АГЛЮЦІНАТЫ́ЎНЫЯ МО́ВЫ (ад лац. agglutinare прыклейваць),

мовы, у якіх словы і іх формы ўтвараюцца пераважна праз аглюцінацыю (спалучэнне граматычна адназначных афіксаў з нязменным коранем). Напр., у цюркскіх мовах -lar- — суфікс множнага л.: тур. bulut «воблака», bulutlar «воблакі»; каз. ара «піла», аралар «пілы». Характэрныя рысы аглюцінатыўных моў — стандартная парадыгма словазмянення, адсутнасць унутранай флексіі, адназначнасць афіксаў, фіксаваны націск, строгі парадак слоў і інш. Да аглюцінатыўных моў адносяцца вял. колькасць моў Азіі і Еўропы (цюркскія, фіна-угорскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, японская, карэйская і інш.), Акіяніі (папуаскія, інданезійскія, мікранезійскія), Афрыкі (банту, мандэ, бантоідныя).

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІЯ КУРГА́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,

група археал. помнікаў на тэр. і ў ваколіцах г. Заслаўе Мінскага р-на. Захаваліся рэшткі 8 могільнікаў. Даследаваны 142 курганы (большасць 2-й пал. 10—1-й пал. 11 ст.), належаць пераважна крывічам, таксама дрыгавічам, невял колькасць інш. усх.-слав. плямёнам, фіна-уграм і балтам. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце, зрэдку ў падкурганных ямах і насыпе, у 5 курганах — трупаспаленне. Пахавальны інвентар — зброя (коп’і, суліцы, сякеры, булава), упрыгожанні (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, каралі, бранзалеты), рэчы хатняга ўжытку (кераміка, нажы, грабяні і інш.), манеты.

т. 6, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РАМА,

роднаснае мардве стараж. фіна-угорскае племя, што жыло ў 1-м тыс. да н.э. — 12 ст. н.э. на берагах р. Ака, у межах сучаснага Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Расіі. Асн. заняткі — жывёлагадоўля, земляробства, пушное паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, металургія жалеза, медналіцейнае і ювелірнае рамёствы. Вяла гандаль са славянамі, волжскімі булгарамі, народамі Прыуралля і Сярэдняй Азіі. Грамадскі лад М. — патрыярхальна-родавы. У 10—11 ст. М. плаціла даніну князям Кіеўскай Русі (згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў»), у 12 ст. асімілявана слав. насельніцтвам і пазней увайшла ў склад рускай народнасці.

т. 11, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕВА (Таццяна Іванаўна) (н. 7.2.1928, Казань),

расійскі антраполаг. Д-р гіст. н. (1969), акад. Рас. АН (1992). Скончыла Маскоўскі ун-т (1951). Працуе ў НДІ антрапалогіі імя Дз.​М.​Анучына. Распрацавала комплексную праграму морфафізіял. даследаванняў у антрапалогіі, па ёй вывучала насельніцтва розных рэгіёнаў Усх. Еўропы. Даследавала краніялагічныя серыі ўсх. славян 11—15 ст. у параўнанні з матэрыяламі пахаванняў зах. і паўд. славян, балцкіх і фіна-угорскіх плямёнаў.

Тв.:

Этногенез восточных славян по данным антропологии. М., 1973;

Географическая среда и биология человека. М., 1977;

Адаптивные процессы в популяциях человека. М., 1986.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Арэ́далы, рэ́далі (Касп.), рэ́даль (міёр., Хр. дыял., 335) ’вялікі воз для сена’. З літ. rẽdelė ’драбіны на возе’ ці лат. redele(s) ’драбіны, скрыня на возе’, redeļi ’драбіны на возе, краты’, параўн. лат. redelnieki ’воз’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 501). Параўн. эст. redel ’драбіны (не толькі на возе), краты’. Лат. і літ. словы Эндзелін і Фрэнкель (712) лічаць запазычанымі з н.-ням. Reddel, якое Фрэнкель лічыць утвораным у выніку метатэзы з н.-ням. ledder ’драбіны’. Паводле Вігета (Sitzimgsber. d. gel. estn. Ges., 1927, 273), эстонскае слова належыць да фіна-угорскай лексікі і мае паралелі ў іншых фіна-угорскіх мовах; гэту думку Эндзелін прывёў у дадатках да свайго слоўніка, што падтрымлівае П. Арыета (вусна на канферэнцыі ў гонар 100‑годдзя Я. Эндзеліна, Рыга, люты, 1973). Параўн. у рускіх гаворках Эстоніі редель ’драбіны; прылада для сушкі сена’, пск. редели яслі’. Гл. Супрун, Балтийские яз., 39–40.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАНДАРЫ́ХІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі бронзы (канец 12 — канец 8 ст. да нашай эры) на ПнУ Украіны (бас. рэк Северскі Данец, Ворскла, Сула, Псёл, Сейм). Назва ад паселішча ва ўрочышчы Бандарыха, непадалёку ад г. Ізюм Харкаўскай вобласці. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у зямлянках і наземных жытлах. Пахавальны абрад — найчасцей трупаспаленне з наступным пахаваннем рэшткаў у грунтавых ямах. Кераміка арнаментаваная верт. расчосамі, гарыз. радамі ямак рознай формы. Прылады вырабляліся з каменю (свідраваныя сякеры, зерняцёркі), косці (праколкі, прасліцы) і бронзы (кельты, нажы, кінжалы). На думку большасці даследчыкаў, плямёны, якія пакінулі Бандарыхінскую культуру, былі фіна-угорскія.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з фіна-угорскіх моў (прыбалтыйска-фінская група). Пашырана ў Карэліі, Цвярской, часткова Ленінградскай і Наўгародскай абласцях (Расія). Мае 3 дыялекты: уласна карэльскі, лівікоўскі (ці аланецкі) і людзікоўскі.

