МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА І ДВУХ САВЕ́ТНІКАЎ Існаваў у 18—20 ст. у Магілёве. Пабудаваны ў 1770-я г. ў стылі класіцызму. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак са скошанымі вугламі на невял. цокалі, завершаны вальмавым дахам. Гал. фасад вылучалі 3 з нязначным выступам рызаліты, завершаныя невысокімі атыкамі з франтонамі. Карнізны пояс падзяляў фасады на 2 ярусы. Існавалі гасп. пабудовы. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.
Т.І.Чарняўская.
Магілёўскі дом віцэ-губернатара і двух саветнікаў. Чарцёж галоўнага фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР,
помнік архітэктуры 18—20 ст. у Мінску. У пач. 18 ст. існаваў як комплекс мураваных 2- і 3-павярховых будынкаў у цэнтры Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды) насупраць ратушы; С-падобны ў плане. У канцы 18 ст. рэканструяваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.Крамер): паўн.-ўсх. крылы комплексу былі злучаны сім. па кампазіцыі 2-павярховым аб’ёмам з 4-калонным порцікам у цэнтры і ўтварылі замкнёны двор. У 1909 Г-падобная ў плане паўн.-зах. частка перабудавана пад Азова-Данскі камерцыйны банк і купецкі клуб з вял. канцэртна-тэатр. залай (разбурана пасля пажару ў 1946), зменена планіроўка, надбудаваны 3-і паверх, фасады апрацаваны ў стылі мадэрн, накрыты вальмавым дахам. На сім. па кампазіцыі гал.паўд.-зах. фасадзе вылучаліся цэнтральная і бакавыя часткі; цэнтральная акцэнтавана кілепадобным франтонам з 3 вузкімі паўцыркульна завершанымі аконнымі праёмамі, тымпан франтона завершаны расл. арнаментам. Бакавыя ч.завершаны купаламі са шпілямі (не захаваліся). Рытм фасадаў утвараюць прамавугольныя аконныя праёмы і лапаткі; пластыку ўзбагачаюць ляпныя элементы, балконы. У інтэр’еры каваная лесвічная агароджа, кафляныя печы. Пасля 1920 у будынках знаходзіліся Мінскі акруговы выканком, у 1930-я г. — Дом селяніна, у 1944—50 — Мін-вадзярж. бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мсціславе: у 1690—1711 місія (першая спроба заснаваць місію была зроблена, паводле некат. звестак, у 1616 мсціслаўскім старостам П.Пацам па загадзе караля Жыгімонта III), у 1711—79 рэзідэнцыя, у 1779—1820 калегіум. У 1691 пры місіі адкрыта ніжэйшая школа. Пасля пераўтварэння школы ў калегіум яго праграма набыла характар сярэдняй навуч. установы, выкладаліся таксама франц., ням. і рус. мовы. У 1725 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, у 1740 — аптэка, меліся канвікт (пансіён) і б-ка. Першыя драўляныя будынкі не захаваліся. У 1730—48 пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела — 3-нефавая мураваная базіліка з трансептам і 2-вежавым гал. фасадам. Цэнтр. неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. 2-ярусныя крылы трансепта ўрэзаны ў высокія бакавыя нефы. Гал. фасад падзелены на 2 ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся); (у касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай, які лічыўся цудатворным). У 1764—79 пабудаваны (у 1796 рэканструяваны) 2-павярховы прамавугольны ў плане навуч. корпус, які прылягаў да касцёла з Пд з боку апсіды. У 1820 калегіум закрыты. Будынкі захаваліся. Цяпер тут школа-інтэрнат для глухіх дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́ЦКАЯ ЦАРКВА́ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1742 у в. Вішнявец (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.) як уніяцкая, перабудавана ў 1852 у праваслаўную. Мураваная 3-нефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2-вежавым гал. фасадам, вырашаным як самаст. аб’ём. Кампазіцыйная вось гал. фасада вылучана какошнікам. Па баках