сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс. відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАЗІ́ДЫ (Ortheziidae),
чарвяцы, група найб. прымітыўных хобатных насякомых атр. раўнакрылых. Больш за 1,6 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх мм да 1 см. На целе ў маладых і дарослых спінны шчыт з воска- і смолападобных рэчываў сакрэту скурных залоз. Галава звычайна з добра развітымі вусікамі і вачамі. Ногі адна- або двухчленікавыя з кіпцюром на канцы. Лічынкі («бадзяжкі»), выходзячы з-пад матчынага шчытка або яйцавага мяшка распаўзаюцца ў розных напрамках ці пераносяцца ветрам. Жывуць на раслінах, кормяцца іх сокам. Рэзка выяўлены палавы дымарфізм. Самка бяскрылая, лічынкападобная, самцы крылатыя. Многія з мучністых артазідаў — шкоднікі раслін, асабліва субтрапічных (напр., цытрусавых). Ёсць каштоўныя: артазіды лакавыя даюць ізаляцыйны матэрыял шэлак, кермесы — чырв. фарбу кармін. Некаторыя ахоўваюцца.
Да арт.Артазіды. Кашаніль польская: 1 — самец; 2 — самка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІ́РУЮЧЫЯ МУ́ШКІ (Agromyzidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца М.м. (мінёры): шмат’едная (Phytomyza atricornis, або Ph. horticola), капусная (Ph. ruflpes), заразіхавая (Ph. orobanchia), злакавыя (з роду Agromyza), падкорнікі (з роду Phytobia).
Даўж. 0,9—4 мм. Цела і ногі кароткія, грудзі масіўныя, брушка шырокае. Крылы роўныя з целам або крыху даўжэйшыя. Спінка звычайна светлая, ногі і бакі грудзей жоўтыя. 1—2 генерацыі за год. Зімуюць у фазе кукалкі. Лічынкі расліннаедныя, выгрызаюць шчылінападобныя поласці — міны (адсюль назва) у парэнхіме лісця, радзей у сцёблах; у некат. развіваюцца ў камбіі маладых дрэў, у суквеццях ці насенні складанакветных, утвараюць галы. Большасць манафагі і алігафагі, некат. паліфагі. Каля 150 відаў — шкоднікіс.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЬШЧЫКІ,
шэраг сямействаў насякомых падатр. сядзячабрухіх атр. перапончатакрылых: П. сапраўдныя (Tenthredinidae), сцябловыя (Cephidae), П.-ткачы (Pamphiliidae) і інш. Больш за 6,7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна ў лясах, а таксама на лугах, палях, у садах, трапляюцца ў стэпах і пустынях. Многія П. — шкоднікі лясных і с.-г. раслін, напр., П. вішнёвы слізісты (Caliroa limacina), збожжавы звычайны (Cephus pygmaeus), рапсавы (Athalia rosae), хваёвы звычайны (Diprion pini), яблыневы пладовы (Hoplocampa testudinea) і інш. На Беларусі больш за 200 відаў.
Даўж. 0,2—30 мм. Крылаў 2 пары, заднія меншыя. Ротавыя органы грызуча-ліжучыя. Яйцаклад пілападобны. Самкі адкладваюць яйцы ў надрэзы, «прапіленыя» яйцакладам (адсюль назва) у тканках ліста або інш. органах расліны. Вусенепадобныя лічынкі і дарослыя асобіны расліннаедныя, некат. дарослыя — драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАНЧО́ВЫЯ (Acridoidea),
надсямейства караткавусых насякомых атр.прамакрылых. У сусв. фауне больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюць статкавых (саранча) і нястаткавых С. (кабылкі, тэтрыгідавыя). На Беларусі каля 50—70 відаў. Насякомыя адкрытых ландшафтаў. Большасць расліннаедныя. Шкоднікі пасеваў, пашы, сенажацей.
Даўж. ад некалькіх мм да 10 см. Цела карычневае, зеленаватае, жаўтаватае, жаўтаватае з разнастайным малюнкам. Ротавыя органы грызучыя. Вусікі не большыя за палавіну даўж. цела. Заднія ногі з патоўшчанымі сцёгнамі, скакальныя. Крылы пярэднія скурыстыя, заднія перапончатыя (у некат. яркаафарбаваныя, напр., чырв. ў агнёўкі). У многіх відаў крылы кароткія або рэдукаваныя. Брушка членістае, у самцоў з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з кароткім яйцакладам. У многіх відаў развіты слыхавы і гукавы апарат. Яйцы адкладваюць у глебу. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне. Лічынкі вылупляюцца вясной, ад дарослых насякомых адрозніваюцца памерамі і зачаткавымі крыламі. Зімуюць яйцы, лічынкі старэйшых узростаў, дарослыя насякомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЁС (Avena),
род аднагадовых травяністых раслін сям. злакаў. Каля 30 відаў, пашыраных у Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы, Аўстраліі. Кармавыя травы, збожжавыя культуры, ёсць пустазельныя віды. На Беларусі культывуецца авёс пасяўны яравы і азімы (каштоўная харч. і кармавая культура; вядомы з 7 ст.н.э.), 2 віды — авёс шчаціністы і аўсюк — дзікарослыя (пустазелле ў пасевах яравых культур).
