заканамерная змена ў прасторы мінер. або структурна-тэкстурных асаблівасцей руд.
Адрозніваюць занальнасць першасную, абумоўленую працэсамі фарміравання радовішчаў карысных выкапняў, і другасную, звязаную з пераўтварэннем рудных цел каля паверхні Зямлі пры акісленні. Вылучаюць занальнасць: рудных правінцый (фарміраванне груп радовішчаў паслядоўна разам з эвалюцыяй зямной кары), рудных палёў (чаргаванне пакладаў руд розных металаў пры пераходзе ад аднаго краю поля да другога), рудных цел (змена мінер. і метал. саставу руд у межах цела). Тэмпературная рудная занальнасць утвараецца ад паніжэння ціску і т-ры рудаўтваральных раствораў па меры аддалення ад магматычнага ачага. На фарміраванне З.р.р. значна ўплываюць рудаўтваральныя растворы пры пульсацыйным паступленні ў прастору рудаадкладання. Вертыкальная занальнасць заключаецца ў змене (з набліжэннем да паверхні Зямлі) высокатэмпературных радовішчаў вальфраму, волава, малібдэну і вісмуту сярэдне- і нізкатэмпературнымі радовішчамі медзі, свінцу, цынку, сурмы і ртуці. Седыментацыйная занальнасць узнікае ў сувязі з рознай геахім. рухомасцю металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,
адна з мангольскіх моў. Афіц. мова Манголіі (з 1921; на аснове халхаскага дыялекту). Пашырана таксама ў аўт. раёне Кітая Унутр. Манголіі і шэрагу інш.правінцый. Сфарміравалася ў 14—16 ст. на аснове аднаго з дыялектаў стараж.-манг. мовы. Мае 2 групы дыялектаў: свісцяча-шыпячыя, у гукавым складзе якіх ёсць свісцячыя і шыпячыя зычныя (халхаскі на тэр. Манголіі, шылінгольскі, кукунорскі на тэр. Кітая), і шыпячыя дыялекты, у якіх адсутнічаюць афрыкаты дз, ц (чахарскі, харачынскі, ардоскі на тэр. Кітая). У фанетыцы — сінгарманізм, доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі; у марфалогіі — аглюцінацыя, адсутнасць катэгорыі роду, асабова-прэдыкатыўных часціц, развітая сістэма станаў дзеяслова, дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; у сінтаксісе — пастаноўка дзейніка перад выказнікам, паясняльнага слова перад паяснёным. Пісьмовая літ. мова манголаў — старапісьмовая М.м. (гл.Мангольскае пісьмо); ёй карыстаюцца ва Унутр. Манголіі. З 1945 у Манголіі ўведзена новае пісьменства на аснове рус. графікі.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Современный монгольский язык. 2 изд. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДЫЯ (Normandie),
гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі, каля ўзбярэжжа праліва Ла-Манш. У старажытнасці населена кельтамі. Разам з Галіяй раманізавана і з 4 ст. хрысціянізавана. У 6 ст. заваявана франкамі. Пры Каралінгах аб’ект нападзенняў нарманскіх піратаў. У 911 правадыр нарманаў (адсюль назва) Ралон атрымаў Н. ад караля Карла III Праставатага ў якасці леннага ўдзела. Пасля нармандскага заваявання Англіі 1066 Н. — частка англа-нармандскай дзяржавы. У 12 ст. разам з англ. каронай перайшла пад уладу Плантагенетаў. У 1202—04 адваявана франц. каралём Філіпам II Аўгустам (замацавана пагадненнем 1259), але захавала асобныя прывілеі, самакіраванне гарадоў. У Стогадовую вайну 1337—1453 Н. — гал. арэна ваен. дзеянняў. У 1419 заваявана англічанамі. У 1450 вернута Францыі. У 1468 Людовік XI уключыў Н. ў каралеўскі дамен. У 1515 у г. Руан засн. парламент Н. У 16—17 ст. адна з найб. развітых гандл.-прамысл.правінцый Францыі (сукнаробства, выраб палатна, карункаў, шкла, жалеза і інш.). Пасля скасавання ў 1791 гіст.-адм. падзелу Францыі падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТФА́ЛЬСКІ МІР 1648.
