ПАДА́ТКІ,

абавязковыя грашовыя плацяжы юрыд. і фіз. асоб у дзярж. або мясц. бюджэт. Устанаўліваюцца і прымусова спаганяюцца дзяржавай у форме пераразмеркавання часткі грамадскага прадукту, што выкарыстоўваецца для задавальнення агульнадзярж. патрэб. Сутнасць, унутр. змест і значэнне раскрываюць іх функцыі: фіскальная (функцыя асноўная і характэрная для ўсіх дзяржаў на розных этапах развіцця); выяўляецца ў бесперабойным забеспячэнні дзяржавы фін. рэсурсамі); стымулюючая (выяўляецца ў змене аб’екта абкладання, змяншэнні падаткаабкладаемай базы і рэалізуецца праз сістэму льгот, прэферэнцый, выключэнняў); размеркавальная (забяспечвае працэс пераразмеркавання часткі сукупнага грамадскага прадукту); рэгулюючая (удзельнічае ў пераразмеркавальным працэсе, уплывае на ўзнаўленне і яго тэмпы, назапашванне капіталу і плацежаздольны попыт насельніцтва).

П. вядомы з глыбокай старажытнасці, калі яны існавалі ў форме даніны, павіннасцей і інш. пабораў. Узнікненне П. звязана з неабходнасцю ўтрымання дзяржавы. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай П. выступалі ў якасці ўстаноўленых плацяжоў на карысць дзяржавы, феадалаў і царквы. Падатковай адзінкай у сельскай мясцовасці была абшчына, сяляне якой плацілі грашовыя і натуральныя П.; з гарадоў спаганялася ардыншчына, сярэбшчына, карчомны чынш Да пач. 17 ст. ў ВКЛ было больш за 30 розных павіннасцей (байдачнае, дзесяціна, куніца, саха, чоп і інш.). У Рас. імперыі, потым у СССР П. вызначаліся і спаганяліся ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У 1930 у сувязі з падатковай рэформай шматлікія П. прадпрыемстваў (больш за 80 відаў аб’яднаны ў П. з абароту і адлічэнні ад прыбытку. Пазней П. ў асноўным спаганяліся з даходаў грамадзян, каап., грамадскіх прадпрыемстваў і з калгасаў у форме падаходнага падатку. Насельніцтва таксама плаціла мясцовыя зборы — с.-г. П., з маласямейных і адзінокіх грамадзян. Асн. крыніцай даходаў бюджэту былі П. з абароту — універсальныя акцызы, якія плацілі прадпрыемствы. З іх дапамогай ажыццяўлялася рэгуляванне фіксаваных рознічных і аптовых цэн. Уведзеныя ў 1960 плата за фонды, фіксаваныя плацяжы, плата за прац. рэсурсы па-сутнасці былі абавязковымі П.

У Рэспубліцы Беларусь з 1992 заканадаўча зацверджана новая падатковая сістэма. П., як і аб’ектаў абкладання, шмат, яны гарантуюць прыкладна роўныя ўмовы ўсім суб’ектам, незалежна ад формы ўласнасці. Юрыд. асобы абавязаны плаціць ускосныя і адначасовыя грашовыя П. Сярод ускосных: П. на дабаўленую вартасць (аб’ект падаткаабкладання — вартасць, якую прадпрыемства дабаўляе да вартасці сыравіны, матэрыялаў або тавараў пры вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, выкананні работ і аказанні паслуг), П. на паліва (аб’ект падаткаабкладання — выручка ад рэалізацыі бензінаў і дызельнага паліва, сціснутага і звадкаванага газу); П. на продаж (разнастайныя акцызы на асобныя тавары, напр., на гарэлку, тытунёвыя вырабы і да т.п.). Да прамых П. належаць: П. на прыбытак, даходы, нерухомасць, надзвычайны для ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, экалагічны, транзітны, мытныя пошліны, зямельны. Насельніцтва плаціць П. на нерухомасць, зямельны; прадпрымальнікі плацяць таксама П на дабаўленую вартасць. Усе сумы П. і збораў залічваюцца ў бюджэт краіны. Памеры адлічэнняў у мясц. бюджэты ад агульнадзярж. П. ўстанаўліваюцца штогод пры зацвярджэнні бюджэту. Гл. таксама Падатковая палітыка, Падатковыя льготы.

Літ.:

Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1993;

Курс экономики. 2 изд. М., 1999;

Налоги. Мн., 2000.

М.​Е.​Заяц.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,

буйны лясны масіў на тэр. Беларусі (Брэсцкая і Гродзенская вобл.) і Польшчы, на водападзеле бас. Нёмана, Зах. Буга і Прыпяці. Агульная пл. больш за 150 тыс. га, з іх у Беларусі 87,5 тыс. га. Адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы. Першыя абмежаванні на паляванне ўведзены ў 13 ст., з 1541 у Белавежскай пушчы пачаў ахоўвацца зубр, з 1640 забаронена высечка лесу. Занесена ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі — дзярж. нац. парк Белавежская пушча, у межах Польшчы — Белавежскі нацыянальны парк.

Рэльеф Белавежскай пушчы — узгорыстая раўніна; найб. узвышаная цэнтр. ч., на ПдУ — Белавежская града. Клімат умерана цёплы. Найб. рэкі (бас. Буга): Нараў, Нараўка, Рудаўка, Гвозна, Правая і Левая Лясная. Воз. Лядскае (штучнае) і вадасх. Белавежская пушча. Глебы на Пд і Пн пераважна дзярнова-падзолістыя, у цэнтр. ч. бурыя лясныя (у нізінах трапляюцца балотныя і тарфяна-глеевыя).

