ДЗІЦЯЧЫ ФАЛЬКЛОР.

Да дзіцячага фальклору адносяцца творы розных жанраў нар. паэзіі, разлічаныя на рознаўзроставую дзіцячую аўдыторыю. Межы дзіцячага фальклору, як і сам тэрмін, мяняліся. Першапачаткова да яго адносіліся творы, якія стваралі і выконвалі дзеці. Пазней да дзіцячага фальклору далучана творчасць дарослых, прызначаная для выхавання, а таксама творы, што страцілі цікавасць для дарослых і перайшлі ў дзіцячы рэпертуар. Такі падзел адлюстроўвае асаблівасці паходжання творчасці для дзяцей, вопыт нар. педагогікі, спосабы і шляхі перадачы традыцыйнага фальклору праз дарослых, равеснікаў і старэйшых дзяцей. Сярод дзіцячага фальклору вылучаюць групу твораў для самых маленькіх («матчына школа», ці «паэзія пеставання» — калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор, які звязаны з сюжэтна-арганізаванымі маторнымі дзеяннямі (гульні, лічылкі, жараб’ёвыя згаворы, пацешкі-забаўлянкі, скорагаворкі, маўчанкі, дыялагічныя сцэнкі), творы, не звязаныя з гульнямі (дражнілкі, заклічкі, песенькі, страшылкі, некат. загадкі і казкі). Паводле спосабу адлюстравання рэчаіснасці, асаблівасцях арганізацыі тэкстаў вылучаюцца песенныя, вершаваныя і празаічныя творы.

Дзіцячаму фальклору ўласціва поліфункцыянальнасць — спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай. На змест і форму кожнай групы твораў уплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей, а таксама сацыяльна-гіст. і быт. ўмовы развіцця грамадства. Узроставая дынаміка вызначае змест, чарговасць жанраў у бытаванні: калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам. Уласна дзіцячая творчасць спрыяе выпрацоўцы самастойнасці мыслення. Асн. прынцып адлюстравання рэчаіснасці — канкрэтнасць, што адпавядае маст. мысленню дзяцей, аднак гэта не выключае незвычайнасці, фантастыкі. Сучасная творчасць для дзяцей характарызуецца памяншэннем ролі традыцыйных форм за кошт пашырэння твораў прафесійнага мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Дзіцячы фальклор» (1972, укладальнікі Г.​Барташэвіч, В.​Ялатаў), «Гульні, забавы, ігрышчы» (3-е выд., 2003, укладальнік А.​Лозка).

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 18, кн. 2, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎСКІ Аляксандр Андрэевіч (псеўд. Алесь Барскі; нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-р філал. н. (1984). Ганаровы д-р БДУ (1993). Акад. Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.​Бергман і Е.​Тамашэўскім). Складальнік (з В.​Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел. арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.​Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел. нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр. арт. да кн. Я.​Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ. т-ва ў Польшчы.

І.​У.​Саламевіч.

А.А.Баршчэўскі.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПЯРО́ВІЧ Мікалай Іванавіч (22.5.1900, в. Ізабалёва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. —26.12.1937),

бел. краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец. Вучыўся ў Мінскім бел. пед. ін-це (1918—20), БДУ (1921—22). Скончыў Мінскі ін-т нар. асветы (1921). У 1917—21 настаўнічаў у Ігуменскім пав., у 1919—20 інструктар Часовага бел. нац. к-та і Цэнтр. бел. Школьнай рады, арганізатар і 1-ы старшыня ігуменскіх павятовых бел. нац. к-та і школьнай рады. Член арг-цый «Маладая Беларусь», Мінскага т-ва гісторыі і старажытнасцей, партыі бел. эсэраў (у 1918—24). З 1921 інструктар Наркамасветы БССР. З 1922 інспектар Слуцкага, з 1924 — Віцебскага аддзелаў нар. асветы. З 1926 навук. сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага час. «Наш край». У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў. З 1935 выкладаў у Новасібірску. У 1937 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 і 1960. Пісаў пра гісторыю краязнаўства на Беларусі, яго задачы і методыку, даследаваў гісторыю бел. выяўл. мастацтва, архітэктуру: артыкулы «Беларускае малярства ў Польшчы» (1925), «Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідства» і «Мінск у графіцы А.​М.​Тычыны» (абодва 1927) і інш. Аўтар нарысаў па гісторыі тэатра, навукі: «Беларуская навука да Кастрычніка і пасля яго» (1927), «Беларуская культура: Да дзесяцігоддзя абвяшчэння БССР» (1928), «Уладзіслаў Галубок» (1929). Склаў бібліяграфію твораў К.​Каганца, даследаваў асобныя праблемы развіцця бел. л-ры: артыкулы «Матывы барацьбы ў творчасці М.​Багдановіча» (1927), «Беларуская літаратура ў Латвіі» (1928). Укладальнік першага бел. дапаможніка па тэорыі л-ры «Узоры для літаратурных гурткоў пры «Маладняку» і гурткоў селькораў» (1927). Выдаў «Беларуска-расійскі слоўнічак» (1925), «Віцебскі краёвы слоўнік» і «Слоўнічак уласных найменняў» (1927).

