ЛІСТ ((Liszt) Ферэнц) (Франц; 22.10. 1811, Добар’ян, каля г. Шопран, Венгрыя — 31.7.1886),
венгерскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў К.Чэрні, А.Сальеры, Ф.Паэра і А.Рэйхі. У 1823—35 жыў у Парыжы, дзе набыў вядомасць як піяніст-віртуоз, пачаў пед. і кампазітарскую дзейнасць, у 1835—39 — у Швейцарыі і Італіі, дзе залажыў асновы сучаснага канцэртнага піянізму. Яго выканальніцкі стыль вызначалі сінтэз рацыянальнага і эмацыянальнага, спалучэнне яскравасці і кантрасту вобразаў з драматызмам, маляўнічасць гучання і віртуозная тэхніка, арк.-сімф.трактоўкафп. З канца 1830-х г. гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1848—58 прыдворны капельмайстар у Веймары. Як дырыжор паставіў у Веймарскім т-ры больш за 40 опер, у т. л. оперы Р.Вагнера, выканаў у сімф. канцэртах усе сімфоніі Л.Бетховена, сімф. творы Г.Берліёза, Р.Шумана, М.Глінкі і інш., узначаліў т.зв. веймарскую школу. З 1861 жыў у Рыме, Будапешце і Веймары. Пастаянна падтрымліваў сувязі з Венгрыяй (з 1875 прэзідэнт заснаванай ім Муз. акадэміі ў Будапешце, цяпер Нац.венг.муз. акадэмія імя Л.). Стваральнік першых узораў венг.нац.муз. класікі, адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап.муз. рамантызму. Найб. значныя яго дасягненні ў галіне інстр. музыкі. Вызначальныя прынцыпы наватарскай творчасці Л. — праграмнасць і звязаны з ёю монатэматызм. Абнавіў жанр фантазіі і транскрыпцыі, стварыў новы муз. жанр — адначасткавую сімф. паэму, новы тып канцэрта і санаты (адначасткавыя з рысамі цыклічнасці). Узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі, увёў у фп. п’есах новыя прынцыпы фактурнага выкладання. Паглыбіў сувязі музыкі з л-рай, першы звярнуўся да твораў жывапісу і скульптуры як да крыніцы праграмных задум. У яго творах арганічны сплаў нар.-венг. вытокаў (вербункаш) і дасягненняў еўрап.прафес. музыкі. Творчасць Л. адыграла вял. ролю ў станаўленні венг.нац.муз. школы і ў развіцці сусв.муз. культуры.
Сярод твораў: опера «Дон Санча, або Замак кахання» (паст. 1825); араторыі «Легенда пра св. Лізавету» (1862), «Хрыстос» (1866) і інш.; месы «Эстэргамская» («Гранская», 1855), «Венгерская каранацыйная» (1867); кантаты; Рэквіем (1868); для аркестра «Фауст-сімфонія» (паводле І.В.Гётэ, 1857); сімфонія да «Боскай камедыі» Дантэ (1856), 13 сімф. паэм (1849—82), у т. л. «Мазепа» (паводле В.Гюго, 1851), «Прэлюды» (паводле Ж.Атрана і А.Ламарціна), «Арфей», «Таса» (усе 1854), «Праметэй» (паводле І.Гердэра, 1855); 2 эпізоды з «Фауста» Н.Ленаў (1860) і інш.; для фп. з арк. — 2 канцэрты (1856, 1861), «Скокі смерці» (1859), Фантазія на венг.нар. тэмы (1852) і інш.; для фп. — саната h-moll (1853); цыклы п’ес «Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі» (паводле А.Ламарціна), «Гады вандраванняў» (3 сшыткі); 2 балады, 2 легенды, 19 «Венгерскіх рапсодый»; «Венгерскія гістарычныя партрэты»; «Іспанская рапсодыя»; «Эцюды найвышэйшага выканальніцкага майстэрства», канцэртныя эцюды, варыяцыі, п’есы ў танц. форме, маршы і інш.; для голасу з фп. — песні і рамансы (каля 90) на словы Г.Гейнэ, Гётэ, Гюго, М.Лермантава і інш., інстр. п’есы, камерна-інстр. ансамблі, транскрыпцыі (пераважна для фп.) уласных твораў і інш. кампазітараў («Эцюды па капрысах Паганіні»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ КРЫ́ТЫКА,
творчая дзейнасць па вытлумачэнні, інтэрпрэтацыі, аналізе і ацэнцы твораў мастацтва, а таксама па ўсведамленні з’яў сучаснага маст. працэсу, кірункаў, відаў і жанраў маст. творчасці; раздзел мастацтвазнаўства. Уключае літаратурную крытыку, тэатральную крытыку, кінакрытыку (гл. ў арт.Кіназнаўства), музычную крытыку (гл. ў арт.Музыказнаўства), крытычную дзейнасць у галіне пластычных мастацтваў (сустракаецца і трактоўка паняцця «М.к.» ў вузкім сэнсе — у якасці аналізу, вытлумачэння і ацэнкі твораў пластычных мастацтваў). Метадалогіяй М.к. выступае эстэтыка, якая непасрэдна зыходзіць з мастацтвазнаўчых ведаў. М.к. суадносіць з’явы мастацтва з жыццём, грамадскімі і эстэт. ідэямі свайго часу ў параўнанні з інш. этапамі культ.-гіст. развіцця чалавецтва, разглядае сучасны маст. працэс як пэўны этап гісторыі мастацтваў і як праяўленне яе агульных законаў. М.к. грунтуецца на сістэме эстэт. ацэнкі і суджэннях густу эстэтычнага, шырока карыстаецца метадамі інтэрпрэтацыі і аналізу маст. твораў з мэтай вылучэння асаблівасцей зместу і формы, вызначэння іх эстэт. і маст. каштоўнасцей. З анталагічнага пункту гледжання М.к. носіць суб’ектыўны характар, аднак імкнецца да аб’ектыўнасці, выяўлення аб’ектыўнай падставы ацэнкі. М.к. мае дваістую накіраванасць. Звяртаючыся і да творцы, і да публікі, яна з’яўляецца своеасаблівым «правадніком», які забяспечвае «адваротную сувязь» ва ўсёй сістэме маст. культуры грамадства: з аднаго боку, адзначае пазітыўныя (або негатыўныя) тэндэнцыі сучаснага маст. працэсу, садзейнічае ўдасканаленню творчасці мастакоў; з другога — выступае важным сродкам фарміравання ідэалу эстэтычнага, эстэт. культуры, маст. густу, эстэтычнага выхавання, эстэт. ўспрымання рэцыпіентаў мастацтва.
Пачаткі М.к. трапляюцца ў трактатах філосафаў Індыі, Кітая, Стараж. Грэцыі, Рыма. Імкненне да навук. абгрунтавання мастацтва, яго крытычнага і гіст. вытлумачэння склалася ў эпоху Адраджэння; узніклі крытэрыі ацэнкі маст. твораў, звязаныя з вызваленнем навукі і мастацтва ад царк. норм. З сярэдзіны 18 ст. М.к. існуе як грамадскі ін-т, спецыфічны феномен у культуры і развіцці соцыуму. Вял. значэнне для яе развіцця мела дзейнасць Д.Дзідро, Ш.Бацё, Г.Лесінга, І.В.Гётэ, эстэт. канцэпцыі класічнай ням. філасофіі. У развіццё рус. М.к. 19 ст.вял. ўклад зрабілі В.Бялінскі, які вызначаў М.к. як «рухомую эстэтыку», і У.Стасаў.
Элементы М.к. ў бел. культуры трапляюцца ўжо ў эпоху Адраджэння ў перакладной («Аповесць пра Трою», «Александрыя») і мемуарна-летапіснай (Баркулабаўскі летапіс) л-ры, філас.маст. і публіцыстычнай творчасці Ф.Скарыны, Міколы Гусоўскага, С.Буднага. У 17 ст. асобныя сістэмы эстэт. крытэрыяў стварылі на бел. зямлі Сімяон Полацкі і М.Сарбеўскі, якія распрацоўвалі пытанні паэтыкі, красамоўства, выяўл. мастацтва. Праблемы М.к. займалі значнае месца ў творчасці пачынальніка новых бел. л-ры і т-ра В.Дуніна-Марцінкевіча. У 2-й пал. 19 ст.асн. прынцыпамі М.к. былі абвешчаны рэалізм і народнасць, што сталі падмуркам творчасці бел. пісьменнікаў-дэмакратаў Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча і інш. На чале прафес. М.к. ў пач. 20 ст. стаялі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля, а таксама публіцысты «нашаніўскага» перыяду. У 1920-я г. значны ўклад у развіццё бел. М.к. зрабіў М.Шчакаціхін. У сав. час паступова сфарміравалася новая плынь М.к., звязаная з тэорыяй мастацтва і развіццём відаў мастацтва. Яна адыграла значную ролю ў развіцці прафес. мастацтва. Развіццё М.к. прывяло да ўзнікнення Саюза літ.-маст. крытыкаў Беларусі (1997).
Літ.:
Долгов К.М. Эстетика и художественная критика. М., 1972;
Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;
Салеев В.А. Искусство и его оценка. М., 1977;
Щукина Т.С. Теоретические проблемы художественной критики. М., 1979;
Борев Ю.Б. Искусство интерпретации и оценки. М., 1981;
Баранов В.И., Бочаров А.Г., Суровцев Ю.И. Литературно-художественная критика. М., 1982;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.
Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз наз.Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).
Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.
Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.
Рэлігіястараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.
Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял.маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.
У маст. культуры стараж, свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар.трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г.Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.
Літ.:
Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;
Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э.М., 1961;
Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;
Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;
Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;
Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ВАПІС,
від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст.трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама да арт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ МУ́ЗЫКА, музычны фальклор,
песенная і інстр. творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы Н.м. ўзнікаюць на аснове маст. традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэт. прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, Н.м. мае вял.эстэт., пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Муз. фальклор — аснова нац.муз. стылю, вызначальная крыніца прафес. кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафес. і самадз.муз. калектываў. Вытокі нар.муз. мастацтва беларусаў у культуры стараж.усх.-слав. плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў бел.муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.
Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, веснавых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).
Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхал. паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэт. абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю быт. замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраванне т. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной папеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вял. выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанац. нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання (гл.Народныя спевакі), якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).
Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправіз. рытмікай (напевы жніўных. значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некат. часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).
Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сял. паўстанняў (16—18 ст.): мужчынская сац. лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваен. падзеях і важаках сял. паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя (гл.Бытавая музыка), жартоўныя песні, любоўна-лірычныя (гл.Песні пра каханне). Ад песень стараж. пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэт. вобраза. Песні сял. вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхал. адценняў; існуюць у мностве хар. і сольных варыянтаў. Асн.муз.-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вял. дыяпазоне) вызначаюцца ўнутр. інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалосае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найб. пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некат. фалькл. жанры (рэв. гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка бел.канта. У 19 ст. склаўся новы пласт бел. песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэв. і «літаратурныя» (на словы прафес. паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найб. значную ролю адыгрывае рэв. песня ў разнастайных жанравых праявах, у т. л. песня, для якой характэрны сац. завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фалькл. спадчынай эпохі сял.-казацкіх антыфеад. паўстанняў, драм. маналог-заклік, песня-плакат, патэт. гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сял. паўстанцкай лірыкі 16—18 ст., польскай рэв. песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64), укр. і рус.дэмакр. бытавога раманса.
Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясц. традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнагр. зонах (напр., валачобных у паўн., калядных у паўд., гульнявых песень і карагодаў ва ўсх. раёнах) і ў мясц. стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найб. прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўн. і паўд.этнагр. зон. Меладычны стыль песень паўн. зоны (Паазер’е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама хар. антыфоннага выканання. Паўд. раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай. У сав. час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танц. ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»), У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Бел. сялянска-рабочай грамадой і Т-вам бел. школы, прапагандавалі бел.традыц. сялянскі фальклор. З разгортваннем сац. і нац.-вызв. руху ствараліся новыя патрыят. і рэв. песні на перапрацаваныя вершы Я.Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Я.Коласа («Нёман»), К.Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнар.рэв. песеннай класікі. У Вял.Айч. вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага бел. фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваен бел.нар. песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыят. песень сталі самадз. харавыя калектывы. Многія песні створаны індывід. аўтарамі (П. і А. Шыдлоўскія, Т.Лапаціна, З.Лапаціна-Пацеенка, Р.Галавасцікаў, П.Шаўко, П.Касач, І.Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай нар. творчасці.
Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад стараж. хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вял.Айч. вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.
Інстр. музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сац. функцый. У нар. практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструментаў. Найб.стараж. пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам. Аснова рэпертуару нар. інструменталістаў — песенныя і танц. найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інстр. імправізацыі (паводле нар. тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п’есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»), Нар.інстр. выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах (гл.Музыка, Народныя музыканты, Народныя інструментальныя ансамблі). У сольным выкананні песенных найгрышаў інстр. версіі песень хар. традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, а тыя, што вар’іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некат. восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музыкі найб. яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танц. мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.
Літ.:
Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Яго ж. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Яго ж. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;
Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76;
Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Мажэйка З. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;
Яе ж. Календарнопесенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;
Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;
М а жэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;
Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928;
Назіна І.Дз. Беларуская народная інструментальная музыка. Мн., 1989;
Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский И.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПАЛАЗНА́ЎСТВА,
галіна бел.літ.-знаўства, прысвечаная вывучэнню творчасці Я.Купалы.
Першы зб. вершаў паэта «Жалейка» (1908) стаў падзеяй у бел. л-ры і выклікаў водгукі. Ядвігін Ш. у газ. «Минское эхо» (9.7.1908) даў агульную ацэнку кнізе, але не ўбачыў яе наватарства і самабытнасці. У.Самойла характарызаваў зборнік як «сонца жывой сапраўднай паэзіі», адзначаў, што «беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці» («Минский курьер», 23.8.1908). Ён высока ацаніў і паэму «Адвечная песня», а паэзію Я.Купалы лічыў каштоўнейшым скарбам, дзе поўна і глыбока адлюстроўваецца душа бел. народа. У гэтым ён бачыў не толькі нац., але і агульначалавечае значэнне паэзіі Я.Купалы («Наша ніва», 16.9.1910). На «Адвечную песню» змясціў водгукі бел., рус., польск. і літ. друк. Польскі пісьменнік З.Пяткевіч сцвярджаў, што ліра Я.Купалы плача штучнымі слязамі. Гнеўны адказ на гэта даў А.Бульба, які падкрэсліваў глыбока нар. характар творчасці Я.Купалы, назваў яе стогнам набалелай душы (тамсама). У рэцэнзіі на зб. «Гусляр» (1910) Бульба адзначаў панаванне ў творах фантазіі, якая абумовіла багацце форм, настрояў (тамсама, 21.10.1910). Цікавыя думкі пра паэзію Я.Купалы ў той час выказвалі С.Палуян, Л.Гмырак. Самую грунтоўную ацэнку творчасці Я.Купалы даў М.Багдановіч. Ён адзначаў не толькі велічыню таленту Я.Купалы, але і яго гнуткасць, здольнасць да ўсебаковага развіцця. Вызначальным у форме купалаўскіх вершаў ён лічыў рытм. Высокая ацэнка творчасці Я.Купалы М.Горкім, А.Пагодзіным, І.Свянціцкім, Д.Дарашэнкам, Л.Гірам, В.Вегняровічам, С.Руднянскім, Е.Янкоўскім, А.Чэрным сведчыла пра значны рэзананс, які выклікала паэзія песняра не толькі на Беларусі. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Купалы пачалося ў 1920-я г. У «Гісторыі беларускай літаратуры» М.Гарэцкага паэт ахарактарызаваны як лірык, у якога на першым плане грамадзянскія матывы. Гарэцкі скіроўваў увагу на творчае пераасэнсаванне Я.Купалам фальклору. Я.Карскі таксама падкрэсліваў лірычную прыроду таленту Я.Купалы, аднак да творчасці паэта ставіўся досыць абмежавана: вылучаў у ёй толькі сумныя тоны, адмаўляў наяўнасць агульначалавечых тэм і матываў. У сувязі з 20-годдзем творчай дзейнасці Я.Купалы і наданнем яму звання нар. паэта Беларусі (1925) з’явіўся шэраг літ.-крытычных артыкулаў, дзе яго творчасць разглядалася ў розных аспектах. «Маладнякоўцы» вылучалі ў купалавай паэзіі матывы змагання, заклік да працоўных узняцца да Сонца з «санлівых нізін». Спробу даследаваць філас. матывы лірыкі Я.Купалы зрабіў А.Бабарэка ў арт. «З далін на ўзвышшы» («Маладняк», 1926, № 10), дзе акцэнтаваў увагу на тонкім адчуванні паэтам «моцы жыцця». Першая спроба перыядызацыі творчасці Я.Купалы — арт. М.Піятуховіча «Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы» («Полымя», 1925, № 4). У зб. «Жалейка» аўтар бачыў эмбрыён далейшых гал матываў творчасці паэта. На яго думку, асабліва падрабязна распрацавана ў зборніку тэма сялянскай беднасці, а ў кн. «Гусляр» выявілася даволі акрэсленая сістэма агульнафілас. светапогляду Я.Купалы.У зб. «Шляхам жыцця» (1913) спалучалася паглыбленне сац. матываў з верай у здзяйсненне сваіх ідэалаў. У зб. «Безназоўнае» (1925) Я.Купала ўяўляўся аўтару песняром Кастр. рэвалюцыі. Піятуховіч намагаўся спалучыць сацыялагічны падыход з эстэт. ацэнкамі твораў. На думку А.Вазнясенскага («Узвышша», 1927, № 1), паэмы Я.Купалы — узор спалучэння рамантызму і класіцызму. Дзякуючы гэтаму паэт уводзіў бел. л-ру ў «агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай». Драм. творы Я.Купалы разглядаў І.Замоцін («Узвышша», 1927, № 1), на думку якога пісьменніку найб. удаюцца п’есы рэальна-быт. характару. На рамант. пачатак у творчасці Я.Купалы звяртаў увагу М.Байкоў. Калі ён параўноўваў Я.Купалу з Т.Шаўчэнкам, то іх паэзію звязваў з т. зв.нац. рамантызмам. Ц.Гартны лічыў, што сімвалізм купалавай паэзіі нёс службу рамантызму, які адыгрываў станоўчую ролю, бо гучаў нотамі закліку да пратэсту. У 1928 выйшаў зб. «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», у 1932 у Вільні — кн. А.Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння». К. 1920—30-х г. не заўсёды вызначалася навук. падыходам, у ім моцнай была вульгарна-сацыялагічная трактоўка. Паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, у адрыве ідэй нац. вызвалення ад вызвалення класавага, груба папракалі ў ідэалізацыі мінулага, у падробцы пад нар. песню, у рэакцыйным рамантызме (Л.Бэндэ, А.Кучар. М.Клімковіч і інш.). Да вытокаў творчасці Я.Купалы звярнуўся Я.Казека ў арт. «З невычарпальнай крыніцы» («Полымя рэвалюцыі», 1936, № 5), у якім аналізаваў арганічнае засваенне фальклору ў паэтыцы Я.Купалы. У 1940 паявіліся артыкулы, дзе творчасць Я.Купалы разглядалася больш аб’ектыўна, з улікам складанасці эпохі, у якую ён тварыў. Даследчыкі скіроўвалі ўвагу на яго рэалізм — працяг лепшых рэаліст. традыцый Ф.Багушэвіча (Я.Шарахоўскі). Імкнучыся хутчэй пераадолець погляды крытыкаў-вульгарызатараў, даследчыкі не пазбеглі іншай крайнасці і пераход паэта да сав. творчасці бачылі як прамое пераўтварэнне рэв.-дэмакр. рэалізму ў сацыяліст. рэалізм (Н.Перкін, Шарахоўскі, І.Ляндрэс і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне меў арт. Ю.Пшыркова «Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы» («Полымя рэвалюцыі», 1940, № 12), дзе аўтар вёў палеміку з вульгарызатарамі, паказаў неправамернасць адрыву тэмы мінулага ад сучаснасці і даказваў, што менавіта тэма мінулага дазваляе Я.Купалу адлюстраваць сучасныя сац. адносіны ў гіст. аспекце. У 1943 у Маскве і Ташкенце выйшлі зб-кі «Памяці Янкі Купалы». Яны ўключалі арт. і даклады Я.Коласа, К.Чорнага, С.Гарадзецкага і інш., дзе давалася рознабаковая характарыстыка творчасці Я.Купалы, адзначаўся яе высокі грамадз. сэнс і гуманіст. накіраванасць.
