Тук1 ‘растоплены тлушч’ (Гарэц., Некр. і Байк., Варл., Шат., Касп., Жд. 1, 3, Бір.; бялын., Янк. Мат.; петрык., лун., Шатал.; мсцісл., драг., З нар. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘ператопленае авечае сала’ (Сцяшк.), ‘рыбін тлушч’ (Ласт.), ‘сыць; пажыўная якасць харчовага прадукта, але не тлушч’ (Некр. і Байк., Нік., Оч.), ‘плодная сіла зямлі’: колы й сахары … не можна чысціць або мыць, бо ат гною не будзе ў зямлі туку (Сержп. Прымхі), то̂к ‘растоплены тлушч’ (маз., ГЧ), ст.-бел. тукъ ‘тс’ (ГСБМ): тукъ земли ‘зямное багацце’ (Скарына, ГСБМ). Укр. тук, рус. тук, стараж.-рус. тукъ ‘тлушч, сала’, ц.-слав. тукъ ‘сала, цвёрды тлушч’; польск., н.-, в.-луж. tuk ‘тлушч’, польск. паўн.-зах., каш. tuk ‘касцявы мозг’, чэш., славац. tuk, харв. чак. ту̏к, ту̂к ‘тлушч’, балг. тук ‘сала, тлушч, навар’, макед. тук ‘растоплены свіны тлушч’, ‘сок з печанага мяса’, ‘кружкі тлушчу на паверхні варыва’, ст.-слав. тоукъ ‘тлушч’, ‘тлустасць, плоднасць, сакавітасць’. Прасл. *tukъ ‘жывёльны тлушч’ — суфіксальны дэрыват з чаргаваннем галосных ад *tyti (гл. тыць), роднасныя: літ. táukas ‘кавалак сала’, ‘жывот’, taukaĩ ‘тлушч, сала’ < tùkti ‘таўсцець’, лат. tàuks ‘тлусты’, ст.-прус. taukis ‘сала’ < і.-е. *touk‑o‑s; ст.-англ. þīoh, þēoh, ст.-в.-ням. diech ‘тук’ < þeuhos < і.-е. *teukos — узыходзяць да і.-е. асновы *tū‑ ‘набрыняць’, ‘разбухаць, набухаць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; Брукнер, 683; Скок, 3, 475; Борысь, 652–653; Буга, Rinkt., 2, 633; Каруліс, 2, 378; ESJSt, 17, 997; ЕСУМ, 5, 670). Сюды ж з абнаўленнем семантыкі суч. тук ‘мінеральнае ўгнаенне’ (ТСБМ).

Тук2 ‘дух’: од старого й тук неважны йдзе (ТС). Няясна; магчыма, да папярэдняга слова, якое набліжана да туск ‘пот, выпарэнне’. Параўн., аднак, серб. ту̏кнути ‘прыпахваць дрэнным пахам, смярдзець’, што, напэўна, адлюстроўвае варыянтнасць х/к у параўнанні з ту̏хнути ‘пратухаць, псавацца’; у беларускай мове, відаць, падобнае чаргаванне назіраецца пад уплывам балцкага субстрату, што дазваляе звязаць слова з тухлы, гл.

