вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР, арганізаванае ў канцы 1941 ням.-фаш. акупантамі ў Вял.Айч. вайну. Асновай РВНА сталі атрад нар. міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага р-на Арлоўскай вобл. (Расія) і групы мясц. самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К.П.Васкабойніка (кіраўнік адміністрацыі аўт. раёна, створанага ў тыле 2-й танк. арміі вермахта). Пасля гібелі Васкабойніка фарміраванне ўзначаліў інж. Б.В.Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан. Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўт. раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс.чал. Камінскі ў выніку мабілізацыі скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА. Падраздзяленні РВНА ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1-й пал. 1943 часці Чырв. Арміі нанеслі РВНА шэраг паражэнняў. У жн. 1943 з дазволу ням. камандавання Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі (эвакуіравана каля 30 тыс.чал.) у раён г. Лепель. Аднак у выніку масавага дэзерцірства і пераходу байцоў і жыхароў акругі на бок сав. партызан колькасць РВНА скарацілася больш чым на 2/3. Брыгада, папоўненая мясц. паліцэйскімі, абараняла тылавыя камунікацыі 3-й танк. арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партыз. брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У пач. 1944 РВНА разам з бежанцамі пераведзена ў г.Дзятлава Гродзенскай вобл. У крас.—маі 1944 два палкі брыгады ўдзельнічалі ў антыпартыз. аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята», у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА». Потым РВНА разгорнута ў 29-ю грэнадзёрскую дывізію СС. У жн. 1944 асн. сілы дывізіі ўдзельнічалі ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панеслі вял. страты. Вызначыліся рабаўніцтвам мясц. жыхароў і марадзёрствам. Камінскі асуджаны ваен.-палявым судом СС і расстраляны. У кастр. 1944 рэшткі дывізіі раззброены і адпраўлены ў Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1-й дывізіі Рускай вызваленчай армііген. А.А.Уласава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУК АКУПАЦЫ́ЙНЫў Вялікую Айчынную вайну,
выданні, якія выходзілі ў 1941—44 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі. Выдаваўся ням. адміністрацыяй (цывільнай і ваеннай), бел. легальнымі арг-цыямі і фарміраваннямі для прапаганды палітыкі і практыкі ням.-фаш. улад, забеспячэння эфектыўнасці кіравання на захопленых тэрыторыях, захавання лаяльнасці мясц. насельніцтва, барацьбы з партыз. рухам і ўплывам камуніст. ідэалогіі. На тэр. Беларусі выходзіла каля 100 легальных перыяд. выданняў (разам з аднадзёнкамі і нерэгулярнымі выданнямі) на бел., рус., ням., часткова ўкр. мовах (газеты выдаваліся раз у 3—7 дзён, часопісы раз у 1—2 месяцы); на бел. мове выдаваліся адм. структурамі акупац. улад і падкантрольнымі ім установамі-аддзеламі прэсы, прапаганды, культуры гебітскамісарыятаў і гар. упраў, спецыялізаванымі выд-вамі (газ.«Голас вёскі», «Беларуская газэта», «Слонімскі кур’ер», час.«Беларуская школа», «Новы шлях» і інш.) або грамадскімі арг-цыямі — бел.нац. к-тамі, культ. згуртаваннямі, прафс. арг-цыямі, цэнтр. і рэгіянальнымі структурамі Бел.нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі (газ.«Беларускі голас», час. «Жыве Беларусь!» і інш.). Тэматычна да гэтай групы выданняў прымыкала бел. перыёдыка ў Германіі (газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Беларускі студэнт», «Малады змагар»), распаўсюджанне якой на Беларусі было вельмі абмежавана. На старонках легальнай прэсы друкаваліся загады і распараджэнні акупац. улад, прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі, тэндэнцыйная інфармацыя пра баявыя дзеянні на франтах 2-й сусв. вайны і міжнар. падзеі, агляды перыёдыкі краін саюзнікаў Германіі, публікацыі пра эканам., паліт., сац., ваен. сітуацыю ў Беларусі, дзейнасць легальных арг-цый і фарміраванняў, успаміны бел. эмігрантаў, навукова-папулярныя артыкулы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, праблемах развіцця культуры, асветы, навукі, мовы, агляды культ. жыцця і г.д.Ваен. ўлады тылавога раёна групы армій «Цэнтр», камандаванне рус. калабарацыянісцкіх вайск. фарміраванняў, антысав. арг-цыі прарус. арыентацыі выдавалі на рус. мове газ. «Новый путь» (Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Віцебск, Гомель, Лепель, Магілёў і інш.), «Боевой путь» (Дзятлава), «Казак» (Навагрудак) і інш. Асобную групу складалі перыяд. выданні на ням. мове — зборнікі нарматыўных актаў, загадаў, распараджэнняў і інфармацый акупац. улад, штодзённая газ. «Minsker Zeitung» («Мінская газета»). У паўд.ч. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Украіна», распаўсюджваліся газеты на ўкр. мове — «Наше слово» (Брэст) і «Пиньска газета» (Пінск). З прапагандысцкімі мэтамі выкарыстоўваліся таксама плакаты (іх друкавалі пераважна за межамі Беларусі) і лістоўкі.
Літ.:
Библиография оккупационных периодических изданий, выходивших на территории Белоруссии в 1941—1944 гг.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),
вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.
М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развіццё М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.Грыгор’еў, С.Іваноў (Палубес), І.Максімаў, старац Іпаліт, Ф.Чука, П.Заборскі.
