фо́рмула, ‑ы, ж.

1. Дакладнае вызначэнне якога‑н. агульнага палажэння, закона і пад., якое мае дастасаванне да ўсіх прыватных выпадкаў. Задача вучоных — устанавіць формулы законаў прыроды. □ Вульгарна-сацыялагічныя формулы знешне выходзілі з прызнання заканамернасці развіцця пралетарскай літаратуры як вядучага, пануючага напрамку. Перкін. // Кароткае і дакладнае выказванне, азначэнне чаго‑н. Паэт дае формулу .. барацьбы: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры». Лужанін. // Устаноўлены нязменны тэкст чаго‑н.; прадвызначаная кіруючая ідэя. Асноўным прынцыпам першай фазы камунізма з’яўляецца формула: «Ад кожнага па яго здольнасцях, кожнаму — па яго працы». Лушчыцкі.

2. Умоўнае абазначэнне адносін якіх‑н. велічынь, элементаў і пад., якое складаецца з літар, лічбаў, знакаў. Алгебраічная формула. Хімічная формула. □ [Марынка] схілілася над сшыткамі, паволі ўваходзячы ў знаёмы свет формул і вывадаў. Хадкевіч. Адноснасць руху, Адноснасць часу, Энергію праменьчыка і масы Мы ў формулы загналі, Як у сеці. Грачанікаў.

[Ад лац. formula — форма, правіла, палажэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́ласць, ‑і, ж.

1. Здольнасць успрымаць знешнія раздражненні органамі пачуццяў. Чуласць пальцаў музыканта. □ [Нявідны] абярнуўся ў нежывога, страціўшага чуласць і прытомнасць чалавека. Колас. // Тонкае, вострае ўспрыманне. Вясна і праца выгналі з думак [Зосі] рэшткі хваравітай чуласці да ўспамінаў. Чорны. З чуласцю прыслухоўваецца .. [Ілька] да вясковых зыкаў, як скрыпяць вароты і стукаюць цапы, як спяваюць вясковыя, дзяўчаты. Каваль. // Адчувальнасць. Унутраная чуласць да навакольнага памагае герою зліць душу з прыродай, і, наадварот, тонкае адчуванне прыроды выклікае прыліў унутраных сіл і творчасці. Гіст. бел. сав. літ. Паэт валодае павышанай чуласцю да хараства жыцця, ён улюбёны ў родную прыроду, ва ўсё светлае, чыстае, высакароднае. Перкін.

2. Увага да людзей; спагадлівасць, спачувальнасць. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Максім Танк — паэт-лірык, які заўсёды вызначаўся чуласцю да гора і радасці народа. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праясні́цца, ‑ніцца; зак.

1. Стаць ясным, выразным, добра бачным. Знікла снежная імгла, праясніўся далягляд. Пестрак. На небе праясніўся малады месяц і выплылі зоры. Якімовіч.

2. Стаць ясным, свабодным ад хмар; праяснець. Пад вечар неба праяснілася, і горад заззяў ад прам[янёў] сонца. Мележ.

3. Стаць ясным, зразумелым. Андрэю было не зусім ясна, чаму Мароз адмовіўся выкарыстаць партыйны сход супроць яго. Гэта праяснілася праз два дні. Лобан. І мы доўга не маглі ўцяміць, з якой ласкі стаў .. [Мядзведзька] да нас такі добры. Але хутка ўсё праяснілася. Навуменка.

4. Стаць ясным, выразным (пра свядомасць, думкі і пад.). Шмат у чым праяснілася .. светаразуменне [мастака]. Перкін. / у безас. ужыв. Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Чарнышэвіч. // Стаць спакойным, вясёлым, прыветлівым. Тут бацька зразу адпусціўся, Павесялеў і праясніўся. Колас. Твар Кандрата Назарэўскага праясніўся ўсімі жывымі рысамі. Чорны. Валя сэрцам адчула бацькаў настрой, і погляд яе, у апошнія часы часцей за ўсё строгі і незадаволены, таксама праясніўся. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыпо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае характэрныя асаблівасці, уласцівыя пэўнаму тыпу прадметаў, з’яў, людзей і пад. Тыповы паўднёвы горад. Тыповы беларускі арнамент. □ Герой аповесці [«Набліжэнне»] Левін — тыповы дробнабуржуазны інтэлігент. Яго светапогляд вельмі абмежаваны. Перкін. // Разм. Ярка выражаны. Тыповае верхаглядства.