У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, больш за 200 мохападобных, каля 290 лішайнікаў і больш за 2000 відаў грыбоў. Асн. лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, вольха, бяроза, дуб і інш. Пад лесам больш за 88% тэр. Пераважаюць бары (пад лесам каля 60% плошчы). Ельнікаў 10,3%. Шыракалістыя лясы (дубовыя, ясянёвыя, кляновыя і грабавыя) займаюць 6,8%, карэнныя чорнаальховыя і пушыстабярозавыя адпаведна 15,5 і 8,2, вытворныя драбналістыя (бародаўчатабярозавыя і асінавыя) 7,7%. Расце 26 відаў дрэў. Лясы належаць да вялікаўзроставых у Еўропе. Узрост бароў дасягае 180—200 гадоў, ельнікаў 120—160, дуброў 180—220. Захаваліся асобныя дрэвы-гіганты: хвоя (350 гадоў, выш. 35 м), елка (200 гадоў, 52 м), дуб (500 гадоў, дыяметр да 190 см) і інш. У фауне 59 відаў млекакормячых, 227 птушак, 11 земнаводных, 7 паўзуноў, 28 відаў рыб і 8,5 тыс. відаў насякомых. Белавежская пушча — апошняе прыроднае месца пражывання самага буйнога прадстаўніка еўрап. фауны зубра (каля 300 асобін, 1995). Водзяцца высакародны алень, казуля, лось, дзік, воўк, ліс, барсук, гарнастай, ласка, куніца, янотападобны сабака, выдра, бабёр (рэакліматызаваны ў 1956), зайцы русак і бяляк (апошні рэдкі), вавёрка, соні палчок, арэшнікавая і лясная, лятучыя мышы (13 відаў) і інш. Да пач. 17 ст. трапляўся тур, да пач. 19 ст. — лясны тарпан. З канца 19 ст. рабіліся спробы акліматызацыі лані (знікла ў пач. 1930-х г.), у 1962 завезены 5 тарпанападобных коней з Польшчы. Буры мядзведзь знішчаны ў сярэдзіне 19 ст. У невял. колькасці трапляецца рысь. У арнітафауне — тыповыя зах. віды (чырвоны каршун, канарэйкавы ўюрок), паўн. таежныя (трохпальцавы дзяцел, гіль, барадатая няясыць), птушкі паўд. шыракалістых лясоў (дзятлы зялёны і сівы, чаротніца дроздападобная, валасянка ястрабіная). Жывуць белы і чорны буслы, гогаль, 20 відаў драпежных птушак (у т. л. змеяед, вялікі і малы падворлікі, арол-карлік, асаед, сокалы сапсан і каршачок, пустальга) і інш. На тэр. Белавежскай пушчы унікальныя прыродныя аб’екты: хвоя з пласцінкамі кары ў выглядзе каўнерыка, ніцая форма елкі, папарацевыя зараснікі, участкі піхты белай і дубу скальнага і інш. Складзены спіс 110 рэдкіх раслін пушчы, якія падлягаюць асаблівай ахове, 47 відаў раслін і 73 віды жывёл занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Працуе Музей прыроды Белавежскай пушчы (1945).

Літ.:

Карцов Г Беловежская пуща: Ее ист. очерк, соврем. охотничье хоз. и высочайшие охоты в пуще. СПб., 1903;

Беловежская пуща. Мн., 1980;

Ковальков М.П., Балюк С.С., Будниченко Н.И. Беловежская пуща: Аннот. библиогр. указ. отечеств. лит. Мн., 1985;

Николаева В.М., Зефиров Б.М. Флора Беловежской пущи. Мн., 1971.

В.​В.​Семакоў.

Белавежская пушча: 1 — высакародныя алені; 2 — зубры; 3 — тарпанападобныя коні; 4 — запаведная дуброва; 5 — каўнерыкавая хвоя.

т. 2, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНСКІ БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у паўночнай частцы Беларусі, на тэр. Докшыцкага і Лепельскага р-наў Віцебскай і Барысаўскага р-на Мінскай абласцей. Засн. ў 1925 для аховы і развядзення каштоўных, рэдкіх і тых, што знікаюць, птушак і звяроў, асабліва баброў (на час стварэння тут была адзіная на З Беларусі калонія). З 1979 запаведнік набыў статус біясфернага паводле Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». У 1993 уключаны Саветам Еўропы ў сетку біягенетычных запаведнікаў. Пл. 90,6 тыс. га, у т. л. абсалютна запаведнай зоны 81 тыс. га, ахоўная зона вакол запаведніка 33 тыс. га. Займае ч. Верхнебярэзінскай ніз. ўздоўж верхняга цячэння р. Бярэзіна (бас. Дняпра) з 30 прытокамі. Адм.-гасп. цэнтр у в. Домжарыцы Лепельскага р-на.

