расцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Нацягваючы, зрабіць шырэй ці даўжэй. Расцягнуць шапку. Расцягнуць абутак. □ Гарманіст расцягнуў мяхі, і ўсё зазвінела, ажыло... Дуброўскі. // Паслабіць што‑н. сцягнутае, зацягнутае. [Гаспадар] ледзь расцягнуў на шыі сабакі пятлю з тонкага тэлефоннага кабелю. Дамашэвіч. // Пашкодзіць пры моцным напружанні, удары, неасцярожным руху (сухажылле, звязкі і пад.). Брудная нага каля кветачкі распухла — вывіхнуў [Шура] ці расцягнуў. Навуменка.

2. Нацягнуўшы, раскласці, развесіць, разаслаць і пад. у даўжыню ці ў шырыню. Расцягнуць палатно на лузе. □ [Мужчыны] расцягнулі брызент і ўмацавалі яго на слупах, як сценку ад ветру. Лупсякоў.

3. Размясціць доўгім, рэдкім радам або паласой на якой‑н. (часцей значнай) адлегласці. Расцягнуць абоз на некалькі кіламетраў. □ — Там [у лесе] .. [Адлеру] прыйдзецца расцягнуць свой фронт на дзесяткі кіламетраў. Шамякін.

4. Разабраць, разнесці па частках або адно за другім у розныя бакі. Уся радня выскачыла на дарогу і ў момант расцягнула скрыні і мяхі. Б. Стральцоў. // Разм. Раскрасці. Даніліха здзіўлена паглядзела на Язэпа: — Дык а хату на каго мне кінуць? Тут жа толькі адвярніся, ураз усё расцягнуць... Асіпенка.

5. Разм. Адцягнуць адно ад другога, разняць. [Максім і Сяргей] кінуліся адзін аднаго абдымаць і, пакуль.. расцягнулі іх, паспелі сказаць, што ідуць сустракацца з жонкамі. Машара.

6. Зацягнуць, затрымаць, прадоўжыць. Расцягнуць даклад. Расцягнуць тэрмін сяўбы. □ А вучобу я ўсё-такі запусціў і апошні курс расцягнуў на два гады. Якімовіч. // Знарок, павольна вымавіць (гук, слова і пад.), працягнуць. — Та-а-ак, — расцягнуў пануры салдат. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разабра́ць, разбяру, разбярэш, разбярэ; разбяром, разбераце; заг. разбяры; зак., каго-што.

1. Разняць што‑н. на састаўныя часткі. Разабраць радыёпрыёмнік. Разабраць гадзіннік. □ Сцёпка разабраў затвор, пачысціў, змазаў, зноў сабраў. Хомчанка. // Разбурыць што‑н., разняўшы на часткі. Разабраць рэйкі на чыгунцы. □ Хату немцы разабралі. Бярвенні ім на бункер спатрэбіліся. Б. Стральцоў. // Раскідаць друкарскі набор, расклаўшы знакі набору па касах. Разабраць набор.

2. Узяць усё па частках, па адным. Сёння ў шэсць гадзін усе коней разабралі, гэта адзін Паўлік заспаў. Гаўрылкін. Дзіва проста! Ці не хопіць? Колькі можна пазычаць! Разгадаў, нарэшце, хлопец Гэту тактыку дзяўчат. Усміхнуўся хітравата Да сяброўкі дарагой: — Як відаць, у вас дзяўчаты Разбяруць увесь пакой. Гілевіч. // Раскупіць. За тыдзень разабралі ўвесь тыраж кнігі. □ — Давай перакушу крыху ды пайду, а то газу разбяруць... Чарнышэвіч.

3. Прыводзячы ў парадак, рассартаваць, аддзяліць адно ад другога. Разабраць рэчы. Разабраць бялізну. // Узяць правільна (лейцы і пад.). Лётчыкі селі ў лодку. Макараў на нос, а Дым разабраў вёслы. Алешка. // Разаслаць, рыхтуючы для спання. Разабраць ложак. □ [Алена] хуценька разабрала яго пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі. // Расчасаць, прыгладзіць (валасы).

4. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і вантробы, парэзаўшы на часткі (пра мясную тушу). І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З ваўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас.

5. Адрозніць, распазнаць што‑н. (слыхам, зрокам і пад.). Разабраць почырк. □ Ліда схілілася над .. [раненым], каб чуць, каб разабраць усе словы. Шамякін. Пачуліся ціхія крокі, і ў цемры.. [Прылепка] разабраў ледзь прыкметную постаць чалавека. Дуброўскі.

6. з дадан. сказам і без дап. Уясніць для сябе, усвядоміць. На адной палянцы цвілі кветкі, вельмі падобныя да нашага сну. Насілу разабраў, што гэта гіяцынты — такія буйныя і так многа было іх. Лужанін. Стралялі ў двары, за будынкамі, і цяжка было разабраць, дзе рассыпаліся нашы, а дзе былі немцы. Няхай. Здзекаваўся .. [Васіль], жартаваў ці праўду казаў, яна [Аня] не ўмела разабраць ды і не хацела. Васілевіч. // Зразумець сэнс чаго‑н. Разабраць стараславянскі надпіс. □ Спачатку я амаль нічога не мог разабраць у гэтай кнізе, а потым навучыўся чытаць лепш. Кулакоўскі.

