рубе́ж, рубяжа, м.

1. Граніца паміж чым‑н., мяжа чаго‑н. Станьце ж вы, хмаркі, над рубяжамі Нашых палеткаў, шнуроў. Колас. Вакол вёскі акопы, дзоты, драты. Ад усходу, звыш гэтага — вадзяны рубеж — спакойная, але глыбокая рэчка Вуша. Брыль. // перан. Грань, якая аддзяляе што‑н. адно ад другога. Той памятны вечар з’явіўся як бы нейкім рубяжом у жыцці Наташы. Краўчанка. На рубяжы лета і восені кароткая яшчэ ноч. Каваль. // перан. Вышэйшая, крайняя ступень чаго‑н.; мяжа. На загрузку самазвала патрабавалася паўмінуты. Гэта добра і многія лічылі гэта рубяжом. Лукша.

2. Дзяржаўная граніца. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».

3. У вайсковай справе — лінія абаронных збудаванняў. Абаронны рубеж. □ Да вечара было адваявана паўгорада, уступлены рубеж быў вернуты, падпалкоўнік паспакайнеў. Мележ. // Лінія размяшчэння агнявых кропак. Агнявы рубеж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сцяна́ 1 ’вертыкальная частка будынка’, ’высокая агароджа з камення’, ’стромкая бакавая паверхня’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Бяльк., Сцяшк., Ян.), ’рад чаго-небудзь, што стаіць на прамой лініі’ (Нас.), ’абрывісты бераг’ (ветк., Яшк.), сцена́ ’сцяна будынка’ (ТС), стена́ ’тс’ (Шушк.), стина́ ’сцяна, мур’ (пруж., Горбач, Зах.-пол. гов.), сце́нка памянш. да сцяна́ (ТСБМ, Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’сценка, грань’ (Байк. і Некр.), сце́нька ’сценка будынка’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣна: стѣны домовъ наших (Альтбаўэр). Укр. стіна́, рус. стена́, ст.-рус. стѣна, польск. ściana, в.-луж., н.-луж. sćěna, чэш. stěna, славац. stena ’сцяна’, серб.-харв. стијѐна ’скала, камень’, славен. sténa ’сцяна’, ’скала’, балг. стена́ ’сцяна; каменная агароджа’, макед. стена ’сцяна’, ст.-слав. стѣна ’сцяна; вал’. Прасл. *stěna ’сцяна’, роднаснае гоц. stains ’камень’, ст.-ісл. steinn; далей параўноўваюць з грэч. στία, σττον ’крэмень’, ст.-інд. styā́yatē ’цвярдзее’ (гл. Мее, 446; Міклашыч, 323; Траўтман, 281; Фасмер, 3, 754; Махэк₂, 576–577). Мартынаў (Этимология–1968, 18) мяркуе, што слова паходзіць з першаснага спалучэння *stěna zьdь ’каменная сцяна, мур’, аналагічна да англ. stone wall, тады прыметнік меў бы форму *stěnъ (?) ’каменны’. Усё да і.-е. *stei̯‑/*sti‑ ’станавіцца цвёрдым, цвярдзець’; першаснае значэнне ’нешта зацвярдзелае’, адкуль ’плеценая (з прутоў) сцяна, пакрытая, аблепленая глінай (якая зацвярдзела пасля высушвання)’ (Борысь, 612). Шустар-Шэўц (2, 1276) германскія значэнні лічыць другаснымі; *stěna, на яго думку, з’яўляецца дэвербатывам ад асновы, якая захавалася ў літ. stìngti ’цвярдзець’, лат. stiñgt ’зрабіцца цвёрдым, кампактным’. Запазычанне славянскага слова з германскіх лічыцца неверагодным; параўн. Фасмер, там жа, з літ-рай; Бязлай, 3, 316. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Из истории, 232–238), які рэканструюе прасл. *steg‑s‑na ад і.-е. *steg‑/stog‑ ’пакрываць’ (сцяна пакрывала зямлянку), што малаверагодна па семантычных прычынах.

Сцяна́ 2 ’мяжа ў выглядзе дарогі, якая раздзяляе розныя палі’ (Нас.), ’лінія, мяжа’ (Шпіл.), ’канцавая забытая дарога’ (Сцяшк.), ст.-бел. стена ’мяжа, граніца’ (Ст.-бел. лексікон), остенити, застенити ’абмежаваць’ (Вопр. лит. яз., 143). Лічыцца калькай літ. síena ’сцяна’, ’мяжа, рубеж’, параўн. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 66; Барысава, Бел.-рус. ізал., 9. Гл. таксама сценка 1.

Сцяна́ 3 ’частка асновы пры тканні’ (Нік. Очерки; ашм., Стан.), ’мера асновы, палатна, даўжынёй на хатнюю сцяну’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Шатал., Цых.; ашм., смарг., Нар. скарбы; Жд. 1). Да сцяна 1, гл. таксама сценка 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ściana

ж.

1. сцяна;

ściana frontowa (boczna) — фасадная (бакавая) сцяна;

ściana nośna — апорная сцяна;

wznosić ~y — будаваць (ставіць; узводзіць) сцены;

mieszkać z kim o ~ę — жыць праз сцяну з кім;

w swoich czterech ~ach — між чатырох сцен;

mówić jak do ~y — гаварыць як да сцяны;

2. сценка;

~a akwarium — сценка акварыума;

3. стромая скала;

4. грань;

~y boczne ostrosłupa — бакавыя грані піраміды;

ściana wschodnia — частка Польшчы, якая мяжуе з Беларуссю і Украінай

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)