ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛЯ,

галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца развядзеннем с.-г. жывёл для вытворчасці жывёлагадоўчых прадуктаў. Забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання (малочныя прадукты, мяса, яйцы, мёд і інш.), лёгкую і харч. прам-сць сыравінай (скура, воўна, мяса, малако і інш.), дае жывую цяглавую сілу (коні, валы, аслы, мулы, вярблюды, паўн. алені і інш.), асобныя кармы (касцявая мука і інш.), лек. сродкі (гармоны, сывараткі) і арган. ўгнаенні. Грунтуецца на заатэхніі. Цесна звязана з раслінаводствам. Гал. падгаліны: буйной рагатай жывёлы гадоўля, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля, козагадоўля, аленегадоўля, птушкагадоўля, зверагадоўля, пчалярства, рыбагадоўля, трусагадоўля, шаўкаводства. Развіта ў большасці краін свету. Таварная мясная і малочная Ж., птушкагадоўля на прамысл. аснове развіты ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, мясная Ж. — у краінах Лацінскай Амерыкі, свінагадоўля — у Кітаі, авечкагадоўля — у Аўстраліі і Новай Зеландыі. У свеце налічваецца (1994; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1279,5, у т. л. ў Індыі — 193, Бразіліі — 151,6, ЗША — 101,8; свіней — 873,1, у т. л. ў Кітаі — 400,7, Бразіліі — 151,6, ЗША — 56,8; авечак — 1103, у т. л. ў Аўстраліі — 132, Кітаі — 112,4, Новай Зеландыі — 51. Вытв-сць асн. прадуктаў Ж. складае (1994; млн. т); мяса — 193,8 (гал. вытворцы Кітай, ЗША, Бразілія), малака — 460,1 (гал. вытворцы ЗША, Расія, Індыя), яец — 39 (гал. вытворцы Кітай, ЗША, Японія), воўны — 2,7 (гал. вытворцы Аўстралія, Новая Зеландыя, Кітай). Ж. развіта ва ўсіх краінах, якія ўтварыліся на тэр. б. СССР, асабліва ў Прыбалтыцы, на Украіне, у Расіі. Аднак пагалоўе жывёлы і аб’ёмы вытв-сці прадукцыі Ж. ў гэтых краінах у 1990-я г. набылі тэндэнцыю да скарачэння. У Беларусі мяса-малочная Ж. займае вядучае месца сярод галін сельскай гаспадаркі. Найб. актыўна яна развівалася ў 1960—80-я г. (гл. табл. 1). У сувязі са скарачэннем пагалоўя ў 1990-я г. знізілася і валавая вытв-сць усіх відаў прадукцыі Ж. (гл. табл. 2). Скараціліся вытв-сць і спажыванне прадукцыі Ж. ў разліку на душу насельніцтва. У 1990 было атрымана мясной прадукцыі на 1 чалавека 75 кг, а ў 1996—60,5 кг. У структуры мясной прадукцыі, атрыманай на Беларусі, ялавічына складае 44,4%, свініна — 43,8, птушынае мяса — 10,2, бараніна — 0,6, іншыя віды — 1%. Асноўная ч. атрыманага мяса, малака і яец прыпадае на грамадскі сектар, адпаведна 72, 59 і 60% (1996). Больш развіта Ж. на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай і на З Мінскай абласцей, якія лепш забяспечаны кармамі, прац. рэсурсамі і матэрыяльна-тэхн. сродкамі.

Н.​В.​Жураўская.

Н.​В.​Жураўская.
Табліца 1. Пагалоўе жывёлы ў Беларусі (на пачатак года, тыс. галоў)
Усе катэгорыі гаспадарак 1941 1970 1991 1995 1997
Буйная рагатая жывёла, 5077 6975 5404 4855 2844
у т. л. каровы 1956 2522 2362 2181 2043
Свінні 2520 3651 5051 4004 3715
Авечкі і козы 2578 670 445 284 214
Коні 1170 333 217 220 232
Птушкі, млн. галоў — 24,3 50,6 45,3 40,8
Табліца 2. Вытворчасць асноўных прадуктаў жывёлагадоўлі ў Беларусі
Усе катэгорыі гаспадарак 1940 1970 1990 1995 1996
Мяса (у забойнай вазе), тыс. т. 275 710 1181 657 623
у т. л. свініны 134 335 438 263 273
Малака, тыс. т 2005 5296 7457 5070 4908
Яец, млн. шт. 612 1671 3657 3373 3441
Воўна, т 3285 1213 958 396 328

т. 6, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАВЕ́РНАСЦЕЙ ТЭО́РЫЯ,

матэматычная тэорыя, якая вывучае імавернасці выпадковых падзей і дае магчымасць вызначыць імавернасці складаных падзей праз імавернасці простых, калі вядома, як састаўлены з іх складаныя падзеі. Асн. аб’ект вывучэння І.т. — паслядоўнасці і сем’і выпадковых велічынь. І.т. будуецца на аснове мностваў тэорыі і тэорыі меры (гл. Мера мноства). Гэты падыход распрацаваны А.М.Калмагоравым. І.т. выкарыстоўваецца ў стат. фізіцы, матэм. статыстыцы, імавернаснай логіцы, а таксама ў біялогіі, ваен. справе, тэхніцы і інш.

