хло́пча, клічная форма ад наз. «хлопец», м.

Разм. Ужываецца як сяброўскі зварот да каго‑н. [Дзядуля:] — А ты мне ў дарадчыкі, хлопча, не варты, Яшчэ ты, сынок, не дарос. Бялевіч. Лёня спытаў у мяне: — Адкуль ты, хлопча, будзеш родам? Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Аднакр. да скакаць (у 1, 5 і 8 знач.).

2. да каго-чаго. Падскочыць, хутка падысці. Скочыў да цара Музыка... Танк. Мама скочыла да майго ложка, згрэбла мяне соннага і дрыготка прашаптала: — Блакада, сынок... «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агра́фка, ‑і, ДМ ‑фцы; Р мн. ‑фак; ж.

Разм. Своеасаблівая шпілька, якая ужываецца для прымацавання чаго‑н. да адзення, змацавання тканін; англійская шпілька. — Міша, — пазвала.. [жанчына] раптам маленькага хлопчыка.. — Я табе, сынок, пакладу ў кішэню ключ, а каб не згубіў, прышпілю аграфкай. Карпюк.

[Фр. agrafe.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траску́н, ‑а, м.

1. Жук сямейства лістаедаў, які ўтварае трэск трэннем кончыка брушка аб надкрыллі.

2. Разм. Моцны мароз. — Спі, сынок! — азвалася спрасонку маці. Ён ціха пасядзеў на ложку, пакруціў галавою і, прыслухаўшыся да цемнаты, уцяміў — страляў мароз-траскун у сцяне. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калегава́ць, калягую, калягуеш, калягуе; незак.

Уст. Сябраваць, вадзіць кампанію з кім‑н. Людзі прасцейшыя, дык тыя сыходзяць з тратуара і не турбуюць дворнічышынай работы. Але гэта людзі, якія з.. [дворнічыхай] і калегаваць могуць. Чорны. — Хаця ж, сынок, толькі з добрымі калягуй, не звязвайся з благімі. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

франці́ць, ‑нчу, ‑нціш, ‑нціць; незак.

Разм. Быць франтам, модна адзявацца. Калі вырасце Люся, яна будзе франціць у тонкім вышытым плацці. Чорны. // Выстаўляць напаказ сваё адзенне, прычоску і пад.; красавацца. [Маці:] — Не беражэш ты сябе, сынок. Хоць бы на шыю павязаў што. Ці ж зімой франціць... Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́йска, ‑а, н.

Узброеныя сілы дзяржавы або частка іх; армія. Рэгулярнае войска. Тэрытарыяльнае войска. Сухапутныя войскі. □ [Маці:] — Смела йдзі, сынок, у войска, Барані ты волю. Чарот.

•••

Кадравае войска — пастаяннае рэгулярнае войска, якое ў мірны час мае няпоўны састаў афіцэраў і сержантаў (кадраў) для падрыхтоўкі штогодніх прызываў радавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмясі́ць, ‑мяшу, ‑месіш, ‑месіць; зак., што.

1. Скончыць мясіць. — Перамог ты, сынок, свайго настаўніка, падкасіў. Адмясіў я ўжо сваю гліну, адмясіў... Бялевіч.

2. Разм. Набіць, надаваць. Адмясіць бакі.

3. Разм. Прайсці, месячы нагамі. [Мешкяліс:] — Паспрабуй такую даль адмясіць, дык ні за што і ўзяцца не захочаш. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паце́шны, ‑ая, ‑ае.

Смешны, забаўны. Уся .. [хлопчыкава] пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча. Лынькоў. Пацешны народ гэтыя малыя! Не было такога месяца, каб цудоўны сынок чым-небудзь не здзіўляў Васіля Цімафеевіча... Мележ. [Барсучаняты] былі такія мілыя, пацешныя, што хлопцам і ў думку не прыйшло іх забіваць. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапаві́ць, ‑паўю, ‑паўеш, ‑паўе; ‑паўём, ‑паўяце; зак., каго-што.

1. Спавіць нанава, іначай, яшчэ раз. — Ціха, сынок, ціха, — пачала Валя супакойваць яго. — Зараз перапаўю, і ўсё будзе добра. Карпаў.

2. Абвіць, абматаць. Паўла пераапранулі, пасадзілі ў кабіну, перапавілі добрым дзесяткам правадкоў, якія цягнуліся да прыбораў. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)