ЧАЧЭ́РСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1780—1879 ва ўрочышчы Асінаўка Рагачоўскага пав. (цяпер у межах г. Чачэрск Гомельскай вобл.). Вырабляў бутэлькі, слоікі, багемскае, белае ліставое і аконнае шкло. Меў 2 печы для варкі шкла, 2 печы для абпалу гаршкоў, паравы рухавік. Сыравіна прывазная: гліна з Наўгародскай губ., попел саламяны з Чарнігаўскай губ., сода з Рыгі, глаўберава соль з Прусіі. У 1862 працавала 195 рабочых. На прамысл. выстаўцы (Масква, 1859) і Усерас. (Масква, 1860) чачэрскае шкло прызнана лепшым і адзначана за добрую якасць.

т. 17, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНА-МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1882—1940 у Віцебску. Вырабляў плугі, выконваў кавальска-слясарныя работы. З 1892 меў паравы рухавік. У 1910—13 выпускаў турбіны, млынавыя машыны, прыводы і інш. абсталяванне для млыноў. У 1914—16 меў ліцейны і мех. цэхі, кузню і машыннае аддзяленне, выконваў ваен. заказы. У грамадз. вайну тут наладжаны рамонт вайск. трансп. сродкаў для Чырв. Арміі. З 1922 вырабляў драбільныя машыны, слясарныя ціскі. Працавала ад 50 (1890—95) да 75 (1902) рабочых. У 1940 на яго базе створаны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна.

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРЭ́ЦКІ СПІРТАВЫ́ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1830 як вінакурны з-д у мяст. Урэчча Бабруйскага пав. (цяпер гар. пасёлак Любанскага р-на Мінскай вобл.). Меў вадзяны рухавік, паравы кацёл, 4 печы, горан, 2 кубы, 3 чаны. На ім працавала 7 чал., выраблялася 7400 вёдраў спірту за год. У 1847 для з-да пабудаваны 2-павярховы будынак. Завод неаднаразова рэканструяваўся. У 1982—98 уведзена ў эксплуатацыю новае спіртасховішча, поўнасцю рэканструяваны рэктыфікацыйны цэх, часткова брадзільны; устаноўлены брагарэктыфікацыйная ўстаноўка, 4 брадзільныя чаны, што дазваляе атрымліваць са збожжа спірт высокай якасці («Экстра», «Люкс»). Асн. прадукцыя (2002) — спірт-рэктыфікат; спадарожная — вуглякіслы газ і брага. З 2001 У.с.з. у складзе вытв.-гандл. рэсп. унітарнага прадпрыемства «Мінск Крышталь» на правах філіяла.

т. 16, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАЛЕ́ССЕ»,

шклозавод у Вілейскім р-не. Засн. ў 1769 як гута ў в. Ілья. З 1802 шклозавод у маёнтку Залессе, з 1815 у засценку Стражыслаў, з 1855 за 3 км ад в. Залессе Вілейскага пав. (цяпер пас. Партызанскі Вілейскага р-на). У 1900 працавала 157 рабочых, выраблена сталовага і аптэчнага посуду і лямпаў на 90,7 тыс. руб. У 1910 дзейнічаў паравы рухавік. Прадукцыю збывалі ў Рыгу, Вільню, Гродна і інш. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1944 адноўлены як шклозавод «Залессе». У 1961—73 пабудаваны новыя цэхі, у 1988—90 рэканструяваны. Да 1993 вырабляў сілікат-глыбы (растваральнае шкло) і шклатару (слоікі). Цяпер выпускае піўныя, гарэлачныя, тэхнічныя бутэлькі. У 1996 выраблена 22,3 млн. шт. гарэлачных і 5,5 млн. шт. тэхн. бутэлек. З 1997 адкрытае акц. т-ва шклозавод «Залессе».

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАВА́Я ТУРБІ́НА,

цеплавы рухавік, у якім цеплавая энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў кінетычную энергію, а потым у мех. работу вярчальнага вала. З’яўляецца асн. рухавіком для прывода электрагенератараў на цеплавых электрастанцыях, выкарыстоўваецца таксама для прыводу цэнтрабежных паветрадувак, кампрэсараў, помпаў.

