БАЦЬКО́ЎСКІЯ ПРАВЫ́ І АБАВЯ́ЗКІ,

сукупнасць асабістых, маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў у іх узаемаадносінах з непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжаны і гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Першарадная роля ў сямейным жыцці належыць асабістым адносінам паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае і духоўнае развіццё і навучанне. Асабістымі правамі бацькоў з’яўляюцца: прысваенне імя і прозвішча; выхаванне, прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў дзяцей. У працэсе выхавання правы і абавязкі бацькоў і дзяцей з’яўляюцца ўзаемнымі. Дзеці павінны выконваць патрабаванні бацькоў, маюць права на належнае сямейнае выхаванне. Бацькоўскія правы не могуць ажыццяўляцца ў супярэчнасці з інтарэсамі дзяцей. Дзеці не павінны падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду іх фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Пры неналежным выкананні бацькамі або адным з іх абавязкаў па выхаванні або пры злоўжыванні бацькоўскімі правамі дзеці маюць права звярнуцца ў органы апекі і папрасіць абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей нават пасля скасавання шлюбу. Пры ўзнікненні спрэчак у такіх выпадках парадак удзелу ў выхаванні дзяцей вызначаецца органамі апекі; кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд. Бацькі з’яўляюцца прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і інтарэсаў ва ўсіх установах, у т. л. судовых, без асаблівага паўнамоцтва; ім дастаткова прад’явіць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, з якога вынікае, што асоба сапраўды з’яўляецца яго бацькам або маці. Выкананне бацькамі сваіх правоў і абавязкаў здзяйсняецца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. Выхаваўчы ўплыў бацькоў на паўналетніх дзяцей ужо не мае прававога характару. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з-за наўмыснага парушэння і невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей праводзіцца паводле судовага рашэння.

Літ.:

Нечаева А.М. Брак, семья, закон. М., 1984.

В.​В.​Левы.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РА (лац. litteratura напісанае ад littera літара),

уся слоўная творчасць, зафіксаваная пісьмовым ці друкарскім спосабам; адзін з відаў мастацтва — мастацтва слова. У шырокім значэнні Л. — уся пісьменнасць наогул (тэхн., мед., паліт., рэліг., канцылярская, эпісталярная і інш.), у вузкім — толькі творы маст. пісьменнасці. Л. вылучаецца ў сістэме маст. культуры асаблівымі магчымасцямі глыбокага і рознабаковага адлюстравання жыцця і моцнага ўздзеяння на яго, а таксама асаблівай грамадскай значнасцю суб’екта творчасці.

Тэрмін «Л.» з’явіўся ў 18 ст., раней ужываліся «паэзія», «паэтычнае мастацтва», «прыгожая славеснасць», «славеснасць». Са старажытнасці Л. развівалася пераважна як сродак перадачы інфармацыі, сцвярджэння рэліг., пазнавальных, маральна-асветніцкіх ідэй і была непарыўна звязана з грамадскай думкай, гістарыяграфіяй (летапісаннем), прапаведніцкай, школьнай справай, фальклорам. Камунікатыўна-ўжытковай функцыі Л. не страціла да 19 ст. З часоў свайго вуснага развіцця (гл. Народная паэтычная творчасць) Л. выпрацоўвала сваю асн. функцыю — эстэтычную, г.зн. імкнулася выхоўваць у чытача (слухача) пачуццё прыгожага. Эстэт. функцыя мацавалася па меры таго, як стабілізавалася пісьмовая форма твора (асабліва з развіццём кнігадрукавання), і на мяжы 18—19 ст. набыла сваю самакаштоўнасць. У працэсе развіцця Л. фарміравала свае тыпы творчасці (паэзія і проза), роды (эпас, лірыка, драма) і жанры, выяўлялася ў стылях: рэнесанс (гл. Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм.

Літ. спадчына стараж. цывілізацый (Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма і інш.) з’яўляецца своеасаблівым фундаментам сусв. Л. Сусветная Л. складаецца з нацыянальных (рэгіянальных) Л. Нацыянальная Л. ствараецца на пэўнай мове ці ў пэўных дзярж. межах і адрозніваецца сваім зместам, асаблівасцямі гіст. развіцця, спецыфічным стылявым абліччам, абумоўленым ментальнасцю нацыі. Узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне літаратур адбываецца дзякуючы перакладам, а таксама літаратуразнаўству, якое тлумачыць маст. працэсы і з’явы і такім чынам спрыяе іх папулярызацыі. Бягучы літаратурны працэс асвятляе літаратурная крытыка.

