ДРАЎНІ́ННАЯ СМАЛА́,

сумесь арган. рэчываў, якая ўтвараецца пры піролізе драўніны. Адрозніваюць адстойную (вылучаецца пры распластаванні вадкага піралізату), растваральную (знаходзіцца ў водным слоі) і экстракцыйную (вылучаюць з воднага слоя арган. растваральнікамі).

Адстойная Д.с. вязкая цёмна-рудая вадкасць з рэзкім пахам, пры перагонцы дае 30—60% дыстыляту, які мае фенолы (50—60%), нейтральныя рэчывы (20—30%), к-м (5—15%), і 30—50% драўніннага пеку — кубавая астача, у якой 60—80% высокамалекулярных фенолакіслот. Растваральная Д.с. мае вугляводы (25—30%), лактоны гідроксікіслот (да 30%), лятучыя к-ты (10—20%), фенолы і іх вытворныя (15—25%), а экстракцыйная — да 50—60% фенолаў. Выкарыстоўваюць як змякчальнік пры рэгенерацыі гумы, сувязнае для актываваных вуглёў, экстракцыйную — для атрымання паніжальнікаў вязкасці свідравінных раствораў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

поліцукры́ды

(ад полі- + цукрыды)

складаныя вугляводы, якія пры гідролізе распадаюцца на вялікую колькасць монацукрыдаў да поліцукрыдаў належаць крухмал, цэлюлоза і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

УСМО́КТВАННЕ, рэзорбцыя,

пераход рэчываў праз клетачныя элементы жывёльных тканак у кроў і лімфу. Адбываецца пераважна ў стрававальным тракце, таксама з поласці лёгкіх, плеўры, маткі, мачавога пузыра, з паверхні скуры, слізістых абалонак і інш. Найб. спецыялізаванае — У. ў кішэчніку пазваночных праз варсінкі або мікраварсінкі эпітэліяльных клетак.

Большасць высокамалекулярных пажыўных рэчываў перад У. ферментатыўна гідралізуецца і ператвараецца ў простыя злучэнні (напр., бялкі — у амінакіслоты, вугляводы — у монацукрыды). Праз клетачныя мембраны рэчывы пранікаюць пасіўна (дыфузія, фільтрацыя, электраосмас і інш.) і актыўна — з удзелам спец. пераносчыкаў і з затратай энергіі. У працэсе У. ўдзельнічаюць клетачныя арганоіды — мітахондрыі, комплекс Гольджы, эндаплазматычная сетка. Парушэнне У. прыводзіць да знясілення арганізма. Адваротнае У. адбываецца ў сакраторных і экскрэторных органах (напр., у ныркавых канальцах пры мочаўтварэнні). Гл. таксама Біялагічныя мембраны, Транспарт рэчываў.

Літ.:

Физиология всасывания. Л., 1977.

А.​С.​Леанцюк.

т. 16, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕ́Н ЭНЕ́РГІІ, энергетычны абмен,

сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнае арган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв. макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыя хім. энергіі ў інш. віды — мех., цеплавую і інш.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАЦУКРЫ́ДЫ,

вугляводы, у малекулах якіх ад 2 да 10 монацукрыдных астаткаў, злучаных паміж сабой т.зв. гліказіднай сувяззю. Займаюць прамежкавае становішча паміж монацукрыдамі і поліцукрыдамі. Паводле ступені палімерызацыі падзяляюцца на ды-, тры-, тэтрацукрыды і г.д. У свабодным стане пашыраны ў жывых арганізмах, фрагменты ўваходзяць у склад прыродных глікаліпідаў, флаваноідаў, алкалоідаў, сапанінаў, некаторых антыбіётыкаў і інш. Найважнейшыя алігацукрыды — цукроза (трысняговы цукар), мальтоза (соладавы цукар), лактоза (малочны цукар). З інш. прыродных алігацукрыдаў найб. вядомы рафіноза (у цукр. бураках і інш. вышэйшых раслінах), мелецытоза (у соку хвойных дрэў), трэгалоза (гал. цукар гемалімфы многіх насякомых), цэлабіёза (асн. структурная адзінка цэлюлозы).