Рэльеф пераважна раўнінны, з невял. ўзвышшамі і ўзгоркамі ў паўн.-ўсх. і зах. частках і нізінамі на Пд. Клімат умерана цёплы, вільготны. У межах запаведніка больш за 50 невял. забалочаных рэк і ручаёў, перагароджаных бабровымі плацінамі. Р. Сергуч (Бузянка) — найб. левы прыток р. Бярэзіна — ч. пабудаванай з дапамогай ням. інжынераў у канцы 18 — пач. 19 ст. Бярэзінскай воднай сістэмы, якая дазволіла звязаць рэкі бас. Балтыйскага і Чорнага м. і аднавіць т.зв. гіст. шлях «з варагаў у грэкі». Яе рэчышча ў розных месцах расшырана, выраўнавана і канчаецца Сергуцкім каналам, працягласць якога 9 км. З канца 19 ст. гасп. значэння гэта сістэма не мае. Шмат азёр, найб. Палік, Вольшыца, Плаўна, Домжарыцкае, Манец. Рэкі і азёры займаюць 2,3% тэр. запаведніка, адкрытыя балоты — 10,3%. Есць вял. балотныя масівы (Домжарыцкае каля 10 тыс. га, Каралінскае 7 тыс. га, Жары 4,8 тыс. га і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя, ва ўпадзінах і катлавінах тарфянабалотныя. Забалочаных і балотных глеб каля 60% глебавага покрыва Частыя выхады на паверхню марэнных адкладаў з валунамі і пясчана-галечных утварэнняў. Расліннасць разнастайная, пераважна лясная, лугавая і балотная, спалучае рысы цемнахвойных паўд.-таежных і шыракалістых лясоў. Пад лесам 83,3% тэр., пераважаюць хваёвыя (45,4% лесаўкрытай пл.) і бярозавыя (24,4%) лясы, трапляюцца чорнаальховыя (16,4%), яловыя (10,8%), асінавыя (1,1%), дубовыя (0,5%). У паўд. ч. запаведніка зберагліся унікальныя ясянёвыя і чорнаальхова-ясянёвыя дрэвастоі (0,4%), некаторыя маюць узрост да 160—170 гадоў. Пад лугамі 1,4% тэр. У флоры 780 відаў сасудзістых раслін, больш за 200 відаў мохападобных, шмат відаў грыбоў, лішайнікаў і водарасцяў. У фауне каля 52 відаў млекакормячых, 217 птушак, 8 земнаводных, 5 паўзуноў, 34 віды рыб. Больш за 200 паселішчаў баброў. Каля 1 тыс. баброў вывезена з запаведніка для рассялення ў інш. рэгіёны. Водзяцца лось, воўк, высакародны алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, ліс, барсук, выдра, лясная куніца, тхор, еўрап. і амер. норкі, гарнастай, ласка і інш., з Белавежскай пушчы завезены зубры. Гняздуюцца рэдкія драпежныя птушкі (арол-беркут, малы падворлік, скапа, барадатая няясыць, філін і інш.), а таксама чорны бусел і шэры журавель. Трапляюцца чорны каршун і белая курапатка. Шмат баравой дзічыны.

Бярэзінскі біясферны запаведнік — адзінае месца ў паўн. і цэнтр. ч. Беларусі, дзе прыродныя раслінныя комплексы захаваліся амаль у некранутым стане, каля 30 відаў раслін і 10 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу. Дзейнічае ў сістэме глабальнага маніторынгу, мае станцыю па назіранні і кантролі за станам навакольнага асяроддзя. З’яўляецца н.-д. і прыродаахоўнай установай, базай для стажыроўкі спецыялістаў у галіне аховы прыроды і запаведнай справы. Працуе музей прыроды, школа экалагічнага выхавання, станцыя фонавага маніторынгу.

Літ.:

Заповедники Прибалтики и Белоруссии. М., 1989;

Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993.

Г.​У.​Вынаеў.

Да арт. Бярэзінскі біясферны запаведнік. 1. Цэнтральная сядзіба. 2. Адмірал. 3. Бусел чорны. 4. Кажан двухкаляровы. 5. Бабёр. 6. Алень.

т. 3, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,

галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл. Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл. Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн. га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн. га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд. м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн. м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн. м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн. адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс. га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн. м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс. м³.

За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс. га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс. га, у т. л. 5,5 тыс. га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 т лек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.

Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс. га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс. га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.

Літ.:

Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;

Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.

Р.​Р.​Паўлавец.

Да арт. Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.

т. 9, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

стук ​1, ‑у, м.

1. Кароткі адрывісты гук ад удару або падзення цвёрдых прадметаў. А сёння падвечар пад самымі вокнамі свайго дома .. [Макар] пачуў ажыўлены гоман, вясёлы смех і стук абуха аб сухое дрэва. Дуброўскі. Прыгадвалася [Сяргею] рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы вечар, вогнішчы на вуліцы — вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй вясной. М. Стральцоў. / Пра гукі, якія ўтвараюцца машынай, рознымі механізмамі. Стук цягніка аддаляўся, заціхаў, пакідаючы тут цішыню і пустэчу невялічкай станцыі. Арабей. З сярэдзіны будынка прабіваўся рытмічны стук лінатыпаў і прыглушаны гул ратацый. Хадкевіч. / Пра гук выстралу (выстралаў). Замоўк той кулямёты стук, Вось-вось яшчэ паўторыцца, баюся. Я пад нагамі згледзеў сук І першы раз цябе спалохаў, бусел. Маляўка. // Шум, які ўтвараецца рытмічнымі скарачэннямі сэрца. [Андрэй] пачуў стук сэрца і адчуў цеплыню ў грудзях. Шамякін.

