ЛЕВАШО́Ў (Валянцін Сяргеевіч) (6.8. 1915, Масква — 29.8.1994),
расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Нар.арт.СССР (1985). Скончыў Новасібірскае муз. вучылішча (1939), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі. У 1946—62 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Амурскай флатыліі, Сібірскага нар. хору, з 1962 — Рускага народнага хору імя М.Пятніцкага. Аўтар запісаў і апрацовак сібірскіх нар. песень. Сярод твораў: аперэта «Вятры вясновыя» (1964); паэма-кантата «Мая Сібір» (1950), «Паэма аб Амуры» (1949); аркестрава-хар. і вак.-харэаграфічныя сюіты; творы для аркестра нар. інструментаў, для голасу і фп.; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Л,
2 геаграфічныя расы (падвіды) аленя высакароднага: М. алтайскі (Cervus elaphus sibiricus) і М. цянь-шанскі (C. e. songaricus). Пашыраны ў Цэнтр. Азіі (Алтай, Цянь-Шань, Паўд.Сібір, Кітай, Манголія). Жывуць у рэдкалессі, на ўзвышшах, у гарах.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,6 м, маса да 500 кг. Ствол рагоў моцны, тоўсты, ад яго адыходзіць да 7 адросткаў, 4-ы самы вялікі. Расліннаедныя (трава, лісце, кара дрэў, плады, ягады. грыбы, лішайнікі). Нараджаюць 1 дзіцяня. Гадуюць на фермах. Маладыя неакасцянелыя рогі (панты) М. выкарыстоўваюць пры вырабе лек. прэпарату пантакрыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Юзаф Ануфрыевіч) (1800, в. Белічаны Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1840),
польскі пісьменнік, удзельнік нац.вызв. руху. З роду Масальскіх, брат Э.Т.А.Масальскага. Канд. філасофіі. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, скончыў Полацкую езуіцкую) акадэмію (1818). Служыў гувернёрам у Ю.Славацкага ў Вільні. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-вафіламатаў. За ўдзел у паўстанні 1830—31 сасланы ў Сібір. Аўтар аповесці «Яцак» (1823), зб. «Паэзія» (Вільня, т. 1—2, 1827—28), у якіх адбілася бел. тэматыка, папулярных баек, эпіграм, песень, у т. л. «Далібог, скажу маме...», музыку да якой напісаў С.Манюшка (1842).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (1853, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — ?),
удзельнік рэв. руху ў Расіі і Польшчы. У сярэдзіне 1870-х г. вучыўся ў Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, уваходзіў у народніцкія гурткі. У 1878 перавёўся на мед.ф-т Варшаўскага ун-та. Уступіў у Варшаўскую сацыяльна-рэв. арг-цыю, вёў прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. Падтрымліваў кантакты з рэвалюцыянерамі Віцебска, Вільні, Полацка, Пецярбурга. Перапісваўся з дзеячамі польскага сацыяліст. руху В.Урублеўскім, В.Свянціцкім, І.Гласко. У 1878 арыштаваны, зняволены ў Варшаўскую цытадэль. У 1880 сасланы на 5 гадоў ва Усх.Сібір, пасля заканчэння тэрміну ссылкі застаўся ў Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛКІНД (Леанід Самойлавіч) (1861, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 17.9.1929),
удзельнік рэв.-народніцкага руху. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі. У 1880 далучыўся да «Народнай волі». З 1881 студэнт Кіеўскага ун-та, адзін з арганізатараў «Камуны магілёўцаў». У 1882 у нарадавольскай групе А.Бычкова (гл. ў арт.Бычковы), удзельнічаў у аднаўленні разгромленай нарадавольскай арг-цыі Кіева. У 1882 і 1883 арыштаваны, у 1884 высланы на 5 гадоў ва Усх.Сібір, дзе збіраў матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыстаў у ссылцы. З 1889 у Краменчугу, пасля 1917 у Маскве, заг. б-кі Політэхн. музея. Аўтар успамінаў пра народніцкі рух і яго дзеячаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПО́ЛЬСКАЯ [Zapolska; сапр.Корвін-Піятроўская
(Korwin-Piotrowska)] Габрыэля (30.3.1857, в. Падгайцы Луцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 17.12.1921),