Тв.:

Беларуская архітэктура. Віцебск, 1925;

Матэрыялы для вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва. Мн., 1927;

Краязнаўства. Мн., 1929.

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 141—162.

А.​С.​Ліс.

М.І.Каспяровіч.

т. 8, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯТУХО́ВІЧ Міхаіл Мікалаевіч (23.2.1891, в. Алексінічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 20.12.1937),

бел. крытык і літ.-знавец. Правадз. чл. Інбелкульта (1925), праф. (1926). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал. ін-т (1917). З 1921 у Мінску. Чл. навук.-тэрміналагічнай камісіі, выкладчык і сакратар Белпедтэхнікума. З 1922 выкладчык зах.-еўрап. і бел. л-р у БДУ. Працаваў і ў Інбелкульце, АН БССР (кафедра гісторыі бел. л-ры, Ін-т л-ры і мастацтва). У сувязі з абвінавачаннямі ў нацдэмакратызме ў 1934 (паводле інш. звестак, у 1936) пакінуў Беларусь. Выкладаў у пед. ін-тах Паўн. Каўказа. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Універсітэцкі курс П. лёг у аснову яго «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэнне ў тагачасных метадалаг. пошуках, хоць ён і не пазбег сацыялаг. схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф.​Скарыну, Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалу, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ц.​Гартнага, Ядвігіна І.П., М.​Чарота, К.​Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літ. хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П.​Труса (1934, 1935). Праца П. «Рукапісы А.​Рыпінскага» апубл. ў 1990 В.​Скалабанам.

Тв.:

Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926;

Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;

Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927;

Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;

У кн.: Матэрыялы да гісторыі беларускай літаратуры. Т. 1. Мн., 1936.

Літ.:

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975. С. 90—101;

Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 356—376;

Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий. Мн., 1992. С. 86—87.

Г.​В.​Кісялёў.

М.М.Піятуховіч.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ Анатоль Вікенцьевіч (н. 27.5.1932, в. Андрыеўшчына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. тэатразнавец, крытык, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1974), праф. (1975). Ганаровы д-р навук Ташкенцкага ін-та мастацтваў імя М.​Уйгура (1998). Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (у 1990—93 заг. аддзела міжнар. культ. працэсаў). З 1961 выкладае ў Бел. АМ (у 1972—90 заг. кафедры, у 1984—89 рэктар), з 1993 у Бел. ун-це культуры (у 1993—2000 заг. кафедры), адначасова ў 1992—98 гал. рэдактар час. «Тэатральная Беларусь» («Тэатральная творчасць»), Даследуе пытанні гісторыі тэорыі і сучаснай практыкі бел. тэатра, драматургіі, узаемасувязей бел. тэатр. мастацтва з культурамі інш. народаў, творчасць дзеячаў сцэны. Укладальнік, рэдактар тэкстаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да кн. «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (т. 1—2, 1975; 2-е выд. т. 1—3, 1997—2000), аўтар раздзелаў да кн. «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1, 1983); складальнік, рэдактар і аўтар артыкулаў да кн. «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—98), рэдактар і аўтар уступных артыкулаў у кн. «Беларуская драматургія» (кн. 1—4, 1994—97), аўтар раздзела «Беларускі тэатр» у кн. «Савецкае акцёрскае мастацтва, 50—70-я гг.» (1982), аповесці «Жылі-былі хлопцы...» (1961), апавяданняў.

Тв.:

Рампай асветленае: Тэатральна-крытыч. арт. Мн., 1962;

Уладар дум чалавечых: Творчасць нар. артыста СССР Барыса Платонава. Мн., 1964;

Ад п’есы — да спектакля. Мн., 1965;

Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2 Мн., 1969—72;

Театр открывает занавес. Мн., 1970;

Белорусская драматургия в театрах народов СССР. Мн., 1972;

Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя арт., рэцэнзіі. Мн., 1980;

Белорусско-молдавские театральные связи. Мн., 1984;

Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;

Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. артыста. 2 выд. Мн., 1989;

Кандрат Крапіва: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1989;

Асоба мастака: Літ.-крытыч. арт. Мн., 1992;

Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

Т.​Я.​Гаробчанка.

А.В.Сабалеўскі.