На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел.тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат буд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.Байрачны, М.Бяляева, Г.Гаркуноў, Г.Гаўрылаў, В.Данчук, А.Дзятлава, Ф.Зільберт, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, В.Кірыленка, А.Концуб, Ю.Конюх, Н.Кухарэнка, М.Міхалап, М.Несцярэўскі, Т.Паражняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, З.Раўко, Т.Сакалова, У.Угрыновіч, Я.Хамініч, М.Шаўцова, Ф.Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.
Літ.:
Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;
Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл.Пач. 20 ст.Да арт.Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п.Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРА́Ж (франц. vitrage ад лац. vitrum шкло),
арнаментальная або сюжэтная дэкар. кампазіцыя са шкла ці інш. матэрыялаў, якія прапускаюць святло (у акне, дзвярах, у выглядзе самаст. пано).
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. З 1 ст. да н.э. ў Стараж. Рыме. У 10—12 ст. у раманскіх храмах Францыі (сабор Нотр-Дам у Шартры, да 1260) і Германіі з’явіліся сюжэтныя вітражы з кавалачкаў каляровага (чырвонага і сіняга) шкла, выразаных па контуры выяў і змацаваных свінцовымі палоскамі. Былі пашыраны кампазіцыі, дзе выявы святых займалі амаль увесь аконны праём, і кампазіцыі ў форме медальёнаў (уся плошча акна запаўнялася закампанаванымі невял. дэталямі). У 12—14 ст. узбагаціўся колеравы набор шкла, разам з рэліг. сцэнамі ствараліся бытавыя. У 14—15 ст. мастацтва вітража актыўна развівалася ў Англіі (Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане), Італіі (сабор у Мілане), Польшчы, Швейцарыі. Паступова ў вітражы ўсё большую ролю адыгрывала размалёўка, ён траціў спецыфічную плоскаснасць, формы драбнелі. У эпоху Адраджэння вітражом называлі і жывапіс па шкле. У 16 ст. для аздаблення інтэр’ераў выкарыстоўвалі аднатонныя вітражы са свецкімі сюжэтамі. У эпоху барока і класіцызму вітраж амаль знікае. З 2-й пал. 19 ст. цікавасць да вітража павышаецца. Імкненне да падкрэсленай эмацыянальнай выразнасці інтэр’ера спарадзіла вітраж мадэрну. Мастакі 20 ст. ўключаюць свае кампазіцыі ў адзіную сістэму дэкору інтэр’ера, надаючы ім ролю асн. кампанента маст. выразнасці. З 1950-х г. развіваюцца вітражы-перагародкі, вітражы-пано. Вітраж складаюць з кавалачкаў каляровага і бясколернага шкла, з маналітнага шкла з размалёўкай запечанымі фарбамі, трохслаёвыя з арган. шкла, з тоўстага колатага шкла і каляровых люстэркаў, якія манціруюць на цэменце або жалезабетоне, арміруюць свінцовай, стальной або пластмасавай стужкай. Дэкар. апрацоўку шкла для вітража робяць пескаструменным спосабам, каляровым траўленнем, адліўкай і прасаваннем, што дае магчымасць больш поўна выяўляць магчымасці шкла (празрыстасць, шурпатасць, зіхатлівасць). Тэматыка вітража часта адпавядае прызначэнню будынка.
На Беларусі вітражы вядомы з 15—16 ст. (у капліцах фарнага касцёла ў Навагрудку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). Вітражы пашыраны і ў сучасным манум.-дэкар. мастацтве: паяны вітраж у інтэр’еры касцёла Сымона і Алены (1974, Г.Вашчанка), Доме літаратара (1976, У.Стальмашонак), у адм. будынку ВА «Гарызонт» (1982, Н.Шчасная), кінатэатры «Масква» (1980, Г. і М.Вашчанкі); з выкарыстаннем размалёўкі эпаксіднымі смоламі — у Т-ры юнага гледача (1978, У.Ткачоў, В.Нямцоў), з алюмініевай працяжкай у Рус.драм. т-ры (1976), на паштамце (1980; абодва В.Позняк; усе ў Мінску). У камбінаванай тэхніцы (ліццё, размалёўка, паяны з алюмініевай працяжкай) выкананы вітраж ў кінатэатры «Радзіма» ў г. Маладзечна (1982, В.Ціханаў, В.Барабанцаў), вітраж «Прырода» ў Ін-це батанікі АН Беларусі (1984, Барабанцаў), у Палацы піянераў у Брэсце (1989) і санаторыі «Радон» у в.Дзятлава Гродзенскай вобл. (1993, абодва Позняк і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Вітраж «Прырода» ў Інстытуце батанікі АН Беларусі. Мастак В.Барабанцаў. 1984.Вітраж Міланскага сабора.Вітраж сабора Нотр-Дам у Шартры (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка фізіка-геагр. раёна Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады на У Гродзенскай і Пн Брэсцкай абласцей. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на З, Пн і ПнУ, Стаўбцоўскай раўнінай на У, Капыльскай градой і Баранавіцкай раўнінай на ПдУ і Пд, Слонімскім узв. на ПдЗ. Выш. да 323 м (Замкавая гара). Пл. 3550 км². Выцягнута з Пн на Пд на 72 км, з З на У на 45—50 км. Раўніны і даліны рэк, якія акаймоўваюць Н.ў., знаходзяцца на выш. 165—175 м, на Пд — да 180—200 м.
Н.ў. прымеркавана да Цэнтральнабел. масіву Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты на цэнтр. і паўн.-ўсх. участках верхнявендска-ніжнекембрыйскім комплексам парод, на паўд. — сярэднерыфейска-ніжнекембрыйскім. Тоўшча даантрапагенавых парод (магутнасць больш за 200 м) пераважна складаецца з мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, якія на асобных участках у выніку дзейнасці ледавікоў моцна дэфармаваны. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 60—316 м) суцэльным чахлом перакрывае даантрапагенавыя пароды. У ёй найб. развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых парод, а таксама азёрных і балотных намнажэнняў міжледавіковых эпох. У час паазерскага зледзянення ў пародах Н.ў. ўзніклі мярзлотныя дэфармацыі, намнажаліся лёсавыя ўтварэнні (магутнасць да 8 м).