2. Удар (у дзверы, акно і пад.), які апавяшчае аб прыходзе або просьбе дазволіць зайсці. Не бачыла [настаўніца], як аднаго разу ў клас зайшоў кіраўнік школы, нізенькі, даўганосы. Зайшоў без стуку, не зачыніўшы за сабою дзверы. Адамчык. Да матулі заехаў — пабыць у гасцях. І калі яна выйшла на стук нецярплівы, — Колькі радасці стрэціў у родных вачах! Колькі ўцехі!.. І быў я бясконца шчаслівы. Гілевіч. Лёгкі стук у шыбу сігналізаваў Лапку, што ён апазнаны. Колас.

•••

Ні стуку ні груку — ціха, без шуму.

стук ​2, выкл.

1. Выкарыстоўваецца гукапераймальна для абазначэння адрывістых гукаў. Раптам нехта ў дзверы — стук, стук! Якімовіч. І ён [Дрозд] забракаваў Вавёрчыну работу, Матывы падабраў і не пусціў у друк. Бяжыць Вавёрка ў рэдакцыю. «Стук, стук!» Да Дзятла. Корбан.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. стукаць — стукнуць. [Уладзік:] — Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! ды на дол. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КРАСНАДА́РСКІ КРАЙ.

У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 13.9.1937. Размешчаны на ПдЗ Паўн. Каўказа ў бас. р. Кубань, на З і ПдЗ абмываецца Азоўскім і Чорным м. Пл. 76 тыс. км². Нас. 5011 тыс. чал. (1997), гарадскога 54%. Сярэдняя шчыльн. 66 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,7%), украінцы (3,9), армяне (3,7), беларусы (0,8), немцы (0,6), грэкі (0,6), адыгейцы (0,5) і інш. Цэнтр — г. Краснадар. Найб. гарады: Новарасійск, Армавір, Ейск, Крапоткін, Ціхарэцк, Туапсэ, Лабінск.

Прырода. На тэр. краю Кубана-Прыазоўская нізіна, на У частка Стаўрапольскага ўзв.; на Пд перадгор’і і хрыбты зах. часткі Вял. Каўказа (выш. да 3256 м). Уздоўж Чорнага м. вузкая ўзбярэжная паласа. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каляровыя і рэдкія металы. буд. матэрыялы, каменная соль. Шмат крыніц мінер. вод, ілавыя гразі. Клімат ад умерана кантынентальнага да субтрапічнага. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C (на раўніне) да 5 °C (на ўзбярэжжы Чорнага м.), ліп. 22—24 °C, у гарах (на выш. 2000 м) адпаведна -8 ºС і 13 °C. Ападкаў ад 400 мм на ПнУ да 1400 мм у раёне г. Сочы і да 3200 мм у гарах у раёне Краснай Паляны. Гал. рака Кубань з прытокамі Уруп, Лаба, Белая і інш.; рэкі паўн. часткі — Ея, Чэлбас, Бейсуг; выкарыстоўваюцца для арашэння. Вадасховішчы Краснадарскае, Тшчыкскае і Шапсугскае. На Таманскім п-ве і ўзбярэжжы Азоўскага м. азёры-ліманы. Глебы на раўніне чарназёмныя, у даліне Кубані алювіяльныя, у перадгор’ях і гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне культурная, у гарах шыракалістыя (дубовыя, букавыя, у раёне Туапсэ—Сочы мяшаныя калхідскія) і цёмна-хваёвыя (каўк. піхта, елка) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ліс, ласка, тхор, заяц-русак, грызуны (на раўніне); буры мядзведзь, рысь, лясны кот, лясная і каменная куніца (у гарах); заходнекаўк. тур, серна, снежная палёўка (у высакагор’і). Каўказскі запаведнік, Сочынскі прыродны нац. парк.

Гаспадарка. Сярод галін прам-сці вылучаюцца харч., маш.-буд. і металаапр., паліўная, хім. і нафтахім., мікрабіял., дрэваапр., лёгкая, вытв-сць буд. матэрыялаў. Харч. прам-сць (41% прамысл. прадукцыі краю) грунтуецца на магутнай базе с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы алейна-тлушчавай прам-сці (236 тыс. т, 1996) сканцэнтраваны ў гарадах Краснадар, Армавір, Крапоткін, Лабінск, Беларэчанск; вінаробнай — Абраў-Дзюрсо, Туапсэ, Анапа, Ейск, Крымск, Славянск-на-Кубані, цукр. (1,1 млн. т) — Лабінск, Новакубанск. рыбная — Новарасійск, Прыморска-Ахтарск, Тэмрук. Развіты агароднінакансервавая, мясная, масласыраробная, мукамольная, піваварная, тытунёвая прам-сці. У маш.-буд. і металаапр. вылучаецца вытв-сць станкоў, электра- і радыёвымяральных прылад, кампрэсараў, газавай апаратуры, рысаўборачных камбайнаў (Краснадар), электратэхн. прылад, абсталявання для нафтавай прам-сці (Армавір), рухавікоў, абсталявання для харч. прам-сці (Новарасійск), цяжкіх пуцявых машын, абсталявання для хім. прам-сці (Ціхарэцк), дрэваапр. станкоў (Крапоткін). Суднамех. і суднарамонтныя з-ды ў Новарасійску, Туапсэ, Ейску. Здабыча (1996): нафты (1,6 млн. т, разам з Тазавым кандэнсатам) і прыроднага газу (1,8 млрд. м³) у раёнах Абінска, Славянска-на-Кубані, Хадыжэнска, Апшэронска і інш. Перапрацоўка нафты (3,1 млн. т) на з-дах у Краснадары і Туапсэ. Хім. прам-сць (вытв-сць пластмас, гумава-тэхн. вырабаў, лакафарбавых матэрыялаў) у Краснадары, Крапоткіне, Лабінску. Камбінат біяхім. і вітамінных прэпаратаў у Краснадары, ёдавы з-д у Славянску-на-Кубані. Вытв-сць электраэнергіі (6,7 млрд. кВт∙гадз, 1996) пераважна на ЦЭЦ. Дрэваапр. прам-сць (вытв-сць фанеры, мэблі, драўлянай і кардоннай тары) у Краснадары, Новарасійску, Беларэчанску, Армавіры, Ейску, Лабінску.

