ШАРШАНЕ́ВІЧ Вадзім Габрыелевіч (6.2.1893, Казань, Татарстан — 18.5.1942),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т. Прымыкаў да футурызму, у 1919—24 адзін з прадстаўнікоў імажынізму. Першая кніга паэзіі — «Вясновыя праталінкі» (1911). Тэарэт. погляды выклаў у працах «Футурызм без маскі» (1913), «Зялёная вуліца» (1916), «2×2=5. Лісты імажыніста» (1920) і інш. У паэт. кнігах «Рамантычная пудра», «Экстравагантныя флаконы» (абедзве 1913), «Вечны жыд» (1916), «Крэматорый» (1919), «Залаты кіпень» (1921, з А.​Марыенгофам і С.​Ясеніным), «Адна суцэльная недарэчнасць» (1922) і інш. урбаністычныя матывы, тэмы кахання і мастацтва. У гады грамадз. вайны разам з У.​Маякоўскім пісаў тэксты для «Вокнаў РОСТА». Аўтар інсцэніровак, лібрэта, мемуараў і інш. Пераклаў «Кветкі зла» Ш.​Бадлера, асобныя п’есы У.​Шэкспіра, П.​Карнеля, Б.​Брэхта, вершы Т.​Гацье, А.​Рэмбо і інш.

т. 17, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТЛЕРАЎ Аляксандр Міхайлавіч (15.9.1828, г. Чыстапаль, Татарстан — 17.8.1886),

рускі хімік, заснавальнік рус. школы хімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1874). Скончыў Казанскі ун-т (1849), у якім і працаваў, праф. (1857), у 1860 і 1863 рэктар. З 1868 праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па арган. сінтэзе і тэорыі хім. будовы. Адкрыў новы спосаб сінтэзу ёдзістага метылену (1858), атрымаў уратрапін і палімер фармальдэгіду (1861), які выкарыстаў для сінтэзу цукрыстага рэчыва «метыленітану». Стварыў тэорыю хім. будовы, паводле якой уласцівасці рэчываў абумоўлены парадкам сувязей атамаў у малекулах і іх узаемным уплывам (1861). Растлумачыў з’яву ізамерыі (1864). У 1864 выдаў кнігу «Уводзіны да поўнага вывучэння арганічнай хіміі», дзе тэорыя хім. будовы ўпершыню пашырана на ўсе класы арган. злучэнняў.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1953—58.

Літ.:

Быков Г.В. А.​М.​Бутлеров: Очерк жизни и деятельности. М., 1961.

А.М.Бутлераў.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛАВА Галі Сямёнаўна (10.3.1904, г. Казань, Татарстан — 14.12.1991),

расійскі этнограф. Д-р гіст. н. (1963). Скончыла Маскоўскі ун-т (1924). Працавала ў Музеі Цэнтральнапрамысл. вобл., Музеі народаў СССР. У 1947—70 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Даследавала агульныя рысы і своеасаблівасць нар. адзення, арнаменту, вышыўкі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, абрадавыя функцыі нар. адзення ўсх.-слав. народаў, яго гісторыю, сац. сімволіку і эстэтыку. На матэрыялах адзення вывучала гіст.-культ. сувязі беларусаў з рускімі і ўкраінцамі, этнічныя працэсы ў СССР. Аўтар прац «Народнае адзенне рускіх, украінцаў і беларусаў у XIX — пачатку XX ст.» (1956), «Народнае адзенне ва ўсходне-славянскіх традыцыйных звычаях і абрадах XIX — пачатку XX ст.» (1984). Адзін з аўтараў працы «Сучасныя этнічныя працэсы ў СССР» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1981).

Тв.:

Орнамент русской народной вышивки как историко-этнографический источник. М., 1978.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ГНЕР Вера Мікалаеўна (7.7.1852, с. Хрыстафораўка, Татарстан — 15.6.1942),

дзеяч рэв. народніцтва ў Расіі. Вучылася ў Цюрыхскім і Берлінскім ун-тах (1872—75). У народніцкім руху з 1873. З 1879 чл. Выканкома «Народнай волі», удзельнічала ў падрыхтоўцы замахаў на цара Аляксандра II у Адэсе (1880) і Пецярбургу (1881), арганізавала забойства адэскага ваен. пракурора ген. Стрэльнікава (30.3.1882), падтрымлівала сувязі з бел. нарадавольцам М.​Э.​Янчэўскім. У 1882—83 спрабавала аднавіць разгромленую паліцыяй «Нар. волю». 22.2.1883 арыштавана і прыгаворана да смяротнага пакарання, замененага катаргай. Да кастр. 1904 зняволена ў Шлісельбургскай крэпасці, потым — у ссылцы. У 1906 выехала за мяжу, дзе праводзіла кампанію ў абарону рас. паліт. зняволеных. У 1907—09 належала да эсэраў. З 1915 у Расіі, займалася пераважна літ. дзейнасцю.

