МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.

Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.

Літ.:

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;

Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вядзме́дзь, таксама нядзведзь ’мядзведзь’ (Інстр. II). Рус. дыял. ведме́дь, укр. ведмі́дь (дыял. медві́дь). Гэтыя словы ўзніклі перастаноўкай складоў з прасл. *medvědь (*medhu̯‑ēd‑is), літаральна ’мёдаед’: ст.-рус., ст.-слав. медвѣдь, бел. мядзве́дзь, рус. медве́дь, польск. дыял. miedźwiedź, чэш. medvěd, балг. медве́д, серб.-харв. мѐдвјед і г. д. Першапачатковая і.-е. назва захоўваецца ў грэч. ἄρκτος, лац. ursus, ст.-інд. ŕ̥kšas ’мядзведзь’. Славяне замянілі першапачатковае і.-е. слова апісальным выразай з меркаванняў табу (падобнае сустракаецца, напр., у ням. мове, дзе Bär ’мядзведзь’ азначае літаральна ’карычневы’). Гл. Фасмер, 2, 589; Бернекер, 2, 30 і далей; Клюге, 50–51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абало́на, абалоніна, бальна, бальніна ’знешнія вільготныя слаі дрэва, якія знаходзяцца пад карой’ (Шат., Сцяшк.) абалонка, абалонь ’верхнія слаі драўніны з жывымі яшчэ клеткамі’ (Бяльк., Касп., Яруш.), абалонь ’тс’ (Маш., Янк. I, КЭС), оболона ’тс’ (КСТ), абалонь ’гадавыя кольцы на пні дрэва’, абалоністы ’зроблены з верхніх слаёў дрэва’ (Шат.). Рус. болонь, заболонь (= бел. абалонь), чэш. blána, oblana ’тс’. Іншыя славяне, відаць, гэтага слова не ведаюць. Ці не балтызм? Параўн. літ. bálnis ’ачэсанае ад кары дрэва’ (∼ bálnis ’белы, белая масць’). Семантычная паралель: польск. biel ’абалонь’. Укр. болона, польск. błona, чэш. blána і г. д. у значэнні ’тонкая плеўка’, мабыць, сюды не адносяцца; гл. абалонка. Параўн. балонь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тала́нт ’самая вялікая адзінка вагі і грашовая адзінка ў Старажытнай Грэцыі і на Усходзе’ (ТСБМ), ст.-бел. талантъ ’тс’: два таланты (1616 г., Карскі 2–3, 334), талентъ, талантъ ’тс’ (Сл. Скар.). Праз ст.-слав. таланътъ ’тс’ з грэч. τάλαντον з індаеўрапейскім коранем *tel‑ ’падымаць (на вагі), узважваць’, што мела значэнні: ’адзінка вагі ў 26,2 кг’, ’грашова-разліковая, але не манетная адзінка, срэбная або залатая’, ’вагі’. З грэч. τάλαντον — лац. talentum (у значэнні грэчаскай меры). Усходнія славяне з XI–XII стст. ведаюць словы талантъ, таланто ў значэннях ’вага і манета ў старажытных грэкаў і рымлян’ і ’талент’ (Сразн., 3, 921; Чарных, 2, 226; Фасмер, 4, 14–15). Гл. та́лент.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КРЫ́МСКАЕ ХА́НСТВА,

татарская дзяржава на тэр. Крымскага п-ва, у нізоўях Дняпра, Прыазоўя і Прыкубання ў 15—18 ст. Вылучылася з Залатой Арды. Сталіца — г. Бахчысарай (з пач. 16 ст.). З 1239 мангола-татарамі занята стэпавая ч. Крыма, падпарадкавана мясц. насельніцтва (аланы, славяне, армяне, грэкі). З канца 13 ст. ў Крыме качавалі буйныя мангола-тат. улусы. На мяжы 13—14 ст. тут утварылася намесніцтва з рэзідэнцыяй у Салхаце (Стары Крым). Пасля міжусобнай барацьбы ў 1433 пры падтрымцы войск ВКЛ у Крыме замацаваўся Хаджы-Гірэй. З 1478 у васальнай залежнасці ад Турцыі (трапіла пры хане Менглі-Гірэю). К.х. часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы (1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559). На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. (гл. Клецкая бітва 1506). У рус.-тур. вайну 1768—74 ханства занята рас. войскамі і паводле мірнага дагавору (1774) абвешчана незалежным. У 1783 апошні крымскі хан Шагін-Гірэй адрокся ад улады, ханства ліквідавана, а яго тэрыторыя далучана да Рас. імперыі.