Авёс пасяўны — вільгацелюбівая, непатрабавальная да цяпла расліна. Вегетац. перыяд 85—115 сут. Самаапыляльнік. Лепшыя глебы — дзярнова-падзолістыя, супясчаныя і лёгкасугліністыя з добрай аэрацыяй. Пасяўная пл. ў рэспубліцы 309 тыс.га (1993); сярэдняя ўраджайнасць 2,3—2,5, макс. — 7 т/га. Высяваецца на корм у сумесі з лубінам, вікай, гарохам і інш. культурамі. Асн. зернефуражная культура. Пажыўнасць 1 кг зерня аўса прынята за кармавую адзінку. Раянаваныя сарты: Эрбграф, Буг, Асілак. Асн.шкоднікі аўса пасяўнога: шведская муха, збожжавыя блохі, тля, злакавыя трыпсы; хваробы: іржа, галаўня, бактэрыёз, мучністая раса.
Літ.:
Митрофанов А.С., Митрофанова К.С. Овёс. 2 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЁЎКІ (Microtinae),
падсямейства млекакормячых жывёл сям. хамяковых атр. грызуноў. Больш за 40 родаў (каля 20 сучасных), каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах, сем’ямі або калоніямі. На Беларусі 7 сучасных відаў: андатра, П. вадзяная (Arvicola terrestris), П. лясная рыжая (Clethrionomys glareolus), П.-эканомка (Microtus oeconomus), П. звычайная, або шэрая (M. arvalis), П. земляная, або падземная (M. subterraneus), П. цёмная, або пашавая (M. agrestis), і 1 выкапнёвы для Беларусі від — П. вузкачарапная, або статкавая (M. gregalis), у наш час пашырана ў Азіі. 1 від і 1 падвід П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела (акрамя андатры) да 23 см, хваста — да 1/2даўж. цела. Морда круглявая, вушы кароткія. Расліннаедныя. Нараджаюць да 12 і больш дзіцянят, да 5 разоў за год. Многія П. — шкоднікіс.-г. раслін, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб. Корм для многіх драпежных птушак і звяроў. Некат. — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ДЗЕНІКІ (Geometridae),
сямейства лускакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах. Пераважна змрокавыя і начныя матылі. На Беларусі больш за 12 родаў, каля 300 відаў. Найб. трапляюцца П.: асенні (Oporinia autumnata), зімовы (Operophtera brumata), хваёвы (Bulapns piniarius), чубаты (Colotois pennaria), яловы вуглакрылы (Semiothisa liturata) і інш. Некат. віды — шкоднікі лесу і с.-г. раслін.
Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка разнастайная. Вусені шараватыя або зеленаватыя, нагадваюць сучкі, галінкі, сцяблінкі (яскравы прыклад мімікрыі), маюць звычайна 2 пары брушных ног. Пры перамяшчэнні дугападобна выгінаюць цела ўверх — рухаюцца «пядзямі» (адсюль назва). Кормяцца лісцем, бутонамі, кветкамі, пупышкамі раслін; многія — паліфагі; ёсць драпежнікі.
Пядзенікі: 1 — зімовы (а — самец, б — самка); 2 — агрэставы; 3 — асенні; 4 — чубаты; 5 — яловы вуглакрылы; 6 — хваёвы (а — самец, б — самка); 7 — вусені (а — у руху, б — у позе абароны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́СТ (Crossularia),
род кустовых раслін сям. агрэставых. Больш за 50 відаў, пашыраных у Паўн. Амерыцы, Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі культывуецца агрэст адхілены (G. reclinata). Каля 10 відаў інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як ягадныя і дэкар. расліны.
Агрэст адхілены вядомы з 11 ст. Родапачынальнік большасці культурных сартоў. Выш. кустоў 60—120 см. Цвіце ў 1-й пал. Мая. Плады — несапраўдныя ягады, голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпурныя. Маюць цукру 5—12%, арган.к-т 1—2%, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін. Пладаносны пачынае на 3-і год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі. Лепш расце на дастаткова вільготных угноеных сугліністых глебах. Ураджайнасць 10—15 т/га. Сарты, пашыраныя на Беларусі: Яравы, Куршу дзінтарс, Беларускі, Малахіт, Шчодры. Ягады спажываюцца свежыя і перапрацаваныя (джэм, варэнне, мармелад, сок). Агрэст мае радыепратэктарныя ўласцівасці (садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне. Асн.шкоднікі: пільшчыкі, агрэставы пядзенік: хваробы: сфератэка, іржа, антракноз, септарыёз.
Літ.:
Бурмистров А.Д. Ягодные культуры. 2 изд. Л., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАЕ́ДЫ (Chrysomelidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 50 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. шматлікія ў тропіках.
Большасць відаў — шкоднікі лясных, палявых, пладовых, агароднінных раслін. На Беларусі больш за 300 відаў. Жывуць пераважна ў лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў, некат. — пад вадой. Найб. вядомы каларадскі бульбяны жук; зерневым злакам шкодзяць хлебныя і агародныя блошкі, хлебныя п’явіцы; буракам, лёну — бураковыя і льняныя блошкі; дрэвам — таполевы, дубовы, вярбовы Л. і інш. Некат. віды выкарыстоўваюць для біял. барацьбы з пустазеллем.
Даўж. да 20 мм. Цела круглае, авальнае або цыліндрычнае. Афарбоўка пераважна яркая, з метал. бляскам, бывае з плямамі і палосамі. Вусікі найчасцей 11-членікавыя, нітка- або ружанцападобныя. Крылы добра развітыя. Ногі бегальныя. Кормяцца лісцем (адсюль назва). Характэрны палавы дымарфізм. Адкладваюць яйцы, ёсць яйцажывародныя Лічынкі валікападобныя, укрытыя бародаўкамі або валаскамі, з развітымі груднымі нагамі, праходзяць 3—5 узростаў. Кукалка свабодная, радзей у кокане.