БЕ́РВІ-ФЛЯРО́ЎСКІ (сапр. Берві) Васіль Васілевіч

(літ. псеўданім Н.​Фляроўскі і інш.; 28.4.1829, г. Разань, Расія — 4-10.1918),

рускі сацыёлаг, эканаміст, публіцыст, пісьменнік, удзельнік грамадскага руху 1860-х г. У 1862—87 у ссылцы, супрацоўнічаў у час. «Дело», «Слово», «Отечественные записки» і інш. У канцы 1860-х г. зблізіўся з рэв. народнікамі — меў сувязь з гурткамі «чайкоўцаў» (па іх прапанове напісаў кн. «Азбука сацыяльных навук», ч. 1—2, 1871) і далгушынцаў. З пазіцый народніцтва крытыкаваў сац.-паліт. і эканам. парадкі ў Расіі; прапаведаваў новую рэлігію брацтва і свабоды. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў і маст. твораў (раман «На жыццё і смерць», ч. 1 — 3, 1877, і інш.).

Тв.:

Записки революционера-мечтателя. М.; Л., 1929;

Положение рабочего класса в России. М., 1938.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕР (Weber) Макс (21.4.1864, г. Эрфурт, Германія — 14.7.1920),

нямецкі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Брат А.Вебера. Выкладаў у Фрэйбургскім, Гейдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. Напачатку даследаваў праблемы ідэнтыфікацыі эканам. з’яў мінулага, асэнсаванне якіх вёў на аснове сучаснага яму капіталіст. грамадства. Быў блізкі да неакантыянства, пазітывізму. Асноўнае ў яго сац. філасофіі — ідэя рацыянальнасці, якая знайшла сваё «спецыфічна заходняе» выяўленне ў сучасным бурж. грамадстве з яго рацыянальнай рэлігіяй (пратэстантызм), рацыянальнымі правам, кіраваннем (бюракратыя), грашовым абарачэннем і г.д., паслядоўна накіраванымі на дасягненне найб. эканам. эфектыўнасці. Канцэпцыя яго рацыянальнасці паўплывала на ўсю зах. немарксісцкую сац.-філас. думку 20 ст. Распрацаваў тэорыю паліт. арганізацыі грамадства. Гал. канфлікт паліт. жыцця грамадства бачыў у барацьбе паміж паліт. партыямі і бюракратычным апаратам, чыноўніцтвам.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. М., 1990.

Г.​П.​Давідзюк.

т. 4, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАБЛО́ЦКІ Браніслаў (1861, в. Астрашын, Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 14.4.1888),

рэвалюцыянер, сацыёлаг, літаратурны крытык, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся на юрыд. ф-це Пецярбургскага ун-та, адначасова ў Пецярбургскай АМ. Удзельнічаў у рабоце гурткоў «Народнай волі». З 1882 у Варшаве, супрацоўнічаў з дзеячамі партыі «Пралетарыят», вёў рэв. прапаганду. Друкаваўся ў газ. «Przegląd Tygodniowy» («Штотыднёвы агляд») і час. «Ateneum» («Атэнэум»), У літ.-крытычных творах падкрэсліваў грамадзянскі характар л-ры, патрабаваў рэаліст. адлюстравання жыцця працоўных. У сацыялагічных даследаваннях крытыкаваў т.зв. арганічную тэорыю грамадства Г.​Спенсера, лічыў, што рухальнай сілай развіцця грамадства з’яўляюцца сац. супярэчнасці. Адзін з перакладчыкаў «Капіталу» К.​Маркса на польскую мову.

Тв.:

Szkice literackie / Oprac. L. Krzywicki. Warszawa, 1932;

Szkice społeczme i literackie / Oprac. S.Sandler. Warszawa, 1954.

