Засн. ў Магілёве ў 1919 як Магілёўскае губ. архіўнае ўпраўленне, пазней бюро, з 1924 Магілёўскі акр. архіў (аддзел) Цэнтр. архіва БССР. У 1930 фонды архіва перададзены Цэнтр.дзярж. архіву Кастр. рэвалюцыі (знаходзіўся ў Магілёве). У 1938 адноўлены як Магілёўскі абл. архіў. На 1.1.1941 у архіве зберагалася каля 1300 фондаў, 650 тыс. адзінак захоўвання. У час 2-й сусв. вайны большасць фондаў загінула, страчаны ўвесь навук.-даведачны апарат, частка дакументаў вывезена гітлераўцамі ў Рыгу. У 1943 архіў аднавіў дзейнасць. На 1.1.1997 у архіве 2440 фондаў, 436 185 адзінак захоўвання з 1917. На зберажэнні дакументы, што ўтварыліся ў працэсе дзейнасці мясц. органаў улады, устаноў, прадпрыемстваў, што дзейнічалі на тэр. сучаснай Магілёўскай вобл. У архіве прадстаўлены матэрыялы ўстаноў першых гадоў сав. улады, пра арганізацыю і дзейнасць рэв. к-таў, пра гісторыю с.-г. і культ. будаўніцтва ў вобласці, пра прамысл. развіццё і нар. адукацыю, навуку, прафс. рух і інш. Дакументы на бел., рус., ням., польск. і яўр. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; аўтаматызацыі інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАВЫЯ (Picidae),
сямейства птушак атр. дзятлападобных. 38 родаў, 213 відаў. Пашыраны ў трапічнай і ўмеранай зонах, акрамя палярных абласцей, Мадагаскара, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Новай Гвінеі і Палінезіі. Найб. разнастайныя ў Паўд. Амерыцы. Жывуць пераважна ў дрэвавых і кустовых насаджэннях. 4 віды і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 10 відаў: жаўна, круцігалоўка, зялёны дзяцел, трохпальцы дзяцы, вялікі, сярэдні і малы стракатыя, сівы, беласпінны, сірыйскі; у Чырв. кнізе зялёны і трохпальцы.
Даўж. 8—56 см. Большасць Дз. прыстасавана да жыцця на дрэвах. Ногі кароткія, з доўгімі пальцамі і вострымі кіпцюрамі. Долатападобная дзюба, трывалы чэрап, моцныя мышцы шыі, жорсткае рулявое пер’е хваста, якое служыць апорай пры лажанні па дрэвах, дазваляюць дзяўбці драўніну ў пошуках корму і выдзёўбваць дуплы для гнёздаў. Язык чэрвепадобны, тонкі, далёка высоўваецца для захопу корму Некаторыя Дз. маюць слабую дзюбу і мяккі хвост (круцігалоўкі, дзяцелкі). Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, мурашкамі. насеннем, пладамі, сокам дрэў. Гняздуюцца ў дуплах дрэў і вял. кактусаў, жыхары пустынь — у норах або сярод камянёў. Нясуць 2—12 яец.
Да арт.Дзятлавыя. Дзятлы: 1 — вялікі стракаты; 2 — сярэдні стракаты; 3 — малы стракаты; 4 — беласпінны; 5 — сірыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЕПАДО́БНЫЯ, пласціністадзюбыя (Anserformes),
атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл.Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.
Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАМО́ЖНАЯ ШКО́ЛА,
спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для разумова адсталых дзяцей, задача якой — максімальная карэкцыя парушэнняў іх псіхічнага і фіз. развіцця ў працэсе вучобы, выхавання, а таксама заняткаў па выпраўленні дэфектаў развіцця і лячэбна-аздараўленчай работы. Прызначана забяспечыць адаптацыю і інтэграцыю дзяцей у грамадстве за кошт прафесійна-прац. падрыхтоўкі і інтэграванага навучання ў адпаведнасці з узроставымі і індывід. асаблівасцямі іх разумовага і фіз. развіцця. Першыя Д.ш. ўзніклі ў Германіі і Францыі ў 1-й пал. 19 ст. У Беларусі адкрыты ў 1918—20 (у Віцебску, Магілёве, Мінску). Асн. тып Д.ш. — школы-інтэрнаты. Частка дзяцей вучыцца ў звычайных школах (інтэграванае навучанне), некат. атрымліваюць карэкцыйную дапамогу на дэфекталагічных пунктах і ў дыягностыка-рэабілітацыйных цэнтрах. Навучанне вядзецца па спец. вучэбных планах, праграмах і падручніках. Напаўняльнасць класаў каля 12 чал.Большасць выпускнікоў Д.ш. уключаюцца ў вытв. працу. Дзеці з цяжкай формай разумовай адсталасці знаходзяцца ва ўстановах Мін-васац. абароны (дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю). Пед. кадры для Д.ш. са спец. сярэдняй адукацыяй рыхтуюць Салігорскае пед. вучылішча і Магілёўскі пед. каледж, з вышэйшай — Бел.пед.ун-т. Навукова-даследчую работу ў гэтым кірунку вядзе Нац.ін-т адукацыі. У 1996/97 навуч.г. ў Беларусі 49 Д.ш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПІСЬМО́,
слоўна-складовая сістэма пісьма, якая абслугоўвала старажытнаегіпецкую мову (каля 4-га тыс. да н.э. — 3—4 ст.н.э.). Мела 3 разнавіднасці: іерагліфіка, іератыка і дэмотыка (гл.Дэматычнае пісьмо). Пачатковы этап Е.п. — малюнкавая ідэаграфія (гл.Ідэаграфічнае пісьмо) якая развілася з піктаграфічнага пісьма.