Зыходныя паняцці І.т. — паняцці выпадковай падзеі і яе імавернасці. Падзеі рэчаіснасці бываюць: дакладныя — заўсёды адбываюцца; немагчымыя — ніколі не адбываюцца; выпадковыя — часам адбываюцца, а часам не. З двух выпадковых падзей A і B можна ўтварыць складаныя падзеі: аб’яднанне (суму) A∪B — {адбудзецца ці A, ці B}, перасячэнне (здабытак) A∩B — {адбудуцца і A і B}, рознасць A\B — {адбудзецца A, але не адбудзецца B}. Выкарыстоўваючы гэтыя аперацыі над дзвюма ці больш падзеямі, атрымліваюць складаныя падзеі. Мяркуецца, што для кожнай выпадковай падзеі A вызначана імавернасць — лік P(A), які задавальняе ўмовам: P(A)>0; калі падзеі A і B не могуць адбыцца адначасова, тады P(A∪B) = P(A) + P(B); імавернасць дакладнай падзеі роўна 1. У прасцейшых выпадках гэтыя ўмовы відавочныя; у агульным выпадку яны прымаюцца без доказу (аксіёмы). Па фармальных (матэм.) правілах атрымліваюць шэраг тэарэм пра імавернасці складаных падзей. Калі ажыццяўленне падзеі A не залежыць ад таго, адбудзецца ці не падзея B, тады A і B — незалежныя падзеі. Імавернасць P(A∩B) сумеснага ажыццяўлення дзвюх незалежных падзей A і B роўна P(A)∙P(B). Часам, калі нават дакладна можна запісаць імавернасці пэўных выпадковых падзей, вылічыць іх цяжка. Напр., імавернасць Pn(m) таго, што ў серыі з n незалежных ажыццяўленняў выпадковай падзеі A з P(A) = p(p ≠ 0,1) яна адбудзецца m разоў, роўна Cn​mp​mq​n-m, дзе Cn​m — лік спалучэнняў з n элементаў na m, q = 1 − p. Пры вялікіх n і m для вылічэння імавернасцей тыпу Pn(m) выкарыстоўваюць лімітавыя тэарэмы: 1) калі n→∞, то Pn(m) ~ 1 2πnpq e − x2 2 пры ўмове, што x = m − np npq застаецца ў межах фіксаванага інтэрвалу (лакальная тэарэма Муаўра—Лапласа); 2) пры кожных фіксаваных ліках a і b, (a<b), limP ( a ≤ m − np npq < b ) = 1 2π ∫ a b e − x2 2 dx (інтэгральная тэарэма Муаўра—Лапласа). Да лімітавых тэарэм адносіцца таксама вялікіх лікаў закон, які мае важнае значэнне для філас. асэнсавання І.т. і ў дастасаваннях. Вял. ўклад у развіццё лімітавых тэарэм зрабілі П.​Л.​Чабышоў і А.​М.​Ляпуноў. Узнікненне большасці лімітавых тэарэм звязана з тэорыяй выпадковых працэсаў. На Беларусі І.т. даследуецца ў асноўным ў БДУ (Г.​А.​Мядзведзеў, Ю.​С.​Харын і інш.).

Літ.:

Гнеденко Б.В. Курс теории вероятностей. 6 изд. М., 1988;

Колмогоров А.Н. Основные понятия теории вероятностей. М.; Л., 1936;

Лоэв М. Теория вероятностей: Пер. с англ. М., 1962;

Феллер В. Введение в теорию вероятностей и ее приложения: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Ширяев А.Н. Вероятность. М., 1980.

В.​І.​Бернік, У.​Г.​Спрынджук.

т. 7, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),

надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.

Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с. — т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).

Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл. Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.

Літ.:

Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;

Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;

Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1993;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Насякомыя: 1 — нагахвостка паранана; 2 — шчацінахвостка тармобія хатняя; 3 — багамол звычайны; 4 — клоп шчаўевы; 5 — конік пеўчы; 6 — гладыш звычайны; 7 — цыкада ліхтарніца кітайская; 8 — слонік-зелянушка; 9 — страказа пляскатая; 10 — матыль еўрытыдас; 11 — амафіла пясчаная; 12 — муха палявая; 13 — сколія-гігант.

т. 11, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́МА (грэч. drama літар. дзеянне),

1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай). Яна бліжэй да эпасу, хоць убірае ў сябе і асобныя элементы лірыкі. У параўнанні з інш. родамі л-ры Д. вызначаецца найбольшай аб’ектыўнасцю, дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без «удзелу» аўтара. Звычайна мае востры. напружаны сюжэт. Для Д. характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захоплівае ў сваю арбіту ўсё больш персанажаў. Асабліва вял. роля належыць канфлікту — аснове, стрыжню Д., сутыкненням, непрымірымай барацьбе характараў. Адметнасць Д. ў тым, што ўсе падзеі ў ёй адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа быць прысвечаны і сучаснаму жыццю, і далёкаму мінуламу. Д. зарадзілася з нар. рытуалаў і фалькл. абрадаў, гульняў, карагодаў, калі разам з рухамі (пантамімай, танцамі) пачалі выкарыстоўваць і словы. Пабудаваная ў дыялагічнай форме і пазбаўленая апісальніцтва Д. разлічана на публічнае выкананне акцёрамі. Псіхал. моманты ўспрыняцця (неабходная займальнасць, цікавасць да твора і г.д.) абумоўліваюць эстэт. прынцыпы і законы Д. Яна абмежавана ў памерах, у колькасці сюжэтных ліній, персанажаў, у часе, месцы дзеяння. Належыць тэатру і л-ры, патрабуе высокіх літ.-маст. вартасцей і сцэнічнасці. Твор, напісаны ў дыялагічнай форме, але без уліку патрабаванняў тэатра, яго сцэнічнага выканання, наз. «драмай для чытання» (ням. Lesendrama). Д. падзяляюцца на розныя жанры: трагедыя, камедыя, драма як жанр (гл. ніжэй), меладрама, трагікамедыя, вадэвіль, фарс і інш. На Беларусі Д. прайшла ўсе асн. этапы развіцця (гл. Драматургія). вядомы амаль кожны з яе жанраў.