Б.Белаблоцкі.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ЕЎ Алег Цімафеевіч (н. 3.2.1952, г. Уладзівасток, Расія),

бел. сацыёлаг. Д-р сацыялагічных н. (1991), праф. (1994). Скончыў БДУ (1974), дзе працуе з 1976. У 1992 заснаваў і ўзначаліў Незалежны ін-т сац.-эканам. і паліт. даследаванняў, у 1997 — Бел. асацыяцыю незалежных аналіт. цэнтраў («Беларускія фабрыкі думкі»). Навук. працы па пытаннях эфектыўнасці мас-медыя, іх развіцця і ролі ў пераходным грамадстве. Даследуе праблемы паліт. сацыялогіі, дэмакратызацыі і фарміравання грамадзянскай супольнасці на Беларусі.

Тв.:

Эффективность средств массовой информации. Мн., 1986 (у сааўт.);

Молодежь и гражданское общество: бел. вариант. Мн., 1999 (у сааўт.);

Media in transition: From totalitarianism to democracy. Kyiv, 1993;

Glasnost and after Media and change in Central and Eastern Europe. New Jersey, 1995 (у сааўт.).

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НГЕЙМ (Mannheim) Карл (27.3. 1893, Будапешт — 9.1.1947),

нямецкі філосаф і сацыёлаг; адзін са стваральнікаў сацыялогіі ведаў. Вучыўся ва ун-тах Будапешта, Фрайбурга, Гайдэльберга, Парыжа. З 1919 у Германіі, з 1933 у Вялікабрытаніі. Лічыў, што грамадскае быццё ўключае рэальныя жыццёвыя дамінанты, якія вызначаюць стыль эпохі (напр., рэлігія ў сярэднявеччы), і не зводзіцца толькі да эканам. адносін вытв-сці. Паводле М., любая ідэалогія — гэта апалогія існуючага ладу, тэарэтызаваныя погляды класа, які дамогся ўлады і зацікаўлены ў яе захаванні. «Ідэалогіям» заўсёды супрацьстаяць «утокі», або погляды апазіцыйных, прыгнечаных класаў, сац. груп, якія імкнуцца да сац. рэваншу і з’яўляюцца такімі ж неаб’ектыўнымі, як і ідэалогіі (гл. Дэідэалагізацыя). Даследаваў праблемы выхавання, сацыялізацыі асобы, гіст. сацыялогіі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Диагноз нашего времени. М., 1994.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСКЕ́ВІЧ Аляксандр Барысавіч (н. 15.3.1950, в. Логавішча Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. сацыёлаг. Д-р сацыялагічных н. (1991), праф. (1995). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1971). З 1986 у Ін-це філасофіі і права, Ін-це сацыялогіі АН Беларусі. З 1991 у Міжнар. экалагічным ун-це імя А.​Дз.​Сахарава (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах сацыялогіі свабоднага часу, сац. экалогіі, сац.-псіхал. рэабілітацыі насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і інш. катастроф.

Тв.:

Человек в свободное время: Мнение социолога. Мн., 1989;

Общественно-политическая активность: сущность, пробл. развития. Мн., 1991: Десять лет после Чернобыльской катастрофы. Мн., 1996 (у сааўт.);

Социально-психологическая реабилитация населения, пострадавшего от экологических и техногенных катастроф. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 10, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РСАНС (Parsons) Талкат (13.12.1902, г. Каларада-Спрынгс, ЗША — 8.5.1979). амерыканскі сацыёлаг, стваральнік тэорыі дзеяння сацыяльнага. Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (?). З 1927 у Гарвардскім ун-це, у 1946—56 узначальваў аддзяленне сац. адносін. З 1949 прэзідэнт сацыялаг. асацыяцыі. Распрацаваў тэорыю сістэм дзеяння, якая абапіралася на прынцып змены, інтэграцыі і стабільнасці. У яе аснове — вывучэнне сац. рэальнасці, арганізаванай рацыянальна і сістэмна. Паводле П., грамадства — вял. сацыяльная супольнасць, якая для выжывання і развіцця павінна прытрымлівацца адзінай культ. арыентацыі і прадстаўляць сваім членам дастатковы набор ролевых магчымасцей для рэалізацыі фундаментальных патрэб асобы і самога грамадства. Аўтар прац «Структура сацыяльнага дзеяння» (1937),