Атрымліваюць алігацукрыды ферментатыўным або частковым кіслотным гідролізам поліцукрыдаў; шэраг аналагаў сінтэзаваны штучна. Маюць важнае значэнне ў харчаванні чалавека (асабліва цукроза і лактоза). Зрэдку бывае непераноснасць арганізмам асобных відаў алігацукрыдаў, што абумоўлена прыроджанай адсутнасцю ў кішачным соку ферментаў, якія расшчапляюць алігацукрыды на монацукрыды (суправаджаецца захворваннямі, часам гібеллю арганізма).

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,

харчовыя прадукты з малака пераважна с.-г. жывёл. Падзяляюцца на натуральнамалочныя прадукты (пітное малако рознай тлустасці, абястлушчанае — адгон, бялковае, вітамінізаванае, адтопленае і інш.; вяршкі, кісламалочныя прадукты), масла (салодка- і кісласметанковае, топленае і інш.), сыры (сычужныя і кісламалочныя), малочныя кансервы (згушчаныя і сухія малако і вяршкі, сухія кісламалочныя прадукты, прэпараты для дзіцячага харчавання і інш.), марожанае, пабочныя прадукты вытв-сці сыру, тварагу (сыроватка) і масла (маслёнка). Атрымліваюць шляхам пастэрызацыі, сепарацыі, стэрылізацыі, збівання, кіпячэння, ператоплівання, згушчэння, сушкі, аднаўлення з малочных кансерваў, зброджвання з дапамогай дражджавых грыбкоў і малочнакіслых бактэрый, уздзеяння сычужным ферментам, унясення напаўняльнікаў (напр., цукру, вітамінаў, садавіны, спецый, араматызатараў) і інш. Маюць лёгказасваяльныя і каштоўныя для арганізма пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы: бялкі (у т. л. казеін), тлушчы, вугляводы, мінер. солі (асабліва кальцый і фосфар), арган. к-ты, фасфатыды (у т. л. лецыцін), ферменты, вітаміны і інш. Больш стойкія пры захоўванні, чым малако. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў, хлебапячэнні, для выкормлівання маладняку с.-г. жывёл. Многія М.п. — дыетычныя прадукты.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭУТЫЛІЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + франц. utilisation ад лац. utilis карысны),

паўторнае выкарыстанне раслінамі мінер. і нізкамалекулярных арган. рэчываў з аджылых і назапашвальных органаў у выніку іх транспарціроўкі па сітавідных трубках флаэмы да маладых растучых органаў. У працэсе Р. ўдзельнічаюць пераважна вугляводы і амінакіслоты (атрымліваюцца ў выніку распаду поліцукрыдаў і бялкоў) і элементы мінер. жыўлення (акрамя кальцыю і бору). У аднагадовых раслін Р. асабліва інтэнсіўна ідзе на позніх этапах антагенезу, пры выспяванні пладоў і насення. У шматгадовых раслін пластычныя рэчывы адцякаюць з лісця ў назапашвальныя органы (клубні, карані, сцёблы) перад лістападам, іх Р. пачынаецца пры руху сокаў наступнай вясной. Здольнасць расліны да Р. пэўнага мінер. элемента вызначаецца пры выключэнні яго з пажыўнай сумесі. Пры недахопе азоту, фосфару, калію, магнію раней пашкоджваецца старое лісце (высокая здольнасць да Р.); пры недахопе кальцыю, бору, жалеза, серы, марганцу, якія практычна не здольны да Р., пашкоджваюцца маладыя органы. Працэсы Р. выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, напр., для паскарэння выспявання каробачак бавоўніку і інш.

