прапусці́ць сов.

1. в разн. знач. пропусти́ть;

п. у парк — пропусти́ть в парк;

папе́ра ~ці́ла чарні́ла — бума́га пропусти́ла черни́ла;

стало́вая за дзень ~ці́ла чаты́рыста наве́двальнікаў — столо́вая за день пропусти́ла четы́реста посети́телей;

п. сту́жку праз кальцо́ — пропусти́ть ле́нту че́рез кольцо́;

п. дзяце́й упе́рад — пропусти́ть дете́й вперёд;

п. уро́к — пропусти́ть уро́к;

п. ча́рку — пропусти́ть рю́мку;

2. пропусти́ть, опусти́ть;

п. падрабя́знасці — пропусти́ть (опусти́ть) подро́бности;

3. (не воспользоваться чем-л.) пропусти́ть, упусти́ть;

п. зру́чны мо́мант — пропусти́ть (упусти́ть) удо́бный моме́нт;

п. мі́ма вушэ́й — пропусти́ть ми́мо уше́й

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

НЯСВІ́ЖСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. Закладзены ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам на ПдЗ ад горада на месцы драўлянага замка 1533. У пачатку буд-ва (да 1599) удзельнічаў італьян. арх. Дж.Бернардоні. У першапач. выглядзе адлюстраваны на гравюры Т.Макоўскага пач. 17 ст. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 170 × 120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутр. кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Вал (выш. да 20 м) абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі, унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. У 17 ст. па вуглах бастыёнаў пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомыя па інвентарах). Падыход да замка з З быў умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад’язныя дарогі. Уздоўж гал. восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і 3-павярховы палац з 8-граннымі вуглавымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў 2-павярховы гасп. корпус, справа — 3-павярховая казарма з вял. дазорнай вежай. У 1706 замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны ў стылі барока пасля 1726 арх. К.Ждановічам (у 1740 пабудаваў таксама палацавую капліцу). У 18 ст. ў буд-ве палаца ўдзельнічалі арх. М.Педэці (у 1748—52), М.Фларыяновіч (1775—78), К.Спампані (1778—79), А.Лоцы (1783, праект галерэі). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі. Паводле інвентара 1767, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Палац — 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты дахоўкай і завершаны круглай у плане купальнай ратондай, у якой знаходзіўся гадзіннікавы звон. На гал. фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай з меднымі пазалочанымі парэнчамі. У ніжнім паверсе палаца размяшчаліся службовыя памяшканні, 2 лазні і інш. Верхнія паверхі займалі княжацкія апартаменты з вял. колькасцю парадных і жылых памяшканняў. У інтэр’ерах былі кафляныя і фаянсавыя печы, упрыгожаныя лепкай са стука, каміны з метал. геральдычнымі выявамі. Сцены аздаблялі дубовыя разныя панэлі, палатняныя і скураныя шпалеры ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь была пакрыта пазалотай і размалёўкай. Мэбля інкруставаная і размаляваная, упрыгожаная маст. тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. Вял. значэнне ў ансамблі інтэр’ера мелі творы жывапісу (партрэты, абразы, карціны на гіст. сюжэты), дэкар.-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактур і інш.). Асабліва багатай аздобай вызначаліся парадныя залы і галерэі (збройная, партрэтная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная). У браме (наверсе быў гадзіннік) размяшчаліся кардэгарда (у ніжнім ярусе), памяшканні архіва (у верхнім ярусе). Дапаможныя карпусы абапал брамы ўключалі шэраг жылых і гасп. памяшканняў, майстэрні, кухні, скляпы, скарбніцы і інш., а таксама замкавую капліцу з асн. памяшканнем, сакрысціяй, званіцай і кругавой галерэяй для літургічных працэсій. У капліцы былі фаянсавыя і разныя драўляныя алтары, амбон са штучнага мармуру. Скляпенні былі аздоблены размалёўкай на біблейскія сюжэты. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі 2 комплексы жылых, гасп. і вытв. пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтная майстэрні, кузня і інш.). Каля аднаго з іх стаяў Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алькежы і каморы.

