вывядзенне з арганізма канчатковых і прамежкавых прадуктаў метабалізму, чужародных, таксічных і залішніх рэчываў, вады, солей, газаў; частка абмену рэчываў. Забяспечвае аптымальны склад унутр. асяроддзя (гамеастаз) і нармальную жыццядзейнасць арганізма. У працэсе выдзялення ў пазваночных удзельнічаюць ныркі, стрававальна-кішачны тракт, лёгкія, шчэлепы, скура, слізістыя абалонкі, плацэнта (гл.Выдзяляльная сістэма). Асновай механізмаў выдзялення ў розных органах з’яўляюцца працэсы пераходу прадуктаў абмену рэчываў праз клетачныя мембраны з вобласці з больш высокай іх канцэнтрацыяй у вобласць з больш нізкай канцэнтрацыяй. У выдзяленні адрозніваюць 3 групы з’яў: выдзяленне вуглекіслаты ў знешняе асяроддзе ў газападобнай форме (у наземных жывёл); выдзяленне канчатковых прадуктаў азоцістага абмену (аміяк, мачавіна, мачавая кіслата, гуанін) і чужародных рэчываў, якія ўсмоктваюцца; рэгуляцыя асматычнага ціску ўнутр. асяроддзя арганізма праз выдзяленне вады і солей. У норме выдзяленне прадуктаў абмену прапарцыянальнае інтэнсіўнасці іх утварэння. Паміж органамі выдзялення існуюць функцыян. і рэгулятарныя ўзаемасувязі. У раслін адрозніваюць актыўнае выдзяленне — спецыялізаванымі залозамі або ўсёй паверхняй клетак і пасіўнае выдзяленне — змыванне і вышчалочванне ападкамі. Парушэнне выдзялення вядзе да павелічэння канцэнтрацыі рэчываў, якія выдзяляюцца ва ўсіх клетках арганізма, і абумоўлівае парушэнне іх нармальнага функцыянавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫЎНЫЯ ТКА́НКІ,
вонкавыя ўтварэнні арганізма на мяжы са знешнім асяроддзем. Асн. функцыі П.т. — ахова, абмен рэчываў (у т. л. газаабмен, транспірацыя), тэрмарэгуляцыя, дотык, выдаленне, часам жыўленне (напр., у стужачных чарвей, скрэбняў, паганафор). У раслін адрозніваюць П.т. першасныя і другасныя. Першасныя (эпідэрміс, або эпідэрма, і эпіблема) вылучаюцца з пратадэрмы. Эпідэрма развіваецца на парастках, лісці, ч. кветак, пладах, насенні; сценкі яе клетак укрыты кутыкулай. Эпіблема ўтвараецца на канцы кораня, выконвае функцыі двухбаковапранікальнай мембраны. Пасля яе адмірання абарончую функцыю выконвае экзадэрма, якая адасабляецца з вонкавых слаёў клетак першаснай кары. У голанасенных і двухдомных раслін на сцёблах і каранях першасныя П.т. замяняюцца на другасныя — корак (вытворнае фелагену), непранікальны для газападобных і вадкіх рэчываў. Ён уваходзіць у склад перыдэрмы, газаабмен у якой адбываецца праз рыхлыя ўчасткі — чачавічкі. У жывёл П.т. складаюцца з покрыўнага (скурнага) эпітэлію (эпідэрмісу). У некат. з іх (немертыны, галаваногія малюскі, пазваночныя) у састаў П.т. уваходзіць мезадэрмальны злучальнатканкавы слой, або дэрма. Для П.т. жывёл характэрны вытворныя: валасы, хіцін панцыра членістаногіх, кутыкула, ракавіны малюскаў, луска, пер’е, кіпцюры, пазногці, скурныя залозы і інш. З П.т. звязаны пігментныя клеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЭНЕРГЕ́ТЫКА,
раздзел біялогіі, які вывучае ператварэнне энергіі ў біясістэмах: атрыманне энергіі (у першую чаргу сонечнай) з навакольнага асяроддзя, яе назапашванне і выкарыстанне для жыццядзейнасці арганізмаў.
Пачаткам біяэнергетыкі лічацца работы ням. ўрача Ю.Р.Маера, які адкрыў закон захавання і ператварэння энергіі (1841) на прыкладзе чалавека. Атрымала шырокае развіццё ў 2-й пал. 20 ст.Вял. ўклад зрабілі вучоныя франц. Л.Пастэр, ням. Г.Эмбдэн, О.Меергоф, О.Варбург (браджэнне і дыханне), рус. У.А.Энгельгарт, У.А.Беліцэр, амер. А.Ленінджэр (акісляльнае фасфарыліраванне), англ. П.Мітчэл (хеміасматычная тэорыя спалучэння паміж акісленнем і фасфарыліраваннем).
