НЮ́РНБЕРГСКІ ПРАЦЭ́С,

судовы працэс над групай гал. нацысцкіх ваенных злачынцаў. Праводзіўся 20.11.1945—1.10.1946 у г. Нюрнберг (Германія), у Міжнар. ваен. трыбунале, створаным паводле Лонданскага пагаднення ад 8.8.1945 паміж СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй, да якога далучыліся яшчэ 19 дзяржаў. Ад СССР гал. абвінаваўцам выступаў Р.​А.​Рудэнка. Пад суд былі аддадзены 24 ваен. кіраўнікі фаш. Германіі: Г.​Герынг, Р.​Гес, І.​Рыбентроп, В.​Кейтэль, Р.​Лей (скончыў самагубствам у турэмнай камеры), Э.​Кальтэнбрунер, А.​Розенберг, Г.​Франк, В.​Фрык, Ю.​Штрэйхер, В.​Функ, К.​Дзёніц, Э.​Рэдэр, Б. фон Шырах, Ф.​Заўкель, А.​Іодль, М.​Борман (судзілі завочна), Ф. фон Папен, А.​Зейс-Інкварт, А.​Шпеер, К.​Нейрат, Г.​Фрычэ, Г.​Круп (прызнаны невылечна хворым, яго справа спынена ў сувязі са смерцю). Адбыліся 403 адкрытыя суд. пасяджэнні, на якіх заслуханы паказанні падсудных (за выключэннем Геса і Фрыка), 116 сведак, разгледжана больш за 5 тыс. дакумент. доказаў, у т. л. пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў на тэр. Беларусі: паведамленні і акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, пра знішчэнне сав. людзей шляхам заражэння сыпным тыфам у 3 канцлагерах на тэр. Палескай вобл., расстрэлы жыхароў у Гомелі, Пінску, Лідзе, знішчэнне дзяцей у Брэсцкай вобл. Віна падсудных у змове супраць міру і чалавечнасці, ва ўчыненні найцяжэйшых ваен. злачынстваў была даказана. Да пакаранню смерцю праз павешанне прыгавораны Герынг, Рыбентроп, Кейтэль, Розенберг, Франк, Фрык, Кальтэнбрунер, Штрэйхер, Іодль, Заўкель, Зейс-Інкварт, Борман (завочна), да пажыццёвага турэмнага зняволення Гес, Функ, Рэдэр, да турэмнага зняволення на 20 гадоў Шырах і Шпеер, на 15 — Нейрат, на 10 — Дзёніц, апраўданы Папен, Фрычэ, Я.​Шахт. Ваенны трыбунал прызнаў злачыннымі дзярж. тайную паліцыю (гестапа) і службу бяспекі (СД), кіруючы склад Нацыянал-сацыялісцкай партыі і яе ахоўныя атрады (СС). На прыгавор чл. трыбунала ад СССР заявіў асобную думку: Папен, Фрычэ і Шахт апраўданы беспадстаўна, да Геса павінна быць ужыта пакаранне смерцю, беспадстаўна адмоўлена прызнаць злачыннымі арг-цыямі генштаб і ўрадавы кабінет. Прыгавор да пакарання смерцю здзейснены ў ноч на 16.10.1946, целы пакараных і Герынга (скончыў самагубствам перад пакараннем смерцю) сфатаграфаваны, спалены і прах развеяны. Так упершыню ў гісторыі былі пакараны арганізатары агрэсіўнай вайны, агрэсія прызнана найцяжэйшым міжнар. злачынствам. На працэсе былі выкрыты агрэсіўная і чалавеканенавісніцкая сутнасць фашызму, жудасныя дзеянні нацыстаў у акупіраваных краінах, устаноўлена віна гал. кіраўнікоў фаш. Германіі ў арганізацыі і ва ўчыненні найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Прынцыпы міжнар. права, што ўтрымліваюцца ў Статуце трыбунала і выказаныя ў прыгаворы, былі пацверджаны рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН ад 11.12.1946.

Літ.:

Нюрнбергский процесс: право против войны и фашизма. М., 1995;

Нюрнбергский процесс: Сб. материалов: В 8 т. Т. 1—5. М., 1987—91.

І.​І.​Пацяружа.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАВЫ,

баярскі род, царская (з 1613) і імператарская (1721—1917) дынастыя ў Расіі. Першы дакументальна вядомы продак Р. — баярын маскоўскіх князёў сярэдзіны 14 ст. Андрэй Іванавіч Кабыла. Продкі Р. да пач. 16 ст. называліся Кошкінымі, потым Захар’інымі. У 1547 Захар’іны парадніліся з правячай дынастыяй Рурыкавічаў праз шлюб цара Івана IV з дачкой Рамана Юр’евіча Захар’іна-Юр’ева (ад яго імя пайшло родавае прозвішча Р.) Анастасіяй, маці наступнага цара Фёдара Іванавіча, што спрыяла іх узвышэнню. Непасрэдны родапачынальнік Р. — 3-і сын Рамана Юр’евіча — Мікіта Раманавіч (памёр у 1586) — баярын з 1562, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83 і многіх дыпламат. перагавораў; пасля смерці Івана IV да канца 1584 кіраўнік рэгенцкай рады пры няздольным да кіравання цару Фёдару. З сыноў Мікіты Раманавіча найб. вядомы Фёдар (каля 1555—1633; гл. Філарэт) і Іван (памёр у 1640) — баярын з 1605, чл. Сямібаяршчыны (1610—12). Са смерцю цара Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Фёдар Мікітавіч Р. быў кандыдатам на царскі трон, але быў выбраны Барыс Гадуноў [1598—1605], які падверг Р. апале (1600) і ссылцы (1601); Фёдар Мікітавіч пастрыжаны ў манахі пад імем Філарэта. Новае ўзвышэнне Р. адбылося ў час праўлення Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый І). У 1608 у Тушынскім лагеры Лжэдзмітрыя II (гл. Ілжэдзмітрый II) Філарэт абвешчаны патрыярхам рус. правасл. царквы [1608—10] у процівагу патрыярху Гермагену. На земскім саборы 1613 Міхаіл Фёдаравіч Р., сын Фёдара Мікітавіча (Філарэта), выбраны рас. царом [1613—45] і паклаў пачатак правячай дынастыі Р. Пры ім вял. уплывам на дзярж. справы карысталіся яго дзядзька Іван Мікітавіч, а з 1619, пасля вяртання з польскага палону, бацька Філарэт (з 1619 зноў патрыярх), які фактычна кіраваў дзяржавай. Наступныя правіцелі Расіі з дынастыі Р.: Аляксей Міхайлавіч [1645—76], яго сын Фёдар Аляксеевіч [1676—82], яго браты Іван V [1682—96] і Пётр I [1682—1725], рэгенткай пры якіх была іх сястра Соф’я Аляксееўна (да 1689). У 1721 Расія абвешчана імперыяй, а Пётр I — першым імператарам усерасійскім. Паводле указа Пятра ад 16.2.1722 (пацверджаны ў 1731 і 1761) імператар прызначаў сабе пераемніка з асоб імператарскай фаміліі. Пётр I не паспеў прызначыць пераемніка і пасля яго смерці прастол заняла яго жонка (паводле паходжання бел. мяшчанка) Кацярына I [1725—27]. Пасля яе смерці імператарам стаў непаўналетні ўнук Пятра I (сын царэвіча Аляксея Пятровіча) Пётр II [1727—30]. З яго смерцю (1730) дынастыя Р. у прамым мужчынскім пакаленні спынілася. У 1730—40 імператрыцай была дачка Івана V Ганна Іванаўна, у 1741—62 — дачка Пятра I Лізавета Пятроўна, са смерцю якой (5.1.1762) дынастыя Р. спынілася і па жан. лініі. У далейшым прозвішча Р. насілі роднасныя ім прадстаўнікі ням. Гольштэйн-Готарпскай дынастыі: Пётр III [1762], сын герцага Гольштэйн-Готарпскага Фрыдрыха Карла і дачкі Пятра I Ганны; яго жонка Кацярына II [1762—96], народжаная прынцэса Ангальт-Цэрбсцкая; іх сын Павел I [1796—1801], які заканадаўча зацвердзіў прынцып пераходу прастола паводле права першародства па мужчынскай лініі (дзейнічаў да 1917); яго сын Аляксандр I [1801—25], брат Аляксандра Мікалай I [1825—55], сын, унук і праўнук Мікалая I, адпаведна: Аляксандр II [1855—81], Аляксандр III [1881—94] і Мікалай II [1894—1917]. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 дынастыя Р. скінута, у вер. 1917 Расія абвешчана рэспублікай. Мікалай II з сям’ёй і яго брат Міхаіл у ліп. 1918 расстраляны бальшавікамі; у 1918—19 расстраляны або забіты многія Р. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 некат. Р. апынуліся ў эміграцыі. Некаторыя з іх абвясцілі сябе прэтэндэнтамі на рас. прастол, у прыватнасці вял. князі Мікалай Мікалаевіч і Кірыл Уладзіміравіч. Спрэчкі паміж рознымі галінамі Р. за права прэтэндаваць на рас. прастол працягваюцца да нашага часу.

Літ.:

Трехсотлетие Дома Романовых, 1613—1913. М., 1990 [рэпр. выд. 1913];

Василевский И.М. Романовы: Портреты и характеристики. Ч. 1—2. Новосибирск, [1991];

Буранов Ю., Хрусталев В. Гибель императорского дома, 1917—1919 гг. М., 1992. Гл. таксама літ. пры артыкулах пра асобных манархаў з дынастыі Р.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

фізічная тэорыя прасторы і часу ў іх сувязі з матэрыяй і законамі яе руху. Падзяляецца на спецыяльную (СТА) і агульную (АТА). СТА створана ў 1904—08 у выніку пераадольвання цяжкасцяў, якія ўзніклі ў класічнай фізіцы пры тлумачэнні аптычных (электрадынамічных) з’яў у рухомых асяроддзях (гл. Майкельсана дослед). Заснавальнікі СТА — Г.​А.​Лорэнц, А.​Пуанкарэ, А.​Эйнштэйн, Г.​Мінкоўскі.

У працы Эйнштэйна «Да электрадынамікі рухомых цел» (1905) сфармуляваны 2 асн. пастулаты СТА; эквівалентнасць усіх інерцыйных сістэм адліку (ІСА), пры апісанні не толькі мех., а таксама аптычных, эл.-магн. і інш. працэсаў (спец. адноснасці прынцып); пастаянства скорасці святла ў вакууме ва ўсіх ІСА; незалежнасць яе ад руху крыніц і прыёмнікаў святла. Пераход ад адной ІСА да ўсякай іншай ІСА адбываецца з дапамогай Лорэнца пераўтварэнняў, якія вызначаюць характэрныя прадказанні СТА; скарачэнне падоўжных памераў цела, запавольванне часу і нелінейны закон складання скарасцей, згодна з якім у прыродзе не можа адбывацца рух (перадача сігналаў) са скорасцю, большай за скорасць святла ў вакууме. СТА — фіз. тэорыя працэсаў, для якіх уласцівы вял., блізкія да скорасці святла c у вакууме скорасці руху. У тым выпадку, калі скорасць v намнога меншая за скорасць свята (v ≪ c), усе асн. палажэнні і формулы СТА пераходзяць у адпаведныя суадносіны класічнай механікі. Раздзелы фізікі, у якіх неабходна ўлічваць адноснасць адначасовасці (з дакладнасцю да v​2/c​2 і вышэй), наз. рэлятывісцкай фізікай. Першай створана рэлятывісцкая механіка, у якой устаноўлены залежнасці поўнай энергіі E і імпульсе p→ цела масы m ад скорасці руху v: E = m c2 1 − v2 / c2 , p→ = m v→ 1 − v2 / c2 , адкуль вынікае ўзаемасувязь энергіі спакою цела з яго масай: E0 = mc​2. На падставе аб’яднання СТА і квантавай механікі пабудаваны рэлятывісцкая квантавая механіка і рэлятывісцкая квантавая тэорыя поля, якія з’явіліся тэарэт. асновай фізікі элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў. Усе асн. палажэнні і прадказанні СТА і пабудаваных на яе аснове фіз. тэорый знайшлі пацвярджэнне ў эксперыментах, выкарыстоўваюцца пры вырашэнні практычных задач ядз. энергетыкі, праектаванні і эксплуатацыі паскаральнікаў зараджаных часціц і г.д. Агульная тэорыя адноснасці (АТА), створаная Эйнштэйнам (1915—16) як рэлятывісцкая (геаметрычная) тэорыя гравітацыйных узаемадзеянняў, вызначыла новы ўзровень навук. поглядаў на прастору і час. Яна пабудаваная на падставе СТА як рэлятывісцкае абагульненне тэорыі сусветнага прыцягнення Ньютана на моцныя гравітацыйныя палі і скорасці руху, блізкія да скорасці святла. АТА апісвае прыцягненне як уздзеянне гравітацыйнай масы рэчыва і поля згодна з эквівалентнасці прынцыпам на ўласцівасці 4-мернай прасторы-часу. Геаметрыя гэтай прасторы перастае быць эўклідавай (плоскай), а становіцца рыманавай (скрыўленай). Гэта азначае, што кожнаму пункту прасторы-часу адпавядае свая метрыка, сваё скрыўленне. Пераўтварэнні Лорэнца ў АТА таксама залежаць ад каардынат прасторы і часу, становяцца лакальнымі, таму можна гаварыць толькі аб лакальным выкананні законаў СТА у АТА. Ролю гравітацыйнага патэнцыялу адыгрывае метрычны тэнзар, які вызначаецца як рашэнне ўведзеных у АТА нелінейных ураўненняў гравітацыйнага поля (ураўненняў Гільберта—Эйнштэйна). У АТА прымаецца, што гравітацыйная маса скрыўляе трохмерную прастору і змяняе працягласць часу тым больш, чым большая гэта маса (большае прыцягненне). У АТА рух цел па інерцыі (пры адсутнасці вонкавых сіл негравітацыйнага паходжання) адбываецца не па прамых лініях з пастаяннай скорасцю, а па скрыўленых лініях з пераменнай скорасцю. Гэта значыць, што ў малой частцы прасторы-часу, дзе гравітацыйнае поле можна лічыць аднародным, створаны ім эфект эквівалентны эфекту, абумоўленаму паскораным (неінерцыяльным) рухам адпаведнай сістэмы адліку. Таму АТА, у якой паняцце ІСА па сутнасці не мае сэнсу, наз. тэорыяй неінерцыйнага руху. Асн. гравітацыйныя эфекты, прадказаныя ў АТА, пацверджаны эксперыментальна. АТА адыграла вял. ролю ў фарміраванні сучаснай касмалогіі.

На Беларусі навук. даследаванні па СТА і АТА пачаліся ў 1928—29 (Ц.​Л.​Бурстын, Я.​П.​Громер) і атрымалі інтэнсіўнае развіццё ў АН, БДУ і інш.

Літ.:

Эйнштэйн А. Сущность теории относительности. М., 1955;

Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. М., 1961;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1967;

Синг Дж.Л. Общая теория относительности: Пер. с англ. М., 1963;

Фёдоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;

Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;

Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории тяготения. Мн., 1979.

А.​А.​Богуш.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСІЗА́ЦЫЯ,

палітыка нац.-дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва ў БССР у 1920-я г. Яе вытокі ў бел. вызв. руху, у ідэях бел. нац. адраджэння. У БССР беларусізацыя праводзілася пад кіраўніцтвам КП(б)Б як адзінай уладнай партыі. Выпрацоўка нац. праграмы Камуніст. партыі праходзіла складана і супярэчліва, у жорсткай унутрыпарт. барацьбе. Ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да грамадзянскага міру, станаўлення новай эканам. палітыкі (нэпа), пошуку формаў саюзу сав. рэспублік, пад націскам прадстаўнікоў нац. кампартый верх узяла лінія прыхільнікаў федэратыўнага аб’яднання, абнаўлення нац. палітыкі. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы бел. нац.-вызв. руху, якія ў час Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны свядома прыйшлі да бальшавікоў, звязалі з сав. уладай свае надзеі на нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа, яго сац. і нац. адраджэнне. Многія з іх увайшлі ў склад кіруючых парт. і сав. органаў (А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч, У.​М.​Ігнатоўскі, А.​Л.​Бурбіс, А.​В.​Баліцкі, П.​В.​Ільючонак і інш.). Нягледзячы на шэраг супярэчнасцяў, ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам КП(б)Б, у т. л. сакратарамі ЦК В.​Г.​Кнорыным, В.​А.​Багуцкім, А.​М.​Асаткіным-Уладзімірскім, А.​І.​Крыніцкім. Першыя крокі ў ажыццяўленні беларусізацыі зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць мовы, стварэнне бел. школ, перавод справаводства на бел. мову). Пры Наркамаце асветы БССР адкрыліся курсы беларусазнаўства для падрыхтоўкі настаўнікаў (кіраўнік Я.​Лёсік). У лют. 1921 ЦВК БССР прыняў шэраг пастаноў, што прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. Быў пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. і польскай моў, намечаны меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхн. вучылішчаў і тэхнікумаў. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 распачаў дзейнасць БДУ, у 1922 — Ін-т бел. культуры. Згуртаванню ўсіх творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліп. 1923 сумесным дэкрэтам ЦВК СССР і ЦВК БССР амністыя ўсім радавым удзельнікам і кіраўнікам антысав. нац. фарміраванняў і арг-цый 1918—20. VII з’езд КП(б)Б (сак. 1923) падвёў папярэднія вынікі вырашэння нац. пытання на Беларусі, сфармуляваў прынцыпы палітыкі беларусізацыі. Пашыраны пленум ЦБ КП(б)Б (ліп. 1923) вызначыў комплекс мер па гасп. адраджэнні краю, тэр. самавызначэнні бел. народа, развіцці бел. мовы і нац. культуры, вылучэнні і выхаванні кадраў. Гэта праграма неаднаразова ўдакладнялася і дапаўнялася на пленумах ЦК КП(б)Б (1925). 2-я сесія ЦВК БССР (15.7.1924) прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», у выніку якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзярж. палітыкай. Прэзідыум ЦВК БССР утварыў спец. камісію па ажыццяўленні нац. палітыкі на чале з А.​І.​Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры акр. выканкомах. У 2-й пал. 1920-х г. беларусізацыя мела цэласны канцэптуальны характар і была ўзнята да ўзроўню парт. і дзярж. палітыкі. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 дабратворна паўплывала на паліт., эканам. і культ. развіццё рэспублікі. Асноўны змест нац. палітыкі вызначалі пытанні развіцця бел. мовы і культуры (пры безумоўным забеспячэнні правоў і магчымасцяў свабоднага развіцця нац. меншасцяў). Выключная ўвага звярталася на навук. даследаванні праблем бел. мовы, яе гісторыі, нарматыўнасць, распрацоўку навук. тэрміналогіі. У 1920-я г. бел. мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літаратурнай мове. Выдаваліся працы па актуальных праблемах гісторыі, мастацтва, л-ры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі. Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1928 каля 80% школ было пераведзена на бел. мову навучання; адкрываліся школы і класы для прадстаўнікоў нац. меншасцяў; выкладанне вялося на 8 нац. мовах. Да канца 1920-х г. амаль цалкам пераведзена на бел. мову справаводства ў дзярж. і парт. органах. Адным з цэнтр. кірункаў беларусізацыі з’яўлялася т.зв. каранізацыя — вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва на парт., сав., праф. і грамадскую работу. Палітыка беларусізацыі зрабіла значны ўплыў на нар. масы Зах. Беларусі, узмацніла іх арыентацыю на БССР; многія дзеячы бел. эміграцыі прынялі запрашэнне ўрада БССР вярнуцца на Беларусь для нац.-культ. працы. З канца 1920-х г., ва ўмовах стварэння аўтарытарна-бюракратычнай сістэмы і разгортвання кампаніі супраць т.зв. нацыянал-дэмакратызму, пачаўся паварот да фактычнай контрбеларусізацыі, разгрому нац. інтэлігенцыі. Апагеем гэтай кампаніі стала сфальсіфікаваная справа т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», за прыналежнасць да якога было засуджана 90 чал., пераважна дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі шэрагу наркаматаў рэспублікі. У 1930-я г. сам тэрмін «беларусізацыя» амаль на паўстагоддзе знікае з ужытку.

Літ.:

Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;

Кароль А. Беларусізацыя — палітыка нацыянальнага адраджэння // Крыжовы шлях. Мн., 1993.

А.​С.​Кароль.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,

дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс. чал. (1994). Сталіца — г. Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).

Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.

Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд. м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн. т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра студз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.

Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс. чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс. ж.; 1991), Сітра, Іса.

Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.

Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд. м³, нафты каля 2 млн. т. Працуюць: нафтаперапр. з-д (магутнасць 14 млн. т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн. т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс. т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм. з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар. трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд. дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн. гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Бахрэйна.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́Р,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл. За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс. ж. (1998).

Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс. ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс. ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыя РСДРП У час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс. ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс. ж., больш за 1 тыс. чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.

Цэнтр нафтаперапр. прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.​Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.​З.​Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.

У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся з гандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр. ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (з ПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; з паўд.-ўсх. ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн. Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл. таксама Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.

Літ.:

Никитин А.С., Залвцман Е.Е. Мозырь: Ист.-экон. очерк. Мн., 1973;

Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.

В.​Л.​Насевіч, В.​С.​Пазднякоў (гісторыя), Л.​С.​Патапаў, Ю.​А.​Якімовіч (архітэктура).

Мазыр. Жылыя дамы па вуліцы Савецкай.