К.м. аглюцінатыўная. Для фанетыкі характэрны проціпастаўленне кароткіх і доўгіх галосных, наяўнасць дыфтонгаў, сінгарманізм. у сінтаксісе ўжыванне прыназоўнікаў і паслялогаў. Стараж. пісьмовыя помнікі адносяцца да 13 ст. Збераглася багатая вусная нар. творчасць (эпас «Калевала» і інш.). У 1930-я г. існавала пісьменнасць на аснове рус. алфавіта, з 1940-х г. К.м. ўжывалася ў вуснай форме. З канца 1980-х г. пісьменнасць на аснове лац. графікі.

Літ.:

Основы финно-угорского языкознания: Прибалт.-фин., саамский и мордовский языки. М., 1975.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСК ((Rask) Расмус Крысціян) (22.11.1787, каля г. Одэнсе, Данія — 14.11.1832),

дацкі мовазнавец; адзін са стваральнікаў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства; заснавальнік навук. мовазнаўства ў Скандынавіі. З 1825 праф. Капенгагенскага ун-та. Упершыню ў мовазнаўстве выкарыстаў параўн.-гіст. метад пры вырашэнні пытання аб паходжанні ісландскай мовы і даказаў роднасць герм. моў з балта-слав., грэч. і лац. («Даследаванні ў галіне старажытнапаўночнай мовы, або паходжанне ісландскай мовы», нап. 1814). У 1818 адкрыў рэгулярную адпаведнасць паміж індаеўрап. і герм. шумнымі зычнымі, якая пазней была сістэматызавана Я.​Грымам (т.зв. закон Грыма). Вывучаў таксама параўн.-гіст. граматыку балта-слав., фіна-угорскіх і індаіранскіх моў.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

культура фіна-угорскіх плямён, якія ў 7 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. жылі ў міжрэччы Волгі і Акі, у Верхнім Падзвінні, на Валдайскім узвышшы. Назву атрымала ад гарадзішча каля в. Дзякова (у межах Масквы). Насельніцтва жыло патрыярхальнымі сем’ямі ў наземных жытлах і паўзямлянках на гарадзішчах і паселішчах. Займалася жывёлагадоўляй, лядным земляробствам, паляваннем і рыбалоўствам, вырабляла жал. і касцяныя прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні. Кераміка слоікападобнай формы з тэкстыльнымі адбіткамі (адсюль інш. назва Дз. к. — тэкстыльнай керамікі культура) і арнаментам на верхняй частцы пасудзін. На тэр. Беларусі найб. даследаваныя помнікі: Загорцы, Новы Болецк, Мямлі (Гарадоцкі р-н) і інш.

Літ.:

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966.

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МІ-ПЯРМЯ́ЦКАЯ МО́ВА,

адна з пермскіх моў (галіна фіна-угорскіх моў). Блізкароднасная комі-зыранскай мове. Пашырана ў Комі-Пярмяцкай аўт. акрузе, Кіраўскай і Пермскай абл., розных раёнах Сібіры (Расія). Мае 4 гаворкі: паўд. (кудымкарска-інвенскі, ніжнеінвенскі, онькаўскі, нердвінскі дыялекты), паўн. (качэўскі, касінска-камскі, мысаўскі, верх-луп’інскі дыялекты), верхнякамскую і комі-язвінскую. Характэрны дыялекты, якія не маюць гукаў «л», «в», марфалагізацыя і фаналагізацыя націску, знікненне спрадвечных лічэбнікаў.

Літ. мова пачала складвацца з 1918. Пісьменства з 1918 на аснове рус. графікі, з 1920 са значна змененымі графемамі, з пач. 1930-х г. — лац., з канца 1930-х г. — рус. графіка з увядзеннем дадатковых літар «і», «о».

Літ.:

Коми-пермяцкий язык. Кудымкар, 1962.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)