Бываюць актыўныя турбіны, рэактыўныя турбіны і камбінаваныя, стацыянарныя (на ЦЭС) і транспартныя (на суднах, лакаматывах); адна- і мнагакорпусныя (звычайна не больш як 4 корпусы), аднавальныя (валы ўсіх карпусоў на адной восі) і з паралельным размяшчэннем 2—3 валоў. Да стацыянарных П.т. адносяцца кандэнсацыйныя (рабочы цыкл заканчваецца кандэнсацыяй пары, а кандэнсат вяртаецца ў паравы кацёл), цеплафікацыйныя (для адначасовага атрымання эл. і цеплавой энергіі — турбіны з рэгулюемым адборам пары або з проціціскам) і інш. Амаль усе П.т. многаступеньчатыя — расшырэнне пары ад пачатковага да канчатковага ціску і пераўтварэнне яго цеплавой энергіі ў мех. работу адбываецца ў шэрагу паслядоўна размешчаных ступеняў. П.т. складаецца са статара, аснашчанага накіроўнымі апаратамі (сопламі), і ротара з дыскамі, на якіх замацаваны рабочыя лапаткі. П.т. эканамічныя, быстраходныя, простыя ў эксплуатацыі. Магутнасць да 1200 МВт і больш, частата вярчэння ротара ад 3000 аб/мін (у стацыянарных) да 30 000 і больш (у турбін невял. магутнасці). П.т. прамысл. значэння стварылі Ч.А.Парсанс (1884) і швед. вынаходнік К.Г.​П.​Лаваль (1889).

На Беларусі самыя магутныя П.т. (300 МВт) устаноўлены на Лукомскай ДРЭС.

Схема паравой турбіны: 1 — паравы кацёл, 2 — параперагравальнік; 3 — турбіна высокага ціску; 4 — турбіна нізкага ціску; 5 — кандэнсатар; 6 — эканамайзер.

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ШНЯ, валюш, сукнавальня,

майстэрня для валення сукна, лямцу, валёнкаў і інш. Існавала на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 20 ст. Лакальная назва фолюш. Звычайна валюшню будавалі каля рэчак, праточных азёр, балот, сажалак, таму што дзейнічала яна, як вадзяны млын, у якім замест жорнавых паставоў выкарыстоўвалі ступы з таўкачамі, дзе выраблялі сукно. З 16 ст. валюшні вядомы ў Нясвіжы, Давыд-Гарадку, вёсках Раманава (цяпер в. Леніна Горацкага р-на), Цімкавічы (Капыльскага р-на) і інш.; у буйных фальварках, часта належалі мяшчанам. У 20 ст. на валюшнях, акрамя вадзянога кола, выкарыстоўвалі паравы рухавік ці электрапрывод. У вёсках бытавалі і ручныя валюшні — своеасаблівыя пераносныя на падстаўцы або стацыянарныя на ножках станкі, дзе змочанае ў гарачай вадзе сукно клалі на рабрыстую паверхню і раскатвалі рабрыстай дошкай, якую за ручку цягалі 2—4 работнікі. Выйшлі з ужытку ў 1930—40-я г.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УА́Т (Watt) Джэймс (19.1.1736, г. Грынак, Шатландыя — 19.8.1819),

англійскі вынаходнік, стваральнік універсальнага цеплавога рухавіка. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1785). З 1757 механік ун-та ў г. Глазга. Даследуючы мадэлі паравых машын Д.Папена і Т.Ньюкамена, зрабіў шэраг вынаходстваў, якія ўдасканалілі іх работу. Сканструяваў паравую машыну падвойнага дзеяння, у якой выкарыстаў цэнтрабежны рэгулятар, кандэнсатар пары, шарнірны механізм перадачы руху ад штока да балансіра (паралелаграм У.) і інш. (1774—84). Паравы рухавік У., дзякуючы сваёй эканамічнасці, атрымаў значнае пашырэнне і адыграў вызначальную ролю ў пераходзе да машыннай вытв-сці. Устанавіў састаў вады, увёў першую адзінку магутнасці — конскую сілу, сканструяваў ртутны манометр, вадамернае шкло ў паравых катлах і інш. Яго імем названа адзінка магутнасці ў СІ — ват.

Літ.:

Конфедератов И.Я. Джеймс Уатт — изобретатель паровой машины. М., 1969;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 164—165.

Дж.Уат.