будынак вянчаюць цыбулепадобныя купалкі на высокіх цыліндрычных барабанах. Сцены ўнутры і звонку расчлянёны пілястрамі, завершаны развітымі прафіляванымі карнізамі. Аконныя праёмы з лучковым, на гал. фасадзе з паўцыркульнымі завяршэннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ КАСЦЁЛ МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваны плоскімі пілястрамі. Гал. фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Да ўсх. крыла далучана прыбудова з атыкавым барочным франтонам над уваходам. Падлога касцёла выкладзена каляровай мазаікай. Алтар аздоблены 6 паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЭ́ВІЦКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 17 ст. Пабудавана ў 1642 у в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Спачатку мела глыбінна-прасторавую кампазіцыю, складалася з квадратнага ў плане асн. аб’ёму і 5-граннай апсіды. У 2-й пал. 19 ст. да асн. аб’ёму з З прыбудавана 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з дахам складанай канфігурацыі. Асн. аб’ём завершаны 2-ярусным васьмерыком з цыбулепадобным купалам. Апсіда накрыта шатровым дахам з купалком на глухім барабане. Помнік адметны своеасаблівай сістэмай прапорцый, звязанай са стараж.-рус. архітэктурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1912—14 з цэглы ў г. Камянец Брэсцкай вобл. Мае 4-часткавую кампазіцыю: квадратны трохнефавы асн. аб’ём, пяцігранная апсіда, трох’ярусная званіца і трапезная. У аб’ёмна-пластычнай структуры храма выкарыстаны формы маскоўскай архітэктуры 17 ст.: званіца (васьмярык на чацверыку) завершана васьмігранным шатром, прарэзаным люкарнамі, з цыбулепадобнай галоўкай, какошнікі, броўкі, закамары асн. аб’ёму, пяцікупалле і інш.Асн. кубападобны аб’ём пастаўлены на высокі цокаль і завершаны светлавым цыліндрычным барабанам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, сухарыкі, закамары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́МНІК,
1) адтуліна ў столі курной хаты для выхаду дыму. Часам меў дымаход (драўляны або сплецены з лазы атынкаваны комін), завершаны 2-схільнай стрэшкай, аформлены яруснымі карнізамі і інш. элементамі аздобы.
2) Невял. франтончык, звычайна трохвугольны, у завяршэнні тарцовага схілу вальмавага даху. Першапачатковае функцыянальнае прызначэнне для выхаду дыму ад курной печы. Пашыраны пераважна на З і ПдЗ Беларусі ў жылых, культавых, гасп. будынках. Паступова ператварыўся ў дэкар. элемент даху, часам аздабляўся вільчыкамі, разьбой, у культавых збудаваннях — аб’ёмнай скульптурай.
Дымнік на даху царквы ў вёсцы Ялова Пружанскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1769—80 у г. Ельск Гомельскай вобл. Мае рысы класіцызму. 5-зрубны крыжова-купальны храм. Цэнтр. 8-гранны зруб (даўж. 23 м, шыр. 14 м, выш. 11,8 м) завершаны масіўным светлавым васьмерыком з купальным пакрыццём. Прамавугольны бабінец, гранёныя алтарныя і бакавыя зрубы накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з вальмамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. У 1870—71 да бабінца прыбудавана званіца (васьмярык на 2 чацверыках), завершаная высокім шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Будынак цагляны, складаецца з крыжовага ў плане асн. аб’ёму і прыбудаваных да яго паўкруглай апсіды з усходу і квадратнага бабінца з захаду. Над сяродкрыжжам чацвярык з вял. светлавым васьмігранным барабанам з купалам. Бабінец завершаны 3-яруснай вежай-званіцай (2 чацверыкі і васьмярык з гранёным купалам). Купал і званіца ўвянчаны галоўкамі. У дэкоры выкарыстаны плоскія нішы, сухарыкі, раскрапоўкі ў выглядзе трохвугольных франтонаў, двухколерная тынкоўка.