Спадчына Я.Купалы прываблівала шырынёй праблем, невычэрпным багаццем маст. сродкаў. Выходзілі працы, прысвечаныя асаблівасцям паэтыкі Я.Купалы (М.Лужанін, 1947), эстэтычным поглядам паэта (Перкін, 1952). Пшыркоў у арт. «Янка Купала — рэдактар «Нашай нівы» («Беларусь», 1946, № 5—6) даў змястоўную і аб’ектыўную характарыстыку нашаніўскага перыяду дзейнасці паэта. У манаграфіі Я.Мазалькова «Янка Купала» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) творчасць паэта разглядалася як маст. адзінства. Значных поспехаў дасягнула К. ў 1950—60-я г. пасля выдання Збору твораў песняра ў 6 т. (1952—54, 1961—63). Увагу даследчыкаў прыцягвалі літ.-эстэт. погляды Я.Купалы, сувязь яго з літ.-грамадскім рухам у перыяд рэвалюцыі 1905—07, асаблівасці творчага метаду і стылю маладога паэта (В.Івашын, 1953), вывучаліся асобныя жанры (М.Ярош, 1959). У 1952 і 1955 выйшлі зборнікі матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта. Адметныя ў іх артыкулы Я.Коласа, М.Лынькова, В.Таўлая. Больш шырокай стала тэматыка даследаванняў, больш глыбокім асэнсаванне асобных твораў. З’явіліся работы пра творчыя сувязі Я.Купалы з рус., укр., літ., польск., чэш. л-рамі (С.Александровіч, Івашын, М.Ларчанка, К.Корсакас, М.Барсток), вывучаліся моўнае багацце і слоўнае майстэрства паэта, сувязь яго творчасці з фальклорам (У.Юрэвіч, В.Бечык), перакладчыцкая спадчына (Дз.Палітыка, М.Булахаў). Выйшлі зб-кі «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Народны паэт Беларусі» (1962) з новымі матэрыяламі пра жыццё і творчасць паэта. У кн. Р.Бярозкіна «Свет Купалы» (1965) даследавана сістэма вобразнага мыслення, падкрэслена спалучэнне рэалізму і рамантызму ў творчасці Я.Купалы. Гуманізм і народнасць творчасці паэта адлюстраваны ў манаграфіі Івашына «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963). Рэв.-дэмакр. асновы творчасці паэта падкрэсліў А.Макарэвіч у кн. «Ад песень і думак народных» (1965) і «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Фальклорныя традыцыі ў яго паэзіі разглядаў М.Грынчык («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969). Манаграфія І.Навуменкі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967, 2-е выд. 1980) адзначыла ўзаемапранікненне ў творчым метадзе паэта рамант. і рэаліст. пачаткаў. У 1970-я г. К. адметнае пільнай увагай да прыроды творчага метаду Я.Купалы, небеспадстаўным аспрэчваннем тэзіса пра рэаліст. кірунак яго творчасці. Шмат прац прысвечана рамант. пачатку ў творчасці паэта, праблеме ідэалу, жанрава-стылявым асаблівасцям, пытанням тыпалогіі (А.Лойка, В.Каваленка, У.Калеснік, У.Казбярук, У.Конан, М.Арочка), структуры верша (Грынчык, І.Ралько). Па-ранейшаму цікавіць даследчыкаў тэма традыцый і наватарства паэзіі Я.Купалы («Янка Купала і беларуская паэзія» Яроша, 1971). Новыя аспекты выявіліся з выхадам кніг Р.Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), А.Есакова «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), І.Жыдовіча «Янка Купала — публіцыст» (1972). Да 90-годдзя Я.Купалы і Я.Коласа выйшаў зб. «Народныя песняры» (1972). Філас. падыходам характарызуюцца эсэ Р.Семашкевіча «Янка Купала і Эпімах-Шыпіла» (1967), «Не загаснуць зоркі ў небе...»: «Янка Купала ў «Нашай ніве» (1981), дзе прасочваецца станаўленне Я.Купалы як мастака. Важная падзея — выданне ў 1972—76 навук. каменціраванага Збору твораў Я.Купалы ў 7 т. Развіццю К. спрыяў 100-гадовы юбілей паэта. Апубл. шмат артыкулаў у перыёдыцы і зборніках («Песні беларускай валадар», 1981; «Разам з народам», 1983, і інш.); выйшлі манаграфіі А.С.Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» (1982), Яроша «Пясняр роднай зямлі» (1982), зб. дакументаў і матэрыялаў «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981, складальнік Г.Кісялёў). В.Рагойша ў кн. «Напісана рукой Купалы» (1981) падагуліў свае купалазнаўчыя росшукі. Творчасць песняра папулярызуе кн. Юрэвіча «Янка Купала» (1983).
Казбярук у манаграфіі «Рамантычны пошук» (1983) даследуе рамант. і неарамант. прынцыпы ў паэзіі Я.Купалы. Ідэйна-маст. і стылявым асаблівасцям зб. «Спадчына» прысвечана праца В.Гапавай «Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы» (1983). Падзеяй у культурна-грамадскім жыцці стала дакумент.-маст. кніга А.Лойкі «Янка Купала» (1982, на рус. мове ў серыі «Жыццё выдатных людзей», на бел. мове «Як агонь, як вада...», 1984, новая рэд. 1992). Своеасаблівым падрахункам развіцця К. стаў энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» (1986), у якім разглядаецца пераважная большасць твораў паэта, асвятляецца іх змест, тэматычная і сюжэтная накіраванасць, прааналізаваны выяўл. сродкі, прыведзена інфармацыя пра першую публікацыю, іх пераклады і інш. У канцы 1980-х г. апублікаваны многія раней забароненыя творы Я.Купалы (А.Сабалеўскі, Я.Саламевіч, Б.Сачанка і інш.). Усе матэрыялы пра Я.Купалу за 1905—85 сабраны ў бібліягр. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994). Большасць з іх змешчана ў зб. Я.Купалы «Жыве Беларусь!» (1993, складальнік Рагойша). Вопыт сучаснага прачытання твораў Я.Купалы, звужэнне кола яго творчасці ў 1930-я г., супярэчлівасць думкі паэта, шматмернасць яго вобразаў, тыпалагічную блізкасць да твораў М.Метэрлінка, К.Гамсуна, Г.Гаўптмана, Ж.П.Сартра, А.Камю, Ф.Кафкі, Дж.Джойса раскрыў у манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994) П.Васючэнка. Па-новаму прачытаў, пераасэнсаваў творы Я.Купалы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «Магіла льва», «Над ракою Арэсай», «Безназоўнае», «Тутэйшыя», вершы 2-й пал. 1930-х г. У.Гніламёдаў у дапаможніку для настаўнікаў «Янка Купала» (1995). Вял. укладам у К. стала выданне першага каменціраванага, нанава выверанага 9-томнага Поўнага збору яго твораў (т. 1—5, 1995—99). Вял. работу па прапагандзе жыцця і творчасці песняра, укладанні бібліягр. даведнікаў, падрыхтоўцы зб-каў успамінаў, альбомаў, буклетаў і інш. праводзіць Купалы Янкі літаратурны музей, які выдаў зборнікі, дзе па-сучаснаму асэнсаваны і пастаўлены многія праблемы К.: «Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі» (1993), «Янка Купала і «Наша ніва» (1997), «Янка Купала — публіцыст» (1998). Значным укладам у К. стала выданне 8-томнага «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—2, 1997—99).
К. на Захадзе пачалося ў 1910 (артыкулы З.Пяткевіча і Ч.Янкоўскага ў варшаўскіх газ.). Пасля творчасць і жыццё Я.Купалы аналізавалі ў Чэхаславакіі (Т.Грыб, Ф.Грышкевіч, А.Чэрны), Польшчы (А.Баршчэўскі), Германіі (А.Адамовіч, Я.Запруднік, Х.Ільяшэвіч, Я.Карскі, М.Куліковіч, М.Маскалік, С.Станкевіч), ЗША (Ю.Віцьбіч, М.Кавыль, М.Панькоў, В.Тумаш), Канадзе (К.Акула, В.Жук-Грышкевіч, У.Сядура, С.Хмара), Італіі (П.Татарыновіч, В.Сянкевіч), Англіі (А.Макмілін, А.Надсон), у Аўстраліі, Бельгіі, Францыі і інш. Абаронены доктарскія дысертацыі, якія выйшлі кнігамі, Жук-Грышкевічам (Атава, 1952), Маскалікам (Мюнхен, 1959), В.Арэхва (Мюнхен, 1970). З успамінамі пра Я.Купалу выступілі Ю.Віцьбіч, Я.Кіпель, Куліковіч, І.Плашчынскі, І.Рытар, А.Савёнак, З.Станкевіч, М.Шыла і інш. У 1982 у ЗША выйшлі зб. ўспамінаў «Янка Купала і Якуб Колас» (складальнік А.Калубовіч) і кн. С.Станкевіча «Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэння».
Літ.:
Янка Купала: Семінарый. Мн., 1963;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Яго ж. Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;
Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;
Сіненка Г.Д.Насуперак канону. Мн., 1997. С. 273—275, 316—317, 324—368;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння: Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Ньо-Ёрк, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),
мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.
Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.
У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.Гюго, А.Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.Санд, Э.Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.Р.Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.Ламарцін, А.Мюсэ, Ш.А.Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.Вордсварт, С.Т.Колрыдж, Р.Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.Г.Вакенродэр, Наваліс, Л.Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.Брэнтана, Л.Арнім, Г.Кляйст, А.Шаміса, Г.Гейнэ, браты Грым, І.Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.Леапардзі, У.Фоскала, А.Мандзоні (Італія), Ш.Пецёфі (Венгрыя), А.Эленшлегера (Данія), Э.Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.Радзічавіча (Сербія), Я.Колара (Чэхія), Я.Краля (Славакія), В.Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.Міцкевіч, Ю.Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.Ірвінг, Дж.Ф.Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.Хотарн, Э.По, Г.Мелвіл, Г.Лангфела, Р.У.Эмерсан, Г.Д.Тора, Э.Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.Рылеева, В.Кюхельбекера, А.Адоеўскага, А.Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.Жукоўскага, Я.Баратынскага, К.Бацюшкава, І.Казлова, А.Пагарэльскага, Ф.Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.Лермантава і М.Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.
У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел.рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Навуменкі, А.Карпюка і інш.
У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.
Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.Гро. Ж.Л.Давід, П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Т.Жэрыко, П.П.Прудон, Ф.Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.Рунге, І.Г.Фюслі), пейзаж (К.Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.Бонінгтан, Дж.Констэбл, У.Тэрнер) і ЗША (Дж.Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.Матэйка, П.Міхалоўскі (Польшча), І.Манес, І.Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.Брулова, Ф.Бруні, Ф.Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.Іванава, П.Фядотава.
На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.Дмахоўскі, Я.Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.Бартэльса, Б.Клямбеўскага, Я.Манюшкі, Р.Слізня, сфарміравалася творчасць М.Э.Андрыёлі.
У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.А.Гофмана, К.М.Вебера (Германія), Н.Паганіні, Дж.Расіні (Італія), Дж.Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.Шапэна (Польшча), Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Дж.Меербера (Францыя), Ф.Ліста (Венгрыя), В.Беліні, Дж.Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.Брамса (Германія), А.Брукнера, Х.Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.Малера (Аўстрыя), Р.Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.Вярстоўскі, пазней П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.Метнер, А.Скрабін, Вердзі, Ж.Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл.Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.
Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел.нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).
Літ.:
Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;
История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;
Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;
Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;
Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;
Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;
Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;
Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;
Романтизм в музыке. Мн., 1999;
Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;
Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Да арт.Рамантызм. Э.Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.Да арт.Рамантызм. І.Г.Фюслі. Жах. 1790—91.Да арт.Рамантызм. К.Д.Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.Да арт.Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕТСтаражытны,
старажытная дзяржава ў ніжнім цячэнні р. Ніл, у паўн.-ўсх. Афрыцы.
Гісторыя. Стараж.-егіп. цывілізацыя налічвае больш за 3 тысячагоддзі. У яе развіцці вылучаюць некалькі асн. этапаў, ці царстваў (Ранняе, Старажытнае, Сярэдняе і Новае), а таксама Позні перыяд і некалькі пераходных эпох. Цары (фараоны), якія правілі краінай, яшчэ ў старажытнасці былі падзелены на 30 дынастый, што таксама лягло ў аснову перыядызацыі гісторыі гэтай цывілізацыі.
Паселішчы на тэр. Е. вядомы з эпохі палеаліту. У 10—6-м тыс. да н.э. вандроўныя плямёны, як мяркуюць, протасеміты, берберы, кушыты і інш., жылі ў стэпах уздоўж Ніла, дэльта і даліна якога былі часткова забалочаны. Змена клімату ў эпоху неаліту вымусіла іх перасяліцца ў пойму Ніла. У 4-м тыс. да н.э. ў выніку змяшання гэтых плямён склаўся егіп. народ. З часам узніклі прымітыўныя дзярж. ўтварэнні, ад якіх пайшлі адм. акругі, т.зв.номы (налічвалася каля 40). Каля сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. ўтварыліся 2 буйныя царствы — Верхні Е. і Ніжні Е. Прыкладна каля 3000 да н.э. цар Верхняга Е. Менес захапіў Ніжні Е., заснаваў крэпасць Мемфіс (з 28 ст. да н.э. сталіца Е.) і аб’яднаў абедзве дзяржавы. Пачалася гісторыя адзінай краіны Е.
У перыяд Ранняга царства (30—28 ст. да н.э., I—II дынастыі) удасканальваліся каменныя і медныя прылады працы, пашырыўся менавы гандаль, развівалася ірыгацыйная гаспадарка. Фарміраваўся дзярж. апарат, вылучыліся номы на чале з намархамі. Вяліся войны з кушытамі (нубійцамі) на Пд, лівійцамі на ПнЗ, бедуінамі Сінайскага п-ва на ПнУ. На царскі трон прэтэндавалі 2 роды, якія пакланяліся багам Верхняга Е. Гору і Сету, перамаглі прыхільнікі Гора, якія сталі апекунамі царскай улады. Значнага прагрэсу дасягнула ткацкае рамяство, пачаўся выраб папірусу для пісьма.
У час Старажытнага царства (28—23 ст. да н.э., III—VI дынастыі) дзяржава зведала эканам. і культ. ўздым. Адзінства Е. ўвасаблялася ва ўладзе фараона, які быў неабмежаваным гаспадаром усёй краіны. Побач з абшчынным узнікла прыватнае землеўладанне, умацаваўся бюракратычны апарат, створана пастаяннае войска. Неабмежаваная ўлада фараонаў выявілася ў буд-ве пахавальняў-пірамід (Хеопса, Хефрэна, Мікерына і інш.). Распаўсюдзіўся культ бога Ра, фараоны называлі сябе яго сынамі. У гэты перыяд узмацніліся паліт. і эканам. сувязі Е. з Фінікіяй і краінай Куш (Нубія). Фараоны Снофру і Сахура рабілі ваен. набегі на Фінікію, адкуль дастаўлялі драўніну для буд-ва караблёў. З Куша паступалі золата, слановая косць, жывёла, духмяныя рэчывы, рабы. З цягам часу ўлада фараонаў прыйшла ў заняпад і дзяржава распалася на номы.
Першая пераходная эпоха (23—21 ст. да н.э., VII—XI дынастыі). Пасля смерці фараона Піопі II, які панаваў 94 гады, пачаўся доўгі перыяд паліт. раздробленасці і барацьбы за трон. Ён характарызаваўся эканам. і культ. заняпадам, сац. хваляваннямі, якія часам набывалі форму нар. паўстанняў супраць намархаў. Вялікім уплывам у гэты час карысталіся правіцелі Геліопаля, якія падпарадкавалі цэнтр. Е. і дэльту Ніла, а таксама правіцелі Фіваў у Верхнім Е. У выніку войнаў перамог фіванскі правіцель Ментухатэп I, які ў сярэдзіне 21 ст. да н.э. зноў аб’яднаў краіну пад сваёй уладай.
Сярэдняе царства (21—18 ст. да н.э., XII—XIII дынастыі). У часы XI дынастыі адноўлена цэнтр. адміністрацыя, але сапраўднае развіццё Е. прыпала на перыяд XII дынастыі. У выніку рэформ вырас аўтарытэт фараона і абмежавана незалежнасць намархаў, ліквідавана спадчыннасць службовых пасад; сталіца перанесена ў цэнтр Е., побач з Фаюмскім аазісам, дзе праведзены вялікія меліярац. работы. Развіваўся замежны гандаль (з Крытам, Пунтам, Сірыяй, М. Азіяй і Месапатаміяй), створана прафес. армія, пабудавана сістэма ўмацаванняў ва ўсх.ч. дэльты Ніла і ў ніжняй Нубіі. На гэты перыяд прыпадае росквіт л-ры і мастацтва.