Тук3 — пра ціхі стук (мсцісл., Нар. лекс.). Як і стук (гл. стукаць) — гукапераймальнага паходжання, палаталізаваны варыянт цюк (гл.), параўн. чэш. ťuk, ťuky ‘стук-стук’. Аналагічна літ. táukšt ‘стук, грук’. Сюды таго ж паходжання дзеяслоў ту́каць ‘кляпаць касу’ (Касп.), ‘стукаць’ (Сцяшк.), ‘біцца (пра сэрца), стукаць, удараць’ (Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк.), параўн. серб. дыял. ту̏кнути ‘паціху стукнуць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; ЕСУМ, 5, 671), а таксама аддзеяслоўны назоўнік інтэнсіўнага дзеяння ту́кат ‘тупат’ (Адм., Сцяшк.), параўн. чэш. ťukot ‘стук, грук’ (Махэк₂, 660), і вытворны дзеяслоў тукаце́ць ‘стукаць’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́х (трабу́х, трябу́х) ‘страўнік’ (ТСБМ, Федар. 4, Бяльк., Касп., Варл., Сцяшк., Сл. Брэс., Пятк. 2, Растарг.), ‘страўнік у жывёл’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘кіндзюк; страўнік жывёлы, начынены грэцкай кашай са шкваркамі альбо з кавалачкамі сала’ (Ласт., Малч.), ‘вантробы’ (Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. Брэс.), ‘сальцісон’ (Сл. Брэс.), трыбухі́ ‘вантробы (страўнік, кішкі і інш.)’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Ласт., Пятк. 2, Байк. і Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), трыбухе́ ‘тс’ (Скарбы), трыбушкі́ ‘ўнутранасці дробных жывёл, якія ўжываюцца ў ежу (парасячыя, індычыя, рыбныя)’ (Нас.), трыбу́х/трыбушо́к ‘пуп у птушак’ (гродз., ЛА, 1), трыбу́х ‘пуза, чэрава’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Вруб.), ‘вялікі жывот’ (Сл. ПЗБ, Скарбы, Жд. 1); ст.-бел. требухи ‘трыбухі, вантробы’ (ГСБМ), ц.-слав. трибухъ ‘страўнік, жывот’; сюды ж трыбуха́ч ‘пузаты чалавек’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс., ТСБМ, Сцяшк., Сл. Брэс.), ‘чалавек з вялікім жыватом’ (карэліц., ЖНС; гарад., Сл. ПЗБ); трыбухле́й ‘брухач, пузан’ (зэльв., Нар. словатв.; івац., Сл. ПЗБ); трыбушы́шча ‘таўстун’ (Юрч. СНЛ); трыбушы́на ‘цела, тоўстае чэрава’ (Нас.), трыбу́шнік ‘падчарэўе (сала з ніжняй часткі свіной тушы)’ (дзятл., ЛА, 4), трыбушня́ ‘трыбухатая’ (Сцяц.), трыбуха́тасць ‘тлустасць’ (Юрч. СНЛ). Укр. требу́х ‘чэрава’, ‘страўнік’, ‘вантробы жывёлы’, ‘свіны страўнік, начынены мясам і правялены’, требу́ха́ ‘тс’, трибу́х ‘тс’, трембуха́ч ‘пузан’; рус. требуха́ ‘вантробы’, польск. дыял. trybuch, terbuch ‘чэрава, пуза’, н.-луж. tarbuch ‘тс’, усх.-чэш. terboch ‘тс’, ст.-чэш. teřbuch, teřich (у якім ‑řich пад уплывам břich ‘пуза, чэрава, жывот’), славац. terbuch, trebucha ‘падбародак’, ‘вялікае пуза, чэрава’, славен. trébuh ‘жывот, пуза, кішэчнік’, trebûšec, trebûšek, trebûšič ‘тс’, рэз’ян. tríbu, trebuh, treibuh ‘чэрава, пуза’ (XVI ст.), харв. tr̀buh, чак. trbȕh, серб. тр́бух ‘жывот, кішэчнік’, ‘пуза’, тр́ба ‘страўнік’, тр́бу, трбу̏а ‘тс’, балг. тръбу́х, тъ́рбух ‘жывот, пуза’, макед. трбув ‘жывот; страўнік’, ст.-слав. тръбухъ ‘рэшткі з вантробаў’, ‘кішэчнік’. Этымалогія і рэканструкцыя праславянскай формы няпэўныя (ESJSt, 17, 995). Прасл. *tьrbuch, згодна з Карскім (1, 188), адпавядае найбольш распаўсюджанай форме беларускага слова; рус. требух таксама можна вывесці з прасл. *tьrbuxъ; да апошняга ўзводзяцца некаторыя паўд.-слав. лексемы. Для славенскай мовы адпаведным з’яўляецца *trěbuxъ (Сной у Бязлай, 4, 217–218), для н.-луж. характэрна *tъrb‑ , а для зах.-слав. моў — *terb‑ (пасля метатэзы плаўных з *treb‑). Дапускаючы прасл. *terbuxъ/*tьrbuxъ, Куркіна (ОЛА, Исследов. 1984, 275) тлумачыць семантыку слова як ‘вантробы забітага звера, з якіх даставалі (“выцярэблівалі”) ‘мяса’, гл., аднак, супрацьлеглае дзеянне ў трабі́ць ‘набіваць у трыбух’: трабіць і трабіць трабух (Мова Сен.). Экспрэсіўная суфіксацыя, як у *kъlbuxъ (Глухак, 637), параўн. каўбу́х ‘страўнік жывёлы’ (Сл. ПЗБ), гл. коўб2. Іншыя версіі з’яўляюцца менш пераканаўчымі. Сюды ж, відаць, таксама трыбушно́ ‘сытна, трывала’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)