т. 9, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА (ад грэч. physis прырода),

навука аб уласцівасцях, формах і будове матэрыі (рэчыва і поля), найб. агульных законах яе руху і пераўтварэнняў. Паняцці і законы Ф. ляжаць у аснове ўсіх прыродазнаўчых навук (хіміі, біялогіі, навукі аб зямлі, астраноміі). Фізічныя законы грунтуюцца на фактах, устаноўленых доследным шляхам, і фармулююцца ў выглядзе колькасных суадносін паміж фізічнымі велічынямі. Асаблівае значэнне ў Ф. маюць захавання законы, якія звязаны з прынцыпамі сіметрыі прасторы і часу. У залежнасці ад метадаў даследавання адрозніваюць эксперыментальную фізіку і тэарэтычную фізіку, ад аб’ектаў вывучэння — фізіку элементарных часціц, ядзерную фізіку, атамную фізіку, малекулярную фізіку, фізіку цвёрдага цела, Ф. вадкасцей і газаў, плазмы, Ф. палёў (эл.-магн. і гравітацыйнага); ад працэсаў (форм руху матэрыі), якія даследуюцца, — механіку матэрыяльных пунктаў і цвёрдых цел, механіку суцэльных асяроддзяў, Ф. ваганняў і хваль, эл. і магн. з’яў, акустыку, оптыку, тэрмадынаміку, квантавую механіку, электрадынаміку, квантавую тэорыю паля, статыстычную фізіку і інш. Падзел Ф. на раздзелы мае ў значнай ступені ўмоўны характар і паміж імі няма выразных межаў. Ф. цесна ўзаемадзейнічае з інш. прыродазнаўчымі навукамі, тэхнікай, медыцынай і рознымі галінамі прам-сці. У выніку ўзніклі такія сумежныя навукі, як аграфізіка, астрафізіка, біяфізіка, геафізіка, матэматычная фізіка, хімічная фізіка, тэхн. Ф. і інш. Развіццё Ф. прывяло да ўзнікнення новых навук, галін тэхнікі і тэхналогій: электра- і радыётэхнікі, электронікі, ядз. энергетыкі, радыёлакацыі і інш. Дасягненні Ф. зрабілі істоты ўплыў на фарміраванне і змест такіх паняццяў, як матэрыя, рух, прастора і час. Для сучаснай Ф. характэрны пераход да вывучэння з’яў пры вял. скарасцях, высокіх энергіях і цісках, больш глыбокае пранікненне ў будову і працэсы руху рэчыва і паля фізічнага. Адной з асн. задач Ф. з’яўляецца стварэнне агульнай тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў — адзінай тэорыі поля, пабудова фізічнай карціны свету.

У сваім развіцці Ф. прайшла некалькі этапаў. Станаўленне Ф. ішло ад старажытнасці да пач. 17 ст. У гэты час вяліся першыя назіранні фіз. з’яў, назапашваліся веды пра іх і ўзніклі асобныя вучэнні. У эпоху грэка-рымскай культуры (6 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.) існавала агульная навука аб прыродзе — натурфіласофія, склалася вучэнне пра атамную будову рэчыва — атамістыка (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый), устаноўлены найпрасцейшыя законы статыкі (правіла рычага і інш.), распаўсюджання і адбіцця святла, сфармуляваны асновы гідрастатыкі (Архімед), створана геацэнтрычная сістэма свету (К.Пталамей). Вял. значэнне мела сістэматызацыя антычных галін ведаў, зробленая Арыстоцелем. Яго вучэнне было кананізавана царквой, што на многія вякі затармазіла развіццё навукі. У 16 ст. М.Капернік распрацаваў геліяцэнтрычную сістэму свету (яе ідэя прапанавана ў 3 ст. да н.э. Арыстархам Самоскім). Фарміраванне Ф. як навукі адбывалася ад пач. 17 ст. да канца 18 ст., калі пачалося сістэматычнае выкарыстанне эксперым. метадаў. Найб. значэнне мелі працы Г.Галілея (адкрыў інерцыі закон, Галілея прынцып адноснасці, законы свабоднага падзення цел, руху па нахіленай плоскасці і інш.), Э.Тарычэлі (адкрыў атм. ціск), Р.Бойля і Э.Марыёта (даследавалі пругкасць газаў і сфармулявалі Бойля—Марыёта закон), Р.Гука (выказаў гіпотэзу прыцягнення, адкрыў Гука закон), Х.Гюйгенса (заклаў асновы хвалевай тэорыі святла, фіз. маятніка, разам з Г.В.Лейбніцам сфармуляваў закон захавання колькасці руху), І.Ньютана (сфармуляваў асн. законы класічнай механікі, адкрыў сусветнага прыцягнення закон), Л.Эйлера (распрацаваў дынаміку абсалютна цвёрдага цела), Д.Бернулі і Ж.Л.Лагранжа (заклалі аснову гідрадынамікі ідэальнай вадкасці), В.Франкліна (распрацаваў унітарную тэорыю электрычнасці, устанавіў закон захавання эл. зараду), Г.Кавендыша і Ш.А.Кулона (незалежна адкрылі асн. закон электрастатыкі — Кулона закон), П.Бугера і І.Г.Ламберта (распрацавалі асновы фотаметрыі). Класічная Ф. развівалася ў 19 ст. Дж.Дальтан адкрыў кратных адносін закон (1803), даў пачатак сучаснай атамістыцы. Устаноўлены энергіі захавання закон (Ю.Р.Маер, Дж.П.Джоўль, Г.Л.Ф.Гельмгольц), распрацаваны асновы тэрмадынамікі (Р.Ю.Э.Клаўзіус, У.Томсан), створана кінетычная тэорыя газаў (Дж.К.Максвел, Л.Больцман) і хвалевая тэорыя святла (Т.Юнг, А.Ж.Фрэнель), адкрыты законы электрамагнетызму (М.Фарадэй), атрыманы ўраўненні для эл.-магн. хваль (Максвела ўраўненні), якія эксперыментальна пацверджаны Г.Р.Герцам. Вял. значэнне мелі таксама навук. даследаванні, адкрыцці і тэорыі Д.Ф.Араго, Л.Гальвані, А.Вольта, Х.К.Эрстэда, А.М.Ампера, Н.М.С.Карно, Г.Р.Кірхгофа, Р.В.Бунзена і інш.; сфармуляваныя і распрацаваныя другі закон тэрмадынамікі, малекулярна-кінетычная тэорыя цеплавых працэсаў, законы і метады статыстычнай механікі, класічнай электрадынамікі, спектральнага аналізу. Сучасная Ф. пачала фарміравацца ў канцы 19—пач. 20 ст. Новую эпоху ў Ф. вызначыла адкрыццё электрона (Дж.​Дж.Томсан), а таксама рэнтгенаўскіх прамянёў (В.К.Рэнтген), радыеактыўнасці (А.С.Бекерэль), атамнага ядра (Э.Рэзерфард), распрацоўка квантавай мадэлі атама (Н.Х.​Д.​Бор), гіпотэзы хваль дэ Бройля (Л.В. дэ Бройль), якія прывялі да стварэння квантавай механікі і квантавай электрадынамікі (В.К.Гайзенберг і В.Паўлі, Э.​Шродынгер і П.А.М.Дзірак), атамнай і ядз. Ф. У канцы 19—пач. 20 ст. Х.А.Лорэнц заклаў асновы электроннай тэорыі і электрадынамікі рухомых асяроддзяў. На аснове прац Лорэнца і Ж.А.Пуанкарэ створана А.Эйнштэйнам спецыяльная (1905) і агульная (1916) адноснасці тэорыя, даследавана будова атамнага ядра (1919, Рэзерфард), створана пратонна-нейтронная яго мадэль (Гайзенберг, Дз.​Дз.Іваненка), пачала развівацца Ф. элементарных часціц. Вял. ўклад у развіццё Ф. зрабілі М.Гел-Ман, Дж.У.Гібс, Р.Ф.Фейнман і інш.; у Расіі і СССР — М.В.Ламаносаў, П.М.Лебедзеў, Э.Х.Ленц, Дз.А.Мендзялееў, А.С.Папоў, В.У.Пятроў, А.Р.Сталетаў, М.А.Умаў, Б.С.Якобі і інш.; заснавальнікі фіз. школ С.І.Вавілаў, К.Ф.Іофе, І.В.Курчатаў, Л.Д.Ландау, Л.І.Мандэльштам, Дз.С.Раждзественскі, І.Я.Там, а таксама Ж.І.Алфёраў, А.П.Аляксандраў, Л.А.Арцымовіч, М.М.Багалюбаў, М.Г.Басаў, Я.П.Веліхаў, В.Л.Гінзбург, Я.Б.Зяльдовіч, П.Л.Капіца, А.М.Прохараў, І.М.Франк, У.А.Фок, Ю.Б.Харытон, П.А.Чаранкоў і інш. Даследаванні вяліся ў фіз. ін-тах АН СССР і АН саюзных рэспублік, у галіновых НДІ і ун-тах.

На Беларусі даследаванні па Ф. пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ, пашырыліся з 1950-х г. Сістэматычна вядуцца ў ін-тах Нац. АН (Ін-це фізікі імя Б.​І.​Сцяпанава, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной фізікі, фізіка-тэхнічным, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава, электронікі, праблем энергетыкі; гл. адпаведныя арт.), у БДУ, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш. Асн. кірункі: лазерная фізіка, мікраэлектроніка, нелінейная оптыка, спектраскапія, фізіка высокіх ціскаў, фізіка высокіх энергій, фізіка дыэлектрыкаў, фізіка паўправаднікоў, фізіка плазмы, Ф. цвёрдага цела, элементарных часціц, ядз. Ф. Найб. значны ўклад у развіццё і арг-цыю навук. даследаванняў па Ф. зрабілі М.А.Барысевіч, М.А.Ельяшэвіч, А.Н.Сеўчанка, М.М.Сірата, Б.І.Сцяпанаў, Ф.І.Фёдараў, а таксама М.С.Акулаў, М.М.Аляхновіч, П.А.Апанасевіч, В.А.Арловіч, У.Р.Барышэўскі, А.А.Богуш, Б.Б.Бойка, Б.В.Бокуць, В.С.Буракоў, А.П.Вайтовіч, Л.В.Валадзько, У.Г.Вафіядзі, А.М.Ганчарэнка, В.П.Грыбкоўскі, Г.П.Гурыновіч, А.П.Дастанка, М.І.Дзямчук, А.П.Іваноў, А.А.Кавалёў, Ф.Ф.Камароў, Л.І.Кісялеўскі, Ф.П.Коршунаў, П.​Дз.Кухарчык, Я.М.Лабанаў, У.А.Лабуноў, А.В.Лыкаў, І.Р.Некрашэвіч, У.П.Радзько, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, Р.І.Салаухін, К.М.Салаўёў, А.М.Сердзюкоў, Л.М.Тамільчык, В.А.Таўкачоў, В.​Дз.Ткачоў, А.Ф.Чарняўскі, С.С.Шушкевіч. Выдаюцца часопісы: «Весці Нац. АН Беларусі. Серыя фізіка-матэм. і фізіка-тэхн. навук» (з 1965); «Веснік БДУ. Серыя 1. Фізіка. Матэматыка. Інфарматыка» (з 1969); «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964); «Инженерно-физический журнал» (з 1958). Створана Бел. фіз. т-ва (1990).

Літ.:

Кудрявцев П.С. История физики. Т. 1—3. М., 1956—71;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970;

Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с анга. Вып. 1—9. М., 1965—67;

Берклеевский курс физики: Пер. с англ. Т. 1—5. М., 1971—74;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 1. Механика. 5 изд. М., 2001;

Іх жа. Теоретическая физика. Т. 2. Теория поля. 7 изд. М., 1988;

Іх жа. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика. 4 изд. М., 1989;

Іх жа. Теоретическая физика. Т. 5. Статистическая физика. Ч. 1. 4 изд. М., 1995;

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М.; Л., 1962;

Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;

Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. Мн., 1976;

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику. [Т. 1—4], Мн., 1989—91.

П.​А.​Апанасевіч, А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЕ́ГІ,

буйны магнацкі род герба «Ліс» у ВКЛ, прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. Лічыўся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам ВКЛ. Беларусы па паходжанні, напачатку былі праваслаўнымі, у 2-й пал. 16 ст. частка іх далучылася да пратэстанцтва, аднак ужо ў канцы 16 ст. С. прынялі каталіцтва. У 17—18 ст. складаліся радаводы С., дзе сцвярджалася пра іх быццам бы княжацкае паходжанне ад Нарымонта, сына Гедзіміна. У 18—19 ст. некат. даследчыкі выводзілі С. ад трокскага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. А.​Банецкі, Ю.​Вольф і У.​Сямковіч у сваіх даследаваннях даказалі, што С. паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х г. з полацкіх баяр. Першапачаткова вял. маёнткі С. знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакоў. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 С. страцілі Гарадзішча і Апакоў, якія адышлі да Масквы, а ў выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 страцілі і Ельню. У родапачынальніка Сямёна былі 4 сыны, з якіх Багдан і Іван сталі пачынальнікамі 2 гал. ліній роду — чарэйска-ружанскай і коданскай. Багдан (да 1450—пасля 1512) у выніку шлюбу з князёўнай Фядорай Друцкай-Сакалінскай атрымаў Чарэю і інш. маёнткі — ядро ўладанняў С. у Полацкім і Віцебскім ваяв. Іван (каля 1450—1517) атрымаў за службу маёнткі на Браслаўшчыне (Друю, Іказнь, Пагост), Кодань каля Брэста і інш. Старэйшая, чарэйска-ружанская лінія роду займала больш трывалыя пазіцыі ў дзярж. колах, малодшая мела меншае паліт. значэнне. У апошняй чвэрці 17 ст. род яшчэ больш узвысіўся. Кароль Ян III Сабескі, каб супрацьдзейнічаць магутнаму роду Пацаў, даваў вышэйшыя дзярж. пасады С., якія, умацаваўшы сваё становішча, выступілі супраць караля. У гэты час пашырылася незадаволенасць усеўладствам і злоўжываннямі С. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхты ВКЛ. На сойме 1696 ёй удалося правесці канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у т. л. ў кантролі над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. І хоць сойм 1697 пацвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж С. і шляхтай працягваўся. У 1700 ён набыў характар грамадзянскай вайны. 18.11.1700 пад Алькенікамі (на Пд ад Вільні, цяпер г. Вільнюс) адбылася рашучая бітва паміж атрадамі С. і шляхты. Войска С. было разбіта, самі яны пазбаўлены пасад, некат. з іх пакінулі краіну. У час Паўночнай вайны 1700—21 С. сталі на бок шведскага караля Карла XII і падтрымлівалі шведскага стаўленіка караля Станіслава Ляшчынскага. Шляхта працягвала ваяваць супраць С. і заключыла з царом Пятром I дагавор аб рас. ваеннай і грашовай дапамозе. Тады С. пайшлі нават на стварэнне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, якія дзейнічалі супраць шляхты ва ўсх. частцы Беларусі. У 1702 гэтыя атрады былі разбіты. У 1704 рас. армія ачысціла Беларусь ад шведскіх і сапегаўскіх атрадаў. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў С. паменшаў, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі гал. пасады ў цэнтр. і мясц. адміністрацыі ВКЛ. 14.9.1700 германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду С. тытул князёў «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Памылковымі з’яўляюцца звесткі пра наданне Івану Сямёнавічу С. графскага тытула ад германскага імператара Максіміляна II 6.1.1572 і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4.5.1572. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў Метрыку ВКЛ у 1744 канцлерам Янам Фрыдэрыкам С. і, такім чынам, сталі дзярж. дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. У 1768 па патрабаванні С. сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх С. князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча. Княжацкі тытул С. быў пацверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822, у Аўстрыі ў 1840, у Расіі ў 1874. С. збіралі б-кі (гл. Сапегаў бібліятэкі), архівы, калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некат. прадстаўнікоў роду С. у паўстанні 1830—31 іх маёнткі ў Беларусі былі канфіскаваны царскім урадам. У 1915—18 С. прэтэндавалі на трон ВКЛ, якое меркавалася адрадзіць пасля магчымай перамогі Германіі ў 1-й сусв. вайне; С. мелі кантакты з нац. арг-цыямі на акупіраванай ням. войскамі тэр. Літвы і Беларусі, у т. л. з беларускімі. У 1918—39 у Польшчы С. — землеўладальнікі, дыпламаты, службоўцы. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі.

Найб. вядомыя:

Багдан Сямёнавіч (да 1450 — пасля 1512), старэйшы сын Сямёна, заснавальнік чарэйска-ружанскай галіны роду. У 1471—88 пісар гаспадарскі (велікакняжацкі) Казіміра IV Ягелончыка. У 1494—1500 намеснік і дзяржаўца мцэнскі і любецкі, пасля акольнічы смаленскі, з 1503 намеснік высакадворскі У 1504 і 1507 у складзе пасольстваў у Маскве, дзе ў 1507—08 быў зняволены як заложнік за сям’ю М.​Глінскага.

Іван Сямёнавіч (Івашка Сапежыч; каля 1450—1517), 2-і сын Сямёна, пачынальнік коданскай галіны роду С. Пісар гаспадарскі Казіміра IV Ягелончыка з 1488. Пасол у Маскву ў 1497, 1498, 1499, у Рым у 1501, дзе дамогся ад папы зацвярджэння мітрапаліта Іосіфа I Балгарыновіча, там далучыўся да Фларэнційскай царк. уніі. з 1501 канцлер вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1502 пасол да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 — у Маскву, заключыў 6-гадовае перамір’е, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03. Маршалак гаспадарскі з 1504. Пасля абрання на трон Жыгімонта I Старога (1506) тытулаваўся найвышэйшым сакратаром ВКЛ. У 1505 зноў пасол у Маскву, аднак прадоўжыць тэрмін перамір’я не ўдалося. Намеснік віцебскі ў 1508—14 (з 1511 ваявода). Пасол у Маскву ў 1508, заключыў мір, якім скончана вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08. У 1512 вёў перагаворы ў Польшчы з кароннаю радаю аб дапамозе ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. Удзельнічаў у кампаніі 1514 пад кіраўніцтвам гетмана К.​Астрожскага. Ваявода падляшскі з 1514. Заклаў асновы латыфундыі коданскай лініі роду. У 1504 заснаваў мяст. Іказнь і Іказненскі замак, збудаваў мяст. Кодань з замкам (на левым беразе Буга каля Брэста).

Іван Багданавіч (каля 1480—1546), сын Багдана Сямёнавіча. Пісар гаспадарскі ў 1507—16, маршалак гаспадарскі ў 1515—41, ваявода віцебскі ў 1520—41 і падляшскі з 1529; староста драгічынскі ў 1529—41 і з 1545. Пасол у Маскву ў 1508, 1531—32, 1536, у Турцыю ў 1534.

Павел Іванавіч (каля 1490—1579), сын Івана Сямёнавіча. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Дзяржаўца браслаўскі ў 1517—47, маршалак гаспадарскі ў 1519—57, ваявода падляшскі ў 1556—58 і навагрудскі з 1558. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37, Лівонскай вайне 1558—83 у 1561. Быў праціўнікам Люблінскай уніі 1569, але акт уніі падпісаў.

Мікалай Паўлавіч (каля 1525—1.11.1599), сын Паўла Іванавіча. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Кёнігсбергскім ун-тах. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, у пераможнай Ульскай бітве 1564. Маршалак гаспадарскі ў 1566—76, ваявода мінскі ў 1578—88, брэсцкі ў 1588 і віцебскі з 1588. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569.

Багдан Паўлавіч (каля 1530—1-я пал. 1593), сын Паўла Іванавіча. Падкаморы бельскі ў 1566—69, староста гомельскі ў 1572—82, кашталян брэсцкі ў 1579—85 і смаленскі ў 1585—88, ваявода мінскі з 1588.

Леў Іванавіч (4.4.1557—7.7.1633), канцлер ВКЛ, гл. Сапега Л.І.

Андрэй Іванавіч (каля 1565—1611), малодшы брат канцлера Л.​І.​Сапегі. Староста аршанскі з 1588, кашталян віцебскі ў 1600—05, ваявода мсціслаўскі з 1605. У 1596 удзельнічаў у задушэнні паўстання С.​Налівайкі, у вайне з Расіяй 1609—18.

Андрэй Паўлавіч (каля 1560 — да 11.10.1621), сын Паўла Іванавіча. У 1590-я г. вучыўся ў Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Падчашы ВКЛ у 1588—92, кашталян мінскі ў 1592—97, ваявода полацкі ў 1597—1613 і смаленскі з 1621.

Павел Стафан (1565—19.7.1635), сын Багдана Паўлавіча. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Выбіраўся паслом на соймы. Канюшы ВКЛ у 1593—1623, падканцлер ВКЛ з 1623.

Ян Пётр (1569—15.10.1611), сын Паўла. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у баях з крымскімі татарамі, у вайне са Швецыяй 1600—29. У жн. 1607 са згоды канцлера Л.​А.​Сапегі прапанаваў Ілжэдзмітрыю II сваю дапамогу ў авалоданні маскоўскім тронам. У ліп. 1608 з войскам перайшоў маскоўскую мяжу. 25.8.1608 заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак з яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Лжэдзмітрыя II. 2.10.1608 разбіў войска І.​Шуйскага пад Рахманавам, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лют. 1610 заняў Дзмітраў. 1.3.1610 пацярпеў паражэнне ад М.​В.​Скопіна-Шуйскага, у чэрв. 1610 далучыўся да Лжэдзмітрыя II у Калузе. У ліп. 1610 рушыў на Маскву. 27.7.1610, калі быў скінуты з трона цар Васіль Шуйскі і ўстанавілася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перагаворы пра перадачу ўлады Лжэдзмітрыю II. У ліп. 1611 заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаўль-Залескі, 15.8.1611 штурмам узяў Белы Горад у Маскве.