Другая пераходная эпох а (18—16 ст. да н.э., XIV—XVIII дынастыі). Негатыўным вынікам ліквідацыі Сенусертам III спадчыннасці дзярж. пасад стаў арганізац. хаос, які праявіўся пасля смерці апошняга фараона XII дынастыі Аменемхета III. Нестабільнасць цэнтр. улады ў перыяд XIII—XIV дынастый выклікала аслабленне Е. Каля 1650 да н.э. краіна трапіла ў залежнасць ад семіцкіх плямён гіксосаў, якія заснавалі сталіцу ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Аварыс) і панавалі як XV і XVI дынастыі. У сярэдзіне 16 ст. да н.э. фіванскія ўладары перамаглі гіксосаў і зноў аб’ядналі краіну.
Новае царства (16—11 ст. да н.э., XVIII—XX дынастыі). З прыходам да ўлады XVIII дынастыі пачаўся перыяд найвыш. магутнасці Е. Тутмос I і Тутмос III пашырылі межы краіны, стварылі імперыю, якая займала тэр. ад Еўфрата на Пн да 4-га парога на Ніле на Пд. Гэта ўвяло Е. у сферу інтарэсаў інш. блізкаўсх. дзяржаў, стала прычынай пастаянных канфліктаў за панаванне ў Сірыі і Палесціне. У распараджэнні фараона засталася адносна невял. ч. зямель. Спроба змяніць гэтую сітуацыю складала сутнасць т.зв. рэформы Аменхатэпа IV. Пасля яе ліквідацыі ўлада перайшла да арміі (XIX дынастыя). Цары Сеці I і Рамсес II працягвалі імперскую палітыку папярэднікаў. Дагавор Рамсеса II з хетамі (каля 1260 да н.э.) забяспечыў Е. доўгі перыяд стабільнасці, паспрыяў развіццю манум. храмавага буд-ва. Эканам. і паліт. роля храмаў вырасла яшчэ больш, дамінуючае значэнне меў дзярж. культ Амона фіванскага. Сталіца дзяржавы перанесена ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Пер-Рамсес). У часы Мернептаха і Рамсеса III пачалася серыя абарончых войнаў з т.зв. народамі мора (група ваяўнічых плямён, што прыйшлі з Пн) і лівійцамі. Войнам спадарожнічалі ўнутр. барацьба за ўладу і глыбокі эканам. крызіс (інфляцыя, бунты). У часы XX дынастыі гэтыя негатыўныя з’явы ўзмацніліся. Рост значэння арміі і эканам. незалежнасці вышэйшых саноўнікаў і храмаў побач з абмежаванымі магчымасцямі цэнтр. улады ў часы панавання Рамсеса XI прывёў да грамадз. вайны і адхілення фараона ад улады арміяй, а таксама абвяшчэння надзвычайнага становішча. У Е. ўзніклі 2 цэнтры ўлады: Таніс (цары XXI дынастыі, 11—10 ст. да н.э.) і Фівы (т.зв. дзяржава Амона пад кіраўніцтвам жрэчаскай дынастыі).
Трэцяя пераходная эпоха (11—7 ст. да н.э., XXI—XXV дынастыі) і Позні перыяд (7—4 ст. да н.э., XXVI—XXX дынастыі). У 10 ст. да н.э. значны ўплыў у аслабленай дзяржаве мелі лівійскія пасяленцы, якія з часоў лівійскіх войнаў Мернептаха і Рамсеса III жылі ў шматлікіх калоніях, асабліва ў Ніжнім Е. Лівійскі правадыр Шэшонк легальна ўзяў уладу ў 945 да н.э. і заснаваў XXII дынастыю. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне была нестабільная. Барацьбу за ўладу паміж лівійскімі правадырамі выкарысталі заваёўнікі з Пд (Куш) і завалодалі Е. (XXV дынастыя, т.зв. эфіопская). У 671 да н.э.паўн. Е. часова трапіў пад уладу асірыйцаў. Выкарыстаўшы канфлікты паміж асірыйскімі і кушыцкімі заваёўнікамі, уладары Саіса Неха I і Псаметых 1 захапілі ўладу ў краіне. Пачаўся апошні перыяд росквіту Е. — панаванне XXVI дынастыі (т.зв. саіскі рэнесанс). Ён характарызаваўся паліт. незалежнасцю, эканам. і культ. адраджэннем. Е. праводзіў актыўную знешнюю палітыку ў Азіі, паспяхова адбіваў уварванні вавіланян. У 525 да н.э. напад на перс. цара Камбіса паклаў канец незалежнасці Е. Ён ператварыўся ў сатрапію Перс. імперыі (за выключэннем кароткага перыяду незалежнасці ў часы XXIX і XXX дынастый). У выніку паходу Аляксандра Македонскага Е. трапіў пад уладу Македоніі (332 да н.э.). У 305 да н.э. македонскі намеснік заснаваў уласную дынастыю (гл.Пталамеі), якая правіла ў Е. да рым. заваявання ў 30 да н.э.Аўгуст уключыў Е. у Рымскую імперыю і ператварыў яго ў правінцыю. У 639—641 н.э. Е. заваяваны араб. войскамі халіфа Умара.
Пра вывучэнне гісторыі і культуры Е. гл. ў арт.Егіпталогія.
Асвета. Школы ў Стараж. Е. прызначаліся для навучання будучых дзярж. чыноўнікаў — пісцоў. У перыяд Стараж. царства яны існавалі пры палацы фараона, пазней з’явіліся школы пры храмах, а ў перыяд Новага царства — і пры буйных дзярж. установах. Тут займаліся хлопчыкі ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў. Перш за ўсё яны вучыліся чытаць і пісаць на паліраваных пласцінках вапняку, разграфлёных у лінейку ці клетку. У Фівах карысталіся груба абчасанымі каменнымі асколкамі. Школьнікі вучыліся выводзіць на іх іерогліфы ці скарапісныя знакі, рабіць невял. малюнкі, а пазней перапісвалі ўрыўкі тэкстаў. Авалодаўшы пісьмом, вучань атрымліваў доўгі вузкі скрутак папірусу, на якім пісаў пэндзлікам чырвонымі і чорнымі фарбамі. Кожны пісец быў таксама графічным мастаком. Вялікая ўвага аддавалася лічэнню: вучням прапаноўваліся задачы, якія мелі вузкапрактычны характар (вылічэнне аб’ёму свірнаў, плошчы поля, вызначэнне неабходнай колькасці рабочай сілы і інш.). Яны павінны былі ведаць законы і ўлажэнні, гісторыю і геаграфію, разбірацца ў асновах тэхнікі. Апрача вучэбных прадметаў у школах навучалі гімнастычным практыкаванням, плаванню, добрым манерам. У школах пры храмах разам з агульнымі прадметамі давалі рэліг. адукацыю, навучалі астраноміі і медыцыне. Вучні звычайных школ жылі дома. Дзяцей вышэйшай знаці ў юным узросце адлучалі ад сям’і і аддавалі ў ваен. школы, дзе рыхтавалі вайсковых начальнікаў.
Прыродазнаўчыя навукі. Тэхніка. Матэм. і астр. веды ў Стараж. Е. мелі чыста эмпірычны, дастасавальны характар і выкарыстоўваліся ў ірыгацыі, будаўніцтве і дзярж. кіраўніцтве. Егіпцяне ўпершыню ўвялі дзесятковую сістэму лічэння, у эпоху Сярэдняга царства ўзніклі элементарныя алгебраічныя ўяўленні, Найб.стараж. прылады працы палеаліту — рубілы з крэменю і рагавіку. У 4-м тыс. да н.э. пачалося выкарыстанне абсідыяну (вулканічнага шкла), першыя с.-г. прылады (матыкі, сярпы і інш.) выраблялі з каменю, дрэва і косці. У гэты ж час з’явіўся ганчарны круг, развіваліся керамічная і ткацкая вытворчасць, выраб фаянсу, з 3-га тыс. да н.э. — шкла. У 2-м тыс. да н.э. з’явіліся жалезныя вырабы, упрыгожанні з золата і серабра. Ужо ў дадынастычную эпоху пачалі будаваць каналы і дамбы. Для абваднення палёў выкарыстоўвалі журавель, пазней — водапад’ёмнае кола. У эпоху Ранняга царства з’явіўся плуг. Асн.буд. матэрыяламі былі гліна і трыснёг. Пры ўзвядзенні палацаў фараонаў і крэпасцей выкарыстоўвалі цэглу-сырэц, храмы і царскія пахавальні (піраміды) будавалі з каменю, апрацоўваць які егіпцяне навучыліся дасканала. Асноўныя шляхі зносін праходзілі па р. Ніл. Вялікія лодкі рознай формы і прызначэння будавалі з дадынастычнай эпохі. Для зносін з інш. краінамі карысталіся марскімі суднамі. У 18 ст. да н.э. з’явіўся колавы транспарт. Гандлёвыя і ваен. экспедыцыі егіпцян у Сірыю, па р. Ніл у Куш, экватарыяльныя раёны Афрыкі і інш. абумовілі назапашванне і пашырэнне геагр. ведаў. Бальзаміраванне памерлых спрыяла развіццю анатамічных ведаў і ўзбагачэнню хірургічнага вопыту. Егіпецкія ўрачы рабілі трэпанацыю чэрапа, пламбіравалі зубы, накладвалі хірургічныя шыны. Аднак зусім рэалістычныя ўяўленні перапляталіся з верай у магію і вядзьмарства. Муміфікацыя, выраб духмяных рэчываў, лакаў і фарбаў спрыялі развіццю хіміі. Веды стараж. егіпцян значна паўплывалі на развіццё антычнай, а значыць і еўрапейскай, навукі.
Міфалогія і рэлігія. Карані рэліг. вераванняў стараж. егіпцян у культах мясц. багоў, якія шанаваліся ў выглядзе розных жывёл, а пазней — людзей (Анубіс, Баст, Гор, Хатар, Себек) у асобных гарадах ці номах, што ўваходзілі ў склад Е. ў дагіст. часы. Апрача іх існавала група божастваў прыроды, якіх ушаноўвалі на тэр. ўсяго Е.: Ра (Сонца), Хапі (Ніл), Нун (акіян). У працэсе фарміравання дзяржавы і паліт. барацьбы за вяршэнства ў краіне божаствы ўз’яднаных рэгіёнаў падпарадкоўваліся (тады ўзнікала якое-н. гал. бажаство), атаясамліваліся або злучаліся ў сямейныя саюзы: трыяды (божаствы Дэльты — Асірыс, Ісіда і Гор; Птах, Сехмет і Нефертум; Амон-Ра, Мут і Хансу ў Фівах), энеады (9 божастваў, шанаваных у Геліопалі), агдаады (8 божастваў, шанаваных у Гермопалі). Егіпцяне пакланяліся таксама жывёлам, якія лічыліся ўвасабленнем божастваў (бык Апіс у Мемфісе, баран і гусь у Фівах). Падобны зоамарфізм божастваў, верагодна, бярэ пачатак у племянным фетышызме і татэмізме.
Сярод шматлікіх рэліг. асяродкаў, якія выпрацавалі ўласную тэагонію, тэалогію і касмагонію, найб. значную ролю ў фарміраванні рэліг. вераванняў егіпцян адыграў Геліопаль — цэнтр культу бога сонца Атума, які пасля атаясамлівання з богам Ра быў прызнаны стваральнікам багоў, сусвету і людзей. Ён даў пачатак першай пары багоў: Шу (паветра) і Тэфнут (вільгаць), якія стварылі другую пару: Геб (зямля) і Нут (неба). Іх дзецьмі былі Сет, Гор, Нефтыда, Ісіда і Асірыс (культ апошняга як ўладара краіны памерлых распаўсюдзіўся на ўвесь Е.). Міф пра смерць Асірыса, яго цудоўнае ўваскрэсенне і нараджэнне Гора, мсціўцы за свайго бацьку, у канцы Стараж. царства набыў характар дзярж. рэлігіі. Гэта сістэма вераванняў спрабавала растлумачыць рух Сонца, з ёй было звязана перакананне ў боскасці фараонаў, якіх з гэтага часу пачалі называць сынамі бога Ра. Гегемонія Фіваў у перыяд Сярэдняга царства спрыяла ўзвышэнню бога Амона, які пасля атаясамлівання яго ў перыяд Новага царства з богам Ра стаў называцца Амон-Ра. Калі эканам.-паліт. магутнасць жрэцтва стала пагражаць уладзе фараонаў, Аменхатэп IV, каб аслабіць яе, увёў монатэістычны культ бога сонца Атона. Догматы гэтага культу выкладзены ў гімне да новага божаства, які прыпісваўся самому фараону. Пасля яго смерці фіванскія жрацы вярнулі культу Амона былое значэнне. У выніку аслаблення паліт. адзінства краіны ў Позні перыяд пэўнае значэнне набылі культы мясц. багоў (Баст, Нейт), а ў эліністычны перыяд культы Серапіса і Ісіды распаўсюдзіліся нават па-за межамі Е.
Сістэма рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была моцна звязана з культам памерлых і верай у паслясмяротнае існаванне. Лічылася, што замагільнае жыццё з’яўляецца працягам зямнога, а свет памерлых знаходзіцца «на Захадзе» або сярод зорак і падобны на Е. Шлях да яго быў поўны перашкод і небяспекі, пераадолець якія дапамагалі закляцці і магічныя формулы, выбітыя на сценах пахавальні (піраміды) або выпісаныя на скрутках папірусу, што клаліся ў магілу. Апошнім этапам быў суд Асірыса. Пасля суда памерлы або трапляў у краіну Асірыса, або яго паядаў дэман. Умовай прадаўжэння жыцця ў замагільным свеце было забеспячэнне цела ад знішчэння, адсюль звычай бальзаміраваць трупы і змяшчаць іх у добраўпарадкаваныя пахавальні. Неад’емным элементам рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была магія. У штодзённым жыцці варажба, храмавыя прароцтвы, каляндарныя прадказанні вырашалі сумненні і кіравалі паводзінамі людзей. Амулеты і магічныя дзеянні павінны былі засцерагаць іх ад небяспекі і ў свеце жывых, і ў свеце памерлых.