Развіты шарсцяная, баваўняная, швейная, трыкат., гарбарна-абутковая прам-сць. Буйная вытв-сць цэменту (1,7 млн. т, 4 з-ды ў Новарасійску), цэглы, жалезабетонных вырабаў, мяккіх дахавых матэрыялаў. Фарфора-фаянсавы з-д у Краснадары. К.к. адзін з важнейшых с.-г. раёнаў Расіі. Пл. с.-г. угоддзяў 4,8 млн. га, у т. л. пад ворнымі землямі 4 млн. га. Пасевы пшаніцы, рысу (пераважна ў нізоўях Кубані), кукурузы, сланечніку, цукр. буракоў, тытуню, эфіраалейных культур (у т. л. клешчавіны). Агародніна-, бульба- і бахчаводства. Збор (тыс. т, 1995): збожжа — 5727, сланечніку — 817, цукр. буракоў — 4236, агародніны — 661, бульбы — 612. Вінаградарства, садоўніцтва. На Пд ад Туапсэ, на ўзбярэжжы, вырошчваюць чай, цытрусавыя і інш. субтрапічныя культуры. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,3 млн. галоў), свіней (1,7 млн. галоў), авечак, коз, птушку. Вытв-сць воўны 978 т (1995). Пчалярства. Даўж. чыгунак 2,2 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 25,7 тыс. км. Гал. чыгункі Растоў-на-Доне—Армавір—Баку, Валгаград—Новарасійск, Армавір—Туапсэ—Сочы, аўтадарогі Новарасійск—Туапсэ—Сухумі, Растоў-на-Доне—Баку. Развіты марскі і паветр. транспарт. Марскія парты́: Новарасійск (вываз нафты і цэменту), Туапсэ, Сочы (Чорнае м.), Тэмрук, Ейск (Азоўскае м.). Найбуйнейшы аэрапорт — Адлер Суднаходства па р. Кубань (ад Краснадара да вусця). Газаправод Краснадар—Цэнтр. К.к. — буйнейшы ў Расіі курортны раён і цэнтр турызму. Курорты: Сочы, Анапа, Геленджык, Ейск, Гарачы Ключ, Туапсінская курортная зона.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎКА́З (паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўд. беразе Чорнага м),

тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўд. часткі Армянскага нагор’я. У межах К. частка Расіі, Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Пл. больш за 500 тыс. км². Вылучаюць Паўн. К., Перадкаўказзе і Закаўказзе. У цэнтры — горная сістэма Вял. К., якая падзяляецца на Зах. К. (да Эльбруса), Цэнтр. К. (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. К. (на У ад Казбека). Вял. К. цягнецца ад Таманскага п-ва да Апшэронскага на 1500 км, шыр. 160—180 км. Восевую частку К. складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На Пн ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на Пд — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вял. К. вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у яго зах. ч. Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзв. з выш. да 831 м. У цэнтры і на З Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога К. (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор’е (выш. да 5165 м, г. Вял. Арарат). На ПнЗ размешчана Калхідская, на У — Кура-Араксінская нізіны, на ПдУ — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м). Тэр. К. знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура К. Горныя хрыбты Вял. К. і масівы Малога К. складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор’е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), буд. матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінер. крыніц. К. размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вял. К. перашкаджаюць пранікненню халодных паветр. мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя т-ра студз. ў Перадкаўказзі ад -2 °C да -5 °C, у Закаўказзі 3—6 °C. Летам на Зах. К. уплываюць вільготныя паветр. масы Атлантыкі і Міжземнамор’я, на Усх. К. — сухія кантынентальныя масы ўнутр. абласцей Еўразіі. Сярэдняя т-ра ліп. ад 23—24 °C на З да 25—29 °C на У. На схілах Вял. К. вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя т-ра студз. на выш. 2000 м каля -8 °C, жн. (самы цёплы месяц) 13 °C. Вышэй — высакагорны клімат з вял. вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200—800 мм, на З Вял. К. і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога К. і Армянскім нагор’і 400—800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200—400 мм. У гарах Вял. К. каля 2000 ледавікоў (агульная пл. 1428 км²); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер. Рэкі належаць да бас. Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невял. азёр; буйныя — Ван, Севан, Урмія. Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет К. разнастайныя. На З Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на У — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вял. К. выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаў Зах. К. дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на Пн) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на Пд) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на выш. 1200—1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На выш. 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750—3200 м — ледавікі. Ніжнюю ч. гор Усх. К. займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на выш. 3700—4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор’яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор’ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор’і расліннасць горна-Стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога К. і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўд. схілаў Вял. К., толькі ў Талышскіх тарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу. Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вял. К. населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор’і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка). На тэр. К. 20 запаведнікаў, у т. л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі. К. — адзін з найб. курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.