2) Адзін з асн. і найб. пашыраных жанраў драм. твораў. Адлюстроўвае драм. калізіі, вострыя супярэчнасці, якія найчасцей у творы і вырашаюцца. Як і трагедыя, паказвае героя ў працэсе духоўнага росту ці дэградацыі, але без падкрэсленай яго велічнасці. Як і ў камедыі, у Д. больш паказваецца прыватнае жыццё персанажа, аднак асн. яе мэта — паказ героя ў драм. барацьбе. Д. як жанр у залежнасці ад агульнай накіраванасці, ахопу і адбору жыццёвых з’яў, выкарыстанню маст. сродкаў, паводле стылявых адзнак падзяляецца на сацыяльную, бытавую, гістарычную, дакументальную, псіхалагічную, гераічную, лірычную і інш. Элементы ўласна Д. ёсць у антычных драм. творах (напр., у Эўрыпіда) і асабліва рэнесансавай драматургіі. Як самаст. жанр склалася і атрымала тэарэт. абгрунтаванне толькі ў 2-й пал. 18 ст. ў асветнікаў (мяшчанская драма Д.​Дзідро, Л.​С.​Мерсье ў Францыі, Г.​Э.​Лесінга ў Германіі). Для пачатковых этапаў развіцця Д. характэрна шчаслівае вырашэнне канфліктаў. У далейшым унутраны дынамізм узмацняецца, шчаслівая развязка сустракаецца ўсё радзей, а герой застаецца звычайна ў разладзе з грамадствам і самім сабой («Навальніца» і «Беспасажніца» А.М Астроўскага, п’есы А.​П.​Чэхава, Б.​Шоу, Б.​Брэхта). На Беларусі Д. атрымала развіццё ў пач. 20 ст. ў творчасці К.​Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана»), Я.​Купалы («Раскіданае гняздо»), Я.​Коласа («Антось Лата»), Л.​Родзевіча («Пакрыўджаныя»), М.​Гарэцкага («Атрута»). У большасці выпадкаў, дакладна ўзнаўляючы побыт, жыццёвыя рэаліі, гэтыя творы адлюстроўваюць сац. супярэчнасці і канфлікты, узнімаюць важныя праблемы, маюць высокае грамадзянскае гучанне. Набыла пашырэнне гіст. Д. («Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча, «Осцей — Альгердаў унук» І.​Чыгрынава). Значнае месца занялі творы пра Вял. Айч. вайну («Проба агнём» і «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Радавыя» А.​Дударава), а таксама пра сучаснае жыццё («Экзамен на восень» І.​Шамякіна, «Трывога» і «Соль» Петрашкевіча, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка, «Парог» і «Вечар» Дударава, «Ку-ку» М.​Арахоўскага, «Пеўчыя сорак першага года» Г.​Марчука, «Пятля часу» Р.​Баравіковай і інш.).

Літ.:

гл. ў арт. Драматургія.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,

ураўненні, якія змяшчаюць невядомыя функцыі, іх вытворныя любых парадкаў і незалежныя пераменныя. Уведзены ў матэматыку І.Ньютанам і Г.Лейбніцам. Іх сістэматычнае вывучэнне пачаў Л.Эйлер. У 19 ст. Д.ў. сталі самастойнай матэм. дысцыплінай. Заснавальнікі сучаснай тэорыі Д.у. — А.М.Ляпуноў, У.А.Сцяклоў і інш.

Змена масы m радыеактыўнага рэчыва з каэфіцыентам распаду k за прамежак часу dt выражаецца Д.у. dm = kmdt (1). Тэмпература U = U(x, y, z), што ўстанавілася ў кожным пункце (x, y, z) цела, на мяжы якога падтрымліваецца зададзены цеплавы рэжым, задавальняе Д.ў. ∂2U ∂x2 + ∂2U ∂y2 + ∂2U ∂z2 = 0 (2).