польская пісьменніца і актрыса. Выступала ў т-рах Варшавы, Львова, Парыжа. Пачала друкавацца ў 1880-я г. У прозе глыбокі псіхалагізм характараў спалучала з натуралістычнымі тэндэнцыямі (зб. навел «Акварэлі», 1885, «Чалавечы звярынец», 1893, аповесць «Сезонная любоў», 1905). Найб. вядомасць ёй прынеслі драм. творы (п’есы «Жабуся», 1897, «Іх чацвёра», 1907, «Паненка Малічэўская», 1910), асабліва п’еса «Мараль пані Дульскай» (1906, пер. на бел. мову М.Татур, 1958, паст. т-рам імя Я.Коласа ў 1956) — вострая, з’едлівая сатыра на мяшчанства. Аўтар п’ес «Той» (1898), «Сібір» (1899), рамана «Зашуміць лес» (1899).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯЛКО́ЎСКІ ((Kościołkowski) Станіслаў Юльян) (24.10.1881, г. Гродна — 2.9.1960),
польскі гісторык. Праф. (1927). Скончыў гімназію ў Гродне (1900), Ягелонскі ун-т у Кракаве са ступенню д-ра філасофіі (1905). З 1906 выкладаў у гімназіях Вільні, з 1921 узначальваў кафедру гісторыі Польшчы ў Віленскім ун-це. Адзін з заснавальнікаў Т-ва сяброў навук у Вільні (1907), з 1938 яго старшыня. У 1941 арыштаваны і высланы ў Сібір. У жн. 1942 вызвалены, выехаў у Тэгеран, потым у Бейрут. З 1950 у Англіі. Адзін з кіраўнікоў польск. эмігранцкай арг-цыі «Акадэмічная грамадскасць Універсітэта Стафана Баторыя». Аўтар манаграфіі «Антоній Тызенгаўз, надворны падскарбі літоўскі» (т. 1—2, 1970—71).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМО́ВІЧ (Вікенцій Восіпавіч) (каля 1830, в. Пярэсека Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — каля 1880),
удзельнік рэв. руху ў Беларусі ў 1850—60-я г., кампазітар. З казённых сялян. Працаваў арганістам і настаўнікам музыкі ў Навагрудку, настаўнікам сельскай школы і валасным пісарам ў мяст. Паланэчка Навагрудскага пав. Належаў да мінскай рэв. арг-цыі «чырвоных», удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64, вёў прапаганду сярод сялян. Сябраваў з паэтам В.Каратынскім, мастаком Э.Паўловічам. Аўтар музыкі да элегіі Каратынскага «Туга на чужой старане». У сак. 1863 арыштаваны і пасля працяглага зняволення ў мінскай турме сасланы ў Сібір. Памёр у Іркуцку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДА́Н (Bergenia),
род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Азіі. На Беларусі 1 інтрадукаваны від — бадан таўсталісты (Bergenia crassifolia). Радзіма Сібір, Алтай, Д.Усход. Выкарыстоўваецца як дэкар. расліна — для рабатак, камяністых участкаў і групавых пасадак.
Шматгадовая травяністая расліна з пакарочаным сцяблом выш. да 50 см і тоўстым наземным паўзучым карэнішчам. Лісце буйное, скурыстае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках, захоўваецца зімой. Кветкі чырвоныя або белыя, сабраныя па 20—40 у мяцёлчата-шчыткападобныя суквецці. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек., харч. і тэхн. расліна. Мае дубільныя (6—30%) і фарбавальныя рэчывы; адна з крыніц атрымання таніну, гідрахінону, галавай к-ты, арбуціну. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю — т.зв. «мангольскі чай».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКЕ́РКА (Аляксандр Уладзіслававіч) (1830, б. маёнтак Рудакова Хойніцкага р-на Гомельскай вобласці — 24.1.1911),
грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку, удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Чл. Мінскага губ.к-та па ўладкаванні побыту сялян. Удзельнічаў у распрацоўцы праектаў сял. рэформы 1861, у рабоце Віленскай археал. камісіі. У 1862 арганізаваў у Варшаве выданне бел. буквара-катэхізіса («Элементаж для добрых дзетак каталікоў»). Адзін з кіраўнікоў партыі «белых», уваходзіў у склад паўстанцкага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы (загадваў вайсковымі справамі, начальнік г. Вільні). 12.6.1863 арыштаваны, сасланы на катаргу ў Сібір. З 1872 жыў у Варшаве, рэдагаваў час. «Ateneum». У 1885—1904 у Вільні. Памёр у Відзах Лаўчынскіх (Браслаўскі р-н).