т. 14, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЕ́ВІЧ Ніл Сымонавіч (н. 30.9.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1991). Канд. філал. н. (1963), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1956). У 1960—80 выкладчык кафедры бел. л-ры БДУ, у 1980—89 1-ы сакратар праўлення СП БССР. Старшыня пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны (1990—96). Друкуецца з 1946. Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Выдаў зб-кі лірыкі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, сатыра, гумар, 1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзярж. прэміяй БССР імя Я.​Купалы 1980). Асн. змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гіст. вопыту бел. народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыц. формы класічнай паэтыкі, тэмы гіст. повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў (вянок санетаў «Нарач», паэмы «Заручыны», «Сто вузлоў памяці», нізка вершаў «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына»). Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хваляваўся творца. Раман ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сац. і духоўныя каштоўнасці. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Гілевіча апошніх гадоў: кн. «Повязь» (1987), «Незалежнасць» (1991), «Жыта, сосны і валуны» (1992), «На высокім алтары», «Талісман» (абедзве 1994). Гілевіч — аўтар прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1070), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зб-каў літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993). Ён стваральнік кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зб-ка п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіягр. аповесці «Перажыўшы вайну» (1988); укладальнік і навук. рэдактар зб-каў фальклору «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш. Перакладае творы балт. пісьменнікаў (зб. «Балгарскія народныя песні», 1961; анталогіі «Ад стром балканскіх», 1965; «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», 1978, і інш.), паасобныя творы югасл., польскіх, рус., укр., сербалужыцкіх паэтаў. Выдаў зб. выбраных перакладаў слав. паэтаў «Роднасць» (1983). Узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Лаўрэат Міжнар. прэміі імя Хрыста Боцева (1986). На вершы Гілевіча напісалі музыку М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Я.​Глебаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, І.​Лучанок, М.​Пятрэнка, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991;

Лісце трыпутніку. Мн., 1968;

Запаветнае. Мн., 1975;

Любоў прасветлая. Мн., 1996.

Літ.:

Сіненка Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці. Мн., 1981;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. №7;

Бечык В. Любоўю кроўнай... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Быкаў В. Высакароднасць погляду на свет і жыццё // Гілевіч Н. Святлынь. Мн., 1984;

Вярцінскі А. Калі радок хвалюе // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1979;

Калеснік У. Паэт у страі: (Рысы да літ. партрэта Ніла Гілевіча) // Полымя. 1976. №4;

Конан У. Паэтычны голас сумлення // Там жа. 1996. №9;

Ламека Л. Радок чысціні світальнай // Маладосць. 1991. № 9;

Яе ж. Боль і сумленне Бацькаўшчыны // Роднае слова. 1996. № 9.

У.​М.​Конан, М.​У.​Мікуліч.

Н.С.Гілевіч.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕЙНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ

звязана з нараджэннем, шлюбам і пахаваннем чалавека, Ахоплівала сферу сямейных адносін, працоўную дзейнасць чалавека, яго побыт і жыццё, сац. і маральна-этычныя ідэалы, абрады і звычаі. Складвалася пад уплывам язычніцтва, пазней — хрысціянства. У беларусаў найлепш захавалася радзінная паэзія са спецыфічна нац. ў ёй хрэсьбіннымі песнямі. Гал. дзеючыя персанажы радзіннай абраднасці: парадзіха, бабка-павітуха, бацька нованароджанага, кум, кума. Засцерагальныя абрады і песні павінны былі ахоўваць здароўе парадзіхі і дзіцяці, а таксама забяспечыць шчаслівую долю нованароджанага, якая паводле нар. перакананняў залежала ад бабкі-павітухі, кумоў. У хрэсьбіннай паэзіі вылучаліся заклінальныя, велічальныя, жартоўныя і бяседныя песні, прыгаворкі, зычэнні, тосты. Хрэсьбінныя жартоўныя песні развейвалі ідэальныя вобразы ўдзельнікаў урачыстага застолля. Найб. старажытныя — заклінальныя і велічальныя песні, якія вызначаліся ўстойлівай традыцыйнасцю вобразаў-персанажаў, паэтыкі, мелодыкі. Велічальныя песні багатыя на эпітэты, параўнанні. Асабліва каларытна абмалёўваўся вобраз бабкі, шанаванне якой падкрэслівалася трапнымі параўнаннямі. Песні пра кума і куму часта мелі жартоўна-эратычны характар. Большасць заклінальных песень звернута да бабкі, раскрываюць яе дзеянні, што скіраваны забяспечыць шчаслівую долю немаўляці; у многіх песнях яна заклінае пра гэта Бога. У застольна-бяседных творах адлюстроўваліся гасціннасць гаспадароў, урачыстасць падзеі, нацыянальна-адметныя традыцыі.

