хо́лад, ‑у, М ‑дзе; мн. халады, ‑оў; м.

1. толькі адз. Нізкая тэмпература навакольнага асяроддзя (паветра, вады і пад.). Назаўтра ўранку, яшчэ раса пяклася холадам, Сівы [хлопчык] ужо ехаў верхам на парсюку — зноў на балота. Падганяў Белага парэпанымі пяткамі пад бакі і зноў смяяўся. Брыль. Калі няма хмар, неба бялее і ад гарачыні і ад холаду. Карпаў. // Халоднае паветра, струмень такога паветра. Сыры вецер дзьмухнуў.. [мельніку] вострым холадам у твар. Чорны. // Месца, дзе тэмпература паветра нізкая, дзе холадна. Паставіць цеста на холад.

2. Вельмі халоднае надвор’е; мароз. Тады перада мною ўставалі, як у вялікі холад, высока паднятыя і сціснутыя плечы. Скрыган. Ноч, працятая пругкім холадам, пазірала ў падвойныя вокны Пракопавай «станцыі». Колас. // звычайна мн. (халады́, ‑оў). Працяты перыяд з нізкай тэмпературай надвор’я. Не страшны смелым ім былі Спякота, халады. Купала. Зіма дужэла патроху. То ціснулі зямлю халады і чыстай беллю — аж адбірала вочы — шырыліся палі, то мокла адліга — снег цямнеў, і, нудны, беспрасветны, церусіў дождж. Мележ. А тут яшчэ наступілі халады і .. [Алёшку] загадалі апальваць кацельную. Лынькоў.

3. толькі адз. Адчуванне дрыжыкаў (ад хваробы, страху і пад.). Лукашык успомніў начных гасцей, і холад прабег у яго па целе. Дамашэвіч.

4. перан.; толькі адз. Душэўная раўнадушнасць, стрыманасць у праяўленне пачуццяў, увагі. А потым прыехала Соня, і як бы штось зрушылася ва мне і ў самой прыродзе: холад чужой бяды адышоў — прапаў неяк лёгка і проста. Вышынскі. // Раўнадушныя, абыякавыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Сымон Ракуцька бачыў гэты холад на маладым твары невядомага падарожнага і пачаў траціць сваю ранейшую ажыўленасць. Чорны. Мінулага холаду паміж.. [тэатрам] і гледачом не засталося і ў паміне. Сяргейчык. Ад фільма [«Сад самых салодкіх пладоў»] вее холадам, абыякавасцю. «Маладосць».

•••

Полюс холаду — раён найніжэйшых зімовых тэмператур на Зямлі.

Штучны холад — нізкая тэмпература асяроддзя, цел або рэчываў, што ствараецца шляхам адводу ад іх пэўнай колькасці цеплыні.

Кінуць у холад — пачаць трэсці, калаціць.

Сабачы холад — вельмі моцная сцюжа.

Цярпець холад і голад гл. цярпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дрэнны, благі, кепскі, паганы, нядобры, недабраякасны, нізкаякасны, нездавальняючы, адмоўны, ад'емны, няважны, несамавіты, непахвальны, нікчэмны, няспраўны, недасканалы, непрыгодны, няўдалы, бракаваны, бракоўны, заляжалы; ліхі, паскудны, паршывы, лядачы, лядайкі, лядашчы, задрыпаны, неважнецкі, нецікавы, незайздросны, нялюдскі, нягодны, нягожы, негадзівы, нікудышны, ерундоўскі, марны, плёвы, ахаўскі, тандэтны (разм.); злы (абл.); слабы, бездапаможны, няспелы, пракляты, апошні, сабачы, чартоўскі, д'ябальскі (перан.) □ на нізкім узроўні, нічога не варты, нікуды не варты, грош цана, нуль цана