Заключаны адначасова ў вестфальскіх гарадах Мюнстэр (паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і Францыяй і яе саюзнікамі) і Оснабрук (паміж імперыяй і Швецыяй і яе саюзнікамі) 24.10.1648. Завяршыў Трыццацігадовую вайну 1618—48. Вырашаў паліт., тэр. і рэліг.-царк. пытанні.
Імператар прызнаў за князямі права ўступаць у саюз паміж сабой і з замежнымі дзяржавамі. Былі амнісціраваны ўсе апальныя князі і гарады, прызнана незалежнасць ад імперыі Швейц. саюза і Рэспублікі Злучаных правінцый. Францыя атрымала Эльзас, Швецыя — Зах. Памеранію, г. Вісмар, секулярызаваныя Брэменскае і Вердэнскае епіскапствы, курфюрст Брандэнбургскі — Усх. Памеранію з Камінскім епіскапствам, Магдэбургскае архіепіскапства і Гальберштацкае і Міндэнскае епіскапствы, нашчадкі Фрыдрыха Пфальцкага — ранейшы курфюрсцкі тытул і частку б. уладанняў (Ніжні, ці Рэйнскі, Пфальц), Баварыя — Верхні Пфальц, яе герцаг Максімілян захаваў сан курфюрста. Кальвінісцкія князі былі ўраўнаваны ў правах з лютэранамі і католікамі, правіцелі па-ранейшаму маглі выганяць падданых, якія не жадалі спавядаць рэлігію дзяржавы. Царк. маёмасць, прысвоеная пратэстанцкімі князямі да 1624, засталася за імі. Вестфальскі мір замацаваў паліт. раздробленасць Германіі, змяніў напрамак экспансіі аўстр. Габсбургаў (на ПдУ).
Літ.:
Dickmann F. Der Westfälische Frieden. 2 ed. Münster, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1911—12, Трыпалітанская вайна, Лівійская вайна,
каланіяльная вайна Італіі супраць тур. Асманскай імперыі з мэтай захопу яе паўн.-афр правінцый Трыпалітаніі і Кірэнаікі (сучасная Лівія). Баявыя дзеянні пачаліся 29.9.1911 пасля адхілення Турцыяй італьян. ультыматуму. Да канца кастр.італьян. экспедыцыйны корпус (35 тыс.чал., 72 гарматы) і ВМФ разграмілі невял. тур. гарнізоны і мясц. атрады, захапілі ўзбярэжныя гарады Трыпалі, Хомс, Табрук, Бенгазі і інш. Акупацыя выклікала ўзбр. супраціўленне мясц.араб. насельніцтва, падтрыманае атрадамі добраахвотнікаў з Туніса, Алжыра, Егіпта і інш. краін, што зацягнула вайну. У маі 1912 колькасць італьян.сухап. войск у Паўн. Афрыцы дасягнула 100 тыс.чал., ім былі прыдадзены 35 самалётаў, некалькі дырыжабляў і інш. У крас. і ліп. 1912 італьян.ВМФ бамбардзіраваў тур. гарнізоны каля праліва Дарданелы, у маі захапіў а-вы Дадэканес. Паводле Лазанскага мірнага дагавора (падпісаны 18.10.1912) Турцыя вывела свае войскі з Трыпалітаніі і Кірэнаікі, якія перайшлі пад уладу Італіі. У І.-т.в ўпершыню ў ваен. мэтах выкарыстана авіяцыя.