Вясельныя песні, прыпеўкі, прыгаворкі, тосты беларусаў суправаджалі сватанне, заручыны, выпяканне каравая, пасад і інш. этапы вяселля. У многіх выпадках падказвалі наступныя рытуальныя дзеянні. Песні, зычэнні, тосты, што выконвалі асноўныя ўдзельнікі шлюбнай урачыстасці, павінны былі магічна спрыяць шчасцю маладых, іх дабрабыту. У час суборнай суботы (дзявочы вечар) спявалі песні з матывамі адшукання руты, каліны для вяночка, завівання вянка, развітання з сяброўкамі, непазбежнасці расставання з бацькамі. Традыцыйна склаўся каравайны рытуал з песнямі, у якіх гіпербалізуецца колькасць выкарыстаных прадуктаў, персаніфікуюцца каравай (сімвалізаваў жаніха і нявесту), печ, дзяжа, лапата і інш.; каларытна малююцца вобразы каравайніц. Спявалі песні, у якіх гучала скарга нявесты, павянчанай з нялюбым. Сумам прасякнуты песні нявесты-сіраты, якая просіць нябожчыкаў бацькоў блаславіць яе шлюб. Перад ад’ездам маладога да нявесты гучалі песні, у якіх адлюстроўваўся пераход хлопца ў стан жанатага мужчыны. Застольныя песні маглі быць лірычныя, жартоўныя, велічальныя і інш. Багатымі сродкамі маст. выразнасці жартоўныя песні добразычліва высмейвалі сватоў, дружкаў, баяр, маршалкаў і інш. удзельнікаў вяселля. Часам жартоўна супрацьпастаўляліся жаніх і нявеста.

Пахавальны і памінальны рытуал складваўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. Асноўныя жанры гэтых абрадаў — галашэнні, псалмы, духоўныя вершы. Уся абраднасць прасякнута верай у замагільнае жыццё, у наяўнасць неўміручай душы ў чалавека. Хаўтурныя галашэнні — імправізаваныя творы, у якіх традыцыйна выкарыстоўваліся стэрэатыпныя нар. формулы, маст. прыёмы і сродкі для аплаквання памерлых. Некат. будуюцца на рытарычных пытаннях, памяншальна-ласкальных формах прыметнікаў і назоўнікаў. З эмацыянальнай узрушанасцю ў галашэннях аплаквалася заўчасная смерць немаўляці, выказваліся любоў і пашана да блізкага чалавека, горыч перажыванняў, раскрывалася нялёгкае жыццё памерлага, бязмерная роспач асірацелых дзяцей, удавы, бацькоў. Песні-псалмы — творы духоўна-маралізатарскага характару. Яны бытавалі як разнавіднасць канта і выконваліся на хаўтурах, трацінах, дзевяцінах, Радаўніцу. Крыніцамі духоўных вершаў была хрысціянская апакрыфічная літаратура. Вершы перадавалі старазапаветныя і новазапаветныя сюжэты, славілі святых, праведнікаў, асуджалі грэшнікаў. Сямейна-абрадавая паэзія, цесна звязаная з жыццём, побытам, узаемаадносінамі ў грамадстве, вызначалася ўстойлівай традыцыйнасцю, жывучасцю, поліфункцыянальнасцю ў найважнейшыя вехі жыцця чалавека. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Радзінная паэзія» (1971, укладальнікі М.​Грынблат, В.​Ялатаў), «Вяселле. Абрад» (1978, укладальнік К.​Цвірка), «Вяселле. Песні» (т. 1—6, 1980—88, укладальнікі Л.​Малаш, З.​Мажэйка), «Пахаванне. Памінкі. Галашэнні» (1986, укладальнікі У.​Васілевіч, Т.​Варфаламеева), «Вяселле. Мелодыі» (1990, укладальнікі З.​Мажэйка, Т.​Варфаламеева), «Радзіны. Абрад. Песні» (1998, укладальнікі Г.​Пятроўская, Т.​Кухаронак).

А.​С.​Фядосік.

т. 18, кн. 2, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА

Бел. фалькларыстыка як самастойная навука пра вусна-паэт., музычную, харэаграфічную, тэатральную нар. творчасць пачала фарміравацца ў пач. 19 ст. і склалася ў 20 ст. Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра нар.-паэт. творы трапляюцца ў «словах» Кірылы Тураўскага (12 ст.), летапісах і хроніках 14—16 ст., дзелавых дакументах (лісты Ф.​Кміты-Чарнабыльскага, 1573—74; апісанні бел. сямейных абрадаў і ўзоры пахавальнага галашэння ў кн. «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» Я.​Ласіцкага, 1582, і інш.). У 1618 С.​Рысінскі апублікаваў (у Любчы, на лац. мове разам з польскімі) бел. прыказкі, запісаныя на Полаччыне і Віцебшчыне. 15 бел. песень трапілі ў рукапісны спеўнік 1733 (апубл. ў 1970 А.​Макмілінам і Ц.​Дрэйгам у «Оксфардскіх славянскіх запісках», т. 3). Бел. купальскую песню з апісаннем абраду змясціў А.​Меер у «Апісанні Крычаўскага графства» (1786, апубл. ў 1901). У 1816—17 Віленскі універсітэт распрацаваў інструкцыю па зборы фалькл.-этнагр. матэрыялаў. Паводле яе М.​Чарноўская ў 1817 апублікавала працу «Рэшткі славянскай міфалогіі, якія захаваліся ў звычаях вясковага люду на Беларусі (Магілёўская губ.)». Адзін з першых збіральнікаў і даследчыкаў бел., рус., укр. і польскага фальклору З.​Даленга-Хадакоўскі распрацаваў праграму комплекснага вывучэння культуры славян, сабраў каля 3 тыс. песень (не надрукаваны). У 1837—46 Я.​Чачот выдаў у Вільні 6 зборнікаў бел. нар. песень (каля 1 тыс. тэкстаў на польскай і часткова бел. мовах). Кніга 6-я пад назвай «Вясковыя песенькі з-пад Нёмана і Дзвіны» (1846) — першае асобнае выданне арыгінальных бел. песень. Багаты фалькл.-этнагр. матэрыял змясцілі А.​Рыпінскі ў кн. «Беларусь» (1840) і Я.​Тышкевіч у «Апісанні Барысаўскага павета» (1847). У 1-й пал. 19 ст. бел. фальклор збіралі і вывучалі Я.​Баршчэўскі, К.​Вуйціцкі, Л.​Галамбёўскі, Т.​Зан, Р.​Зянькевіч, А.​Кіркор, А.​Міцкевіч, Р.​Падбярэскі, У.​Сыракомля і інш. Фалькларыстычныя працы гэтага перыяду каштоўныя фактычным матэрыялам і вял. колькасцю запісаў вусна-паэт. твораў. Аднак большая частка запісаў перакладалася на польскую або рус. мовы, перапрацоўвалася, публікавалася недакладна. Збіральніцкая дзейнасць адыграла важную ролю ў выпрацоўцы прынцыпаў і методыкі збору нар. твораў, іх публікацыі і вывучэнні.