Мікалай (каля 1581—14.3.1644), сын Мікалая Паўлавіча. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Бранева), ун-тах Вены, Трыра, Майнца, Парыжа. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар, харунжы ВКЛ у 1627—38, ваявода мінскі ў 1638 і брэсцкі ў 1638—42, кашталян віленскі з 1642.

Аляксандр Дажбог (Багдан, Тэадат; 1585 — студз. 1635), сын Рыгора. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу. Падкаморы віцебскі з 1606, староста аршанскі з 1610, кашталян віцебскі ў 1613—15, староста прапойскі і чачэрскі з 1622, крычаўскі (да 1631), чашнік ВКЛ у 1631—32. Удзельнічаў у баях за Смаленск у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, у вайне з туркамі ў 1621, са шведамі ў 1627.

Ян Станіслаў (25.10.1589, г. Маладзечна — 10.4.1635), сын канцлера Л.​І.​Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, Вюрцбургскім, Падуанскім, Балонскім ун-тах. Пасол на соймы. Староста слонімскі з 1605, падстолі ВКЛ у 1611—17, маршалак дворны ў 1617—21, маршалак вялікі з 1621.

Андрэй Станіслаў (1592—25.3.1646), сын Яна Пятра. Староста ўсвяцкі ў 1612—23 і ваўкавыскі з 1645, кашталян трокскі ў 1641—44 і віленскі з 1644. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Удзельнічаў у войнах з туркамі (1621), шведамі (1622—28).

Казімір Леў (15.7.1609, Вільня — 19.1.1656), сын канцлера Л.​І.​Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Мюнхене, Інгальштацкім, Лёвенскім, Балонскім ун-тах. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар і вял. пісар ВКЛ у 1631—37, маршалак дворны ў 1637—45, падканцлер з 1645. Адміністратар Брэсцкай эканоміі, староста рагачоўскі. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.

Павел Ян (1609—30.12.1665), сын Яна Пятра. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Абозны вялікі ВКЛ у 1638—45, падстолі ВКЛ у 1645—46, ваявода віцебскі ў 1646—56, ваявода віленскі і гетман вялікі з 1656. Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1649. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.

Казімір Ян Павел (1642—13.3.1720), сын Паўла Яна. Вучыўся ва ун-тах Граца і Лёвена. З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1659—61, падстолі ў 1661—63, падскарбі дворны ў 1663—70, ваявода полацкі у 1670—81, гетман польны ў 1681—83, гетман вялікі ў 1683—1703 і 1705—08, ваявода віленскі ў 1682—1703 і з 1705, староста брэсцкі. Падтрымліваў караля Міхала Вішнявецкага, стаў лідэрам апазіцыі да ўсемагутных у 1670-х г. Пацаў. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў. Устанавіў рэжым улады С. ў ВКЛ. У паўн. вайне 1700—21 стаў на бок шведаў.

Бенядзікт Павел (каля 1643—12.8.1707), сын Паўла Яна. З 1657 вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Грацы (Аўстрыя), з 1664 — у Лёвенскім ун-це (Іспанскія Нідэрланды). З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1663—65, стольнік у 1665—70, крайчы ў 1670, падскарбі дворны ў 1670—76, падскарбі вялікі з 1676, староста слонімскі. На элекцыйным сойме 1674 быў маршалкам і садзейнічаў абранню на трон Яна III Сабескага, што спрыяла ўстанаўленню гегемоніі С. у ВКЛ. У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 яго армія разбіта. У сак. 1702 перайшоў на бок шведаў.

Казімір Уладзіслаў (1650—29.4.1703), сын Яна Фрыдэрыка. Вучыўся ў езуіцкіх навуч. установах у Львове і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на соймы. Падстолі ВКЛ у 1685—86, стольнік у 1686, падскарбі надворны ў 1686—89, трокскі кашталян у 1689—97 і ваявода з 1697.

Уладзіслаў Юзафат (5.11.1652, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 13.3.1733), сын Крыштофа Францішка. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Любліне і Брунсбергу, ун-тах Прагі і Вены. Удзельнічаў у вайне 1673—74 супраць туркаў. Чашнік ВКЛ у 1681—84, крайчы ў 1684—99, ваявода мінскі ў 1699—1709 і брэсцкі з 1709. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ.

Ежы Станіслаў (1668—12.10.1732), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў Вільні і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах супраць туркаў. Выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1686, стольнік ВКЛ у 1686—1703 і з 1709, ваявода мсціслаўскі ў 1732.

Міхал Францішак (1670—19.11.1700), сын Казіміра Яна. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Варшаве і Брунсбергу. У 1689 паступіў на службу ў аўстрыйскае войска, удзельнічаў у войнах супраць туркаў, ген.-маёр (1692). У 1696 вярнуўся ў ВКЛ. Канюшы ВКЛ з 1690, адначасова ген. артылерыі з 1698, староста ашмянскі з 1699. У 1700 атрымаў ад аўстр. імператара чын ген.-фельдмаршала-лейтэнанта і тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Камандаваў сапегаўскімі войскамі ў вайне супраць шляхты — «рэспубліканцаў». У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 капітуляваў і быў засечаны шляхтай.

Міхал Юзаф (1670—6.3.1738), сын Бенядзікта Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Варшаве. Выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1687—92, стражнік у 1692—98, пісар польны ў 1698—1730, ваявода падляшскі з 1728, ген.-маёр войска ВКЛ (1710), ген.-лейт. кавалерыі (1714), ген.-лейт. саксонскага войска (1733).

Аляксандр Павел (8.9.1672—4.1.1734), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, у 1685—89 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—98, маршалак вялікі ў 1698—1703, 1705—08 і з 1713.

Ежы Феліцыян (лют. 1680—3.9.1750), сын Францішка Стафана. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу і за мяжой. Ген.-маёр (1708). Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1717, ваявода мсціслаўскі з 1742.

Ян Фрыдэрык (18.10.1680, в. Дабратычы, Брэсцкі пав. — 6.7.1751), сын Казіміра Уладзіслава. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Брэсце, Любліне і Варшаве. Кашталян мінскі ў 1711—12, трокскі ў 1716—35, канцлер ВКЛ з 1735. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодані (Торунь, 1720), гіст.-генеалагічны нарыс роду С. (Варшава, 1730) і інш. У Кодані сабраў вял. б-ку, у Коданскім касцёле стварыў партрэтную галерэю С.

Ян Казімір (?—22.2.1730), дзярж. і ваенны дзеяч; гл. Сапега Я.К.

Антоні Казімір (1689—16.5.1739), сын Ежы Станіслава. Вучыўся ў Парыжы. Стольнік ВКЛ у 1706—09, кашталян трокскі з 1737. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Аўтар дыярыуша (не надрукаваны).

Ігнацы (?—15.4.1758), сын Уладзіслава Юзафата. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Чашнік ВКЛ у 1740—44, падскарбі надворны ў 1744—50, ваявода мсціслаўскі з 1750.

Кароль Юзаф (?—20.3.1768), сын Уладзіслава Юзафата. Выбіраўся паслом на соймы. Пісар польны ВКЛ у 1730—48, ваявода брэсцкі з 1748.

Пётр Павел (28.1.1701, г. Дрэздэн, Германія — 23.1.1771), сын Яна Казіміра. У 1726 з дапамогай імператрыцы Кацярыны I быў заручаны з дачкой А.​Д.​Меншыкава Марыяй, стаў царскім камергерам. У 1728 выехаў у Рэч Паспалітую, стольнік ВКЛ у 1732—44, ваявода смаленскі з 1744. Далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 выехаў у Славакію.

Міхал Антоні [10 або 12.3.1711, г. Кралявец (Калінінград, Расія) — 11.10.1760], сын Аляксандра Паўла. З 1732 выбіраўся паслом на соймы. Лоўчы ВКЛ у 1739—46, ваявода падляшскі ў 1746—52, падканцлер ВКЛ з 1752. Староста мсціслаўскі з 1757.

Аляксандр Міхал (12.9.1730—28.5.1793), сын Казіміра Лявона. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любартаве. З 1746 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Абозны ВКЛ у 1748—50, ген.-маёр (1750), падскарбі дворны ў 1750—54, ваявода полацкі ў 1754—75, гетман польны ВКЛ у 1762—75, канцлер з 1775. У 1792 па прапанове караля далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і быў абраны яе маршалкам у ВКЛ.

Казімір Нестар (14.2.1757, г. Брэст — 25.5.1798), сын Яна. У 1767—72 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве, пазней у ваеннай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, у Страсбургу. З 1772 палкоўнік артылерыі войска ВКЛ, у 1773—93 ген. артылерыі. З 1778 выбіраўся паслом на соймы. З 1778 чл. Пастаяннай Рады. Староста брэсцкі з 1783. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 абраны маршалкам канфедэрацыі ВКЛ, прыхільнік рэформ. Удзельнічаў у паўстанні 1794.

Францішак (28.8.1772, Варшава — 30.5.1829), сын Аляксандра Міхала. Вучыўся ў Віленскай гал. школе (ун-це). Ген. артылерыі ВКЛ у 1793—95, шэф карпусоў артылерыі і інжынераў. Удзельнік паўстання 1794. Атрымаў чын ген.-лейтэнанта, камандаваў дывізіяй. Пасля задушэння паўстання прысягнуў Кацярыне II.

Аляксандр Антоні (3.9.1773, г. Страсбург, Францыя — 8.91812), сын Юзафа. Атрымаў хатнюю адукацыю. Ажыццявіў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчы і Літве, а таксама ў Альпы, на Балканы і Валынь. Аўтар працы «Мінералогія» (1800—01), падручніка па неарган. хіміі, нарыса па крышталяграфіі. Вывучаў этнаграфію славенцаў, харватаў, баснійцаў, герцагавінцаў. Вынікі даследаванняў апублікаваў у працы «Падарожжа ў славянскіх краінах у 1802 і 1803 гг.» (1811) у форме лістоў да Ж.​Э.​Жылібера. У 1807 арганізаваў знаходжанне Напалеона ў Варшаве, стаў афіцэрам яго гвардыі, камергерам. 1.7.1812 увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага.

Яўстафій Каэтан (7.8.1797, Вільня — 16.11.1860), сын Францішка. Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, паручнік у штабе галоўнакамандуючага ген. Я.​Скшынецкага, адзначаны залатым крыжам «Віртуці Мілітары». Пасля паражэння паўстання ў эміграцыі ў Францыі. Адхіліў прапанову Мікалая I прыняць канфіскаваныя маёнткі ўзамен за вернападданую прысягу, у выніку чаго музейныя зборы, б-кі і архівы С. вывезены ў С.-Пецярбург.

Адам Стафан (14.5.1867, г. Красічын, Польшча — 23.7.1951), сын Адама. Вучыўся ў Вене, Інсбруку. З 1911 біскуп кракаўскі. З 1925 мітрапаліт кракаўскі, з 1926 архібіскуп мітрапаліт. Утварыў арг-цыю католікаў «Акцыя каталіцка» і касцельную дабрачынную арг-цыю «Карытас». У час 2-й сусв. вайны звязаны з падп. рухам. З 1946 кардынал.

Літ.:

Sapiehowie: Materiały historycznogenealogiczne i majątkowe. T. 1—3. Pb., 1890—94;

Labarre de Raillicourt D. Histoire des Sapieha, 1440—1970. Paryż, 1970;

Polski słownik biograficzny. T. 34—35. Wrocław etc., 1993—94;

Dom Sapieżyński. Warszawa, 1995;

Dzieje rodu Sapiehów. Warszawa, 1999.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Сапегі. Багдан Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.​Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.
Да арт. Сапегі. Іван Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.​Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.
Да арт. Сапегі. Ян Пётр Сапега. Гравюра В.​Гондзіуса. 17 ст.
Да арт. Сапегі. Казімір Леў Сапега. Гравюра П.​Ландры. 1663.
Да арт. Сапегі. Павел Ян Сапега. Гравюра П.​Ландры. 1663.
Да арт. Сапегі. Ян Фрыдэрык Сапега. Партрэт невядомага мастака. Каля 1720.
Да арт. Сапегі. Міхал Антоні Сапега. Партрэт сярэдзіны 18 ст.
Да арт. Сапегі. Аляксандр Міхал Сапега. Партрэт 2-й пал. 18 ст.
Да арт. Сапегі. Казімір Нестар Сапега. Партрэт Ю.​Пічмана.
Да арт. Сапегі. Францішак Сапега. Партрэт 19 ст.
Да арт. Сапегі. Яўстафій Каэтан Сапега. Партрэт 19 ст.

т. 14, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА

Гісторыя развіцця. Пачатак выдавецкай справы на Беларусі звязаны з імем бел. першадрукара і асветніка эпохі Адраджэння Ф.​Скарыны. Пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Я.​Бабіча і Б.​Онкава ён стварыў у Празе (Чэхія) першае бел. выдавецтва і 6.8.1517 выдаў там першую бел. друкаваную кнігу кірылічнага шрыфту «Псалтыр». У 1517—19 у перакладзе на старабел. мову ён выпусціў 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». У пачатку 1520-х г. Ф.​Скарына пераехаў у Вільню, абсталяваў тут друкарню (у доме Бабіча) і арганізаваў новае выдавецтва. Каля 1522 ён выдаў некалькі кніг на царкоўнаслав. мове з каментарыем пад агульнай назвай «Малая падарожная кніжка», куды ўвайшлі «Псалтыр», «Часасловец», «Шасцідневец», 8 акафістаў, 10 канонаў, «Саборнік» (уключаў «Святцы» і Пасхалію са звесткамі з астраноміі і грамадзянскага календара, пасляслоўе), у 1525 — «Апостал». Кнігавыдавецкая дзейнасць Ф.​Скарыны мела гуманістычны, культурна-асветніцкі і нац.-патрыятычны характар. Высокі еўрап. ўзровень паліграфічнага афармлення яго выданняў (шрыфт, гравюры, застаўкі) значна паўплываў на развіццё кірылічнага кнігадрукавання ў ВКЛ і за яго межамі.

З 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. на Беларусі ствараліся прыватныя друкарні, уладальнікамі якіх былі буйныя магнаты (Радзівілы, А.​Валовіч, Р.​Хадкевіч, К.​Астрожскі), шляхта і гараджане (Мамонічы, М., Г. і А. Кавячынскія, Я. і Л. Кішкі, В.​Гарабурда і інш.). Першая друкарня ў межах сучаснай Беларусі заснавана ў 1553 у Брэсце канцлерам ВКЛ М.​Радзівілам Чорным і вучоным-гуманістам Б.​Ваяводкам. У 1558 у ёй выйшаў першы ў ВКЛ друкаваны нотны зборнік «Песні хвал боскіх»; у 1563 выдадзена Біблія (вядома як Радзівілаўская), дзе ўпершыню змешчаны прадметны паказальнік. У Брэсцкай друкарні выйшла больш за 50 выданняў на польскай і лац. мовах, якія адлюстроўвалі духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэсіўных дзеячаў бел., польскай і літоўскай культур. У 1575 М.​К.​Радзівіл Сіротка перавёз абсталяванне і матэрыялы пратэстанцкай друкарні з Брэста ў Вільню, дзе яна перададзена езуіцкаму калегіуму. Гэта была першая каталіцкая друкарня на тэр. ВКЛ, у якой выдадзена 58 назваў кніг. У 1560-я г. С.​Будны, М.​Кавячынскі і Л.​Крышкоўскі пры падтрымцы М.​Радзівіла Чорнага і А.​Валовіча распачалі кнігавыдавецкую справу ў Нясвіжы. Тут выйшлі першыя кнігі на бел. мове: «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (абедзве 1562). У 1568—70 пры ўдзеле гетмана ВКЛ Р.​Хадкевіча арганізавана друкарня ў мяст. Заблудава (цяпер тэр. Польшчы), куды былі запрошаны друкары І.​Фёдараў і П.​Мсціславец. У ёй выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569), «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570) з анатацыямі, адметныя выкарыстаннем новай арнаментыкі, буйной ксілаграфіі, тытульнага ліста з выхаднымі звесткамі. 1570-я г. адзначаны дзейнасцю прыватнай друкарні В.​Цяпінскага (відаць, у яго родавым маёнтку Цяпіна на Полаччыне). Каля 1570 у ёй надрукавана «Евангелле» (паралельна на царкоўнаслав. і старабел. мовах), у якое ўвайшлі евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі; «Евангелле» змяшчала прадмову, напісаную В.​Цяпінскім, 210 глосаў (слоў-перакладаў), якія на палях кнігі тлумачылі незразумелыя словы. У 1572 С.​Кішка выкупіў абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў мяст. Лоск (Валожынскі раён), які стаў цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Друкарамі тут працавалі С.​Будны, Д.​Лянчыцкі, пазней Я.​Карцан, Ф.​Балямоўскі. Вядома каля 20 іх выданняў на польскай і лац. мовах, адметных вострай палемічнай накіраванасцю. У 1574—76 выйшлі першыя кірылічныя кнігі ў друкарні Мамонічаў у Вільні: «Евангелле напрастольнае» (1575), «Часоўнік» (1574—76), «Псалтыр» (1576). Іх выдаўцом быў П.​Мсціславец. Самастойна Мамонічы выпусцілі першыя кнігі па праве, у т. л. «Трыбунал» (1586) і «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), па граматыцы («Кграматыка словеньска языка», 1586); надрукавалі больш за 50 кірылічных і 35 польскамоўных (лац. шрыфтам) выданняў. Першая поўная кананічна дакладная слав. Біблія на царкоўнаслав. мове ў старабел. рэдакцыі пад назвай «Астрожская Біблія» выдадзена К.​Астрожскім у 1581 у г. Астрог (на Валыні). Друкарскую справу тут вёў І.​Фёдараў. За 1578—1612 у ёй надрукавана каля 25 кірылічных кніг. Над аздабленнем і пісьмовай графікай кніг працаваў бел. майстар Г.​Івановіч. Каля 1580—82 прыватнай выдавецкай дзейнасцю ў Вільні займаўся В.​Гарабурда (вядомы 2 кірылічныя выданні). У 1612—40 па запрашэнні кн. К.​Радзівіла выдавецкую дзейнасць у мяст. Любча (Навагрудскі раён) вялі П. і Я. Кміты, якія выпускалі свецкія творы па гісторыі, маст. літаратуры, практычныя дапаможнікі па медыцыне, ветэрынарыі, школьнай справе на польскай і лац. мовах (больш за 80 кніг). У 1640—50 тут выдаваліся пераважна панегірыкі і літургічныя кнігі для пратэстанцкіх абшчын. З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.​Гётке, які ўпершыню ў бел. кнігадрукаванні выкарыстаў гравюры на медзі (медзярыты). Каля 1672 працавала Радзівілаўская друкарня ў г. Слуцк. Вядома 29 назваў кніг, надрукаваных тут на польскай мове пераважна рэліг. (кальвінісцкай) тэматыкі.

З канца 16 ст. вядучае месца ў бел. кнігавыданні займалі праваслаўныя брацтвы, што звязана з дзейнасцю Віленскай, Еўінскай (цяпер тэр. Літвы), Куцеінскай (пад Оршай), Магілёўскай брацкіх друкарняў. Іх выданні вызначаліся разнастайнасцю тэматыкі і мастацка-паліграфічнага афармлення. У Віленскай і Еўінскай друкарнях у 1-й трэці 17 ст. выкарыстоўваліся (побач з інш.) сапраўдныя дошкі Ф.​Скарыны. З 127 выданняў, што захаваліся да нашага часу, у т. л. выданні, надрукаваныя пры падтрымцы брацтваў у Куцейне, Буйнічах (Магілёўскі раён), Мінску, 16 належалі да навучальных (пераважалі буквары і граматыкі), 12 — да гісторыка-публіцыстычных і палемічных, 16 — да панегірыкаў і казанняў, 20 — чэцці і інш. нелітургічныя выданні. Больш за 70% усіх кніг выдадзены на слав. і бел. мовах (або на слав. у бел. рэдакцыі), 25 выданняў — на польскай. Брацкія кнігавыдавецтвы адыгралі вялікую ролю ў развіцці розных сфер бел. культуры, мовы, пісьменства. Творы С. і Л. Зізаніяў, Л.​Карповіча, М.​Сматрыцкага і інш., якія выдаваліся ў брацкіх друкарнях, выкарыстоўваліся ў ідэалагічнай і паліт. барацьбе, у процідзеянні каталіцкай экспансіі і царк. уніі. У 2-й чвэрці 17 ст. цэнтрамі кірылічнага кнігавыдання сталі Магілёў і Куцейна, дзе працавалі перасоўныя прыватныя друкарні С.​Собаля і І.​Труцэвіча, дзейнасць якіх цесна звязана з брацтвамі. У канцы 17 — пач. 18 ст. выдавецкай дзейнасцю ў Магілёве займаліся М. і В. Вашчанкі, Ф.​Ангілейка, якія выкарыстоўвалі глыбокі друк з металагравюр. У 18 ст. ў Магілёўскай брацкай друкарні выдадзены 33 кнігі на стараслав. мове, пераважала літургічная і агіяграфічная літаратура.