2. Які часта сустракаецца, звычайны, характэрны для каго‑, чаго‑н. Тыповы выпадак. Тыповая памылка. □ Федароўскіх, Елаўскіх, Малых — тыповыя для Урала прозвішчы. Шынклер. Для Беларусі тыповым з’яўляецца залаты карась. «Беларусь».

3. У мастацтве — які аб’ядноўвае індывідуальныя, своеасаблівыя рысы з прыкметамі і ўласцівасцямі, характэрнымі для шэрага з’яў і асоб. У рамане Шамякін здолеў намаляваць тыповую карціну партызанскай барацьбы ў тыле ворага, барацьбы, якая пабыла шырокі размах і ўсенародны характар. Гіст. бел. сав. літ. Матывы адлёту журавоў, буслоў і гракоў — тыповыя для народнай творчасці, для беларускай паэзіі. Палітыка. / у знач. наз. тыпо́вае, ‑ага, н. Аўтар нібы імкнецца толькі добрасумленна расказаць пра чалавека ўсё, што ведае, не спрабуючы вылучыць тыповае ў яго характары і адсеяць выпадковае і нехарактэрнае. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Спосаб, прыём, якім хапаюць, схопліваюць што‑н. Учэпістая хватка. □ Сяргей здзіўляў інжынераў сваёй імклівасцю, напорыстасцю. .. Былі ў яго добрая хватка, дакладны разлік, энергія!.. Мяжэвіч. // перан. Манера дзейнічання каго‑н. [Ціхончык:] — Дык вось Ганчароў з Белагорцавым агітнулі мужчын з чужой зоны і ўзялі іх у атрад. Узялі без зброі. Але цяпер у кожнага ёсць або вінтоўка, або аўтамат. Партызанская хватка, нічога не скажаш. Дзенісевіч. [Шаройка:] — Эге! Пазнаю бацькаву хватку! Шамякін. Пазбаўлены драпежніцкай хваткі і гаспадарскай учэпістасці, .. [Мацвей] усё сваё жыццё гібее, калоціцца, азлоблены і няшчасны. Перкін. // Спрыт у чым‑н. Бяры пракос, наколькі просіць хватка, Не замінай адно, а то падрэжуць — Няхай сабе і старшынёвы — пяткі! Зуёнак. Усе думалі, што .. [Юлька] са сваёй хваткай, калі не горы стане варочаць, то зоркі з неба хапаць. Гроднеў. Зусім малады юнак быў, а ўжо — з прафесійнай рабочай хваткаю. Карамазаў.

•••

Мёртвая хватка — а) хватка ў сабак і некаторых іншых жывёл, калі доўга не разнімаюцца сківіцы; б) пра здольнасць упарта, не адступаючыся, дабівацца свайго.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панара́ма, ‑ы, ж.

1. Від мясцовасці (звычайна з вышыні), якая цягнецца вельмі далёка. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас. Панарамы лясоў і балот, Краявіды імшыстых нізін... І на Захад, на Поўнач, на Усход — Я ды край мой — адзін на адзін. Таўбін. // перан. Агульны шырокі агляд, апісанне якіх‑н. падзей у жыцці, у мастацкім творы. Перад намі ж не асобны гістарычны эпізод, не адна якая-небудзь з’ява, а хада гадоў, панарама мноства падзей перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Перкін. З майстэрствам .. пададзена ў рамане К. Чорнага «Вялікі дзень» панарама мнагадзённых баёў за Брэсцкую крэпасць. Кудраўцаў.

2. Вялікая карціна з аб’ёмным першым планам, змешчаная ўнутры круглага будынка з верхнім асвятленнем. Севастопальская панарама.

