мю́зікл

(англ. musical = музычны)

1) музычна-сцэнічны твор, пераважна камедыйнага характару, пабудаваны на выкарыстанні элементаў аперэты, балета, оперы і эстрады;

2) кінафільм такога характару.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЯ ФІЛАРМО́НІЯ, Беларуская дзяржаўная філармонія. Створана ў 1937 у Мінску. Вядзе канцэртную, лекцыйную, муз.-асв. дзейнасць. У складзе філармоніі (1996): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.​Р.​Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.​І.​Жыновіча, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, ансамблі нар. музыкі «Свята», інструментальны «Кантабіле», вакальны «Камерата», філармонія для дзяцей і юнацтва (з 1992), аддзел камернай музыкі, тэатр пантамімы «Рух», вакальны гурт нар. песні «Купалінка», бел. паэтычны т-р аднаго акцёра «Зніч». У 1939 у самаст. арг-цыю вылучаны сектар эстрады «Белдзяржэстрада». Маст. кіраўнік Ю.​Гільдзюк (з 1983).

Літ.:

Загородний Г.Н. Белорусская государственная филармония. Мн., 1981.

Будынак Беларускай філармоніі.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАЛЕ́ЎСКІ (Валерый Серафімавіч) (н. 11.1.1961, г. Гродна),

бел. гітарыст, педагог; адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Гродзенскае муз. вучылішча (1980), Бел. кансерваторыю (1985). Удасканальваўся ў Маскоўскім дзярж. муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1989). З 1989 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. У рэпертуары старадаўняя лютневая і гітарная бел. музыка, п’есы кампазітараў-класікаў (у т. л. ва ўласных транскрыпцыях і апрацоўках), творы бел. аўтараў (Г.​Гарэлавай, В.​Войціка, Я.​Паплаўскага). Аўтар артыкулаў пра бытаванне лютні і гітары на Беларусі, аўтар і складальнік нотных зборнікаў «Альбом юнага гітарыста» (1994), «Беларуская гітарная музыка» (1995), «Гігара ў ансамблі» (1997). Стварыў шмат запісаў на радыё. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. і нац. конкурсаў У.​Захараў, Ф.Волкаў, В.​Тарлецкі.

т. 6, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХО́МЕНКА (па мужу Казак) Валянціна Васілеўна

(н. 2.1.1956, в. Каменка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка (лірычнае сапрана). Засл. арт. Беларусі (1985). Скончыла Гомельскае муз. вучылішча (1975). З 1975 артыстка Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, у 1981—92 салістка Бел. тэлебачання і радыё і ансамбля нар. музыкі «Жывіца». Шмат выступала ў дуэце з мужам А.​Казаком. Голас прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону вылучае П. як адну з яркіх, своеасаблівых выканальніц бел. нар. песні. Збіральніца песеннага фальклору, знаўца асаблівасцей нар. выканання многіх рэгіёнаў Беларусі, інтэрпрэтатар лірычных песень бел. кампазітараў. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983), міжнар. радыёконкурсу запісаў еўрап. муз. фальклору «Прыз Браціславы» (ЧССР, 1983). З 1992 жыве за мяжой.

Л.​С.​Мітаковіч.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (21.3.1889, Кіеў — 21.5.1957),

рускі артыст эстрады, паэт, кампазітар. Выступаў з 1915 як аўтар і выканаўца ўласных песень, створаных у вытанчана-інтымным жанры муз. навелы (да 1940-х г. у грыме і касцюме П’еро). Манера яго выканання вызначалася багатай нюансіроўкай інтанацый і жэстаў. У 1919 эмігрыраваў з Расіі, канцэртаваў у ЗША, Кітаі, краінах Еўропы. У 1943 вярнуўся ў СССР. Аўтар лірычных песень на ўласныя словы, а таксама на вершы Г.​Ахматавай, А.​Блока, С.​Ясеніна, В.​Інбер і інш. Здымаўся ў кіно: «Чым людзі жывыя» (1912), «Змова асуджаных» (1950), «Ганна на шыі» (1954) і інш. Аўтар кн. «Чвэрць стагоддзя без радзімы. Старонкі мінулага» (1989), «Дарогай доўгай...» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Бабенко В.Г. Артист Александр Вертинский: Материалы к биографии;

Размышления. Свердловск, 1989.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЖБАЛО́ВІЧ (Вербіч) Барбара Іванаўна

(1901—8.1.1967),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1933), Бел. кансерваторыю (1938). У канцы 1930 — пач. 40-х г. салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нац. спектаклях «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А.​Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх. У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі жыла ў Мінску, выступала як эстрадная спявачка, у 1943 выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М.​Шчаглова-Куліковіча. З чэрв. 1944 у эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатр. групе «Жыве Беларусь» (пазней наз. Бел. т-р эстрады). З 1950 у ЗША, канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў бел. жаночага руху ў ЗША. Пазней у Мюнхене, з 1954 працавала сакратаром, дыктарам у бел. рэдакцыі радыё «Свабода», запісала некалькі грампласцінак.

