адвы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. ад каго-чаго і з інф. Страціць якую‑н. звычку; адвучыцца ад чаго‑н. У хаце.. яшчэ стаяў тытунёвы дым, ад якога .. [Акіліна] даўно адвыкла. Вітка. Непрыемна было і тое, што прыйдзецца прасіць ласкі, а.. [Максім Сцяпанавіч] даўно ўжо адвык што-небудзь прасіць. Карпаў. Леапольд Гушка за гэты час адвык думаць пра гэтага чалавека [колішняга пана]. Чорны.

2. ад каго-чаго. Стаць далёкім, чужым каму‑н., забыць каго‑, што‑н. Пятро Пятровіч адвык за дваццаць год на ўсходзе ад палос, і ад парадку такога, як тут [у Забалоцці]. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лона ’грудзі ці чэрава як сімвал мацярынства, пяшчоты, ласкі’, ’паверхня ці нетры вады, зямлі’ (ТСБМ, Яруш.), ’ахапак, бярэмя’ (маз., Шн. 3), лано (пух.) ’палажэнне рукі для накладання на яе бярэмя дроў’, ст.-дар. ’абярэмак’, пух., калінк., ст.-дар. ’калені’ (Сл. ПЗБ), лоні ’абдымкі, прыцісканне да грудзей, абхват рукамі’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас., Яруш.). Укр. лоно, лоньо, рус. лоно, польск. łono, каш. łono, łȯno, палаб. lüönü, н.- і в.-луж. łono, чэш. lůno, ст.-чэш. lóno, славац. lono, славен. lono (запазычана з інш. слав. моў), літаратурнае серб.-харв. лоно, балг. лоно, ст.-слав. лоно. Прасл. lono, пэўнай этымалогіі якога няма. Сярод розных этымалогій (з *loksno, з *lopno, з *lotno, з *lokno і інш. — гл. Фасмер, 2, 517; Слаўскі, 5, 188–191) у якасці найбольш імавернай можна лічыць версію Махэка–Трубачова: lono < *log‑sno, як, напрыклад, луна < *louksna (гэтак жа ў Фасмера). Аналагічна Аткупшчыкоў (Из истории, 244–245) — з *log‑e‑s‑na.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

навіна́, ы́; мн. наві́ны, ‑ві́н; ж.

1. Атрыманая зусім нядаўна вестка. Апошнія навіны. □ І бацька ў вольныя часіны Расказваў дома ўсе навіны І чуткі ўсе наконт зямелькі. Колас.

2. Уласцівасць і стан новага; навізна. Пабегаўшы па дварэ, вучні зноў прыйшлі ў школу. Яна ўжо не страшыла іх сваёю навіною. Колас.

3. Нешта новае, незнаёмае. [Павал:] «Многа яшчэ будзе думак новых і навін за жыццё». Чорны. Працаваць самастойна для мяне было ўжо не навіной. Даніленка.

4. Абл. Хлеб новага ўраджаю, новае збожжа. І шэптам ласкі на выбітым полі, Як сонца, плыве навіна. Колас.

•••

Навіна з барадою — старая навіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.

2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самапа́сам, прысл.

Разм. Без нагляду; на свабодзе. На.. [лузе] ўсю вясну, лета і восень самапасам пасвяцца гусі. Сачанка. Бацька мала калі бачыў сына, бо дзень і ноч быў заняты работай у сваім міністэрстве. Сын рос самапасам. Шахавец. Фэлькавы дзеці жылі самапасам, без мацярынскага догляду і бацькавай ласкі. С. Александровіч. // Без занятку, сам па сабе. Не жывуць самапасам і меншыя [дзеці]: у таго клопат — трусоў дагледзець, таму трэба бацвіння назбіраць і ў карыце насекчы. Ракітны. // Без дазволу, самавольна. [Алена Собаль:] — Старшыня.. [Геньку] не пускае і грозіць, што не дасць ніякіх дакументаў, калі ён толькі паедзе самапасам. Паслядовіч. // Без кіраўніцтва, як хто ўмее, як можа. У некаторыя ўрачыстыя дні.. складаецца саматужны хор. Ніхто ім не кіруе, спяваюць самапасам, як хто ўмее. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блу́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ходзіць, блукае, не знаходзячы месца, дому; невядома чый або зусім нічый. Блудны рой пчол. □ [Міша:] — Мы вось пойдзем, а з лесу, можа, выйдзе блудная карова ды ў бабкі. Сіняўскі. Маладзічка нястомна варыла пяшчотныя ласкі, спадзеючыся прыручыць да ўдовінай хаты блуднага, ваенных часоў, жаніха. Асіпенка. // Які недзе бадзяўся, туляўся і вярнуўся дадому.