3. Абсталяванне, пры дапамозе якога невялікія карціны здаюцца павялічанымі пры разглядзе праз аптычнае шкло.

4. Спец. Аптычная прылада для павелічэння дакладнасці наводкі гарматы. Было відаць, як хлопцы на хвіліну прыпыняліся, наводчык прыпадаў да панарамы, страляў, пасля ўсе пасоўваліся зноў далей. Карпюк.

[Ад грэч. pán — усё і hórama — відовішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«МАЛАДНЯ́К»,

аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліст. 1923 — ліст. 1928. Узнік як гурток маладых паэтаў пры час. «Маладняк». Заснавальнікі: М.Чарот, А.Вольны, А.Дудар, А.Александровіч, А.Бабарэка, Я.Пушча. Са стварэннем філіі ў Маскве (май 1924) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве прыняў назву Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў. Меў філіі ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах (Калінінская філія), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе, студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках, а таксама нац. секцыі рус., літ., польск. і яўр. пісьменнікаў.

Членамі «М.» ў розны час былі М.Аляхновіч, З.Бандарьша, І.Барашка, П.Броўка, З.Бядуля, У.Галубок, В.Гарбацэвіч, Ю.Гаўрук, П.Глебка, К.Губарэвіч, А.Гурло, У.Дубоўка, Я.Журба, У.Жылка, М.Зарэцкі, А.Звонак, В.Каваль, Т.Кляшторны, К.Крапіва, М.Лынькоў, В.Маракоў, Р.Мурашка, М.Нікановіч, Л.Родзевіч, В.Сгашэўскі, П.Трус, У.Хадыка, Н.Чарнушэвіч, К.Чорны, С.Шушкевіч, А.Якімовіч і інш. Кіруючы орган — прэзідыум, з лют. 1925 Цэнтр. бюро, у розныя гады якое ўзначальвалі М.Чарот, А.Вольны, Дубоўка, П.Галавач. Друк. орган — час. «Маладняк», многія філіі мелі свае часопісы або альманахі. З мая 1925 «М.» выдаваў на свае сродкі бібліятэчку (кніжніцу) — невял. зборнікі твораў сваіх членаў (выйшла каля 60).

Творчая праграма «М.» сфармулявана ў дэкларацыі (снеж. 1924): «...ідэі матэрыялізму, марксізма і ленінізма ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці...»; мастацкі вобраз павінен аб’ектыўна адпавядаць рэальнасці. Праграма ўдакладнялася новымі дэкларацыямі (1925, 1926) у кірунку размежавання творчай і культ.-масавай працы, барацьбы за развіццё марксісцкай крытыкі і інш. Праводзіў выхаваўчую работу сярод моладзі, садзейнічаў выяўленню талентаў, наладжваў сувязі з літ. арг-цыямі інш. рэспублік, кнігаабмен з зарубежнымі краінамі. Творчасць маладнякоўцаў прасякнута пафасам сцвярджэння сацыяліст. ладу, вызначалася пошукамі новых маст. форм і сродкаў. Аднак многія з іх абвяшчалі літ. спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармаліст. штукарствам (атрымала назву «бурапена»). У сваёй дзейнасці «М.» кіраваўся ўказаннямі КП(б)Б, быў цесна звязаны з камсамолам. У маі 1926 у выніку расколу многія члены (К.Чорны, К.Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, М.Лужанін і інш.), а на мяжы 1927—28 і асн. кіруючае ядро (М.Чарот, А.Вольны, А.Дудар, Сташэўскі і інш.) выйшлі з «М.». Рэарганізаваны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.

Літ.:

Гарэцкі М. «Маладняк» за пяць гадоў, 1923—1928. Мн., 1928;

Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;

Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг. Мн., 1960;

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Навумовіч У.А. Шляхамі арлянят: Проза «Маладняка». Мн., 1984;

Чыгрын І.П. Проза «Маладняка»: Дарогамі сцвярджэння. Мн., 1985.