Літаратура. Найб. старажытныя літ. помнікі Е. ўзніклі ўжо ў самы ранні перыяд існавання дзяржавы. Тэксты на егіп. мове выбівалі на стэлах і сценах пахавальняў, пісалі на астраконах і папірусах, карыстаючыся іерагліфічным, іератычным і дэматычным пісьмом (гл.Егіпецкае пісьмо). Узнікненне егіп. л-ры прыпадае на першыя стагоддзі Стараж. царства, яе росквіт, т.зв. класічны перыяд, — на эпоху Сярэдняга царства. Важнае месца займала рэлігійная літаратура, да якой належыць большая частка літ. помнікаў, у т. л. творы, звязаныя з культам памерлых. У эпоху Стараж. царства жрацы Геліопаля апрацавалі для фараонаў збор закляццяў, магічных формул і малітваў, якія павінны былі забяспечыць ім пасмяротнае жыццё на ўзор зямнога («Тэксты пірамід»), У далейшым права карыстання рэліг. тэкстамі было пашырана і на вышэйшых саноўнікаў; для іх быў апрацаваны новы збор — «Тэксты саркафагаў». Да часоў Новага царства належыць «Кніга памерлых» — новая апрацоўка рэліг. тэкстаў, створаная фіванскімі жрацамі для заможнай часткі егіп. грамадства. Апрача малітваў і заклінанняў у гэты твор уключана стараж. сістэма егіп. касмагоніі, тэагоніі, тэалогіі, а таксама т.зв. негатыўная споведзь (прызнанне ў сваёй бязгрэшнасці, якое рабілі душы памерлых на судзе Асірыса). У пахавальню клалі апісанне Царства памерлых («Кніга дзвюх дарог», «Кніга падземнай краіны», «Кніга брам», «Кніга пячор»). Найб. пашыраным жанрам была дыдактычная літаратура, якая ў форме павучанняў, сентэнцый, прыслоўяў знаёміла егіпцян з прынцыпамі этыкі, заснаванымі на практычнай жыццёвай мудрасці («Павучанні Кагемні», «Павучанні Харджэдэфа», «Павучанні Птахатэпа»). Да перыяду Сярэдняга царства належаць «Павучанні Наферці» і «Павучанні Аменемхета» (паліт. завяшчанне сыну Сенусерту I). Яны з’яўляюцца працягам песімістычнай плыні ў егіп. л-ры, да якой належыць і адзін з яе найцікавейшых літ. помнікаў — філас. трактат «Спрэчка расчараванага са сваёй душой». «Павучанні Хеці, сына Дуауфа» ўяўляюць сабой сатыру на ўсе прафесіі, але пахвалу працы пісца. «Павучанні Аменемопе» (Новае царства) некат. даследчыкі лічаць крыніцай біблейскіх «Прытчаў цара Саламона». Апошнія помнікі гэтага жанру адносяцца да пач. Рымскай эпохі. Уласна мастацкая літаратура зарадзілася ўжо ў перыяд Стараж. царства, але пераважная ч. яе помнікаў належыць да больш позніх эпох. Найб. раннімі паэт. жанрамі былі песні («Песня арфіста»), гімны ў гонар багоў («Гімн Нілу», «Гімн Атону», прыпісваліся Аменхатэпу IV) або фараонаў (Сенусерта III, Сярэдняе царства). У надмагільных надпісах часоў Стараж. царства сустракаюцца фрагменты любоўнай лірыкі; захавалася некалькі зборнікаў ад часоў яе росквіту (Сярэдняе і Новае царствы). Да розных эпох належаць тэксты, якія сведчаць пра існаванне драмы: т.зв. «Драматычныя тэксты» юбілейных цырымоній (Сярэдняе царства), фрагменты алегарычнай драмы «Вяртанне Сета», у якой выказаны пратэст супраць панавання персаў (Позняя эпоха), «Жальбы Ісіды і Нефтыды», звязаныя з містэрыямі ў гонар Асірыса (Грэч. эпоха). Папулярным жанрам была аповесць, якая развілася з аўтабіягр. надпісаў канца Стараж. царства: «Прыгоды Сінухета», «Пацярпелы крушэнне», «Красамоўны селянін», а таксама «Апавяданне пра дзівосныя здарэнні» (Сярэдняе царства). У наступны перыяд створаны апавяданні фантаст. («Праўда і Крыўда», «Два браты»), міфалагічныя («Гор і Сет»), гіст. («Спрэчка цара Апопе з Секененрам». «Кадэшская паэма») і падарожныя («Прыгоды Венамона»). У Познюю эпоху ўпершыню ў сусв. л-ры з’явіліся 4 байкі пра жывёл у форме філас. дыялогу («Сонечнае вока»). Да жанру гістарычнай літаратуры належаць аўтабіяграфіі, шматлікія дзярж. і прыватныя дакументы (дэкрэты фараонаў, інструкцыі, судовыя пратаколы), гадавікі Тутмоса III з апісаннем яго ваен. перамог, т.зв. стэла Ізраіля, якая праслаўляла перамогу Мінептаха над палесцінскімі плямёнамі. На часы Новага царства прыпадае росквіт эпісталярнага жанру. Навуковая літаратура ўключае мед., матэм. і геам. папірусы, якія сведчаць пра высокі ўзровень развіцця дакладных навук у Е. Панаванне чужаземных уладароў (перс., грэч., рымскіх) паступова прывяло да знікнення л-ры на роднай мове. З 2 ст.н.э. яе замяніла копцкая, а з сярэдзіны 7 ст.араб.л-ра.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва Е., цесна звязанае з рэлігіяй, у т. л. з замагільным культам, увасабляла ўяўленне аб непарушнасці сац. ладу і звышчалавечай велічы абагаўлёнага фараона. Пошукі эфектыўнай маст. мовы прывялі да стварэння першага канона. Былі асэнсаваны і выпрацаваны асн. сродкі пластычных мастацтваў: аб’ём, маса, апора, скляпенне, рытм — у архітэктуры; плоскасць, лінія, сілуэт, колеравая пляма — у рэльефе і жывапісе; тэкстура і фактура каменя і дрэва — у скульптуры. У Е. былі выпрацаваны класічныя арх. формы і тыпы (піраміда, абеліск, калона), віды выяўл. мастацтва (круглая скульптура, рэльеф, манум. жывапіс і інш.). Асн. прынцыпы мастацтва Е. пачалі складвацца каля 3000—2000 да н.э.Гал. роля належала архітэктуры (грабніцы-мастабы). Яе прынцыпы манументальнасці і статычнасці ўплывалі на развіццё скульптуры і жывапісу, якім таксама ўласціва геам. абагульненасць, сіметрыя і статыка, строгая франтальнасць (палетка фараона Нармера, статуя фараона Хасехема). У перыяд Стараж. царства гэтыя маст. прыёмы набылі стылістычную завершанасць. Быў выпрацаваны новы тып пахавальні фараона — піраміда, у якой прастата формы ў спалучэнні з велізарнымі памерамі стварала велічны арх. вобраз (піраміды ў Сакары і Гізе). Вакол пірамід ствараліся замагільныя комплексы (памінальныя храмы, злучаныя доўгімі крытымі калідорамі з уваходнымі павільёнамі, сфінксы, мастабы прыдворных, шэраг падземных збудаванняў). У размалёўках і рэльефах на сценах грабніц з сюжэтамі жыцця ў царстве памерлых выяўляюцца пачуццё рытму, прыгажосць абагульненай контурнай лініі, сілуэта, лакальнай колеравай плямы (рэльефы грабніц Ці і Ахатэпа ў Сакары). Вял. развіццё атрымаў скульптурны партрэт (статуі фараона Хефрэна, пісца Каі). У эпоху Сярэдняга царства піраміды страцілі грандыёзнасць. Найб. пашырэнне набылі скальныя грабніцы з 2- ці 4-калонным порцікам. Памінальныя храмы часта аддзяляліся ад грабніц, мелі падоўжную восевую кампазіцыю (храм Ментухатэпа I у Дэйр-эль-Бахры). Паскорыўся рост гарадоў, дзе будавалі мураваныя (з цэглы-сырцу) палацы з памяшканнямі, аздобленымі размалёўкамі, з калонамі і порцікамі, галерэямі, унутр. дварамі. У выяўл. мастацтве ўзмацніліся тэндэнцыі да рэалістычнасці, большай кампазіц. свабоды і спробы перадачы аб’ёму, індывідуальнасці ў падыходзе да выяўлення чалавека, насычалася каляровая гама (партрэтныя галовы і статуі фараонаў Сенусерта III і Аменемхета III, 19 ст. да н.э.). У эпоху Новага царства мастацтва Е. зведала росквіт. Змрочныя. драм. вобразы змяніліся вытанчана-арыстакратычнымі, узмацнілася імкненне да дэкар. пышнасці. У архітэктуры атрымалі развіццё папярэднія тэндэнцыі. У храме царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры, часткова высечаным у скалах, строгія лініі карнізаў і калон кантрастуюць упарадкаванасцю з хаатычнымі расколінамі скал. Мякка мадэліраваныя статуі, рэльефы і размалёўкі надаюць храму гарманічную яснасць. У рэльефах лініі сталі больш вытанчанымі, удасканалілася апрацоўка каменю. Асаблівае развіццё атрымаў паглыблены рэльеф з тонкай гульнёй святлаценяў. У насценных размалёўках з’явіліся свабода рухаў і ракурсаў, тонкасць каляровых суадносін, у кампазіцыю шырока ўводзіцца пейзаж (размалёўкі грабніц у Фівах). У наземных храмах асн. элементамі сталі разгорнутыя па падоўжнай восі адкрыты двор, абнесены каланадай, гіпастыль з радамі манум. лотаса- ці папірусападобных калон і свяцілішча са статуямі багоў; уваход у храм афармляўся 2 пілонамі, перад якімі ставілі абеліскі і статуі (храмы ў Карнаку і Луксоры). У 1-й пал. 14 ст. да н.э. ў выніку рэлігійнай рэформы Эхнатона ў мастацтве Е. адбыліся значныя змены. Яму стала ўласціва палемічная абвостранасць вобразаў, амаль гратэскавая трактоўкаіндывід. рыс фараона і членаў яго сям’і. Скульпт. партрэты характарызуюцца арыстакратычнай вытанчанасцю і класічнай яснасцю вобразаў (партрэты Эхнатона і яго жонкі Неферціці, скульпт. Тутмес, а таксама галава Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне). У сярэдзіне 14 ст. да н.э. гэтыя тэндэнцыі працягваліся, але набылі адценне халоднасці (знаходкі з грабніцы Тутанхамона — залатая маска, трон, пасудзіны, куфэркі з рэльефамі і размалёўкамі). У 2-й пал. 14 ст. да н.э. назіраецца імкненне да параднай пышнасці і цяжкаважкасці форм (гіпастыль храма ў Карнаку). Зноў пашырыўся скальны тып храма (Абу-Сімбел). У выяўл. мастацтве ўзмацнілася ідэалізацыя вобразаў фараонаў (статуі Рамсеса II у Абу-Сімбеле). Высокага ўзроўню дасягнула дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (пасудзіны з шыферу, алебастру, крышталю, залатыя ўпрыгожанні з інкрустацыяй каштоўнымі камянямі і інш.). Вырабы вылучаюцца строгай вытанчанасцю форм і дэкар. маляўнічасцю, тонкасцю апрацоўкі. Для перыяду апошняга росквіту мастацтва Е. (7 ст. да н.э.) характэрны зварот да старых традыцый, эклектычнае спалучэнне маст. прыёмаў розных эпох. Старанна апрацаваныя і адпаліраваныя статуі і рэльефы пазначаны ўнутр. адасобленасцю. Некат. творы маюць выразную партрэтную характарыстыку (статуя Мантуэмхета). Пасля заваявання краіны Аляксандрам Македонскім (4 ст. да н.э.) мастацтва Е. ўключылася ў сферу эліністычнага мастацтва, пазней — Стараж. Рыма. Культавая архітэктура гэтага часу сумяшчае ант. і стараж.-егіп. формы, мае рысы эклектызму (храм бога Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). Сплаў стараж.-егіп. і рым. традыцый — фаюмскія партрэты. З пераходам Е. пад уладу Візантыі (канец 4 ст. да н.э.) склаўся адзін з мясц. варыянтаў раннехрысціянскай культуры — копцкае мастацтва.
Музыка. Асн. крыніцы звестак пра музыку Стараж. Е. канца 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. — інструменты, іканаграфічныя матэрыялы (барэльефы і інш. выявы), тэксты гімнаў і песнапенняў, сведчанні стараж.-грэч. і рым. гісторыкаў, філосафаў. З інструментаў вядомы бразготкі, у т. л. сістры, калатушкі, свісткі, флейты. У 3000 — каля 1700 да н.э. існавалі трысняговыя свірэлі дудкі*, падоўжаныя флейты уфата, трубы, дугавыя арфы, барабаны, трашчоткі. Ладавая аснова, верагодна, пентатоніка. У перыяд Стараж. і Сярэдняга царстваў узнікла піктаграфічная (малюнкавая) натацыя і першыя працы па касмалагічнай тэорыі сувязі музыкі з нябеснымі свяціламі. Музыка суправаджала прыдворныя і храмавыя рытуалы, была адным са сродкаў развясельвання розных слаёў насельніцтва. Асаблівае значэнне мела храмавая музыка, звязаная найперш з культам багоў Асірыса, Ісіды і Тота, якіх лічылі творцамі муз. мастацтва. Было пашырана музіцыраванне пры дварах, у багатых гараджан і нар. творчасць (пераважна відовішчы, прысвечаныя багам, дзе хар. песні, жаночыя песні-плачы і танцы чаргаваліся з шэсцямі і драм. эпізодамі). У 3-м тыс. да н.э. пашырылася хейраномія (адна з ранніх форм кіравання хорам). У эпоху Стараж. царства паявіліся прафес. (звычайна прыдворныя) музыканты (Хемрэ, Хуфу-Анх і інш.). У перыяд Новага царства ўзмацніліся азіяцкія ўплывы, асабліва сірыйскі. Муз. інструментарый узбагаціўся габоямі, вуглавымі арфамі, лірамі, лютнямі, кіфарамі і інш., больш дасканалая канструкцыя якіх прывяла да выкарыстання практычна поўнага храматычнага гукарада. У 332 да н.э. — 395 н.э. шырока бытавалі аўлас, папярочная флейта, букцыны, розныя ліры, губны гармонік, барабаны, званочкі і інш., у 3 ст. да н.э. ў Александрыі вынайдзены папярэднік сучаснага аргана — гідраўлас. Некат. егіпецкія музыканты працавалі ў Грэцыі і Рыме, а грэч. музыканты — у Е., што спрыяла развіццю муз. мастацтва гэтых краін.
Літ.:
Струве В.В. История Древнего Востока. 2 изд. Л., 1941;
Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ.М., 1975;
Стучевский И.А. Рамсес II и Херихор: Из истории Древнего Египта эпохи Рамессидов. М., 1984;
Котрелл Л. Во времена фараонов: Пер. с англ.М., 1982;
Монтэ П. Египет Рамсесов: Пер. с фр.М., 1989;
Жак К. Египет великих фараонов: Пер. с фр.М., 1992;
Шмелев И.П. Феномен Древнего Египта. Мн., 1993;
Hornung E. Grundzüge der ägyptischen Geschichte Darmstadt, 1978;
Bowman A.K. Egypt after the Pharaohs. 332 B.C. — A.D. 642. London, 1986;
Grimal N. Histoire de l’Égypte Ancienne. Paris, 1988;
Лукас А. Материалы и ремесленные производства Древнего Египта: Пер. с англ.М., 1958;
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Лауэр Ж.Р. Загадки египетских пирамид;
Пер. с фр.М., 1966;
Нейгебауер 0. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Матье М. Древнеегипетские мифы. М.; Л., 1956;
Коростовцев М.А. Религия Древнего Египта. М., 1976;
Липинская Я., Марциняк М. Мифология Древнего Египта: Пер. с пол. М., 1983;
Kákosy L. Zauberei im alten Ägypten. Budapest, 1989;
Dunand F., Zivie-Coche Ch. Dieux et hommes en Égypte 3000 av. J.-C. — 395 apr. J.-C. Paris, 1991;
Traunecker C. Les dieux de l’Égipte. Paris, 1992;
Niwiński A. Mity i symbole starożytnego Egiptu. Warszawa, 1992;
Яго ж. Bóstwa, kulty i rytuały starożytnego Egiptu. Warszawa, 1993;
Фараон Хуфу и чародеи: Сказки, повести, поучения Древнего Египта. М., 1958;
Коростовцев М.А. Путешествие Ун-Амуна в Библ. М., 1960;
Лирика Древнего Египта: [Пер. с егип.] М., 1965;
Поэзия и проза Древнего Востока. М., 1973;
Повесть Петеисе III: Древнеегип. проза. М., 1978;
Сказки и повести Древнего Египта. Л., 1979;
Лирическая поэзия Древнего Востока. М., 1984;
Тураев Б.А. Египетская литература. Т. 1. М., 1920;
История всемирной литературы. Т. 1. М., 1983;
Культура Древнего Египта. М., 1976;
Матье М.Э. Искусство Древнего Египта. М., 1970;
Павлов В.В., Ходжаш С.И. Художественное ремесло Древнего Египта. М., 1959;
Всеобщая история архитектуры. Т. 1. М., 1970.
Дз.І.Малюгін (гісторыя), Н.К.Мазоўка (асвета, міфалогія і рэлігія, літаратура).
Да арт.Егіпет Старажытны. Галава царыцы Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне. XVIII дынастыя. 1-я чвэрць 14 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Храм царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры. XVIII дынастыя. Дойлід Сенмут, Пач. 15 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Тыповы рабаўладальніцкі маёнтак (рэканструкцыя). Верагодна, эпоха Новага царства.Да арт.Егіпет Старажытны. Палетка фараона Нармера з Іераконпаля. I дынастыя. Каля 3000 г. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Піраміды ў Гізе. 1-я пал. 3-га тысячагоддзя да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Спінка параднага трона фараона Тутанхамона.Да арт.Егіпет Старажытны. Залатая маска фараона Тутанхамона. 14 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДЫЯ (ірл. Éire, англ. Ireland),
Ірландская Рэспубліка (ірл. Saorstát Éireann, англ. Irish Republic), дзяржава ў Зах. Еўропе, на в-ве Ірландыя. Мяжуе на Пн з Паўн. Ірландыяй, якая ўваходзіць у склад Вялікабрытаніі. Пл. 70,3 тыс.км². Нас. 3555,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мовы — ірландская і англійская. Сталіца — г.Дублін. Падзяляецца на 4 правінцыі, якія ўключаюць 26 графстваў і 5 буйных гарадоў-графстваў. Нац. свята — Дзень св. Патрыка (17 сак.). Характарыстыку прыроды гл. ў арт.в-аўІрландыя.
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1937 (з пазнейшымі змяненнямі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт з шырокімі паўнамоцтвамі, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент у складзе палаты прадстаўнікоў (166 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам не больш як на 5 гадоў) і сената (6Ō членаў, частка іх назначаецца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца насельніцтвам). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Насельніцтва. Каля 99% насельніцтва — ірландцы. Да нац. меншасцей адносяцца англічане і шатландцы. Большасць вернікаў католікі (93%), ёсць пратэстанты (англікане, 3%). Сярэдняя шчыльн. 50,6 чал. на 1 км. Найб. густа населена ўсх.ч. краіны. Гар. насельніцтва 58%. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Дублін (з прыгарадамі) — 915,5, Корк — 174,4, Лімерык — 75,4, Дан-Лэры — 55,5, Голуэй — 50,9, Уотэрфард — 41,9. Працаздольнае насельніцтва занята ў прам-сці (29,5%), сельскай гаспадарцы (13,5%), сферы паслуг (57%). Эміграцыя 30—40 тыс.чал. за год.
Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр І. з’явіўся прыкладна за 6 тыс. гадоў да н.э. У 4 ст. да н.э. І. пачалі засяляць кельты, што асімілявалі мясц. насельніцтва. Яны падзяляліся на роды (кланы) і плямёны, якія ўтварылі 5 плем. федэрацый, аб’яднаных у 3—4 ст. пад уладай ард-рыяга (вярх. караля). Развівалася кельцкая культура (вераванні, л-ра, заканадаўства). У 5 ст. прынята хрысціянства. Шматлікія кляштары сталі асяродкамі мастацтва, л-ры (на стараж.-ірл. і лац. мовах) і навукі. У 6—9 ст.ірл. вучоныя і місіянеры аказвалі ўплыў на краіны Зах. Еўропы, у т. л. на хрысціянізацыю Шатландыі, культ. развіццё дзяржавы Каралінгаў. У 795 пачаліся набегі на І. нарманаў, якія да 10 ст. заснавалі гарады Дублін, Уотэрфард, Лімерык. Працяглая барацьба з нарманамі скончылася перамогай ірл. дружын у бітве пры Клонтарфе (1014). У 1169 пачалося заваяванне І. англа-нармандскімі рыцарамі, якія стварылі на паўд.-ўсх. яе ўзбярэжжы англ. калонію. Тут былі ўведзены манарыяльная сістэма (гл.Манар), англ. законы, падзел на графствы, парламент (з 1297), які ў 1495 падпарадкаваны англ. парламенту і каралю. У канцы 15 ст. пры Цюдарах пачалася сістэматычная каланізацыя англічанамі ўсёй тэр. І. У 1536—37 англ. кароль Генрых VIII прымусіў ірл. парламент прызнаць яго кіраўніком царквы ў І., а ў 1541 прыняў тытул караля І. З гэтага часу нац,вызв. барацьба ірландцаў набыла і рэліг. характар. Англ. прыгнёт стаў прычынай шэрагу паўстанняў ірландцаў (1559—67, 1569—83, 1594—1603, Ірландскае паўстанне 1641—52, 1688—91), пасля задушэння якіх англ. ўлады праводзілі масавыя канфіскацыі зямлі (да канца 17 ст. іх канфіскавана амаль 6/7). Карэннае насельніцтва І. зганялася з зямлі, на якой сяліліся шатл. і англ. пратэстанты. Каталіцкае насельніцтва І. было пазбаўлена паліт. і грамадз. правоў, што вяло да дэмаграфічнага і эканам. заняпаду краіны. Паліт. і эканам. ўмовы сталі прычынай шырокай эміграцыі, якая пачалася ў 17 ст. і набыла масавы характар у выніку т. зв.вял. голаду 1845—49. Смерць ад голаду і эміграцыя (пераважна ў ЗША і Вялікабрытанію) прывялі да значнага зніжэння колькасці насельніцтва (у 1841—8,2 млн., у 1851—6,5, у 1911—4;4 млн.чал.).
Нац.-вызв. рух, які ўзмацніўся пад уплывам вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 і франц. рэвалюцыі канца 18 ст., прымусіў брыт. ўрад паслабіць калан. рэжым, увесці ў 1782—83 парламенцкую аўтаномію. Арг-цыя«Аб’яднаныя ірландцы» выпрацавала праграму барацьбы за незалежную рэспубліку, аднак нац.-вызв. паўстанне 1798 было задушана. У 1801 парламенцкая аўтаномія І. ліквідавана, парламент скасаваны, ірл. прадстаўнікі атрымалі некалькі месцаў у брыт. парламенце (гл.Англа-ірландская унія 1801). У 19 ст. І. цалкам ператворана ў агр. прыдатак метраполіі. У 1840-я г. пачаўся агр. пераварот, дробная сял. рэнта замянялася арэндай буйных зямельных участкаў пашы. Шырыўся рух за разрыў уніі 1801. У 1842 створана група «Маладая Ірландыя», асн. патрабаваннем якой стала незалежнасць І. Радыкальныя ўдзельнікі нац.-вызв руху заснавалі ў 1847 Ірландскую канфедэрацыю, яе лідэры заклікалі да ўзбр. паўстання супраць англ. панавання; Ірл. паўстанне 1848 задушана. Пасля паражэння паўстання 1867 супраць згону сялян з зямлі цэнтр. месца ў паліт. жыцці краіны заняла барацьба за гомруль (самакіраванне ў межах Брыт. імперыі). У 1879 створана Зямельная ліга. Прадстаўнікі ірл.нац. інтэлігенцыі пачалі барацьбу за адраджэнне ірл. (гэльскай) мовы (да 19 ст. амаль цалкам выцесненай англ.) і нац. культуры (гл.Гэльская ліга).
