ПАХАВА́ЛЬНЯ,
мемарыяльнае арх. збудаванне для пахавання цела нябожчыка. Звычайна П. ставяць асобна, маюць уваход у сярэдзіну — склеп, радзей убудоўваюць у нефы ці крыпты культавых збудаванняў. Вызначаюцца разнастайнасцю кампазіцый (мастабы, грабніцы, піраміды, маўзалеі, калумбарыі, пантэоны, саркафагі), манументальнасцю, трываласцю буд. матэрыялаў. Розныя віды П. вядомы з глыбокай старажытнасці. На Беларусі пашыраны ў 18 — пач. 20 ст., часта ўключаліся ў ансамблі палацаў і сядзіб. У архітэктуры П. адлюстраваліся асн. маст. стылі: барока — у Троіцкім касцёле в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. (у 1938—87 тут знаходзілася пахавальня апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага), псеўдарус. стыль — фамільная П. Паскевічаў у комплексе Гомельскай капліцы, мадэрн — Мірская капліца, (П. кн. Святаполк-Мірскіх), несапраўдная готыка — капліца-П. ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У сучаснай архітэктуры П. ствараюць як мемар. помнікі дзярж. і грамадскім дзеячам, героям ваен. часу (напр., некропаль-калумбарый у мемар. комплексе Брэсцкая крэпасць-герой).
А.М.Кулагін.
т. 12, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)