ГАЛЬВАНАСТЭРЭАТЫ́ПІЯ (ад гальвана... + стэрэатыпія),
спосаб вырабу копій друкарскіх формаў (стэрэатыпаў) метадам гальванапластыкі. Ужываецца ў высокім друку для друкавання кніг і часопісаў з вял. колькасцю ілюстрацый, шматтыражных каляровых рэпрадукцый.
Працэс гальванастэрэатыпіі ўключае матрыцаванне (выраб з пластычнага матэрыялу копіі друкарскай формы), электралітычнае нарошчванне на матрыцу слоя металу (звычайна медзі), апрацоўку атрыманага стэрэатыпу. Гальванастэрэатыпы, у параўнанні з літымі, адрозніваюцца дакладнасцю, выразнасцю і трываласцю (медныя вытрымліваюць да 200—250 тыс., а пасля дадатковага нанясення жалеза або нікелю — да мільёна адбіткаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯДЭ́МА (грэч. diadēma),
1) галаўная павязка стараж.-грэч. жрацоў.
2) Галаўны ўбор (лобная павязка з тканіны або металічны, расшыраны ў сярэдняй ч., абруч з аздобай) — сімвал улады ў старажытнасці і сярэдневякоўі. У Еўропе вядома з эпохі неаліту. На Беларусі знойдзены 2 Д. сярэднедняпроўскай культуры на могільніку Рудня-Шлягіна Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. (пляскатыя медныя пласціны, сагнутыя ў выглядзе абруча з завужанымі разамкнёнымі канцамі).
Медная дыядэма 22—14 ст. да н.э. з могільніка Рудня-Шлягіна Веткаўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БАЛЬТАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, сыравіна для атрымання кобальту. Вядома больш за 130 кобальтазмяшчальных мінералаў, у т. л. больш за 40 уласна кобальтавых. Гал. мінералы: кабальцін, лінеіт, скутэрудыт, кобальтпірыт, кобальтпентландыт, шмальцынхлаантыт. Паводле мінер. і хім. складу вылучаюць мыш’яковыя, сярністыя, акісленыя руды. Сярэдняя колькасць кобальту ў прамысл. рудах 0,5—1,5%. Гал.прамысл. радовішчы К.р. — сярністыя медна-нікелевыя, акісленыя кобальта-медныя і сілікатна-аксідныя нікелевыя. Сусв. запасы каля 3 млн.т кобальту. Гал. здабыўныя краіны: Конга, Замбія, Аўстралія, Канада, Філіпіны, Інданезія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАЦІ́НАЎКА,
сяло на левым беразе р.Паўд. Буг, ва Ульянаўскім р-не Кіраваградскай вобл. (Украіна), каля якога знаходзяцца рэшткі двух паселішчаў трыпольскай культуры (2-я пал. 4-га тыс. да н.э.). Даследаваліся ў 1930—40-я г. Выяўлены рэшткі наземных пабудоў і глінабітных дамоў, антрапаморфныя статуэткі, разнастайная кераміка (частка з размалёўкай), прылады з каменю, косці. рогу, медныя і касцяныя вырабы і інш. У верхнім слоі І-га паселішча знойдзены матэрыялы позняга этапу зрубнай культуры (т.зв. сабацінаўскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЗЕ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 3600—3200 да н.э. на тэр. Егіпта. Найб. даследаваны могільнік Негада-2 у Верхнім Егіпце. Развілася з амрацкай культуры. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, вядомы штучныя арашальныя каналы. Працягвалася развіццё апрацоўкі крэменю, распаўсюджваліся медныя прылады (сякеры, кінжалы, рыбалоўныя кручкі і інш.). Для герзейскай культуры характэрны каменныя пасудзіны і імітуючыя іх керамічныя вырабы, размаляваныя чырв. фарбаю (выявы лодак, людзей, жывёлы і інш.), з’яўленне фаянсу, на апошнім этапе развіцця — таксама пісьма, выкарыстанне ў будаўніцтве цэглы-сырцу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКІ СКАРБ.
Знойдзены ў 1961 у г. Калінкавічы. Ухаваны ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. У тканіне было загорнута больш за 2,5 тыс. манет, сярод якіх некалькі сярэбраных паўтаракаў Рэчы Паспалітай і герцагства Прусіі 1620-х г., медныя соліды Рэчы Паспалітай. Захавалася 2051 медная манета, у т. л. 78 фальшывых (падробкі солідаў ВКЛ і Каралеўства Польскага). Адна з найб. знаходак медных солідаў Яна II Казіміра Вазы. Захоўваецца ў Мазырскім краязнаўчым музеі, 513 манет скарбу перададзены ў музей мясц. школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЎРЫ,
курганны могільнік 11—12 ст. каля в. Наўры Мядзельскага р-на Мінскай вобл.; мае крывіцка-дрыгавіцую этнічную прыналежнасць. Складаецца з 2 груп; 10 і 67 насыпаў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце галавой на 3, частка на попельнай падсыпцы. Пры даследаванні выяўлены жал. нажы, сякера, рэшткі драўлянага посуду, ганчарная кераміка, пацеркі (шкляныя, бурштынавыя, з горнага хрусталю), падвескі, бронзавыя пярсцёнкі, спражкі, вітая грыўня, сярэбраная бляшка з арнаментам, зорчатая фібула, бразготкі, крыжык, медныя залачоныя пласцінкі-драбніцы з выемчатай эмаллю чырв. колеру і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЯ́КЛЫЯ РУ́ДЫ,
група мінералаў падкласа складаных сульфідаў медзі, якія ўтвараюць ізаморфны рад тэнантыт Cu12As4S13 (мыш’яковістая разнавіднасць) — тэтраэдрыт Cu12Sb4S13 (сурмяністая разнавіднасць). Прымесі серабра (фрайбергіт да 17%), цынку, жалеза, ртуці і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтраэдрычнага, радзей кубічнага і октаэдрычнага выгляду. Часцей зерні і зярністыя агрэгаты. Колер сталёва-шэры да жалезна-чорнага. Бляск металічны. Цв. 3—4,5. Шчыльн. 4,6—5,4 г/см³. Бляклыя руды — гідратэрмальныя мінералы. Лёгка выветрываюцца і замяшчаюцца малахітам, азурытам, купрытам і інш. Другарадныя медныя руды, з іх здабываюць таксама сурму, серабро, ртуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМА́ГІРЫ,
шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст.н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ КА́БЕЛЬНЫ ЗАВО́Д, «Гомелькабель». Створаны ў 1958 на базе Гомельскага з-да «Металапракат». Выпускаў неізаляваныя і эмальправады. З 1996 адкрытае акц.т-ва «Гомелькабель». Мае цэх абмотачных правадоў і 3 участкі (неізаляваных правадоў, перамоткі рухавікоў, тавараў нар. ўжытку). Асн. прадукцыя (1997): правады розных марак і метал. саставу для паветр. ліній электраперадач, правады медныя са шкловалакністай ізаляцыяй, дрот алюмініевы і медны, шнуры тэлефонныя і накрыўкі пластмасавыя, шклянкі і куфлі мерныя, падаўжальнікі электрычныя і тэлефонныя і інш.Асн. сыравіна паступае з краін далёкага замежжа і Расіі.