Тв.:

Запечатленный труд: Воспоминания. Т. 1—2. М. 1964.

Літ.:

Матвеева И.Е. Вера Фигнер. М., 1961.

М.​В.​Біч.

т. 16, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАСТО́Ў Уладзімір Міхайлавіч (24.6.1905, Казань, Татарстан — 9.3.1972),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1964), чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1965), АН ГДР (1967). Вучыўся ў Казанскім ун-це (1922—26). З 1934 дац., праф. Маскоўскага ун-та. У 1944—45 і 1957—59 у апараце ЦК КПСС. У 1945 дырэктар Вышэйшай дыпламат. школы Наркамата замежных спраў СССР, у 1946—54 заг. кафедры міжнар. адносін Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У 1959—67 дырэктар Ін-та гісторыі АН СССР, у 1967—71 прэзідэнт Акадэміі пед. навук СССР, з 1971 акад.-сакратар Аддзялення гісторыі АН СССР. Аўтар і рэдактар прац па гісторыі новага часу і міжнар. адносін. Дзярж. прэміі СССР 1942 і 1946.

Тв.:

История дипломатии. Т. 2. 2 изд. М., 1963;

История внешней политики СССР. Ч. 1—2. М., 1966—71 (у сааўтарстве).

т. 16, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́ПАЎ Харыс Абдрахманавіч (н. 23.12.1919, Казань, Татарстан),

татарскі жывапісец. Нар. маст. Расіі (1963). Нар. маст. СССР (1980). Правадз. чл. Рас. АМ (1997). Скончыў Казанскае маст. вучылішча (1939), вучыўся ў Цэнтр. студыі ў Маскве (1946). У 1948—52 выкладаў у Казанскім маст. вучылішчы, з 1976 кіраўнік Творчай майстэрні жывапісу Рас. АМ. Стварае гіст. і жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, якія вылучаюцца яркасцю каларыту, свабоднай жывапіснай манерай: «Падпісанне У.​І.​Леніным дэкрэта аб утварэнні Татарскай АССР» (з Л.​Фатахавым, 1950), «Пралог» (1970), «Чэлнінскія прыгажуні» (1975), «Золата Татарыі» (1976), «Казанскія студэнты» (1980), «Мае шалінцы» (1985), «Мастакі. Франтавыя дарогі...» (1986), «Мая аднапалчанка М.​Шчарбак» (1990), «Памяці паэта Г.​Тукая» (1995). Аўтар ілюстрацый да кніг. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Рэпіна 1976. Дзярж. прэмія Татарстана імя Г.​Тукая 1995.

Тв.:

Живопись — любовь моя..! Казань, 2000;

Память. Казань, 2003.

т. 18, кн. 1, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЕ́ЦКІ Аляксандр Іванавіч (2.11.1884, г. Казань, Татарстан — 2.8.1961),

украінскі літаратуразнавец. Акад. АН СССР (1958), АН Украіны (1939). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1907). Дырэктар Ін-та л-ры імя Т.​Шаўчэнкі АН Украіны (1939—41, 1944—61), гал. рэдактар час. «Радянське літературознавство» (1957—61). Даследаваў праблемы гісторыі ўкр. і сусв. л-ры (працы: «Зараджэнне драматычнай літаратуры на Украіне», 1923; «Слова аб палку Ігаравым» і ўкраінская літаратура XIX—XX ст.», 1958; «Мастацкая проза. І.​Франко», 1956; «Пушкін і Украіна», 1938; «Паэма Дантэ», 1956, і інш.). Працаваў у галіне тэорыі і псіхалогіі літ.-маст. творчасці. Пытанні гісторыі бел. л-ры і ўкр.-бел. літ. узаемасувязяў — у даследаваннях «Вершы Сімяона Полацкага на тэмы з усеагульнай гісторыі» (1914), «Сімяон Полацкі і ўкраінскае пісьменства XVII ст.» (1959), «Украінская літаратура сярод іншых славянскіх літаратур» (1958) і інш.