У 1914 брыт. парламент ухваліў закон аб аўтаноміі І., аднак адтэрмінаваў яго ажыццяўленне да заканчэння 1-й сусв. вайны. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916, якое было жорстка задушана. У хуткім часе незалежніцкі рух узначаліла партыя Шын фейн, у канцы 1918 яе прадстаўнікі атрымалі на выбарах у брыт. парламент 73 месцы. Дэпутаты-шынфейнеры абвясцілі сябе першым ірл. урадам, а ў студз. 1919 — незалежнасць І. (прэзідэнт І.Дэ Валера). Явачна ствараліся нац. органы ўлады, узбр. сілы. Сфарміраваная Ірландская рэспубліканская армія вяла ваен. дзеянні супраць англ. войск і паліцыі, якія скончыліся падпісаннем мірнага англа-ірландскага дагавора 1921. Паводле яго краіна была падзелена на 2 часткі. Паўн. І. (Ольстэр) засталася пад.уладай Вялікабрытаніі, Паўд. І. атрымала правы дамініёна (Ірл. свабодная дзяржава); на яе тэр. захаваліся англ.ваен. базы. Спрэчкі паміж ірл. патрыётамі па адносінах да дагавора 1921 выклікалі грамадз. вайну 1922—23, што скончылася паражэннем прыхільнікаў барацьбы за поўную суверэннасць і адзінства І. У 1932 яны атрымалі перамогу на парламенцкіх выбарах (партыя Фіяна файл) і сфарміравалі ўрад на чале з Дэ Валера (да 1948). У 1937 прынята новая канстытуцыя. Яна адмяніла статус дамініёна, абвясціла суверэнную дзяржаву Эйрэ (ірл. назва І.), якая захоўвала толькі фармальныя сувязі з Вялікабрытаніяй. У 1949 І. абвешчана рэспублікай і фармальна выйшла з брыт. Садружнасці. Адносіны да Паўн. І., якую І. лічыць сваёй гіст. часткай, з 1922 З’яўляюцца адной з гал.паліт. праблем, асабліва пасля абвастрэння ў 1968—69 паўн.-ірл. канфлікту. Ірл. ўрад лічыць таксама, што змена статусу Паўн. І. можа адбыцца толькі са згоды большасці яе жыхароў. І. імкнецца аказваць уплыў на брыт. кіраванне ў Паўн. І. і разам з памяркоўнымі паўн.-ірл. групоўкамі распрацоўвае мадэль уз’яднання, прымальную для Вялікабрытаніі і паўн.-ірл. пратэстантаў. У 1985 падпісана англа-ірл. пагадненне аб стварэнні міжурадавага кансультатыўнага органа па ўнутр. праблемах Паўн. І. Урад І. ўдзельнічаў у перагаворах, у выніку якіх у 1994 спынена ўзбр. барацьба ў Паўн. І. На міжнар. арэне І. падтрымлівае цесныя паліт. кантакты з краінамі Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, захоўвае ваен. нейтралітэт (абвешчаны ў час 2-й сусв. вайны). З 1997 прэзідэнт краіны — М.Макаліз, прэм’ер-міністр — Б.Ахерн. І. — чл.ААН (з 1955), Еўрап. саюза (з 1973). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Лейбарысцкая партыя, Фіяна файл, Фіне гал, Партыя прагрэс. дэмакратаў, Дэмакр. левая партыя. Прафс. аб’яднанне — Ірл. кангрэс трэд-юніёнаў.
Гаспадарка І. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на аднаго жыхара 15,4 тыс.дол. ЗША (1995). Доля ў ВУП (у %): прам-сці — 36, сельскай гаспадаркі — 8, сферы паслуг — 56. Вядзецца здабыча торфу — каля 8 млн.т за год (адно з першых месцаў у свеце). У І. буйнейшае ў Зах. Еўропе радовішча поліметал. руд Тынаг у цэнтр.ч. краіны. Здабываюць цынк (193,7 тыс.т, 8-е месца ў свеце, 1993), свінец, медзь, серабро, ртуць, жал. руду, каменны вугаль, прыродны газ, пірыты. Аснову энергабалансу складаюць торф, імпартная нафта, каменны вугаль, гідраэлектраэнергія. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 16,6 млрд.кВтгадз, пераважна на ЦЭС. ГЭС на р. Шанан. Важнае месца ў прам-сці займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка: зборка аўтамабіляў (з-д «Форд» у Корку) і трактароў (Дублін), суднабуд. і суднарамонт (Дублін, Корк, Лімерык, Дан-Лэры), электроніка і радыёэлектроніка (Дублін, Корк, Лімерык, Уотэрфард). Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Корку. Хім. і нафтахім. (мінер. ўгнаенні, пластмасы, гумавыя вырабы), фармацэўтычная прам-сць у Корку, Дан-Лэры. На мясц. сыравіне развіта харч. (мясная, малочная, мясакансервавая, піваварная, спірта-гарэлачная) прам-сць. Ёсць прадпрыемствы папяровай і шкляной прам-сці ў Уотэрфардзе. У сельскай гаспадарцы пераважаюць дробныя і сярэднія фермерскія гаспадаркі памерам да 25 га. Пад ворывам 14% тэр. краіны, пад пашай і сенажацямі каля 70%. Гал. галіна — жывёлагадоўля, якая дае 90% валавой с.-г. вытв-сці (70% ідзе на экспарт). Па колькасці буйн. раг. жывёлы на душу насельніцтва і па яе вывазе ў жывым выглядзе І. займае 1-е месца ў Еўропе. Асн. раёны — Пд, ПдЗ і З краіны. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 6,4, авечак — 5,8, свіней — 1,5. Птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, сеяныя травы, бульбу, турнэпс, цукр. буракі, лён. Агародніцтва і садоўніцтва. Марское рыбалоўства. Улоў рыбы — 412,7 тыс.т (1995). Штогод краіну наведвае каля 3—3,5 млн. турыстаў. Замежны турызм дае каля 2 млрд.дол. ЗША прыбытку. Даўж. аўтадарог 86,8 тыс.км, чыгунак 1,9 тыс.км. Аўтапарк каля 990 тыс. машын. Унутр. суднаходныя шляхі: р. Шанан, Гранд-канал, Роял-канал. Танаж марскога флоту каля 129 тыс. брута рэг. т. Гал. парты Дублін, Корк. У краіне 225 км газаправодаў. 9 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнародныя (Дублін, Корк, Шанан). Экспарт (1994, 29,9 млрд.дол. ЗША): машыны і абсталяванне, жывая жывёла, прадукты жывёлагадоўлі, піва, хім. прадукты, тэкстыль, канцэнтраты каляровых металаў. Імпарт (1994, 25,3 млрд.дол. ЗША): машыны і абсталяванне, нафта, хім. прадукты, кармы. Вял. значэнне маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Францыя, Нідэрланды. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 26,9 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — ірл. фунт.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 13 тыс.чал. (1996). Ёсць рэзервы. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (11 тыс.чал.) маюць на ўзбраенні больш за 100 танкаў і бронеаўтамабіляў, больш за 700 артыл. сродкаў і інш. У ВПС больш за 900 чал. асабовага складу, каля 30 самалётаў. У ВМС каля 1 тыс.чал., 7 караблёў.
Ахова здароўя. Сістэма мед. абслугоўвання знаходзіцца ў падпарадкаванні дэпартамента аховы здароўя. Насельніцтва, што карыстаецца мед. паслугамі, падзяляецца на 3 катэгорыі: людзі, якія атрымліваюць усе віды мед. дапамогі бясплатна (з нізкімі даходамі), 2 група (з больш высокімі даходамі) карыстаюцца мед. паслугамі за зніжаную, дыферэнцыраваную аплату. Для дзяцей да 16 гадоў і хранічна хворых — стацыянарнае і амбулаторнае лячэнне, прышчэпкі супраць заразных хвароб, іх дыягностыка бясплатныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73,1, жанчын 78,6 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 255 чал., урачамі — 1 на 588 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае пач. і сярэднія школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Самаст. дашкольных устаноў няма (існуюць дашкольныя аддзяленні пры пач. школах). Большасць агульнаадук.навуч. устаноў прыватныя або канфесіянальныя. Пач. школа з 6-гадовага ўзросту, 6 гадоў навучання; ёсць 1- і 2-камплектныя школы. Існуюць 3 тыпы сярэдніх школ: традыц., аб’яднаныя і абшчынныя. Усе яны маюць 2 ступені: асн. абавязковая (3—4 гады навучання) дае няпоўную сярэднюю адукацыю, яе выпускнікі пасля здачы экзаменаў атрымліваюць прамежкавы атэстат, старэйшая (3-гадовая) — поўную сярэднюю адукацыю з правам паступлення ў ВНУ. На базе асн. школы прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес.-тэхн. школы (3—5 гадоў навучання), сярэднюю спец. — тэхн., маст. і інш.спец. каледжы (3—4 гады навучання). У 1996/97 навуч.г. ў І. 8 ун-таў (каля 60 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Нац.ун-т І. ў Дубліне (з 1909, больш за 20 тыс. студэнтаў, уяўляе сабой федэрацыю універсітэцкіх каледжаў у Дубліне, Корку, Голуэі і яшчэ 6 каледжаў, у т. л. Каледж св. Патрыка ў Мейнуце), Дублінскі ун-т (засн. ў 1591 як Трыніты-каледж), Дублінскі гар.ун-т (з 1975), ун-т у Лімерыку (з 1989). Навук. ўстановы: Каралеўскае дублінскае т-ва, Каралеўская ірл. акадэмія, галіновыя акадэміі — мед., славеснасці (засн. Б.Шоу), жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкія, Нац. (з 1877) і Публічная — у Дубліне і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. музей (з 1731), Нац. галерэя, Галерэя сучаснага мастацтва, Грамадз. музей (з 1953) — усе ў Дубліне.
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць 8 штодзённых газет: 6 — у Дубліне, 2 — у Корку, у т. л. 4 ранішнія, якія распаўсюджваюцца па ўсёй краіне. Самы высокі тыраж маюць незалежныя газеты — ранішняя «Irish Independent» («Ірландская незалежная», з 1891, сучасная назва з 1905) і штодзённая вячэрняя «Evening Herald» («Вячэрні веснік», з 1891). Інфарм. агенцтваў у І. няма. Радыё і тэлебачанне кантралююцца аўтаномнай карпарацыяй «Радыё Тэлефіс Эйрэан» (PTE; засн. ў 1960, фінансуецца дзяржавай), якая трансліруе праграмы Радыё-1 і Радыё-2. Дзейнічаюць таксама рэгіянальнае радыё Корк, нац. незалежнае радыё Сэнчуры. Дзярж. тэлебачанне трансліруе праграмы PTE-1 і PTE-2; з 1989 дзейнічае і незалежны канал ТВ-3.
Літаратура. Развіваецца на ірландскай мове і англійскай мове. Гераічны эпас (сагі) узнік у першыя стагоддзі н.э. (першыя запісы 8 ст., захаваліся запісы 12 ст.). Найб. вядомая — гал. сага гераічнага цыкла «Выкраданне быка з Куальнге» з цэнтр. вобразам Кухуліна — нац. героя І. У сярэднія вякі высокага ўзроўню дасягнула паэзія бардаў (Донах Мор, Мюрэдах Албанах, Гофрэй Фіён). Карэнныя змены ў л-ры звязаны з англ. каланізацыяй у 12 ст. Аднак забарона ірл. мовы, знішчэнне рукапісаў не спынілі развіццё нац. л-ры. У 16—18 ст. адбывалася ломка арыстакратычнай традыцыі бардаў, асаблівае значэнне набыла балада. Літ. мовай стала нар.ірл. гаворка. У л-ры пераважалі тэмы развітання з радзімай, адчування крызісу звыклага ўкладу жыцця (песня «Бывай, Ірландыя» Дж.Наджэнта, «Ода Мэгуайру» Э.О’Хасі). У 17 ст. сабраны і перапісаны шматлікія рукапісы, якім пагражала знішчэнне (склалі шматтомныя «Аналы чатырох магістраў»; 1632—36). З канца 18 ст. пачынае складвацца традыцыя празаічных твораў на англ. мове: гіст. (Дж.Бейнім) і сац.-быт. (М.Эджуарт, У.Карлтан) раманы. Ірл.л-ра развівалася ў рэчышчы нац.паэт. традыцый і захоўвала сваю самабытнасць. Перавага фантаст. матываў, пачуццё камічнага і вострая іранічнасць — яе адметныя асаблівасці. Выразны ўзор асваення вобразнасці на англ. мове — «Ірландскія мелодыі» (1808—34) Т.Мура. Канец 19 ст. пазначаны т. зв. «Ірландскім адраджэннем», яго пачынальнік у л-ры У.Б.Йітс. Нац. мастацтва, міфалогія і гісторыя паўплывалі на творчасць дзеячаў «Ірландскага адраджэння» Дж.Расела, І.А.Грэгары, П.Колума, Дж.Стывенса, Дж.Кэмпбела. Развіццю рэалізму ў нац. драме папярэднічала творчасць Дж.Сінга. Раман Дж.Джойса «Уліс» (1922) паклаў пачатак л-ры «плыні свядомасці». Ірл. паўстанне 1916 прадвызначыла далейшы шлях развіцця ірл. л-ры. Асн. тэма творчасці пісьменнікаў 1920—30-х г. — нац.-вызв. рух (Ш.О’Кейсі, П.О’Донел, Б.Біэн). Адраджаюцца мастацтва апавядальнікаў і жанр «апавядання ля каміна» (Ф.О’Конар, М.Лэвін, Ш.О’Фаалейн, Б.Кілі). Для л-ры 1960—80-х г. характэрны адмаўленне ад нацыяналіст. ідэй, увага да сац. праблем. Новае развіццё набывае гіст. раман. Э.Дзілан, Т.Флэнаган, Дж.Планкет звяргаюцца да нядаўняга мінулага, імкнучыся выявіць сац. аснову катаклізмаў у сучаснай І. Сітуацыі пачатку 20 ст. прысвечаны лепшыя раманы Дж.Джонстан «Ці далёка да Вавілона?» і «Стары жарт». Гіст. алюзіі ў раманах Д.Марцін «Цырымонія ініцыяцыі» і «Шлях у Балішанон», К.Кейсі «Мары аб помсце». Англа-ірл. праблематыка ў цэнтры ўвагі і буйнейшага сучаснага ірл. раманіста У.Трэвэра. Да эксперым. прозы звяртаюцца пісьменнікі Дж.Бэнвіл і Д.Хоган. Ірл паэзія 1940—70-х г. прадстаўлена творамі О.Кларка, П.Кэванаха, Дж.Монтэгю, Т.Кінсела, Л.Мак-Ніс, Р.Мэрфі. Яна сучасная паводле светаўспрымання і выразных сродкаў і адначасова неадрыўная ад традыцый паэзіі Ш.Хіні.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі на тэр. І. захаваліся ад бронз. веку: мегалітычныя пабудовы (дальмены, кромлехі), курганы з пахавальнымі камерамі з несапраўднымі скляпеннямі (Нью-Грэйндж), залатыя і бронз. ўпрыгожанні з геам. арнаментам. Метал. вырабы 5—4 ст. да н.э. аздоблены складаным лінейным кельцкім арнаментам. Пасля хрысціянізацыі І. ў 5—12 ст. будавалі круглыя ў плане крэпасці (Эйлек), высокія вартавыя вежы-званіцы, кляштарныя комплексы з круглымі вежамі, капліцамі і келлямі (у Глендалоху, Дэвенішы, Келсе, а таксама за межамі І., на тэр. сучасных Францыі і Італіі). Дэкар. багацце характэрна для манум. каменных крыжоў (у Карндоне, 6 ст.; Манастэрбойсе, 9—10 ст.), дзе стылізаваныя фігуратыўныя выявы на біблейскія сюжэты арганічна ўключаны ў фармальную сістэму, у якой дамінуе арнамент з плеценых ліній, кругоў, спіралей. Багата арнаментаваліся бронз.брошы брошкі, рэлікварыі, паціры, посахі, пласціны (з эмаллю, філігранню ўзорнымі выявамі ў звярыным стылі) Характэрная рыса ірл. мініяцюр з рука пісаў 7—12 ст. — абстрактная трактоўка элементаў і фігур («Псалтыр св. Калумбана», канец 6 — пач. 7 ст.; «Ліндысфарнскае евангелле», канец 7 пач. 8 ст.; «Жыціе св. Калумбана», канец 7 ст.). Зааморфныя элементы, адзначаныя саксонскім і міжземнаморскім уплывамі, з’яўляюцца ў «Евангеллі з Дараў», «Лігфілдскім евангеллі», «Эхтэрнахскім евангеллі» (канец 7 — пач. 8 ст.). «Евангелле з Келса» і «Санктгаленскае евангелле» (канец 8 — пач. 9 ст.) змяшчаюць ілюстрацыі на цэлую старонку. У 11 ст. з’яўляецца запазычаны са Скандынавіі «звярыны» арнамент («Евангелле Бангора»). У 11—12 ст. будавалі раманскія капліцы (у Кашэлі), кляштарныя цэрквы (у Бойлі, Джэрпойнце), саборы (у Кланмакнойсе, Кланферце). простыя па кампазіцыі з выразным скульпт. афармленнем і вытанчанай разьбой на парталах. У канцы 12—14 ст. будавалі гатычныя храмы, найчасцей аднанефавыя з вежай над сяродкрыжжам (Крайс-чэрч у Дубліне), замкі (у Дубліне, Лімерыку, Трыме, графстве Клэр). Англ. каланізацыя запаволіла развіццё ірл. культуры, у 15—17 ст. архітэктура і мастацтва ў заняпадзе. У 17 — пач. 19 ст. ў Дубліне ўзводзілі парадныя адм. будынкі, палацы ў стылі англ. класіцызму (арх. У.Робінсан, У.Чэймберс, Т.Кулі, Дж.Гэндан і інш.), з 1829 — цэрквы ў стылі неаготыкі. У 19 — пач. 20 ст. ў партовых гарадах ствараліся раёны з рэгулярнай забудовай у духу эклектызму. У 20 ст. ў І. пабудаваны шэраг арх. комплексаў у сучасным стылі (работы арх. М.Скота і Т.Кенэдзі ў гарадах Дублін і Голуэй). У выяўленчым мастацтве з канца 17 ст. пашырыўся партрэтны жывапіс (Г.Морфі, Т.Бэт), развіццё якога працягвалася ў 18 ст. (Дж.Лэтам, Ф.Хасі, Э.Лі, Т.Фрай, Р.Хантэр, Ч.Джэрвас, С.Слоўтэр, Н.Хоўн Старэйшы). Пейзажны жанр прыўнёс у ірл. жывапіс І. ван дэр Хаген, найб. развіўся ў творчасці Дж.Барэта, братоў Робертс, У.Эшфарда, У.Содлера. У канцы 18 ст. Дж.Бары, Х.Д.Гамільтан стваралі карціны на міфалагічныя і біблейскія тэмы ў акад. стылі. У 18 ст. працавалі скульптары Дж. ван Ност, П.Канінгем, Э.Сміт, у 19 ст. — Дж.Г.Фолі. У жывапісе 1-й пал. 19 ст. развіваўся лірычны пейзаж (Дж.Фішэр, Дж.А.О’Конар, Ф.Дэнбі), рамант. партрэт (Т.Хікі, Р.Фэгэн), у 2-й пал. 19 ст. — жанравы жывапіс (У.Осбарн, У.Малрэдзі, Д.Мэклайс), пейзаж (Н.Хоўн Малодшы, Дж.Фолкнер). У мастацтве пач. 20 ст. дамінавалі экспрэсіяніст Дж.Б.Йітс і рэаліст Ч.Лэмб, С.Кітынг. Кубізм і фавізм прыўнеслі М.Джэлет, І.Хоўн, К.Мідлтан і Д.О’Нейя; у інш. кірунках працавалі К.Сутэр, В.Браўн, Б.Кінг. Мастакі наступнага пакалення (Р.Балаф, Дж.Дэўлін і інш.) удзельнічалі ў руху «новай фігурацыі». У 2-й пал. 20 ст. актыўна развіваюцца плыні авангарднага мастацтва: абстракцыянізм (У.Скот, М.Фэрэл, Х.Хіран), сюррэалізм (П.Генесі, М.Гейл, Л.Ле Брокі).