У 2-й пал. 19 ст. склаліся больш спрыяльныя ўмовы для станаўлення і развіцця фалькларыстыкі як самастойнай філал. навукі. Пашырылася збіральніцкая дзейнасць, з’явіліся вял. па колькасці твораў зборнікі, запісы сталі больш дакладнымі. Выйшлі «Народныя песенькі пінскага люду» Р.​Зянькевіча (1851), «Беларускія прыказкі» П.​Шпілеўскага і «Народныя беларускія песні» Е.​Паўлоўскай (абедзве 1853), «Віленская губерня» А.​Карава (1861), «Смаленская губерня» М.​Цэбрыкава (1862), «Гродзенская губерня» П.​Баброўскага (1863), «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі» А.​Занкевіча (1897) і інш. У зб. «Народныя рускія казкі» (1855—64) А.​Афанасьеў змясціў 20 бел. казак. Фалькларыстычная дзейнасць актывізавалася са стварэннем у Вільні ў 1867 Паўн.-Зах. аддзела Пецярбургскага Рус. геаграфічнага т-ва. У «Запісках Рускага геаграфічнага таварыства па Аддзяленні этнаграфіі» надрукаваны зб. «Беларускія песні» І.​Насовіча і «Беларускія народныя песні» П.​Шэйна (абодва 1873).

У фалькларыстыцы 2-й пал. 19 ст. існавалі гістарычная, міфалагічная і міграцыйная тэорыі. Прыхільнікі міфалагічнай школы (А.​Багдановіч, Ф.​Буслаеў, М.​Доўнар-Запольскі, А.​Кіркор, Я.​Ляцкі, М.​Нікіфароўскі, Е.​Раманаў, П.​Шпілеўскі, П.​Шэйн і інш.) лічылі найважнейшымі ў фальклоры стараж. творы, спрыялі актывізацыі збірання і вывучэння нар.-паэт. творчасці. Пазіцыі міфалагічнай школы пэўны час падзялялі А.​Весялоўскі і А.​Пыпін, якія пазней сталі прыхільнікамі міграцыйнай тэорыі і сканцэнтравалі сваю ўвагу на даследаванні культурна-гіст. сувязей, на параўнальным вывучэнні вуснай паэзіі розных народаў. Станоўча паўплываў на бел. вучоных гіст. кірунак у навуцы, тэарэтыкі якога звязвалі ўзнікненне фалькл. твораў з пэўнымі гіст. падзеямі.