Тв.:

Зібрання праць. Т. 1—5. Киів, 1965—66.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАТКО́Ў Рыгор Аляксеевіч (1.2.1904, в. Шмялёўка Цяцюшскага р-на, Татарстан — 15.10.1968),

бел. акцёр. Нар. арт. Узбекістана (1946). Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім драм. т-ры (1924). Працаваў у т-рах Іванава, Ташкента, Валгаграда, Фрунзе, Масквы, Вільнюса і інш. З 1950 у Дзярж. рус. т-ры Беларусі, У 1962—67 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Выконваў драм. і характарныя ролі. Артыстычны густ і мастацтва выкарыстання грыму рабілі яго вобразы натуральнымі і партрэтна завершанымі. Сярод роляў у Дзярж. рус. т-ры Беларусі: Калеснікаў і Карнілаў («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Траян («Пад адным небам» А.​Маўзона), Чарнуха («Што пасееш, тое і пажнеш» В.​Палескага), Кенг («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Ягор Булычоў, Цыганоў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.​Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.​Талстога), Шадрын («Чалавек з ружжом» М.​Пагодзіна), Гадун («Разлом» Б.​Лаўранёва), Сілаты («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Фаюнін («Нашэсце» Л.​Лявонава) і інш.

Р.А.Качаткоў.
Р.Качаткоў у ролі Чарнухі.

т. 8, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІНАЎ Анатоль Канстанцінавіч (н. 6.5.1920, г. Казань, Татарстан),

бел. акцёр. Засл. арт. Літвы (1955). Нар. арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю пры Троіцкім драм. т-ры Чэлябінскай вобл. (1938). З 1936 працаваў у тэатрах Літвы, Малдовы і інш. У 1959—89 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Для творчасці Л. характэрны багацце псіхал. фарбаў, шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Працаваў у розных сцэн. жанрах. Сярод роляў: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Тарасаў («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Каравай і Пракусаў («Таблетку пад язык» і «Верачка» А.​Макаёнка), Круціцкі («На ўсякага мудраца даволі прастаты» А.​Астроўскага), Бяссеменаў («Мяшчане» М.​Горкага), Роберт («Вучань д’ябла» Б.​Шоу), дон Хераніма («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра), Марозаў («Вернасць» В.​Бергольц), Капітон Ягоравіч («Шануй бацьку свайго» В.​Лаўрэнцьева), Навум Еўсцігнеевіч і Лысы («Характары» і «Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Сава Марозаў («Трэцяя варта» Г.​Капралава і С.​Туманава), Сталін («Дзеці Арбата» паводле А.​Рыбакова) і інш.

Р.​М.​Бакіевіч.

А.К.Логінаў.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЫРЫ́ Каюм (сапр. Насыраў Габдэлкаюм Габдэлнасыравіч; 14.2.1825, в. Верхнія Шырданы Зеленадольскага р-на, Татарстан — 2.9.1902),

татарскі вучоны-асветнік, пісьменнік. Вучыўся ў медрэсэ ў Казані (1841—55). З 1855 вольны слухач Казанскага ун-та. Заснавальнік першай руска-тат. школы ў Казані. Складальнік граматыкі тат. мовы, слоўнікаў, у т. л. «Татарска-рускага слоўніка» (1875), правілаў правапісу, першых кніг для чытання на рус. мове «Рускае чытанне» (1889), падручнікаў па рус. граматыцы (1891), па матэматыцы, геаграфіі, л-ры, гісторыі, прыродазнаўстве, земляробстве, «Штогадовага настольнага календара» (1871—97). Выдаў працы па тат. фальклоры і этнаграфіі: «Павер’і і абрады казанскіх татар...» (1880), «Узоры народнай літаратуры казацскіх татар» (1896), «Казкі казанскіх татар у супастаўленні з казкамі іншых народаў» (1900, з П.​Л.​Паляковым). Аўтар «Аповесці аб сарака везірах» (1868), аповесцей «Авіцэна» (1872), «Кабуснама» (1881), павучальна-дыдактычнай «Кнігі для субяседнікаў па літаратуры» (1884), навук.-папулярных твораў для дзяцей «Вольнай часінай» (1860). Яго навелы садзейнічалі развіццю нац. маст. прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произведения. Казань, 1977.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)