У 16 — пач. 19 ст. ў кнігавыдавецкай справе вылучалася дзейнасць каталіцкіх і уніяцкіх ордэнаў, асабліва ордэна езуітаў. Найб. значным цэнтрам кнігадрукавання была Віленская друкарня езуіцкай акадэміі (1586—1805). Яна штогод выпускала каля 15 выданняў на польскай і лац. мовах: падручнікі, палемічную літаратуру, царкоўнае права, жыціі святых, тэалагічна-філас. творы, а таксама свецкую літаратуру пра дзеячаў ВКЛ. У іх упершыню ў мастацтве ВКЛ выкарыстаны кніжны медзярыт. Выдавецкай дзейнасцю займаліся таксама ордэны францысканцаў (1671—1781) і піяраў (1754—1840) у Вільні, піяраў у Полацку (1824—31), езуіцкія калегіумы ў Пінску (1729—35) і Нясвіжы (1751—90), калегіум і акадэмія ў Полацку (1787—1820). Вядома каля 150 іх выданняў на польскай, лац., франц. мовах свецкага і рэліг. зместу (белетрыстыка, палемічная, навучальная літаратура, панегірыкі). Вынікам дзейнасці друкарні дамініканцаў у Слоніме (каля 1777—82) з’явіліся больш за 30 кніг на польскай, лац., італьян. і рус. мовах. Кнігавыдавецкай дзейнасцю вызначаўся уніяцкі (базыльянскі) ордэн. Віленская Троіцкая (базыльянская) друкарня (дзейнічала да пач. 19 ст. пры манастыры св. Тройцы) выдавала богаслужэбныя, тэалагічныя творы, панегірыкі, падручнікі, паэзію, маст. прозу, драматычныя творы на слав., польскай, лац. і франц. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў гравёр Л.​Тарасевіч. Найб. значным цэнтрам кірылічнага кнігадрукавання з канца 17 ст. быў уніяцкі манастыр у мяст. Супрасль (Польшча), дзе К.​Радзівіл і мітрапаліт Ц.​Жахоўскі арганізавалі друкарню. За час сваёй дзейнасці Супрасльская друкарня выпусціла больш за 420 кніг на царкоўнаслав., бел., рус., польскай, лац. і літ. мовах. Вядомы 22 выданні уніяцкага ордэна базыльян у Мінску, асноўную частку якіх складала афіц. літаратура на польскай і лац. мовах.

У 18 ст. на тэр. Беларусі ўзніклі першыя выдавецтвы, у якіх выявіліся рысы прадпрыемстваў дзярж. характару. Магілёўская прыдворная друкарня (1774—1844), якой кіраваў С.​Богуш-Сестранцэвіч, выдавала пераважна афіц. матэрыялы, рэліг. і інш. свецкую літаратуру. Вядома 350 назваў кніг, выдадзеных у гэтай друкарні на польскай, рус., лац., франц. і ням. мовах. У 1775—96(?) дзейнічала Гродзенская каралеўская друкарня, якой напачатку кіраваў А.​Тызенгаўз. Яна выпусціла каля 100 кніг арыгінальнай і перакладной літаратуры, у т. л. падручнікі, малітоўнікі, афіц. і юрыдычныя дакументы на польскай і лац. мовах. Выдавалася таксама навук., навукова-папулярная і маст. літаратура.

У 18 ст. выдавецкай справай на Беларусі займаліся і стараверы, якія выкарыстоўвалі паліграфічныя магчымасці Супрасльскай і Віленскай базыльянскіх друкарняў, а таксама Гродзенскай каралеўскай друкарні.

У канцы 18 — пач. 19 ст. на Беларусі існавалі яўр. друкарні ў Шклове (з 1783), Гродне (з 1788), Копысі (з 1797), Дуброўне (з 1802), Лядах (з 1805), Мінску (з 1807), Вільні (з 1821), Магілёве (з 1825) (гл. табл. 1).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. адкрываліся губернскія друкарні, якія сталі асноўным тыпам прадпрыемстваў дзярж. характару: Мінская (1795—1917), Віцебская (1797—1917), Гродзенская (1820—1915), Магілёўская (1833—1917). Вядучае месца займала Мінская губернская друкарня (330 выд.). Сярод першых выданняў, якія пачалі друкавацца грамадзянскім шрыфтам: «Лёгкі спосаб навучыцца чытаць па-руску і па-польску» (Мінск, 1799), «Арлы і шпакі» П.​Сумарокава (Віцебск, 1806). Значны ўклад у развіццё дзярж. кнігавыдання зрабілі губернскія статыстычныя камітэты (з 1860-х г.), якія выдавалі «Працы...» і «Справаздачы...» губернскіх статыстычных камітэтаў, «Агляды...» і «Памятныя кніжкі...» губерняў.

Развіццю прыватных кнігавыдавецтваў, на якія прыпадала асноўная частка выпуску кніжнай прадукцыі, паспрыялі скасаванне ўказа 1796 аб закрыцці вольных (прыватных) друкарняў і правядзенне ў 1801—04 паліятыўных рэформ друку і кнігавыдання. У 1-й пал. 19 ст. актыўнай дзейнасцю вызначаліся мінскія прыватныя выдаўцы І.​Стафановіч (22 выд.), Ё.​Дворац (22 выд.), А.​Валіцкі (29 выд.); у 2-й пал. 19 ст. — выдавецтвы Б.​Саламонава (234 выд.), Тасьманаў (226 выд.), Дворжацаў (больш за 90 выд.) у Мінску; Я.​Падземскага (102 выд.), Ш.​Фрыдланда (100 выд.) у Магілёве; М.​Неймана (88 выд.) у Віцебску і інш. Дзякуючы ім на Беларусі пашырылася колькасць кніг навук, характару па айч. гісторыі, медыцыне, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы, дамаводстве, маляванні і інш. Універсальны характар іх выданняў садзейнічаў пашырэнню кнігі сярод розных слаёў насельніцтва, асабліва стымуляваў дзейнасць творчай інтэлігенцыі. Усяго на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. дзейнічала каля 250 прыватных друкарняў.

2-я пал. 19 — пач. 20 ст. характарызаваліся актыўным развіццём грамадскіх кнігавыдавецтваў: таварыствы выдаўцоў і тыпографаў; выдавецтвы паліт. арганізацый; прамысловых, спажывецкіх, крэдытных і страхавых т-ваў; культурна-асветніцкіх і навук. т-ваў; т-ваў дабрачыннасці, сац. і мед. дапамогі; спарт. і ахоўных т-ваў; рэліг. устаноў і інш. Значны ўклад у кнігавыданне Беларусі зрабілі археаграфічныя ўстановы: Віленская камісія па разборы і выданні стараж. актаў (1864—1915), Віцебскі архіў стараж. актаў (1871—1906), Мінскі царк. гісторыка-археалагічны камітэт (1908—15), якія падрыхтавалі і выпусцілі шматтомныя зборы гіст. дакументаў. Вызначаліся ў кнігавыданні т-вы сельскай гаспадаркі (Мінск, Віцебск), т-вы ўрачоў (Мінск).

У 19 — пач. 20 ст. выдавецкая справа вялася ў 39 гарадах і мястэчках Беларусі. Найб. буйнымі кнігавыдавецкімі цэнтрамі былі Мінск (3125 выданняў на розных мовах), Магілёў (1319 на рус. мове), Віцебск (1007 на рус. мове), Гродна (586 на рус. мове). Да сярэдзіны 19 ст. асноўнай мовай выданняў была польская. Пасля ўвядзення забароны на польскамоўны друк з 1864 пачала дамінаваць рус. мова (усяго ўлічана 6536 назваў на рус. мове). Выданні свецкага зместу складалі каля 85%. У іх пераважала гіст., сац.-эканам., сельскагаспадарчая, медыцынская тэматыка. У гэты перыяд сфарміраваліся асноўныя тыпы выданняў: афіц., навук., навукова-папулярныя, літаратурна-маст., даведачныя; вызначыліся тэндэнцыі да фарміравання масава-паліт. і вытворча-практычных выданняў. Самых высокіх паказчыкаў кнігавыданне Беларусі дасягнула напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 у Мінску выйшла 224 выданні, у т. л. 216 на рус., 5 на бел. мовах. Першая вядомая друкаваная кніга амаль цалкам на бел. мове (лацінкай) — «Кароткі збор навукі хрысціянскай. Для вяскоўцаў, якія гавораць мовай польска-рускай вызнання рымска-каталіцкага» (Вільня, 1835). У 1855—57 у Мінску выйшлі беларускамоўныя творы (лацінкай) В.​Дуніна-Марцінкевіча: «Вечарніцы», «Гапон», «Цікавішся? — Прачытай!», «Дудар беларускі». Шэраг бел. кніг, надрукаваных лац. шрыфтам за мяжой, нелегальна дастаўляўся на Беларусь: «Пра багацтва ды беднасць» (Жэнева, 1881) і «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892) С.​Падалінскага, «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (Познань, 1894) Ф.​Багушэвіча, «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча (у пер.

А.​Ельскага, Львоў, 1892) і інш. Ажыццяўляліся сумесныя праекты мінска-варшаўскіх і мінска-кракаўскіх выдаўцоў па друку польскамоўных твораў Ю.​Крашэўскага, К.​Вярыгі-Дарэўскай, Б.​Адамовіча, Ю.​Вяжбіцкага, М.​Ельскага і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бел. Друку з’явіліся выданні на бел. мове кірыліцай: «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902; Мінск, 1917), «Нашы перасяленцы» А.​Ельскага (Віцебск, 1896). На Беларусі дзейнічалі і падп. выдавецтвы: народнікаў «Чорны перадзел» (Мінск), Бел. сац. грамада (Мінск), РСДРП (Бабруйск, Барысаў, Гомель, Гродна, Магілёў, Мінск, Орша і інш.), якія выпускалі нелегальную літаратуру, пераважна брашуры і лістоўкі.

З 1905 з разгортваннем нац.-вызваленчага руху і ўступленнем у дзеянне закона аб свабодзе друку на Беларусі легалізавана кнігавыданне на мясц. мовах і афіцыйна пацверджаны яго разнамоўны характар. Акрамя дамінуючых у мясц. друку рускамоўных выданняў, выходзіла літаратура на бел., польскай і яўр. мовах. Узніклі бел. выдавецтвы: «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), друкарня М.​Кухты (Вільня, 1906—17), «Мінчук» (Мінск, 1907—09), «Наша хата» (Вільня, 1908—11), Бел. выдавецкае т-ва (Вільня, 1913—15, 1919—30), «Лучынка» (Мінск, 1914), «Вясёлка» (Мінск, 1915), выдавецтва В.​Ластоўскага (Вільня, 1916—18), «Вольная Беларусь» (Мінск, 1917) і інш. Найб. вызначалася выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выйшлі падручнікі («Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К.​Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа), падпісная серыя «Беларускія песняры» (творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, пераклад паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш»), творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ц.​Гартнага, К.​Каганца, З.​Бядулі, У.​Галубка, А.​Чэхава, М.​Крапіўніцкага, Э.​Ажэшкі і інш.; выдаваўся час. «Маладая Беларусь». У выд-ве «Наша ніва» выйшлі «Беларускія казкі», «Апавяданні» Я.​Коласа, кн. «Бярозка» Ядвігіна Ш.; пры ўдзеле газ. «Наша ніва» — зб-кі «Песні-жальбы» Я.​Коласа, «Вянок» М.​Багдановіча. У выд-ве «Наша хата» друкаваліся бел. падручнікі, дзіцячая літаратура, паэма «Тарас на Парнасе» і інш. У Бел. выдавецкім т-ве выйшлі кнігі «Родныя з’явы» Т.​Гушчы (Я.​Коласа), «Рунь» М.​Гарэцкага, «Васількі» Ядвігіна Ш., «Курганная кветка» К.​Буйло, «Беларускі каляндар» на 1914, 1915, 1916. У прыватным выд-ве А.​Грыневіча ў Пецярбургу ў 1910—14 выдадзены 2 тамы «Беларускіх песень з нотамі», зб. «Гусляр» і паэма «Адвечная песня» Я.​Купалы, апавяданні Я.​Коласа і У.​Галубка. Усяго ў канцы 19 — пач. 20 ст. на бел. мове кірыліцай і лацінкай выйшлі 423 выданні, у т. л. кнігі на інш. мовах з бел. тэкстамі. Пераважная іх большасць выдадзена па-за межамі Беларусі (Вільня, Пецярбург, Масква, Кракаў, Варшава і інш.). У Мінску працавалі яўр. выд-ва «Культура» (1905—06), польскія — «Асвета» (1907), Польская выдавецкая суполка (1916—18). Т-ва польскіх ведаў вайсковых (1917) і інш.

Са зменай грамадска-паліт. становішча Беларусі ў 1917—20 змяніліся кнігавыдавецкая палітыка і структура выдавецтваў. У часы германскай і польскай акупацыі (калі была абвешчана БНР) найб. інтэнсіўна працавалі выдавецтвы «Вольная Беларусь» (Мінск), Б.​Клецкіна, В.​Ластоўскага, «Гоман», Бел. выдавецкае т-ва (усе ў Вільні), імя Ф.​Скарыны (у Коўне). Кніжную прадукцыю выдавалі таксама Рада і Нар. сакратарыят БНР, Міністэрства бел. спраў у Літве, Бел. культурна-асветніцкае т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі большасць з іх дзейнічалі ў Зах. Беларусі, Літве і Латвіі; у 1917—23 вядома 247 іх выданняў на бел. мове.

У кнігавыданні БССР асноўная роля адводзілася парт. друку. Напр., выд-ва «Звязда», створанае ў 1917 пры Мінскім камітэце РСДРП(б), выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. літаратуру. У 1917—20 кнігавыдавецкай справай займаліся Бел. нац. камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц. парт. камітэтах і органах сав. улады. У 1921 на базе аддзялення Дзярж. выд-ва РСФСР створана Дзярж. выд-ва БССР, якое выпускала ўласныя выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. Ім за год выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экзэмпляраў, у т. л. маст. і дзіцячай літаратуры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у красавіку 1922 створана кааператыўнае выд-ва «Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»), якое выдавала творы бел. маст. літаратуры, падручнікі, навук. літаратуру на роднай мове. У снежні 1922 Дзярж. выд-ва БССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграфічнай прамысловасці Беларусі («Белтрэстдрук»). У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі кнігавыдавецкая справа ў БССР цэнтралізавана. У ліпені 1924 «Белтрэстдрук» і кааператыўнае выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел. дзярж. выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграфічную базу, кнігагандлёвую сетку, выпускала асноўныя віды літаратуры, садзейнічала пашырэнню тэматыкі і павышэнню ідэйнага ўзроўню выданняў. У 1927 асноўнымі выдавецтвамі рэспублікі былі Белдзяржвыдавецтва (у 1934 перайменавана ў Дзярж. выд-ва БССР), выд-ва Інбелкульта (1924—32; з 1932 выд-ва АН БССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выдавецтвы: Дзярж. выд-ва па выпуску навукова-тэхнічнай літаратуры (1931—34), Ваеннае выд-ва Беларусі (1932—35), Партыйнае выд-ва ЦК КП(б)Б (1932—38). Выдавецкай дзейнасцю займаліся асобныя наркаматы, парт. і сав. органы, грамадскія арганізацыі. У перыяд беларусізацыі значнае месца ў кніжнай прадукцыі займала нацыянальна арыентаваная літаратура: падручнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, маст. творы. Важнае значэнне мелі выданні літаратурных твораў Я.​Купалы («Спадчына»), С.​Некрашэвіча («Беларускі лемантар», абодва 1922), К.​Чорнага («Апавяданні», 1925), Я.​Коласа («Казкі жыцця»), Ц.​Гартнага («Сокі цаліны»), М.​Гарэцкага («У чым яго крыўда»), З.​Бядулі («Апавяданні»; усе 1926), А.​Гаруна («Матчын дар», 1929), Я.​Маўра («Палескія рабінзоны», 1930), Ю.​Гаўрука (аўтар першага на Беларусі зборніка перакладаў замежнай паэзіі «Кветкі з чужых палёў», 1928). У той жа час паводле палажэння СНК БССР аб цэнзуры кніжнай прадукцыі (ад 5.1.1923) былі складзены «Спісы твораў друку, забароненых да продажу і распаўсюджвання» (у 1937 у такі спіс занесена 399 выданняў на бел. і рус. мовах). Найбольшыя паказчыкі па тыражах і колькасці назваў у БССР належалі выданням твораў У.​І.​Леніна (225 назваў кніг, тыраж 2 млн. 200 тыс. экз.). У 1920—30-я г. даволі актыўна развівалася кнігавыданне на яўр. мове.

Кнігавыдавецкая справа ў Зах. Беларусі прадстаўлена пераважна польскамоўнымі выданнямі. У 1924 ім належала 80,7% ад агульнай колькасці назваў, у 1925—84,8%; беларускамоўным выданням адпаведна 0,5% і 0,2%. Беларускамоўны друк у Зах. Беларусі ажыццяўлялі Бел. выдавецкае т-ва, выдавецтвы Бел. інстытута гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, Т-ва бел. школы, У.​Знамяроўскага, «Вызваленне», Бел. каталіцкае выд-ва (усе ў Вільні), імя Ф.​Скарыны (у Коўне). У 1926—40 вядучыя пазіцыі ў выданні кніг на бел. мове належалі Бел. друкарні імя Ф.​Скарыны ў Вільні (уладальнік, выдавец і рэдактар ксёндз А.​Станкевіч); у ёй выйшла больш за 146 кніг. Найб. прыкметныя кнігі зах.-бел. выдавецтваў: «Беларусь» Л.​Родзевіча (друкарня «Друк», 1922), «На ростані» У.​Жылкі, «Мая ліра» К.​Сваяка (абедзве 1924) і «Рунь веснаходу: Зборнік твораў паэтаў і пісьменнікаў Заходняй Беларусі» (1928; усе Бел. выдавецкае т-ва), «Шум баровы» М.​Васілька (выданне Н.​Ільяшэвіч, 1929), «Журавінавы цвет» М.​Танка (выданне Ф.​Стацкевіча і Р.​Шырмы, 1937). Да канца 1936 з-за недахопу сродкаў, узмацнення паланізацыі і цэнзуры дзейнасць большасці бел. кнігавыдавецтваў у Зах. Беларусі амаль поўнасцю спынена. Да 1939 працавала толькі Бел. каталіцкае выд-ва, якое выпускала рэліг. літаратуру для беларусаў-католікаў.

У Вял. Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, у падполлі і ў партыз. атрадах дзейнічалі перасоўныя друкарні, якія выдавалі пераважна лістоўкі. Вядома 21 назва выдадзеных імі кніг, аўтарамі якіх у большасці былі партызаны: Л.​Абах, Е.​Аўсянік, В.​Кулікоў, Л.​Лясная, А.​Міхайлаў, Я.​Мрамараў, В.​Скараходаў і інш. У пач. 1943 выйшаў зборнік твораў партыз. аўтараў «Жалязняк». У друкарнях партыз. брыгад імя Панамарэнкі і імя Чапаева асобнымі кнігамі выдадзена паэма Я.​Коласа «Адплата», у друкарні Слуцкай падп. газ. «Народны мсцівец» — кн. вершаў А.​Астрэйкі «Слуцкі пояс». У кастрычніку 1942 у Маскве аднавіла дзейнасць Дзярж. выд-ва БССР. У 1943 яно выпусціла 29 назваў кніг і брашур, у т. л. кнігі «Суд у лесе» і «Голас зямлі» Я.​Коласа, «Янук Сяліба» М.​Танка, «Сцяг брыгады» А.​Куляшова, «Дарога вайны» П.​Панчанкі і інш., распачало выданне падручнікаў для школ Беларусі. У Ташкенце выйшлі асобныя выданні АН Беларусі. Усяго за ваенны перыяд ЦК КП(б)Б, абкомамі і райкомамі выдадзена больш за 1 млн. 201 тыс. экз. лістовак і брашур.

Аднаўленне выдавецкай дзейнасці ў вызваленай Беларусі ішло ў складаных умовах. Паліграфічная база была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваенных прадпрыемстваў часткова ўцалелі Дом друку (Мінск), некаторыя абл. і гарадскія друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж. выд-ва БССР (з 1963 «Беларусь»), у 1947 — выд-ва АН Беларусі (з 1963 «Навука і тэхніка», з 1996 «Беларуская навука»). У 1951 створана Дзярж. вучэбна-педагагічнае выд-ва Міністэрства культуры Беларусі (з 1963 «Народная асвета»), у 1954 — выд-ва БДУ (з 1983 «Універсітэцкае»), у 1960 — «Звязда» (з 1992 «Беларускі Дом друку»), у 1961 — выд-ва «Сельгасвыд БССР» (з 1963 «Ураджай») і Выд-ва вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР (з 1963 «Вышэйшая школа»), у 1963 — «Полымя», у 1967 — Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (з 1980 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі), у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1981 — «Юнацтва» і інш. Для ўпарадкавання выдавецкай справы і павышэння ролі выдавецтваў у гасп. і культурным будаўніцтве ў 1963 створаны Дзярж. камітэт СМ БССР па друку (з 1978 Дзярж. камітэт БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю, з 1995 Дзярж. камітэт Рэспублікі Беларусь па друку), якому падпарадкоўваліся ўсе дзярж. кніжныя выдавецтвы. На 1.1.1979 на Беларусі дзейнічалі 10 выдавецтваў. У рэспубліцы склалася сетка прадпрыемстваў паліграфічнай прамысловасці.