«Сацыяльная сістэма» (1951), «Сацыяльная сістэма і эвалюцыя тэорыі дзеяння» (1977), «Тэорыя дзеяння і ўмовы чалавечага існавання» (1978) і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,

метадалагічная і тэарэтычная пазіцыя ў сацыялогіі і сац. філасофіі, пры якой у тлумачэнні чалавека і яго асяроддзя першаступеннае значэнне надаецца сац. рэальнасці і сацыялагічным метадам. Развіваецца з канца 19 ст. як рэакцыя на натуралізм і псіхалагізм у грамадскіх навуках. Прынцыпы С. развівалі франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм і яго паслядоўнікі ў даследаваннях маралі, рэлігіі і навукі, каставага ладу (С.​Бугле), этнічных працэсаў (М.​Мос), права (Ж.​Даві), эканомікі (Ф.​Сіміян) і інш. У метадалагічным плане С. — прызнанне сацыялогіі асобнай, незалежнай навукай і імкненне тлумачыць розныя з’явы рэчаіснасці выключна сац. прычынамі, а часам абсалютызацыя ролі сацыялагічнага падыходу ў трактоўцы культ.-гіст. працэсу (гл. Вульгарны сацыялагізм). У анталагічным плане С. — сцвярджэнне аўтаномнасці сац. рэальнасці і яе перавагі над індывідамі.

т. 14, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЗУН Іван Паўлавіч (н. 6.12.1925, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. этнолаг, сацыёлаг, рэлігіязнавец. Д-р гіст. н. (1991). Скончыў БДУ (1957). Працаваў настаўнікам, завучам, дырэктарам у школах Беларусі. З 1962 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, з 1975 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 у Ін-це сацыялогіі Нац. АН Беларусі. З 1996 заг. сектара тэарэт. праблем культуралогіі Нац. ін-та адукацыі Беларусі. Даследуе побыт сялянства, культуралогію сучасных горада і вёскі, хрысціянскае вучэнне і нац. культуру.

Тв.:

Преодоление различий между городом и деревней в быту и культуре. Мн., 1972;

Белорусская кухня. Мн., 1987 (у сааўт.);

Изменение условий жизни населения при социализме. Мн., 1988;

Путь к душевному здоровью. Мн., 1998.

М.​Б.​Батвіннік.

т. 18, кн. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТАМ (Bentham) Іерэмія (15.2.1748, Лондан — 6.6.1832),

англійскі філосаф, сацыёлаг, юрыст. Заснавальнік утылітарызму — светапогляднай і сац.-філас. арыентацыі ў навуках аб чалавеку, якая зыходзіць з прынцыпу карыснасці як асноватворнага. У сваёй асн. працы «Дэанталогія, або Навука аб маралі» (т. 1—2, 1834) сцвярджаў, што крытэрый маралі — «дасягненне карысці, выгады, здавальнення, дабра і шчасця» і што імкненне кожнага клапаціцца толькі пра сябе прыводзіць да «найб. шчасця найб. колькасці людзей». Лічыў індывід. інтарэсы адзіна рэальнымі, грамадскія ж — сукупнасцю індывідуальных («Тэорыя пакаранняў і ўзнагарод», т. 1—2, 1811). Крытыкаваў тэорыю грамадскага дагавору Ж.​Ж.​Русо, бо яна, на думку Бентама, узбуджае дух паўстання, аднак абараняў патрабаванне рэформы англ. парламента на аснове пашырэння выбарчага права. Адстойваў ідэю свабоднага гандлю і канкурэнцыі, што павінна забяспечыць у грамадстве спакой, справядлівасць і роўнасць.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)