Пра гісторыю нац. л-р гл. раздзелы Літаратура ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. Л. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Аристотель. Об искусстве поэзии: Пер. с греч. М., 1957;

Белинский В.Г. Общее значение слова «литература» // Полн. собр. соч. М., 1954. Т. 5;

Бахтин М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыце́рці, прытру, прытрэш, прытрэ; прытром, прытраце; пр. прыцёр, ‑церла; заг. прытры; зак.

1. што і чаго. Трохі пацерці, сцерці ў невялікай колькасці. Прыцерці маку. // Выцерці, зацерці няпоўнасцю, не да канца. Прыцерці лужыну на падлозе. Прыцерці сляды.

2. каго-што. Разм. Прыціснуць, прысунуць, прыперці каго‑, што‑н. да чаго‑н. Натоўп прыцёр хлопца да самага плота. / у безас. ужыв. Максім сеў на мастку, памацаў шыю, якую яму прыцерла.. бартом да бэлькі. Брыль.

3. што. Спецыяльнай апрацоўкай шчыльна падагнаць да чаго‑н. Прыцерці шкляны корак да бутэлькі. Прыцерці клапаны. // перан.; каго-што. Прыстасаваць, падладзіць да чаго‑н. Я неаднойчы думала пра свякруху: «Усіх яна ўмее выхоўваць, нават мяне так хутка «прыцерла» да свайго густу і ладу». Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адмаўляе што‑н. Адмоўны адказ. Адмоўны займеннік. □ [Гэля] раптам вырвала руку і зрабіла ёю адмоўны мах. Гартны. // Які паказвае на адсутнасць чаго‑н.; процілеглы чаканаму. Адмоўны вынік.

2. Дрэнны сваімі якасцямі, уласцівасцямі; варты асуджэння, ганьбы. Адмоўны персанаж. □ [Сцёпка:] «Пішы ў газету.., асвятляй сучаснае жыццё вёскі, змагайся з яе адмоўнымі бакамі». Колас. // Неадабральны, асуджальны. Адмоўны водгук. Выхоўваць у дзяцей адмоўныя адносіны да рэлігіі.

3. Пабудаваны, заснаваны на паняццях, якія што‑н. адмаўляюць. Адмоўнае суджэнне. Адмоўны метад доказу.

4. Меншы за нуль. Адмоўны лік.

5. Спец. Суадносны з тым відам электрычнасць матэрыяльныя часціцы якога называюцца электронамі. Адмоўны электрычны зарад.

6. у знач. наз. адмо́ўнае, ‑ага. Тое, што характарызуецца адмоўнымі якасцямі; процілеглае дадатнаму. Мікола недалюбліваў чамусьці Паўлюкоўскага і заўсёды знаходзіў у яго паводзінах і нават у вершах адмоўнае. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца разбурэнню, псаванню; які захоўвае свае ўласцівасці. Стойкі газ. Стойкая парода. □ Тут .. [лясы] роўныя, старыя і стойкія — тут не так шмат балот, як на Паліку, пад Полацкам. Пташнікаў. // Устойлівы. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік.

2. перан. Які цвёрда прытрымліваецца пэўных поглядаў, думак і пад.; паслядоўны. Пранясі праз гады чыстату юнацтва, запал, нязгасную прагу да ведаў. Часамі будзе нялёгка. Але будзь мужным, стойкім, смелым, не паддавайся нават хвіліннай слабасці. Мыслівец. Не таму слава, хто на язык лёгкі, а таму, хто ў справе стойкі. Прыказка. // Мужны, непахісны, здольны перанесці любыя выпрабаванні. Задача камсамольскіх арганізацый цяпер заключаецца ў тым, каб выхоўваць юнакоў і дзяўчат усебакова развітымі, высокаадукаванымі, стойкімі барацьбітамі за нашу вялікую справу. Машэраў. Беларус — салдат кемлівы і стойкі. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вучы́ць, вучу, вучыш, вучыць; незак.

1. каго. Перадаваць каму‑н. веды, навыкі, звычкі. Вучыць дзяцей чытаць і пісаць. Вучыць сына плаваць. Вучыць гаспадарыць. □ Саўка вучыць Фільку закідваць блешню. Жычка. // без дап. Быць настаўнікам, працаваць у школе.

2. што. Вывучаць, засвойваць, запамінаць. Вучыць урок. Вучыць верш на памяць. □ [Дзядзька Антось:] — Нясі, Косцік, кнігу, будзем вучыць літары. С. Александровіч.