Пры перабудове гал. палацавага корпуса надбудаваны 4-ы паверх, завершаны трохвугольным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаны з гал. корпусам 3-павярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (у 2-й пал. 18 ст. завершана вежай) — галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры поліганальную форму, блізкую да пяцівугольніка. Фасады, арыентаваныя на ўнутр. двор, аздоблены пілястрамі вял. ордэра і вырашаны ў 2 колеры. 8-гранныя вежы (дазорная і над брамай) накрыты шлемападобнымі купалкамі з галоўкамі. У 1809 комплекс рэстаўрыраваны арх. М.Цэйзікам. Часткова захаваліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, сямейныя партрэты, б-ка, архіў, а таксама аздоба інтэр’ераў. З 1945 у замку размешчаны санаторый «Нясвіж». Паркі пейзажнага тыпу закладзены ў 1879 у пойме р. Уша. Пл. з вадаёмамі каля 100 га. Складаюцца з 5 аўтаномных ландшафтных зон, кожная з якіх мае завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. На правабярэжнай знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары («англійскі») парк з «японскім» садам. У замкава-палацавы фрагмент уключаны рэшткі бастыёнаў, напоўненыя вадой равы, валы, азялененыя дворыкі, на бастыёнах — альтанкі. З дэкар. упрыгожанняў — стары ’калодзеж у стылі барока з дэталямі маст. коўкі і скульптура «Амур з чашай». Да Замкавага парку прылягае Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкар. групамі дрэў, памятнымі камянямі і архітэктурай малых форм. У пач. 20 ст. за Старым паркам створаны «японскі» сад з паплавамі. У левабярэжнай ч. — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. Афармляў паркі садавод-дэкаратар А.Пастарэмчак. У 1913—14 праведзены работы па паляпшэнні паркавых ландшафтаў. У парках растуць елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніцы даурская і сібірская, хвоі веймутава і чорная і інш. У 1985—91 паводле праекта, распрацаванага ін-там «Мінскпраект» (гал. арх. І.Жлоба), праведзены чысткі вадаёмаў, адваднога канала, асушэнне вільготных тэрыторый, адноўлены асобныя планіровачныя вузлы і ўчасткі, малыя арх. формы, асн. ландшафтныя кампазіцыі. У 1990-я г. ў парку ўстаноўлены бюсты кн. Ю.Нясвіжскага, У.Сыракомлі, Дж.М.Бернардоні (усе скульпт. С.Гумілеўскі), кн. М.К.Радзівіла Сіроткі, Т.Макоўскага, Я.Коласа (усе скульпт. М.Канцавы), скульптуры «Дама ў чорным» (скульпт. Л.Давідзенка) і інш., 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».

В.Р.Анціпаў, М.А.Ткачоў, Ю.А.Якімовіч.

Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс. Унутраны двор.

т. 11, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

праско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. што і без дап. Хутка прабегчы, праехаць якую‑н. адлегласць ці прамінуць каго‑, што‑н. Мы праскочылі хваёвы лясок, і да самых Круцілавіч конік ішоў подбегам. Адамчык. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. // без дап. Вельмі хутка прайсці, мінуць (пра час). Месяц праскочыў, як адзін дзень, і мая Неаніла павінна была ехаць дадому. Новікаў.