Музыка. Узоры нар.ірл. песень, якія захаваліся, аднагалосыя, хоць у стараж. сагах упамінаецца пра хар. і шматгалосыя спевы. Лады песень 7-ступенныя дыятанічныя; выразныя элементы пентатонікі, што звязана з гукарадамі асн.нац.муз. інструментаў арфы і валынкі. Носьбіты нар.муз. культуры — барды. Ёсць гіст. сведчанні пра ранняе развіццё ў кельтаў поліфаніі і развітую прафес.муз. культуру ў раннім сярэдневякоўі. З 12 ст. рост прафес.муз. культуры запаволены англ. заваёўнікамі. З канца 16 ст. пранікае шматгалосая музыка англіканскай царквы, фарміравалася свецкае муз. мастацтва прыдворных бардаў, вылучыліся першыя прафес. кампазітары, у т. л. Р.Д.О’Катайн (16—17 ст.), бард Т.О’Кэрален (17—18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. была пашырана англ. і шатл. музыка. З канца 18 ст. вядомы кампазітары Д.Мэрфі, М.Келі, Дж.Філд (стваральнік жанру накцюрна ў фп. музыцы), М.Балф. Зарадзілася муз. фалькларыстыка (Э.Бантынг і інш.). Сярод кампазітараў 20 ст. В.Бекет, А.Дуф, Ф.Ней. Нац. кампазітарская школа ў працэсе фарміравання. Адзін з асн.муз. цэнтраў І. — г. Дублін, дзе працуюць Ірл.нац. оперная трупа (з 1963), Ірл. акадэмія музыкі (б. Каралеўская ірл. акадэмія музыкі, засн. ў 1856) і інш.
Тэатр. Эстэтычныя прынцыпы ірл.нац.т-ра вызначыла мастацтва вуснай паэзіі, дэкламацыйнае майстэрства паэтаў-сказіцеляў з часоў язычніцтва. У 16 ст. ў Дубліне англ. цэхавымі гільдыямі ладзіліся паказы містэрый, з 17 ст. ствараліся т-ры для англ. знаці. Развіццё нац. мастацтва тармазілі англ. ўлады. У канцы 19 ст. ў сувязі з рухам за развіццё нац. культуры («Ірландскае адраджэнне») У.Б.Йітс і А.Грэгары стварылі ў Дубліне Ірландскі літ.т-р (1899). У 1901 ён аб’яднаны з суполкай аматараў і названы Ірл.нац.драм. т-вам, у якім ставіліся п’есы Дж.Сінга, Ш.О’Кейсі, Л.Робінсана. У 1904 т-ва ператворана ў пастаянны т-р у Дубліне — Тэатр Абацтва. У 1920-я г. пачаўся новы ўздым нац.тэатр. мастацтва, ставіліся п’есы ірл. і перакладной драматургіі. У 1922 створаны Драм. саюз. У 1929 Э.Хілтан і М.Мак-Ліямаір арганізавалі ў Дубліне т-р, дзе сцвярджаліся наватарскія прыёмы сучаснага тэатр. мастацтва. У 1928—31 існаваў Гэльскі т-р у Голуэі. З 1939 спектаклі на гэльскай мове пачаў ставіць і Тэатр Абацтва. Асн.тэатр. цэнтр — г. Дублін.
Кіно. У 1936 засн. кінематаграфічнае т-ва (з 1978 Саюз ірл. кінатаварыстваў). На мяжы 1930—40-х г. створаны Ірл. кінаінстытут. У 1958 засн. буйнейшая ў І. кінастудыя «Армдар», на якой фільмы здымаюць пераважна замежныя кінематаграфісты. Існуюць і інш. кінастудыі («Знер Кем’юнікейшэн», «Саліван Блют Ст’юдыяз, «Эбі Філмс»), дзе здымаюцца пераважна кароткаметражныя ігравыя, дакумент., рэкламныя фільмы. Поўнаметражныя фільмы ў асн. камерцыйныя. Сярод ігравых фільмаў 1970—80-х г.: «Ірландскі самагон» (рэж. Б.Куін), «Раніца на Раство» (рэж. Т.Мак-Брайд), «Выгнаннікі» (рэж. Р.Він-і-Сімандс) і інш.Маст. фільмы 1990-х г.: «Усе гэтыя яркія і прыгожыя рэчы» (рэж. Б.Дзёблін), «У імя бацькі» (рэж. Дж.Шэрыдан), «Кола сяброў» (рэж. П.О’Конар), «Крымінальная гульня» (рэж. Н.Джордан), «Доўгі шлях да дому» (рэж. П.Брытнах) і інш. Сярод дзеячаў кіно: рэжысёры Джордан, О’Конар, Дж.Камерфард, Л.Малкус; акцёры Г.Бірн, Л.Нісан, Э.Дудзі, М.О’Шы, Ф.Тамэлці. Ірл. кінапракат з’яўляецца часткай брытанскага. У І. існуюць асацыяцыі: кінапрадзюсераў; ірл. кіно; т-ра і кіно; кінаакцёраў І.; Гільдыя ірл. кіно і тэлебачання і інш. Дзейнічаюць Школа камунікацый пры Дублінскім ун-це, школа кіно, тэлебачання і анімацыі (Каледж Дун Лаахаэра), Ірл.ін-т кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Дубліне, Корку, Белфасце.
Літ.:
История Ирландии. М., 1980;
Осипова Т.С. Ирландский город и экспансия Англии XII—XV вв. М., 1973;
Сапрыкин Ю.М. Английское завоевание Ирландии (XII—XVII вв.). М., 1982;
Саруханян А.П. Современная ирландская литература. М., 1973;
Яго ж. «Объятия судьбы»;
прошлое и настоящее ирланд. лит. М., 1994;
Иванова Е.К. Современная архитектура Ирландии. М., 1982;
Буйвал В. Зямля Святога Патрыка // Мастацтва. 1996. № 4;
Arnold B. Irish Art. London, 1991;
Acton Ch. Irish music and musicians. Dublin, 1978.
Герб і сцяг Ірландыі.Да арт.Ірландыя. Горад Кланакілці на поўдні краіны.Да арт.Ірландыя. Рэгулярныя ірландскія войскі страляюць па паўстанцах у час грамадзянскай вайны 1921—22.Да арт.Ірландыя. Краявід на поўначы краіны.Да арт.Ірландыя. Тыповы сялянскі двор.Да арт.Ірландыя. «Дыван-старонка» з мініяцюры «Ліндысфарнскага евангелля». Канец 7 — пач. 8 ст.Да арт.Ірландыя. Заходні крыж у Манастэрбойсе. 9—10 ст.Да арт.Ірландыя. Пацір з Арда. 8—9 ст.Да арт.Ірландыя. Мініяцюра з «Евангелля з Келса». Каля 800.Да арт.Ірландыя. Замак Банраці, графства Клэр. 1450.Да арт.Ірландыя. Э.Сміт. Элемент скульптурнага аздаблення будынка Ірландскага банка 1785—90.Да арт.Ірландыя. Архітэктурны ансамбль у Кашэлі. 11—14 ст.Да арт.Ірландыя. Будынак мытні ў Дубліне. Арх. Дж.Гэндан. 1781—91.Да арт.Ірландыя. Будынак чатырох Судоў у Дубліне. Арх. Т.Кулі і Дж.Гэндан. 1786—1800.Да арт.Ірландыя. П.Канінгем. Уільям Мейпл.Да арт.Ірландыя. Ч.Лэмб. Дзіўная пара.Да арт.Ірландыя. Дж.Б.Йітс. Чаканне.Да арт.Ірландыя. Х.Хіран. Звар’яцелая Джэйн. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРЫЯ (Österreich),
Аўстрыйская Рэспубліка (Republic Österreich), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з ФРГ і Чэхіяй, на У з Славакіяй і Венгрыяй, на Пд з Славеніяй і Італіяй, на З з Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам. Пл. 83,8 тыс.км², нас. 8 млн.чал. (1994). Афіц. Мова — нямецкая. Сталіца — г.Вена. Складаецца з 9 федэратыўных адзінак — зямель: Бургенланд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Ціроль, Форарльберг, да зямлі прыраўнаваны г. Вена. Нац. свята — гадавіна прыняцця закону аб нейтралітэце (26 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле федэральнага канстытуцыйнага закону 1920 у рэдакцыі 1929 Аўстрыя — дэмакр. парламентарная і федэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы — федэральны прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — парламент, які складаецца з 2 палат: Нац. савета (183 дэпутаты, выбіраюцца на 4 гады) і Федэральнага савета (63, прызначаюцца ландтагамі — парламентамі зямель). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з федэральным канцлерам, якога прызначае прэзідэнт. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю.
Прырода. Аўстрыя — пераважна горная краіна. 70% тэрыторыі займаюць Усх. Альпы, 10% — ускраінныя ўзвышшы Чэшскага масіву (на Пн ад Дуная), 20% — узгорыстыя і раўнінныя мясцовасці (на ПнУ і У). Найб. вышынёй і расчлянёнасцю вылучаюцца Альпы на З краіны, дзе ў масіве Высокі Таўэрн найвыш. пункт г. Гросглокнер (3797 м). Снегавая лінія на выш. 2500—2800 м, ёсць ледавікі. З перавалаў найважнейшы Брэнер (1371 м) на З краіны, праз які (у тунэлях) праходзяць чыгунка і шаша з ФРГ у Італію. Карысныя выкапні: магнезіт, графіт, вальфрамавая руда, невял. запасы нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, жал., свінцова-цынкавай і меднай рудаў і інш. Мінеральныя крыніцы. Клімат раўнін і перадгор’яў умераны (сярэдняя т-растудз. ад -1 да -5 °C, ліп. 17—19 °C). Ападкаў 600—1000 мм, у гарах да 1500—2000 мм за год. Амаль усе рэкі Аўстрыі (Ін, Зальцах, Энс, Драва, Марава і інш.) належаць бас. Дуная (даўж. ў межах Аўстрыі 350 км). Вял. азёры Бодэнскае, Нойзідлер-Зе. Пад лясамі каля 40% краіны. На схілах гор да ўзроўню 600 м сады і вінаграднікі, да 2000—2200 м лясы (дуб, бук, елка, піхта, лістоўніца), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі.
Насельніцтва. Каля 97% — аўстрыйцы. Ёсць славенцы, харваты, чэхі, венгры, яўрэі. Паводле веравызнання больш за 90% католікаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 95 чал. на 1 км², ва ўсх.ч. — каля 200 чал. на 1 км², у горных раёнах — каля 15—20 чал. на 1 км². З агульнай колькасці насельніцтва, занятага ў нар. гаспадарцы (каля 3,4 млн.чал. у 1990), у прам-сці і на буд-ве 37%, у сельскай і лясной гаспадарках 8%, у гандлі і на транспарце 24%; астатнія пераважна ў сферы абслугоўвання. У гарадах жыве больш за 2/3 насельніцтва. Буйнейшыя гарады (тыс.ж., 1991): Вена (1600), Грац (232,2), Лінц (203), Зальцбург (144), Інсбрук (115).
Гісторыя. Чалавек на тэр. Аўстрыі жыве з эпохі палеаліту. У апошнія стагоддзі да нашай эры тут пераважалі кельцкія плямёны. З канца 1 ст. да нашай эры да 5 ст. нашай эры тэр. Аўстрыі ў складзе Рымскай імперыі. З пач. 6 ст. ў прыдунайскай і прыальпійскай абласцях (сучасныя Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Паўн. і Паўд. Ціроль) пасяляліся бавары, на У краіны ў час існавання там Аварскага каганата (гл.Авары) — славяне (славенцы). Пасля ўключэння баварскіх уладанняў у склад Франкскай дзяржавы і разгрому авараў Карл Вялікі стварыў на тэр. сучаснай Ніжняй Аўстрыі пагранічную вобласць (марку) і назваў яе Аварскай. У 9 ст. яна трапіла пад уладу венграў. Пасля іх паражэння ў 955 на р. Лех (каля сучаснага г. Аўгсбург у ФРГ) ад войска герм. караля Атона I была адноўлена як Усходняя марка. У 996 яна ўпершыню названа Аўстрыяй (Ostarrîchi — Усходняя імперыя). У 976 створана герцагства Карынтыя, ад яго ў 1180 аддзялілася герцагства Штырыя, у 13 ст. ўтварылася графства Ціроль. Годам заснавання Аўстр. дзяржавы лічыцца 1156, калі баварская Усх. марка (Ніжняя Аўстрыя) стала самаст. герцагствам. Першымі правіцелямі Аўстрыі былі Бабенбергі (976—1246), якія далучылі тэр. сучаснай Верхняй Аўстрыі (12—13 ст.) і Штырыі (1192). Пасля спынення дынастыі Бабенбергаў іх уладанні трапілі да чэш. караля Атакара II Пшэмысла, у 1278 іх заваяваў Рудольф I Габсбург (з 1273 герм. кароль). З 1282 герцагствы Аўстрыя і Штырыя сталі леннымі ўладаннямі сыноў Рудольфа. Пазней Габсбургі (правілі ў Аўстрыі да 1918) набылі Карынтыю і Крайну (1335), Ціроль (1363), Унутр. Істрыю (1374), Трыест (1382), Герц (1500). З 1453 Аўстрыя — эрцгерцагства. У 1438—1806 землі Аўстрыі былі цэнтрам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» на чале з Габсбургамі. У выніку дынастычных шлюбаў Максіміляна I і яго сына Філіпа Прыгожага Габсбургі набылі ўладу над Нідэрландамі і Іспаніяй разам з яе калоніямі, у 1526 атрымалі ў спадчыну землі венг. і чэш. карон. Унук Максіміляна Карл V (з 1519 імператар) зрабіў наследнікам аўстр. уладанняў свайго малодшага брата Фердынанда (з 1556 імператар), які стаў заснавальнікам аўстр. лініі Габсбургаў. У 16—18 ст.цэнтр. праблема знешняй палітыкі Аўстрыі — барацьба з Асманскай імперыяй (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.). Шырокі водгук у Аўстрыі мела Рэфармацыя: імператар Максімілян II (1564—76) даў аўстр. дваранам свабоду веравызнання. Аднак пры Рудольфе II (1576—1612) краіна стала апорай каталіцызму і Контррэфармацыі ў Цэнтр. Еўропе. Антыпратэстанцкая палітыка Габсбургаў у Чэхіі прывяла да Трыццацігадовай вайны 1618—48 і паслаблення пратэстантызму. Вестфальскі мір 1648 захаваў пазіцыі Габсбургаў у Аўстрыі, якая стала пераважна каталіцкай дзяржавай. У 1687 аўстр. Габсбургі атрымалі ў спадчыну венг. карону і стварылі аўстра-венг. «падвойную манархію». У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1701—14 імператар Карл VI далучыў да Аўстрыі ісп. ўладанні ў Нідэрландах і Італіі. Пасля яго смерці (1740) актуальнасць набыло пытанне пра аўстрыйскую спадчыну, паколькі не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, а супраць перадачы кароны дачцэ Карла VI Марыі Тэрэзіі выступілі Прусія, Баварыя, Саксонія, Францыя і Іспанія. У выніку вайны 1740—48 Аўстрыя страціла Сілезію і землі ў Італіі (Парма, П’ячэнца). На троне Аўстрыі замацавалася Марыя Тэрэзія, якая рэфармавала дзярж. кіраванне ў чэш. і аўстр. спадчынных землях. Яе сын Іосіф II (1780—90) скасаваў прыгон, секулярызаваў уласнасць царквы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі Галіцыя (1772) і Букавіна (1795). У канцы 18 — пач. 19 ст. Аўстрыя (з 1804 Аўстр. імперыя) удзельнічала ў войнах з рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыяй, у стварэнні Свяшчэннага Саюза 1815. Нявырашаныя сац. і нац. праблемы ўнутры краіны выклікалі рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі. Пасля яе паражэння аўстр. ўлады правялі ў 1850-я г. шэраг рэформаў, у т. л. аграрную. Саперніцтва з Прусіяй за гегемонію ў Германіі скончылася паражэннем Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866. У 1867 Аўстр. імперыя пераўтворана ў двухадзіную манархію Аўстра-Венгрыю. З распадам Аўстра-Венгрыі і адрачэннем ад трона імператара Карла I дэпутаты ад ням. партый Аўстрыі 21.10.1918 канстытуіраваліся ў Часовы Нац. сход краіны і 12.11.1918 абвясцілі «Нямецкую Аўстрыю» часткай Герм. рэспублікі. З гэтага часу да сак. 1938 існавала Першая Аўстрыйская Рэспубліка. Пад націскам дзяржаў — пераможцаў у 1-й сусв. вайне аўстр. дэлегацыя на чале з канцлерам К.Рэнерам вымушана была прыняць цяжкія ўмовы Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919: адмовіцца ад Паўд. Ціроля і зямель у Судэцкай вобл., прызнаць новыя дзяржавы (Чэхаславакію, Польшчу, Венгрыю і Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў), адмовіцца ад аншлюса, выплаціць высокія рэпарацыі за развязванне вайны і прычыненыя страты. У пасляваен. час Аўстрыя эканамічна аслабла. Пры канцлеры І.Сейпелу (з 1921) эканам. заняпад спынены. Пад гарантыі Лігі нацый Аўстрыя атрымала ад Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Чэхаславакіі вялізныя пазыкі. Дзякуючы знешняй палітыцы канцлера І.Шобера (1929—30) Аўстрыя дамаглася адмены ўсіх рэпарацыйных абавязацельстваў, палепшыла адносіны з Італіяй і Венгрыяй. Але беспрацоўе, працяглыя парламенцкія крызісы, правал у 1931 мытнага саюзу з Германіяй і інш. сталі прычынай уступлення часткі грамадзян Аўстрыі ў Саюз франтавікоў і Хаймвер. У процівагу ім левыя сілы ўзмацнілі «Шуцбунд». Канцлер Э.Дольфус забараніў дзейнасць у Аўстрыі нацыянал-сацыялістаў і іх паўваен. арг-цый. У лют. 1934 «Шуцбунд» (таксама забаронены) падняў паўстанне, якое задушылі Хаймвер і ўрадавыя войскі. У ліп. 1934 адбыўся няўдалы путч аўстр. фашыстаў, у час якога забіты Дольфус. Новы канцлер К.Шушніг пад націскам Гітлера і яго прыхільнікаў у Аўстрыі вымушаны быў перадаць уладу А.Зейс-Інкварту, які даў згоду на аншлюс. 12.3.1938 герм. войскі акупіравалі Аўстрыю, і яна абвешчана адной з зямель Германіі пад назвай «Усходняя марка». У 1939—45 у складзе ням.-фаш. войскаў знаходзілася больш за 1,5 млн. аўстрыйцаў, на тэр. Аўстрыі дзейнічала больш за 600 ваен. прадпрыемстваў, існаваў канцлагер Маўтгаўзен. 13.4.1945 сав. Войскі вызвалілі Вену (святкуецца як дзень незалежнасці Аўстрыі), да пач. мая 1945 уся тэр. Аўстрыі занята войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Пытанне пра аднаўленне незалежнай Аўстрыі вырашана на падставе Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў ад 1.11.1943. Новаўтвораны ўсепартыйны ўрад К.Рэнера 27.4.1945 абвясціў незалежнасць Другой Аўстрыйскай Рэспублікі. У 1946 і 1953 саюзныя дзяржавы (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя) добраахвотна змякчылі акупац. рэжым у Аўстрыі.