Кожны малюнак абазначаў канкрэтны прадмет, з часам малюнкі сталі набываць пэўную сімволіку (напр., малюнак пчалы стаў абазначаць не толькі пчалу, а і занятак, стараннасць, працавітасць). Большасцьіерогліфаў маглі мець гукавое значэнне: абазначалі спалучэнне 2 і больш зычных гукаў або асобны гук (усяго 24). Галосныя гукі ў іерагліфічным Е.п. не абазначаліся. Фанаграмы ў ім пераважалі над ідэаграмамі. Іерогліфаў, што найчасцей ужываліся, было каля 700. Выкарыстанне папірусу і трысняговай палачкі выклікала выпрацоўку курсіву — іератыкі, якая з’яўлялася спрашчэннем іерагліфікі. Абедзве разнавіднасці ўжываліся паралельна каля 3000 гадоў. Іератыкай пісаліся літ., навук. творы, дзелавыя паперы і інш. У 8 ст. да н.э. з іератыкі развіўся новы курсіў — дэмотыка, якая характарызуецца наяўнасцю большай колькасці лігатур і большай курсіўнасцю. Е.п. ўпершыню (1822) дэшыфраваў франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
М.А.Паўленка.
Да арт.Егіпецкае пісьмо. Узор іератычнага пісьма (зверху); той жа тэкст у іерагліфічнай перадачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — C. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).
Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАТЭА́ТР,
будынак для паказу кінафільмаў, глядзельная зала якога абсталявана кінапраекцыйнай апаратурай, экранам, гучнагаварыцелямі. Першыя К. ўзніклі ў пач. 20 ст. (К. на Нолендорфплац у Берліне, 1910). У 1920-я г. К. будавалі ў розных арх. стылях, з традыц.тэатр. планіроўкай глядзельнай залы. Ствараліся і т. зв. суперкіно (на 4—5 тыс. гледачоў), з выкарыстаннем метал. канструкцый (у г. Стамфард, Вялікабрытанія, 1928). З 1930-х г. у Зах. Еўропе будавалі К. з залай на 1200—2200 гледачоў, спрошчаных арх. форм з утульнымі інтэр’ерамі. Сучасныя будынкі К. пераважна строгія па форме, пабудаваны на кантрасце глухіх кубічных аб’ёмаў і вял. замкнёных паверхняў гал. фасадаў; глухія сцены часта аздоблены мазаікай. Большасць К. абсталявана для паказу звычайных і шырокаэкранных фільмаў; універсальныя К. — для звычайных, шырокаэкранных і шырокафарматных са стэрэафанічным гукаўзнаўленнем. Для дэманстрацыі спец. відаў фільмаў існуюць К. стэрэафанічныя, панарамныя, кругарамныя, дзённага кіно і інш. Сярэдняя ўмяшчальнасць залаў сучасных К. 200—1000 месцаў. Ёсць К. з некалькімі заламі, дзе адначасова дэманструюцца розныя фільмы. У некаторых краінах пры бесперапынных паказах фільмаў гледачы могуць уваходзіць у залу і выходзіць у любы час. У Беларусі прыняты пасеансавы паказ фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
рэчывы, малекулы якіх маюць атамы крэмнію (Si), злучаныя з атамам вугляроду непасрэдна або праз атам інш. элемента. Падзяляюць на манамерныя (у малекуле адзін ці некалькі атамаў Si) і высокамалекулярныя — крэмнійарганічныя палімеры.