2. што і без дап. Хутка прайсці праз вузкае месца, праз якую‑н. перашкоду. Праскочыць у дзверы. □ Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца [палякаў] не магла праскочыць. Колас. Яраш не даехаў да бальніцы. Ён рабіў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную і цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапіць у хірургічны. Шамякін. Пасты мы праскочылі на вялікай скорасці, паліцаі і не паспелі разгледзець, хто праехаў. Новікаў. // Прабрацца, прайсці незаўважаным або непашкоджаным. Бомбы сыпаліся, як той град, але мы неяк праскочылі. Рамановіч. — Таварыш камандзір, — нечакана парушыў маўчанне Кукарэка, — а можа нам правей узяць: там лужком ды кустамі, якраз і праскочым. Шчарбатаў. // Лёгка прайсці, упасці і пад. праз якую‑н. адтуліну. Шарык праскочыў праз кальцо.

3. перан.; што. Разм. З’явіцца дзе‑н., ухіліўшыся ад чаго‑н., пераадолеўшы што‑н. Паэт па памяці аднавіў радкі і строфы, што былі ў свой час заняты, каб праскочыць цэнзурныя загарадкі. С. Александровіч. // Астацца, апынуцца дзе‑н. з-за недагляду, няўважлівасці. У карэктуры праскочыла некалькі памылак. □ Трэба быць вельмі пільным, каб ніякіх недакладнасцей пры мантажы не праскочыла. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прывя́зка ’вяровачка, шнурок, раменьчык для прывязвання чаго-небудзь’ (Байк. і Некр., ТСБМ), пры́вязка (Ян.), пры́візка, прі́візь ’тс’ (Бяльк.), пры́вязка ’прывязь у цэпе’ (гродз., навагр., ганц., клім., Шатал., Сл. ПЗБ), пры́везка, мн. л. прыве́зкі ’раменьчыкі ў цэпе’ (Выг. дыс., ТС), пры́візінь, прі́візінь ’раменьчык, якім прывязваюць біч да цапільна’ (Бяльк.), пры́вязкакальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’ (нараўл., ДАБМ), пры́вязка ’галіна для прывязвання латаў да крокваў у саламянай страсе’ (Шат.; ашм., Стан.), ’тонкая жэрдка, якой прыціскаюць салому на страсе’ (арш., Шатал.; Мат. Маг., Сл. ПЗБ), пры́вязка, прі́візка ’тонкая жардзіна, якою прывязваецца рад саломы да латы на страсе ў час крыцця’ (Бяльк.), пры́вяз, пры́вязь, мн. л. пры́вязкі, прі́візкі, пры́везкі, пры́візкі, пры́віскі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (ЛА, 4), з іншым суфіксальным афармленнем: пры́вязіна ’паплеціна’ (Сл. ПЗБ), прівязіно, мн. л. прівязіны ’жэрдкі, што ўтрымліваюць салому на страсе, да якой салома прымацоўваецца’ (П. С.). Ткацкую семантыку, развіццё якой звязана тут з асаблівасцямі ткання, калі ўток прыбіваў менш шчыльна і палатно атрымоўвалася горшае, як бы “прывязанае” да добрага, захоўваюць прывя́зка, пры́вязь ’палатно з горшага валакна; горшае валакно’ (Касп.); сюды ж пры́вызнына ’мяккія адходы валакна пры часанні льну’ (кам., Жыв. НС). Узыходзіць да прасл. *privęzъ, *privęza, *privęzъka (падрабязней у БЕР, 5, 700; ЕСУМ, 1, 442–443, з літ-рай). Ст.-слав., ст.-рус. привязати ’прывязаць, утрымаць’, привязъка ’прывязь, тальмах’ (Сразн.), ц.-слав. привѧзъ, привѧза ’вяровачка для прывязвання, шнур’, привяска ’звязванне’, серб.-харв. привеза, прывезак, балг. дыял. привез ’прывязка’, старое привезка ’хустка’, славац. privez, priveza, польск. przewiązka, рус. дыял. привя́зка ’прывязь для жывёлы; завязка’, ’тонкая жэрдка, якая ўтрымлівае страху’, ’частка цэпа’, укр. при́вʼязка, при́вʼязок, при́вʼязь ’шнурок, вяровачка ці што-небудзь падобнае, скарыстанае для прывязвання’. Гл. вяза́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўка́ч1 ’качалка з патоўшчаным круглым канцом, мяла’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Варл., Растарг., Сл. ПЗБ, Федар. 4), ’пра някемлівага, дурнога чалавека’ (ТСБМ, Шат.), ’пра непаваротлівага, няспрытнага чалавека’ (Скарбы), ’той, хто замінае, таўчэцца пад рукамі; маруда’ (Сцяц. Сл.), ’целяпень, нязграбны чалавек’ (Гіл., Мат. Гом.), тоўка́ч, товка́ч ’мяла (у ступе), качалка’ (ТС, Арх. Вяр., Вруб., Сл. ПЗБ), таўка́чка ’тс’ (Ян.), ст.-бел. толка́ч ’тс’: толкачи до них железныи два (1518 г., КГС). Укр. товка́ч ’тс’, рус. дыял. толка́ч ’тс’, польск. дыял. tłukacz ’мяла для размінання бульбы для свіней’, ст.-слав. тлъкачь ’мяла’. Назоўнік, вытворны ад таўчы, што да прасл. *telkti, гл. таўкці, таўчы. Меркаванне пра незалежны характар утварэння таўка́ч ’дурань’ гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1166: утварэнне з суф. ‑ач, што абазначае суб’ект дзеяння са значэннем непавагі, грэблівасці, відаць, суадноснае з таўчыся ’сноўдацца без справы’.

