Адбылася паміж войскамі ВКЛ на чале з вял.кн. Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам Цімурам-Кутлукам і цемнікам Едыгеем 12.8.1399 каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра; верагодна, на тым самым полі, дзе адбылася Палтаўская бітва 1709). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татар, прыведзеных ханам Тахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі атрады з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15—20 тыс.чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ. Войска Залатой Арды (верагодна, большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перагаворамі, а з падыходам асн. іх сіл войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. Перамога дала магчымасць Цімуру-Кутлуку ўчыніць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні. ВКЛ захавала кантроль над паўн. Прычарнамор’ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Паражэнне садзейнічала заключэнню Віленска-Радамскай уніі 1401 ВКЛ з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ,
вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Быстрая, на аўтадарозе Горкі—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і закрытага акц. прадпрыемства. За 15 км на У ад Горак, 101 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 722 ж., 244 двары (1996).
У пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў сувязі з падзеямі вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1500—01. Да 17 ст. цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У канцы 16 ст. закладзены Горскі замак. Належала Сапегам, А.Д.Меншыкаву, графам Салагубам. З 1772 Горы ў складзе Рас. імперыі, у Чавускім пав. Магілёўскай губ. У 1784 у Горах 930 ж., 146 двароў, панскі дом, кузня, царква. З пач. 1830-х г. пад казённай апекай. У 1811—44 дзейнічала Горы-Горацкая парусінава-палатняная мануфактура. У 1897 у Горах 1665 ж., 273 двары. У 1909 цэнтр. воласці, 1615 ж., 285 двароў, нар. вучылішча, вадзяны млын, паштовая станцыя. З 1918 мястэчка ў Горацкім пав., з 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 у Смаленскай губ. З 1924 у БССР. У Вял.Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 180 двароў, загубілі 93 вяскоўцаў. У 1970 у Горах 469 ж., 165 двароў.
Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав.воінаў. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Горы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУКО́РА,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач, на аўтадарозе Мінск—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 38 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Рудзенск. 1429 ж., 596 двароў (1997).
У 16 ст. ў складзе маёнтка Бакшты ў Мінскім пав., належала Кезгайлам, Служкам, Агінскім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 складалася з мястэчка і сяла, мела царкву, яўр. школу, будаваўся мураваны касцёл (у 1864 ператвораны ў правасл. царкву), праводзіліся 4 кірмашы ў год. З 1-й пал. 19 ст. існавала Дукорская сядзіба. З 1861 цэнтр воласці, у 1881 мястэчка злілося з сялом, 842 ж. У 1919—20 непадалёку ад Д. дзейнічаў партыз. атрад (гл.Дукорскія партызаны). У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Смілавіцкім, Пухавіцкім, Рудзенскім, з 1960 у Пухавіцкім р-нах. У 1970 у Д. 2258 ж., 797 двароў.
Філіял Мінскага матацыклетнага і веласіпеднага з-да, дрэваапр. цэх, пякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав.воінаў і партызан, помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік дукорскім партызанам, якія загінулі ў 1920. Радзіма дзярж. дзеяча А.Р.Чарвякова. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЖЫ́НА,
1) атрад воінаў, якія аб’ядноўваліся вакал племяннога правадыра ў перыяд разлажэння родавага ладу, пазней вакол князя (караля). У стараж.германцаў згадваецца ў гіст. крыніцах у 1 ст. да н.э. як часовая, а з 1 ст.н.э. як пастаянная.
2) У Стараж. Русі арганізаваныя паводле пэўных прынцыпаў прафес. вайсковыя атрады пры князю, якія ўдзельнічалі ў ваен. паходах, кіраванні княствам і асабістай гаспадаркай князя.
3) Войска цалкам.
4) Карпаратыўная арг-цыя раннефеад. знаці вакол асоб княжацкага паходжання ў 9—13 ст. або асобныя яе часткі. Складаная на чале з князем іерархія дружыннікаў розных рангаў і баяр («старэйшая» Д.), уласна дружыннікаў і т.зв. («малодшая» Д.). У земскай Д. месца князя займала абшчына ў асобе вечавых устаноў. Д. выконвала ўрадавыя, адм., суд. і паліцэйскія функцыі. У ваен. сэнсе — заўжды гатовы да дзеяння аддзел пры князю ці земскай абшчыне. Да 13 ст. прыйшла ў заняпад, саступіла месца інш. прынцыпам арганізацыі пануючага класа (у прыватнасці, двару, пачалося фарміраванне дваранства). Канчатковае знікненне Д. даследчыкі датуюць 12—14 ст. 5) Назва кампаній, арцелей іканапісцаў (14—15 ст.), манастырскай браціі (16 ст.).