Абуджэнню і разгортванню сістэматычнай працы па зборы фалькл. і этнагр. матэрыялаў садзейнічала спец. праграма П.​Шэйна (1867). Дзякуючы інтэнсіўнай працы шырокай сеткі карэспандэнтаў (больш за 200) ён у 1887—1902 выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (3 тамы ў 4 кнігах), дзе змясціў песні, казкі, анекдоты, драм. батлеечныя творы, апісанні абрадаў, гульняў, жылля, адзення і інш. Больш за 500 песень, пераважна вясельных, апублікаваў А.​Дамбавецкі ў кн. «Спроба апісання Магілёўскай губерні» (т. 1—3, 1882—84). Своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця, культуры і побыту беларусаў стаў шматтомны «Беларускі зборнік» Е.​Раманава (вып. 1—9, 1885—1912, выдадзены няпоўнасцю, частка загінула ў Вял. Айч. вайну). Ён жа апублікаваў «Магілёўскую даўніну» (вып. 1—3, 1900—03), «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12). Багаты збор бел. фальклору ў выданнях «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.​Дабравольскага (ч. 1—4, 1891—1903), «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» А.​Сержпутоўскага (1911). Бел. нар. творы змешчаны ў зборніку ўкр. этнографа і фалькларыста П.​Чубінскага «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край» (т. 1—7, 1872—79). Грунтоўныя зборы па бел. фальклоры апублікавалі А.​Гурыновіч, М.​Доўнар-Запольскі, М.​Нікіфароўскі, З.​Радчанка, М.​Янчук і інш. Бел. фалькларыстыку папоўнілі даследаванні Я.​Ляцкага па бел. міфалогіі і замовах, Дз.​Булгакоўскага па песнях, прыказках, прымаўках і загадках, Ю.​Крачкоўскага па дзіцячых гульнях. Збіральніцкую дзейнасць разгарнуў польскі фалькларыст М.​Федароўскі. У яго фундаментальнай працы «Люд беларускі» (т. 1—3, 1897—1903; т. 4, 193 5; т. 5—6, 1958—60; т. 7, 1969; т. 8, 1981; «Вяселле», 1991) змешчаны казкі, легенды, паданні, анекдоты, песні, прыказкі, прымаўкі, павер’і, творы інш. жанраў.

У 19 — пач. 20 ст. бел. фальклор сістэматычна не даследаваўся. Пэўныя абагульненні гісторыі збірання і вывучэння бел. нар. твораў пададзены ў «Гісторыі рускай этнаграфіі» А.​Пыпіна (т. 4, 1892), казак — у кн. «Руская народная казка» С.​Саўчанкі (1914). Аналіз асобных твораў зроблены ў працах А.​Весялоўскага, А.​Патабні, М.​Сумцова. Першае даследаванне асн. фалькл. жанраў і іх паэтыкі ажыццявіў Я.​Карскі ў працы «Беларусы» (т. 3, ч. 1, 1916). Асобныя праблемы навукі разглядаліся ў публікацыях А.​Багдановіча, А.​Лабады, М.​Янчука.

У 1920—30-я г. ў перыяд. друк сталі трапляць песні і прыпеўкі пра тагачасную рэчаіснасць, якія выдаваліся за фальклор. Такія творы ўвайшлі ў зб. «Ленін і Сталін у беларускай народнай творчасці» (1937), «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938) і інш. Вял. ролю ў развіцці фалькларыстыкі адыграла стварэнне ў 1929 Бел. АН (з 1936 — АН БССР, з 1991 — АН Беларусі, з 1997 — Нац. АН Беларусі) і сектара этнаграфіі і фальклору ў Ін-це гісторыі. У выніку шматлікіх экспедыцый сабраны багаты матэрыял, на аснове якога, а таксама папярэдніх публікацый рыхтаваўся да выдання 3-томны збор бел. нар. песень. Выйшаў толькі 1-ы том «Песні беларускага народа» ў 1940, складальнік М.​Грынблат; рукапісы астатніх загінулі ў Вял. Айч. вайну. У гэты том увайшлі прыгонніцкія, чумацкія, бурлацкія, салдацкія, жартоўныя песні; многія з нотным запісам. У ліку найб. каштоўных выданняў даваеннага часу — «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) А.​Сержпутоўскага, «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» А.​Шлюбскага (ч. 1—2, 1927—28), «Народныя песні з мелодыямі» М.​Гарэцкага і А.​Ягорава (1928), тэарэтычныя даследаванні М.​Нікольскага «Міфалогія і абрадавасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях і вераваннях беларускага сялянства» (1933) і інш. Праблемам бел. фальклору прысвечаны арт. З.​Бядулі, У.​Дубоўкі, К.​Крапівы, А.​Шлюбскага і інш. Значная збіральніцкая і даследчыцкая праца вялася ў Зах. Беларусі і Латвіі: «Беларускія народныя песні» Р.​Шырмы (1929), «Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» С.​Сахарава (1940). Багаты фалькл. архіў АН Беларусі знішчаны ням. фашыстамі ў Вял. Айч. вайну.