А.​С.​Ляднёва.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЫ́НСКІ (Валерый Аляксандравіч) (н. 23.2.1947, г. Мікалаеў, Украіна),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1970—73 і 1976—79 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1973—76 у Бел. філармоніі, у 1979—82 у Ансамблі песні і танца Паўн. групы войск (Польшча), з 1983 саліст Белтэлерадыёкампаніі. Сярод оперных партый: Максім («Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Ад аўтара («Джардана Бруна» С.​Картэса), Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі). У канцэртным рэпертуары камерная лірыка, песні бел. кампазітараў. Лаўрэат IV Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1968), IV Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1970), Усесаюзнага конкурсу сав. песні (Мінск, 1972), IV Міжнар. конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Г.​М.​Загародні.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шо́у

(англ. show = відовішча, паказ)

1) пышнае сцэнічнае відовішча з удзелам майстроў эстрады, цырка і інш.;

2) перан. што-н. паказное, разлічанае на шумны знешні эфект (напр. палітычнае шоу).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АГЛЯ́Д,

1) сціслае абагульненае паведамленне (у друку, на радыё і тэлебачанні) пра падзеі, што адбыліся за пэўны прамежак часу ў грамадскім жыцці, навуцы, тэхніцы, мастацтве, л-ры (агляд міжнар. падзей, навуковы, тэатральны, літаратурны).

2) Від паказу, у якім сродкамі тэатра (кіно, радыё, тэлебачання, эстрады) падаюцца падзеі, з’явы, факты жыцця. Складаецца з асобных сцэн, эстрадных, харэагр., муз., вак. нумароў, аб’яднаных агульным сюжэтам. Узнік у 1830-я г. ў Францыі, меў надзённы характар. З канца 19 ст. ператварыўся ў пацешлівыя відовішчы (рэвю, мюзік-хол). У бел. нар. тэатры своеасаблівай формай агляду былі ігрышчы, выступленні скамарохаў, школьнага тэатра, батлейкі, у якіх дэманстраваліся бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. У 1920—30-я г. форму агляду мелі агітац.-маст. паказы на актуальныя паліт. ці вытворча-быт. тэмы. Выкарыстоўваецца ў сучасных тэатрах сатыры і мініяцюр.

3) Форма паказу дасягненняў прафес. ці самадзейнага мастацтва — выстаўка, дэкада, конкурс, паказ, свята, фестываль і інш.

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛДЗЯРЖЭСТРА́ДА, Беларускае дзяржаўнае аб’яднанне эстрады,

канцэртная арг-цыя, якая мела на мэце развіццё і прапаганду эстр. мастацтва Беларусі. Вылучана ў 1939 з Беларускай філармоніі, з 1960 зноў у яе складзе. З 1990 у аб’яднанні «Мінскканцэрт», з 1992 у Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1996 у Дзяржаўным аб’яднанні «Белканцэрт». Да Айч. вайны мела аддзяленні ў Брэсце і Беластоку, 2 эстр. аркестры. У 1950-я г. пры Белдзяржэстрадзе працавалі т-р драмы і камедыі (кіраўнік А.​Струнін), т-р лялек (кіраўнік Я.​Шыраеў), ансамбль аперэты. У розны час маст. кіраўнікамі былі І.Нісневіч, А.Аркадзьеў, В.Пацехін, В.Малькова. Сярод артыстаў: спевакі Э.Міцуль, А.Самарадаў, Н.Равінская, танцоры Ю.Сляпнёў, М.Лапша, І.Хвораст, цымбалісты С.Навіцкі і Х.Шмелькін, піяністы Ю.Бяльзацкі, А.​Жэзмер, І.​Капланаў, Л.​Молер, майстры эстрадна-цыркавога і арыгінальнага жанраў Р.​Бурдон, А.​Дудкін, Г.​Ермаловіч, В.​Міхайлаў, майстры размоўнага жанру Р.Дзідзенка, М.Зорын, Г.Лаўроў, Г.Рыжкова, М.Шышкін і інш.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)