Вядомы розныя групы К.з.: з адным атамам Si (звычайна іх разглядаюць як вытворныя сілану SiH4) — арганагалагенсіланы [напр., (CH3)3SiCl трыметылхлорсілан], алкоксісіланы [напр., (C2H5O)3SiH трыэтоксісілан], арганасіланолы [напр., (C6H5)2Si(OH)2 дыфенілсіландыол] і інш.; з некалькімі атамамі Si — арганасілаксаны ці сілаксаны [напр., (CH3)3SiOSi(CH3)3 гексаметылдысілаксан], маюць у малекуле групоўку Si—O—Si, арганасілазаны з групоўкай Si—N—Si у малекуле [напр., (CH3)3SiNHSi(CH3)3 гексаметылдысілазан] і інш.; крэмнійэлементаарганічныя злучэнні — К.з., у малекуле якіх ёсць сувязь Si—M і Si—Y—M, дзе M — атам металу ці неметалу (напр., літый, алюміній, бор, фосфар), Y — група, якая мае атам вугляроду, кіслароду, азоту, серы, злучаны з Si. Большасць К.з. — бясколерныя вадкасці; дыэлектрыкі. Раствараюцца ў арган. растваральніках, некат. (напр., арганасіланолы) — і ў вадзе. Біялагічна актыўныя рэчывы. Выкарыстоўваюць у сінтэзе крэмнійарган. палімераў, лек. сродкаў, вытв-сці крэмнійарган. вадкасцей і каўчукоў, смол і лакаў, у якасці гідрафабізатараў, антыадгезіваў, напаўняльнікаў пластмас, цепланосьбітаў (да 400 °C) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ «НЕПАХО́ЖЫЯ»,
феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ, пазбаўленыя права на пераход ад аднаго феадала да другога. Юрыдычнае афармленне прыгоннага становішча Л.«н.» пачалося з прывілея 1447. Складалі асн. катэгорыю сельскага насельніцтва. У залежнасці ад павіннасцей падзяляліся на цяглых, чыншавых і інш. У некат. дакументах ВКЛ называліся отчычамі. У 15 ст. складалі ўжо значную частку сельскага насельніцтва, але яшчэ не большасць яго. Некат. дакументы 15 ст. разглядаюць Л.«н.» як прыналежнасць феад. маёнткаў. Гэта катэгорыя залежнага сялянства папаўнялася рознымі шляхамі найперш за кошт неаплатных даўжнікоў, якія не маглі разлічыцца з панам. Яшчэ адной крыніцай папаўнення Л.«н.» было закладніцтва. Паступова ў 16 ст. феадалы пашыралі права 10-гадовай земскай даўнасці на людзей«пахожых», якія, «засядзеўшы земскую даўнасць», пазбаўляліся права пераходу ў інш. мясцовасць. Так, катэгорыя Л.«н.» пашыралася за кошт скарачэння «пахожых» людзей. Калі паншчына стала асн. павіннасцю прыгоннага сялянства, Л.«н.» ўсё часцей у дакументах называюцца «людзьмі цяглымі», «людзьмі прыгоннымі». У канцы 16—1-й пал. 17 ст. пасля правядзення агр. рэформы вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста і аналагічнага правядзення валочнай памеры ў прыватнаўласніцкіх маёнтках Л.«н.» і людзі «пахожыя» зліліся ў адну групу прыгоннага сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛПЫ (Anthropoidea, або Simia),
падатрад млекакормячых атр.прыматаў. 2 групы (140 відаў): шыраканосыя малпы і вузканосыя М., або М. Старога Свету. Вузканосых М. 3 сям.: ніжэйшыя вузканосыя — мартышкі, вышэйшыя вузканосыя — чалавекападобныя і людзі — гамініды. М. паходзяць з палеацэну і эацэну (60—25 млн. гадоў назад) ад выкапнёвых даўгапятаў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Пашыраны ў.Еўропе (1 від), Паўд. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы. Жывуць пераважна ў лясах і гарах тропікаў. Большасць відаў вядзе стадны спосаб жыцця, пераважна дрэвавы (акрамя гелад, маготаў, павіянаў). У Чырв. кнізе МСАП — каля 60 відаў.
Ад даўж. 15 см і масы каля 70 г (ігрунка карлікавая) да 2 м і 300 кг (гарыла). Валасяное покрыва развітое (акрамя твару і вушных ракавін), развітая мімічная мускулатура. Будова мозга складаная, кара са шматлікімі звілінамі і барознамі. У вузканосых М. ноздры скіраваны ўніз. Вял. палец кісці ў іх проціпастаўлены астатнім пальцам; маюць пазногці. Усёедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня (у ігрунак 2—3). Гл. таксама Арангутан, Гарыла, Гібоны, Мартышкі, Павіяны, Шымпанзе.