т. 14, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАВІ́ТЫЯ КАРМЫ́, сакаўныя кармы,

раслінныя кармы з вял. колькасцю вады (больш за 70%), якая знаходзіцца ў звязаным стане. Да іх належаць зялёныя кармы, сілас, кармавыя караняплоды (буракі, турнэпс, бручка), клубні (бульба, тапінамбур), бахчавыя культуры (гарбузы, кавуны, кабачкі). Скормліваюцца ў сырым выглядзе. Станоўча ўплываюць на абмен рэчываў, страваванне, малочную прадукцыйнасць («малакагонныя» кармы; у іх лізіну і трыптафану больш, чым у зерневых кармах), спрыяюць лепшаму засваенню грубых кармоў. Маюць адносна нізкую агульную пажыўнасць: ад 0,1 да 0,3 кармавых адзінак у 1 кг корму. У сухім рэчыве пераважаюць лёгкарастваральныя вугляводы (крухмал і цукар). С.к. (за выключэннем бабовых раслін і сіласу з іх) бедныя пратэінамі (1—1,5%), клятчаткай (1—1,5%) і амаль не маюць тлушчаў. У попеле пераважаюць солі калію і натрыю; кальцыю і фосфару 0,03—0,04%. С.к. багатыя вітамінамі C, групы B, некат. (напр., гарбузы, морква, зялёны корм, сілас) — карацінам. Найб. рацыянальнае выкарыстанне С.к. у летні перыяд пры арганізацыі зялёнага канвеера.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫБУ́ЛІНА,

падземны, радзей надземны парастак раслін з кароткім патоўшчаным сцяблом, т.зв. донцам, і мясістым лускападобным збліжаным лісцем; орган вегетатыўнага размнажэння і ўзнаўлення. Уласцівы пераважна эфемероідам сухіх гарачых абласцей (цюльпан, цыбуля) і шыракалістых лясоў (пралеска, падснежнік). Лускавінкі Ц. ўтвораны суцэльным лісцем, пазбаўлены хларафілу (лілея), асновамі фотасінтэзавальнага лісця (цыбуля) або іх спалучэннем (падснежнік). У лускавінках назапашваюцца вада і пажыўныя рэчывы (пераважна вугляводы).

Бываюць Ц. аднагадовыя (кандык, цюльпан, цыбуля) і шматгадовыя (амарыліс, нарцыс); монападыяльныя (узнаўленне адбываецца з верхавінкавай пупышкі, а кветаносны парастак утвараецца з пазушнай, напр., нарцыс, падснежнік) і сімпадыяльныя (кветаносны парастак развіваецца з верхавінкавай пупышкі, а ўзнаўленне адбываецца з пазушнай, напр., рабчык, цюльпан, цыбуля). Калі ў рост рухаюцца 2 або некалькі пупышак, Ц. разгаліноўваецца і ўтварае Ц.-дзеткі. У складаных Ц. (часнок) у пазусе кожнай лускавіны фарміруецца некалькі Ц.-дзетак, т.зв. зубкоў. У некаторых відаў раслін Ц. (паветраныя) развіваюцца ў суквецці на месцы кветак (цыбуля) або ў пазусе лісця надземных парасткаў (лілея).

т. 17, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯДО́МЫЯ ГРЫБЫ́,

група вышэйшых, пераважна шапкавых грыбоў, пладовыя целы якіх спажываюцца чалавекам і жывёламі. Да іх адносяць большасць базідыяльных грыбоў і некалькі родаў з сумчатых грыбоў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 200 відаў, з іх збіраюць і нарыхтоўваюць каля 40. Па харч. і смакавых якасцях Я.г. падзяляюць на 4 катэгорыі: 1 — баравік, грузды (сапраўдны, жоўты), рыжык; 2 — бялянка, ваўнянка, грузд асінавы, маслякі, падасінавік, падгруздак белы, паддубнік, шампіньён звычайны; 3 — апенькі, валуй, грузд чорны, лісічкі, махавікі, падбярозавік, шампіньён палявы; 4 — гаркуха, зялёнка, казляк, макруха, скрыпіца, шампіньён лясны і інш. Каштоўнасць Я.г. вызначаецца хім. складам іх пладовых цел: бялкі — 2—9% (найб. у баравіках і труфелях), вугляводы 2—3% (у труфелях да 13,5%) у форме глікагену, вітаміны, караціны, солі калію і фосфару. Пажыўную каштоўнасць зніжае цяжка засваяльная арганізмам грыбная клятчатка — хіцінападобнае рэчыва — міцэцін. Акрамя экстрактыўных і араматычных рэчываў у складзе Я.г. адзначаны ферменты, якія спрыяюць лепшаму засваенню ежы.

т. 18, кн. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)