За перыяд з 1918 па 1990 бел. дзярж. кнігавыданне дасягнула значных поспехаў, а па маст. афармленні, раскрыцці нац.-культурнай спадчыны выйшла на вядучыя пазіцыі ў свеце. Вялікая роля ў бел. кнігавыданні належала бел. маст. літаратуры. Выдавецтвы выпускалі шматтомныя зборы твораў вядучых бел. пісьменнікаў, у т. л. К.​Чорнага, М.​Лынькова, В.​Быкава, І.​Шамякіна, І.​Мележа, П.​Броўкі, Я.​Брыля, А.​Куляшова, У.​Караткевіча. Выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі стварыла і выдала першую універсальную 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» (1969—75; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), 5-томныя «Энцыклапедыю прыроды Беларусі» (1983—86; адзначана сярэбраным медалём ЮНЕП) і «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984—87), 7-томны «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), а таксама значную колькасць галіновых, рэгіянальных і персанальных аднатомных энцыклапедый. Выд-ва «Мастацкая літаратура» выдавала серыі «Бібліятэка беларускай драматургіі» (1968—75), «Бібліятэка беларускай прозы» і «Бібліятэка беларускай паэзіі» (абедзве 1968—93), «Паэзія народаў СССР» (1971—92), «Рэспубліка. Час. Людзі» (1977—93), «Проза народаў СССР» (1983—92), «Кніга перакладчыка» (1986—95) і інш., а ў 1989 распачало беларускамоўную 100-томную серыю «Скарбы сусветнай літаратуры». Выд-ва «Навука і тэхніка» пачало выдаваць шматтомнае навук. выданне «Беларуская народная творчасць» (з 1970; выдадзена 45 тамоў), выдала 3-томную «Гісторыю беларускага тэатра» (1983—87), 6-томную «Гісторыю беларускага мастацтва» (1987—94), 4-томны «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97; Дзярж. прэмія 1998) і інш. Выд-ва «Юнацтва» выдала 15-томную «Бібліятэку дзіцячай літаратуры народаў СССР» (1981—94, Дзярж. прэмія 1996), «Бібліятэку прыгод і фантастыкі» (1982—2002), «Бібліятэку беларускай дзіцячай літаратуры» (1991—2000), «Бібліятэку замежнай дзіцячай літаратуры» (1992—2002).

Усяго за гэты перыяд выдавецтвы Беларусі выпусцілі 103 933 тыс. кніг і брашур тыражом 1 373 253 тыс. экзэмпляраў. Найбольшая колькасць выданняў выйшла ў 1985 (3431 назва), самы вялікі тыраж у 1989 (59 030 тыс. экз.). Назіралася памяншэнне выпуску кніг на бел. мове. Калі ў 1930 выхад кніг на бел. мове складаў 88,4% (1170 назваў, тыраж 7842,4 тыс. экз.), на рус. — 4,2% (56 назваў, тыраж 147,1 тыс. экз.), на інш. мовах — 2,4% (31 назва, тыраж 131 тыс. экз.), то ў 1990 выпуск кніг на бел. мове склаў 15,4% (435 назваў, тыраж 9238,3 тыс. экз.), на рус. — 81,7% (2307 назваў, тыраж 44 793 тыс. экз.), на інш. мовах — 2,9% (81 назва, тыраж 877,5 тыс. экз.). На 1.1.1990 на Беларусі дзейнічалі 11 дзярж. выдавецтваў (гл. табл. 2).

1970—90-я г. на Беларусі адзначаны з’яўленнем самавыдавецкага друку. Вядома прыкладна 20 выданняў рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыядычных і монавыданняў, якія выдадзены шляхам самвыдату.

Сучасны стан выдавецкай справы. З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь пачаўся новы этап кнігавыдання, адметны актыўным перавыданнем нац. кніжнай спадчыны, стварэннем выдавецтваў прыватнага характару і павелічэннем долі недзярж. кнігавыдання. Выдавецкія прадпрыемствы поўнасцю забяспечвалі краіну высакаякаснай друкаванай прадукцыяй, выпускалі навук., навучальную, маст., даведачную і інш. літаратуру, перыёдыку. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфкамбінат імя Я.​Коласа», Мінская фабрыка каляровага друку, Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфічнае прадпрыемства «Чырвоная Зорка», гомельская фабрыка «Палесдрук», маладзечанская друкарня «Перамога», Бабруйская, Баранавіцкая, Барысаўская ўзбуйненыя друкарні і інш. У 1993 адзначаны самы высокі паказчык тыражу выданняў, які застаецца найвышэйшым у гісторыі кнігавыдавецкай справы, — 98 351 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.1999 на Беларусі працавалі 11 дзярж. выдавецтваў і 352 прадпрыемствы з правам выдавецкай дзейнасці. У 1999 выдадзена 6064 назвы кніг агульным тыражом 63 300 тыс. экз., у т. л. на бел. мове — 647 назваў тыражом 5100 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.2002 дзейнічалі 12 дзярж. выдавецтваў: «Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларускі Дом друку», «Дом прэсы» (з 1996), «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва». У ліпені 2002 шляхам зліцця рэарганізаваны выд-вы «Вышэйшая школа» і «Універсітэцкае» (цяпер «Вышэйшая школа»), «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (цяпер «Мастацкая літаратура»), «Беларусь», «Ураджай» і «Полымя» (цяпер «Беларусь»).

На 1.1.2004 на Беларусі 7 дзярж. выдавецтваў («Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Беларускі Дом друку»). Выдавецкай дзейнасцю займаюцца больш за 500 выдавецкіх прадпрыемстваў розных форм уласнасці, міністэрствы і ведамствы. У 2003 дзярж. выдавецтвы выдалі 527 (5,7%) назваў кніг і брашур агульным тыражом 4513 (9,3%) тыс. экз., недзярж. — 5713 (62,4%) назваў тыражом 41 579 (85,8%) тыс. экз.; міністэрствы і ведамствы — 2908 (31,7%) назваў тыражом 2318 (4,7%) тыс. экз. (гл. табл. 3). Усяго выдадзена 9148 назваў кніг і брашур агульным тыражом 48 410 тыс. экз., у т. л. на бел. мове — 857 (9,4%) назваў тыражом 3414 (7,1%) тыс. экз., на рус. — 7804 (85,3%) назвы тыражом 43 426 (89,7%) тыс. экз., на інш. мовах — 487 (5,3%) назваў тыражом 1571 (3,2%) тыс. экзэмпляраў. Галоўны выдавецкі цэнтр на Беларусі — Мінск (выдадзена каля 90% ад усёй колькасці кніг і брашур краіны).

Сярод дзярж. выдавецтваў першынство па колькасці выдадзенай кніжнай прадукцыі ў 2003 належала выд-вам «Народная асвета» (219 назваў, тыраж 3282,2 тыс. экз.), «Вышэйшая школа» (85 назваў, тыраж 401,7 тыс. экз.), «Мастацкая літаратура» (75 назваў, тыраж 173,1 тыс. экз.). У ліку грамадска значных выданняў апошніх гадоў: «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), «Тэатральная Беларусь» (т. 1—2, 2002—03), «Жывапіс барока Беларусі» (2003; усе «Беларуская Энцыклапедыя»); «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча (1998), «Славутыя імёны Бацькаўшчыны» (т. 1—2, 2000—03), «Новая зямля» Я.​Коласа (2002; усе Бел. фонд культуры); «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» (2001), «Гісторыя кінамастацтва Беларусі» (т. 1—3, 2001—04), «Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. №43» (2003; усе «Беларуская навука»); «Мінск незнаёмы. 1920—1940 гг.» (2002, «Ураджай»); «Санеты» Я.​Купалы (2002, «Мастацкая літаратура»); «Скарбы прыроды Беларусі», «Повязь часоў — Беларускі ручнік» В.​Лабачэўскай, «Мірскі замак» В.​Калніна (усе 2002), «Страчаная спадчына» (2003; усе «Беларусь»).

Сярод недзярж. выдавецкіх прадпрыемстваў вядучыя пазіцыі ў 2003 займалі выд-вы «Харвест» (2514 назваў, тыраж 21 688 тыс. экз.), «Белы вецер» (307 назваў, тыраж 748,3 тыс. экз.), «Сучасны літаратар» (269 назваў, тыраж 2608,7 тыс. экз.), «Папуры» (230 назваў, тыраж 2467,5 тыс. экз.) і інш. Вылучыліся выдавецкія прадпрыемствы, якія зрабілі значны ўклад у развіццё беларускамоўнага кнігавыдання: «Беларускі кнігазбор» (кнігі з аднайменнай серыі); «Беллітфонд» («Дзяды» А.​Міцкевіча, 2001; альбом-манаграфія «Язэп Драздовіч», 2002), «Тэхналогія» («Aurea med iocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі» І.​Саверчанкі, 1998; «Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI—XVIII стст.)» В.​Шматава, 2000; серыя «Нашы славутыя землякі», з 1988).

Прыярытэтнымі для дзярж. патрэб у 2003 былі выданні: універсальная 18-томная Беларуская энцыклапедыя, з 1996; выдадзена 18 тамоў), хронікі «Памяць» пра кожны раён Беларусі (з 1985; выдадзена 126 кніг), навучальная літаратура (выдадзены 134 падручнікі і навучальныя дапаможнікі), кнігі серыі «Школьная бібліятэка», асобныя найменні для папаўнення фондаў публічных бібліятэк і рэалізацыі розных дзярж. праграм. Выдаюцца серыі: «Музыка старажытных сядзіб» («Паліфакт») і «Нашы духоўныя каштоўнасці» («Чатыры чвэрці»; абедзве з 1995), «Беларускі кнігазбор» (з 1996, аднайменнае выд-ва), «Беларуская проза XX стагоддзя» і «Беларуская паэзія XX стагоддзя» (абедзве з 1998), «Беларусь літаратурная» (з 2003; усе «Мастацкая літаратура»), «Беларускі гістарычны раман» (з 2000), «Мастакі Беларусі» (з 2002; абедзве «Беллітфонд») і інш.

Бел. кнігавыдаўцы ўдзельнічаюць у Міжнар. кніжных кірмашах і конкурсах у Франкфурце-на-Майне, Балонні, Браціславе, Варшаве, Маскве, С.-Пецярбургу, Кіеве, Кішынёве. Сярод бел. выдаўцоў штогод праводзіцца рэсп. конкурс «Мастацтва кнігі» (з 1960). Лепшыя бел. кнігі на конкурсах вызначаюцца па намінацыях: «Кніга года», «За лепшае ўвасабленне беларускай тэматыкі», «За лепшую кнігу для дзяцей». З 1967 пераможцам прысуджаецца Дыплом імя Ф.​Скарыны. У 1997 Бел. асацыяцыяй кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў і выд-вам «Кавалер Паблішэрс» арганізаваны рэсп. конкурс «Мастак і Кніга» (з 2000 праводзяцца ў межах Бел. кірмашу, з 2001 сумесна з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь). З 1993 у Мінску штогод праводзіцца Міжнар. кніжная выстаўка-кірмаш.

З 2001 кіраўніцтва кнігавыдавецкай справай ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Выдавецкую дзейнасць на Беларусі рэгламентуюць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» і Пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мінімальных стаўках аўтарскага ўзнагароджання за выданне твораў навукі, культуры і мастацтва» (ад 1.11.1996), Закон Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе» (ад 18.2.1997), Палажэнні аб ліцэнзаванні выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці, зацверджаныя Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2003, і інш. нарматыўныя дакументы. Выпуск выданняў, якія змяшчаюць заклікі да гвалтоўнага захопу ўлады ці змене канстытуцыйнага ладу, прапаганду вайны, гвалту, жорсткасці, расавай, нац., рэлігійнай варожасці, парнаграфіі, не дапускаецца. На Беларусі дзейнічае Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды ў друку парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. Цэнтрам дзярж. статыстычнага ўліку друкаванай прадукцыі з’яўляецца Нац. кніжная палата Беларусі (з 1922), якая выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN), прысвойвае ідэнтыфікатары выдавецтвам і выдаўцам.

Спецыялістаў для галіны рыхтуюць на факультэце журналістыкі БДУ, на факультэце выдавецкай справы і паліграфіі ў Бел. тэхналагічным універсітэце, у Мінскім паліграфічным каледжы.

Навукова-даследчую работу ў галіне кнігавыдавецкай справы вядуць Нац. кніжная палата Беларусі (выдае статыстычны зб. «Друк Беларусі»), Нац. бібліятэка Беларусі (праводзіць з 1998 «Кнігазнаўчыя чытанні»), Бел. універсітэт культуры (арганізаваў у 1996 міжнар. канферэнцыю «Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць на Беларусі: гісторыя і сучаснасць»).

У 1994 створана Бел. асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў (БелАКК). У 2003 у яе складзе 150 членаў, якія прадстаўляюць усе вобласці Беларусі і Мінск.

Літ.:

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии. Ист. очерк. Мн., 1977;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. Мн., 1997;

480 год беларускага кнігадрукавання: Матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў. Мн., 1998;

Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пач. XX ст.). Мн., 1998;

Законодательные основы издательской и полиграфической деятельности. Мн., 1999;

Матэрыялы Першых кнігазнаўчых чытанняў (Мінск, 15 верас. 1998 г.). Мн., 2000;

Кніжная культура Рэчы Паспалітай: Матэрыялы Другіх кнігазнаўчых чытанняў Мн., 2002;

Друк Беларусі. 1991—2000: Стат. зб. Мн., 2002;

Друк Беларусі, 2001: Стат. зб. Мн., 2002;

Гісторыя выдавецкай дзейнасці ў Польшчы і Беларусі ў XVI—XX стст.: Зб. навук. арт. Мн., 2003.

Л.​І.​Доўнар.


Табліца 1
Выдавецкая дзейнасць у 16—18 ст.
№ Месца дзейнасці выдавецтва Выдавец (уладальнік) Час дзейнасці Колькасць выданняў Мова выданняў (шрыфт)
1 2 3 4 5 6
1. Прага Ф.​Скарына (Я.​Бабіч, Б.​Онкаў) 1517—19 1 (23) старабел., царкоўнаслав.
2. Вільня Ф.​Скарына 1522—25 2(22) старабел., царкоўнаслав.
3. Брэст Б.​Ваяводка (М.​Радзівіл Чорны) С.​Мурмеліус, Ц.​Базылік 1553—54 1558—61 1561—70 больш за 50 польская, лац.
4. Нясвіж С.​Будны, Л.​Крышкоўскі (М. і Г. Кавячынскія, М.​Радзівіл Чорны, А.​Валовіч) 1562—64 3 старабел., польская
5. Заблудаў І.​Фёдараў, П.​Мсціславец (Р.​Хадкевіч) 1568—70 2 старабел.
6. Цяпіна В.​Цяпінскі 1570-я г. 1 старабел., царкоўнаслав.
7. Заслаўе (Узда) С.​Будны (Г. і А. Кавячынскія) 1572 1 польская
8. Лоск С.​Будны, Д.​Лянчыцкі, Я Карцан, Ф.​Балямоўскі (Я.​Кішка) 1572—92 каля 20 польская, лац.
9. Вільня П.​Мсціславец (Мамонічы) 1574—76 3 (кірыліца)
10. Астрог І.​Фёдараў, Г.​Івановіч (К.​Астрожскі) 1578—1612 каля 25 старабел., царкоўнаслав.
11. Вільня В.​Гарабурда (Мамонічы) 1580—82 2 царкоўнаслав.
12. Вільня Я. і І. Карцаны 1580—1620 больш за 100 польская, лац., грэч.
13. Вільня Мамонічы 1583—1623 каля 85 старабел., польская
14. Вільня (М.​Радзівіл Сіротка;
друкарня езуіцкай акадэміі) М.​Пачобут-Адляніцкі, Р.​Даніловіч
1575—86
1586—1805
58
каля 2,5 тыс.
польская, лац.,
ням., франц.,
італьян., літ.,
лат., старабел.
(кірыліца)
15. Вільня Я. Марковіч 1592—1621
16. Вільня Д.​Лянчыцкі 1594—1600
17. Вільня (брацкая друкарня) 1595—1610
1615—1749
царкоўнаслав.,
польская
18. Вільня С. і У. Сультжары 1596—1603
19. Вільня В.​Малахвеевіч, С.​Вярэйскі (М.​Пяткевіч) 1598
20. Еўе (брацкая друкарня) Л.​Карповіч, Г.​Івановіч 1610—45 больш за 25 старабел., царкоўнаслав.
21. Вільня П. Кміта 1611—12 5
22. Любча П. і Я. Кміты,
Я.​Ланге (К.​Радзівіл)
1612—40
1640—50
больш за 80 польская, лац.
23. Ашмяны 1615
24. Магілёў (брацкая друкарня)
С.​Собаль
(М.​Вашчанка)
1616—19
1636—38
1693—1708
да 1773
больш за 30 стараслав.
25. Мінск П.​Дамжыў-Лютковіч 1622 1 (кірыліца)
26. Вільня (Троіцкая базыльянская друкарня) 1628—92
1760—1800
48 слав., польская,
лац., франц.
27. Куцейна (брацкая друкарня)
С.​Собаль, І.​Труцэвіч
1631—32
1636—54
20 (кірыліца)
28. Буйнічы (брацкая друкарня) С.​Собаль 1635 (кірыліца)
29. Пяршай 1645
30. Кейданы І.​Ротэ (Я.​Радзівіл) 1651—55
31. Вільня (ордэн францысканцаў) 1671—1781 28 (у 18 ст.) польская, лац.
32. Слуцк (Радзівілы) Я.​Д.​Заэнкер,
К.​Клакоцкі (кальвінісцкая)
1672—93
1693—1705
29 польская
33. Супрасль базыльянская (К.​Радзівіл, Ц.​Жахоўскі, Л.​Кішка) 1695—1803 больш за 420 старабел.,
царкоўнаслав.,
рус., польская,
лац., літ.
34. Пінск (езуіцкі калегіум; К.​Несялоўскі)
1729—35
1735—52
4
7
польская, лац.
35. Нясвіж (М.​К.​Радзівіл, езуіцкі калегіум) 1750—91 каля 70 польская, лац.
36. Вільня (ордэн піяраў) Д.​Догель, А.​Жулкоўскі 1754—1840 320 (у 18 ст.) польская, лац., франц.
37. Магілёў прыдворная друкарня (С.​Богуш-Сестранцэвіч) 1774—1844 350 польская, лац., рус., франц., ням.
38. Гродна каралеўская друкарня (А.​Тызенгаўз, К.​Маліноўскі, Я.​Ясінскі, Б.​Ром) 1775—1802 каля 100 польская, лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр.
39. Слонім (ордэн дамініканцаў?; М.​К.​Агінскі) 1777—82 больш за 30 польская, лац., італьян., рус.
40. Шклоў яўрэйская друкарня 1783—1836 133 яўрэйская
41. Полацк (езуіцкі калегіум) Б.​Шыркевіч, А.​Лянкевіч, Я.​Заранек 1787—1820 больш за 500 польская, рус., італьян., ням., франц.
42. Гродна яўрэйская друкарня 1788, 1819
43. Азёры (Б.​Ром) 1789
44. Мінск (ордэн базыльян) 1790—94 22 польская, лац., рус.

Табліца 2
Выпуск кніг і брашур па выдавецтвах
Выдавецтва Гады дзейнасці Колькасць кніг і брашур Тыраж, тыс. экз.
«Беларуская Энцыклапедыя» 1967—90 214 11 875
«Беларускі Дом друку» 1960—90 250 9212
«Беларусь» 1921—90 21 913 370 969
«Вышэйшая школа» 1961—90 4613 74 516
«Мастацкая літаратура» 1972—90 3511 155 020
«Навука і тэхніка» 1932—90 5358 22 122
«Народная асвета» 1951—90 7656 341 494
«Полымя» 1950—90 4242 92 384
«Універсітэцкае» 1954—90 2017 21 907
«Ураджай» 1961—90 3888 60 702
«Юнацтва» 1981—90 1313 120 126
Міністэрствы, ведамствы, к-ты і
інш. арганізацыі з правам выдання
1981—90 16 637 12 806

Табліца 3
Выпуск кніг і брашур за 1991—2003
Гады Дзярж. выдавецтвы Недзярж. выдавецтвы Міністэрствы, ведамствы, к-ты і інш. арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці
колькасць назваў тыраж, тыс. экз. колькасць назваў тыраж, тыс. экз. колькасць назваў тыраж, тыс. экз.
1991 1041 37 483 — — 1391 15 427
1992 1013 35 427 254 34 728 1097 1785
1993 917 35 849 749 60 650 1260 1851
1994 835 29 076 1043 50 562 1468 968
1995 654 19 552 1459 42 422 1092 886
1996 523 11 405 1913 46 682 1373 987
1997 691 11 223 3013 55 296 1627 1113
1998 816 13 007 2973 45 298 2284 1717
1999 665 8959 3272 52 764 2127 1582
2000 722 9753 4379 48 333 2585 3541
2001 741 10 178 4769 42 085 2434 2742
2002 569 6998 4737 35 429 2447 1825
2003 527 4513 5713 41 579 2908 2318
Тытульны ліст «Псалтыра» Ф.​Скарыны. Прага 1517.
«Зборнік «Нашай нівы». Вып. 1. Вільня. Друкарня М.​Кухты. 1912.
Кнігі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі. 2000-я г.
Будынак Адкрытага акцыянернага таварыства «Паліграфкамбінат імя Я.​Коласа». Мінск.
Кнігі беларускіх выдавецтваў 1990—2000-я г.
На Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне (Германія). Стэнд беларускіх кнігавыдаўцоў. 2000.

т. 18, кн. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТО́НІЯ (Eesti), Эстонская Рэспубліка (Eesti Vabariik),

дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы.

