СЛО́ЎНІК ПСЕЎДАНІ́МАЎ,
літаратуразнаўча-бібліяграфічны даведнік, дзе раскрываюцца псеўданімы і крыптанімы пісьменнікаў, артыстаў і інш., пад якімі яны выступаюць у друку, на сцэне і г.д. Часта ўключае плагіяты, дзявочыя прозвішчы аўтараў жанчын мае паказальнік аўтараў, дзе пералічваюцца іх псеўданімы і крыптанімы. Расшыфроўка псеўданімаў і крыптанімаў у іх найчасцей наступныя: псеўданім і яго раскрыццё (прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара); месца выкарыстання псеўданіма (перыяд. выданне, творы ці агульнае ўказанне на час і месца яго паяўлення); крыніца, паводле якой псеўданім расшыфраваны (друкаваная, архіўная, вусная).
Першыя С.п. з’явіліся ў 16 ст. («Багаслоўскія тлумачэнні» Г.Геснера, 1549). У 17 ст. пачалося сістэматычнае збіранне і выданне псеўданімаў («Пра пісьмовыя сімвалы, што захоўваюць імёны» І.Саўэрса, 1652; «Пра змененыя імёны аўтараў і ананімы» Ф.Гейслера, 1669). У 1806—09 А.Барб’е выдаў 4-томны слоўнік франц. псеўданімаў. Найб. вядомыя С.п.: англ. Д.Кенэдзі, А.Сміта, А.Джонсана (т. 1—4, 1926—30), літоўскія В.Біржышкі (1943), Ю.Буценаса (1981), франц. Г.Костана (1961), груз. Т.Мікадзе (1966, 1969), азерб. Г.Мамедлі, Н.Макеева (абодва 1977), эст. М.Каху (1978), узб. Т.Караева і Р.Вахідава (1978, 1979) і інш. На слав. землях працы з пералічэннем псеўданімаў з’явіліся ў 18 ст. («Бібліятэка польскіх паэтаў, што пішуць роднаю моваю» Ю.А.Залускага, 1754), у Расіі — у пач. 19 ст. («Сістэматычны агляд літаратуры ў Расіі на працягу пяцігоддзя з 1801 да 1806 г.» А.Шторха і Ф.Адэлунга, 1810—11). Першы С.п. у Расіі — «Вопыт слоўніка псеўданімаў рускіх пісьменнікаў» В.Карцава і М.Мазаева (1891). Найб. грунтоўныя слав. С.п.: чэш. і славацкія А.Даленскага (1934), І.Орміса (1944), І.Кунца (1958), І.Воправіла (1973), польскія А.Бара (т. 1—3, 1936—38), калект. «Слоўнік псеўданімаў польскіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1994—96), рус. «Слоўнік псеўданімаў рускіх пісьменнікаў, вучоных і грамадскіх дзеячаў» І.Масанава (т. 1—3, 1941—49, т. 1—4, 2-е выд. 1956—60, больш за 80 тыс. псеўданімаў і крыптанімаў), венг. Пала Гуяша (1956), балг. І.Багданава (1961), укр. А.Дэя (1969).
На Беларусі першая публікацыя бел. псеўданімаў — «Літаратурныя працы Ц.Гартнага» Ю.Бібілы (у кн. «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928). У «Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.)» Я.Саламевіча (1983) расшыфраваны 3992 псеўданімы і крыптанімы 1231 аўтара.
Літ.: Гл. да арт. Псеўданім.
І.У.Саламевіч.
т. 15, с. 23