А.​М.​Матузка.

Да арт. Каўказ. Дамбай-Ульген. Гара Пік Інэ.

т. 8, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,

у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс. км². Нас. 385 тыс. чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г. Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.

Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах. ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч. тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.​Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-ра студз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.

Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз. дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз. феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр. прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.

Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз. тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз. НДІ харч. прам-сці, Дзярж. НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.

Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.

На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж. аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж. аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.

У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв. ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.​Пацхверашвілі, Ш.​Мшвелідзе, Дз.​Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.

У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз. драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.​Дадыяні стварыў у Батумі прафес. т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз. Дзярж. т-р Аджарыі імя І.​Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.​Шэкспіра і інш.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка).

т. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГУШЭ́ЦІЯ, Рэспубліка Інгушэція,

у складзе Рас. Федэрацыі. Размешчана на Паўн. Каўказе. Пл. 3,6 тыс. км². Нас. 300 тыс. чал. (1997), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 83 чал. на 1 км². Жывуць інгушы, рускія, чэчэнцы, асеціны, украінцы, туркі і інш., а таксама больш за 100 тыс. бежанцаў і вымушаных мігрантаў. Сталіца — г. Магас.

Прырода. І. займае цэнтр. ч. паўн. схілаў Вял. Каўказа. На Пн нізкагорныя Церскі і Сунжэнскі хрыбты (выш. да 664 м) і Алханчуртаўская даліна. У межах І. горы ўтвараюць сістэму паралельных хрыбтоў-куэстаў (Скалісты, Пашавы). На Пд заходзіць Бакавы хр. з вышэйшым пунктам г. Шан (4451 м). Паміж Пашавым і Бакавым хрыбтамі размешчана Тарская катлавіна. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць нафта і буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, у гарах халаднаватае, зіма мяккая, у гарах умерана халодная. Сярэдняя т-ра ліп. ад 24 °C у катлавінах да 8 °C у гарах, студз. адпаведна ад -3 °C да -10 °C. Гадавая колькасць ападкаў на нізка- і сярэднягор’ях 500—700 мм, на высакагор’ях да 1000—1200 мм. Гал. р. Сунжа (з прытокам Аса), пачынаецца з высакагорных ледавікоў, належыць да бас. р. Церак. Вада рэк выкарыстоўваецца для арашэння. На Пн буйны Алханчуртаўскі канал. Глебы ў паўн. ч. карбанатныя чарназёмы, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах да выш. 1800—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна бук, граб, дуб), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. У стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — драфа, дзікія качкі, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан. У гарах — куніца, буры мядзведзь, дзік, тур, казуля і інш.

Гісторыя. Першыя ўпамінанні пра інгушоў адносяцца да 7 ст. У час ранняга сярэдневякоўя б. ч. І. ўваходзіла ў склад дзяржавы Аланія. У 13 ст. тэр. І. пацярпела ад нашэсця мангола-татар, у канцы 14 ст. — войск Цімура. Першапачаткова — хрысціяне, у 2-й пал. 17 ст. інгушы прынялі іслам (суніцкага толку). У пач. 18 ст. пачаліся культ. і эканам. сувязі з Расіяй. У 1810 І. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (ч. інгушоў удзельнічала ў нац.-вызв. барацьбе народаў Каўказа, у т. л. ў Каўказскай вайне 1817—64). З 2-й пал. 19 ст. за племем галгай замацавалася этн. назва інгушы (ад аула Ангуш, або Інгуш). З 1921 у складзе Горскай АССР. 7.7.1924 утворана Інгушская аўт. вобл. у складзе РСФСР, у 1934 аб’яднана з Чэчэнскай аўт. вобл. ў Чэчэна-Інгушскую аўт. вобл., якая ў 1936 пераўтворана ў аўт. рэспубліку. У Вял. Айч. вайну вял. частка тэр. І. акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 у выніку сталінскіх рэпрэсій рэспубліка скасавана, а насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з гітлераўцамі і дэпартавана ў Сярэднюю Азію, Сібір і Казахстан. У 1957 нац. аўтаномія і правы інгушоў часткова адноўлены. На рэферэндуме ў снеж. 1991 97% інгушоў выказаліся за стварэнне незалежнай рэспублікі. У сак. 1992 пастановай Вярх. Савета Расіі ўтворана Інгушская Рэспубліка ў складзе Рас. Федэрацыі. У ліп. Вярх. Савет Расіі прыняў пастанову, паводле якой у склад І. ўвайшла тэр. б. Інгушскай аўт. вобл. (у межах да 1934), г. зн. зах. частка а б. Чэчэна-Інгушскай Рэспублікі і ўсх. частка Паўн. Асеціі. З кастр. 1992 пачаліся ўзбр. сутычкі паміж інгушамі і асецінамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў. У ліст. 1992 дэкрэтам прэзідэнта Рас. Федэрацыі ў І. аб’яўлена ваен. становішча і ўведзены войскі. У студз. 1993 заключана пагадненне з Паўн. Асеціяй, якое прадугледжвала раззбраенне ўсіх нелегальных фарміраванняў, што дзейнічалі на абодвух баках. На выбарах у лют. 1993 першым прэзідэнтам абраны Р.​Аўшаў.