2. Не прамы, звілісты, дзе лёгка заблудзіць. Блудная дарога, сцежка.

3. перан. Не такі, які прыняты, не зусім звычайны. [Мароз:] — Вечна ў.. [Шэмета] нейкія блудныя думкі, вечна яму нешта не падабаецца! Лобан.

4. Разм. Які мае адносіны да блуду; распусны, непрыстойны. Бацюшка Дземіян зусім п’яны. Усё цераз стол да паненкі Гані кідаў блудныя жарты. Баранавых.

•••

Блудная авечка гл. авечка.

Блудны сын гл. сын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цалава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак., каго-што.

Дакранацца вуснамі да каго‑, чаго‑н., выказваючы пачуццё любві, удзячнасці, ласкі пры сустрэчы, на развітанне і пад. Маці абняла свайго сынка і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Вясёлая, бестурботная Ліда гуляла на сваім дворыку, занялася за кацяняткам, лавіла яго, туліла да шчакі, штось ласкавае гаварыла яму і цалавала. Колас. Перад тым, як пайсці з дому, .. [Змітрок] зноў шчыра пацалаваў сястру, як некалі цалаваў маці... Ваданосаў. / у перан. ужыв. Ляцеў насустрач хмельны ад шчасця, чысты вецер, цалуючы родныя твары, поячы салдат ранішняй свежасцю і водарам. Мележ. Калышуцца Прыпяці хвалі, Цалуюць пясок залацісты. Нядзведскі.

•••

Цалаваць рукі і ногі — вельмі прасіць, маліць. — Ён [ляснік] мне рукі і ногі цалаваў, абы я пусціў яго жывога. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),

бел. літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел. нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АН БССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).

Тв.:

[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;

Бел. пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.

Літ.:

Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;

Крывіцкі Л. (Л.А.Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;

Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;

Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 72—75.

А.М.Пяткевіч.

І.С.Дварчанін.

т. 6, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

grace1 [greɪs] n.

1. гра́цыя, згра́бнасць;

move with grace ру́хацца грацыёзна

2. прысто́йнасць; такт, такто́ўнасць;

He had the grace to apologize. Яму хапіла такту папрасіць прабачэння.

3. добразычлі́васць, спрыя́льнасць;

with a good/bad grace ахво́тна, добразычлі́ва/неахво́тна

4. мі́ласць; лі́тасць, дарава́нне;

by the Grace of God мі́ласцю Бо́жай, з Бо́жае ла́скі

5. каро́ткая малі́тва (перад ядой);

Let’s say grace. Давайце памолімся.

6. адтэрміно́ўка (плацяжу або заканчэння работы); (і)льго́та;

a week’s grace адтэрміно́ўка на ты́дзень

7. : Your Grace (пры звароце да герцага, герцагіні, архібіскупа) Ва́ша све́тласць

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

упра́ва 1, прысл.

У правы бок; проціл. улева. Дарога паварочвала то ўправа, то ўлева. Краўчанка. Стрэлка манометра пасоўвалася ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі. Васілёнак.

упра́ва 2, ‑ы, ж.

1. Установа, якая ведала грамадскімі, саслоўнымі і адміністрацыйнымі справамі ў дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама будынак, дзе яна размяшчалася. Земская ўправа. Валасная ўправа. Гарадская ўправа.

2. Сіла, якая абмяжоўвае чыё‑н. самавольства, дэспатызм; мера ўздзеяння на каго‑н. Людзі голасам галасілі ад панскай ласкі. Шукалі дзе якую ўправу на яснавяльможнага. Сабаленка. Нашто зямля іх, катаў, носіць? Ой, хто ж ад іх не загалосіць? А дзе на іх шукаць управы, Бо суд «праўдзівы», суд «ласкавы» Паноў за здзекі не карае? Колас. — На п’янства, нябось, ёсць управа, а чаму ж гэтых курцоў не караюць, — сказала .. [жанчына] з нейкай крыўдай і змоўкла. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)