3. каго. Навучаць, настаўляць; выхоўваць. Вучыць шанаваць старэйшых. □ — Не чапайся ты з імі, няхай іх, — вучыла Зося свайго хлопца. Брыль. [Вінке:] — Вучы ты дзяцей так, каб яны ўжо з маленства ненавідзелі вайну і тых, хто яе жадае. Шамякін. // Разм. Караць, біць. [Кароль:] — Знаць, табе не змагла маці розуму даць, Мала бацька вучыў пугаўём. Танк.

4. каго. Даваць адукацыю, магчымасць набыць прафесію. Вучыць сыноў у інстытуце.

5. з дадан. сказам. Абгрунтоўваць, развіваць якую‑н. тэорыю, думку, погляд і пад. Марксізм-ленінізм вучыць, што свядомасць чалавека ёсць прадукт яго грамадскага жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

chować

незак.

1. хаваць;

chować głowę w piasek — хаваць галаву ў пясок;

2. трымаць (пра свойскую жывёлу);

chować owce na wełnę — гадаваць авечак на воўну;

3. выхоўваць; гадаваць;

chować dzieci — гадаваць дзяцей;

4. хаваць;

chować umarłego — хаваць памерлага

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

дзіця́ і дзіцё, дзіцяці, ДМ дзіцяці, Т дзіцем і дзіцём, н.; мн. дзеці, дзяцей.

1. Малалетні хлопчык або дзяўчынка (ад нараджэння да падлеткавага ўзросту). Выхоўваць дзяцей. Дзеці дашкольнага ўзросту. □ Між вялікіх лазяць дзеці, Так, як мышы між снапоў. Крапіва. Дзіця не заплача — матка не здагадаецца. Прыказка. Дзе многа нянек, там дзіця без носа. Прыказка. // Пра наіўнага, нявопытнага чалавека. — [Паўлік] папаўся ў лапы агіднага чалавека. Ён жа яшчэ дзіця тады быў. Чорны.

2. Сын або дачка (незалежна ад узросту). Матчына сэрца гатова ўсім ахвяраваць дзеля любага дзіцяці свайго. Бядуля. Як сыдземся ўсе на свята — Васьмёра дзяцей дарослых — Становіцца цеснай хата Ад падарункаў розных. Гілевіч. // Дзіцяня ў жывёл, птушак. Жалобна ціўкала нейкая маленькая птушка, мабыць шукала сваіх сябровак ці дзяцей. Шамякін. І сава хваліць сваё дзіця. Прымаўка.

3. чаго. Пра чалавека, які засвоіў характэрныя рысы свайго асяроддзя, эпохі і пад. Дзіця свайго часу. □ Гэтыя дзеці вады хоць і жывуць морам, але рыбакамі назваць іх нельга. Маўр. Мы дзеці рэвалюцыі, Кастрычніка сыны! Дудар.

•••

Горкае (зялёнае) дзіця — пра наіўнага, нявопытнага маладога чалавека.