Д.ў. віду (1) — звычайнае Д.ў. (змяшчае функцыю аднаго пераменнага), віду (2) — Д.ў. ў частковых вытворных (змяшчае вытворныя невядомай функцыі па розных пераменных). Парадак Д.ў. вызначаецца вытворнай самага высокага парадку ў гэтым ўраўненні Кожнае Д.ў. вызначае адразу цэлую сям’ю рашэнняў, залежную ад лікавых ці функцыянальных параметраў; яно выражае некаторы агульны закон, якому падпарадкоўваецца мноства канкрэтных працэсаў. Для вылучэння асобнага працэсу задаюць дадатковыя ўмовы, найчасцей — краявыя (пачатковыя і гранічныя). Для рашэння (1) задаецца пачатковае значэнне — маса m(0) = m0. Рашэнне (2) вызначаецца, напр., гранічнымі значэннямі — размеркаваннем тэмпературы на паверхні цела. Звычайнае лінейнае Д.ў. або сістэму гэтых Д.у. увядзеннем дапаможнай функцыі можна запісаць у выглядзе x′ = P(t)x + φ(t), дзе P — матрыца каэфіцыентаў, φ — вектар свабодных членаў, x = x(t) — вектар-функцыя. Калі Y — квадратычная матрыца, якая складаецца з незалежных рашэнняў адпаведнай аднароднай сістэмы (φ ≡ 0), а x* — адно з рашэнняў прыведзенага Д.ў., тады ўсе яго рашэнні дае формула x = x* + Yc, дзе c — адвольны пастаянны вектар. У шэрагу выпадкаў, напр. пры пастаяннай P, пабудова x* і Y зводзіцца да алгебраічных аперацый і інтэгравання. Існуюць і нелінейныя Д.ў., якія рашаюцца з дапамогай канечнага ліку прасцейшых аналітычных аперацый. Напр., калі My′= Mx′ тады ўсе рашэнні M(x,y)dx + N(x,y)dy = 0 дае формула ∫M(x,y)dx + N(x,y)dy = c, дзе c — адвольная пастаянная. Калі Д.ў. зададзена з дапамогай аналітычных функцый, тады рашэнне выяўляецца таксама аналітычнай функцыяй, раскладаецца ў ступенны рад каля кожнага неасаблівага пункта і знаходзіцца метадам неакрэсленых каэфіцыентаў. Вызначэнне рашэння Д.ў. ці сістэмы Д.у. x′ = ƒ(t,x) з зададзенай пачатковай умовай x(t0) = x0 раўназначнае рашэнню інтэгральных ураўненняў тыпу: x(t) = x0 + ∫ t0 t ƒ [ s, x(s) ] ds (3). Калі ƒ неперарыўная функцыя, то (3) мае хоць бы адно рашэнне. Калі, акрамя гэтага, неперарыўная ƒ′x, то рашэнне (3) адзінае і яго можна знайсці з дапамогай ітэрацый. Метад ітэрацый разам з метадам раздзялення пераменных, з метадам малога параметра і інш. ўжываецца і пры рашэнні Д.ў. з частковымі вытворнымі. Прыбліжанае рашэнне Д.ў. атрымліваюць, замяняючы ў Д.у. вытворныя адносінамі прырашчэнняў і пераходзячы да ўраўненняў у канечных рознасцях. Тэорыя Д.ў. выкарыстоўваецца ў варыяцыйным злічэнні, у тэорыі аптымальных працэсаў, у тэорыі кіравання рухам і ў большасці раздзелаў прыкладной матэматыкі. Вывучэнне краявых задач для Д.у. з частковымі вытворнымі — гал. частка матэм. фізікі.

На Беларусі развіццё тэорыі Д.у. звязана з імем М.П.Яругіна; распрацоўка новых раздзелаў тэорыі Д.у., арыентаваных на тэорыю кіравання, пачата ў 1966 Я.А.Барбашыным. Даследаванні па Д.у. вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі, БДУ і інш. (І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, Э.І.Груда, Ф.М.Кірылава, В.І.Карзюк і інш.). У Мінску выдаецца міжнар. навуковы час. «Дифференциальные уравнения».

Літ.:

Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;

Яго ж. Линейные системы обыкновенных дифференциальных уравнений с периодическими и квазипериодическими коэффициентами. Мн., 1963;

Барбашин Е.А. Введение в теорию устойчивости. М., 1967.

Ю.​С.​Багданаў, М.​А.​Ізобаў.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РКІ,

нябесныя целы, якія самі свецяцца; складаюцца з распаленых газаў (плазмы). Найб. распаўсюджаныя аб’екты ў Сусвеце — змяшчаюць больш за 98% масы ўсяго касм. рэчыва. Знаходзяцца ў стане цеплавой і гідрастатычнай раўнавагі, што забяспечваецца балансам паміж сілай гравітацыі і ціскам гарачага рэчыва і выпрамянення. Усе З., акрамя Сонца, відаць з Зямлі як святлівыя пункты. Яркасць З. характарызуюць зорнай велічынёй. Бачнае становішча на небасхіле вызначаюць дзвюма вуглавымі пераменнымі — схіленнем і прамым узыходжаннем (гл. Нябесныя каардынаты).

З. існуюць дзесяткі мільярдаў гадоў. У іх ядрах увесь час адбываюцца тэрмаядзерныя рэакцыі — асн. крыніца энергіі і выпрамянення. Фіз. характарыстыкі і працягласць існавання З. вызначаюцца масай і хім. складам, якія З. мела ў момант утварэння. Адрозніваюць З.: гіганты, звышгіганты, карлікі, новыя зоркі, звышновыя зоркі, пераменныя зоркі, падвойныя зоркі. Хім. склад большасці З.: 75% вадароду, 23% гелію, 2% інш. элементаў. Дыяпазон магчымых мас — 10​−2—10​2 масы Сонца. Радыусы самых вял. З. — чырвоных звышгігантаў — у 10​2—10​3 разоў большыя, а самых малых — белых карлікаў і нейтронных З. — у 10​2—10​4 разоў меншыя за радыус Сонца. Сярэдняя шчыльнасць чырвоных звышгігантаў 10‘​3 кг/м³, нейтронных З. больш за 10​17 кг/м​З. Свяцільнасць блакітных гігантаў і чырвоных звышгігантаў складае 8∙10​5, а чырвоных карлікаў 10​−4 свяцільнасці Сонца. З. ўтвараюць у прасторы вял. зорныя сістэмы — галактыкі. Вывучэнне будовы нашай Галактыкі паказвае, што многія З. групуюцца ў зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі і інш. З. вывучаюцца зорнай астраноміяй і астрафізікай.