У пасляваенны час аднавіў работу сектар этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі АН Беларусі. На базе яго і сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры ў 1957 створаны Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Збіранне, публікацыя і даследаванне бел. вусна-паэт. твораў набыло сістэмны мэтанакіраваны характар. Шырока разгарнулася збіранне фальклору перыяду Вял. Айч. вайны. Тэарэтычныя даследаванні яму прысвяцілі Л.​Бараг, Г.​Барташэвіч, М.​Грынблат, І.​Гутараў, Л.​Мухарынская, А.​Фядосік. Выйшлі кн. «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» Ф.​Янкоўскага (1957, 3-е выд. 1992), «Беларускія народныя песні» Р.​Шырмы (т. 1—4, 1959—76), «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961). Выдадзены шэраг рэгіянальных фалькл. зборнікаў: «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны» (укладальнік Н.​Гілевіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (укладальнік В.​Захарава, абодва 1973); «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні беларускага Палесся» (1983—84), «Песні беларускага Падняпроўя» (1999, усе З.​Мажэйка, апошні — з Т.​Варфаламеевай); «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць» (1989, укладальнікі В.​Захарава, Р.​Кавалёва, В.​Ліцьвінка, У.​Раговіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995, укладальнікі В.​Ліцьвінка, Г.​Кутырова); «Песенны фальклор Палесся» У.​Раговіча (т. 1—3, 2001—04), «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Магілёўскае Падняпроўе» (т. 1, 2001, укладальнікі Т.​Варфаламеева, В.​Басько, М.​Козенка і інш.), «Вяселле на Гомельшчыне: Фальклорна-этнаграфічны зборнік», «Народная міфалогія Гомельшчыны» (абодва 2003, укладальнікі І.​Штэйнер, В.​Новак) і інш. Вылучаюцца зборнікі Н.​Гілевіча, у якіх у адпаведнасці з жанрава-відавой прыналежнасцю сістэматызаваны нар. творы: «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). З 1970 выдаецца серыя «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986), у якой класіфікаваны і сістэматызаваны матэрыял з экспедыцый, раней апублікаваных крыніц, архіваў, выпрацаваны прынцыпы тэксталагічнай работы, навук. каменціравання і інш. Выдадзена 45 тамоў. Звод серыі — самы поўны збор лепшых узораў нар. песень, казак, легенд, паданняў, прыпевак, прыказак, прымавак, загадак, жартаў, гумарэсак, анекдотаў, гульняў, пахавальных галашэнняў, а таксама тэарэт. матэрыялаў для вывучэння гісторыі фальклору і даследавання праблем гуманітарных навук, мастацтвазнаўства і інш. Значны ўклад у развіццё бел. фалькларыстыкі зрабілі М.​Анцаў, А.​Грыневіч, Г.​Цітовіч, М.​Чуркін і інш.

З 2-й пал. 20 ст. актывізаваліся тэарэт. даследаванні ў галіне гісторыі бел. фальклору. Выйшлі кн. «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» М.​Нікольскага (1956), «Нарысы па беларускаму фальклору» К.​Кабашнікава (1963), навуч. дапаможнікі «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (1966) пад рэд. М.​Ларчанкі, «Беларускі фальклор: Хрэстаматыя» (1970, 4-е выд. 1996) К.​Кабашнікава, А.​Ліса, А.​Фядосіка, І.​Цішчанкі, «Беларуская народнапаэтычная творчасць» (1979), «Сімволіка беларускай народнай культуры» І.​Крука (2000), падручнік К.​Кабашнікава, А.​Ліса, А.​Фядосіка, І.​Цішчанкі і інш. «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (2-е выд., 2000). Грунтоўна гісторыя бел. фальклору ад старажытнасці да 1960-х г. даследавана ў калект. працы «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць: Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне» (1967). Сістэмны аналіз гістарыяграфіі найважнейшых фалькл. жанраў рус. і ў многіх выпадках бел. фальклору разгледжаны ў кн. «Гістарыяграфія рускай фалькларыстыкі. 1917—1941» А.​Марозава (1999). Асноўныя заканамернасці і кірункі развіцця фальклору, змены ў яго жанравым складзе даследаваны ў манаграфіях «Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі» (1969), «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні: Гістарыяграфічны нарыс» (1981) К.​Кабашнікава; нар. сатыра ў кн. «Беларуская народная сатырычная проза» (1969), «Трапным народным словам: Сатыра і гумар у беларускай вуснай паэзіі і народнай драме» (1971), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) А.​Фядосіка; паэтыка бел. фальклору ў працах «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971), «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.​Янкоўскага; «Паэтыка беларускай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.​Гілевіча; «Святло народнага слова» В.​Коўтун (1984); «Паэтыка беларускіх абрадавых песень перыядаў каляндарных пераходаў: Семантыка. Вобразны лад. Кампазіцыя» Т.​Івахненкі (2002). Даследаванню культу продкаў, архаічных рытуалаў і абрадаў на Тройцу прысвечана манаграфія В.​Шарай «Каштоўнасна-нарматыўная прырода ўшанавання продкаў» (2002).