Мяжуе на У з Расіяй, на Пд з Латвіяй, на З абмываецца Рыжскім і Фінскім залівамі Балтыйскага мора. У складзе Э. 1521 востраў, у т. л. Маанзундскі архіпелаг. Пл. 45,2 тыс. км². Нас. 1356 тыс. чал. (2003). Дзярж. мова — эстонская. Сталіца — г. Талін. Краіна падзяляецца на 15 паветаў (маакондаў). Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 лютага).

Дзяржаўны лад. Э. — парламенцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая 28.6.1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам (у асобных выпадках калегіяй выбаршчыкаў) на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Рыйігікагу (аднапалатны парламент, які складаецца з 101 дэпутата), выбіраецца на ўсеагульных выбарах тайным галасаваннем. Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Тэр. Э. размешчана на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны, каля ўсх. берагоў Балтыйскага мора. Берагі на З і ПнЗ моцна парэзаныя, шмат заліваў і бухтаў; на З нізінныя, на Пн высокія і стромкія (глінт). Большая ч. паверхні — нізінная раўніна (сярэдняя выш. каля 50 м). На З і крайнім У пераважаюць нізіны, найб. з іх Зах.-Эстонская, на Пн і ў цэнтры — узв. Пандыверэ (выш. да 166 м), на Пд — узв. Сакала (выш. да 145 м), Отэпя (выш. да 217 м) і Хаанья (найвыш. пункт Э. г. Суур-Мунамягі, 318 м). На фарміраванне рэльефу вял. ўплыў зрабілі зледзяненні. Пашыраны марэнныя адклады, озы, друмліны. Карысныя выкапні: гаручыя сланцы (запасы 15 млрд. т), фасфарыты (500 млн. т), буд. матэрыялы (вапнякі, даламіты, жвір, пяскі, гліны, вапняковы туф), торф (разведаныя запасы 1,6 млрд. т), сапрапель, мінер. воды і лекавая гразь. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Зіма мяккая, лета ўмерана цёплае. Сярэдняя т-ра ліп. ад 16,5 °C на Пн да 17,3 °C на ПдУ, лютага адпаведна -5,8 і -6,6 °C. Ападкаў 600—700 мм за год. 420 рэк даўж. больш за 10 км (агульны працяг 31,2 тыс. км), гал.: Нарва, Пірыта, Казары, Пярну (бас. Балтыйскага м.); Пылтсамаа (бас. воз. Выртс’ярв); Эмайыгі (бас. Чудскога воз.). Больш за 1150 азёр, пераважна ледавіковага паходжання. У межах Э. частка Нарвенскага вадасховішча. Глебы на Пд дзярнова-падзолістыя і дзярнова-глеевыя, на Пн дзярнова-карбанатныя, якія чаргуюцца з участкамі падзолістых, падзоліста-балотных і балотных глеб. Пад балотамі каля 22% тэрыторыі. Э. размешчана ў падзоне мяшаных лясоў; пашыраны хвойныя (хвоя, елка), з лісцевых — бяроза, асіна, вольха, на З і Пн дуб. Лесапакрытая пл. 47% (2001). У лясах водзяцца лось, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, зайцы бяляк і русак, воўк, ліс; з птушак глушэц, рабчык, цецярук і інш.; у Балтыйскім м. — кольчатая нерпа, даўгаморды цюлень; з рыб салака, кілька, камбала; у азёрах — сняток, сіг, лешч і інш. 4 запаведнікі: Війдумяэ, Вільсандзі, Матсалу, Нігула; нац. парк Лахемаа; каля 30 заказнікаў, у т. л. 14 ландшафтных і 1 геал. (метэарытныя кратэры Каалі на в-ве Саарэмаа).

Насельніцтва. Эстонцы складаюць 67,9% (2000). Жывуць таксама рускія (25,6%), украінцы (2,1%), беларусы (1,3%), фіны (0,9%) і інш. У 1945 эстонцаў было 93%, у 1989—62%. Эстонцы раўнамерна размешчаны па краіне, рускія і інш. неэстонцы — пераважна ў прамысл. цэнтрах (Талін, Нарва, Кохтла-Ярве). Сальда міграцыі насельніцтва і натуральны прырост адмоўныя. Большасць вернікаў пратэстанты (евангелічныя лютэране, баптысты, метадысты, адвентысты сёмага дня), ёсць правасл. хрысціяне, католікі, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 69%. Найб. гарады (тыс. ж., 2002): Талін — 401, Тарту — 101, Нарва — 69, Кохтла-Ярве — 48, Пярну — 46. Сельскія населеныя пункты невялікія, захавалася хутарское рассяленне. У прам-сці занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 11%, у абслуговых галінах — 69%.

Гісторыя. Тэр. Э. заселена чалавекам з часоў мезаліту (8—4-е тыс. да н.э.). З 3-га тыс. да н.э. тут жылі пераважна фіна-угорскія плямёны, што прыйшлі з Прыуралля і Паволжа. Да 1-га тыс. да н.э. адбылася кансалідацыя прыбалт.-фін. плямён, у т. л. продкаў сучасных эстонцаў — эстаў (саманазва maarahvas — народ зямлі, у рус. летапісах — чудзь). Аснову іх гаспадаркі складала жывёлагадоўля, з першых стагоддзяў н.э. — і земляробства. У 9—10 ст. н.э. эсты ўдзельнічалі ў паходах стараж.-рус. князёў. Каля 1030 кіеўскі кн. Яраслаў Мудры на некалькі дзесяцігоддзяў далучыў да Кіеўскай Русі паўд.-зах. ч. Э., дзе на месцы эст. гарадзішча Тарпату засн. г. Юр’еў (цяпер Тарту). Пазней гэтыя землі былі ў залежнасці ад Ноўгарада і Пскова. У 10 — пач. 13 ст. ў эстаў складваліся феад. адносіны, яны мелі сваіх плем. князёў, умацаваныя гарады-крэпасці (Лінданісе-.Равала, Отэпя, Варбала і інш.), войска і флот. У 13 ст. кансалідавалася эст. народнасць. Аднак працэс утварэння эст. дзяржавы перарваны агрэсіяй ням. крыжакоў-мечаносцаў (у 1208—17 захапілі Паўд. і Цэнтр. Э.) і дацкіх феадалаў (у 1219—20 захапілі Паўн. Э.). На месцы заваяванай датчанамі (1219) эст. крэпасці Лінданісе-Равала (Калывань) імі засн. г. Рэвель (сучасны Талін). У 1222—24 адбылося агульнаэст. паўстанне супраць датчан і мечаносцаў. У 1223 наўгародскі служылы князь (б. васал полацкага кн. Уладзіміра) Вячка з атрадам усходнеслав. воінаў (200 чал.) заняў г. Юр’еў, адкуль кіраваў б.ч. зямель эстаў. У 1224 паўстанне падаўлена, мечаносцамі ўзяты Юр’еў, дзе пасля гераічнага змагання загінулі кн. Вячка са сваімі і эст. воінамі. Юр’еў быў перайменаваны ў Дэрпт. У 1227 крыжакі захапілі в-аў Саарэмаа. Тэр. Э. была падзелена паміж заваёўнікамі: паўд.-ўсх. часткай валодаў дэрпцкі епіскап, цэнтр. і паўд.-зах. часткамі — ордэн мечаносцаў (з 1237 — Лівонскі ордэн у складзе Тэўтонскага ордэна), паўн. часткай — Дацкае каралеўства. Эстаў прымусова акаталічылі і ператварылі ў залежных ад ням. і дацкіх рыцараў сялян-васалаў. Узмацненне іх эксплуатацыі ў дацкіх уладаннях прывяло да Юр’евай ночы паўстання 1343—45, якое перакінулася на тэр. Лівонскага ордэна і задушана з яго дапамогай. У 1346 Данія прадала Паўн. Э. Тэўтонскаму ордэну, а той у 1347 перапрадаў яе Лівонскаму ордэну. З канца 14 ст. пачаўся працэс юрыд. запрыгоньвання эст. сялянства. Гарады Рэвель, Дэрпт, Пернаў (цяпер Пярну), Нарва, якія былі членамі еўрап. гандл.-паліт. саюза Ганза, выраслі ў значныя гандл.-рамесныя цэнтры. Насельніцтва Э. цярпела ад шматлікіх войнаў паміж Лівонскім ордэнам, з аднаго боку, і Ноўгарадам, Псковам, пазней Маскоўскім вял. княствам і Рас. дзяржавай, з другога. Знаходзячыся пад уладай ням. рыцараў-памешчыкаў і ням. духавенства, а ў гарадах — і ням. патрыцыяту, купцоў і майстроў, эстонцы адчувалі моцны герм. культ.-нац. ўплыў і ціск, але здолелі захаваць сваю нац. самабытнасць, мову і традыцыі. У час Лівонскай вайны 1558—83 рас. войскі разграмілі Лівонскі ордэн, і ў 1562 ён спыніў існаванне.

Да 1577 б.ч. Э. заваявала Рас. дзяржава, якая, аднак, страціла яе ў выніку наступлення ў 1580—81 войск рэчы Паспалітай пад камандаваннем Стафана Баторыя. Паўн. Э. (Эстляндыя) адышла да Швецыі, паўд. з гарадамі Дэрпт і Пернаў — да Рэчы Паспалітай, в-аў Саарэмаа — да Даніі. У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 Швецыя да 1625 заваявала ўсю мацерыковую Э. і амаль усе астравы, а ў 1645 — і в-аў Саарэмаа. Пры швед. уладзе пануючай сілай у Э., як і раней, заставаліся ням. бароны і рыцары, а ў гарадах — ням. патрыцыят. Пануючай рэлігіяй стала лютэранства, якое пранікла ў Э. яшчэ ў 1523. У выніку рус.-швед. вайны 1656—58 паводле Валіесарскага дагавора 1658 г. Дэрпт (Юр’еў, Тарту) з прылеглай вобласцю адышоў да Расіі, якая, аднак, вярнула яго Швецыі разам з інш. землямі Ліфляндыі паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 (пацверджаны ў 1683). Аўтарытэт швед. манархіі ў асяроддзі ням. дваранства Э. моцна падарвала рэдукцыя 1680—1700, паводле якой у мясц. феадалаў была канфіскавана значная частка зямельных уладанняў. У ходзе Паўночнай вайны 1700—21 рас. войскі да канца 1710 авалодалі ўсёй тэр. Э., якая за час баёў была значна спустошана. Паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721 Э. разам з інш. ўсх.-прыбалт. землямі афіц. далучана да Расіі. У Паўн. Э. была ўтворана Рэвельская губ. (1719, з 1796 наз. Эстляндскай), Паўд. Э. ўключана ў склад Рыжскай губ. (1713, з 1796 наз. Ліфляндскай). Ням. дваранству Э. былі захаваны ўсе саслоўныя прывілеі і вернуты землі, адабраныя швед. каронай па рэдукцыі. Яно засяродзіла ў сваіх руках адм., суд. і паліцэйскую мясц. ўладу, уплывала на царк. і школьныя справы. Мовай справаводства заставалася нямецкая. Мясц. пытанні вырашаліся на ландтагах (сходах) дваран. Да 1780-х г. тут дзейнічала ранейшае мясц. заканадаўства, потым уведзены агульнарас. «Устанаўленне для кіравання губерняў» і «Даравальная грамата гарадам», у 1782 скасавана мытная мяжа паміж прыбалт. губернямі і астатняй Расіяй. Паводле агр. рэформ 1816 у Эстляндыі і 1819 у Ліфляндыі эст. сяляне сталі асабіста вольнымі, але ўся зямля засталася ўласнасцю памешчыкаў. Летам 1858 адбылося буйное сял. паўстанне ў Паўн. Э. («вайна ў Махтра»), жорстка падаўленае рас. войскамі. Малазямелле прымушала многіх эст. сялян перасяляцца ва ўсх. і паўд. губерні Расіі.

З сярэдзіны 19 ст. ў Э. хутка развівалася капіталіст. прам-сць. Завяршыўся працэс фарміравання эст. нац. буржуазіі і інтэлігенцыі. У 2-й пал. 19 ст. ў асноўным склалася эст. нацыя. Жыхары Э. актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, выступалі з патрабаваннямі сац. і нац. вызвалення; узнікла ліберальна-бурж. Эст. нар. партыя. У снеж. 1905 Усеэст. сход нар. прадстаўнікоў у г. Тарту запатрабаваў звяржэння самадзяржаўя і стварэння рэв. самакіравання. У час падаўлення рэвалюцыі ў Э. карнікі толькі ў снеж. 1905 — лют. 1906 расстралялі каля 300 чалавек. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Э. пашырылася дзейнасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, фарміраваліся эст. нац. партыі: Нац.-ліберальная, Эст. народная, Радыкальна-дэмакр., с.-д. «Юхендус» («Адзінства»), Сял. саюз і інш. 30.3(12.4).1917 Часовы ўрад перадаў Паўд. Э. ў склад Эстляндскай губ., якая атрымала аўт. правы. Пры губ. камісары Часовага ўрада (лідэр нацыянал-лібералаў Я.​Позка) дзейнічаў дарадчы орган — Эстляндскі губ. земскі савет. 24—25.6(7—8.7).1917 нац. партыі правялі выбары ў 1-ы эст. парламент — Эст. нац. кангрэс (савет), які 29.9(12.10). 1917 стварыў Часовы ўрад Э. на чале з К.​Пятсам. У ходзе 1-й сусв. вайны герм. войскі і флот у кастр. 1917 акупіравалі Маанзундскія астравы (гл. Маанзундскія аперацыі). Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 эст. бальшавікі і іх прыхільнікі ўтварылі ВРК Э., які 26.10(8.11).1917 абвясціў пераход улады ў Э. да Саветаў (гэты акт не прызналі нац. партыі). Але ў лют.—сак. 1918 герм. войскі акупіравалі ўсю тэр. Э.

24.2.1918 Часовы ўрад Пятса абвясціў незалежнасць Э. (у сучаснай Э. 24 лют. — нац. свята Дзень незалежнасці).

Гэты акт не прызналі герм. акупацыйныя ўлады, якія далучылі Э. да т.зв. Балт. герцагства (у асабістай уніі з Прусіяй), але пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі пры садзейнічанні немцаў 11.11.1918 у Таліне нанава сфарміраваны Часовы ўрад Э. на чале з К.​Пятсам. У канцы 1918—пач. 1919 у часова занятых рас. Чырв. Арміяй усх. раёнах Э. непрацяглы час існавала Эстляндская працоўная камуна, ліквідаваная эст. арміяй з дапамогай замежных добраахвотнікаў, рус. белагвардзейцаў і брыт. флоту. 19.5.1919 Устаноўчы сход Э. абвясціў незалежную Эст. Рэспубліку. Эст. ўрад дазволіў стварэнне на тэр. Э. рус. белагвардз. арміі М.М.Юдзеніча (у яе складзе корпусам камандаваў С.Н.Булак-Балаховіч), разам з якой эст. войскі ўдзельнічалі ў вясенне-летнім і восеньскім наступленнях 1919 на Петраград. З вер. 1919 у Э. дзейнічала Вайскова-дыпламатычная місія БНР. Паводле Тартускага мірнага дагавора 1920 (гл. Савецка-эстонскія пагадненні) Сав. Расія прызнала незалежнасць Э. і перадала ёй шэраг тэр. на У ад г. Нарва і на З ад г. Пскоў (вернуты ў склад Расіі ў 1944 і 1957). 15.6.1920 Устаноўчы сход прыняў Канстытуцыю Э., паводле якой урад фарміраваўся аднапалатным парламентам. У знешняй палітыцы Эст. Рэспубліка арыентавалася пераважна на Вялікабрытанію, аснову яе знешнеэканам. дзейнасці складаў экспарт с.-г. прадуктаў у краіны Зах. Еўропы. У сак. 1934 лідэры партыі аграрыяў здзейснілі дзярж. пераварот: быў распушчаны парламент, у 1935 забаронены ўсе партыі, замест якіх створана партыя «Ісаамаайліт» («Айчынны фронт»). Скліканы ў 1937 Нац. сход прыняў новую канстытуцыю, у 1938 прэзідэнтам Э. выбраны К.​Пятс. У пач. 2-й сусв. вайны ў новых паліт. умовах, што склаліся пасля заключэння сав.-герм. пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Э. 28.9.1939 заключыла пакт з СССР, які прадугледжваў размяшчэнне на яе тэр. сав. баз і войск. У гэтых умовах у краіне адбылася змена ўрада і дзярж. ладу. 6.8.1940 Вярх. Савет СССР задаволіў просьбу Дзярж. думы Э. (выбрана ў ліп. 1940) аб прыняцці Э. ў склад СССР у якасці Эст. ССР. У Э. пачаліся сацыяліст. пераўтварэнні на сав. ўзор, малазямельным сялянам перададзена каля 400 тыс. га зямлі, канфіскаванай у буйных землеўладальнікаў. Адначасова разгарнуліся рэпрэсіі супраць службоўцаў Эст. Рэспублікі, памешчыкаў і некат. інш. катэгорый насельніцтва.

У Вял. Айч. вайну войскі гітлераўскай Германіі да вер. 1941 акупіравалі мацерыковую ч. Э., да сярэдзіны снеж. — усе астравы. Э. была ўключана як адзін з ген. камісарыятаў у склад рэйхскамісарыята «Остланд». Са згоды акупантаў у Таліне дзейнічаў урад Эст. самакіравання. Частка насельніцтва Э. супрацоўнічала з гітлераўцамі, служыла ў адміністрацыі, паліцыі і сфарміраваным у 1943—44 эст. корпусе войск СС. Акупанты і іх памагатыя ў 1941—44 знішчылі ў Э. 61 тыс. мірных жыхароў (пераважна іншаземцаў) і 64 тыс. сав. ваеннапалонных. На сав.-герм. фронце супраць ням.-фаш. войск змагаўся сфарміраваны ў 1941—42 эст. стралк. корпус Чырв. Арміі. У лют.—вер. 1944 сав. войскі і флот выгналі ням.-фаш. захопнікаў з мацерыковай Э., да канца ліст. — з усіх астравоў. Пасля вайны частка насельніцтва не прыняла сав. ўладу, удзельнічала (да 1956) ва ўзбр. супраціўленні, якое было падаўлена органамі бяспекі СССР. У канцы 1940 — пач. 50-х г. у асноўным завершана пераўтварэнне эканомікі і грамадскага жыцця Э. на сав. ўзор, калектывізавана сельская гаспадарка. Да канца 1970-х г. узровень вытв-сці прамысл. прадукцыі перасягнуў даваенны больш як у 40 разоў. Адбылася значная міграцыя ў Э. рускамоўнага насельніцтва з рэспублік СССР (у 1989 з 1536 тыс. чал. усяго насельніцтва было 573 тыс. неэстонцаў). У час перабудовы ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Э. актывізаваліся нац. сілы, у т. л. Нар. фронт (створаны ў снеж. 1988), які выступаў за аднаўленне незалежнай Эст. Рэспублікі ўзору 1940. Пасля перамогі Нар. фронту на выбарах (сак. 1990) новы Вярх. Савет Эст. ССР назваў эст. народ свабоднай нацыяй. 8.5.1990 ён абвясціў Эст. Рэспубліку, а 20.8.1991 — яе дзярж. незалежнасць, якую 6.9.1991 прызнаў Дзярж. Савет СССР 28.6.1992 прынята канстытуцыя Э. У 1992—2001 прэзідэнтам краіны быў Л.-Г.Меры. Кіраўніцтва Э. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў для рэфармавання эст. гаспадаркі. Правы (1991—95), левацэнтрысцкі (1995—99) і правацэнтрысцкі (1999—2003) урады Э. паслядоўна праводзілі курс на лібералізацыю (найперш прыватызацыю) эст. эканомікі і супрацоўніцтва пераважна з зах.-еўрап. краінамі і ЗША. У вер. 2001 прэзідэнтам выбраны А.Руйтэль. На парламенцкіх выбарах у сак. 2003 перамаглі цэнтрысцкія партыі. На агульнаэст. рэферэндуме 14.9.2003 большасць удзельнікаў прагаласавала за ўступленне Э. ў Еўрап. Саюз. Э. — чл. ААН (з 1991), Савета Еўропы (з 1993), асацыіраваны партнёр Зах.-Еўрап. Саюза (з 1994). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 7.4.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Рэспубліка, Партыя рэформ, Саюз Айчыны, Цэнтрысцкая партыя, Партыя памяркоўных, Нар. саюз і інш. Гал. прафс. аб’яднанне — Цэнтр. саюз прафсаюзаў Э.