Літ.:

Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;

Звезды и звездные системы. М., 1981;

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Спіс сузор’яў
Беларуская назва Лацінская назва Становішча
на зорным небе
1 2 3
Авен Aries Пн
Аднарог Monoceros Э
Актант Ostans Пд
Андрамеда Andromeda Пн
Арол Aquila Э
Арыён Orion Э
Ахвярнік Ara Пд
Блізняты Gemini Пн
Вадаліў Aquarius Пд
Валапас Bootes Пн
Валасы Веранікі Coma Berenices Пн
Ветразі Vela Пд
Вознік Auriga Пн
Воран Corvus Пд
Воўк Lupus Пд
Вялікая Мядзведзіца
(нар. назва Вялікі Воз)
Ursa Major Пн
Вялікі Пёс Canis Major Пд
Гадзіннік Horologium Пд
Геркулес Hercules Пн
Гідра Hydra Э
Голуб Columba Пд
Гончыя Псы Canes Venatici Пн
Дзева Virgo Э
Дракон Draco Пн
Дэльфін Delphinus Пн
Журавель Crus Пд
Жывапісец Pictor Пд
Жырафа Camelopardalis Пн
Залатая Рыба Dorado Пд
Заяц Lepus Пд
Змеяносец Ophiuchus Э
Змяя Serpens Э
Індзеец Indus Пд
Казярог Capricornus Пд
Карма Puppis Пд
Касіяпея
(нар. назва Касцы)
Cassiopeia Пн
Кіль Carina Пд
Кіт Cetus Э
Компас Pyxis Пд
Крыж Crux Пд
Лебедзь Cygnus Пн
Леў Leo Пн
Ліра Lyra Пн
Лісічка Vulpecula Пн
Лятучая Рыба Volans Пд
Малая Мядзведзіца (нар. назва Малы Воз) Ursa Minor Пн
Малы Конь Equuleus Пн
Малы Леў Leo Minor Пн
Малы Пёс Canis Minor Пн
Мікраскоп Microscopium Пд
Муха Musca Пд
Навугольнік Norma Пд
Насос Antlia Пд
Паўднёвая Гідра Hydrus Пд
Паўднёвая Карона Corona Austrina Пд
Паўднёвая Рыба Piscis Austrinus Пд
Паўднёвы Трыкутнік Triangulum Australe Пд
Паўлін Pavo Пд
Паўночная Карона Corona Borealis Пн
Пегас Pegasus Пн
Персей Perseus Пн
Печ Fornax Пд
Разец Caelum Пд
Райскі Птах Apus Пд
Рак Cancer Пн
Рыбы Pisces Э
Рысь Lynx Пн
Секстант Sextans Э
Сетка Reticulum Пд
Скарпіён Scorpius Пд
Скульптар Sculptor Пд
Сталовая Гара Mensa Пд
Страла Sagitta Пн
Стралец Sagittarius Пд
Трыкутнік Triangulum Пн
Тукан Tucana Пд
Тэлескоп Telescopium Пд
Фенікс Phoenix Пд
Хамелеон Chamaeleon Пд
Цыркуль Circinus Пд
Цэнтаўр Centaurus Пд
Цэфей Cepheus Пн
Цялец Taurus Пн
Чаша Crater Пд
Шалі Libra Пд
Шчыт Scutum Э
Эрыдан Eridanus Пд
Яшчарка Lacerta Пн

Абазначэнні: Пн — Паўн. паўшар’е неба, Пд — Паўд. паўшар’е неба, Э — экватарыяльны пояс

.

т. 7, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРАФІ́ЧНЫЯ ПРАЕ́КЦЫІ,

матэматычныя спосабы адлюстравання паверхні зямнога шара (эліпсоіда) або інш. нябеснага цела падобнай формы на плоскасці. К.п. ўстанаўліваюць аналітычную залежнасць (адпаведнасць) паміж геагр. каардынатамі пунктаў зямнога эліпсоіда і прамавугольнымі каардынатамі тых жа пунктаў на плоскасці. Вывучэннем К.п. займаецца картаграфія. Праекцыі, як правіла, маюць скажэнні даўжынь ліній, плошчаў, вуглоў і форм (існуюць праекцыі, у якіх адсутнічаюць скажэнні вуглоў ці плошчаў). Агульную характарыстыку скажэнняў дае эліпс скажэнняў (адлюстроўвае на плоскасці бясконца малыя акружнасці, узятыя ў розных месцах эліпсоіда). На карце адрозніваюць маштабы гал. (роўны маштабу мадэлі зямнога эліпсоіда, паменшанаму ў зададзеных адносінах) і прыватны (адносіны бясконца малога адрэзка, узятага ў дадзеным месцы карты па дадзеным напрамку, да адпаведнага адрэзка на паверхні эліпсоіда). Адносіны прыватнага маштабу да гал. характарызуюць скажэнне даўжынь. Паводле характару скажэнняў К.п. падзяляюцца на роўнавугольныя (перадаюць вуглы без скажэнняў), роўнавялікія (перадаюць плошчы без скажэнняў) і адвольныя (скажаюцца і вуглы і плошчы). Сярод адвольных вылучаюцца роўнапрамежкавыя (скажаюцца вуглы і плошчы ў аднолькавых прапорцыях). У залежнасці ад становішча восі сферычных каардынат (арыенціроўка дапаможнай паверхні адносна палярнай восі) вылучаюць К.п.: нармальныя (вось каардынат супадае з воссю вярчэння зямлі), папярочныя (вось каардынат ляжыць у плоскасці экватара), косыя (вось каардынат размяшчаецца пад вуглом да зямной восі).