Літ.:
Горский А.А. Древнерусская дружина. М., 1989;
Ласкавы Г.В. Да пытання аб арганізацыі і складзе ўзброеных сіл Полацкай зямлі ў канцы XI — пачатку XIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́І,
вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на беразе Малога і Вял. Камайскага азёр, на аўтадарозе Паставы — г.п. Лынтупы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПдЗ ад г. Паставы, 268 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Гадуцішкі. 746 ж., 301 двор (1997).
У гіст. крыніцах упамінаюцца ў пач. 16 ст. У розны час належалі Пронскім, Рудамінам-Дусяцкім, Сулістроўскім. У 1603—06 тут пабудаваны касцёл Іаана Хрысціцеля (гл.Камайскі касцёл). Як мястэчка ўпершыню згадваюцца ў 1550. З 1795 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. З 1873 — цэнтр воласці Свянцянскага пав. Віленскай губ. У сярэдзіне 1880-х г. у маёнтку і мястэчку К. 366 ж., 50 двароў, шпіталь, вінны бровар, млын, праводзілася 8 кірмашоў на год; у 1905—494 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. У 1931 у маёнтку 93 ж. і 4 дамы, у мястэчку адпаведна 485 і 79. З 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Гадуцішскім, з 25.11.1940 у Пастаўскім р-нах. 442 ж, 164 гаспадаркі (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав.воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Камайсю касцёл (1603—06). Каля касцёла каменны крыж (15—16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЧЫ,
горад, цэнтр Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. За 160 км на ПдУ ад Магілёва. Чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча, вузел аўтадарог на Клімавічы, Хоцімск, Сураж, Краснаполле. 17,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з канца 16 ст. як дзярж. ўладанне ў Крычаўскім старостве ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка ў Клімавіцкім пав. Беларускай, з 1796 — Магілёўскай губ. Маёнтак К. належаў У.Цеханавецкаму. У 1886 цэнтр воласці, 620 ж., 122 двары, вінакурны завод, царк.-прыходскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, бальніца, аптэка, 8 гарбарняў, млын, 94 крамы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897—700 ж., каля 340 двароў. У 1924 перададзены з РСФСР у БССР, цэнтр Касцюковіцкага раёна. У 1933—3,1 тыс.ж., працавалі гантарэзня, пеньказавод, маслазавод і цагельны з-д. З 27.9.1938 горад. У 1939—6,1 тыс.ж., лесапільны з-д, электрастанцыя, прадпрыемства па вырабе шпал і брусоў. З 14.8.1941 да 28.9.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў К. і раёне загубілі 846 чал. У 1959 у К. 8,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў (Касцюковіцкі цэментны завод), харч. прам-сці. Ільнозавод. Касцюковіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав.воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЛЕ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл., у вярхоўі р. Тур’я і на правабярэжжы р. Маластоўка. За 109 км ад Магілёва, 51 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Вузел аўтадарог на Чэрыкаў, Касцюковічы, Чачэрск, Слаўгарад. 5,9 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1784 як мяст. Маластоўка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цэнтр Краснапольскай вол. Назву атрымала ад суседняга маёнтка за 1 км ад мястэчка. У 1890 у К. 2310 ж., 412 дамоў, царква, 3 гарбарні, 9 маслабойняў, бровар, млын, аптэка, 60 крам, 4 кірмашы ў год. Належала графам Бенкендорфам. У 1898—3248 ж. З 1924 цэнтр Краснапольскага раёна Калінінскай, з 1927 — Магілёўскай акругі. З 27.9.1938 гар. пасёлак, раённы цэнтр Магілёўскай вобл. У 1939—3572 ж. З 15.8.1941 да 1.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1302 чал., дзейнічала Краснапольскае патрыятычнае падполле.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав.воінаў, Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. К. знаходзіцца ў зоне, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). У 1996 устаноўлены помнік «Чорная быль Краснапольшчыны».