Гаспадарка. Э. — індустр.-агр. краіна. Эканам. рэформы, якія праводзяцца ў ёй з 1991, прызнаны аднымі з найб. паспяховых сярод краін Цэнтр. і Усх. Еўропы. Сучасная эканоміка Э. грунтуецца на транзіце, абслугоўванні фін. патокаў і турызме. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 14,6 млрд. дол. (10 тыс. дол. на душу насельніцтва). На долю прам-сці і буд-ва прыпадае 23,7% ВУП, сельскай і лясной гаспадаркі — 3,7%, сферы паслуг — 72,6%. Доля прыватнага сектара ў ВУП складае каля 70%. Гал. галіны прамысловасці — сланцаздабыўная і сланцаперапрацоўчая, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лясная, цэлюлозна-папяровая, тэкст., харчовая. Аснова паліўна-энергет. гаспадаркі — сланцавы бас. (цэнтр — Кохтла-Ярве) і электраэнергетыка. Здабыча (11,8 млн. т, 2001) і перапрацоўка сланцаў (выраб вадкага паліва, газу, попелу, коксу і інш.) у Кохтла-Ярве і Ківіылі. Вытв-сць электраэнергіі 8,3 млрд. кВт∙гадз (1999), пераважна на ЦЭС, якія працуюць на сланцах (Балтыйская і Эстонская ДРЭС, Талінская ЦЭЦ), і Нарвенскай ГЭС. Здабыча торфу ў 2001 склала 824 тыс. т. Сярод галін машынабудавання і металаапрацоўкі вылучаюцца прыладабуд. і электронная (вытв-сць мед. і кантрольна-вымяральнай апаратуры, вузлоў прамысл. робатаў і інш.), эл.-тэхн. прам-сць, вытв-сць абсталявання для здабыўной і лёгкай прам-сці, маторна-трансп. сродкаў, рамонт суднаў і рухомых чыг. сродкаў. Асн. цэнтры: Талін, Тарту, Пярну, Нарва. Хім. прам-сць выкарыстоўвае прадукцыю сланцаперапр. прам-сці і мясц. фасфарыты, вырабляе аміяк, карбамід, бензол, фармалін, сінт. смолы, мыйныя сродкі, лакі, фарбы, мінер. ўгнаенні, серную к-ту, лекі, касметычныя вырабы (Кохтла-Ярве, Маарду, Ківіылі). Развіта лясная і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Вытв-сць цэлюлозы (51,7 тыс. т, 2001), паперы (53,3 тыс. т), мэблі, фанеры, шпону, зборных рубленых дамоў, лыж (224 тыс. пар) у Таліне, Кехры, Нарве, Пярну, Кохіле. Прам-сць буд. матэрыялаў працуе на мясц. сыравіне, шырока выкарыстоўваецца сланцавы. попел (вытв-сць цэменту 404,6 тыс. т, 2001). У лёгкай прам-сці вылучаецца тэкст., пераважна баваўняная (120,7 млн. м² тканін, 2001) і льняная, гарбарна-абутковая (1,3 млн. пар абутку), швейная галіны. У харч. прам-сці (​1/3 апрацоўчай прам-сці Э.) найб. важныя галіны — малочная, вытв-сць напіткаў, рыбная, мясная, хлебапякарная. Вытв-сць (тыс. т, 2001) малака — 60,9, сыру — 11,9, масла — 6,7, рыбнай прадукцыі (з кансервамі) — 76,2, мяса — 39,3.

Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочнай, малочна-мясной жывёлагадоўлі, беконнай свінагадоўлі. Пл. с.-г. угоддзяў 1127,6 тыс. га, з іх 65% меліяравана. Каля 40% с.-г. угоддзяў належыць прыватным фермам (34,7 тыс. хутароў), 42% — с.-г. прадпрыемствам. Гадуюць (тыс. галоў, 2002) буйн. раг. жывёлу (эст. чырвоная і чорна-пярэстая пароды) — 254, свіней — 341, авечак і коз — 34, коней — 5, птушак — 2096. Пушная зверагадоўля. Пчалярства. Раслінаводства падпарадкоўваецца патрэбам жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць (тыс. га, 2001) 588, у т. л. пад збожжавымі і зернебабовымі — 261,6, кармавымі — 274,3, тэхн. — 33,2, бульбай і агароднінай — 19. Збор (тыс. т, 2002): пшаніцы — 148,4, ячменю — 249,4, аўса — 61,7, жыта — 41,5, трыцікале — 12,9, рапсу — 63,9, бульбы — 210,9, агародніны — 39,3. Развіта цяплічна-парніковая гаспадарка. Даўж. чыгунак 1811 км, у т. л. 132 км электрыфікавана, аўтадарог 41,5 тыс. км. Аўтапарк мае 539 тыс. аўтамашын, у т. л. 452 тыс. легкавых. Вял. роля марскога транспарту. Гандл. флот налічвае 552 судны. Гал. парты: Талін (70% гандл. абароту), Палдыскі, Кунда, Пярну. Паромная сувязь з Хельсінкі (Фінляндыя) і Стакгольмам (Швецыя). 10 аэрадромаў. Міжнар. аэрапорт у Таліне. Газаправоды (даўж. 400 км) злучаюць Кохтла-Ярве з Талінам, Тарту і інш. гарадамі і газаправоднай сеткай Расіі. Міжнар. турызм. Штогод краіну наведвае 1,3 млн. турыстаў, пераважна з Фінляндыі (96%). Экспарт (3,1 млрд. дол., 2000) прадукцыі машынабудавання, драўніны і вырабаў з яе, тэкстылю, с.-г. прадукцыі; імпарт (4 млрд. дол., 2000) прадукцыі машынабудавання, трансп. сродкаў, харч. прадуктаў, металаў, мінер. сыравіны. Асн. гандл. партнёры: Фінляндыя (25,1% экспарту і 17,4% імпарту), Швецыя (15,4% і 9,6%), Германія (9,6% і 11,3%), Латвія, Расія. Беларусь экспартуе ў Э. нафтапрадукты, шыны, мінер. ўгнаенні. Грашовая адзінка — эстонская крона.

Узброеныя сілы (2002). Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (5,51 тыс. чал.), рэзерв (каля 24 тыс. чал.), ваенізаваныя фарміраванні (войскі тэр. абароны, 2,6 тыс. чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 2,55 тыс. чал., 32 бронетранспарцёры, 58 мінамётаў, 439 безадкатных і 19 буксірных гармат, 100 зенітных установак, 13 пускавых установак процітанк. кіроўных ракет. У ВПС 220 чал., 2 самалёты, 4 верталёты. У ВМС 440 чал., фрэгат, 2 патрульныя катэры, 4 мінна-тральныя караблі, 2 дапаможныя судны. У пагран. ахове 300 чал., 29 патрульных катэраў.

Ахова здароўя. На пач. 1990-х г. сістэма аховы здароўя рэфармавана з мэтай набліжэння да зах. стандартаў. Мед. абслугоўванне платнае, існуе сістэма мед. страхавання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 64, жанчын — 76 гадоў (2003). Узровень нараджальнасці — 9 на 1 тыс. чал., смяротнасць 13,4 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост адмоўны: -0,45%. Дзіцячая смяротнасць 12,3 на 1 тыс. нованароджаных (2003). Вядомыя курорты: Пярну, Хаапсалу, Кінгісеп, Нарва-Йыэсуу і інш.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Адукацыя ў дзярж. навуч. установах бясплатная. Сістэмай адукацыі кіруе Мін-ва адукацыі і навукі. У 1993 у Э. дзейнічалі 724 школы і сярэднія спец. навуч. ўстановы (215 тыс. вучняў), 77 школ прафес. адукацыі (26 тыс. навучэнцаў). Каля 142 тыс. школьнікаў вучыліся ў школах з выкладаннем на эст. мове і каля 70 тыс. з выкладаннем на рус. мове (рускамоўныя школы сканцэнтраваны пераважна ў Таліне і гарадах паўн.-ўсх. Э.). Існуюць таксама школы з выкладаннем на яўр., швед., укр. мовах. У школах з выкладаннем на эст. мове 12-гадовы цыкл навучання (9 гадоў няпоўнай і 3 гады поўнай сярэдняй адукацыі), у рускамоўных школах — 11 гадоў (9 гадоў няпоўнай і 2 гады поўнай сярэдняй адукацыі). У сістэме дзярж. ВНУ рыхтуюць бакалаўраў і магістраў. Буйнейшыя з іх: Тартускі ун-т (з 1632, больш за 7,5 тыс. студэнтаў), Талінскі тэхн. ун-т (каля 7 тыс.), Талінскі пед. ун-т (больш за 3 тыс.), Эстонскі с.-г. ун-т у Тарту (каля 3 тыс.). Да дзярж. ВНУ належаць таксама Талінскі маст. ун-т і Эстонская кансерваторыя (каля 500 студэнтаў). У Э. дзейнічае каля 25 прыватных ВНУ, якія даюць няпоўную вышэйшую адукацыю і не могуць рыхтаваць бакалаўраў, магістраў і дактароў. Найбуйнейшыя б-кі: Нацыянальная Э. (засн. ў 1918, каля 3 млн. тамоў), Нац. эст. мастацтва, Тартускага ун-та і інш. Музеі: Нац., маст., л-ры, гіст., прыроднай гісторыі, музыкі і тэатра, спарт., с.-г., парк-музей (скансэн) нар. дойлідства і побыту ў Таліне. Навук. даследаванні вядуцца ў АН Э., н.-д. ін-тах, ва ун-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 у Э. выдавалася 127 газет, у т. л. 16 агульнанац., 6 на рус. мове. Найб. тыражныя газеты: «Öhtuleht» («Вячэрняя газета», з 1944), «Postimees» («Паштальён», з 1891), «Eesti ekspres» («Эстонскі экспрэс», з 1989), «Maeleht» («Краіна», з 1987), «Eesti paevaleht» («Эстонская штодзённая газета», з 1905). Найбуйнейшае інфарм. агенцтва — Эст. бюро Балт. службы навін (з 1991). Радыёвяшчанне з 1926. Дзейнічаюць 30 радыёстанцый. Грамадская радыёвяшчальная арг-цыя «Эстонскае радыё» вядзе перадачы па 5 праграмах. Тэлебачанне з 1955. Агульнанац. перадачы вядуць 4 кампаніі: грамадская «Эстонскае тэлебачанне», прыватныя ТВ-1, Канал-2, ТВ-3. Дзейнасць грамадскага тэлерадыёвяшчання кантралюе Савет па тэлерадыёвяшчанні, прыватныя ўстановы ліцэнзуе мін-ва культуры. У 1991 створаны Савет грамадскай інфармацыі для абароны правоў сродкаў масавай інфармацыі і ўрэгулявання скаргаў.

Літаратура. Вытокі л-ры Э. ў фальклоры (рунічныя песні, казкі, прыказкі). Першая кніга, частка на эст. мове, выйшла ў 1525 (не збераглася). Захаваліся фрагменты лютэранскага катэхізіса 1535. У 16—18 ст. друкаваліся нар. календары і маст.-павучальныя творы, у канцы 18 — пач. 19 ст. — свецкія дыдактычныя кнігі. У сярэдзіне 19 ст. зарадзілася нац. маст. л-ра. Першы эст. паэт — К.​Я.​Петэрсан. У традыцыях нар. фальклору працавалі асветнікі Ф.​Р.​Фельман і Ф.Р.Крэйцвальд (на аснове нар. паданняў стварыў нац. эпас «Калевіпоэг»). Л-ра перыяду нац. руху (2-я пал. 19 ст.) пераважна рамант. (паэзія Л.Койдула, проза Э.​Борнхёэ). У 1890-я г. развіваўся крытычны рэалізм (проза Э.Вільдэ, О.Лутса, К.Э.Сяргавы, паэзія Ю.Лійва, Г.Хаава, драматургія А.Кіцберга). Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 сфарміраваўся культ.літ. рух «Маладая Эстонія», узніклі неарамант. кірункі (у паэзіі В.​Рыдала, Г.​Суйтс, у прозе Ф.Туглас), паявілася пралет. л-ра (Ю.​Мадарык, Х.​Пегельман, Ээссаарэ Ааду). У 1920—30-я г. маст. разнастайнасцю вызначалася паэзія — ад экспрэсіянісцкіх «песень часу» (Я.Кярнер, Х.​Віснапуу) і леваавангардысцкіх вершаў (І.Барбарус) да сталага рэалізму (Б.Альвер, І.Семпер, Ю.​Сюцістэ, Ундэр). У прозе рамант., імпрэсіянісцкія і сімвалісцкія формы саступілі месца рэаліст. манеры (творы П.Валака, М.Метсанурка, А.Тамсаарэ, А.Хінта, А.Якабсана, Р.​Сірге). У драматургіі вылучыліся камедыі Х.​Раўдсепа, антыфаш п’есы Э.​Таммлаана. У 2-ю сусв. вайну развівалася антыфаш. патрыят. паэзія (Барбарус, Кярнер, Семпер). У пасляваен. л-ры на пярэдні план выйшла драматургія (п’есы Якабсана, Хінта). Празаікі распрацоўвалі ваен. тэматыку (Э.​Мяннік, О.​Тоамінг), пераўтварэнні ў вёсцы (Г.Леберэхт, Э.Крустэн). У паэзіі развіваліся жанры грамадз. лірыкі і эпічнай паэмы (Д.Ваарандзі, М.Раўд, Ю.Смуул). У 1950-я г. вядучае месца заняў гіст.-рэв. раман панарамнага тыпу (тэтралогія Хінта «Бераг вятроў», раманы Крустэна «Сэрцы маладых», Сірге «Зямля і народ»). У 1960—70-я г. развіваліся сац.-псіхал., гіст.-біягр., паліт.-публіцыст., «кароткі» і інш. тыпы рамана, розныя формы малой і дакумент.-маст. прозы. Павялічылася роля псіхал. аналізу, паказу драм. падзей нядаўняга мінулага праз лёс чалавека (ваен. раманы П.Куусберга, Л.Промет, У.​Бээкмана). Л-ра 1980—90-х г. адметная філас.маральнай праблематыкай, наватарскімі маст. пошукамі (раманы Э.Бээкман, Э.Ветэмаа, М.​Траата, аповесці М.​Унта і інш.). Прозу ўзбагацілі гіст. аповесць і раман (Я.Крос), падарожны дзённік (Л.Г.Меры, У.​Бээкман, Смуул), дакумент.-маст. раман (Юры Туулік), творы ўмоўна-інтэлектуальнай малой прозы (А.​Валтан, Т.​Калас, М.​Саат і інш.). Пашырыўся тэматычны і эстэт. дыяпазон паэзіі, паглыбіўся яе філас.-этычны і інтэлектуальны змест (У.Лахт, А.Сійг, Альвер, Крос, П.​Румма, А.​Санг). У драматургіі вылучыліся сац.-псіхал. драма (Э.​Раннет, Якабсан) і нар.-гумарыстычная камедыя (Смуул), з’явілася алегарычна-ўмоўная п’еса. Развіваліся л-ра для дзяцей (Э.​Нійт, Я.​Раннап, Э.​Раўд і інш.), літ.-знаўства (Х.​Пеэп, Х.​Пухвель, Э.​Сыгель).

Эст.-бел. літ. ўзаемасувязі бяруць пачатак з 1940—41: у перыяд. друку публікаваліся пераклады вершаў Я.​Коласа. На эст. мове выйшлі бел. нар. казкі «Пакацігарошак» (1946), зб. бел. і ўкр. нар. казак «Музыка-чарадзей» (1947), зб. бел. сатыры «Пігмаліён навыварат» (1968). Пачалося выданне твораў бел. пісьменнікаў у перакладзе на эст. мову: зб-кі вершаў Я.​Купалы «Хлопчык і лётчык» (1959), «А зязюля кукавала...» (1966), «З песень аб сваёй старонцы» (1982), Я.​Коласа «Звон шыбаў» (1968), П.​Броўкі «А дні ідуць...» (1964), М.​Танка «Летні дождж» (1974), Р.​Барадуліна «Ці пазяхае бегемот?» (1976); кнігі прозы Я.​Брыля «Зялёная школа» (1955), «Апошняя сустрэча» і «Сірочы хлеб» (абедзве 1961), І.​Шамякіна «Першы генерал» (1974); раманы Шамякіна «Крыніцы» (1959), І.​Мележа «Людзі на балоце» (1964) і «Подых навальніцы» (1968), трылогія Я.​Коласа «На ростанях» (1977); аповесці М.​Лынькова «Міколка-паравоз» (1960), В.​Быкава «Трэцяя ракета» (1963), «Сотнікаў» (1971), «Абеліск. Пайсці і не вярнуцца. Яго батальён» (1984), І.​Пташнікава «Тартак» (1976), В.​Казько «Судны дзень» (1982), А.​Адамовіча «Карнікі» (1985) і інш. У перыяд. друку публікаваліся рэцэнзіі і артыкулы пра творы бел. пісьменнікаў. Актыўна прапагандаваў бел. л-ру О.Йыгі. Першыя артыкулы пра эст. л-ру і пераклады яе твораў у бел. друку з’явіліся ў 1940. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі: зб-кі эст. нар. казак «Лясны бацька» (1963), гумару «Як быў створаны кенгуру» (1968), «Эстонская навела» (1976); кнігі вершаў «Гняздоўе вятроў» (1986), апавяд., вершаў і казак «Скарбы старога Тоамаса» (1988); творы Леберэхта («Святло ў Коардзі», 1952), Хінта («Бераг вятроў», т. 1—2, 1960), Р.​Л.​Парве («У падполлі. Апавяданні пра Віктара Кінгісепа», 1960), В.​Гроса («Распасцёршы крылы», 1961, пер. У.​Краўчанка), Х.​Мянд («Вецер у галаве», 1971, пер. А.​Марціновіч), Э.​Бээкман («Чародка белых варон», 1973, пер. М.​Татур), Э.​Раўда («Карантыш», 1974, пер. Я.​Курто), Раннапа («Апошні арлан», 1976, пер. А.​Чаркасаў), Смуула («Мурка-марак», 1979, пер. С.​Міхальчук), Тамсаарэ («Аповесці», 1980, пер. А.​Кудравец), Л.​Метсара («Мары не паміраюць», 1983, пер. В.​Рабкевіч) і інш. Сярод інш. перакладчыкаў эст. л-ры на бел. мову В.​Адамчык, Л.​Арабей, С.​Дзяргай, Х.​Жычка, В.​Зуб, Г.​Кляўко, У.​Корбан, Л.​Салавей, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, Я.​Сіпакоў, Я.​Скрыган, М.​Федзюковіч і інш.

Архітэктура. Першыя паселішчы гар. тыпу (Талін, Тарту, Отэпя) узніклі ў 10—12 ст. У 13 ст. майстры, пераважна выхадцы з Германіі і Скандынавіі, будавалі крэпасці і храмы абарончага тыпу. Першыя каменныя ўмацаванні ўзведзены на Вышгорадзе ў Таліне. Матывы позняга раманскага стылю (царква ў Вальяла) спалучаліся з формамі ранняй готыкі. У 13—14 ст. склаліся самаст. арх. школы: у Зах. Э. і на астравах пераважаў тып 1 -нефавай бязвежавай царквы з высокімі нервюрнымі скляпеннямі, вузкімі аконнымі праёмамі, акцэнтаванымі парталамі і скульпт. убраннем; у Цэнтр. Э. панаваў тып 3-нефавай зальнай царквы з вежай, безнервюрнымі «купальнымі» скляпеннямі, круглымі слупамі з разнымі капітэлямі; у Паўд. Э. — 3-нефавыя зальныя цэрквы без вежы, з нервюрнымі скляпеннямі. Найб. значныя гатычныя помнікі: сабор Пятра і Паўла ў Тарту (хор зальнага тыпу, 2-вежавы фасад), у Таліне — Домскі сабор, цэрквы Пюхавайму (Св. Духа) і Олевістэ, ратуша, будынкі Вял. гільдыі, ансамбль манастыра св. Брыгіты. Захавалася больш за 50 каменных крэпасцей розных тыпаў: нерэгулярныя, падначаленыя рэльефу (Отэпя, Ліхула), жылыя вежы-данжоны (Пайдэ, Кійу), рэгулярныя замкі-кастэлі (Талін, Хаапсалу, Нарва). Крапасны характар мелі манастыры ў сельскай мясцовасці (кляштар цыстэрцыянцаў у Падызе). З канца 13 ст. будавалі т.зв. канвенцкія дамы, якія спалучалі кастэль з манастырскім клуатрам (Вільяндзі, Талін, Ракверэ, Курэссаарэ). Гарады Талін, Тарту, Нарва, Пярну, Вільяндзі і Хаапсалу абкружалі каменныя сцены з умацаванымі брамамі. У 16 ст. ў арнаментыцы і арх. дэкоры з’явіліся рысы рэнесансу (фасад дома брацтва Чорнагаловых у Таліне, арх. і скульпт. А.Пасер). З 17 ст. пашырана барока (ратуша ў Нарве, «важня» ў Курэссаарэ, палацава-паркавы ансамбль Кадрыёрг у Таліне). У пач. 19 ст. будавалі ў стылі класіцызму (гал. будынак ун-та ў Тарту, шматлікія сядзібныя дамы). Архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ўласцівы эклектызм, пач. 20 ст. — функцыяналізм (Х.-В.​Іахансан, А.​Котлі, О.​Сійнмаа, А.​Соанс), а таксама рамант. кірунак, звязаны з мадэрнам (К.-Ф.​Бурман і інш.). У 2-й пал. 20 ст. вялося масавае буд-ва паводле тыпавых праектаў, забудоўваліся новыя раёны ў Таліне, Тарту і інш. (Э.-І.​Куузік. Соанс). Наватарскімі пошукамі адметныя работы арх. Р.​Карпа, В.​Пормейстэр, М.​Порта, В.​Тамма, У.​Тэльпуса, Х.​Сепманна і інш.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва вядомы з 3—2-га тыс. да н.э. (гліняны посуд, кераміка, вырабы з косці). У 1-м тыс. былі пашыраны арнаментаваныя метал. ўпрыгожанні (фібулы, нагрудныя цапы і інш.). У дэкоры цэркваў 13 ст. познараманскі стыль і готыка (царква Яана ў Тарту, 14 ст.). Познагатычная каменная разьба характэрна для Таліна (рэльефы парталаў). З таго часу вядомы першыя ўзоры насценных размалёвак (цэрквы Вальяла, Муху і інш.). У 13—15 ст. замежныя мастакі з Любека і Нідэрландаў стваралі драўляную скульптуру (алтар царквы Пюхавайму ў Таліне, ням. мастак Б.​Нотке, 1483). Развівалася ювелірнае мастацтва. У 15 ст. выкананы жывапісныя створкі алтароў у цэрквах Нігулістэ і Пюхавайму, фрагмент «Танцы смерці» Нотке. У пач. 16 ст. ў Таліне працаваў нідэрл. скульптар і жывапісец М.​Зіттаў. У скульптуры 16—17 ст. пераважала мемар. пластыка. У 16—18 ст. пашырылася разьба па дрэве (упрыгожанне мэблі, алтароў, кафедраў). З 19 ст. пачаўся росквіт выяўл. мастацтва. У 1803 К.​Зенф заснаваў Рысавальную школу пры Тартускім ун-це, якая паўплывала на станаўленне жанраў пейзажа і партрэта ў духу класіцызму (Т.​Гельхаар, А.​Клара, В.​Кругер, К.​Кюгельген, Ф.​Майдэль, А.​Пецальд, Г.​Шлатэр). У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла нац. рэаліст. маст. школа: жывапісцы Г.​Гіпіус, І.​Кёлер, П.​Раўд, скульптары А.​Вейцэнберг, А.​Адамсан. У пач. 20 ст. праявіліся рэаліст. тэндэнцыі ў творчасці А.​Лайкмаа, Я.​Коарта, К.​Мягі, М.​Трыйка, К.​Раўда. У 1905—07 пашырылася паліт. сатыр. графіка. У 1920-я г. развіццю нац. выяўл. мастацтва спрыяла дзейнасць маст. школы «Паллас» у Тарту. Рысы футурызму ў творчасці жывапісца і графіка А.​Ваббе, экспрэсіянізму — жывапісцаў П.​Арэна, К.​Мягі, графіка Э.​Війральта, скульптара А.​Старкопфа, канструктывізму — А.​Акберга, Я.​Вахтры, М.​Лаармана. У 1930-я г. працавалі графікі А.​Бах-Лійманд, Х.​Мугаста, жывапісец і графік А.​Іохані, жывапісец К.​Лійманд. Жывапісу Э.-К.​Адамсана-Эрыка, П.​Бурмана, А.​Вардзі ўласцівы рысы імпрэсіянізму. У 1941—45 група эст. мастакоў у г. Яраслаўль (Расія) засн. Саюз эст. мастакоў. У жывапісе канца 1940 — пач. 50-х г. развіваўся метад. сацыяліст. рэалізму (І.​Выэрахансу, І.​Кім, В.​Лойк, Л.​Мууга, Э.​Окас, Р.​Сагрытс, Р.​Уутмаа, А.​Янзен). Разнастайнасць творчых пошукаў выявілася ў станковым і манум. жывапісе (Э.​Аллсалу, Вардзі, Т.​Вінт, М.​Кармашоў, Э.​Кітс, О.​Маран, Л.​Мікка, Э.​Пыльдраас, Т.​Пяэсуке, О.​Суббі і інш.), у скульптуры (Я.​Варэс, М.​Мікаф, Э.​Роас, Ф.​Саннамеэс, Я.​Соанс, Старкопф, Э.​Танілаа і інш.). Створаны мемарыяльныя ансамблі (напр., «Змагарам за Савецкую ўладу» ў Таліне, 1975, арх. А.​Мурдмаа, скульптар М.​Варык). Высокага ўзроўню дасягнула графіка (Г.​Рэйндорф, А.​Бах, Окас). Развіваліся жанры партрэта (А.​Бах-Лійманд, Э.​Эйнман), быт. (Р.​Кальё, Окас, А.​Хойдрэ), пейзажа (М.​Лаарман, Рэйндорф). У 1960—70-я г. вядучыя майстры графікі А.​Кеэрэнд, К.​Клар, А.​Кют, М.​Мутсу, В.​Толлі, І.​Торн, П.​Улас, Х.​Ээльма, кніжнага афармлення — Х.​Керсна, С.​Лійберг, П.​Лухтэйн, В.​Тоатс, М.​Эйнер. Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва — кераміка, апрацоўка скуры, металу, ткацтва і інш. Высокага ўзроўню дасягнула афармленне грамадскіх будынкаў (В.​Асі, Т.​Ганс, М.​Сумматавет, В.​Там, Б.​Томберг і інш.). Сярод вядучых майстроў тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва М.-Л.​Кюла-Панса, Л.​Роаза, В.​Хаас і інш.