Паводле віду дапаможнай паверхні для праектавання вылучаюць некалькі тыпаў праекцый. У азімутальных К.п. паверхня зямнога эліпсоіда праектуецца на датычную або сякучую плоскасць. У нармальных азімутальных праекцыях мерыдыяны паказваюцца прамымі, якія сыходзяцца ў адзін пункт (полюс), а паралелі — канцэнтрычнымі акружнасцямі, якія праводзяцца з агульнага цэнтра (полюса). У косых і большасці папярочных азімутальных праекцыях мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі — крывыя лініі; экватар у папярочных праекцыях — прамая лінія. У цыліндрычных К.п. дапаможнай паверхняй служыць бакавая паверхня цыліндра, што датыкаецца да эліпсоіда або перасякае яго. У нармальных цыліндрычных праекцыях мерыдыяны і паралелі — прамыя лініі, у папярочных і косых праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У канічных К.п. паверхня эліпсоіда праектуецца на бакавую паверхню конуса, што датыкаецца да эліпсоіда ці перасякае яго. У нармальных канічных праекцыях мерыдыяны — прамыя лініі, якія сыходзяцца ў полюсе, а паралелі — дугі канцэнтрычных акружнасцей з цэнтрам у полюсе. У косых і папярочных канічных праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У поліканічных К.п. сетка мерыдыянаў і паралелей праектуецца на некалькі конусаў, кожны з якіх разгортваецца ў плоскасць. Паралелі (за выключэннем прамалінейнага экватара) — дугі эксцэнтрычных акружнасцей, цэнтры якіх ляжаць на прадаўжэнні сярэдняга мерыдыяна, што мае выгляд прамой лініі. Астатнія мерыдыяны — крывыя, сіметрычныя да сярэдняга. Псеўдаазімутальныя К.п. маюць паралелі нармальнай сеткі ў выглядзе канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя, якія сыходзяцца ў полюсе і сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Трапляюцца сеткі, пабудаваныя ў косым і папярочным варыянтах, дзе паралелі і мерыдыяны — крывыя лініі. Псеўдаканічныя К.п. маюць паралелі ў выглядзе дуг канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Псеўдацыліндрычныя К.п. маюць прамыя паралелі, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Кругавыя К.п. маюць мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі (за выключэннем экватара) у выглядзе эксцэнтрычных акружнасцей; сярэдні мерыдыян і экватар — прамыя. Пры пабудове ўмоўных К.п. не карыстаюцца дапаможнай геам. паверхняй.

Выбар К.п. залежыць ад прызначэння і тэматыкі карты, маштабу і геагр. становішча тэрыторыі, яе канфігурацыі і памераў, спецыфічных патрабаванняў да карты і інш. Прызначэнне карты вызначае характар скажэнняў (даўжынь, плошчаў, вуглоў). Напр., для карт, прызначаных для вымярэння плошчаў, выбіраюць роўнавялікія праекцыі, для вымярэння вуглоў і азімутаў — роўнавугольныя, для сусв. карт — поліканічныя, нармальныя цыліндрычныя, псеўдацыліндрычныя і інш., для карт паўшар’яў, мацерыкоў і частак свету — папярочныя і косыя азімутальныя і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

ідэалогія, палітыка і практыка ў нац. пытанні, заснаваныя на прызнанні нацый як вышэйшай формы грамадскага адзінства, прыярытэту нац. фактара над сац. у жыццядзейнасці і грамадстве. Існуюць розныя падыходы да разумення прыроды, умоў узнікнення, зместу і функцый Н. У зах. філасофіі і сацыялогіі нац. разглядаецца найперш як духоўнае, а паняцце «Н.» як пэўная самадастатковая суверэнная сіла. Г.​Кон, Б.​Шэйфер (ЗША), А.​Швейцэр (Германія — Францыя), Ж.​Мішэль (Францыя) вызначалі Н. як фанатычную прыхільнасць да сваёй нац. супольнасці, прызнанне нац. дзяржавы ідэальнай формай арганізацыі грамадства. Рас. мысліцелі Я.​М.​Трубяцкой і І.​А.​Ільін сапраўдным Н. лічылі адданасць чалавека свайму народу, краіне, а лжывым Н. — нянавісць і пагарду да інш. народаў. М.​А.​Бярдзяеў адрозніваў Н. агрэсіўны, заалагічны, разбуральны і Н. творчы, культ., стваральны. Л.​Доўбу, Р.​Эмерсан, Р.​Страўс-Хупе (ЗША) ставяць знак роўнасці паміж Н. і патрыятызмам, нац. і нацыяналістычным і сцвярджаюць, што нацыяналіст — гэта грамадзянін, які ўсведамляе свой абавязак перад Радзімай. У марксісцкай л-ры Н. вызначаецца як адзін з прынцыпаў ідэалогіі і палітыкі, што заключаецца ў абсалютызацыі нац.-этн. моманту ў жыцці і свядомасці народаў; пры гэтым вылучаюць Н. пануючых нацый у форме дзярж. шавінізму і Н. прыгнечаных народаў, які садзейнічае барацьбе за незалежнасць.