Асобныя віды і жанры бел. фальклору, іх паэтыка і маст. асаблівасці прааналізаваны ў манаграфіях «Наша родная песня» (1968) Н.​Гілевіча, «Беларуская казка» Л.​Барага (1969), «Беларуская частушка» І.​Цішчанкі (1971); «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993) і «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект» (1998) А.​Ліса; «Беларуская народная балада» (1978) Л.​Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» У.​Васілевіча (1979); «Зімовая паэзія беларусаў» (1980), «Тайны народнай песні» (1994), «Святкаванне Каляд на Беларусі» (1998), «Беларускія загадкі» (2000), «Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі» (2001) А.​Гурскага; «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.​Барташэвіч (1985); «Святы і абрады беларусаў» В.​Ліцьвінкі (3-е выд. 2001); «Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны: Да праблем лакальнага, агульнанацыянальнага ў фальклоры» (2001) і «Абраднасць і паэзія «Пахавання стралы» (2002) В.​Новак. Упершыню ў славянскай фалькларыстыцы выдадзена фундаментальнае даследаванне ў 6 кнігах з серыі «Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка»: «Каляндарна-абрадавая паэзія» (А.​Ліс, А.​Гурскі і інш.), «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр» (А.​Фядосік, Е.​Емяльянаў і інш.; абедзве 2001), «Пазаабрадавая паэзія» (А.​Гурскі, Г.​Пятроўская, Л.​Салавей і інш.), «Народная проза» (К.​Кабашнікаў, А.​Фядосік, А.​Цітавец і інш.; абедзве 2002), «Міфалогія. Духоўныя вершы» (А.​Ненадавец, А.​Марозаў і інш., 2003), «Малыя жанры. Дзіцячы фальклор» (Т.​Валодзіна, Г.​Барташэвіч і інш., 2004). Функцыянальную прыроду абрадаў і звычаяў даследавалі Т.​Валодзіна («Талака ў духоўнай культуры беларусаў», 1977), Г.​Таўлай («Беларускае Купалле. Абрад, песня», 1986), А.​Лозка («Беларускі народны каляндар», 1993), У.​Сысоў («Беларуская пахавальная абраднасць: Структура абраду, галашэнні, функцыі слова і дзеяння», 1995, «З крыніц спрадвечных», 1997) і інш. Музычны фальклор даследавалі А.​Аляхновіч, Т.​Варфаламеева, З.​Мажэйка, Л.​Мухарынская, Т.​Якіменка, В.​Ялатаў і інш., муз. інструменты — І.​Назіна, танцавальны фальклор — Ю.​Чурко, М.​Козенка, Л.​Алексютовіч, сувязь бел. літаратуры і вуснапаэт. творчасці — М.​Грынчык, В.​Каваленка, А.​Лойка, А.​Макарэвіч, А.​Мальдзіс, М.​Тычына, І.​Чыгрын і інш. Праблемы міфалогіі сістэмна даследаваны ў працах І.​Казаковай «Сімволіка і семантыка славянскіх міфалагем (на матэрыялах беларускага фальклору)» (1990), «Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры» (1997), А.​Ненадаўца «Пакланіцеся дубу», «Святло таямнічага вогнішча» (абедзве 1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа» (1999). Выдадзены кнігі пра збіральнікаў бел. нар. вусна-паэт. творчасці А.​Багдановіча, З.​Даленгу-Хадакоўскага, М.​Нікіфароўскага, Е.​Раманава, А.​Сержпутоўскага, М.​Федароўскага, П.​Шэйна, М.​Янчука.

Бел. фальклор збіралі і даследавалі рус. фалькларысты: П.​Бяссонаў, В.​Гусеў, П.​Кірэеўскі, М.​Краўцоў, Э.​Памяранцава, В.​Сакалова, І.​Сахараў, І.​Снегіроў, А.​Цярэшчанка, К.​Чыстоў і інш.; украінскія — А.​Дэй, І.​Хланта, Н.​Шумада, В.​Юзвенка і інш.; польскія — А.​Баршчэўскі, У.​Вярыга, М.​Гайдук, З.​Глогер, Э.​Дмахоўская, Я.​Карловіч, О.​Кольберг, К.​Машынскі, Ч.​Пяткевіч, Ф.​Сяліцкі, М.​Чурак і інш.; чэшскія — Л.​Куба, І.​Поліўка, А.​Чэрны, П.​Шафарык. Асобныя фалькл. зборнікі апублікавалі А.​Розенфельд (1904), С.​Малевіч (1907). Зборнікі бел. нар. казак выдадзены на чэшскай (1957), нямецкай (1966—80), славацкай (1967), балгарскай (1964), польскай (1973, 1976, 1977) і інш. мовах. П.​Айснер пераклаў на ням. мову 40 бел. нар. песень, А.​Мільен — на французскую бел. калядныя, купальскія, талочныя, юраўскія і інш. песні («Песні расійскага народа»., 1893).

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Яго ж. Гісторыя беларускай этнаграфіі, пачатак XX ст. Мн., 1970;

Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;

Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;

Яго ж. Беларуская савецкая фапькларыстыка. Мн., 1987;

Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989;

Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і вывучэнне нар. творчасці ў 60-х гг. XIX — пач. XX ст. Мн., 1989;

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991;

Касько У.К. Святло далёкай зоркі Мн., 1997;

Саламевіч І.У. Беларускі фальклор (1926—1963): Кароткі бібліягр. давед. Мн., 1964;

Грынблат М.Я. Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказ. (1945—70). Мн., 1972.

А.​С.​Фядосік.

Тытульны ліст кнігі «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі». Санкт-Пецярбург. 1897.
Кнігі серыі «Беларуская народная творчасць».

т. 18, кн. 2, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)