Літ.:

Кузнецов А.Б. Дипломатическая борьба России за безопасность южных границ (первая половина XVI в.). Мн., 1986;

Санин Г. А. Отношения России и Украины с Крымским ханством в середине XVII в. М., 1987;

Возгрин В.Е. Исторические судьбы крымских татар. М., 1992.

т. 8, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБЫ,

умоўныя знакі для абазначэння лікаў. У вузкім сэнсе — знакі 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9.

Найб. раннім з’яўляецца запіс лікаў словамі, які захоўваўся, напр., у матэматыкаў Сярэдняй Азіі і Б. Усходу да 10 ст. З развіццём эканомікі ўзнікла неабходнасць стварэння больш дасканалых спосабаў абазначэння лікаў і распрацоўкі прынцыпаў іх запісу (сістэм лічэння). Самыя старажытныя Л. з’явіліся ў 3—2-м тыс. да н. э. (Вавілон, Стараж. Егіпет, Кітай). Напр., вавілонскія Л. ўяўлялі сабой клінапісныя знакі для абазначэння лікаў 1, 10 і 100 (ці толькі 1 і 10); астатнія натуральныя лікі запісвалі з дапамогай іх злучэння. У егіпецкай іерагліфічнай нумарацыі існавалі асобныя знакі для абазначэння адзінак дзесятковых разрадаў. З 1-га тыс. да н. э. многія народы (грэкі, фінікійцы, арабы, армяне, славяне і інш.) з алфавітным пісьмом Л. абазначалі літарамі алфавіта; у славянскай нумарацыі пры гэтым зверху ставіўся спец. знак (цітла). У сярэднія вякі ў Еўропе карысталіся рымскай нумарацыяй, у якой асобнымі знакамі (рымскімі лічбамі) можна было запісаць любы лік да мільёна. Больш дасканалая нумарацыя ўзнікла ў Індыі не пазней 5 ст.; у Еўропу яе перанеслі арабы (адсюль назва арабскія Л.); сучасная дзесятковая сістэма лічэння вядома з 15 ст. Гл. таксама Лічэнне.

В.​І.​Бернік.

т. 9, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ПЕРАСЯЛЕ́ННЕ НАРО́ДАЎ,

масавыя міграцыі герм., слав., цюрк., іранскіх і інш. плямён на тэр. Рым. імперыі і ў суседнія землі ў 4—7 ст. Сярод яго прычын былі колькасны рост плямён (у т. л. ў сувязі з іх пераходам да аселасці), спусташэнне с.-г. угоддзяў, уціск з боку суседзяў, разлажэнне першабытнаабшчынных адносін і станаўленне феад. парадкаў (узрастанне ролі плем. правадыроў, якія стваралі моцныя ваен. дружыны для захопу і рабавання чужых зямель).