У перыяд фарміравання нацый і нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і ЗША разам з лозунгам дэмакратыі Н. з’яўляўся ідэйным сцягам буржуазіі ў барацьбе супраць феадалізму і нац. прыгнёту, за стварэнне агульнанац. рынку і ўсталяванне свайго панавання ў нац. рамках. У гэтым плане, асабліва ў барацьбе супраць каланіялізму, Н. адыграў станоўчую ролю ў станаўленні нацый, іх кансалідацыі, вызваленні прыгнечаных народаў, іх нацыянальным самавызначэнні, захаванні і развіцці іх самабытнасці і інш. Існуюць і крайнія формы выяўлення нац. інтарэсаў, якія могуць перарастаць у сваю процілегласць — у пачуццё нац. выключнасці, перавагі над інш. нацыямі, параджаць імкненне да нац. замкнёнасці, адасобленасці, нац эгаізму і інш. праяўленняў Н Як ідэалогія і псіхалогія Н. уключаецца ў індывід. і розныя формы грамадскай свядомасці (палітыка, мараль, права, рэлігія, мастацтва, філасофія). У сучаснай навуцы вылучаюць такія тыпы і формы Н., як індывідуальны і групавы, бытавы (грубы) і «інтэлігентны», свецкі і рэліг., «чужы» і «сваёй» нацыянальнасці. Н. нац. большасці і нац. меншасці, прыгнечаных і пануючых нацый, вял. і малых нацыянальнасцей, Н. вызваленчы, месіянскі, мясцовы, расавы, фашысцкі, дзярж.-бюракратычны і інш.

Ідэалогія і практыка вялікадзярж. шавінізму і ваяўнічага Н. садзейнічаюць разбурэнню роўнасці, справядлівасці і павагі ў адносінах паміж людзьмі і народамі, спараджаюць сепаратызм, міжнац. і міжэтн. канфлікты, экстрэмізм, кровапралітныя войны; нярэдка яны набываюць форму касмапалітызму, нігілістычных адносін да нац. культур і традыцый. У краінах Зах. Еўропы Н. найчасцей выступае ў форме этн. сепаратызму, у краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі — знаходзіцца на ўзбраенні антыкаланіяльнага руху. Ажыўленне Н. ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі, у канцы 20 ст. адбывалася ва ўмовах барацьбы розных сац. і паліт. сіл па праблемах арыентацыі грамадскага развіцця пасля распаду СССР.

У пераадоленні крайніх форм Н. важнае значэнне маюць паслядоўная дэмакратызацыя нац. адносін, прызнанне прынцыпу роўнасці ўсіх народаў, моў і культур, своечасовае вырашэнне эканам. і сац.-культ. праблем у грамадстве з улікам інтарэсаў нацый і этн. меншасцей, нац. пачуццяў людзей. Вял. ролю ў гэтым адыгрываюць этн., ментальныя, светаадчувальныя, светапоглядныя і інш. асаблівасці і традыцыі народаў (гл. Інтэрнацыяналізм, Менталітэт, Светапогляд).

Літ.:

Поздняков Э.А. Национализм. Национальные интересы. М., 1994;

Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Этнические и этносоциальные категории. М., 1995;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Джунусов М.С. Национализм: Словарь-справ. М., 1998.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 11, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ка́яць, ка́іць ’караць’ (Нас.). Магчыма, ’лаяць’, параўн.: «Сам покай его, а я скольки раз каив, да каиння мойго не слухаець» (Нас., 227), параўн., каіне ’пакаранне, кара’: «Бог пошласць нам каинне», «Ниякога каиння не слухаець гетый человек» (Нас., там жа), і каінне ’раскаянне’, гл. яшчэ каята і інш. Другая форма дзеяслова — каяцца ’прызнаваць сваю віну, памылку перад кім-н., усвядоміўшы сваю памылку, шкадаваць аб зробленым; спавядацца’ (БРС, ТСБМ), ’шкадаваць аб зробленым’ (Чач.), ’наракаць на самога сябе’ (КЭС, лаг.). З новых слоўнікаў: каяцца (ТС) і каяцца ’раскайвацца’ (лід., круп., Сл. паўн.-зах.). Статус слова не вельмі ясны; што датычыцца зваротных форм, неабходна мець на ўвазе, што ў некалькіх выпадках дзеяслоў сустрэўся ў прыказцы, адзначанай на вялікай тэрыторыі, па гэтай прычыне невядома, якой канкрэтна мове або храналагічнаму зрэзу належыць слова. Параўн. круп.: «Не будзе каяцца чалавек, рана ўстаўшы і молад ажаніўшыся» (Сл. паўн.-зах., 2, 450), «Не кайса, шо молоды жэніўса і рано ўстаў» (ТС, 2, 187), «Не кайся, рано вставши, молодо оженившись» (Грынчанка, 2, 229). Улічваючы рад вытворных і некаторыя самабытныя значэнні ў бел. мове, можна думаць, што тут не было (выключаючы некаторыя даныя ў асноўным у літаратурнай мове) запазычання са сферы царкоўнай лексікі. Слова вядома большасці славянскіх моў: укр. каятися ’каяцца, раскайвацца’, каяти (кого) ’лаяць, караць (каго)’ (апошняя форма прыводзіцца няясна з якой крыніцы Бернекерам), рус. каять, каяться вядома ў розных значэннях (у дыялектах), звяртаюць на сябе ўвагу такія, як ст.-рус., рус.-ц.-слав. каꙗти ’ганіць’, арханг. каять ’лаяць, сварыцца, праклінаць’, аланец. ’біць, караць’. Польск. kajać się ’каяцца, раскайвацца’, в.-луж. kać so ’раскайвацца’, чэш. káti ’шкадаваць, загладжваць віну’, káti se ’раскайвацца, каяцца’, славац. kajať sa ’раскайвацца, каяцца’, славен. kájati ’ганіць, асуджаць’ і інш., kájati se ’каяцца, раскайвацца’, серб.-харв. ка̏јаті, ка̏јати се ’раскайвацца’, ’шкадаваць’ (вельмі цікавае значэнне ’помсціць (аб кроўнай помсце)’, kȁjati se ’раскайвацца’, макед. кае се ’каяцца, раскайвацца’, балг. ка́я се ’каяцца, раскайвацца, шкадаваць’, ст.-слав. каꙗти сѧ ’каяцца’. Значэнне ’караць, ганіць’, верагодна, неабходна лічыць асноўным для прасл. kajati. Апошняе — другасны дзеяслоў (дуратыўны, на ‑ati, з падоўжаным вакалізмам кораня, магчыма, з і. -е. *k​u̯ōi. Бліжэйшай і.-е. адпаведнай формай з’яўляецца ст.-іран. (авест.) kāy‑ ’каяцца’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 115–116; Фасмер, 2, 216 (дзе прыводзяцца як адпаведнасці таксама ст.-інд. cáyatē ’ён помсціць, карае’ і далейшыя вытворныя). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 499; вельмі падрабязна Слаўскі, 2, 22–23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На 1 прыназоўнік (з він. і месн. скл.) і прэфікс, параўн. укр., рус. на, польск. na, палаб. no, в.-луж., н.-луж. na, чэш., славац. na, славен. na, серб.-харв. на, макед., балг. на. Побач з прасторавым і часавым значэннем можа выражаць кірунак, мэту, прызначэнне, на базе якіх узнікла больш спецыфічнае значэнне аб’екта (адрасата), якое звычайна выражаецца дав. скл.: кажу на яго (= яму), гаварыць на маці (= маці), што лічыцца «латгала-крывіцкай інавацыяй» (гл.: Прохарава С. М. Сов. славяноведение, 1986, 3, 76), аднак апошняе вядома і інш. слав. мовам, асабліва на поўдні Славіі, параўн. балг. казвам на него, давам на Иван, макед. му зборува на можот і інш., што можа сведчыць пра больш раннюю тэндэнцыю да такога ўжывання прыназоўніка на. Прасл. *na, роднаснае да літ. nuõ, лат. nùo ’ад, з’, ст.-прус. no/na ’адпаведна, па’, далей параўноўваюць з грэч. ἀνά ’на, уверх’, гоц. ana ’на, у, супраць’, ст.-в.-ням. an(a) ’на’. У якасці прэфікса ўжываецца пры дзеясловах, прыметніках і (рэдка) назоўніках, што адпавядае літоўскай прыстаўцы nu‑ ў дзеясловах і nuo‑ ў назоўніках, параўн. Фрэнкель, 511; у прыметнікаў у большасці зах.-слав. і паўд.-слав. моў мае дэмінутыўнае значэнне, параўн. в.-луж. naběl ’белаваты’, серб.-харв. на́црн ’чарнаваты’ і пад., ва ўсх.-слав. і польск. — узмацняльнае значэнне, параўн. рус. на́крепко, польск. naprzykry ’вельмі прыкры’ і пад., што адпавядае значэнню прыстаўкі най-, пры дапамозе якой утвараюцца формы найвышэйшай ступені ў слав. мовах, параўн. укр. най-, рус. наи‑, польск. naj‑, в.-луж. naj‑, чэш. nej‑, славен. naj‑, серб.-харв. нај‑, макед. naj‑, балг. най-, гл. Фасмер, 3, 33, параўн. Копечны (ESSJ SG, 1, 121), які ўслед за Міклашычам (4, 213) лічыць градацыйнае на- іншага паходжання. Гл. таксама Махэк₂, 387 (адмаўляе роднаснасць паміж на і літ. nuo з-за антанімічнага значэння), Скок, 3, 495, ESSJ SG, 1, 115 і далей (з аглядам літаратуры і версій).

На́ 2, на́це ’на, бяры(це), вазьмі(це)’ (Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., БРС, Байк. і Некр., Грыг.), сюды ж на́, на́ — падзыўныя словы для сабакі, палеск. ня́, ня́ ’тс’ (ТС); укр. на́, на́те, рус. на́, на́те, польск. na, nacie, чэш. na, nate, славац. na, славен. nȃ, nate, серб.-харв. на, макед. на, балг. на́ ’вазьмі; вось’. Роднаснае да літ. nà, лат. na ’ну’, ст.-інд. nā́‑nā ’ў розных месцах, па-рознаму’ і інш., гл. Фасмер, 3, 33; Махэк₂, 387; Брукнер, 351; Скок, 3, 495; Шустар-Шэўц, 13, 977.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)