Таўка́ч2 ’пачатак кукурузы’ (Сл. ПЗБ), ’катах рагозу’ (Сл. ПЗБ; дзятл., Жыв. сл.; ЛА, 1), товка́ч ’галоўка чароту’ (драг., Нар. ск.), таўка́чык, таўка́чыкі ’палявы хвошч, Equisetum arvense L.’ (Касп., Бяльк., Яўс., Бяльк., ЛА, 1), ’насеннікі бярозы’ (свісл., Шатал.), таўка́чыкі ’катахі рагозу’ (зэльв., слонім., ЛА, 1), ’мох у выглядзе збаночкаў’ (Меер Крыч.), таўка́чнік ’хвошч’ (Кіс.). Вобразны перанос з таўкач1.

Таўка́ч3 ’плавальны пузыр’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пухір у рыбы’ (віл., лаг., ЛА, 1), туўка́ч ’тс’ (шарк., мёрск., ЛА, 1), талка́ч ’тс’ (полац., ЛА, 1). Відаць, з-за знешняга падабенства да таўкач1, гл.

Таўка́ч4 ’круг, кальцо (каўбасы)’ (лід., Сл. ПЗБ). Аналагічна да папярэдняга слова, гл.

Таўка́ч5 (тыўка́ч) ’драўляны гузік прадаўгаватай формы’ (Шатал.), таўкачо́к ’бірка (зашпілька)’ (Сл. ПЗБ; рас., в.-дзв., полац., шуміл., ЛА, 4). Да таўкач1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1941—44,

