РАМА́НАВЫ,

баярскі род, царская (з 1613) і імператарская (1721—1917) дынастыя ў Расіі. Першы дакументальна вядомы продак Р. — баярын маскоўскіх князёў сярэдзіны 14 ст. Андрэй Іванавіч Кабыла. Продкі Р. да пач. 16 ст. называліся Кошкінымі, потым Захар’інымі. У 1547 Захар’іны парадніліся з правячай дынастыяй Рурыкавічаў праз шлюб цара Івана IV з дачкой Рамана Юр’евіча Захар’іна-Юр’ева (ад яго імя пайшло родавае прозвішча Р.) Анастасіяй, маці наступнага цара Фёдара Іванавіча, што спрыяла іх узвышэнню. Непасрэдны родапачынальнік Р. — 3-і сын Рамана Юр’евіча — Мікіта Раманавіч (памёр у 1586) — баярын з 1562, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83 і многіх дыпламат. перагавораў; пасля смерці Івана IV да канца 1584 кіраўнік рэгенцкай рады пры няздольным да кіравання цару Фёдару. З сыноў Мікіты Раманавіча найб. вядомы Фёдар (каля 1555—1633; гл. Філарэт) і Іван (памёр у 1640) — баярын з 1605, чл. Сямібаяршчыны (1610—12). Са смерцю цара Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Фёдар Мікітавіч Р. быў кандыдатам на царскі трон, але быў выбраны Барыс Гадуноў [1598—1605], які падверг Р. апале (1600) і ссылцы (1601); Фёдар Мікітавіч пастрыжаны ў манахі пад імем Філарэта. Новае ўзвышэнне Р. адбылося ў час праўлення Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый І). У 1608 у Тушынскім лагеры Лжэдзмітрыя II (гл. Ілжэдзмітрый II) Філарэт абвешчаны патрыярхам рус. правасл. царквы [1608—10] у процівагу патрыярху Гермагену. На земскім саборы 1613 Міхаіл Фёдаравіч Р., сын Фёдара Мікітавіча (Філарэта), выбраны рас. царом [1613—45] і паклаў пачатак правячай дынастыі Р. Пры ім вял. уплывам на дзярж. справы карысталіся яго дзядзька Іван Мікітавіч, а з 1619, пасля вяртання з польскага палону, бацька Філарэт (з 1619 зноў патрыярх), які фактычна кіраваў дзяржавай. Наступныя правіцелі Расіі з дынастыі Р.: Аляксей Міхайлавіч [1645—76], яго сын Фёдар Аляксеевіч [1676—82], яго браты Іван V [1682—96] і Пётр I [1682—1725], рэгенткай пры якіх была іх сястра Соф’я Аляксееўна (да 1689). У 1721 Расія абвешчана імперыяй, а Пётр I — першым імператарам усерасійскім. Паводле указа Пятра ад 16.2.1722 (пацверджаны ў 1731 і 1761) імператар прызначаў сабе пераемніка з асоб імператарскай фаміліі. Пётр I не паспеў прызначыць пераемніка і пасля яго смерці прастол заняла яго жонка (паводле паходжання бел. мяшчанка) Кацярына I [1725—27]. Пасля яе смерці імператарам стаў непаўналетні ўнук Пятра I (сын царэвіча Аляксея Пятровіча) Пётр II [1727—30]. З яго смерцю (1730) дынастыя Р. у прамым мужчынскім пакаленні спынілася. У 1730—40 імператрыцай была дачка Івана V Ганна Іванаўна, у 1741—62 — дачка Пятра I Лізавета Пятроўна, са смерцю якой (5.1.1762) дынастыя Р. спынілася і па жан. лініі. У далейшым прозвішча Р. насілі роднасныя ім прадстаўнікі ням. Гольштэйн-Готарпскай дынастыі: Пётр III [1762], сын герцага Гольштэйн-Готарпскага Фрыдрыха Карла і дачкі Пятра I Ганны; яго жонка Кацярына II [1762—96], народжаная прынцэса Ангальт-Цэрбсцкая; іх сын Павел I [1796—1801], які заканадаўча зацвердзіў прынцып пераходу прастола паводле права першародства па мужчынскай лініі (дзейнічаў да 1917); яго сын Аляксандр I [1801—25], брат Аляксандра Мікалай I [1825—55], сын, унук і праўнук Мікалая I, адпаведна: Аляксандр II [1855—81], Аляксандр III [1881—94] і Мікалай II [1894—1917]. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 дынастыя Р. скінута, у вер. 1917 Расія абвешчана рэспублікай. Мікалай II з сям’ёй і яго брат Міхаіл у ліп. 1918 расстраляны бальшавікамі; у 1918—19 расстраляны або забіты многія Р. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 некат. Р. апынуліся ў эміграцыі. Некаторыя з іх абвясцілі сябе прэтэндэнтамі на рас. прастол, у прыватнасці вял. князі Мікалай Мікалаевіч і Кірыл Уладзіміравіч. Спрэчкі паміж рознымі галінамі Р. за права прэтэндаваць на рас. прастол працягваюцца да нашага часу.

Літ.:

Трехсотлетие Дома Романовых, 1613—1913. М., 1990 [рэпр. выд. 1913];

Василевский И.М. Романовы: Портреты и характеристики. Ч. 1—2. Новосибирск, [1991];

Буранов Ю., Хрусталев В. Гибель императорского дома, 1917—1919 гг. М., 1992. Гл. таксама літ. пры артыкулах пра асобных манархаў з дынастыі Р.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)