мноства культурных сартоў, і 1 дрэвападобны — П. паўкустовая (P. suffruticosa).

Шматгадовыя (у культуры без перасадкі жывуць да 100 гадоў) травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты з бульба- або верацёнападобнымі каранямі. Лісце чаргаванае, двойчы-, тройчы- або шматрассечанае. Кветкі буйныя, адзіночныя, белыя, ружовыя, чырв., радзей жоўтыя, простыя або махрыстыя. Плод — шматлістоўка. Лек., дэкар. расліны.

Півоня: 1 — Амабіліс Супербісіма; 2 — Андрэ Лар’е; 3 — Мадам Рузвельт; 4 — Фестыва Максіма.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кларк

[англ. F. Clarke = прозвішча амер. геахіміка (1847—1931)];

кларкі элементаў — колькасныя паказчыкі змяшчэння хімічных элементаў у зямной кары, гідрасферы, атмасферы, горных пародах, касмічных аб’ектах і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мілані́т

(ад гр. mylon = млын)

сланцаватая метамарфічная горная парода, якая ўтварылася пры руху мас горных парод па паверхні тэктанічных разрываў, пры пераціранні і сцісканні мінералаў зыходных парод.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бандва́ген

(ням. Bandwagen, ад Band = вяроўка + Wagen = вазок)

канатная ваганетка, якая рухаецца па рэйках і выкарыстоўваецца ў адкрытых горных распрацоўках для транспарціроўкі пароды ад экскаватара да адвалу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

геало́гія

(ад геа- + -логія)

навука аб саставе, будове і гісторыі зямной кары і Зямлі, заканамернасцях утварэння і пашырэння горных парод, мінералаў, падземных водаў і радовішчаў карысных выкапняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэрыге́нны

(лац. terrigenus = які ўзнік з зямлі);

т-ыя адклады — адклады, якія складаюцца з абломкаў горных парод і мінералаў, што знесены з сушы ў моры і акіяны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІ́ТУМЫ (ад лац. bitumen горная смала),

агульная назва прыродных або штучных сумесяў цвёрдых, смолападобных вуглевадародаў і іх кіслародных, сярністых і азоцістых вытворных. Прыродныя бітумы змяшчаюцца ў нафце (асфальт), каменным і бурым вугалі, у невял. колькасцях у асадкавых горных пародах. Раствараюцца ў арган. растваральніках (шкіпінар, уайт-спірыт, нафтавыя і каменнавугальныя сальвенты, бензол, серавуглярод і інш.; пры гэтым атрымліваецца бітумны лак). Цвёрдыя бітумы маюць чорны колер, шчыльн. да 1000 кг/м³, размякчаюцца пры т-ры 25—90 °C. Штучныя атрымліваюць перагонкай бітумаў прыродных, напр. нафтавых астаткаў (астаткавы гудрон) або адходаў кіслотнай ачысткі змазачных маслаў (рэгенерыраваны гудрон). Бітумы выкарыстоўваюць у дарожным буд-ве, вытв-сці буд. і ізаляцыйных матэрыялаў, кампаўндаў, пластмасаў, лакаў, для стварэння воданепранікальных заслонаў у гідратэхн. збудаваннях, аховы бетонных фундаментаў ад уздзеяння грунтавых водаў і інш.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЛЯ́РНЫ СЛА́ЛАМ, водны слалам,

адзін з водных відаў спорту; праходжанне на байдарках і каноэ спец. трасы з кантрольнымі варотамі на скорасць і дакладнасць. Спаборніцтвы праводзяцца для лодак-адзіночак і двоек, трасы рыхтуюць на раўнінных ці горных рэках, або на спец. каналах з быстрым цячэннем і з перападам вышынь, штучнымі ці натуральнымі перашкодамі. Спартсмены павінны бездакорна прайсці расстаўленыя па трасе кантрольныя вароты (падвешаныя над вадой стойкі) у адпаведнасці з пэўнымі правіламі. Для слаламістаў прадугледжана спец. амуніцыя: ахоўныя каскі, выратавальныя камізэлькі і інш. Вяслярны слалам цесна звязаны з водным турызмам, разглядаецца як элемент падрыхтоўкі да паходаў. У 1972 і 1996 вяслярны слалам быў у праграме Алімпійскіх гульняў. На Беларусі развіваецца з 1970-х г., праводзяцца чэмпіянаты і розыгрыш кубка краіны. Пад Мінскам каля Ждановіч створаны спец. канал для вяслярнага слаламу.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІКАБРА́ЗЫ,

млекакормячыя 2 сям. атр. грызуноў. Сям. дзікабразавых (Hystricidae). 4 роды, 11 відаў. Пашыраны ў Афрыцы, Паўд. Еўропе, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд. Азіі. Жывуць у пустынных, горных, перадгорных раёнах. Найб. вядомы Дз. індыйскі (Hystrix indica); рэшткі блізкага да яго віду выяўлены ў ніжнеантрапагенных адкладах каля в. Карчова (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Сям. Дз. амерыканскіх (Erethizontidae) — 5 родаў, 12 відаў. Пашыраны ў Паўн., Цэнтр і паўн. ч. Паўд. Амерыкі. Жывуць пераважна на дрэвах. Вядомы Дз. мексіканскі (Coendou mexicanus).

Даўж. цела да 103 см, хваста да 45 см, маса да 27 кг. Цела ўкрыта тоўстымі вострымі іголкамі (даўж. на загрыўку да 40 см) і цвёрдым шчаціннем. Афарбоўка цела чарнаватая, бураватая, карычневая з жоўтымі або белымі палосамі на іголках і валасах. Корм раслінны. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.

Дзікабразы: 1 — індыйскі; 2 — мексіканскі.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)