Ю́КАН (Yukon),

плато ў сістэме Унутр. пояса Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША (штат Аляска) і Канадзе. Буйныя масівы з плоскімі вяршынямі (выш. да 1500—2000 м), асобныя тэктанічныя катлавіны. Горныя масівы складзены пераважна з крышт. парод і маладых вулканічных покрываў. Дно катлавін размешчана на выш. 200—500 м, укрыта рыхлымі антрапагенавымі адкладамі. Радовішчы медзі, свінцу, кам. вугалю, нафты, золата. Клімат субарктычны, кантынент., на З больш мяккі. Сярэдняя т-ра студз. да -30 °C, ліп. 10—15 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Разгалінаваная сетка рэк бас. Юкан і Кускаквім. На тэрасах і прыдалінных схілах да выш. 400 м — хвойныя лясы, вышэй рэдкалессі і гарнатундравая расліннасць.

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАН-ЕЎРО́ПА»,

праект стварэння паліт. і эканам. аб’яднання дзяржаў кантынент. Еўропы, які прапагандаваўся паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі. З 1923 гэту ідэю развіваў пан’еўрапейскі рух, які з 1924 выдаваў у Вене час. «Рапеигора» («Пан-Еўропа»). Праект прапанаваны ў вер. 1929 франц. міністрам замежных спраў А.Брыянам, развіты ў мемарандуме франц. ўрада ад 1.5.1930 урадам еўрап. дзяржаў. Прадугледжваў стварэнне «Еўрап. федэральнага саюза», па-за межамі якога заставаліся Вялікабрытанія і СССР. Фактычна мэтай праекта было ўсталяванне франц. гегемоніі ў Еўропе. Процідзеянне ўрадаў СССР, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін прывяло да правалу франц. праекта (1931). Пасля 2-й сусв. вайны тэндэнцыя еўрап. дзяржаў да аб’яднання ўвасобілася ў стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага саюза і інш. міжнар. ваен.-паліт. і эканам. арг-цый.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬ (ад араб. сайль бурны паток), сіль, мур,

гразевы або гразекаменны паток, які раптоўна ўзнікае ў рэчышчы горнай ракі. Найб. характэрны для горных раёнаў з кантынент. кліматам (напр., для гор Сярэдняй Азіі). Характарызуецца рэзкім кароткачасовым (1—3 гадз) пад’ёмам узроўню вады, хвалепадобным рухам і адсутнасцю строгай перыядычнасці. Фарміруецца пры выпадзенні моцных ліўняў, інтэнсіўным раставанні снегу і лёду горных ледавікоў, радзей ад землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, прарываў азёрных перамычак, у выніку гасп. дзейнасці (напр., пры ўзрыўных работах у гарах). Перадумовай служыць назапашванне вял. колькасці прадуктаў выветрывання на горных схілах, іх значныя нахілы, працяглае ўвільгатненне грунтоў, што змяншае іх трываласць. Могуць прычыняць вял. разбурэнні. Барацьба з С. вядзецца пераважна шляхам замацавання глебавага і расл. покрыва, буд-ва спец. гідратэхн. збудаванняў, у т. л. плацін.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРА́НСКАЯ НІЗІ́НА, Туранская раўніна,

раўнінная частка Сярэдняй Азіі і Паўд. Казахстана, занятая пераважна пустынямі (Каракумы, Кызылкум і інш.). На Пд абмежавана Капетдагам і адгор’ямі Парапаміза, на З — узбярэжжам Каспійскага м., на ПнЗ — паўд. і ўсх. схіламі Мугаджараў, на ПнУ — Казахскім драбнасопачнікам, на У — перадгор’ямі Паміра-Алая і Цянь-Шаня. Пераважныя выш. да 300 м, на З узбярэжжа Каспійскага м. ніжэй узр. акіяна на 28 м, упадзіна Карагіе на 132 м. Асн. ч. Т.н. адпавядае Туранскай пліце, складкаваты фундамент выходзіць на паверхню толькі ў асобных месцах, перакрыты асадкавымі меза-кайназойскімі адкладамі, багатымі нафтай, газам, вапняком, гіпсам, соллю. Для рэльефу характэрна чаргаванне акумуляцыйных нізін і раўнін са сталовымі плато. Клімат кантынент., вельмі сухі. Пераважаюць палынова-салянкавыя, псамафітныя і эфемеравыя пустыні, якія выкарыстоўваюцца як пашы.

т. 16, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАТКА́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК горна-лясны.

У зах. адгор’ях Чаткальскага хрыбта (Туркменістан). Засн. ў 1947 для аховы прыродных комплексаў горных лясоў і лугоў Зах. Цянь-Шаня. Пл. 35,8 тыс. га. Рэльеф горны (выш. да 4000 м). Клімат рэзка кантынент., з вял. амплітудамі ваганняў тэмператур. У расліннасці 3 паясы: разнатраўнага сухога стэпу туранскага тыпу, дрэвава-кустовага і высакагорнага стэпу. Больш за 600 відаў травяністых і 40 відаў дрэвавых і кустовых раслін. У фауне — цэнтральнаазіяцкі горны казёл, казуля, дзік, сурок Мензбіра (эндэмік), рэліктавы суслік, дзікабраз, белакіпцюрны мядзведзь, воўк, барсук, каменная куніца і інш., трапляецца снежны барс. Сярод птушак пашыраны цемнабрухі улар, кеклік, белагаловы сіп, чорны грыф, барадач; трапляецца чорны каршун, пустальга, арол-карлік. У 1965 на берагах р. Тэрэксай выяўлены стараж. наскальныя малюнкі (петрогліфы).

