МІХАЛО́ЎСКІ ((Michałowski) Казімеж) (14.11.1901, г. Цярнопаль, Ўкраіна — 1.1.1981),

польскі археолаг, егіптолаг, гісторык мастацтва. Правадз. чл. Польскай АН (1952). Скончыў Львоўскі ун-т, вучыўся ў Зах. Еўропе і Каіры (Егіпет). У 1933—72 праф. Варшаўскага ун-та, стваральнік і кіраўнік кафедры міжземнаморскай археалогіі. У 1945—81 нам. дырэктара Нац. музея ў Варшаве, дзе стварыў Галерэю стараж. мастацтва. Узначальваў польскія археал. экспедыцыі ў Егіпце (Эдфу, Тэль-Атрыб, Александрыя і інш.), Крыме (Мірмекій), Сірыі (Пальміра), Судане (Фарас; адкрыты хрысц. сабор 8—12 ст.), на Кіпры, у Іраку і інш. Кіраваў у Дэйр-эль-Бахры (Верхні Егіпет) працамі па рэканструкцыі храма царыцы Хатшэпсут, раскопкамі ансамбля памінальнага храма Тутмоса III. Старшыня Міжнар. к-та экспертаў па выратаванні скальных храмаў у Абу-Сімбел (1963—71). Аўтар прац «Дэльфы» (1937), «Мірмекій» (1958), «Пальміра» (т. 1—5, 1960—66), «Фарас» (т. 1—3, 1962—65), «Не толькі піраміды» (1966), «Мастацтва Старажытнага Егіпта» (1968), «Як грэкі стваралі мастацтва» (1970) і інш.

Тв.:

Рус пер. — Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХАВА́ЛЬНЯ,

мемарыяльнае арх. збудаванне для пахавання цела нябожчыка. Звычайна П. ставяць асобна, маюць уваход у сярэдзіну — склеп, радзей убудоўваюць у нефы ці крыпты культавых збудаванняў. Вызначаюцца разнастайнасцю кампазіцый (мастабы, грабніцы, піраміды, маўзалеі, калумбарыі, пантэоны, саркафагі), манументальнасцю, трываласцю буд. матэрыялаў. Розныя віды П. вядомы з глыбокай старажытнасці. На Беларусі пашыраны ў 18 — пач. 20 ст., часта ўключаліся ў ансамблі палацаў і сядзіб. У архітэктуры П. адлюстраваліся асн. маст. стылі: барока — у Троіцкім касцёле в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. (у 1938—87 тут знаходзілася пахавальня апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага), псеўдарус. стыль — фамільная П. Паскевічаў у комплексе Гомельскай капліцы, мадэрн — Мірская капліца, (П. кн. Святаполк-Мірскіх), несапраўдная готыка — капліца-П. ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У сучаснай архітэктуры П. ствараюць як мемар. помнікі дзярж. і грамадскім дзеячам, героям ваен. часу (напр., некропаль-калумбарый у мемар. комплексе Брэсцкая крэпасць-герой).

А.​М.​Кулагін.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХАВА́ННЕ,

спосаб хаваць нябожчыка. З мусцьерскага часу (палеаліт) вядомы П. ў пячорах і інш. жытлах, пазней у вадзе, на дрэвах і інш. Пры пераходзе да бронзавага веку ўзніклі абрады трупаспалення (гл. Крэмацыя), трупапалажэння, потым муміфікацыі (гл. Мумія). Часта ў магілу клалі ежу, прылады працы, зброю, упрыгожанні. З усталяваннем маёмасных адносін у некаторых народаў з нябожчыкам клалі забітых жонак, рабоў, жывёлу. Рабілі дальмены, скляпы, будавалі піраміды, маўзалеі, калумбарыі, храмы, пахавальні. На Беларусі вядомы курганныя і бескурганныя могільнікі. У раннім жал. веку на Пд шмат П. у урнах. З канца 10 — пач. 11 ст. ўсталявалася П. хрысціянскае (у зямлі ў дашчанай дамавіне, з царк. адпяваннем), якое суправаджалася галашэннямі, памінкамі. Для П. адводзяцца спец. месцы (могілкі), на магілах ставяць помнікі. Пашыранай з’явай перыяду Вял. Айч. вайны сталі брацкія магілы: П. ў адным доле да некалькіх соцень воінаў, жыхароў, якія загінулі ў баях, ад рук ням.-фаш. захопнікаў. У наш час хаваюць пераважна ў зямлі або крэміруюць.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шпіль, ‑я, м.