баявыя дзеянні сав. войск і сіл флоту па абароне Ленінграда ад ням. і фінл. войск і іх разгроме 10.7.1941—9.8.1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі войскі Паўн., Паўн.-Зах., Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, Балтыйскі флот, Ладажская і Анежская ваен. флатыліі, якім дапамагалі жыхары Ленінграда і партызаны. Для кіравання войскамі франтоў 10.7.1941 Дзярж. к-т абароны стварыў Гал. камандаванне Паўн.-Зах. напрамку на чале з К.Я.Варашылавым, якому падпарадкаваў Паўн., Паўн.-Зах. франты, Паўн. і Балтыйскі флаты. У ліп.вер. 1941 група ням. армій «Поўнач» (4-я танк. група, 16-я і 18-я арміі) разам з фінл. войскамі (Карэльская і Паўд.-Усх. арміі) разгарнулі наступленне на Ленінград. Маючы колькасную і тэхн. перавагу над сав. войскамі (напр., па тэхніцы і ўзбраенні ў 5—6 разоў), ням. часці ў вер. 1941 прарваліся да ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага воз., выйшлі да ўскраін Ленінграда і поўнасцю акружылі яго з сушы (з 8.9.1941 да 18.1.1943). У ходзе 30-месячнай блакады горада войскі Ленінградскага фронту (камандуючыя з 12.9.1941 Г.К.Жукаў, з 10.10.1941 І.І.Фядзюнінскі, з 26.10.1941 ген.-лейт. М.С.Хозін, з 9.6.1942 Л.А.Говараў), сілы Балтыйскага флоту (віцэ-адм. У.П.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліі (контр-адм. В.С.Чарокаў) адбілі атакі праціўніка. Каля 500 тыс. ленінградцаў будавалі абарончыя рубяжы. У ліп.вер. 1941 сфарміравана 10 стралк. дывізій нар. апалчэння, 16 артыл.-кулямётных батальёнаў, 6 знішчальных палкоў, каля 200 партыз. атрадаў. Дастаўка матэрыяльных сродкаў забеспячэння горада і войск ажыццяўлялася па пракладзенай у ліст. 1941 па лёдзе Ладажскага воз. аўтамаб. дарозе, якую называлі «дарогай жыцця». Гэтым шляхам да крас. 1942 эвакуіравана ў глыб СССР больш за 500 тыс. ленінградцаў, у горад дастаўлена 361 тыс. т грузаў. Абарону Ленінграда аблегчылі контрнаступленне сав. войск пад Ціхвінам (ліст.снеж. 1941), актыўныя дзеянні Волхаўскага фронту і партызан у тыле праціўніка. 18.1.1943 войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі кальцо блакады на Пд ад Ладажскага воз. і ўтварылі калідор у 8—10 км, дзе былі пракладзены аўтамаб. дарога і чыгунка. У выніку Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі (14.1—1.3.1944) ліквідавана пагроза Ленінграду, праціўнік адкінуты на 220—280 км. 10—20.6.1944 сав. войскі разбілі фінл. аператыўную групу «Карэльскі перашыек», 21 чэрв. — 9 жн. — групу «Алонец» і замацаваліся на сав.-фінл. мяжы. У выніку бамбардзіровак і артыл. абстрэлаў у Ленінградзе разбурана каля 14 тыс. будынкаў, у т. л. помнікі культуры, ад голаду ў выніку Ленінградскай блакады загінула ад 600. да 900 тыс. чал. Абаронцы горада стрымлівалі да 15—20% ням. узбр. сіл ад іх агульнай колькасці на сав.-герм. фронце. У баях за Ленінград вызначыліся і многія воіны-беларусы, у т. л. камандуючы эскадрай караблёў віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-лейт. артылерыі У.П.Свірыдаў, Герой Сав. Саюза, снайпер Ф.А.Смалячкоў, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка Дз.Я.Аскаленка, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка У.А.Шыманскі, які накіраваў свой падбіты самалёт на варожую дальнабойную гармату.

Літ.:

Битва за Ленинград, 1941—1944. М., 1964;

Краснознаменный Балтийский флот в битве за Ленинград, 1941—1944 п’: [Сб. ст.). М., 1973;

Еругин Н.П. О тех, кто выстоял: Зап. фронтовика. 2 изд. Мн., 1989;

Адамович А, Гранин Д. Блокадная книга. 5 изд. Л., 1989.