Перадумовы ўзнікнення Н.ў. абазначыліся ўжо ў рэльефе крышт. фундамента, дзе выяўлена серыя невял. выступаў. Першыя ледавікі стварылі ядро ўзвышша. Канчаткова рэльеф Н.ў. сфарміраваўся ў выніку дняпроўскага зледзянення і сожскага зледзянення. На Н.ў. вылучаюць 3 тыпы рэльефу. Градава-ўзгорыстыя краявыя ўтварэнні ў цэнтры ўзвышша, на Пд ад г.п.Дзятлава і на ўчастках, што прылягаюць да далін рэк Моўчадзь, Нёўда, Сэрвач, Валоўка. Выш. 300—320 м, глыб. расчлянення 30—60 м/км². Даўж. град да 20—30 км. Спадзіста-выпуклыя схілы расчлянёныя мноствам стараж. лагчын ледавіковага сцёку і ярамі. Узгорыста-марэнны дэнудацыйны рэльеф на б.ч. ўзвышша. Выш. 170—250 м, адносныя перавышэнні 10—30 м. Густата расчлянення да 2—3 км/км². Узгорыста-марэнны рэльеф на лёсападобных пародах вызначаецца згладжанымі і платопадобнымі водападзельнымі паверхнямі і інтэнсіўным ярыста-лагчынным (3—5 км/км²) расчляненнем схілаў. Водна-ледавіковая раўніна нешырокай паласой акаймоўвае зах. схіл узвышша. Далінныя зандры развіты ўздоўж р. Моўчадзь і яе прытокаў. На плоскіх паверхнях трапляюцца тэрмакарставыя западзіны, занятыя балотамі. Карысныя выкапні: мел, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд. Сярэднія т-ры студз. -6,6 °C, ліп. 17,4 °C, ападкаў 706 мм за год (г. Навагрудак). Рачная сетка належыць да бас. Нёмана. Н.ў. перасякае р. Моўчадзь, на схілах вытокі рэк Іса, Мышанка, Шчара, Сэрвач. Нёўда, Валоўка. На Пд ад г. Навагрудак воз. Свіцязь. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-балотныя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя. Пад лесам каля 28% тэрыторыі; лясы яловыя, яловыя з дамешкамі дубу, грабу, ясеню, вязу, клёну; дубровы. Па тэрасах р. Моўчадзь — хваёвыя бары, па далінах рэк і сухадолах — лугі. Пад ворывам 41% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ РАЁН.
Размешчаны на У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,7 тыс.км². Нас. 58 тыс.чал. (2000), гарадскога 55%. Сярэдняя шчыльн. 34 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Навагрудак. Уключае г.п.Любча, 215 сельскіх населеных пунктаў, Любчанскі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Асташынскі, Ацмінаўскі, Бенінскі, Валеўскі, Ваўковіцкі, Вераскаўскі, Гарадзечанскі, Кашалёўскі, Ладзеніцкі, Нягневіцкі, Пятрэвіцкі, Уселюбскі, Шчорсаўскі, Ятраўскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана на Навагрудскім узвышшы, уздоўж р. Нёман — Верхнянёманская нізіна. Паверхня буйнаўзгорыстая і платопадобная, пераважна на выш. 150—250 м, найвыш. пункт 323 м (Замкавая гара). Карысныя выкапні: мел, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пяскі, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 706 мм за год (макс. на Беларусі). Вегетац. перыяд каля 190 сут. Найб.р. Нёман з прытокамі Валоўка, Пліса, Крамушаўка, Ізва; на Пдр. Нёўда (прыток Сэрвачы). Возера Свіцязь. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (56,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (12,2%), тарфяна-балотныя (10,6%) дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,4%). Пад лесам 38,6% тэр. раёна. Найб. лясныя масівы на З па даліне р. Нёман (ч. Нёманскіх лясоў), на У часткі Налібоцкіх лясоў і Графскай пушчы. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя і інш. Пад балотамі 3,4 тыс.га. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя Навагрудскі і Свіцязянскі, частка біял. заказніка Налібоцкі; біял. заказнік мясц. значэння Бярозаўскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: Уселюбскі парк, дуб-трайнік і дуб, які зросся з хвояй, у Свіцязянскім лясніцтве; Пуцэвіцкая гара, геал. разрэз Камарышкі каля в. Уселюб, Запольскія 2 камлыгі, Літоўскі вял. камень са знакамі, Пліскія 3 вял. камяні, Святы камень Сянежыцкі, валун ва Уселюбскім парку; мясц. значэння: гара Капліца, Ятраўская гара, Кашалёўскія пагоркі, пагорак Старыя Лагадкі, 2 валуны Лукінскія, дуб Адама Міцкевіча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 69,3 тыс.га (42%), з іх асушаных 18,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 15 калгасаў, 2 саўгасы, калект.сял. гаспадарка «Уселюб», с.-г. прадпрыемства «Камунар», аграпрадпрыемства імя А.Міцкевіча, аграгандлёвае прадпрыемства «Свіцязь», 5 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, ільнаводстве, бульбаводстве. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (натуральнамалочныя прадукты, масла, сыр, віно, піва, спірт, рыбныя прадукты і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), дрэваапр. (піламатэрыялы), металаапр. (метал. сетка, шафы, цвікі), швейнай і валюшна-лямцавай прам-сці; Навагрудскі завод газавай апаратуры, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Баранавічы—Навагрудак—Іўе, Нясвіж—Навагрудак—Ліда, Навагрудак—Наваельня, Любча—Навагрудак—Дзятлава; адгалінаванне газаправода Бярозаўка—Навагрудак. У раёне 23 сярэднія, 12 базавых, 4 пачатковыя, 2 дзіцяча-юнацкія спарт., 2 муз. (5 філіялаў) школы, школа-сад, школа-інтэрнат, спецшкола для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы; цэнтры: пазашкольнай работы, тэхн. творчасці, экалогіі і біялогіі, турызму і краязнаўства, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; дзярж.гандл.-эканам. каледж, с.-г. тэхнікум, ПТВ, 26 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 49 б-к, 8 бальніц, скурвендыспансер, 2 паліклінікі, 31 фельч.-ак. пункт. На тэр. раёна размешчаны рэсп. псіханеўралагічная бальніца (в. Гірдаўка), рэсп. Дом дзіцяці для дзяцей з парушэннямі цэнтр.нерв. сістэмы (г.п. Любча), Дом-інтэрнат (абласны) для ветэранаў вайны і працы (в. Карнышы). Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей, Валеўскі народны гіст.-краязнаўчы музей, музей Любчанскага краю, музей партызанскай славы (у в. Чарэшля). Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (18 ст.) у в. Валеўка, жылы дом і царква (19 ст.) у в. Дзяляцічы, царква (1877) у в. Загор’е-Сенненскае, Успенская царква (1768) у в. Лаўрышава, Мікалаеўская царква (1861) у в. Нягневічы, царква (1895) у в. Поўбераг, парк (18 ст.) у в. Уселюб, Дзмітрыеўская царква (1776) і сядзіба (2-я пал. 18—19 ст.) у в. Шчорсы. Выдаецца газ. «Новае жыццё».
Літ.:
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛЫ,
найбуйнейшы ў ВКЛ магнацкі род герба «Трубы» («Тромбы»), прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж., адм. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. У сярэдзіне 16—1-й пал. 18 ст. займалі 1-е месца сярод магнатаў ВКЛ па эканам. і паліт. значэнні. На Беларусі яны валодалі гарадамі, мястэчкамі: Геранёны, Давыд-Гарадок, Клецк, Койданава, Копысь, Лахва, Мір, Нясвіж, Чарнаўчыцы, Шчучын; на Украіне — г. Алыка з дзесяткамі вёсак (Валынскае ваяв.); у Польшчы — г. Шыдловец з вёскамі (Сандамірскае ваяв.); у Літве — мястэчкамі Біржы, Дубінкі (Віленскае ваяв.), Кейданы (Жамойць) і інш. Адна з галін роду Р. у 15—16 ст. мела маёнткі з г. Ганёндз і Райград на Падляшшы. У 1612 да Р. перайшло Слуцкае княства. Акрамя ўласных спадчынных маёнткаў, Р. рэгулярна атрымлівалі разам з пасадамі старостаў у пажыццёвае карыстанне маёнткі (староствы); Ашмяны, Барысаў, Брэст, Крычаў, Ліда, Мазыр і інш. У 1586 паміж братамі Мікалаем Крыштофам, Альбрыхтам і Станіславам з нясвіжскай лініі Р. заключана пагадненне пра стварэнне Нясвіжскай, Клецкай і Алыцкай ардынацый (непадзельных уласных маёнткаў, што перадаваліся ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі, пасля — толькі старэйшаму сыну). У 19 ст. ўтворана і Давыд-Гарадоцкая ардынацыя. Іншыя маёнткі Р. знаходзіліся на аладыяльным праве (маглі перадавацца ў спадчыну жанчынам, свабодна адчужацца). У 16—18 ст. Р. мелі сваё войска са шляхты і ваеннаслужылых людзей — зямян, выбранцаў, баяр і татараў, якія атрымлівалі за службу зямлю «навечна»; мелі свае крэпасці — Нясвіж, Біржы, Кейданы, Мір, Любчу і інш. — з гарнізонамі. У 1528 у маёнтках Р. налічвалася 18 240 дымоў, з якіх ставілі ў войска ВКЛ 760 коннікаў, у 1567 ад 28 170 дымоў выстаўлялі 939 коннікаў і 1586 пехацінцаў. У сярэдзіне 18 ст. Р. заснавалі кадэцкія корпусы ў Слуцку і Нясвіжы. Напр., войска Гераніма Фларыяна налічвала 6 тыс.чал. (столькі ж мела ўся армія ВКЛ). Р. адыгрывалі значную ролю ў культ. і рэліг. жыцці. У 16—17 ст. частка з іх перайшла ў кальвінізм і кіравала пратэстанцкай супольнасцю краіны. Большасць Р. засталася католікамі. У сваіх гарадах і маёнтках яны адкрывалі школы і друкарні, збіралі архівы, б-кі (гл.Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы). Многія з іх вядомы як мецэнаты і кампазітары (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівілаў), заснавальнікі мануфактур, у т. л.Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. У радаводах да аднолькавых імён Р. дадавалі парадкавыя нумары ці мянушкі, як у пануючых еўрапейскіх дынастыях. Заснавальнік роду — Радзівіл Осцікавіч, сын віленскага кашталяна Осціка. Яго сын Мікалай Стары меў 4 сыноў, ад якіх пайшлі 3 галіны роду. Старэйшы сын Мікалай атрымаў 25.2.1515 тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі», яго лінія ў мужчынскім родзе згасла ў 1546. 2-і сын Мікалая Старога Ян стаў пачынальнікам сярэдняй, нясвіжска-алыцкай галіны роду. Яго сын Мікалай Чорны 10.12.1547 атрымаў імперскі княжацкі тытул для сябе і інш. прадстаўнікоў роду. Ён меў 4 сыноў, 3 з якіх заснавалі асобныя лініі гэтай галіны. Мікалай Крыштоф Сіротка — заснавальнік нясвіжскай лініі, якая ў старэйшым адгалінаванні згасла ў 1813 са смерцю нясвіжскага ардыната Дамініка Гераніма, а ў малодшых працягваецца і цяпер. Лінія 1-га клецкага ардыната Альбрыхта згасла са смерцю Станіслава Казіміра і Клецкая ардынацыя перайшла ў нясвіжскую лінію да канцлера Дамініка Мікалая, ад якога паходзілі нясвіжскія ардынаты з 1814. Малодшы сын Мікалая Чорнага Станіслаў стаў 1-м алыцкім ардынатам. Лінія згасла са смерцю яго малодшага сына Альбрыхта Станіслава, і Алыцкая ардынацыя перайшла да нясвіжскай лініі. Ад 4-га сына Мікалая Старога Юрыя пачалася біржанска-дубінкаўская галіна роду Р., якая скончылася ў мужчынскай лініі са смерцю Багуслава, а ў жаночай — Людвікі Караліны. Уладанні гэтай галіны пасля 50-гадовага валодання імі нойбургскай (пфальцкай) лініі баварскага дома Вітэльсбахаў таксама перайшлі да нясвіжскай. Са смерцю ў 1813 Дамініка Гераніма, апошняга прадстаўніка гал. нясвіжскай галіны Р., яго шматлікія маёнткі перададзены сваякам: ардынацыі — Антонію Генрыку, аладыяльныя маёнткі — дачцэ Стафаніі (1809—32), якую рас. імператар выдаў замуж за сына ген.-фельдмаршала П.Х.Вітгенштэйна Льва (гл.Вітгенштэйны). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. Р. ўваходзілі ў склад арыстакратыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, валодалі маёнткамі ў Францыі, Італіі. У Рас. імперыі княжацкі тытул Р. зацверджаны ў 1845 і 1899, у Прусіі — у 1859 і 1861, у Аўстрыі — у 1784, 1882 і 1905. Найб. вядомыя Р.:
Радзівіл Осцікавіч (?—1477). У 1420—28 маршалак гаспадарскі вял. князя Вітаўта. 15.10.1432 як сведка падпісаў акт уніі ВКЛ з Польшчай. Маршалак земскі (вялікі) у 1433—34 і 1463—74. Удзельнічаў у заключэнні мірнага дагавора паміж ВКЛ, Польшчай і Ням. ордэнам у Растэнбургу (1448). У 1-й пал. 1450-х г. узначаліў магнацкую апазіцыю супраць вял.кн. Казіміра і ёй вылучаны кандыдатам на велікакняжацкі пасад. Пасля адышоў ад апазіцыі, з 1463 ваявода трокскі і з 1475 кашталян віленскі. Разам з М. і Я.Кезгайламі кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве вял. князя.
Мікалай (мянушка Стары: ?—1509), гл.Радзівіл М.
Мікалай (каля 1470—1521), сын Мікалая Старога. Крайчы ВКЛ у 1488—93, падчашы ВКЛ у 1493—1505, маршалак вялікі ВКЛ у 1505, ваявода трокскі ў 1505—10, ваявода віленскі і канцлер ВКЛ з 1510. У 1515 атрымаў ад імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Максіміліяна I тытул князя «на Гонёндзы і Меделях».
Ян (каля 1474—1522), сын Мікалая Старога. Намеснік вількійскі ў 1495—1501 і слонімскі з 1505, маршалак гаспадарскі ў 1499—1514 і земскі ў 1514—22, кашталян трокскі ў 1522. Падпісаў Мельніцкі акт 1501. Пасол у Маскву ў 1507 і 1508.
Войцах (Альбрыхт; 1476—19.4.1519), сын Мікалая Старога. Біскуп луцкі з 1502, віленскі з 1507 (першы з магнатаў ВКЛ на гэтай пасадзе). Выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.
Юрый (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541), гл.Радзівіл Ю.
Мікалай (мянушка Руды; 1512—27.4.1584), гл.Радзівіл М.
Мікалай (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж — 28/29.5.1565), гл.Радзівіл М.
Ян (? — 1542), сын Мікалая. Падчашы ВКЛ з 1517 дзяржаўца маркаўскі ў 1520—34 і васілішскі з 1523, староста бельскі з 1522 і жамойцкі з 1535. У 1530—40-х г. трыумвірат у складзе Яна і Юрыя Р. і А.Гаштольда фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве Жыгімонта I Старога.
Ян (1516—27.9.1551), сын Яна. У 1544 увайшоў у склад Рады ВКЛ. Набліжаны да вял. князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Алыцы і Нясвіжы».
Барбара (6.12.1520—8.5.1551), каралева польская і вял. княгіня ВКЛ, гл.Барбара Радзівіл.
Мікалай (каля 1546—18.12.1589), сын Мікалая Рудога. Лоўчы ВКЛ у 1574—80, ваявода навагрудскі з 1579. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, вызваленні Полацка ў 1579.
Мікалай Крыштоф (мянушка Сіротка; 2.8.1549, г. Цьмелеў Свентакшыскага ваяв., Польшча — 28.2.1616), гл.Радзівіл М.К.
Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603), гл.Радзівіл К.
Юрый (Ежы; 31.5.1556, Вільня — 23.1.1600), сын Мікалая Чорнага. У 1574—81 каад’ютар (памочнік-намеснік) біскупа віленскага В.Пратасевіча. Біскуп віленскі ў 181—91, кардынал (1583). У 1582—84 адначасова намеснік караля ў Інфлянтах. З 1591 біскуп кракаўскі.
Альбрыхт (8.3.1558, Вільня — 13.7.1592), сын Мікалая Чорнага. З 1579 надворны маршалак ВКЛ, адначасова староста ковенскі. Удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582. З 1586 вял. маршалак ВКЛ. У 1586 далучыўся да сямейнага дагавора Р. пра ўтварэнне родавых ардынацый і стаў 1-м клецкім ардынатам.
Станіслаў (12.5.1559, Вільня — 19.3.1599), сын Мікалая Чорнага. Маршалак вялікі ВКЛ у 1592—95, староста жамойцкі з 1595. У 1586 удзельнічаў у заснаванні 3 радзівілаўскіх ардынацый і стаў 1-м алыцкім ардынатам. Аўтар рэліг. твораў, перакладаў.
Юрый (14.12.1578—13.2.1613), сын Мікалая. З 1589 староста мазырскі, з 1590 дзяржаўца анішкінскі. Кашталян трокскі з 1600, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1599 і 1605. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у антыкаралеўскім мяцяжы М.Зебжыдоўскага 1606—07 у Польшчы.
Януш (21.7.1579, Вільня — 6 або 7.11.1620), сын Крыштофа Перуна. Падчашы ВКЛ у 1599—1619, кашталян віленскі з 1618, староста барысаўскі. У 1606—07 разам з Зебжыдоўскім узначаліў мяцеж супраць абсалютысцкай палітыкі караля. На сеймах адстойваў рэліг. і паліт. правы некатолікаў. З 1600 муж і спадкаемца Соф’і Алелькаўны.
Крыштоф (15.3.1585—19.9.1640), сын Крыштофа Перуна. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, перагавораў, якія скончыліся падпісаннем Палянаўскага міру 1634. За ваен. заслугі атрымаў пасады ваяводы віленскага (1633) і вял. гетмана (1635).
Ян Юрый (8.1.1588, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на — 18.12.1625), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. З 1613 кашталян трокскі, пасол на сейм 1611, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1616. Неаднаразова быў сенатарам-рэзідэнтам пры каралю.
Альбрыхт Уладзіслаў (16.6.1589, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 20.7.1636), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1614—20 староста рыжскі, стольнік ВКЛ у 1620, крайчы ВКЛ у 1622, кашталян трокскі ў 1626, кашталян віленскі ў 1633. Пасол на сеймы 1613 і 1615.
Жыгімонт Кароль (4.12.1591, г. Нясвіж — 5.11.1642), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1612 уступіў у рыцарскі Мальтыйскі ордэн. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Крайчы ВКЛ у 1633—38, падчашы ВКЛ у 1638—42, ваявода навагрудскі ў 1642.
Альбрыхт Станіслаў (мянушка Абаронца Правоў; 1.7.1593, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1656), сын Станіслава. Пасол на сеймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ. З 1623 канцлер ВКЛ. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар твора «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» і падрабязнага «Дзённіка» за 1632—56 — каштоўнай крыніцы па ўнутр. і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай.
Аляксандр Людвік (4.8.1594, г. Нясвіж — 23.3.1654), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. Стольнік ВКЛ з 1626, крайчы ВКЛ з 1630, ваявода брэсцкі з 1631, надворны маршалак ВКЛ з 1635, маршалак вялікі ВКЛ з 1637, ваявода полацкі ў 1654, староста слонімскі ў 1635—42, войт магілёўскі з 1632. З 1636 нясвіжскі ардынат.
Януш (2.12.1612, Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655), гл.Радзівіл Я.
Багуслаў (3.5.1620, г. Гданьск, Польшча —31.12.1669), гл.Радзівіл Б.
Міхал Казімір (26.10.1635—14.11.1680), сын Аляксандра Людвіка. Стольнік ВКЛ у 1652—53, крайчы ВКЛ у 1653—56, падчашы ВКЛ у 1656—61, кашталян віленскі ў 1661—66, ваявода віленскі 1666—68, гетман польны і падканцлер ВКЛ з 1668; пасол на сеймы 1648, 1659, 1661, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1664. З 1654 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1667 і алыцкі.
Міхал Кароль (?—1656), сын Януша. Харунжы вялікі ВКЛ у 1644, крайчы ВКЛ у 1645—53, падчашы ВКЛ з 1653; пасол на сеймы 1641, 1649, 1652. З 1641 ардынат клецкі.
Станіслаў Казімір(1648—8.12.1690), сын Міхала Караля. Стольнік ВКЛ у 1670—80, маршалак вялікі ВКЛ з 1680; пасол на сеймы 1664—65, 1670, 1678—79. З 1683 ардынат клецкі. Пасля яго смерці Клецкая ардынацыя перайшла ў лінію нясвіжскіх ардынатаў.
Дамінік Мікалай (1648 або 1653—27.7.1697), сын Аляксандра Людвіка. Падскарбі надворны ВКЛ у 1677—81, падканцлер ВКЛ у 1681—90, канцлер ВКЛ з 1690; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1685, староста лідскі, ваўкавыскі, вярбілаўскі. Пасол на сеймы 1669, 1674, 1676, 1681, 1697. З 1690 ардынат клецкі.
Людвіка Караліна (27.2.1667—23.3.1695), дачка Багуслава. Пасля шлюбу з сынам брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма маркграфам Людвігам (1681) пераехала ў Берлін. Сваёй вял. латыфундыяй кіравала праз адміністратараў. Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінскія зборы ў Літве і Беларусі. Утрымлівала Слуцкую друкарню 1672—1705. У 1688 выйшла замуж за князя Нойбургскага Карла Філіпа. Пасля яе смерці латыфундыя, т.зв. «Нойбургскія маёнткі», стала аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і ням. князямі.
Ежы Юзаф (10.3.1668, г. Бяла-Падляска Люблінскага ваяв., Польшча — 2/3.1.1689), сын Міхала Казіміра. Падчашы ВКЛ у 1685—88, ваявода трокскі з 1688; пасол на сейм 1688. З 1680 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1688 і алыцкі.
Кароль Станіслаў (27.11.1669, г. Кракаў, Польшча — 2.8.1719), сын Міхала Казіміра. Канюшы ВКЛ у 1686—90, падканцлер ВКЛ у 1690—98, канцлер ВКЛ з 1698; пасол на сеймы 1687, 1688, 1690, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1694 і 1700. Узначальваў рух бел. шляхты супраць Сапегаў, якія былі разбіты ў Алькеніцкай бітве 1700. Далучыўся да Віленскай канфедэрацыі 1716. З 1689 ардынат нясвіжскі і алыцкі.
Ян Мікалай Аляксандр (17.5.1681—20.1.1729), сын Дамініка Мікалая. Крайчы ВКЛ у 1699—1706 і 1707—08, кашталян віленскі у 1706—07, ваявода навагрудскі з 1708. З 1697 ардынат клецкі.
Мікалай Фаўстын (21.5.1688, г.Дзятлава Гродзенскай вобл. — 2.2.1746), сын Дамініка Мікалая. Чашнік ВКЛ у 1706—09, мечнік ВКЛ у 1710—29, ваявода навагрудскі з 1729; пасол на сеймы 1718, 1720, 1722, 1726; ген.-лейтэнант (1725). Выконваў абавязкі камандуючага войскамі ВКЛ.
Міхал Казімір (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка — 22.5.1762), гл.Радзівіл М.К.
Марцін Мікалай Кароль (11.11.1705, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.1.1782), сын Яна Мікалая Аляксандра. Крайчы ВКЛ у 1723—52, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1737. З 1729 ардынат клецкі. Арганізаваў лабараторыі, праводзіў даследаванні па фізіцы, медыцыне, хіміі, захапляўся алхіміяй. Верагодна, душэўна захварэў.
Геранім Фларыян (4.5.1715, г. Бяла-Падляска — 17.5.1760), сын Караля Станіслава. Падчашы ВКЛ у 1739—50, вял. харунжы ВКЛ з 1750. Задушыў Крычаўскае паўстанне 1743—44. Заснаваў Слуцкі тэатр Радзівілаў.
Альбрыхт (25.3.1717, г.Дзятлава — пасля 1790), сын Мікалая Фаўстына. Пасол на пацыфікацыйны сейм 1736, у 1750 маршалак Трыбунала ВКЛ. У 1740-х г. палкоўнік панцырнай кавалерыі ВКЛ, з 1755 ген.-маёр войска ВКЛ. У 1768 далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 абраны яе маршалкам у Рэчыцкім пав.; у 1743—73 староста рэчыцкі.
Ежы (4.2.1721—13.12.1754), сын Мікалая Фаўстына. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1744, пасол на сейм 1746, ваявода навагрудскі з 1746. Староста любашанскі і навагрудскі.
Станіслаў (3.5.1722, г.Дзятлава — 22.4.1787), сын Мікалая Фаўстына. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1750), ген.-лейтэнант кавалерыі (1765). Крайчы ВКЛ у 1752—59, падкаморы ВКЛ у 1759—79, пасол на сеймы 1750, 1760, 1762, 1767, 1776, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1763.
Кароль Станіслаў (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж —21.11.1790), гл.Радзівіл К.С.
Юзаф Мікалай (13.11.1736, г. Кракаў — 1813), сын Марціна Мікалая Караля. Пісар вялікі ВКЛ у 1764—73, ваявода мінскі ў 1773—84, трокскі кашталян у 1784—88 і ваявода з 1788; пасол на сеймы 1760, 1764. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1782. З 1759 ардынат клецкі.
Міхал Геранім (29.9.1744—28.3.1831), сын Марціна Мікалая Караля. Мечнік ВКЛ у 1771—75, кашталян віленскі ў 1775—90, ваявода віленскі з 1790; пасол на сейм 1773, чл. Пастаяннай Рады ў 1780—83 і 1793—94, чл.Адукацыйнай камісіі з 1783 (старшыня ў 1793). З 1823 ардынат клецкі. Сабраў у Нябораўскім палацы (Польшча) каштоўную калекцыю медалёў, б-ку (уключала прыватную б-ку Людовіка XVIII), карцінную галерэю, збор гравюр.
Мацей (10.11.1749—2.9.1800), гл.Радзівіл М.
Геранім Вінцэнты (11.5.1759, г. Нясвіж — 18.9.1786), сын Міхала Казіміра Рыбанькі. Падкаморы ВКЛ з 1779, ротмістр гусарскай харугвы ў войску ВКЛ з 1780, староста мінскі з 1783, пасол на сеймы 1780 і 1784, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1782—83.
Антоні Генрык (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833), гл.Радзівіл А.Г.
Міхал Гедэон (24.9.1778, Варшава —24.5.1850), гл.Радзівіл М.Г.
Дамінік Геранім (4.8.1786, г. Бяла-Падляска — 11.11.1813), сын Гераніма Вінцэнтага. Камергер імператарскага двара. З 1810 у войску Варшаўскага княства У 1812 удзельнічаў у паходзе Напалеона на Маскву, палкоўнік войска Варшаўскага княства і гвардыі Напалеона. У 1813 удзельнічаў у бітвах пад Лютцэнам, Дрэздэнам і Лейпцыгам, смяротна паранены пад Ганаў. Апошні прадстаўнік гал. нясвіжскай галіны Р.
Канстанцін (5.4.1793—6.4.1869), гл.Радзівіл К.
Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Павел; 19.3.1797, Берлін — 5.8.1870), сын Антонія Генрыка. З 1813 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. пяхоты (1855). З 1833 ардынат нясвіжскі. Сабраў каштоўную калекцыю манет і медалёў Польшчы і ВКЛ, старшыня Нумізматычнага т-ва ў Берліне.
Антоні Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Фердынанд Антоні; 31.7.1833, г. Цепліцы, Чэхія — 16.12.1904), сын Вільгельма. З 1852 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. артылерыі (1889), ад’ютант Вільгельма I, Фрыдрыха III, Вільгельма II. Меў вял. зямельныя ўладанні ў Прусіі, усе ардынацыі Р. на тэр. Беларусі і Украіны.
Станіслаў Вільгельм (6.2.1880, Берлін — 28.4.1920), сын Антонія Вільгельма. Валодаў Давыд-Гарадоцкай ардынацыяй, прыняў рас. падданства. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05, 1-й сусв. вайны. Адзін з заснавальнікаў польскай Нац.-кансерватыўнай партыі ў Петраградзе (кастр. 1917), сакратар арг-цыі партыі ў Мінску. У лют. 1919 уступіў у 3-і полк уланаў у складзе Літоўска-беларускай дывізіі. Загінуў у баі на Украіне.
Альбрыхт (Антоні Альбрэхт Вільгельм; 30.10.1885, Берлін — 18.12.1935), сын Ежы Фрыдэрыка (1860—1914). У 1914 атрымаў ва ўласнасць Нясвіжскую і Клецкую ардынацыі. Пасля абвяшчэння Бел.Нар. Рэспублікі разам з Р.Скірмунтам ездзіў у Берлін і Швейцарыю, каб забяспечыць ёй падтрымку. Пазней — адзін з лідэраў кансерватыўнага лагера землеўладальнікаў, віцэ-прэзідэнт Саюз абаронцаў «крэсаў усходніх». З 1922 фінансаваў віленскую газ. «Słowo» («Слова»), дзе публікаваліся матэрыялы па гісторыі і сучасным стане Нясвіжа. Яго малодшы брат Леан Уладзіслаў (22.12.1886—8.4.1959) — апошні ардынат нясвіжскі і клецкі (да 1939). Памёр у Парыжы.
Літ.:
Kotłubaj E. Galerja Nieświeżska portretów Radziwilłowskich. Wilno, 1857;
Bartoszewicz K. Radziwiłłowie. Warszawa;
Kraków, 1928. SajkowskiA. Od Sierotki do Rybeńki: W kręgu radziwiłłowskiego mecenatu. Poznań, 1965;
Malczewska M. Latyfundium Radziwiłłów w XV do połowy XVI w. Warszawa;
Poznań, 1985;
Polski słownik biograficzny. T. 30. Wrocław etc. 1987;
Miscellanea historicoarchivistica. T. 3, 7. Warszawa;
Łódź, 1989, 1997. Mackiewicz S. Dom Radziwiłłów, Warszawa, 1990;
Канановіч У. Клецкія Радзівілы // Бел. мінуўшчына. 1994. № 3;
Badania księgozbiorów Radziwúuiow. Warezawa, 1995;
Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwilłów od początku XVI do połowy XVII w. Lublin, 1995;
Radziwiłłowie herbu Trąby. Warszawa, 1996.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Радзівілы. Ян Радзівіл (каля 1474—1522). Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.Да арт.Радзівілы. Юрый Радзівіл (1556—1600).Да арт.Радзівілы. Станіслаў Казімір Радзівіл (1648—1690).
ганаровае званне, якое прысвойваецца ўрачам. навук. супрацоўнікам, сярэдняму і малодшаму мед. персаналу, правізарам, фармацэўтам, інж.-тэхн. работнікам, абслуговаму персаналу лячэбна-прафілактычных, санітарна-прафілактычных, санаторна-курортных, аптэчных устаноў, органаў аховы здароўя, н.-д., мед. і фармацэўтычных ін-таў, прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў і аб’яднанняў незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці, якія працуюць у галіне аховы здароўя 15 і больш гадоў, за заслугі ў ахове здароўя насельніцтва, павышэнні якасці мед. дапамогі і лек. забеспячэння. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 29.10.1971 існавала званне засл. работніка аховы здароўя БССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.
Заслужаныя работнікі аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),
вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш.Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл.Маёліка) і інш.
Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс.г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб.стараж. посуд (6—5,8 тыс.г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э.вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.
На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл.Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу рас шырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л.галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.
К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн.тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.
Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс.г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл.Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст.н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл.Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл.Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар.маст. промыслаў (гл.Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл.вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г.прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.
На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт.Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл.Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сцькафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц.маст. стылі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл.Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал.ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.Зільберт, М.Бяляеў, В.Гаўрылаў, Т.Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.Панамарэнкі, М.Шаўцовай, М.Кляцкова, Ф.Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.Байрачны, В.Грыгарышына, В.Данчук, А.Дзятлава, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, А.Концуб, У.Кузняцоў, Н.Кухарэнка, С.Ларчанка, А.Паддубны, У.Паражняк, Э.Позняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, Т.Сакалова, А.Сурмач, У.Угрыновіч і інш.
Літ.:
Беларуская кераміка. Мн., 1984;
Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;
Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.
Н.І.Здановіч, Г.К.Штыхаў, М.М.Яніцкая, В.І.Жук (К. мастацкая).
Да арт.Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.Да арт.Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.Да арт.Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.Да арт.Кераміка. У.Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.Да арт.Кераміка. У.Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.Да арт.Кераміка. С.Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.Да арт.Кераміка. Т.Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.