На Беларусі навук. даследаванні па біяэнергетыцы пачаліся ў 1960-я г., звязаны з імёнамі А.Н.Разумовіча, А.Ц.Пікулева, Ю.М.Астроўскага, В.М.Іванчанкі, Э.П.Цітаўца, А.М.Стажарава, Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайца і інш. (цыкл Крэбса, энергет. стан арганізма пры розных вонкавых, у т. л. радыяцыйных, уздзеяннях і паталогіях). У працах С.В.Конева і А.М.Рудэнкі даказана вырашальная роля канфармацыйнай рухомасці бялкоў унутр.мембраны мітахондрый у трансмембранным выкідзе пратонаў. Істотны ўклад у разуменне біясінтэзу фотасінт. апарату раслін і яго арганізацыі зрабілі Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, М.М.Ганчарык, Л.І.Фрадкін, Н.Г.Аверына, А.Б.Руды. Даследаванні па біяэнергетыцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, эксперым. батанікі), Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім мед. ін-це і інш.
Літ.:
Ясайтис А.А. Молекулярная биоэнергетика. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НЫ (ад грэч. hormaō прыводжу ў рух),
біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца залозамі ўнутр. сакрэцыі ці спецыялізаванымі клеткамі. Спецыфічна ўздзейнічаюць на інш. органы і тканкі, забяспечваючы інтэграцыю біяхім. працэсаў у жывых арганізмах. Пад кантролем гармонаў адбываюцца ўсе этапы развіцця арганізма з моманту яго зараджэння, асн. працэсы яго жыццядзейнасці (ад транспартавання іонаў да счытвання генома, гл.Гарманальная рэгуляцыя). Эфекты дзеяння гармонаў выяўляюцца на ўзроўні цэласнага арганізма (напр., у зменах паводзін), асобных яго сістэм (нерв., стрававальнай, рэтыкулаэндатэліяльнай і інш.), органаў, клетак і іх арганел, ферментных сістэм і асобных ферментаў, на малекулярна-атамным і іонным узроўнях. Парушэнні сакрэцыі гармонаў (іх недахоп або лішак) вядуць да ўзнікнення эндакрынных хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, утварэння злаякасных пухлін, развіцця аўтаімунных і інш. хвароб.
Вядома шмат гармонаў і гармонападобных рэчываў, у т. л. больш за 40 у млекакормячых. Іх класіфікуюць па месцы ўтварэння (гармоны гіпофіза, гармоны шчытападобнай залозы, гармоны наднырачнікаў і інш.) і па хім. прыродзе — стэроідныя (андрагены, эстрагены, кортыкастэроіды), пептыдна-бялковыя (інсулін, самататропны, лютэнізавальны, фалікуластымулявальны гармон і інш.), вытворныя амінакіслот (адрэналін, норадрэналін, тыраксін, трыёдтыранін і інш.), простагландзіны. Для гармонаў характэрны надзвычай высокая біял. актыўнасць (дзейнічаюць у мікраскапічных дозах), спецыфічнае і дыстатнае (аддаленне ад месца сінтэзу) дзеянне. Шэрагу гармонаў і гармонападобных рэчываў (т.зв. гарманоідаў, парагармонаў ці тканкавых гармонаў) уласціва мясц. дзеянне, якое рэалізуецца шляхам мясц. дыфузій (паракрынныя гармоны) і праз уплыў на клеткі, якія іх сінтэзуюць (аўтакрынныя гармоны); нейрамедыятары, сінтэзаваныя нерв. клеткамі, вылучаюцца непасрэдна нерв. канцамі. Гармоны адрозніваюцца па працягласці дзеяння: у нейрамедыятараў вымяраецца мілісекундамі, у пептыдных гармонаў — секундамі, у бялковых — мінутамі, у стэроідных — гадзінамі, у тыэроідных гармонаў — суткамі. Залежна ад хім. будовы малекул гармоны ўзаемадзейнічаюць з рэцэптарамі ў розных частках клеткі: стэроідныя ў цытаплазме, тырэоідныя ў ядры, бялкова-пептыдныя на вонкавым баку мембраны. Узаемадзеянне гармонаў з рэцэптарамі прыводзіць да актывацыі апошніх і фарміравання адпаведнай метабалічнай рэакцыі.
У раслін рэчывы, падобныя да жывёльных гармонаў, наз. фітагармонамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ, метабалізм,
сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізму і абмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную і функцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іх гамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання і інш. фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял. і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет. матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іх хім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іх навук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.
Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна і інш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял.мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары і інш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1984—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,
лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.
Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.Х.Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.
Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял.мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт.Осмарэгуляцыя).
Літ.:
Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;
Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;
Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ.М., 1973.
Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PА−PБ асматычнага ціску.