К.Р.Хромчанка.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спадаро́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каму. Ісці, ехаць разам з кім‑н., быць яго спадарожнікам. Спадарожнічаць турыстам у паездцы. // перан. Быць спадарожнікам жыцця. [Усевалад:] — У нас ёсць жанкі, .. я думаю, што перш за ўсё трэба выпіць за іх. За тых, хто робіць нашу ўтульнасць, хто спадарожнічае нам усё жыццё. Скрыган. // Быць заўсёды разам з кім‑н. Песня спадарожнічае нам праз усё жыццё. «Маладосць». Чамадан, гэты славуты чамадан, пра які так многа расказваюць нават анекдотаў, заўсёды спадарожнічае .. [сувязістам]. Пестрак.

2. каму. Працякаць, адбывацца адначасова або ўслед за чым‑н., знаходзіцца з нечым у непарыўнай сувязі. Нам вядома, якія жыццёвыя абставіны і падзеі спадарожнічалі Івану Калацкаму на яго шляху ад сялянскага хлапца да камандзіра палка. Кудраўцаў.

3. каму-чаму. Быць неаддзельным ад каго‑, чаго‑н., цесна звязаным з кім‑, чым‑н. Слабае, нясталае, вучнёўскае спадарожнічае маладосці, таленту. Перкін. Для таго, каб «рыбацкае шчасце» заўжды і ўсюды спадарожнічала табе, патрэбны вынаходлівасць, кемлівасць, веды. Матрунёнак. Сяргею заўсёды спадарожнічала ўдача. Мяжэвіч. // Расці, трапляцца поруч, разам з чым‑н. [Леў Раманавіч:] — Зязюльчын лён і асака — запусценне. Ім спадарожнічае ніцая лаза і чарот, амежнік і мудр[а]нка. Асіпенка. Зарыва азначае, што спальваецца газ, які заўсёды нафце спадарожнічае. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбі́так, ‑тка і ‑тку, м.

1. ‑тка. Тое, што адлюстравалася на гладкай, бліскучай паверхні ў выніку пераламлення светлавога праменя; адлюстраванне. Тут ціха ля ног плешча чорная хваля азёрная, Адбіткі дубоў і сасонак чарнеюць з вады. Лойка. Справа і злева мільгаюць вуліцы, дамы-палацы, часта іх адбіткі купаюцца ў забетанаваных водах Неўкі і Фантанкі. Лупсякоў. // Цень прадмета, асветленага з процілеглага боку, на якой‑н. паверхні. На бледна-сіняй сцяне, на белых дзвярах палаты ўжо [свяціўся] вялікі сонечны квадрат з адбіткамі рамы. Шамякін.

2. ‑тка. След, які астаўся на чым‑н. ад іншага прадмета. Адбіткі пальцаў. □ Вільготны пясок увесь спярэшчаны.. слядамі [чаек]. Усюды адбіткі іх лапак, нібы нейкі складаны, адмысловы ўзор. В. Вольскі.

3. ‑тку. Тое, што з’яўляецца адлюстраваннем, перадачай у вобразах і паняццях чаго‑н. Тое, што азначала карэнныя змены ў агульным жыццёвым лёсе народа, не магло не знайсці свайго адбітку ў сферы мастацтва, літаратуры. Перкін.

4. ‑тку. След, пячаць, адзнака якіх‑н. пачуццяў, уздзеянняў, уплываў і пад. На ўсіх рэчах у хаце ляжаў адбітак маладой свежай дбаласці. Васілевіч. Час бяжыць імкліва, нястрымна і на ўсё кладзе свой адбітак. Хадкевіч.

5. ‑тка. Тэкст, малюнкі і пад., адціснутыя паліграфічным спосабам. І калі, нарэшце, прэс падымаюць, на кардоне застаецца выразны адбітак як тэксту, так і малюнкаў. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хці́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной. Майхровіч. Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку. «Маладосць». // Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае! Чорны. // Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць. Грахоўскі.

2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель». Перкін. // Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя. Грамовіч. Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай. Бярозкін.

3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй. Пушча. // Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку. Новікаў. [Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла. Броўка. // знач. наз. хці́вы, ‑ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека. Дадзіёмаў. [Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)