т. 17, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

транскантынента́льны

(ад транс- + кантынентальны)

1) які праходзіць цераз увесь кантынент, перасякае яго (напр. т. нафтаправод, т-ая чыгунка);

2) які адносіцца да сувязей паміж кантынентамі (напр. к. рэйс).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛУ́НДКВІСТ (Lundkvist) Артур Нільс (3.3.1906, Удэр’юнга, Швецыя — 1991),

шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1968). У ранніх зборніках паэзіі («Спёка», 1928; «Масты ночы», 1936), рамане «Рэкі цякуць да мора» (1934) моцныя ўплывы сюррэалізму ў спалучэнні з элементамі псіхааналізу і прымітывізму. Паэт. зб. «Жыццё як трава» (1954), зб. вершаў у прозе «Дрэва, якое гаворыць» (1960), раманы «Вальс у Віндынгу» (1956), «Камедыя ў Хегерскугу» (1959) вызначаюцца яснасцю формы і сац.-крытычнымі матывамі. У аповесці «Малінга» (1952), гіст. раманах «Жыццё і смерць вольнага стралка», «Воля неба» (абодва 1970) рэаліст. і мадэрнісцкія тэндэнцыі. Аўтар кн. «Макі з Ташкента» (1952), дарожных нататкаў («Вулканічны кантынент», 1957, і інш.), літ.знаўчых прац («Развагі пра замежную літаратуру», 1959, і інш.).

Тв.:

Рус. пер.: — Жизнь и смерть вольного стрелка. М., 1972;

Избранное. М., 1988.

Л.​П.​Баршчэўскі.

А.Лундквіст.

т. 9, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКО́Е ДНО (прававы рэжым),

глыбакаводнае марское дно, якое размешчана па-за знешнімі межамі кантынент. шэльфа. Прынцыпы і нормы міжнар. прававога рэжыму М.д. вызначаны Канвенцыяй ААН па марскім праве 1982. Паводле Канвенцыі, агульныя паводзіны дзяржаў у адносінах да гэтага раёна павінны адпавядаць яе палажэнням, прынцыпам Статута ААН і інш. нормам міжнар. права ў інтарэсах падтрымання міру і бяспекі і садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Прававы рэжым М.д. не закранае прававога статуса вод, якія яго пакрываюць, і паветр. прасторы над ім. Канвенцыя абвясціла М.д. агульнай спадчынай чалавецтва. Ні адна дзяржава не можа прэтэндаваць на суверэнітэт або суверэнныя правы ці ажыццяўляць іх у адносінах нейкай часткі гэтага раёна М.д. або яго рэсурсаў, ні адна дзяржава, фіз. або юрыд. асоба не можа прысвойваць ніякую частку дадзенага раёна і яго рэсурсы. Гл. таксама Марское права.

т. 10, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-СІБІ́РСКАЯ НІЗІ́НА, Таймырская нізіна. На Пн Усх. Сібіры. Цягнецца паміж нізоўямі рэк Енісей і Алянёк на 1400 км. Шыр. з Пн на Пд 600 км. Пераважае паката-ўзгоркаваты рэльеф (выш. да 300 м). Складзена з марскіх і ледавіковых адкладаў, якія падсцілаюцца пясчанікамі і гліністымі сланцамі. Шматгадовая мерзлата. Шмат азёр (буйное Таймыр), у т. л. тэрмакарставых; балоты. Працякаюць рэкі Пясіна, Таймыра, Хета і Катуй, якія даюць пачатак Хатанзе, Папігай, Анабар. Клімат субарктычны кантынент. з халоднай зімой (7—8 мес) і кароткім халаднаватым летам. Сярэдняя т-ра студз. -30 °C на З і да -35—37 °C на У, т-ра ліп. 6—10 °C. Ападкаў 300 мм за год. У паўн. ч. пераважае лішайнікавая тундра, у паўд. ч. — хмызняковая, змяняецца лесатундрай і лістоўнічным рэдкалессем. Радовішчы нафты, газу, каменнага вугалю.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛА́НДЫЯ (Zeeland),

гістарычная правінцыя на ПдЗ Нідэрландаў, размешчаная пераважна на а-вах у дэльце р. Шэльда. У сярэдневякоўі Паўн. З. належала Галандыі, Сярэдняя з 12 ст. — сумеснае ўладанне Галандыі і Фландрыі пад сюзерэнітэтам Фландрыі. Паводле Парыжскага дагавора 1323 Фландрыя адмовілася да сваіх правоў на Сярэднюю З., валодала яе кантынент. часткай. У 1428—33 уладанне герцагаў Бургундскіх, з 1477 (1482) — Габсбургаў. У пач. 16 ст. правінцыя з уласным саслоўным прадстаўніцтвам і штатгальтэрам у складзе Нідэрландаў, з 1556 пад уладай Іспаніі. Развіваліся суднабудаўнічая прам-сць, рыбалоўны промысел, марскі гандаль. У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. арэна антыісп. барацьбы, у 1572 аддзялілася ад Іспаніі. Пасля Утрэхцкай уніі 1579 у складзе рэспублікі Злучаных правінцый. У 1795—1806 уваходзіла ў Батаўскую рэспубліку, у 1806—10 — у каралеўства Луі Банапарта, у 1810—14 — у Франц. імперыю. З 1814 правінцыя Каралеўства Нідэрландаў.

В.​В.​Варановіч.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)