На першых пасляваен. выбарах у Нац. савет краіны (восень 1945) перамаглі Аўстр.нар. партыя (АНП) і сацыял-дэмакраты. З 1951 прэзідэнт Аўстрыі выбіраецца ўсенародна. Унутр. палітыка пасляваен. Аўстрыі была скіравана на аднаўленне эканомікі. Нацыяналізаваны энергетыка і горная прамысловасць. Дапамога паводле Маршала плана, паспяховая барацьба з інфляцыяй, дзярж. інвестыцыі і інш. спрыялі эканам. росту краіны. Поўны дзярж. суверэнітэт Аўстрыі замацаваны Дзярж. дагаворам ад 15.5.1955 паміж СССР, ЗША, Францыяй, Вялікабрытаніяй і Аўстрыяй. Нейтралітэт краіны зафіксаваны законам ад 26.10.1955. Да 1966 аўстр. ўрады фарміраваліся з кааліцыі АНП і сацыял-дэмакратаў, пасля — папераменна. На пач. 1980-х г. у Аўстрыі назіраўся эканам. спад. У 1986 створаны ўрад вял. кааліцыі на чале з Ф.Враніцкім, які пасля выбараў 1990 захаваў і пасаду федэральнага канцлера. У маі 1992 федэральным прэзідэнтам Аўстрыі выбраны Т.Клесціль. Аўстрыя — член ААН (з 1955) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы: Сацыял-дэмакр. партыя Аўстрыі (засн. ў 1991), Аўстр.нар. партыя (засн. ў 1945), Аўстр. партыя свабоды (засн. ў 1955), партыя «Зялёная альтэрнатыва» (засн. ў 1987), Аўстр. аб’яднанне прафсаюзаў (створана ў 1945).
Гаспадарка. Аўстрыя належыць да найб. развітых краін Еўропы. У апошнія гады яе эканоміка развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю прамысловасці прыпадае каля 30%, буд-ва — каля 7, сельскай і лясной гаспадарак — каля 3, транспарту і сувязі — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — 38%. Горназдабыўная прамысловасць базіруецца на невялікіх, але разнастайных рэсурсах карысных выкапняў. Здабыча жал. руды, магнезіту, бурага вугалю, графіту, свінцова-цынкавай і вальфрамавай рудаў, каменнай солі. Здабыча нафты складае 1,2 млн.т (1991). Дзейнічае нафтаперапр.з-д (Швехат), дзе перапрацоўваюць айч. і імпартную (з краін Б.Усходу) нафту, якая паступае па нафтаправодзе з Трыеста (Італія). Аўстрыя ўвозіць каменны і буры вугаль, прыродны газ.Вытв-сць электраэнергіі складае 49,5 млрд.кВт∙гадз (1992), большую палавіну яе даюць ГЭС у горных раёнах (найб. на рэках Ін, Зальцах, Дунай). Каля Вены працуе АЭС. Частка электраэнергіі экспартуецца ў ФРГ, Італію, Швейцарыю. Вытв-сць чыгуну 3,5 млн.т, сталі 4,3 млн.т, пракату 3,7 млн.т (1991; асн. цэнтры Лінц і Леобен). Значная ч. чорных металаў ідзе на экспарт, легіравальныя металы і кокс імпартуюцца. Важнае значэнне мае вытв-сць алюмінію (Рансгофен). У невял. аб’ёмах выплаўляюць медзь і свінец. Машынабудаванне сканцэнтравана пераважна ў Вене, Грацы, Лінцы, Штайры. Вырабляецца абсталяванне для лёгкай і харч. прамысловасці, электраэнергетыкі, хатняй гаспадаркі. Развіты трансп. машынабудаванне і галіны ляснога комплексу (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць цэлюлозы, паперы і кардону). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (0,3 млн.т у 1991), хім. валокнаў і нітак (200 тыс.т), сінт. смолаў і пластмасаў (920 тыс.т); буйнейшыя цэнтры — Лінц (азотныя ўгнаенні), Ленцынг (штучныя валокны, віскозны шоўк). На Пд ад Вены і на З краіны прадпрыемствы тэкст. (170 млн.м² тканін у 1990), гарбарна-абутковай (17,2 млн. пар абутку ў 1991), швейнай шкляной прам-сці. Сельская гаспадарка. Аўстрыя амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў большасці відаў с.-г. прадукцыі, па асобных відах мае значныя экспартныя лішкі. С.-г. землі займаюць каля палавіны тэр. Аўстрыі, з іх каля 40% ворыва, 38 лугі і пашы, 22% альпійскія лугі. Асноўныя вытворцы таварнай прадукцыі — фермы памерам больш як па 100 га, пераважна ў даліне Дуная і на У. Больш за 2/3 прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1991): буйн. раг. жывёлы 2,5, свіней 3,6. Развіта птушкагадоўля. Земляробства характарызуецца спалучэннем паляводства, агародніцтва, садоўніцтва, вінаградарства. У пасевах пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, кукуруза), кармавыя, бульба і тэхн. культуры, у т. л.цукр. буракі. Збор (млн.т, 1990): пшаніцы 1,4, бульбы 0,9, цукр. буракоў 2,8. Большая ч. пасяўных плошчаў, садоў і вінаграднікаў ва ўсх.ч. краіны, асн.ч. лугоў і пашы ў зах. горных раёнах. Транспарт. У агульным грузаабароце асн. роля належыць чыг. транспарту. Даўж.чыг. сеткі 6350 км (1990), з іх большая палавіна электрыфікавана. Гал.чыг. вузлы — Вена, Лінц, Інсбрук. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 107 тыс.км (1989). У Аўстрыі больш за 3 млн. легкавых і 250 тыс. грузавых аўтамашын. Суднаходства па Дунаі і ніжніх участках яго прытокаў. Агульная даўж. суднаходных водных шляхоў каля 1,7 тыс.км. Аўстрыя — вузел паветр. шляхоў паміж У і З, Пн і Пд Еўропы. Буйнейшы з 9 міжнар. аэрапортаў — Швехат каля Вены. Замежны турызм (зімовы і летні, каля 15 млн.чал. штогод) — адна з найб. прыбытковых галін эканомікі (штогадовыя паступленні больш за 160 млрд. шылінгаў). Аўстрыя гандлюе больш як са 150 краінамі свету. Каля 65% экспарту і 68% імпарту прыпадае на краіны — члены Еўрап. супольніцтва, каля 10% экспарту і 7% імпарту — на Еўрап. аб’яднанне свабоднага гандлю. Асн.гандл. партнёры — ФРГ (каля 40%), Італія і Швейцарыя; доля краін СНД — каля 2%. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, халадзільнікі, трактары; імпартуе з Аўстрыі цукар, збожжа, гербіцыды, легкавыя аўтамабілі і аўтобусы, вылічальныя машыны, мед. прылады і інструменты, абутак і інш. На Беларусі заснавана 36 сумесных бел.-аўстр. прадпрыемстваў (1993). Грашовая адзінка Аўстрыі — аўстрыйскі шылінг.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухапутных войскаў і ВПС. Узначальвае ген. інспектар (прафесійны вайсковец), які падпарадкоўваецца міністру нац. абароны (цывільная асоба, прадстаўнік кіруючай партыі). У ваен. час вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Ва ўзбр. сілах 44 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 38 тыс.чал., у т. л. сіл пастаяннай баявой гатоўнасці 15 тыс.чал. На ўзбраенні танкі, артылерыя, стралк. зброя і інш. У ВПС 6 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя і трансп. самалёты, верталёты. Камплектуюцца ўзбр. сілы на аснове воінскай павіннасці (прызыўны ўзрост 18 гадоў) і па найме (узрост 17 гадоў). Тэрмін вайск. службы для прызыўнікоў 6 месяцаў, для рэзервістаў 60 дзён. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміі і шэрагу ваен. школ; радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях і падраздзяленнях.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя падпарадкавана мін-ву аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, у якое ўваходзяць 14 ведамстваў, адказных за сан.-эпідэміял. стан краіны і кантроль за лек. прэпаратамі. Страхавы фонд, што ствараецца з адлічэнняў работадаўцаў, аплачвае выдаткі па мед. дапамозе насельніцтву і знаходжанне ў шпіталі. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 6,7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстрыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, 8-гадовыя нар.агульнаадук. школы абавязковага навучання 1-й і старэйшай (гал. школы) ступеняў, сярэднія агульнаадук. павышаныя школы 3 тыпаў (гімназіі, рэальныя гімназіі, жаночыя эканам. рэальныя гімназіі), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Навучанне ў нар. школах сумеснае, у гімназіях — раздзельнае. Існуюць прыватныя школы, пераважна канфесійныя (каталіцкія). У 1985/86 навуч.г. ў Аўстрыі: 3,6 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (175 тыс. дзяцей); 4,9 тыс. школ, у т. л. 3,4 тыс. 1-й ступені (341,9 тыс. вучняў), 1218 гал. школ (285, 5 тыс. вучняў), 316 павышаных школ (170 тыс. навучэнцаў); 30 ВНУ (160,9 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты ў Вене (з 1365), Грацы (з 1585), Зальцбургу (з 1622, адноўлены ў 1962), Інсбруку (з 1669), вет.-мед.ун-т у Вене (з 1767), тэхн. ун-ты ў Грацы (з 1811) і Вене (з 1815) і інш. Акадэмія выяўл. мастацтваў у Вене (з 1692), ін-ты сусв. гандлю, с.-г. ў Вене, сац.-эканам. навук у Лінцы. Найбольшыя б-кі: Нацыянальная ў Вене, універсітэцкія ў Вене, Грацы, Інсбруку. Музеі: Аўстр. галерэя; збор карцін Акадэміі выяўл. мастацтваў; Мастацка-гістарычны; Гістарычны ў Вене; музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстрыйскай АН (з 1847), ва ун-тах, даследчых цэнтрах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстрыі каля 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Neue Kronen Zeitung» («Новая каралеўская газета», з 1900), «Kurier» («Кур’ер», з 1954), «Die Presse» («Прэса», з 1848). Агенцтвы друку: Аўстрыя Прэсэ Агентур (АПА, з 1946), Католішэ Прэсэ Агентур (КАТПРЭС, з 1946). Радыё дзейнічае з 1924, тэлебачанне — з 1954. У 1960 створана Эстэррайхішэр Рундфунк унд Фэрнзэер (ОРФ), якая з 1974 мае статус грамадскага радыё і тэлебачання. ОРФ мае федэральную структуру. Яе дзейнасцю кіруе савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі гал.Паліт. партый, урада, грамадскасці і Цэнтр. рады супрацоўнікаў ОРФ. Радыё ОРФ трансліруе 3 агульнанац., 9 мясц. праграм, праграму для іншаземцаў (на англ. і франц. мовах) і для замежжа (на англ., ням., ісп. і эсперанта мовах). Тэлебачанне ОРФ (з 1969 каляровае) вядзе перадачы па 2 агульнанац. праграмах; з 1959 дзейнічае кабельнае тэлебачанне. Аўстрыя належыць да тэлекамунікацыйнай спадарожнікавай сістэмы ІНТЭЛЬСАТ, супрацоўнічае з міжнар. арг-цыяй ІНТЭРСПАДАРОЖНІК, удзельнічае ў стварэнні праграмы спадарожнікавага тэлебачання 3САТ.
Літаратура. У 11—12 ст. у манастырах развівалася духоўная л-ра на лац. мове. У 12—13 ст. у Аўстрыі створаны агульнагерм. помнікі гераічнага эпасу («Песня пра Нібелунгаў», «Плач пра Нібелунгаў», «Дзітрых Бернскі», «Кудрун»), развіваліся мінезанг (гл.Мінезінгеры) і прыдворная рыцарская паэзія (У. фон Ліхтэнштайн). Рэакцыяй на рыцарскую л-ру стала «прыдворная вясковая паэзія» (Н. фон Роенталь). Уздым гарадоў у 13 ст. выклікаў з’яўленне бюргерскай л-ры, скіраванай супраць феадалаў, рыцараў, духавенства (Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Г.Тэйхнер і інш.). Выразнікам ідэй Адраджэння ў аўстр. л-ры стаў паэт, драматург і гісторык К.Цэльтыс. З 16 ст.л-ра пад уплывам рэакц. палітыкі Габсбургаў і каталіцкай царквы. У канцы 16 — пач. 17 ст. яна стала вылучацца з агульнагерм. рэчышча, набываць нац. рысы. Адметную афарбоўку мела ў Аўстрыі культура барока, якая прадвызначыла развіццё л-ры па шляху сінтэзу каталіцызму і асветніцкага рацыяналізму: «Запіскі аб маскоўскіх справах» З.Герберштэйна, пропаведзі і духоўна-дыдактычныя творы Абрахама а Санкта-Клара, містэрыі і міраклі «тэатра езуітаў», камедыі І.А.Страніцкага і інш. У творах 2-й пал. 18 ст. адчуваецца ўплыў ідэй франц. і ням. Асветніцтва (журналісты І.Рыхтэр і І.Пецль, паэт А.Блумаўэр). Буйнейшыя прадстаўнікі рамантызму ў л-ры 1-й пал. 19 ст. — Ф.Грыльпарцэр (пачынальнік самабытнай аўстр. л-ры), Н.Ленаў з яго цягай да бідэрмеера («камернага» рэалізму). Бідэрмеер расквітнеў у венскім нар. т-ры (драматургія Ф.Раймунда і І.Н.Нестрая). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму (творы Нестрая, А.Штыфтэра, Л.Анцэнгрубера). У творчасці Ф. фон Заара, П.Розегера, М. фон Эбнер-Эшэнбах, Л.Захер-Мазаха і інш. проціборствуюць рэаліст. і натуралістычныя тэндэнцыі. На мяжы 19—20 ст. узніклі разнастайныя літ.-эстэт. канцэпцыі і кірункі. На развіццё л-ры уплывалі махізм, фрэйдызм, неапазітывізм, фенаменалогія Э.Гусерля, «дыялектычная фізіягноміка» Р.Каснера, «містычны іудаізм» М.Бубера, ідэалогія сіянізму Т.Херцля. Тэарэтыкам мадэрнісцкіх плыняў стаў пісьменнік і крытык Г.Бар. У канцы 19 ст. на літ. арэну выйшаў імпрэсіянізм (П.Альтэнберг). Пераадольваючы неарамант. дэкаданс і эстэтызм, у рэаліст. кірунку развівалася творчасць прадстаўнікоў венскай школы мадэрну (Г. фон Гофмансталь, А.Шніцлер, Альтэнберг). Вяршыня нямецкамоўнай і еўрап. лірыкі пач. 20 ст. — паэзія Р.М.Рыльке. У рэчышчы экспрэсіянізму працавалі Г.Тракль, Ф.Верфель. З пазіцый класічна-нарматыўнага рэалізму палеміку з экспрэсіяністамі вёў сатырык К.Краўс, выдавец апазіцыйнага час. «Die Fackel» («Факел», 1899—1936). У перыяд паміж сусв. войнамі развівалася творчасць Ф.Кафкі, С.Цвэйга, Верфеля, Р.Музіля, Г.Броха, І.Рота, Х. фон Додэрэра, Э. фон Хорвата і інш. Распад Аўстра-Венгрыі, успрыняты імі як трагедыя, спрыяў пошуку новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, глыбокаму пранікненню ў сутнасць грамадскіх адносін. У перыяд далучэння Аўстрыі да гітлераўскай Германіі многія пісьменнікі эмігрыравалі (Цвэйг, Рот, Музіль, Брох). У пасляваен. час найб. значныя дасягненні звязаны з творчасцю паэтаў філас. складу П.Цэлана і І.Бахман. Пасля «Новай хвалі» і ўспышкі неаавангардызму ў 1970-я г.аўстр. літаратары вярнуліся да рэаліст. прыёмаў (Т.Бернхард, П.Хандке, Б.Фрышмут). З гуманіст. пазіцый выступілі Г.Айзенрайх, Ф.Каін, К.Буста.
