вы́ведаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і з дадан. сказам.
1. Выпытаць, вызнаць што‑н. такое, што трымаецца ў тайне. Выведаць тайну. Выведаць намеры. □ Войту трэба прасачыць і выведаць, куды прапаў дзед Талаш. Колас. // Разм. Разведаць, высачыць. Неабходна было выведаць, дзе стаяць немцы і дзе іх няма, якімі дарожкамі і якімі сцежкамі трэба прабірацца, каб не наткнуцца на ворага. Кулакоўскі.
2. Разм. Спазнаць што‑н. асабіста, на ўласным вопыце; зазнаць, зведаць. У плач кінулася Насця. У слёзы гаспадыні, што выведала ўжо ў маладыя гады хатнюю таўкатню. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мане́р, ‑а, м. (ужыв. толькі ў В і Т скл.).
Спосаб дзеяння, лад, узор. Андрэй дастае .. шчарбаты чайнік, налівае яго вадою з тэндэра і.. прымайстроўвае чайнік да топкі.. Такім жа манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Лынькоў. На працу .. [даяркі] ішлі ў добрым, пашытым на сучасны манер адзенні. Хведаровіч. / у знач. прыназ. у спалуч. з «на». — Як ты мяркуеш, Мартыне, — парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, — ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска? Колас.
•••
На адзін манер — аднолькавы, падобны; аднолькава, падобна.
На свой манер — па-свойму, не так, як іншыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
1. Узяць пад сваю ўладу каго‑, што‑н.; прымусіць слухацца каго‑н. [Маці] хочацца пасварыцца і ў гэтай сварцы перамагчы Платона, на ўсё жыццё падпарадкаваць яго сабе. Асіпенка.
2. Паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н., прымусіць дзейнічаць адпаведна чаму‑н. Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы агульным. Колас. [Булай:] — Плану і толькі плану мы павінны падпарадкаваць усё. Шыцік.
3. У граматыцы — звязаць паводле спосабу падпарадкавання (у 2 знач.). Падпарадкаваць даданы сказ галоўнаму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прынале́жнасць, ‑і, ж.
1. Уваходжанне ў склад чаго‑н., дачыненне да чаго‑н. Нацыянальная прыналежнасць. □ Праўда, ад мундзіра застаўся толькі пакрой і матэрыя, усе ж адзнакі яго прыналежнасці да катэгорыі мундзіраў польскіх вайскоўцам — каўнер, гузікі з белымі арламі — дзед Талаш павыпорваў. Колас. [Надзя:] — І ўсіх [людзей] будзе аб’ядноўваць прыналежнасць да адной партыі, партыі камунізма. Лынькоў.
2. Неад’емная ўласцівасць, прыкмета чаго‑н. У п’есах Марцінкевіча важная роля адводзіцца куплету, які раней быў абавязковай прыналежнасцю вадэвіля. Ярош. Наяўныя ў ранніх беларускіх пісьмовых помніках царкоўнаславянізмы былі амаль выключна прыналежнасцю кніжнай пісьмовай мовы. Жураўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
алавя́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены з волава. На камодзе.. стаялі.. алавяныя з замыславатымі ўзорамі талеркі. Бядуля. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю. Колас.
2. Які складаецца з волава, мае ў сабе волава. Алавяныя зліткі. Алавяныя руды. Алавяная соль. // Звязаны са здабычай, апрацоўкай волава. Алавяны руднік. Алавяная прамысловасць.
3. Чым‑н. падобны да волава, такі, як у волава. Ночы свае недаспаныя Трэба скасіць і звязаць, Звезці снапы алавяныя, Працы палову аддаць. Танк. І зноў над вёскай плылі дні У чорных хмарах алавяных, Галечу ўсім няслі яны, Згрызоты новыя і раны. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лясны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да лесу, уласцівы яму. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў. Паглядае восень слёзна З засені лясной. Прыходзька. // Які жыве, расце ў лесе. Лясныя звяры. Лясныя кветкі. // Які знаходзіцца, размешчаны ў лесе. Лясная паляна. Лясное возера. □ Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі. Колас. // Багаты лесам; лясісты. Колькі раздолля ты дорыш жыццю, Край мой узгоркавы, край мой лясны! Гілевіч. // Прызначаны для работы ў лесе. Лясны плуг. Лясная сеялка.
2. Які мае адносіны да лесаводства: звязаны з лесаводствам і эксплуатацыяй лесу. Лясны экспарт. Лясныя матэрыялы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
махну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да махаць (у 1 знач.). Хацяноўскі махнуў пугай, і коні весела пабеглі па прыгожай лясной дарозе. Чарнышэвіч.
2. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. Васіль, пераапрануўшыся ў легіянерскую форму, з пакетам махнуў у тыл. Нікановіч.
3. Разм. Кінуцца. Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Колас.
4. (з прыназ. «у» у В). Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. Махнуць з токараў у свідравальшчыкі.
•••
Махнуць рукой на каго-што — перастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасачы́ць, ‑сачу, ‑сочыш, ‑сочыць; зак., каго-што.
1. Наглядаючы, сочачы, выявіць, высветліць. Войту трэба прасачыць і выведаць, куды прапаў дзед Талаш і што ў яго на думках. Колас. Дзяўчынка паспрабавала прасачыць вачыма, у які бок часцей лятаюць пчолы. Кулакоўскі.
2. Даследаваць, паслядоўна вывучыць працэс развіцця чаго‑н. Важна паказаць у слоўніку не толькі свае ўласныя словы, але і запазычанні, бо, вывучаючы слоўнікавае багацце мовы, можна прасачыць увесь шлях гістарычнага і культурнага развіцця народа, а таксама яго ўзаемаадносіны з іншымі народамі. Гіст. бел. літ. мовы. У апавяданні «Песня» мы прасачылі разам з аўтарам, як чалавек пачынае разумець роднае слова і родную песню. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пы́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Выпускаючы пару, газ, ствараць адрывістыя гукі. Пыхкалі парай паравозы ля дэпо. Лынькоў. Трактар.. завыў, як сірэна, потым пачаў пыхкаць і страляць газам. Кулакоўскі. Неўзабаве на стале пыхкаў параю пузаты самавар. П. Ткачоў. // Час ад часу выпускаць дым (пры курэнні). Пыхкае дзед Талаш люлькаю, выпускаючы дымок за дымком. Колас. // Ствараць гукі, падобныя на пых-пых, пх-пх. Не бяжыць [Алесь], а, здаецца, коціцца, пыхкае, як вожык, стараецца не адстаць ад таварышаў... Ваданосаў. Дрыжачай рукою націскае Андрэй на бліскучы рэгулятар, напружваецца сам, як магутны паравоз, і, радасны, прыслухоўваецца.., як пыхкае пара з-пад бліскучых, гарачых поршняў цыліндра. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уніжэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уніжаць — унізіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. уніжацца — унізіцца. І расказваў дзед Талаш пра свае прыгоды, пра стажок, пра сваё ўніжэнне перад польскімі жаўнерамі, пра іх насмешкі і здзек. Колас. Калі чалавек заскарузне ў сваіх звычках.., дык ужо вельмі цяжка яго перайначваць. Усякая спроба змяніць натуру такога чалавека ў лепшы бок успрымаецца ім як уніжэнне яго асобы. Дуброўскі.
2. Тое, што прыніжае, зневажае чалавека, яго годнасць. Тое, што .. [Яраш] вымушаны рабіць з гэтага бязвіннага наведвання тайну, уніжала і абражала. А ўніжэнне для яго, гордага і незалежнага, было самай страшнай карай. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)