УЛЬТРАФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад ультра... + фільтрацыя),

метад раздзялення раствораў і калоідных сістэм, у якіх малекулярная маса раствораных кампанентаў большая за малекулярную масу растваральніку; адзін з мембранных метадаў раздзялення. Пры У. звычайна выкарыстоўваюць палімерныя мембраны з памерамі пор 0,01—0,1 мкм. Рухальная сіла працэсу — градыент ціску; У. ажыццяўляюць пад ціскам 0,1—1 МПа. Выкарыстоўваюць для ачысткі сцёкавых вод, выдалення і ачысткі біял. актыўных рэчываў і інш. У мікрабіялогіі, вірусалогіі, біяхіміі, малекулярнай біялогіі, мед. і харч. прам-сці для У. выкарыстоўваюць ультрафільтры (дыяметр пор 0,001—0,05 мкм) і мікрапорыстыя фільтры (дыяметр пор 0,05 мкм і больш) для ідэнтыфікацыі мікраарганізмаў, вызначэння іх памераў і канцэнтрацыі, стэрылізацыі вадкасцей, канцэнтравання і абяссольвання раствораў бялкоў і інш.

Літ.:

Дытнерский Ю.И. Обратный осмос и ультрафильтрация. М., 1978.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)