7. і без дап. Разгледзець, абмеркаваць (пытанне, справу і пад.). Як толькі пачаўся прыём [у члены партыі], разабралі заяву камбрыга. Мележ. Кожнаму хацелася паслухаць, сваім вокам пабачыць: як яно там, як разбяруць ды вырашаць. Лынькоў. // Прааналізаваць, даць крытычную ацэнку. Разабраць творчасць паэта. Разабраць сачыненні вучняў. // У граматыцы — даць аналіз для выяснення саставу, пабудовы. Разабраць сказ па часцінах мовы.

8. Разм. Ахапіць, апанаваць (пра моцнае пачуццё, жаданне і пад.). Хлопчыка разабрала цікаўнасць. Гамолка. Злосць разабрала Мар’яну, калі дачулася пра сынавы клопаты. Пальчэўскі. // безас. Разм. Пра вышэйшую ступень праяўлення якога‑н. пачуцця, стану. — Чаго вас там разабрала? — хрыплым голасам, спрасоння, прабурчаў .. [бацька]. Арабей. // Разм. Выклікаць ап’яненне. Гарэлка яго [Янушка] крышку разабрала, расчуліла на сонцы. Дайліда.

•••

Не разбяры-бяры — пра што‑н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках — старанна, дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго‑, што‑н.

(Усю) ноч разбяруць — не будзе калі спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. развёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Адвесці кожнага на сваё месца. [Мар’я:] — Усіх [дзяцей] ужо развяла па людзях, адзін вось застаўся, меншанькі самы. Шамякін. Брыгадзір развёў [студэнтаў] па хатах. «Работніца і сялянка». // Расставіць па пастах. Развесці вартавых.

2. Разняць, аддзяліць адно ад другога. — Во гэтакі ахапак вяргінь ды руж прынесла, — солтыс развёў рукі і паказаў, які вялікі пук прынесла Ліпачка. Сабаленка. А Рэкс і зубоў не расшчапіў. Ледзьве .. яму вінтоўкаю развялі. Жук. // Адвесці ў розныя бакі часткі чаго‑н., рассунуць, расставіць што‑н. злучанае, самкнутае. Развесці мост. □ І, сеўшы на пень пад зялёнай бярозай, задорна развёў баяніст свой баян. Машара. // Спец. Адагнуць зубы адзін за адным управа і ўлева (пра пілу). // перан. Разлучыць каго‑н., аддаліць аднаго ад другога. Ты была маёй першай каханай, Толькі лёс навекі нас развёў. Ставер. — Сёння ты прынёс порхаўку замест чалавечага носа, а заўтра прыедзеш без нармальнай сківіцы. Сорак два няшчасці! Я вашу .. кампанію хутка развяду. Паслядовіч. // перан. Рассеяць, развеяць, ліквідаваць (бяду, гора і пад.). Каб знала Яніна — устала б, Ляцела к яму, як магла, Да любага сэрца прыпала б І ласкаю гнеў развяла. Чэрня. Чужую бяду рукамі развяду. Прымаўка.

3. Скасаваць чый‑н. шлюб. — Дык скажыце вы мне, Хіба гэта мужчына?! Я прашу нас развесці, Так жыць немагчыма. Кляўко.

4. Апусціўшы ў ваду або іншую вадкасць, распусціць, растварыць; зрабіць раствор. Развесці чарнільны парашок. □ Гэтыя куханы Гінка пякла хто ведае з якой мукі.. Пасыпаны яны былі но цукрам, а папырсканы салодкай вадой, у якой Гінка, напэўна, развяла драбок сахарыну. Корбан. // Дабавіўшы вады або іншай вадкасці, зрабіць слабейшым раствор чаго‑н.; разбавіць. Развесці спірт. Развесці воцат.

5. Вырасціць або выгадаваць у значнай або вялікай колькасці. Развесці карпаў. Развесці кветкі. □ — Думаем на будучы год вінаградную лазу развесці... Пянкрат. — Калі пашанцуе, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі, — гаварыў Сёмка. Колас. // Пакласці пачатак якой‑н. справе па вырошчванню, гадоўлі чаго‑н. Развесці кветнік. □ Перасадзіў [садоўнік] з панскага гадавальніка перарослыя дзічкі — прышчэпліваць іх давялося ўжо вышэй галавы, — развёў і свой гадавальнік. Кірэйчык. // Даць распладзіцца, размножыцца чаму‑н. у выніку бяздзейнасці, неахайнасці і пад. — Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: гэта ж .. [Анісім] расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца — заразу развядзе. Колас. — Тваіх спраў, якія ты развёў тут, я прымаць не буду. Будзеш справаздачу даваць у другім месцы, — не гледзячы ў яго бок, адказаў Лазняк. Дуброўскі.

6. Разбараніць каго‑н. Імкліва падышоў [Рыгор] да рабят, якія ўсё пагражалі адзін аднаму, і, узяўшы іх за каўняры, развёў у бакі. Ваданосаў.

7. Распаліць, раскласці (агонь, вогнішча). Пасля дня блукання сышліся [паляўнічыя] ужо ля дамоўкі, развялі касцёр. Ракітны.

8. Разм. У спалучэнні з абстрактным назоўнікам азначае: пачаць рабіць тое, аб чым гаворыцца ў назоўніку. Развесці плёткі. □ — Каб хто толькі ведаў, якую .. [Наўмыснік] развёў дзейнасць. Грамовіч.

•••

Развесці рукі (рукамі) — рухам рук выказаць цяжкасць, безвыходнасць становішча, бяссілле ў вырашэнні якой‑н. справы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)