На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: «Санеты Арфею» (1982) Рыльке, «Зірні ў паток» (1991) Ленаў, «Пякучая таямніца» (1994) Цвэйга. У бел. перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы В. фон дэр Фогельвайдэ, Рыльке, Ленаў, Тракля, В.Томана, Верфеля, Т.Крамера, Ф.Хабека, Кафкі, Цвэйга і інш. На бел. мову іх перакладалі В.Сёмуха, М.Навіцкі, А.Зарыцкі, М.Танк, Л.Баршчэўскі, У.Чапега.
Архітэктура. У ант. перыяд тут будавалі крэпасці рым. гарнізонаў з форумам у цэнтры, акведукамі, тэатрамі, храмамі, тэрмамі. У сярэднявеччы напачатку панаваў раманскі стыль (базілікі ў Гурку і Зекаў, 11—13 ст.), потым гатычны (сабор св. Стэфана, 1340—1435, царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ ў Вене і замак Рабенштайн у Ціролі, 12 ст.). У эпоху Адраджэння вызначальнымі тыпамі пабудоў былі бюргерскія дамы і муніцыпальныя будынкі, упрыгожаныя рэнесансавым дэкорам і кампазіцыямі ў тэхніцы сграфіта. У гарадах ствараліся рыначныя плошчы з ратушай, вежай з гадзіннікам і званамі. У эпоху барока (17—18 ст.) вакол Вены будаваліся палацы, якія разам з рэгулярнымі садамі стваралі адкрытыя ансамблі; асабліва вылучаюцца Бельведэр (арх. І.Л.Гільдэбрант) і пабудовы І.Б.Фішэра фон Эрлаха. Велічныя палацы, манастыры і цэрквы пабудаваны ў правінцыяльных гарадах (Зальцбург, Мельк і інш.). У 2-й пал. 18 ст. архітэктары Аўстрыі пераймалі прынцыпы франц. класіцызму (паркавыя збудаванні «Гларыета» ў Шонбруне). У 1850—80-я г. ў Вене на месцы крапасных валоў і ўздоўж іх пабудавана шырокая кальцавая магістраль Рынгштрасэ са шматкватэрнымі жылымі дамамі, дамамі палацавага тыпу, грамадскімі будынкамі. Параднасць т.зв. «стылю Рынгштрасэ» паўплывала на ўсталяванне эклектызму ў еўрап. архітэктуры. З канца 19 ст. супраць засілля эклектызму выступілі прадстаўнікі венскага мадэрну, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Венскі Сецэсіён» (І.Ольбрых, О.Вагнер, І.Гофман) і стварылі свой варыянт стылю мадэрн. Адмаўленне ад дэкар. празмернасці мадэрну, імкненне да геам. прастаты і яснасці аб’ёмаў найб. выявілася ў творчасці арх. А.Лоза. Для архітэктуры 1920—30-х г. характэрны рацыянальная планіроўка жылых масіваў, рабочых пасёлкаў, грамадскіх будынкаў (Ф.Шустэр, І.Франк), нац. рамантыка (К.Гольцмайстэр). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць дасягненні «Сецэсіёна», прыёмы і метады функцыяналізму, што вядзе да стварэння унікальных арх. аб’ектаў (гар. зала універсальнага прызначэння Штатгале ў Вене і інш.).
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Аўстрыі выяўлены шматлікія помнікі мастацтва палеаліту і неаліту (у т. л. «Венера з Вілендорфа»), керамічныя і бронзавыя вырабы часоў гальштацкай культуры, узоры мастацтва кельтаў, рымскай эпохі (1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры). Вядомы фрэскавыя цыклы ў Зальцбургу, рукапісы, упрыгожаныя мініяцюрамі («Евангелле Бертольда», каля 1050). У скульптуры доўга захоўвалася арнаментальна-плоскасная трактоўка фігур. У гатычнай скульптуры і станковым жывапісе ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. У статуях сабора св. Стэфана ў Вене (каля 1375—90) прыкметнае ўздзеянне мастацтва кола П.Парлера. З 15 ст. выяўляюцца рысы Адраджэння (творы скульпт. Я.Кашаўэра, жывапісца Р.Фруаўфа Старэйшага, асабліва М.Пахера). У 16 ст. пабольшала цікавасць да быт. сюжэта, партрэта, пейзажа, вылучаліся работы майстроў дунайскай школы. Міжнар. прызнанне атрымала мастацтва эпохі барока (17—18 ст.), яго вяршыня — творчасць жывапісца Ф.А.Маўльберча, скульптараў Б.Пермазера, Г.Р.Донера, Ф.К.Месершміта. Для рамантызму 19 ст. характэрна цікавасць да дэталяў побыту, імкненне да непасрэднасці і лірычнасці (І.А.Кох). Гэтыя рысы развіты прадстаўнікамі бідэрмеера (М. фон Швінд, Ф.Вальдмюлер і інш.). З канца 19 ст. цэнтрам новых плыняў у выяўл. мастацтве стаў «Сецэсіён». Яго вядучы прадстаўнік Г.Клімт стварыў поўны вытанчанай фантазіі венскі варыянт стылю мадэрн. На пач. 20 ст. сфарміравалася прасякнутая фантастыкай і містыкай творчасць А.Кубіна. Гал. прадстаўнік экспрэсіянізму — О.Какошка. У 2-й пал. 20 ст. побач з абстракцыянізмам (скульпт. Ф.Вотруба), т.зв. венскім неасюррэалізмам (жывапісец Э.Фукс) і інш. мадэрнісцкімі плынямі развіваюцца традыцыі рэалізму (творы І.Добраўскі, кола О.Файля і інш.).
Музыка. Да пач. нашай эры на тэр. Аўстрыі асноўнай была культура кельтаў. У 1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры пашырыўся эліністычны ўплыў. Да канца 19 ст.аўстр. музыка развівалася па шляху аб’яднання многіх нац. традыцый (аўстр., славенскай, харвацкай, сербскай, мараўскай, чэш., венг., цыганскай, рум., укр., ням., італьян. і інш.). Найб.стараж. формамі аўстр. фальклору з’яўляюцца імітацыйныя песні-іодлі горцаў-пастухоў, рэчытатыўныя песні-прытчы (т.зв. шпрухі). У 19 ст. пашыраны нар. песні і танцы, харавое і інстр. музіцыраванне.
У 8—12 ст. цэнтрамі прафес., у асноўным царк., муз. культуры былі манастыры і храмы, дзе існавалі школы пеўчых і арганістаў. У 12—14 ст. са свецкай муз.-паэт. культуры шпільманаў і вагантаў сфарміраваліся прыдворная капэла і цэх гар. музыкантаў, узнікла прыдворнае мастацтва мінезінгераў. Муз. мастацтва эпохі Адраджэння (14—16 ст.) развівалася пераважна ў прыдворным асяроддзі: засн. Венская прыдворная капэла (1498), муз. капэлы ў Зальцбургу, Інсбруку, Грацы; актывізавалася нотадрукаванне (Вена, Зальцбург, Грац); склаўся і пласт гар.быт. музыкі. У 17 ст. пачалося станаўленне аўстр.т-ра. У 1620 адкрыты т-р у Венскім калегіуме езуітаў, муз.-драм. пастаноўкі якога папярэднічалі оперным спектаклям у Гельбруне і т-ры бенедыкцінскага ун-та ў Зальцбургу. Пад уплывам італьян. музыкі ў сярэдзіне 17 ст. ў Вене створана італьян. прыдворная трупа. У 1708 адкрыты прыдворны т-р, у якім разам з італьян. выступалі і аўстр. спевакі, ставіліся аўстр. оперы. У творчасці аўстр. кампазітараў барока (Г.І.Ф.Бібер і Г.Муфат) упершыню выявілася нац. спецыфіка. У сярэдзіне 18 ст. пашыранымі сталі арыстакратычныя хатнія т-ры і капэлы, канцэртныя аб’яднанні. Муз. цэнтрам Вены стаў «Бургтэатр» (1741). З 1712 у «Кернтнертортэатры» (засн. ў 1709) ставіліся спектаклі венскай муз. камедыі і нац. камічнай оперы — аўстр. зінгшпіля, вяршыня якога — «Чароўная флейта» (1791) В.А.Моцарта. У сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. ў Вене працавалі прадстаўнікі ранняй венскай (Муфат, Г.К.Вагензайль, М.Мон) і венскай класічнай школы (І.Гайдн, Моцарт, Л.Бетховен, блізкі да іх К.В.Глюк), якія зацвердзілі класічныя формы сімфоніі, уверцюры, санаты, канцэрта, квартэта і інш.Вял. значэнне для рэфармавання опернага жанру мелі оперы Моцарта («Вяселле Фігера», 1786; «Дон Жуан», 1787), Глюка і Гайдна. «Рэквіем» і меса c-moll Моцарта — кульмінацыя развіцця традыцый аўстр. духоўнай музыкі. У 19 ст. традыцыі венскай класічнай школы прадаўжалі кампазітары-рамантыкі, у т. л. Ф.Шуберт, І.Брамс, А.Брукнер, Г.Малер. У творчасці сям’і Штраусаў і І.Ланера зацвердзілася танцавальная музыка, пераважна венскі вальс, і інш.быт. жанры. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склалася венская аперэта. Яе класічныя ўзоры — «Цудоўная Галатэя» (1865) Ф.Зупе, «Лятучая мыш» (1874) І.Штрауса-сына, «Сільва» (1915) І.Кальмана. Другім муз. цэнтрам Аўстрыі ў сярэдзіне 19 ст. стаў Зальцбург, дзе ў 1841 адкрыты міжнар. цэнтр моцартазнаўства Моцартэум. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры Аўстрыі зрабілі Малер і Р.Штраус, пад кіраўніцтвам якіх у Венскай прыдворнай оперы (з 1918 Венская дзярж. опера) адбыліся прэм’еры многіх значных сучасных опер. У 1922 у Зальцбургу засн.Міжнар.т-ва сучаснай музыкі. Новая венская школа зрабіла моцны ўплыў на развіццё сусв.муз. мастацтва. Яе прадстаўнікі А.Шонберг, А.Берг, А.Веберн распрацоўвалі новыя маст.-эстэт. і тэхніка-кампазіцыйныя прынцыпы (дадэкафонія, серыяльнасць і інш.). Музыка Аўстрыі 20 ст. ўключае розныя кірункі, у т. л. неакласіцызм (Э.Тытэль, А.Уль), неафалькларызм (В.Келер), авангардызм (Э.Кшэнек), творчасць паслядоўнікаў новай венскай школы (Э.Велес, Г.Э.Апостэль, Г.Елінек), аўтараў аперэт (Р.Штольц, Н.Досталь), опер (Г.Айнем). Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Бём, Г.Караян; піяністы П.Бадура-Скода, Ф.Гульда, І.Дэмус; спевакі Х.Гюдэн, А.Дэрмота, І.Зефрыд, К.Людвіг, Э.Шварцкопф. У Вене працуюць Венская дзярж. опера (з 1918), т-р «Фольксопер» (з 1898), Венскі філарманічны аркестр (з 1842), муз. выд-вы, т-вы, Саюз кампазітараў (з 1913), Акадэміі музыкі і сцэнічнага мастацтва ў Вене (з 1817), Грацы (з 1963), Зальцбургу (з 1914), кансерваторыі ў Клагенфурце (з 1931) і Вене (з 1938). У буйных гарадах праводзяцца міжнар.муз. конкурсы і фестывалі.
Тэатр. Станаўленне нац.т-ра ў Аўстрыі пачалося ў 16 ст., калі вандроўныя трупы акцёраў-імправізатараў паказвалі сцэнкі з нар. жыцця, гал. герой якіх — камічны персанаж Гансвурст. У 17—18 ст. у Вене існавалі прыдворны т-р і школьны т-р езуітаў. У 1628 пабудаваны т-р у Інсбруку, пазней — у Грацы, Лінцы, Зальцбургу, Бадэне. У 1712 акцёр і драматург І.А.Страніцкі стварыў у Вене пастаянны нар.т-р, у 1741 адкрыты «Бургтэатр», дзейнасць акцёраў і рэжысёраў якога грунтавалася на рэаліст. традыцыях нац.тэатр. мастацтва (у 19 ст. — С.Шродэр, М.Корн, Г.Аншуц, К.Фіхтнер, І.Шрэйфогель, Г.Лаўбе, А.Зоненталь, І.Левінскі, Ш.Вольтэр, Ф.Дзінгельштэт, у 20 ст. — І.Кайнц, Р.Аслан, Э.Бальзер, К.Дорш і інш.). У канцы 18 — пач. 20 ст. ў прадмесцях Вены працавалі дэмакр. т-ры, якія працягвалі традыцыі нар.т-ра, а іх акцёры-драматургі Ф.Раймунд і І.Н.Нестрай стварылі своеасаблівы жанр нац. камедыі. У рэпертуары т-раў 19 — пач. 20 ст. пераважалі п’есы аўстр. драматургаў Ф.Грыльпарцэра, Л.Анцэнгрубера, Г.Гофмансталя, А.Шніцлера, ставіліся і класічныя замежныя творы. У 1920—30-я г. асаблівую вядомасць набыў «Іозефштаттэатр» (засн. ў 1778), якім у 1924—38 кіраваў М.Райнгарт. Пасля 2-й сусв. вайны аднавілі дзейнасць нац. т-ры, у т. л. «Бургтэатр» і «Фольксопер». У 1948 створаны т-р «Скала». З канца 1940-х г. папулярнымі сталі паўпрафесійныя калектывы, т.зв. «келертэатры» («падвальныя тэатры»). Цэнтр тэатр. мастацтва краіны — Вена, дзе знаходзяцца «Бургтэатр», «Штатсопер», «Фольксопер», прыватныя т-ры, Ін-т тэатразнаўства. У Зальцбургу штогод адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі (з 1920).
Кіно. З 1896 у Вене дэманстраваліся фільмы вынаходнікаў кінематографа братоў Люм’ер. Першыя айч. кінастужкі знялі каля 1908 Ф.Дорман, І.Якабсан і Г.Ганус. З 1912 кінавытворчасцю займаліся фірмы «Саша-фільм» і «Вінер Кунстфільм» (рэж. Г.Марышка і К.Зоскі). Пасля 1-й сусв. вайны ствараліся пераважна відовішчныя карціны (рэж. А.Корда, М.Кертыц). Уклад у экспрэсіянізм зрабілі фільмы Г.В.Пабста, Э.Куна, В.Краўса, Р.Віне. З’яўленне гукавога кіно на некалькі гадоў зрабіла Вену сталіцай сентыментальных камедый і муз. фільмаў (рэж. В.Форст, Г.Якобі, Марышка, Г. фон Больвары, Э.В.Эма; акцёры і спевакі М.Іорыц, І.Новатна, З.Ліндэр, П.Веселі, В.Чэхава, М.Шнайдэр, В.Альбах-Рэці). Пасля 2-й сусв. вайны ў кіно Аўстрыі працавалі рэжысёры Г.Койтнер («Апошні мост»), Пабст («Працэс», «Апошняя дзея»); значнае месца па-ранейшаму займалі муз. фільмы («Гераічная сімфонія», «Франц Шуберт», «Улюбёнец Вены») і фільмы-рэвю («Дзіця Дуная», «Залатая сімфонія», «Чароўнае рэвю»). Дэбютавалі рэжысёры К.Штайнвендэр, Э.Збоўска, П.Кубелка. Многія акцёры Аўстрыі выехалі за мяжу (Максімілян і Марыя Шэл, Н.Тылер, К.М.Брандаўэр, Р.Шнайдэр). З 1966 у Вене кожныя 2 гады адбываецца міжнар. кінафестываль Венале.
Беларусы ў Аўстрыі з’явіліся ў 2-ю сусв. вайну, якая выклікала 3-ю хвалю эміграцыйнага руху. Найб.бел. асяродкі былі ў г. Зальцбург і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 на ваен. фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі А.Змагара працавала школа для дзяцей. Тут выкладалі паэт А.Салавей, мастак П.Мірановіч. Група бел. літаратараў на чале з Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (№ 1—4, 1946), «З беларускага жыцця» (№ 1—38, 1946—47). У Верхняй Аўстрыі працавалі 2 бел. школы: у Кірхсгайме (1945) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948), дзе настаўнікам быў А.Яцэвіч. З пач. 1950-х г. у Вене дзейнічае т-ва «Родина», якое займаецца культ.-асв. работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае т-ва А.Э.Кухар; яго аддзелы працуюць у Зальцбургу (старшыня Т.Н.Гаўрылюк), Інсбруку (старшыня А.П.Радл).
Літ.:
Сакалоўскі У.Л. Нямецкая і аўстрыйская літаратура ў Беларусі // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Schmidt A. Dichtung und Dichter Österreich im. 19. und 20. Jahrhundert. Bd. 1—2.Salzburg;
Stuttgart, 1964;
Feuchtmuller R. Kunst in Österreich. Bd. 1—2. Wiena, 1972—73;
Die Kunst der 70-er Jahre in Österreich. Wiena, 1980;
Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;
Черная Е. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Яе ж. Австрийский музыкальный театр до Моцарта. М., 1965.
Герб і сцяг Аўстрыі.Да арт.Аўстрыя. Ландшафт у паўночным Ціролі.Да арт.Аўстрыя. Статак кароў на пашы на ўсходзе краіны (зямля Бургенланд).Да арт.Аўстрыя. Сялянская сядзіба ў Альпах (зямля Зальцбург).Да арт.Аўстрыя. Вінаграднікі ў даліне Дуная (зямля Ніжняя Аўстрыя).Да арт.Аўстрыя. Царква на Рынгштрасэ ў Вене. Арх. Г.Ферстэль. 1856—79.Да арт.Аўстрыя. Адна з залаў палаца Разумоўскага ў Вене. Арх. Л.Мантуае. 1805— 11.Да арт.Аўстрыя. Фрагмент інтэр’ера манастыра ў г. Мельк.Да арт.Аўстрыя. Марыя-Тэрэзіенштрасэ з калонай св. Ганны (1706) у Інсбруку.Да арт.Аўстрыя. Панарама Зальцбурга.Да арт.Аўстрыя. Дом Штайнера ў Вене.Да арт.Аўстрыя. І.А.Кох. Каскад. 1796.Да арт.Аўстрыя. «Маёлікавы дом» у Вене. Арх. О.Вагнер. 1898—99.Да арт.Аўстрыя. Клавікорды венскай работы. Майстар М.Зейферт. Чырвонае дрэва, бронза. Каля 1810.Да арт.Аўстрыя. М.Швінд. Сімфонія. 1840-я г.Да арт.Аўстрыя. Г.Клімт. Чырвоныя рыбкі. 1901-02.