Літ.:
Яхимович З.П. Итало-турецкая война 1911—1912 гт. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРАНА́Т (позналац. patronatus ад лац. patronus апякун),
1) у Старажытным Рыме асаблівая форма апякунства, якая фактычна вызначала залежнасць непаўнапраўных ці бедных грамадзян ад грамадзян багатых. Бяспраўныя плебеі ішлі пад П. (атрымлівалі родавае імя патрона, ч. родавай зямлі, абарону ў судах і г.д.) знатных і багатых патрыцыяў (гл.Кліентэла). У час позняй Рым. імперыі пад П. аддаваліся дробныя землеўладальнікі, вёскі, абшчыны, гарады Італіі і правінцый. Землеўладальнікі аддавалі патрону сваю зямлю і атрымлівалі яе назад у якасці прэкарыя, каб пазбегнуць падатковага, ліхвярскага, суд. прыгнёту.
2) Форма ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў — у сям’ю патранатнага выхавальніка. Абавязкі па абароне законных правоў і інтарэсаў дзіцяці размяркоўваюцца паміж патранатным выхавальнікам, органам апекі і папячыцельства і ўстановай, што перадае дзіця на патранатнае выхаванне. На Беларусі праваадносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні П., рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Патранатны выхавальнік адказны за жыццё, здароўе, выхаванне і адукацыю дзіцяці ў перыяд пражывання ў сям’і, куды яно змяшчаецца на падставе прац. дагавору, што заключаецца патранатным выхавальнікам з установай, выхаванцам якой з’яўляецца дзіця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1908—09,
міжнародны канфлікт, выкліканы анексіяй 7.10.1908 Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй. Паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 правінцыі Боснія і Герцагавіна, населеныя сербамі і харватамі, былі акупіраваны аўстра-венг. войскамі, але юрыдычна заставаліся пад намінальнай уладай Асманскай імперыі; у іх пасля выхаду Сербіі з саюзу з Аўстра-Венгрыяй (1903) узмацніўся нац.-вызв. рух. Анексія была задумана, каб прадухіліць магчымае аб’яднанне правінцый з Сербіяй, што не адпавядала інтарэсам Габсбургаў. Дзеянні Аўстра-Венгрыі выклікалі пратэст з боку Турцыі і Сербіі, якая спадзявалася на падтрымку Расіі. Англія заявіла пра непарушнасць Берлінскага трактата 1878, Францыя ўстрымалася ад пратэсту, анексію не ўхвалілі Італія і Румынія. Аўстра-Венгрыю падтрымала Германія. За кампенсацыю ў 2,5 млн.тур. фунтаў Габсбургі дамагліся прызнання анексіі ад Турцыі (пагадненне ад 26.2.1909). Расія імкнулася ўрэгуляваць Баснійскі канфлікт дыпламатычным шляхам, але ва ўмовах ваен. падрыхтоўкі Аўстрыі і магчымага яе нападу на Сербію вымушана была прыняць ультыматыўнае патрабаванне Германіі (22.3.1909) аб прызнанні анексіі. 31.3.1909 анексію прызнала і Сербія. Баснійскі крызіс прывёў да росту міжнар. напружанасці, паглыблення супярэчнасцяў паміж Антантай і Траістым саюзам, пагаршэння адносін паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй, стаў адной з перадумоў развязвання 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАКЛІМАТЫ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі па ступені спрыяльнасці кліматычных умоў для земляробства. Асн. задача агракліматычнага раянавання — вылучэнне тэрыторый (паясоў, зон, абласцей, раёнаў і г.д.), што адрозніваюцца паміж сабой асаблівасцямі клімату і ўмовамі с.