Ска́радзь, скарада́ ‘жмінда, скнара’ (Касп.), скарэ́да ‘тс’ (Сержп., Растарг.), ска́ріда ‘нягодны; сквалыга’ (Бяльк.), ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’, ‘благі, кепскі’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. ска́рідь ‘погань’, рус. ска́ред, ска́редасквапны, сквалыга’, польск. szkarada ‘брыда’, чэш. škareda ‘пачвара’, славац. škaredý ‘агідны, брыдкі’, в.-луж. škerjeda ‘бруд, гідота’, н.-луж. škarjeda ‘тс’, серб.-харв. ска̏редан ‘брыдкі, непрыстойны’, балг. скаре́ден ‘эканомны, скупы’, радоп. ска́радлиф ‘лютаежлівы, капрызны ў ядзе’, макед. скареден ‘непрыстойны’, ст.-слав. скарѧдъ ‘брудны, агідны’, якія працягваюць прасл. *skarędъ; апошняе мае паралелі ў ст.-інд. ava‑skaras ‘экскрэменты’, apa‑skaraḥ ‘тс’, ст.-ісл. skarn н. р. ‘гной’, ‘памёт’, лац. mūskerda ‘мышыны кал’ і г. д. Іншыя версіі і літ-py гл. Фасмер, 3, 634; Глухак, 553; БЕР, 6, 729; ЕСУМ, 5, 266 (скаре́да ‘скнара’ лічыцца русізмам). Сумніўна Жураўскі (Гіст. лекс., 92), які ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’ лічыць паланізмам пры наяўнасці стараж.-рус. скарѧдъ, скарѣдъ ‘агідны’, серб.-ц.-слав. скарѣдъ ‘тс’. Гл. таксама шкарадзь. Магчыма, сюды ж карадлівы ‘чуллівы, крыўдлівы’ (Нас.), асабліва кара́дзіцца (гл.), сярод значэнняў якога ‘прыкідвацца бедным, сквалыжнічаць’. Гл. Мяркулава, Этимология–1973, 56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скупянда́ (скупінда́) ‘скупы, сквапны чалавек, скнара’ (ТСБМ, Барад.), скупе́нда ‘тс’ (ТСБМ, ТС, Марц.), скупе́ндра ‘тс’ (саліг., Сл. нар. фраз.), скупенджа́, скупя́нджа ‘тс’ (ТС, Пятк. 2, Мат. Гом.), скупяндзя́ (скупіндзя́) ‘тс’ (Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Касп., Варл., Сл. ПЗБ), скупындя́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), скупэ́ндзя ‘тс’ (Гіл.), скупяндзе́й, скупендзя́й ‘тс’ (Ласт., Растарг.); скупярда́ (скупірда́) ‘тс’ (Бяльк.), скупярдзя́ (Байк. і Некр.), скупірдзя́га ‘тс’ (Бяльк., Сержп.), скупярдзя́ка (скупірдзя́ка) ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп., Ян., Бяльк., Мат. Гом.), скупердзя́й ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. скупе́нда, скупе́ндра, скупи́ндя, скупердя́, скупердя́га, скупердя́ка, скупердя́й ‘тс’, рус. скупиндя́, скупендзя́й, скупердя́й ‘тс’. Утварэнні ад скупы (гл.) з рознымі экспрэсіўнымі суфіксамі ад асноў на ‑н‑ і ‑р‑, якія ўвайшлі ў склад суфіксаў, параўн. балг. дыял. скъ́пен ‘дарагі’ і скъпе́рник ‘хто дорага прадае’, ‘скупердзяй’, скъпинджо́свам се ‘скупіцца і пад. Карскі (2–3, 30) гук д узводзіў да кораня dē‑ ў суфіксе ‑ендзе́й (скупяндзей), а суфікс ‑ірдзя́й (скупірдзяй) лічыў другасным, а яшчэ раней (2–3, 27) выводзіў першы з іх з польскай мовы, што не мае падстаў, перш за ўсё, па лінгвагеаграфічных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць з аднаго месца ў другое або цераз што‑н. Перацягнуць гарматы на новыя пазіцыі. Перацягнуць канапу ў другі пакой. □ Лодку [хлопцы] перацягнулі цераз дарогу каля моста без асаблівай цяжкасці. Брыль. // Разм. Перавезці, перанесці ўсё, многае. [Тарэнта:] — За зіму лес перацягну, а з вясны, як адсеюся, пачну зруб ставіць. Галавач.

2. перан.; каго. Разм. Угаварыць або прымусіць перайсці ці пераехаць куды‑н.; пераманіць на чый‑н. бок. Перацягнуць сябра з цэха ў лабараторыю. □ [Вэня:] — Памятаеце, як я ўспомніў пра вас і перацягнуў вас з мястэчка сюды? Чорны. Зелянюк пачуў гамонку, выйшаў пацікавіцца, паслухаць, разгаманіўся сам і нарэшце перацягнуў усіх да сябе. Зарэцкі. Адам Некраш перацягнуў на бок партызан батальённага ўрача, немца Ганса (прозвішча не памятаю). Дзенісевіч.

3. перан.; каго-што. Разм. Паступова выкрадаючы, прысвоіць сабе ўсё, многае. Перацягнуць да сябе чужое дабро. □ — Бач, які ты сквапны, гатоў усё калгаснае перацягнуць сабе. Федасеенка.

4. што. Спец. Перанесці частку набору з адной старонкі на другую.

5. што. Працягнуць што‑н. далей, чым трэба. Перацягнуць лінію.

6. што. Апусціцца ніжэй пад уздзеяннем большага цяжару; пераважыць. Адна шаля перацягнула другую. □ Банжын думае раму партала, на якой будзе стаяць і вежа, і электраматоры, падняць наверх у гатовым выглядзе. А пад’ёмнік.. абавязкова перакуліцца. Рама цяжэйшая — перацягне. Шыцік. // перан. Дабіцца перавагі над кім‑, чым‑н., аказацца больш важкім, значным. Набытая мазалём капейка перацягне лёгкі рубель.

7. каго. Аказацца мацнейшым у спаборніцтве, пры якім праціўнікі цягнуць што‑н. у розныя бакі.

8. каго-што. Вельмі туга перавязаць, сцягнуць чым‑н. Надзя адарвала яшчэ шкумат ад сваёй кашулі, перацягнула рану, уссунула валёнак. Бураўкін.

9. што. Нацягнуць што‑н. тужэй або яшчэ раз. Перацягнуць шыны на колах. Перацягнуць канапу.

10. чым. Разм. Балюча ўдарыць чым‑н. гнуткім; хвоснуць. Перацягнуць па спіне бізуном. □ Яўхім роў так, нібы яго рэзалі. — Уставай, гад, бо лейцамі перацягну! Чарнышэвіч.

11. што. Перарабіць, нерашыць (пра скураны абутак). Перацягнуць боты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)