Пачатак Вялікаму перасяленню народаў паклала нашэсце ў Еўропу цюрк. плямён гунаў, якія напалі на іранамоўных аланаў (сярэдзіна 4 ст.), разграмілі германамоўных остготаў (375), пацяснілі вестготаў. Апошнія са згоды рым. імператара перасяліліся на Балканскі п-аў (у 378 паўсталі і ў саюзе з гунамі і аланамі разграмілі рымлян у бітве каля Адрыянопаля — сучаснага г. Эдырне), праніклі на тэр. Італіі (пач. 5 ст.) і захапілі Рым (410). Пераможаны імператар Зах.-Рым. імперыі аддаў вестготам Аквітанію, дзе ў 419 утварылася першая герм. дзяржава — Тулузскае каралеўства. Пазней пад уладу вестготаў перайшла Паўн.-ўсх. ч. Пірэнейскага п-ва; яго крайні ПнЗ заняло герм. племя свеваў. У 439 на тэр. рым. правінцыі Афрыка (паўн. вобласці Марока, Алжыра і Туніса) вандалы стварылі другую герм. дзяржаву. У сярэдзіне 5 ст. ў Галіі ўтвораны Бургундскае (на ПдУ) і Франкскае (на ПнУ) герм. каралеўствы; герм. плямёны англаў, саксаў і ютаў распачалі Англасаксонскае заваяванне Брытаніі (пакінута рымлянамі ў 407). Да сярэдзіны 5 ст. гуны перакачавалі з чарнаморскіх стэпаў на Дунайскую раўніну, аднак іх уварванне (разам з остготамі) у Галію спынілі рымляне (бітва на Каталаунскіх палях у 451). У 476 герм. военачальнік Адаакр скінуў апошняга імператара Зах.-Рым. імперыі Ромула Аўгустула. У 488 у Італію з Балканскага п-ва ўварваліся остготы, якія ў 493 заснавалі дзяржаву на тэр. ад Дуная да Цэнтр. Італіі. У 568 Пн Італіі заваявалі германамоўныя лангабарды. У 6 ст. на Дунайскую нізіну ўварваліся цюркамоўныя авары і панавалі тут да 8 ст. Ва Усх. Еўропе пачынаючы з 6 ст. вядучая роля ў міграцыйных працэсах належала славянам, асн. аб’ектам націску якіх была Візантыя. У 578 вял. група слав. плямён (каля 100 тыс. чал.) пераправілася цераз Дунай і пранікла ў Фракію, Македонію, Ілірыю, Фесалію, Эладу. У выніку ўварвання 589 славяне дайшлі да Пелапанеса. У 6—7 ст. яны рассяліліся на тэр. ад берагоў Чорнага і Эгейскага мораў да Адрыятыкі, у т. л. ў Далмацыі і Ілірыі; некат. плямёны праніклі ў М. Азію. У 626 славяне аблажылі сталіцу Візант. імперыі — Канстанцінопаль.

Вялікае перасяленне народаў садзейнічала заняпаду і распаду Зах.-Рым. імперыі і адначасова фарсіравала сац. развіццё саміх мігрантаў, вяло да стварэння ў іх буйных этн. утварэнняў і раннефеад. дзяржаў. Пад тэрмінам «Вялікае перасяленне народаў» часам разумеюць больш раннія (напр., перасяленні германцаў канца 2 — пач. 4 ст.) і больш познія міграцыі (заваяванні арабаў, нарманаў, цюркамоўных протабалгараў, мадзьяраў і г.д. канца 7—9 ст.).

Літ.:

Корсунский А.Р., Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). М., 1984;

Буданова В.П. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУНО́Ў (Цімафей Сазонавіч) (6.8.1904, в. Саннікі Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 8.10.1969),

грамадскі, парт. і дзярж. дзеяч БССР, гісторык. Акад. АН БССР (1959). Скончыў БДУ (1936), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1933 карэспандэнт газ. «Правда», з 1937 гал. рэдактар Дзярж. выдавецтва БССР, з 1939 рэдактар газ. «Звязда». У 1941—47 і 1950—60 сакратар ЦК КПБ. У пач. Вял. Айч. вайны на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі, удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі. З 1942 рэдактар час. «Славяне», адначасова ў 1942—46 узначальваў Камісію па гісторыі Айч. вайны пры ЦК КП(б)Б. У 1949—50 рэдактар час. «Наука и жизнь». У 1960—67 акадэмік-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН БССР. Чл. ЦК КПБ у 1941—66, чл. Бюро ЦК КПБ у 1945—47 і 1950—60. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—62, Вярх. Савета БССР у 1947—67. У 1955—63 старшыня Вярх. Савета БССР. Аўтар прац па гісторыі ўтварэння БССР, уз’яднання бел. народа ў адзінай дзяржаве, папулярных выданняў па гісторыі Беларусі. Яго кн. «Гераічнае мінулае беларускага народа» (1945) і «Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве» (1949) былі залічаны ў разрад нацыяналістычных і забаронены для выкарыстання ў бібліятэках, асноўны іх тыраж знішчаны.

Тв.:

Освобожденная Западная Белоруссия. М., 1940;

Образование Белорусской Советской Социалистической Республики. М., 1949;

Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве. 2 выд. Мн., 1952;

Народы-братья: О связях бел. народа с народами Прибалтики. Мн., 1961;

В.​И.​Ленин — создатель белорусского советского социалистического государства. Мн., 1962.

І.​П.​Хаўратовіч.