Гаспадарка. Пасля распаду Чэчэна-Інгушскай АССР (1992) на тэр. І. засталося менш за 10% асн. вытв. магутнасцей. Прам-сць сканцэнтравана ў гарадах Малгабек і Назрань. Асн. галіны прам-сці: нафта- і газаздабыўная, газаперапр., маш.-буд., харч., лёгкая, буд. матэрыялаў. Здабыча нафты (з газавым кандэнсатам) 110 тыс. т (1996). Цэнтр здабычы нафты і газу, перапрацоўкі газу — раён г. Малгабек. Прадпрыемствы маш.-буд. (з-д электраінструментаў) і лёгкай прам-сці (трыкат. ф-ка) у г. Назрань. Харч. прам-сць уключае мукамольную, кансервавую, мясную, вінаробчую. Прам-сць буд. матэрыялаў прадстаўлена цагельнымі з-дамі. Будуюцца (1996) кандытарская ф-ка і домабуд. камбінат у г. Малгабек. С.-г. ўгоддзі займаюць 64% тэр. І. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (кукуруза, пшаніца, авёс, ячмень) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік) культур, садавіны, вінаграду і агародніны. Збор (тыс. т., 1995): збожжа — 80,2, агародніны — 7,8. Развіты мясная і малочная жывёлагадоўля (пагалоўе буйн. раг. жывёлы 49,1 тыс. галоў, 1995), танкарунная авечкагадоўля, птушкагадоўля. Па тэр. І. праходзяць чыг. Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарога Грозны—Беслан; нафтаправод Грозны—Туапсэ, газаправод Грозны—Уладзікаўказ. У г. Назрань будуецца міжнар. аэрапорт.

Літаратура інгушскага народа развіваецца з пач. 20 ст. Блізкасць моў, агульнасць фалькл. вытокаў і гіст. лёсаў інгушскага і чэчэнскага народаў абумовілі ўзаемасувязь іх л-р (гл. ў арт. Чэчэнская Рэспубліка). Складальнікам першага інгушскага алфавіта (на аснове лац. графікі) і зачынальнікам пісьмовай л-ры І. быў З.​Мальсагаў (аўтар п’есы «Выкраданне дзяўчыны», 1923). У перыяд станаўлення пісьмовай л-ры пераважалі малыя жанравыя формы: вершы, нарысы, апавяданні (Х.​Асміеў, Х.-Б.​Муталіеў). Пашырэнне тэматычнага і жанравага дыяпазону выявілася ў л-ры, прысвечанай падзеям Вял. Айч. вайны. Творы антыфаш., патрыят. зместу стваралі Дж.​Яндзіеў (у паэзіі), І.​Базоркін (у драматургіі). Актыўнае развіццё л-ры пачалося ў пасляваен. гады (зб-кі паэзіі С.​Азіева, А.​Веджызева, Б.​Зязікава, Яндзіева, кнігі прозы А.​Бокава, М.-С.​Пліева і інш.). Шырынёй ахопу гіст. падзей, актуальнасцю маральна-этычных, сац.-паліт. праблем вызначаюцца раманы С.​Чахкіева («Залатыя слупы», 1965—66), Пліева («Цяжкі перавал», 1974), Бокава («Сыны Бекі», кн. 1—2, 1967—69; «Барвовыя зоры», 1974; «Зоркі між зорак», 1978), драм. творы Базоркіна, Чахкіева, А.​Мальсагава і інш. У 1989 на бел. мове асобным выданнем выйшла аповесць А.​Мальсагава «Прымі падарожніка, дарога!» ў пер. У.​Марука.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, гаспадарка).

Да арт. Інгушэція. Краявід каля г. Назрань.

т. 7, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Расама́ха 1 ’драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц, Gulo borealis’ (ТСБМ), ’звер расамаха, Chiromis’ (Байк. і Некр.), ’звер ласка, Mustela gulo’ (Некр. і Байк.), ’звер’ (Янк. 1; з заўвагай: “гэты звер тут не водзіцца”), ’звер’ (гом., ГЧ), ’хіжы звер у Сібіры’, ’воўк-канятнік’ (Ласт.), росома́ха ’драпежная жывёліна, расамаха(?)’ (ТС), параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха ’звер Gulo gulo з сямейства куніц’, рус. росома́ха ’тс’, польск. rosomak ’тс’. Хутчэй за ўсё, старажытная назва; паводле Трубачова (ВСЯ, 3, 123), з больш ранняга *сорома́ха (< прасл. *sormaxa, параўн. літ. šarmuõ, šermuõ ’гарнастай, ласка, дзікі кот’), што спарадычна адзначалася ва ўкраінскіх і беларускіх дыялектах (Трубачоў у Фасмера, 3, 505, параўн. тураў. сарома́ха, гл.), з якога шляхам метатэзы складоў утворана сучасная назва. Бяднарчук (ABSl, 9, 46) схіляецца да балтаславянскага запазычання з уграфінскіх моў, параўн. марыйск. sõrmõ, šurmaŋšõ ’рысь’, саамск. čoŕma, čierma ’воўк’, вацяцк. śor ’куніца’ і інш. Ранняя фіксацыя ў наўгародскай берасцяной грамаце канца XIV ст. (Залізняк, Древненовг., 523) у форме росомуха (бѣла росомуха) ’нейкі пушны звер’ (гл. Чарных, 2, 123), як быццам, сведчыць пра такі шлях запазычання, аднак, у сувязі з гэтым, метатэза складоў павінна была адбыцца вельмі рана. Нельга выключыць, што на гэта магла паўплываць старая славянская міфалагічная назва са значэннем ’злы дух, страшыдла’, гл. расамаха 2. Сляды рэальных ведаў пра нейкага драпежнага звера ўсё ж прысутнічаюць у гаворках, параўн.: росома́ха нападае на худобіну і задніцу вуесць; а ека та росомаха, то не ведаем (ТС); rosomácha, rysamácha ’расамаха’ (Арх. Федар. з заўвагай: “Вынішчана ў слонімскіх лясах у 1831 г.”). Табуізацыя першапачатковай назвы і яе сувязь з *sorom (< і.-е. kʼormos, гл. сорам, што звязваецца з старой назвай куніцы і.-е. kʼor‑mōn), на якой настойвае Трубачоў (ВСЯ, 3, 120–124), таксама можа тлумачыцца ўплывам міфалагічнага персанажа. Меркаванні аб шляхах пранікнення назвы ў іншыя еўрапейскія мовы з усходу, а таксама аб магчымых крыніцах запазычання, гл. Брукнер, 463; Кіпарскі, ZfslPh, 20, 359 і наст.; Фасмер, 3, 504505; SEK, 4, 209.