Музыка Э. звязана з культурай прыбалтыйска-фін. народаў. У стараж. эст. нар. музыцы пераважалі аднагалосыя рунічныя песні (прац., каляндарна- і сямейна-абрадавыя, лірычныя, ліраэпічныя). Нац. муз. інструменты: 5—7-струнны канель (род гусляў), 3—4-струнны хійуканель, кар’япасун, сарв, вілепіль, тарупіль (эст. валынка). З 2-й пал. 18 ст. развівалася аматарскае музіцыраванне, хар. спевы. У 2-й пал. 19 ст. на муз. жыццё паўплывалі выданне нац. паэт. эпасу «Калевіпоэг», збіранне эст. фальклору, традыц. пеўчыя святы (з 1869 у Тарту, з 1896 у Таліне). Асновай развіцця хар. спеваў і прафес. музыкі стала пеўча-тэатр. т-ва «Эстонія» (засн. 1865). На мяжы 19—20 ст. арганізаваны першы аматарскі сімф. аркестр (1900, Тарту), напісаны першыя нац. опера («Дачка Лембіту» А.​Лембы, паст. 1908), муз. творы буйной формы (Р.​Тобіяс). Сярод эст. кампазітараў 2-й пал. 19 ст.: А.​Кунілейд, А.​Томсан і інш. Оперныя спектаклі выконваліся ў Таліне (з 1918), Тарту (з 1933). Першы нац. балет — «Дамавік» Э.​Тубіна (паст. 1943). У 1920—30-я г. развіваліся сімф. жанры, у 1940—50-я г. зарадзілася вак.-сімф. музыка для выканання на пеўчых святах (Э.Кап, Г.Эрнесакс), створаны оперы на гіст. сюжэты (А.​Кап, Эрнесакс). У 1926 засн. сімф. аркестр Эст. радыёвяшчання. У 1950-я г. з’явіліся новыя тэндэнцыі ў інстр. музыцы, стылявая і жанр. разнастайнасць, характэрны зварот да стараж. нац. фальклору, узнікла «новая эст. школа» (Э.​Тамберг, Я.​Раэтс, В.​Торміс, А.​Пярт). У 1990-я г. пашырыліся муз. стылі «цынцынабулі», «новай прастаты», неарамантызм, мінімалізм, «канструяваны» авангард. Уклад у муз. мастацтва Э. 20 ст. зрабілі: кампазітары Э.​Арра, М.​Віхманд, П.​Вяхі, Р.​Кангра, А. і Э.​Кап, Я.​Коха, К.​Крээк, М.​Кылар, Б.​Кырвер, Т.​Кырвітс, М.​Людзіг, А.​Лятэ, А.​Маргустэ, Э.​Мягі, Л.​Нормет, Пярт, Раэтс, Р.​Раннап, М.​Саар, К.​Сінк, У.​Сісаскі, Л.​Сумера, Тамберг, Тобіяс, Торміс, Т.​Тулеў, Х.​Эллер, Эрнесакс, М.​Яансан; скрыпач Ю.​Э.​Сырмус; дырыжоры А.​Вольмер, Т.​Кальюстэ, Р.​Кул, А.​Мустонен, А.​Соатс, Н.​Ярві; піяністы Б.​Лук, Э.Клас, спевакі А.​Ардэр, М.Войтэс, Х.Крум, Ц.Куузік, Г.Отс, К.​Отс, М.-І.Пальм, Б.​Хансен. У Э. працуюць: Нацыянальная опера «Эстонія», акад. муз.-драм. т-р «Ванемуйне» ў Тарту (з 1870), дзярж. сімф. аркестр Эстоніі (1975), філармонія (1944) і камерны хор пры ёй (1981), Нац. мужчынскі хор Эстоніі (1944), ансамбль стараж. музыкі «Hortus musicus» (1977), шматлікія аматарскія хар. і арк. калектывы, фалькл.-этнагр. ансамблі; Талінская кансерваторыя (з 1919), муз. вучылішчы і школы. Праводзіцца больш за 20 фестываляў, у т. л. міжнар. сучаснай музыкі (з 1991), арганны. У 1941 створаны Саюз кампазітараў Э. Дзейнічае Саюз выканаўцаў (з 1998).

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва адносяцца да глыбокай старажытнасці. У рытуалах, абрадах, нар. святах і гульнях выкарыстоўваліся дыялогі, элементы ігры, драм. дзейства, тэатр. відовішчнасць. Фарміраванне прафес. нац. т-ра адбывалася ў 2-й пал. 19 ст. У 1870—72 пры т-ве «Ванемуйне» ў Тарту пры садзеянні пісьменніцы Л.Койдулы пастаўлены яе п’есы «Стрыечны браток з Саарэмаа», «Гэтакі Мульк, або Сто пураў солі». У 1878—1903 пад кіраўніцтвам А.Війры тут ставіліся муз. спектаклі, творы У.​Шэкспіра, Мальера. У 1906—14 трупу ўзначальваў К.Менінг. Пастаўлены эст. п’есы А.​Кіцберга, Э.​Вільдэ, О.​Лутса. З 1906 у Таліне пры т-ве «Эстонія» наладжваліся паказы драм. спектакляў. У 1920—30-я г. працавалі т-ры: у Таліне — «Эстонія», Драм. т-р, «Драма-студыо» (з 1937 Эст. драм. т-р), Ранішні т-р, Рабочы т-р; у Тарту — «Ванемуйне». Дзейнічалі тэатр. калектывы ў Пярну, Вільяндзі, Нарве і інш. У 1940 створаны т-р у Ракверэ. У Таліне ў 1941 адкрыты Музей т-ра і музыкі, арганізаваны Рус. т-р (1948), Дзярж. т-р лялек (1952), Дзярж. т-р юнага гледача (1965). У пасляваен. перыяд вял. пашырэнне набыла драматургія А.​Якабсана («Жыццё ў цытадэлі», «Барацьба без лініі фронту»), пастаўлены п’есы Р.​Каўгвера, А.​Лійвеса, Э.​Раннета, Ю.​Смуула. Сярод найб. значных спектакляў: «Чалавек і бог» паводле эпапеі «Праўда і справядлівасць» А.​Тамсаарэ, «Дзікі капітан» Смуула, «Мужчынскія песні» і «Жаночыя песні» на аснове эст. песень, «Антоній і Клеапатра» і «Карыялан» Шэкспіра, «Мілы лгун» Дж.​Кілці, «Маці» паводле М.​Горкага. Уклад у развіццё сцэн. мастацтва зрабілі рэжысёры К.Ірд, Э.​Кайду, М.​Міківер, В.Панса, І.​Таммур, Я.​Тоамінг, Э.​Хермакюла; рэжысёры і акцёры А.Лаўтэр, П.​Пыльдраас; акцёры К.​Карм, Л.​Румма, А.​Тальві, А.Эскала, Ю.Ярвет і інш. У Э. дзейнічаюць т-ры: у Таліне — Эст. драм., Дзярж. лялечны, Эст. дзярж. рус. драм., Гар., Т-р-студыя Старога горада і інш.; у Тарту — «Ванемуйне»; у Пярну — «Эндла»; у Вільяндзі — «Угала»; у Ракверэ. У т-рах Э. ставіліся бел. п’есы: «Пяюць жаваранкі» (Ракверэ), «Хто смяецца апошнім» (Талін, Пярну) К.​Крапівы, «У ціхім завулку» А.​Маўзона (Кохтла-Ярве), «Выбачайце, калі ласка!» (Талін, Пярну), «Лявоніха на арбіце» (Пярну) А.​Макаёнка, «Радавыя» А.​Дударава (Талін) і інш. Бел. драм. калектывы ў час «Прыбалтыйскіх тэатр. вёсен» выступалі ў Таліне, эст. — у Мінску. Бел. і эст. тэатразнаўцы і крытыкі сумесна ўдзельнічалі ў навук. канферэнцыях, абмеркаваннях спектакляў.

Кіно. На мяжы 19—20 ст. у Э. зроблены першыя дакумент. і відавыя кіназдымкі франц. кінафірмамі «Патэ», «Гамон» і «Эклер». У 1912—14 тартускі фатограф І.​Пяэзуке зняў першыя эст. дакумент. стужкі, у 1913—14 — першы маст. фільм «Паляванне на мядзведзя ў Пярнумаа». У 1920-я г. ствараліся прыватныя і аматарскія кінафірмы, сярод якіх вылучалася «Эстонія-фільм» (1920—32). У 1930-я г. кінавытворчасць у Э. звязана з дзейнасцю студыі «Ээсты культуурфільм», якая атрымала дзярж. датацыю (у 1940 нацыяналізавана, з 1941 — Эст. студыя кінахронікі, з 1947 — Талінская кінастудыя, з 1963 — «Талінфільм»). Першы паўнаметражны маст. фільм — «Цені мінулага» (1924, рэж. Б.​Кузбак). Рэж. К.​Мярска зняў першы гукавы фільм «Залаты павук» (1930), дакумент. стужкі «Святы ў Пячорах» (1936), «Краявіды вострава Осмуссаар» (1936—37). Дасягненні ў маст. кіно звязаны з дзейнасцю рэжысёраў К.​Кійска («Небяспечныя павароты», з Ю.​Кунам, 1961; «Крыгаход», 1962; «Азірніся ў дарозе», 1964; «Пра цану смерці запытайся ў мёртвых», 1978), Л.​Лайус («З вечара да раніцы», 1963; «Лясная легенда», 1969; «Крыніца ў лесе», 1974; «Гаспадар Кырбая», 1980), Ю.​Мююра («Хлопцы адной вёскі», 1962; «Новы нячысты з пекла», з Р.​Краманавым, 1964; «Людзі ў салдацкіх шынелях», 1968), Краманава («Што здарылася з Андрэсам Лапетэусам», 1966; «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту», 1976; «Атэль «Ля загінуўшага альпініста», 1979), А.​Іха («Гульні для дзяцей школьнага ўзросту», з Лайус, 1985; «Назіральнік», 1987; «Толькі для вар’ятаў», 1990; «Сэрца мядзведзіцы», 2001), П.​Сімма («Арабела — дачка пірата», 1983; «Танец вакол паравога катла», 1988; «Добрыя рукі», 2001), О.​Неўланда («Гняздо на ветры», 1979). Найб. вядомыя акцёры эст. маст. кіно: Э.​Ківі, Э.​Кулль, Х.​Мандры, Л.​Мерзін, Л.​Ульфсак, А.Эскала, О.​Эскала, Ю.Ярвет і інш. Школу дакумент. эст. кіно склалі рэжысёры А.​Сёэт («511 лепшых фотаздымкаў з Марса», 1968; «Іванаў дзень», 1978; «Майстар азёраў», 2002), М.​Соасаар («Жанчына з вострава Кіхну», 1973; «Цюлені», 1974; «Радасці зямныя», 1977; «Нядзельныя жывапісцы», 1979; «Ану Рауд — вобразы жыцця мастака», «Жыццё матылёў», абодва 2002). У навук.-папулярным кіно працуюць рэжысёры Л.​Меры («Ветры Млечнага шляху», 1977), Р.​Маран («У цішыні балот», 1976; «Гадзюка звычайная», 1978; «Купальны дзень. Азбука птушак», 2002). Міжнар. поспех набыла эст. анімацыя. Сярод рэжысёраў дзіцячых лялечных фільмаў Э.​Туганаў («Оць у космасе», 1961; «Жарабя ў яблыках», 1981), Х.​Парс (серыя фільмаў пра прыгоды аператара Кыпса, 1964—68; «Цвік», 1972). Паэт. маляваная анімацыя Р.​Раамата сінтэзавала моўныя сродкі кіно і жывапісу («Палёт», 1973; «Стралок», 1976; «Антэны ў ільдах», 1977; «Поле», 1978; «Вялікі Тыл», 1980). Дзейнічаюць 26 кінакампаній, працуюць 4 пракатныя фірмы. У 1962 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Э. Распрацавана агульная канцэпцыя балт. кіно, яго сувязей са скандынаўскім, што прадугледжвае шырокую капрадукцыю пры захаванні традыцый нац. кіно, парытэту паміж высокамаст. і камерц. праектамі.

Беларусы ў Эстоніі. З 17—18 ст. у Тартускім ун-це і інш. навуч. установах краю вучыліся многія ўраджэнцы Беларусі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. адбывалася прац. эміграцыя з Беларусі, пераважна ў г. Рэвель (цяпер Талін), дзе ў 1917 у сям’і беларусаў-мігрантаў нарадзіўся будучы нар. паэт Беларусі П.Е.Панчанка. У 1898—99 у Тартускім ун-це вучыўся дзеяч бел. і рас. рэв. руху П.У.Карповіч, у 1911 яго скончыў будучы гісторык, дзярж. і паліт. дзеяч БССР У.М.Ігнатоўскі. Паводле перапісу 1989 у Э. жыло 28 тыс. беларусаў, каля пал. з іх — у сталіцы (гл. раздзел пра беларусаў у арт. Талін). У 1989 засн. згуртаванне беларусаў у г. Кохтла-Ярве, Беларуска-эстонскае згуртаванне (БЭЗ) у г. Йыхві. У 1995 намаганнямі БЭЗа пры дапамозе Мін-ва культуры Эстоніі выдадзена кн. вершаў і апавяд. «Сярод белых эстонскіх начэй» У.​Дзехцерука, аднаго з заснавальнікаў і сябра БЭЗа. У кастр. 1998 у г. Ківіылі ўстаноўлены помнік бел. пісьменніку Я.​Скрыгану. Дзейнічаюць таксама бел. суполкі «Спадчына» (г. Нарва), «Лёс» і інш. Адна з кіраўнікоў БЭЗа М.​Астравумава — чл. аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар».

Літ.:

Кахк Ю.Ю., Сийливаек К.К. История Эстонской ССР: Попул. очерк. Таллин, 1987;

Клинге М. Мир Балтики. Хельсинки, 1995;

Пуллат Р. История Таллина. [Таллинн], 1999;

Очерк истории эстонской советской литературы. М., 1971;

Бассель Н. Литературные связи Советской Эстонии. Таллин, 1970;

Яго ж. Типологические связи эстонской советской литературы с литературами других народов: Художеств. проза. Таллин, 1980;

Сыгель Э. Развитие литературы: борьба идей Таллин, 1985;

Памятники архитектуры Эстонии. Л., 1980;

Бернштейн Б., Генс Л. Изобразительное искусство Эстонской ССР. М., 1957;

Кума Х. Прикладное искусство Советской Эстонии и его мастера. Л.;

М., 1962;

Бернштейн Б. Эстонская графика. М., 1970;

Эстонская живопись. Альбом. Таллин, 1982;

Тампере Х. Эстонская народная песня. Л., 1983;

Кангро Р. Коротко о композиторах. Таллин, 1984;

Музыкальная культура Эстонской ССР: Сб. ст. Л., 1984;

Райс М. Эстетика «новой эстонской школы» // Муз. академия. 1993. №3;

Театры Советской Эстонии. Таллин, 1956;

Каск К., Тормис Л., Паалма В. Эстонский театр. М., 1978;

Козенкраниус И., Тобро В. Киноискусство Советской Эстонии. М., 1966;

Эльманович Т.В. Образ факта: От публицистики к фильму на эстонском телевидении. М., 1975;

Кийск С. Ожившие сказки: Пер. с эст. Таллин, 1977;

Бельчиков Р.Х. Кино Эстонии. М., 1981;

Беларуска-эстонскае згуртаванне «БЭЗ». Йыхві, 1999.

В.​М.​Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя), І.​А.​Шор (узброеныя сілы), Л.​У.​Языковіч (асвета), Л.​А.​Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), Н.​М.​Басель (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура і выяўленчае мастацтва), Н.​В.​Сазановіч (музыка), А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), В.​Ф.​Нячай (кіно), У.​Я.​Калаткоў (беларусы ў Эстоніі).

Герб і сцяг Эстоніі.
Да арт. Эстонія. Заходне-Эстонская нізіна.
Да арт. Эстонія. Цэнтральная вуліца г. Ракверэ.
Краявід на поўначы Эстоніі.
Да арт. Эстонія. Панарама г. Рэвель (Талін) у 1648. Гравюра 17 ст.
Да арт. Эстонія. Князь Вячка (справа) і малады эстонскі воін Меэліс у час абароны г. Юр’еў (Тарту) ад войска крыжакоў у 1224. Скульптар О.​Мянні. 1950.
Да арт. Эстонія. Порт Талін.
Да арт. Эстонія. Сабор Пятра і Паўла ў Тарту.
Да арт. Эстонія. Ратуша ў Таліне.
Да арт. Эстонія. Галоўны будынак універсітэта ў Тарту.
Да арт. Эстонія. Сядзібны дом у Сангасце.
Да арт. Эстонія. Т.​Гельхаар. Стары рынак у Таліне. 1835.
Да арт. Эстонія. Г.​Гіпіус. Эстонская нявеста. 1852.
Да арт. Эстонія. М.​Трыйк. Леннук. 1910.
Да арт. Эстонія. Р.​Кальё. Збор бульбы. 1947.
Да арт. Эстонія. Л.​Мууга. Пратэст супраць вайны. 1959.
Да арт. Эстонія. Кадр з кінафільма «Гняздо на ветры» О.​Неўланда. 1979.
Да арт. Эстонія. Кадр з кінафільма «Добрыя рукі» П.​Сімма. 2001.
Да арт. Эстонія. Кадр з кінафільма «Сэрца мядзведзіцы» А.​Іха. 2001.

т. 18, кн. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)