1. Высокая вузкая надбудова ў выглядзе піраміды або конуса, якая завяршае ўвесь комплекс збудавання. Вечарэла. Сонца паволі кацілася за высокія шпілі касцёла. Асіпенка. Вось і прывакзальная плошча, будынак вакзала з бліскучым шпілем, на якім зіхаціць залацістая зорка. Шыловіч. // перан. Спічастая вяршыня чаго‑н. На аблозе — шпілі соснаў, Моцна спіць дзядуля-бор. Лявонны. Міхась зірнуў на дрэва з нізка апушчанымі густа-зялёнымі лапамі, на яго верхавіну, якая вострым шпілем высілася над суседнімі елкамі і ледзь пагойдвалася. Сіўцоў.

2. Спец. Лябёдка з вертыкальным барабанам ці вертыкальны калаўрот на суднах, на які намотваецца канат.

[Ад ням. Spill.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІ́ЗА, Эль-Гіза, Гізех,

горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд. прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.

Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л. фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац. жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рабро́, ‑а; мн. рэбры, ‑аў; н.

1. Дугападобная вузкая косць, якая ідзе ад хрыбетніка да грудной косці. Конь раней угнуў галаву, рэбры пад яго скурай захадзілі ходырам. Чорны.

2. Частка каркаса якога‑н. збудавання, прадмета, часцей выгнутая. Мужчыны звязвалі з жэрдак рэбры лодкі. Маўр. На рацэ ляжалі ў вадзе разадраныя выбухам фермы чыгуначнага моста і побач з імі прыгожа свяціліся рэбры новых пралётаў. Савіцкі.

3. Лінія перасячэння дзвюх плоскасцей. Рабро куба. Рабро піраміды. // Вузкі востры край чаго‑н. То прыгладзіць [муляр] гліну, то рабром [кельмы] зрэжа гурбяк на атынкаванай сцяне, то вострым кончыкам падчэпіць і адкіне кавалак старога тынку. Нядзведскі. // Вузкая старана якога‑н. прадмета (па яго даўжыні). Рабро цагліны. Рабро далоні. Ставіць дошку на рабро.

•••

Адны рэбры — вельмі худы, благі.

Палічыць рэбры гл. палічыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІЯЦЭНО́З (ад бія... + цэноз),

прыродная або штучна ўтвораная сукупнасць жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў, якія сумесна насяляюць участак сушы або вадаёма, удзельнічаюць у кругавароце рэчываў і аб’яднаныя пэўнымі адносінамі паміж сабой і з абіятычным асяроддзем; састаўная ч. біягеацэнозу. Напр., сукупнасць усіх жывых арганізмаў участка лесу, возера, поля.

Тэрмін «біяцэноз» прапанаваў ням. заолаг і гідрабіёлаг К.​Мёбіус (1877). Ён падкрэсліваў узаемасувязь усіх кампанентаў біяцэнозу, іх залежнасць ад адных і тых жа абіятычных фактараў, уласцівых дадзенаму месцажыхарству, і ролю натуральнага адбору ў фарміраванні складу біяцэнозу. Адрозніваюць першасныя біяцэнозы, якія склаліся без удзелу чалавека (цалінны стэп, некрануты лес), і другасныя, што зменены дзейнасцю чалавека (лясы, якія выраслі на месцы знішчаных). Асаблівую катэгорыю складаюць згуртаванні, якія ствараюцца і рэгулююцца чалавекам (гл. Аграбіяцэноз). Паводле сістэматычных адзнак вылучаюць фітацэноз (сукупнасць раслін), зоацэноз (сукупнасць жывёл) і мікробацэноз (сукупнасць мікраарганізмаў); функцыянальна паводле ступеняў экалагічнай піраміды падзяляюць на групы арганізмаў: прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты, аб’яднаныя трафічнымі сувязямі; структурна адрозніваюць гарызонты, слаі, ярусы, полагі, мератопы. Па сезонах года разглядаюць аспекты біяцэнозаў, утвораных больш дробнымі групоўкамі — кансорцыямі, сінузіямі і марфал. часткамі — парцэламі, можа складацца з нешматлікіх (алігацэноз) і шматлікіх (поліцэноз) відаў. Біяцэноз характарызуецца пэўнай біямасай і біялагічнай прадукцыйнасцю. Найб. складаныя біяцэнозы трапічных лясоў. Біяцэнозы ўмеранага пояса, асабліва лясныя, таксама багатыя паводле складу відаў, напр. біяцэнозы дубровы складзены больш як са 100 відаў раслін, некалькіх тысяч відаў жывёл і сотняў грыбоў і мікраарганізмаў, якія даюць у сукупнасці шчыльнасць насельніцтва ў дзесяткі і сотні тысяч асобін на 1 м². Біяцэнозы вывучае біяцэналогія.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАМІ́ДА,

манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс. чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн. буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш. месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл. гл. таксама да арт. Егіпет Старажытны.

Літ.:

Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;

Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.

Я.​Ф.​Шунейка.

Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).
Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).

т. 12, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Астро́ва ’лесвіца пры стойле’, ’нятоўстая елка з сучкамі па 10–15 см даўжынёй’ (Янк. I), астро́ўка ’тс’ (Янк. II), астро́ўка, астро́ўкі ’прыстасаванне ў выглядзе піраміды з сукаватых яловых жэрдак і калоў для сушкі сена, вікі, гароху, ільну і г. д.’ (Грынблат, Белор., 110; Касп.; Хрэст. дыял., 22, 30; Інстр. II); паводле ДАБМ, к. 234, пашырана на паўночны ўсход ад лініі Орша–Полацк; астраўё, астравіны (ДАБМ, 789, 790; Малчанава, Мат. культ., 38, фота на стар. 39). Слова са значэннямі, якія можна звесці да ’сукаваты, нятоўсты кавалак дрэва’, сустракаюцца і на іншых тэрыторыях, напр. у Палессі острывэц (стол.), острувля (маларыц.) ’ссечанае маладое дрэва з сукамі, па якому залазяць на дрэва да вулля’ (Анох.). Аналагічныя значэнні маюць словы і ў іншых славянскіх мовах: рус. дыял. остро́вье, о́стровь, острови́на, островник; укр. дыял. острова, острів, островʼяниця, острева, польск. ostrew, ostrewka, чэш. ostrev (малюнак гл. у Махэка), славац. ostrva, славен. ostr̂v(a), серб.-харв. о̏стрва. Не ведаем балг., мак., с.-луж. адпаведнікаў. Ад кораня *ostr‑ (гл. востры) з суфіксальным ‑ъv‑ (параўн. дрэва, плява і пад.); да гэтага кораня слова адносілі Міклашыч, 227; Даль, 1, 706; Брукнер, 386; Скок 2, 575. Па Махэку₂, 420, з *ostrъbъ, што патрабуе ўдакладненняў. Гл. астрога.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шацёр, шатра, м.

1. Лёгкае пераноснае жыллё з тканіны, скуры і пад., якое будуецца звычайна ў форме конуса. Пад’ехаў Іванька да царскага шатра. Якімовіч. За ўзгоркам знаходзіцца табар, у лагчыне раскінуты цыганскія шатры. Каваль. // Навес з матэрыі, драўніны ці з галін і лісця дрэў. Лье дождж. Аўдулі не сядзіцца Пад парусінавым шатром. Калачынскі. Як волаты, за рэчкаю дубы Шатры свае раскінулі над долам. Колас. // перан. Неба, небасхіл. О неба, ціхае, світальнае... Мы пад шатром тваім стаім З салодкай сённяшняю тайнаю І лёсам заўтрашнім сваім. Бураўкін.

2. У старой рускай архітэктуры — дах у выглядзе высокай чатырохграннай ці васьміграннай піраміды, што завяршаецца ў царкоўных пабудовах галоўкай з крыжам, а ў грамадзянскіх і ваенных — вышкай, флюгерам і пад. Вакол [забудовы] нібы групуюцца, збіраюцца навакольныя шпілі, шатры і купалы. «Помнікі».

3. У паляўнічых — конусападобная сетка для лоўлі цецерукоў і курапатак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)