т. 16, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НЧЭСТЭР (Manchester),

горад на З Вялікабрытаніі. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Вял. Манчэстэр. 2252 тыс. ж. з прыгарадамі (1997). Буйны марскі порт на р. Эруэл і Манчэстэрскім канале, які звязвае М. з Ірландскім м. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл.-банкаўскі і культ. цэнтр краіны. Развіта разнастайнае машынабудаванне (у т. л. аўтамаб., самалётабуд., хім., эл.-тэхн.), хім. (вытв-сць фарбавальнікаў), тэкст. (апрацоўка баваўняных тканін), швейная, папяровая, паліграф., харч. прам-сць. Манчэстэрскі універсітэт. Ун-т Вікторыі (з 1903). Арх. помнікі: гатычны сабор (15—16 ст.) з капэлай Багародзіцы (14 ст.), шпіталь (15—17 ст.). Гар. музей. Маст. галерэя. Канцэртная зала Фры-трэйд-хол.

Першапачаткова паселішча кельтаў Мансеніян, з 79 н.э. рым. ўмацаваны лагер Манкуніум. У англ. летапісах упершыню згадваецца ў 1086. У 1301 атрымаў гар. правы. У 14—17 ст. гандл.-рамесны цэнтр. Пасля прамысловага перавароту (у 1789 тут устаноўлены першы паравы рухавік) з 19 ст. найб. ў свеце цэнтр баваўнянай прам-сці. У 1840 у М. заснавана Нац. чартысцкая арг-цыя (гл. Чартызм). У 1853 горад атрымаў права Прадстаўніцтва ў брыт. парламенце. Пасля пабудовы ў 1894 Манчэстэрскага канала — буйны порт.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАД’ЁМНЫ КРАН,

грузападымальная машына перыядычнага (цыклічнага) дзеяння для падняцця і перамяшчэння грузаў на невял. адлегласці. Бываюць паваротныя і непаваротныя, стацыянарныя і перасоўныя. Выкарыстоўваюцца ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, на буд-ве, транспарце і інш.

Асн. часткі П.к.: нясучыя канструкцыі (маставая ці кансольная ферма, вежа, мачта, страла, партал), гал. грузапад’ёмны механізм (лябёдка, тэльфер), сілавая ўстаноўка (электрычны рухавік, дызель і інш.), механізмы перамяшчэння крана, павароту, грузазахопныя прыстасаванні і інш. Паваротныя П.к. бываюць: чыгуначныя, веласіпедныя (з рэйкамі на розных узроўнях), пнеўмаколавыя, аўтакраны, гусенічныя, насценныя і дахавыя. Непаваротныя: маставыя з катучай маставой фермай, што перамяшчаецца па рэйках (у т. л. кран-бэлькі), перагрузачныя (маставыя перагружальнікі, казловыя і кабельныя краны), насценна-кансольныя. Ёсць таксама паваротныя і непаваротныя плывучыя краны, высокія мачтавыя і вежавыя краны, спец. металургічныя і інш. У цяжкадаступных месцах выкарыстоўваюць верталёты-краны. Грузападымальнасць П.к. да 2,5 тыс. т. Простыя драўляныя П.к. выкарыстоўваліся да канца 18 ст., суцэльнаметалічныя з’явіліся ў 1820-х г., з мех. прыводам — у 1830-х г. Паравы П.к. створаны ў 1830, гідраўлічны ў 1847 (Вялікабрытанія), з электрарухавіком у 1880—85, з рухавіком унутр. згарання ў 1895 (ЗША, Германія). У Расіі вытв-сць П.к. пачата ў канцы 19 ст.

Літ.:

Справочник по кранам. Т. 1—2. Л., 1988.

І.​І.​Леановіч.

Пад’ёмныя краны: 1—6 — паваротныя (1 — чыгуначны, 2 — пнеўмаколавы, 3 — гусенічны, 4 — партальны, 5 — мачтава-стралавы, 6 — суднавы); 7—9 — непаваротныя (7 — насценна-кансольны, 8 — маставы, 9 — кабельны).

т. 11, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

maszyna

maszyn|a

ж. машына;

~a do pisania — друкавальная машынка;

pisać na ~ie — друкаваць на машынцы;

~a do szycia — машынка шыць; швейная (шытная) машынка;

~a parowa — паравы рухавік;

hala maszyna — машыннае аддзяленне;

pracować jak ~a — працаваць, як машына (робат)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)