Цэнтральная плошча гарадскога пасёлка Краснаполле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПЫ,
гарадскі пасёлак у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на р.Лынтупка; чыг. станцыя на лініі Полацк—Вільнюс. За 42 км на З ад Паставаў, 307 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Паставамі і г.п. Свір. 2,1 тыс.ж. (1998).
У гіст. крыніцах упамінаецца з 1385. У 1459 тут пабудаваны касцёл, пры ім шпіталь. 3 сярэдзіны 16 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. Уладальнікамі Л. былі Астроўскія, Гільзены, Бучынскія. У 1591 у мястэчку Л. каля 150 ж., 28 дымоў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1843 цэнтр воласці Свянцянскага пав. У 1885 у Л. 214 ж., 13 двароў, валасное праўленне, школа (пабудавана ў 1865), касцёл, яўр. малітоўны дом, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897—685 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з ліст. 1940 у Пастаўскім р-не. У Вял.Айч. вайну моцна разбураны ням.-фаш. захопнікамі. З 22.8.1967 гар. пасёлак. У 1975 2 тыс. жыхароў.
Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав.воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Лынтупская сядзіба (1-я пал. 19 ст.), Лынтупскі Андрэеўскі касцёл (пач. 20 ст.). На ПнЗ ад Л. курганны могільнік балтаў 10—11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Р’ІНА ГО́РКА,
горад, цэнтр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Цітаўка. За 63 км ад Мінска. Чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы, аўтадарогамі злучана з Мінскам, Бабруйскам, Чэрвенем, Уздой. 23,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 16 ст. Належала Радзівілам, Бужынскім, Ратынскім, Крупскім, пасля 1863 — міністру ўнутр. спраў Расіі Л.С.Макаву. Паводле падання назва паходзіць ад горкі, на якой стаяў язычніцкі храм, дзе ў Мар’ін дзень адбываліся святкаванні; пазней там пабудавана царква. З 1793 у Рас. імперыі, вёска Ігуменскага пав. Мінскай губ. Развіццю М.Г. паспрыяла пабудова ў 1873 Лібава-Роменскай чыгункі. У 1876 заснавана с.-г. школа (у 1921 ператворана ў с.-г. тэхнікум). У 1897 у вёсцы 2 тыс.ж., 2 царквы, паштовая станцыя. З 29.7.1925 цэнтр Пухавіцкага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М.Г. і раёне загубілі 3145 жыхароў; дзейнічала Мар’інагорскае маладзёжнае падполле. Вызвалена 3.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 22.7.1955 горад. У 1970—11,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металургічнай, пачатковай апрацоўкі лёну, прам-сці. Абутковая ф-ка. Брацкая магіла сав.воінаў; помнікі: воінам-вызваліцелям; сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам, удзельніцы Мінскага падполля Л.Г.Гайдучонак. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГАРЭ́ЛАЕ,
гарадскі пасёлак у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл.. на р. Ператуць, чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы. За 10 км на ПдЗ ад Дзяржынска, 48 км ад Мінска. Аўтадарогамі злучана з Мінскам, Дзяржынскам, Баранавічамі, Уздой, Стоўбцамі. 1,1 тыс.ж. (2000).
Вядома з 16 ст. як перасадачная і паштовая станцыя на конным тракце Мінск—Навагрудак у Мінскім пав.ВКЛ. У 1588 у складзе Койданаўскага графства, уласнасць Радзівілаў. У 1620 вёска, 41 двор. З 1793 у Рас. імперыі ў Койданаўскай вол. У 1831 уласнасць Ю.Абрамовіча, з 1879 — Э.Чапскага. У 1871 праз Н. прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, адкрыта станцыя. З 1908 працавала нар. вучылішча. У 1921—39 сав. пагранічная станцыя. мела заставу, мытню. З 1924 у Койданаўскім р-не, з 1932 цэнтр сельсавета Дзяржынскага р-на. З 1938 гар. пасёлак у Мінскім, з 1939 — Дзяржынскім р-нах. З 29.6.1941 да 6.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў 1941—43 стварылі тут канцлагер, філіял Масюкоўшчынскага лагера смерці, дзейнічала група Дзяржынскага патрыятычнага падполля. З 1988 працуе музей гісторыі ст. Н.
З-д па вырабе вулляў, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя і муз. школы, кінатэатр, б-ка, музей гісторыі станцыі Негарэлае, паліклініка, аддз. сувязі, гандл.цэнтр. Брацкая магіла сав.воінаў, магіла сав. ваеннапалонных, помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну.