стараве́рства, ‑а, н.

Сукупнасць рэлігійных груп і цэркваў у Расіі, якія не прынялі царкоўных рэформ 17 ст. і сталі апазіцыйнымі або варожымі да афіцыйнай праваслаўнай рэлігіі. // перан. Прытрымліванне ўстарэлых звычаяў, прывычак, густаў і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канцэртма́йстар, ‑а, м.

1. Першы скрыпач — саліст сімфанічнага або опернага аркестра.

2. Музыкант, які ўзначальвае адну са струнных груп аркестра (скрыпак, альтоў, віяланчэлей). Канцэртмайстар скрыпак. Канцэртмайстар віяланчэлей.

3. Піяніст-акампаніятар, які развучвае партыі са спевакамі.

[Ням. Konzertmeister.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саю́з, -а і -у, мн. -ы, -аў, м.

1. -у. Цеснае аб’яднанне, сувязь дзвюх або некалькіх асоб, груп і пад.

Сяброўскі с.

Раённы с. паляўнічых.

2. -у. Аб’яднанне, пагадненне арганізацый, дзяржаў для сумесных дзеянняў.

Ваенны саюз.

Гандлёвы саюз.

3. Назва дзяржаў, грамадскіх арганізацый, таварыстваў, партый, класаў.

С.

Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Прафесійны с.

С. рабочых і сялян.

С. кампазітараў.

|| прым. саю́зны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

інадапта́цыя

(ад ін- + адаптацыя)

наяўнасць у асобных груп жывёл такіх прыстасаванняў, якія ў ходзе эвалюцыі выяўляюцца недасканалымі і вядуць да вымірання гэтых груп.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЧАРНАВУ́САЎ Уладзімір Іванавіч (н. 16.6.1956, Мінск),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. З 1998 працуе за мяжой (ФРГ, Канада). Навук. працы па тэорыі лінейных алг. груп, кагамалогіях Галуа. Даказаў гіпотэзу Сера і прынцып Хасе для груп тыпу E8 над лікавымі палямі. Пацвердзіў гіпотэзу Платонава—Маргуліса аб праектыўнай прастаце груп рацыянальных пунктаў для большасці груп выключных тыпаў. Апісаў групы R-эквівалентнасцей адназвязных груп класічных тыпаў.

Тв.:

О проективной простоте некоторых групп рациональных точек над полями алгебраических чисел // Изв. АН СССР. Сер. мат. 1989. Т. 53, №2;

The rationality problem for semisimple group varieties (разам з У.​П.​Платонавым) // Journal für die Reine und Angewandte Mathematik. 1998. Vol. 504.

т. 17, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРА

Сістэматычныя даследаванні па алгебры на Беларусі пачаты ў 1945 Дз.​А.​Супруненкам. Яны былі звязаны з тэорыяй лінейных груп і груп падстановак, тэорыяй тапалагічных груп і паўгруп, тэорыяй канечных груп, тэорыяй кольцаў і тэорыяй прадстаўленняў груп. Асн. цэнтры даследаванняў — Ін-т матэматыкі Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскі і Віцебскі ун-ты.

У межах даследаванняў па лінейных групах і групах падстановак пабудавана тэорыя вырашальных і лакальна нільпатэнтных лінейных груп над алгебраічна замкнёным полем, класіфікаваны максімальныя прымітыўныя вырашальныя групы падстановак некаторых прымарных ступеняў, атрыманы шэраг важных вынікаў аб перыядычных лінейных групах і камутатыўных матрычных алгебрах (Дз.​А.​Супруненка). Значныя вынікі ў гэтых галінах атрыманы таксама вучнямі Дз.​А.​Супруненкі (Р.​Т.​Вальвачоў, У.​С.​Конюх, Р.​І.​Тышкевіч і інш.); завершана пабудова тэорыі вырашальных і лакальна нільпатэнтных лінейных груп над адвольным полем (У.​С.​Конюх); даследаваны агульныя ўласцівасці груп падстановак і іх сувязі з групамі аўтамарфізмаў розных аб’ектаў (Р.​І.​Тышкевіч). Развіты метад апраксімацыі лінейных груп, у прыватнасці, атрымана рашэнне праблемы Мальцава пра лінейныя групы канечнага рангу, даказана нільпатэнтнасць падгрупы Фратыні канечна спароджанай лінейнай групы (У.​П.​Платонаў).

Даследаванні па лакальна праектыўна нільпатэнтных групах, а потым па лакальна кампактных групах з нармалізатарнымі ўмовамі праводзіліся ў пач. 1960-х г. (У.​П.​Платонаў). Сістэматычна даследаваны праканечныя групы (А.​У.​Мельнікаў). Вырашана задача Гратэндыка пра праканечныя папаўненні (У.​П.​Платонаў, А.​І.​Таўгень). Атрыманы шэраг цікавых вынікаў у даследаваннях паўгруп (А.​А.​Бейда, В.​У.​Дземянчук, Л.​Б.​Шнеперман, У.​М.​Шыраеў і інш.). Канечныя групы — асноўны аб’ект даследаванняў С.​А.​Чуніхіна і яго вучняў; найб. важныя дасягненні — даследаванні π-вырашальных груп, увод паняцця π-аддзяляльнай групы, развіццё метаду індэксіялаў. Знойдзена рашэнне задачы Віланда пра расшчапленне пашырэнняў канечных груп (Л.​А.​Шамяткоў) і частковае рашэнне праблемы Бёрнсайда пра існаванне нармальных падгруп у біпрымарных групах (У.​С.​Манахаў). З 1970-х г. пад кіраўніцтвам Л.​А.​Шамяткова развіваецца тэорыя фармацый канечных груп (М.​Ц.​Вараб’ёў, А.​Ф.​Васільеў, С.​Ф.​Каморнікаў, А.​М.​Скіба і інш.).

У тэорыі кольцаў Дз.​А.​Супруненкам і яго вучнямі даследаваліся максімальныя нільпатэнтныя матрычныя алгебры. Даказана гіпотэза Капланскага пра ідэмпатэнты групавых кольцаў (А.​Я.​Залескі), даследаваліся алгебры Лі (А.​А.​Баранаў, А.​А.​Прэмет). Развіта тэорыя гензелевых цел, якая ў значнай ступені завяршыла класічныя даследаванні па лакальных і нарміраваных целах (У.​П.​Платонаў, В.​І.​Янчэўскі). У межах даследаванняў груп Уайтхеда, алгебраічных груп і кангруэнц-праблемы даследавалася мультыплікатыўная структура канечнамерных цел (У.​П.​Платонаў, А.​С.​Рапінчук, В.​І.​Янчэўскі). Апісаны цэнтральныя простыя алгебры над палямі роду нуль з малым локусам галінавання (С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі), вылічаны лік Піфагора палёў функцый спецыяльных крывых над полем рэчаісных фармальных ступенных шэрагаў (А.​А.​Ліпніцкі, С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі разам з Я. ван Геелам). Развіты прыведзеная (У.​П.​Платонаў), прыведзеная унітарная (В.​І.​Янчэўскі) і прыведзеная спінарная (А.​П.​Манастырны, В.​І.​Янчэўскі) K-тэорыі.

Даследаванні па тэорыі прадстаўленняў груп Шэвале і блізкіх да іх груп пачаты ў 1980-я г. (А.​Я.​Залескі, А.​С.​Кляшчоў, А.​А.​Прэмет, І.​Дз.​Супруненка). Прапанаваны новы тэарэтыка-прадстаўленчы падыход да даследавання групавых алгебраў лакальна канечных груп, атрыманы шэраг класіфікацыйных вынікаў пра лінейныя групы з зададзенымі ўласцівасцямі (А.​Я.​Залескі), даследуюцца кагамалагічныя ўласцівасці груп Шэвале (У.​П.​Бурычэнка), распрацоўваюцца метады распазнавання прадстаўленняў і лінейных груп на аснове аналізу ўласцівасцей уніпатэнтных элементаў у мадулярных прадстаўленнях алгебраічных груп (І.​Дз.​Супруненка).

Літ.:

Супруненко Д.А. Группы матриц. М., 1972;

Шеметков Л.А., Скиба А.Н. Формации алгебраических систем. М., 1989;

Zalesskii A.E. Linear groups // Encyclopedia of Mathematical Scielices Algebra IV. 1994. Vol. 37;

Platonov V.P., Yanchevskii VI. Finite-dimentional skew fields in A.I.Kostrikin and I.R.Shafarevich // Там жа. Algebra IX. 1995. Vol. 77;

Rehmann U., Tikhonov S.V., Yanchevskii VI. Two-torsion of the Brauer groups of hyperelliptic curves and unramified algebras over their function fields // Communications in Algebra. 2001. Vol 29, №9;

Супруненко Д.А. Группы подстановок. Мн., 1996;

Suprunenko I.D. On lordan blocks of elements of order p in irreducible representations of classical groups with p-large highest weights // Journ of algebra. 1997. Vol. 191, №2;

Платонов В.П., Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;

Тихонов С.В., Янчевский В.И. Индексы центральных простых алгебр над полями функций проективных пространств над Pn,r-полями // Мат. сб. 2002. Т. 193, №11.

В.​І.​Янчэўскі.

т. 18, кн. 2, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),

у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл. Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паслу́жнік, паслу́жніца ’слуга’ (Нас.), рус. послу́жник, послу́жница ’хто паслужвае некаму, не будучы яго непасрэдным слугой’, польск. posłużnik ’тс’, ’памагаты’, серб.-харв. poslužnik ’той, хто прыслужвае’. Не выглядае на прасл. утварэнне. Магчыма, былі ўтвораны пазней у раннім сярэдневякоўі асобна ў кожнай з груп моў. Да паслужыць < служы́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАНА́ХАЎ Віктар Сцяпанавіч (н. 22.8. 1946, г. Орск Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1997), праф. (1992). Скончыў Орскі пед. ін-т (1970). З 1970 у Гомельскім аддз. Ін-та матэматыкі АН Беларусі, з 1986 у Гомельскім ун-це. Навук. працы па тэорыі канечных груп і тэорыі графаў. Прапанаваў методыку даследавання будовы канечных фактарызавальных груп, распрацаваў дастасаванні груп Шміта да апісання класаў канечных груп.

Тв.:

О конечных группах с заданным набором подгрупп Шмидта // Мат. заметки. 1995. Т. 58, № 5;

О произведении двух групп с циклическими подгруппами индекса 2 // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1996. № 3.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУНІ́ХІН Сяргей Антонавіч (21.9.1905, г. Харкаў, Украіна — 29.10.1985),

бел. матэматык. Акад. Нац. АН Беларусі (1966, чл.-кар. 1956). Д-р фіз.-матэм. н. (1936), праф. (1934). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі ун-т (1929). З 1930 у ВНУ Тулы, Масквы, Томска. З 1953 заг. кафедры Бел. ін-та інжынераў чыг. транспарту (Гомель). З 1960 у Гомельскім аддз. Ін-та матэматыкі АН Беларусі (заг. лабараторыі, адначасова з 1978 нам. дырэктара). Навук. працы па тэорыі канечных груп. Пабудаваў агульную тэорыю фактарызацыі канечных груп. Развіў новыя метады даследавання канечных груп, пры дапамозе якіх атрымаў найб. агульныя вынікі аб існаванні падгруп зададзенага тыпу. Паказаў магчымасць новых дастасаванняў мінім. ненільпатэнтных груп (груп Шміта).

Тв.:

Подгруппы конечных групп. Мн., 1964;

Конечные группы (разам з Л.​А.​Шамятковым) // Алгебра. Топология. Геометрия, 1969. Мн., 1971;

К теории индексиалов конечных групп // Исследование нормального и подгруппового строения конечных групп. Мн., 1984.

С.А.Чуніхін.

т. 17, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)