-г. вытв-сці. Падзяляецца на агульнае, якое дае магчымасць вызначыць у цэлым агракліматычныя рэсурсы для сельскай гаспадаркі, і спецыяльнае, што служыць для вырашэння канкрэтных вытв. задач. Ацэнка агракліматычных рэсурсаў праводзіцца пераважна праз паказчыкі колькасці цяпла і вільгаці, умоў перазімоўкі культур. У аснову агракліматычнага раянавання ва ўмераных шыротах пакладзена сума т-р вышэй за 10 °C і працягласць залягання ўстойлівага снегавога покрыва. У найб. пашыранай схеме агракліматычнае раянаванне Беларусі (паводле А.Х.Шкляра) тэр. рэспублікі падзяляецца на 3 агракліматычныя вобласці з 6 падвобласцямі і 19 агракліматычнымі раёнамі (гл. схему). Раянаванне грунтуецца на аснове фіз.-геагр.правінцый, улічваюцца сумы т-р паветра за цёплы перыяд года (з т-рамі паветра вышэй за 10 °C), каэфіцыент увільгатнення, кантынентальнасць клімату, колькасць дзён з т-рамі паветра ад 5 да 15 °C і інш. паказчыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫЯ ШТА́ТЫ (франц. États Généraux, галанд. Staten-Generaal),
вышэйшыя ўстановы саслоўнага прадстаўніцтва ў феад. Францыі і Нідэрландах. У Францыі існавалі ў 1302 — 1789, складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і трэцяга саслоўя. Склікаліся каралямі, у асноўным каб атрымаць згоду на збор падаткаў. Значэнне Генеральных штатаў павялічылася ў час Стогадовай вайны 1337—1453. У час нар. паўстанняў 14 ст. прэтэндавалі на ўдзел ва ўпраўленні дзяржавай. З развіццём абсалютызму не склікаліся 76 гадоў (1484—1560). Дзейнасць Генеральных штатаў ажывілася ў перыяд рэлігійных войнаў (склікаліся ў 1560, 1576, 1588, 1593). З 1614 скліканне Генеральных штатаў спынілася на 175 гадоў. Напярэдадні франц. рэвалюцыі 1789—99 скліканы каралём; дэпутаты 3-га саслоўя ў жніўні 1789 абвясцілі сябе Нац. сходам. У Нідэрландах гістарычных Генеральных штатаў складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і вярхоў гараджан, мелі права ваціравання падаткаў. Упершыню скліканы ў 1463. Іх роля пабольшала пасля 1477 і пры Габсбургах. У час Нідэрландскай рэвалюцыі 16 ст. Генеральныя штаты — цэнтр бурж.-дваранскай апазіцыі ісп. рэжыму. Пасля аддзялення Паўночных Нідэрландаў — вышэйшы пастаянна дзеючы заканад. орган Рэспублікі Злучаных правінцый. У сучасных Нідэрландах — назва парламента (з 1814).
Літ.:
Хачатурян М.А. Возникновение Генеральных штатов во Франции. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛМА́ЦЫЯ (Dalmacija),
гістарычная вобласць на Адрыятычным узбярэжжы Балканскага п-ва (разам з Далмацінскімі а-вамі) на тэр. Харватыі і Чарнагорыі. У старажытнасці была населена ілірыйскімі плямёнамі далматаў (адсюль назва), на прылеглых астравах з 4 ст. да н.э. існавалі грэчаскія гандл. калоніі. У 168—155 да н.э. і пазней заваявана рымлянамі, з 9 н.э.рым. правінцыя з цэнтрам у раёне сучаснага г. Спліт. З 395 у складзе Зах.Рым. імперыі, з 489 у дзяржаве остготаў, з 535 пад уладай Візантыі. У 6—7 ст. заселена славянамі, пазней прынята хрысціянства. У 9—10 ст. пад уладай Харвацкай дзяржавы, з 1102 у Венгерскім каралеўстве. У 12 — пач. 15 ст. росквіт сярэдневяковых гарадоў-камун (Задар, Спліт, Дуброўнік, Котар і інш.). У 1420—1797 Д. (акрамя Дуброўніцкай рэспублікі) — уладанне Венецыі (у 16 ст.ўнутр. раёны Д. заваяваны туркамі), у 1797—1918 —Аўстрыі (у 1806—13 было падпарадкавана Францыі, у т. л. ў складзе Ілірыйскіх правінцый з 1809). З 1918 Д., акрамя гарадоў Задар (Зара), Рыека (Фіуме) і некалькіх астравоў, якія ўвайшлі ў склад Італіі, у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну б.ч. Д. анексіравана Італіяй (1941). З 1945 у складзе Харватыі (асн. частка) і Чарнагорыі (крайні Пд).
Літ.:
Фрейденберг М.М. Деревня и городская жизнь в Далмации XIII—XV вв. Калинин, 1972.