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Малача́й1 ’трава, пустазелле’ (Сцяшк.), ’малачай, Euphorbia helioscopia L.’ (віц., гом., мін., Кіс.; слуц., Лекс. і грам.; Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ), стаўбц. малатча́й (З нар. сл.), б.-каш. маладча́й (Мат. Гом.), малачня́к (браг., лоеў., хойн., Мат. Гом.), малача́к, ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.; рэч., Нар. сл.), лельч. молочʼя́к ’тс’ (Нар. лекс., Жыв. сл.), малача́йнік ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.), молочʼя́к ’малачай кіпарысы, Euphorbia cyparissias L.’ (стол., петрык., Бейл.). Укр. молочай, молочак, молочник, рус. волчье молоко, молочник, польск. mlecznik, mlecz (ostromlecz, wilcze mleko, wilczy mlecz, psimlecz, wilczomlecz), в.-луж. mlóčeń, mlóčenje, чэш. vlčí (zajačí, žabí, kaní, kozí, hadí, čertovo) mléko, mléč (žabí, hadí), славац. mliečnik, славен. mlȇčec, mléček, серб.-харв. млѐчика, млеча, mliječ, макед. млеч, балг. млечок ’малачай’. Да малако (гл.). Фармацыі з суфіксам ‑ай утвараюць бел.-укр. ізалексу. Усе вышэйпералічаныя слав. назвы звязваюцца з малаком у сувязі з тым, што расліна вылучае сок, падобны да малака, які мае востры, непрыемны смак, таму да назваў расліны дадаюцца азначэнні воўчы, сабачы, зайцаў, дʼяблаў і да т. п. (Махэк, Jména, 139). Аналагічна ў інш. мовах, параўн. ням. Wolfmilch.

Малача́й2, молоча́й ’адуванчык лекавы, Taraxacum officinale Web.’ (брэсц., гродз., мін., Кіс.; Бейл., ТС), молочʼяк ’тс’ (ТС). Укр. молочі́й, молочко́, моло́чник, моло́шник, рус. молоча́й ’тс’, польск. mlecz, в.-луж. mlóč, чэш. smetanka, усх.-чэш. mlíčí, славен. mlȇć, серб.-харв. мле́кача, макед. млечка. Усходнеславянскае. Да малача́й1 (гл.).

*Малача́й3, молочя́й ’лянок звычайны, Linaria vulgaris Mill.’ (Бейл.). Укр. молочі́й, моло́шничок, рус. тул. моло́чник. Бел.-укр. ізалекса. Да малача́й1 (гл.).

Малача́й4 жоўты ’падтыннік вялікі, Chelidonium majus L.’ (Дэмб. 1). Укр. молоча́й жовтий, молочник, молошник, рус. варон., ніжагар. молочай жёлтый ’тс’, польск. mlecz żółty, чэш. mlíč, hadí mlíč, hadí mlíčí, славац. psie mlieko, харв. žuta mličica, ням. Milchblume ’тс’. Да малача́й1.

Малача́й5 ’дзіцячая хвароба малочніца’ (Шат.). Бел. рэгіяналізм. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 145). Гл. таксама малочніца.

Малача́й6 ’грузд перцавы, Lactarius piperatus’ (БелСЭ, 4; Сцяц.; карм., лельч., Мат. Гом.; уздз., Нар. словатв.), драг. молоче́й, кобр. молочі́йка (Жыв. сл.). Рус. калін. молоча́й ’гатунак капялюшных грыбоў’, польск. mleczaj ’грузд перцавы’, серб.-харв. млечница, славен. mlȇčec, балг. лютива млечница. Паўночнаславянскае. Да малако (гл.). Матывацыя: грыб выдзяляе сок, падобны да малака. Аналагічна ням. Milchpilz (= малочны грыб). Параўн. драг. малочны грыб ’грыб, які выдзяляе малакападобны сок’ (Жыв. сл.) і бел. млечнік ’грузд’.

*Малача́й7, мълъча́й ’рыбіна з малокамі’ (гарад., Нар. лекс.), ’семявая вадкасць рыб’ (паст., швянч., ігн., гродз., Сл. ПЗБ), чэрв. малача́йка ’тс’ (там жа), молоча́к ’сялёдка з малокамі’ (Бес.). Рус. анеж. молоче́й ’малокі рыб’, польск. mleczak. Бел.-рус. ізалекса. Да малако ’малокі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)