Расама́ха 2 фальк. ’страшыдла ў вобразе жанчыны, у якой распушчаныя валасы і стальныя грудзі, ёю страшаць малых дзяцей’ (Янк. 1), ’злы дух у постаці чалавека з звярынай галавой і лапамі, жыве ў каноплях’ (Ласт.), ’персанаж з дэманалогіі’ (Сержп. Грам.), ’нечысць, ёй становіцца маці, забіўшая сваё дзіця і ўтапіўшаяся’ (гом., ГЧ), расама́ка: расамака жыве ў каноплях, а русалка ў вадзе (валож., Жд. 2), перан. ’неахайная жанчына’ (барыс., там жа), ’няўклюда’ (пухав., Жыв. сл.), ’непрычэсаная, неахайная жанчына’ (Мат. Маг.), росома́ха ’жанчына з распушчанымі, непрыбранымі валасамі’, ’пра неахайную жанчыну (у параўнанні)’: ідзе бі росомаха; роспейсаласа, як росомаха (ТС), расама́ха ’неахайная жанчына’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ра́сумак ’непрычасаны чалавек’: ходзіш, як расумак (Мат. Маг. 2), русума́ка ’нямыты, мурза, няхлюя’, русума́чка ’мурза, смаркачка’ (Нас.). Параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха, рус. дыял. росома́ха ’міфічная істота з доўгімі распушчанымі валасамі’, ’неакуратная, неахайная жанчына; лахудра’; магчыма, сюды таксама літ. razumùkas, razimùkas ’пачвара, страшыдла, што сядзіць на гарышчы’, ням. прус. Rosemòck, Rosumòck, Rasumùck ’страшыдла, прывід; неспакойны, благі, неахайна апрануты чалавек’, ням. дыял. Rosemock ’дэман, якім страшылі дзяцей; бялізны чалавек, волат’ (Кіпарскі, ZfslPh, 20, 365; SEK, 4, 209). Няясна. Звычайна выводзяць з расамаха 1 на падставе пераносу назвы паводле знешняга вобліку звера, які, аднак, на большасці тэрыторый, дзе ўжываецца слова ў дэманалагічным і пеяратыўным значэнні, застаецца невядомым. Звяртае на сябе ўвагу характаралагічны прызнак — наяўнасць растрапаных валасоў ці краёў адзення, што дазваляе звязаць названыя формы з варыянтнай асновай *ręs‑ (параўн. расаматы, раса́ 2, гл.), *ros‑/*rus‑ (параўн. роса́ўка, руса́ўка: у руса́ўкі жэлезные цыцкі і косы роспушчэны; ру́савы дзед, гл.), *ras‑ (ра́ся ’неахайная жанчына’, гл.). Страхаў (Paleoslavica, 13, 1, 6–8) першасным значэннем лічыць ’непрычасаная, растропа’ і праз рус. дыял. (іванаўск.) россома́ха ’развілістае дрэва’ з устаўным экспрэсным суфіксам ‑(о)ма‑ (параўн. рус. костома́ха ’вялікая костка’) збліжае з рассо́ха (гл. расоха, расахатае дрэва), якое можа мець другаснае значэнне ’неахайная, непрычэсаная’, параўн. каш. rosoxa ’жанчына з заблытанымі валасамі’, rosoxati ’лахматы, калматы’, гл. расахаты ’раскудлачаны’: расахатая галава (Сл. ПЗБ). У такім выпадку расамаха 2 < расоха (“з пашыранай асновай”, там жа), а расамаха 1 ў выніку пераносу назвы на Gulo borealis па табуістычных меркаваннях. Аднак трактоўку пачатку слова як прыстаўкі рос‑ (< *orz‑) у святле існуючых варыянтных форм нельга прызнаць пераканаўчай. Па тых жа меркаваннях нельга прыняць этымалогію Чарных (2, 123) з *розсъмокъ (параўн. старыя напісанні разсамака, рассамак, розсомахи, XVII ст.), што да смок (< съмок) ’змей, цмок’ і далей да смактаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)