Не дзяцей хрысціць каму з кім гл. хрысціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вісе́ць ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы без падпоры, выдавацца’ (БРС, КТС, Касп.). Укр. висі́ти, рус. висе́ть ’вісець’, ст.-рус. висѣти ’вісець; звісаць, навісаць’ (з XIII ст.), польск. wisieć ’вісець; звісаць, абвісаць’, в.-луж. wisać ’вісець’, чэш. viseti ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы’, славац. visieť, славен. visẹ́ti ’вісець’, серб.-харв. ви̏сити, vȉsjeti, макед. виси, балг. вися ’тс’, ст.-слав. висѣтн. Прасл. visěti — другая ступень чаргавання з весіць (гл.) < věsiti, věsъ. Голуб-Копечны (417) мяркуюць, што гэта лексема — толькі славянская; яна не мае надзейных і.-е. адпаведнікаў (Фасмер, 1, 319). Ільінскі (ИОРЯС, 23, 1, 125) параўноўвае яе з літ. vaipýtis ’крыўляцца, грымаснічаць’, vypsóti ’быць разявай’, ст.-в.-ням. weibôn ’калыхаць’, лац. vibrāre, ст.-інд. vḕpatē ’дрыжаць’. Згодна з Гольтгаўзенам (РВВ, 66, 272), роднасная да ст.-нарв. ’сцяг’; Леві (IF, 32, 159) збліжае з грэч. ἄττω ’махаю’; зусім іншым з’яўляецца літ. vaĩsius ’плод’ (бо яна звязана з vìsti ’множыцца’, лат. viestвыхоўваць, гадаваць’) і не звязана з visěti насуперак Мюленбаху–Эндзеліну (4, 670); Педарсан (IF, 5, 44) звязвае з санскр. viš; Младэнаў (68) супастаўляе са сканд. vīkja ’паднімацца’ і літ. vikrùs ’лоўкі, жвавы, кемлівы’, Бернекер — з ням. weihen ’асвячаць’, гоц. weihs ’святы’. Інакш Машынскі (Zasiąg, 198) — са ст.-в.-ням. swīhhan ’аслабець, паддацца’ < і.-е. *(s)u̯eig‑ ’гнуцца’. Абаеў (1, 88) параўноўвае прасл. visěti з асец. awanʒyn//awinʒyn, перс. āvēz‑, āvēxt‑ ’вісець, вешаць’, курд. halavisin ’вешаць’. (Праславянскі іранізм?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плод ’частка расліны з насеннем’, ’зародыш дзіцяці’, ’вынік, прадукт дзейнасці’ (ТСБМ, Яруш.; маг., Шн.); ’дзеці’, ’племя’ (Нас.); ’яйка’ (брагін., Мат. Гом.), ’прыплод’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж плодна ’ўрадліва’ (Нас.), плодная ’паросная (свіння)’, плодны ’ўраддівы, пладавіты’ (Жд. 3; Сл. ПЗБ), ’хто шмат дае прыплоду’ (Варл.), пладны́ ’тс’ (паст., Сл. ПЗБ), пладзіцца ’расплоджвацца’ (Сл. ПЗБ), плод ’расплод’ (ТС), пло́цтво ’размнажэнне’ (свісл., Сл. ПЗБ). Укр. плід, рус. плод, польск. płód, н.-луж. płod, в.-луж. płód, чэш., славац. plod, славен. plǫ̑d, серб.-харв. пло̑д, макед. плод, балг. плод, плодът, ст.-слав. плодъ, плодьнъ, пдодовитъ; непдоды ’бясплодная жанчына’. Прасл. *plodъ, роднасныя якому ст.-англ. bloed ’плод дрэва’, ’палявыя плады’, ’збожжа’, с.-нідэр. blāt ’пасаджагая палявая культура’, франк. *blād > франц. blé, праванс., каталон. blat ’збожжа’ (Махэк₂, 461–462); Бязлай (3, 60) у якасці найбліжэйшых адпаведнікаў падае кімр. llwdn ’хлопчык, дзіцёнак’, ст.-ірл. loth, брэтонск. loen, с.-брэтонск. loen ’жарабё’. Міклашыч (251), Мее (RS, 6, 132), Фасмер (3, 283–4), Персан (Beitr., 668) гавораць пра старажытную аснову лексемы на ‑ŭ *p(h)łodŭ звязаную чаргаваннем галосных з *pled‑men (гл. пле́мя). Ісачанка (Зб. Гаўранку, 1, 124) у аснове *pled‑ бачыць і.-е. *pelə‑ ’напаўняць’, Варбат (Диал. исслед. по рус. яз., 1977, 262) вылучае корань і.-е. *pel‑ са значэннем ’папаўняць’, ’нараджаць’. Сюды ж пло́жаць ’пладзіцца’ (Ян.), якое можна, відаць, супаставіць са славен. plȍha, plȅh, харв. кайк. plȅšina ’племя, род, парода’, адносна якіх Скок (2, 683) зыходзіць з *plodъ і plemę і выводзіць іх з *pled‑s‑. Бязлай (Этимология–1973, 187) прымае да ўвагі (у сувязі са славен. і харв. лексемамі) і зах.-слав.: славац. upľahnuc se ’нарадзіцца (пра жывёл)’, чэш. валаш. pléhnúť sa, pléhnit sa ’пладзіцца, расплоджвацца, разводзіцца’, в.-луж. plahować, н.-луж. plagowaś, zblagnuś, польск. pląć się, plęgnąć się, plagowaćвыхоўваць, прыводзіць да парадку’, якія нібыта сведчаць аб першапачатковым *plęg‑. Варбот (Этимология–1978, 23–25) дапускае, што plęgti — другаснае, што яму папярэднічала plegli (як слав. sękti ў адносінах да літ. sèkti) ’цячы, напаўняць’. Семантыка гнязда *pel‑ вельмі блізкая да кола значэнняў plęgti ’пладзіцца, вырастаць’ і *plex‑/*plox‑ ’род, парода’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)