Ц.С.Гарбуноў.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НДЭНБУРГ (Brandenburg),

зямля (адм. адзінка) на ПнУ ФРГ. Пл. 29,05 тыс. км². Нас. 2,67 млн. чал. (1995). Адм. ц. — г. Патсдам. Займае ч. Сярэднееўрап. раўніны, у межах якой вылучаюцца Мекленбургскае паазер’е на Пн і марэннае узв. Флемінг (да 201 м) на Пд; паміж імі — паласа пясчаных нізінных раўнін з шырокімі забалочанымі стараж. лагчынамі. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 18 °C, студз. каля 0 °C, ападкаў 550 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне мае буры вугаль, ёсць буд. матэрыялы і торф. Букавыя і дубова-букавыя лясы. Асн. прамысл. цэнтры (выплаўка сталі, металаапрацоўка, машынабудаванне, электратэхніка) сканцэнтраваны вакол Берліна: Араніенбург, Генігсдорф, Патсдам, Брандэнбург, Тэльтаў і інш. Другі прамысл. раён — Нідэрлаўзіц на ПдУ, дзе на базе здабычы бурага вугалю развіта энергетыка (буйныя ЦЭС у гарадах Любенаў, Фечаў, Лаўгамеры і інш.) і хім. прам-сць. Франкфурт-на-Одэры — буйны цэнтр эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вырошчванне збожжавых (пшаніца, жыта), бульбы, цукр. буракоў, агародніны і садавіны. Малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны.

Тэр. сучаснага Брандэнбурга да 4 ст. насялялі герм. плямёны, з 5 ст. — палабскія славяне (стадаране, або гаваляне). У 1157 ням. войскі на чале з маркграфам Альбрэхтам Мядзведзем заваявалі сталіцу стадаран Брэну (Бранібор) пераназвалі яе Брандэнбургам і зрабілі цэнтрам новаўтворанага Брандэнбургскага маркграфства — фарпоста герм. экспансіі на У (войны з Польшчай у сярэдзіне 13 ст., 1308, 1315—17 і інш.). З 1356 Брандэнбург — курфюрства (з 1415 правілі Гогенцолерны; іх рэзідэнцыя з 1486 — Берлін). У 1618 Брандэнбург аб’яднаны з герцагствам Прусія ў Брандэнбургска-прускую дзяржаву (гл. Прусія). У 1815 утворана пруская правінцыя Брандэнбург (існавала да 1945). З 1945 у складзе сав. зоны акупацыі. З 1949 зямля ГДР, з 1990 зямля ФРГ.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Стрэ́мя 1 ‘сукаватая яловая падстаўка, па якой падымаюцца на “падкур” (прыстасаванне, якое абараняе борць ад мядзведзяў)’ (Рам. 8). Гл. страмі́на.

Стрэ́мя 2, Р. скл. стрэ́мя і стрэ́мені ‘прыстасаванне для ўпору нагі конніка’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), стрымена ‘тс’, мн. л. стрэмена́ ‘тс’ (Бес., Шымк. Собр.), стрэмянё ‘стрэмя’ (Сцяшк.), стримоно ‘тс’ (Турэцка-беларускі размоўнік, 1836 г., Нью-Ёрк., 1995). Параўн. укр. стре́ме́но́, стре́мін, рус. стре́мя ‘стрэмя’, стараж.-рус. стремень, стрьмень, польск. strzemię, в.-луж. třmjeň, н.-луж. tśmjeń, чэш. střmen, славац. strmeň, славен. stréme, серб.-харв. стр̏ме̑н, балг. стре́ме ‘тс’, макед. стремен ‘тс’. Прасл. *stremę, як мяркуюць (гл. Бязлай, 3, 327 з літ-рай), ідэнтычна грэч. στρέμμα ‘нешта скручанае, нітка; выгін’, якое з’яўляецца nomen actionis ад дзеяслова στρέφω ‘віць, плесці’, і.-е. корань *strebh‑ ‘тс’, параўн. яшчэ грэч. στρόφο ‘вяроўка, паласа’. На думку Сноя₁ (613), славяне да VI ст., ві даць, страмёны мелі плеценыя з нейкіх матэрыялаў, напрыклад, з рамянёў. Гл. аналагічна Борысь, 584. Супастаўлялі таксама з рус. пастро́мка ‘пастронак’ і *strъmъ (гл. стромкі); гл Фасмер, 3, 775; Брукнер, 522; Праабражэнскі, 2, 397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)