В.А.Юшкевіч, У.Я.Калаткоў.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Слой1 ‘пласт чаго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС, Сцяшк., З нар. сл., Сл. ПЗБ), ‘гадавы круг у зрэзе дрэва’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.). Укр. дыял. слій, слой ‘пражылкі ў драўніне’, ‘пасма, валакно’, рус. слой ‘пласт’, польск. słój ‘пласт; пражылкі ў драўніне’, чэш. sloj ‘пласт, гадавое кальцо ў дрэве’, славац. sloj ‘пласт’, славен. slòj ‘брудная лужына; горны пласт’, балг. слой ‘пласт; корка лёду’, макед. слој “пласт’. Прасл. *sъlojь < *sъliti, г. зн. першапачаткова ‘тое, што злілі’ з чаргаваннем у корані i/o, параўн. лой, пралой (гл.). Гл. Бернекер, 1, 729; Праабражэнскі, 2, 323, 387; Фасмер, 3, 674; Сной₁, 581; Борысь, 559. Роднасць *sъlojъ з ст.-прус. slayan ‘полаз саней’, літ. šliẽti, šliejù ‘прыхіляць’, лат. slíet ‘тс’, авест. srayati ‘ён прыхіляецца’, ст.-сакс. hlinōn ‘прысланяць, абапірацца’ (Траўтман, 309; Мюленбах-Эндзелін, 3, 939 і наст; Махэк₂, 555) і рэканструкцыя *slojь Фасмерам (3, 674) лічыцца менш верагоднай. Апошнюю версію рашуча падтрымлівае Трубачоў (Ремесл. терм., 256–257), які рэканструкцыю *sъlojь адносіць толькі да слой2 (гл.). Агляд версій гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 302–303.

Слой2 ‘гліняны паліваны посуд з накрыўкай’ (ПСл), ‘(высокая) шкляная або гліняная пасудзіна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Сл. ПЗБ, З нар. сл., ЛА, 5), сло́ік ‘тс’ (ТСБМ, Нас., Касп., Др.-Падб., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Варл., Сцяшк., З нар. сл., ЛА, 5), ‘высокі гліняны збан’ (Шат.), сло́вік (< сло́ік) ‘слоік’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Жд. 1, Сл. Брэс.). Укр. слой, слоїк ‘шкляны або гліняны посуд’, дыял. слій, слой ‘міска; куфаль’, польск. słój, słoik ‘шкляная банка’, в.-луж. słojk ‘пасудзіна для масла’, н.-луж. słój ‘міска, бляшанка’. Брукнер (500), Борысь (559) не аддзяляюць ад слой1 (гл.), а Трубачоў (Ремесл. терм., 256–257) рэканструюе прасл. *sъlojь, утворанае з прыст. съ‑ і іменнай асновы *‑lojъ: *liti ‘ліць’, якое потым наблізілася да *slojь ‘слой, пласт’, што адбылося ў польскай мове ў перыяд яе ўжо адасобленага жыцця, паколькі там тое і другое дало słój. Украінскую форму ён разглядае (там жа) як запазычанне з польскай, тое ж трэба, відаць, прызнаць і для беларускага слова. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 307.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕРЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальная аперацыя войск 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў), 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) франтоў 16 крас. — 8 мая, якая прывяла да авалодання Берлінам, выхаду сав. войскаў на р. Эльба і завяршыла разгром ням.-фаш. армій у 2-й сусв. вайне. Да канца сак. 1945 сав. войскі разбілі найбольшыя групоўкі ням.-фаш. войск ва Усх. Прусіі, Польшчы, Усх. Памераніі, Венгрыі і выйшлі шырокім фронтам да р. Одэр (Одра) і Нейсе. Сціснутая з У, Пд і Пн Чырв. Арміяй, з З войскамі саюзнікаў, фаш. Германія мабілізавала апошнія рэсурсы, каб утрымаць абарону на Одэры і Нейсе, а калі яе прарвуць сав. войскі — здаць Берлін амерыканцам і англічанам. Вакол Берліна ням. камандаванне стварыла глыбокаэшаланіраваную абарону да 100 км у глыбіню з 3 абводамі і 9 сектарамі абароны ў горадзе. Для абароны Берліна з У былі сканцэнтраваны групы армій «Вісла» (ген.-палк. Г.Хейнрыцы) і «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Ф.Шэрнер); 85 дывізій (з іх 4 танкавыя і 10 матарызаваных), 37 асобных палкоў, 98 асобных батальёнаў і інш.; усяго 1 млн. чал. Акрамя таго, гітлераўцы сфарміравалі 200 батальёнаў апалчэнцаў, т.зв. фольксштурму, 8 дывізій рэзерву гал. камандавання. Сав. камандаванне на фронце ў 400 км ад Шчэціна да Гёрліца сканцэнтравала 19 агульнавайск., 7 танкавых і 4 паветр. арміі: 2,5 млн. чал., 41600 гармат і мінамётаў, 6250 танкаў і самаходна-артыл. установак, 7500 самалётаў. Перавага над праціўнікам складала ў людзях 2,5:1, артылерыі 4:1, танках і самаходна-артыл. устаноўках 4,1:1, авіяцыі 2,3:1. У Берлінскай аперацыі ўдзельнічалі авіяцыя Балт. флоту і Дняпроўская ваенная флатылія, 1-я і 2-я арміі Войска Польскага.

Берлінская аперацыя пачалася 16 крас. ў 5 гадзін раніцы (па маскоўскім часе). Войскі 1-га Бел. фронту наносілі гал. ўдар з Кюстрынскага плацдарма. У паласе атакі сав. пяхоты поле бою асвятлялі магутныя зенітныя пражэктары. Да канца дня прарваны 2 паласы абароны. Адначасова ў напрамку г. Котбус і Пд Берліна наступалі войскі 1-га Укр. фронту. Яны фарсіравалі рэкі Нейсе і Шпрэе. Войскі 2-га Бел. фронту вялі баі на Пн ад Берліна, у прыморскай паласе і раёне Шчэціна. Упартае супраціўленне ворага на Одэры і Нейсе было зламана, і 23 крас. войскі 1-га Бел. і 1-га Укр. франтоў уварваліся ў Берлін. 25 крас. танкавыя злучэнні ў раёне г. Кетцын замкнулі кальцо акружэння вакол Берліна, разарваўшы фронт ням.-фаш. войск на 2 групоўкі — берлінскую і франкфурт-губенскую. 26 крас. сав. войскі пачалі агульны штурм Берліна. 30 крас. авалодалі асн. пунктам цэнтр. сектара абароны — рэйхстагам, над якім быў узняты чырв. сцяг. 2 мая ў 15 гадзін супраціўленне берлінскага гарнізона спынілася. Войскі 1-га Бел. і 1-га Укр. франтоў сустрэліся на Эльбе з амер. Войскамі, войскі 2-га Бел. фронту выйшлі да Вісмарскай бухты, дзе сустрэліся з англ. войскамі. 8.5.1945 у Карлсхорсце прадстаўнікі вышэйшага ням. камандавання падпісалі акт пра безагаворачную капітуляцыю Германіі.

У ходзе Берлінскай аперацыі разбіта больш за 90 дывізій, узята ў палон каля 480 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка, захоплена больш за 1500 танкаў і штурмавых гармат, 4500 самалётаў і інш. тэхніка. Сав. войскі страцілі забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 350 тыс. чал. (з іх 78 291 чал. забітымі). За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час Берлінскай аперацыі, больш як 600 сав. воінам было прысвоена званне Героя Сав. Саюза, 13 чалавекам гэта званне было прысвоена ў 2-і раз, 1082 тыс. чал. узнагароджаны медалём «За ўзяцце Берліна». 187 часцям і злучэнням, якія найб. вызначыліся ў Берлінскай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Берлінскіх».

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКА АБАРО́НА 1941 у Вялікую Айчынную вайну.

Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв. ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням. паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв. ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт. Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).

Літ.:

Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;

Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.

У.Ф.Ісаенка.

т. 10, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)