Існаваў у 17—18 ст. у Брэсце. Па запрашэнні луцкага біскупа П.Валуцкага з 1616 езуіты пачалі ў Брэсце місіянерскую дзейнасць, у 1629 быў заснаваны калегіум. У 1620 брэсцкі ваявода А.Валовіч падараваў езуітам фальварак Адамкаў, які стаў іх рэзідэнцыяй. Віленскі ваявода і магілёўскі староста Л.Сапега ахвяраваў ім фальварак Дзераўна з в. Мольткі і Мяневеж (Брэсцкі пав.), а ў 1650 — фальварак і в. Паніквы (Камянецкі р-н). У 1669 кароль Міхал Вішнявецкі перадаў езуітам в. Плоскі і землі ў Прылуках (Брэсцкі р-н). На працягу 17—18 ст. ордэн езуітаў набываў тут новыя землі з вёскамі (Слаўкі, Студзіловічы, Ляскавічы і інш., Брэсцкі пав.), аддаючы грошы пад залог маёнткаў, ператварыўся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў; меў б-ку, аптэку (з 1694). Навуч. праграма Брэсцкага езуіцкага калегіума была тыповай для езуіцкіх калегіумаў. З 1634 у калегіуме выкладалі толькі настаўнікі, якія мелі званне прафесараў. У 1772/73 навуч.г. з 28 выкладчыкаў 17 былі святарамі, 8 — манахамі. У 1696—1760-я г. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр. У б-цы (каля 2 тыс. тамоў) былі кнігі на лац., ням., франц. і інш. мовах. У калегіуме вучыўся бел. мысліцель-атэіст К.Лышчынскі. Будынкі калегіума знаходзіліся на тэр. сучаснай Брэсцкай крэпасці, не зберагліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»), Родапачынальнік літоўскі баярын Нарыбут (Нарбут) атрымаў маёнткі ад вял. князёў ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча [1432—40] і Казіміра [1440—92], Паводле родавай легенды, Н. былі адгалінаваннем магнацкага роду Осцікаў, таму часам пісаліся Осцікамі-Нарбутамі. Найб. вядомыя: Войцех Нарбутавіч (? — 1510?), харужы дворны ў 1501—05, маршалак гаспадарскі ў 1505—09. Мікалай Войцехавіч (? — каля 1556), староста крэўскі і мазырскі, маршалак гаспадарскі ў 1546—53, ваявода падляшскі з 1551. Станіслаў Мікалаевіч (? — 1596), староста ашмянскі, ваявода мсціслаўскі з 1595. Дамінік (? — пасля 1807?), староста міжэвіцкі, лідскі чашнік у 1770—74 і войскі ў 1774—94. Пасол на сеймы 1764, 1782, Чатырохгадовы сейм 1788—92, чл. «Згуртавання сяброў урадавай уставы». Падпісаў Віленскі акт паўстання 1794, чл.Найвышэйшай літоўскай рады. Юстын (каля 1773—25.9.1845), удзельнік паўстання 1794, гісторык. Аўтар кн. «Нарыс каранёў літоўскага народу» (Гродна, 1818, 2-е выд. 1820), «Унутраная гісторыя літоўскага народу з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II...» (т. 1—2, Вільня, 1842, 2-е выд. 1843). Станіслаў (4.5.1853, б. маёнтак Шаўры, Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл. — 11.3.1926), урач. Д-р медыцыны (1879). Скончыў Баварскі ун-т у Мюнхене, Дэрпцкі (Тартускі) ун-т. На ўласныя сродкі збудаваў бальніцу ў Браславе, дзе яму пастаўлены помнік. Гл. таксама Нарбут К., Нарбут Л.Т., Нарбут Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Юзаф) (1728—8.3.1814),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Пасол на соймы 1756, 1764, 1766, падкаморы навагрудскі, чашнік ВКЛ у 1765, навагрудскі кашталян у 1765—73 і ваявода з 1773, член Скарбовай і Вайсковай камісій ВКЛ, старшыня Вайсковай камісіі абодвух народаў у час вайны 1792 з Расіяй, член Пастаяннай рады. Паліт. праціўнік падскарбія А.Тызенгаўза. Удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794. Віленскім актам паўстання 24.4.1794 прызначаны старшынёй Найвышэйшай літоўскай рады. Пасля яе роспуску старшыня скарбовага аддзела Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Пасля задушэння паўстання амнісціраваны Кацярынай II, жыў у сваіх маёнтках (Новая Мыш, Варонча і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́ЗАН,
1) прыбліжаны манарха ці феадала, які павінен быў весяліць гаспадара і гасцей. Паявіліся ў Зах. Еўропе ў 15 ст. У Рэчы Паспалітай вядомы з канца 15 ст., у Расіі — з пач. 18 ст. 2) Дзейная асоба, камічны персанаж стараж. спектакляў школьнага і нар. (гульні-паказы, батлейка) т-раў, нар. драмы. Выканаўца ролі блазна меў звычайна яркі, стракаты касцюм, у руках трымаў ляльку з бразготкамі.
3) Персанаж у творах У.Шэкспіра, П.Кальдэрона і інш., у бел. драматургіі — К.Марашэўскага, Е.Міровіча і інш.
У.Уладамірскі ў ролі Блазна ў спектаклі «Каваль-ваявода» Е.Міровіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ШКА (Януш Станіслававіч) (каля 1568—13.1.1654),
вайсковы і дзярж. дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Падуі (Італія, 1624—26). Кальвініст, перайшоў у каталіцтва. З 1604 на вайск. службе. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у т. л. Кірхгольмскай бітвы 1605, вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, вайны з Турцыяй, у т. л. Хацінскай бітвы 1621. З 1610 староста парнаўскі, з 1621 ваявода полацкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 абараняў Полацк (1633), вёў баі пад Смаленскам. З 1635 гетман польны, з 1640 староста дрыскі, з 1646 гетман вялікі ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ста́раста ‘выбраны або прызначаны ў абшчыне, арцелі; адказны класа, гурту і пад.’ (ТСБМ, Бяльк., Рам. 3), ‘сват на вяселлі’ (пін., Шатал.), ста́руста ‘тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел.староста ‘службовая асоба, якая кіравала паветам у ВКЛ’ (Ст.-бел. лексікон). Укр.ста́роста, рус.ста́роста ‘тс’, польск., в.-луж.starosta ‘стараста абшчыны’, славац.starosta ‘тс’, чэш.starosta ‘правадыр, начальнік’. Параўн. яшчэ стараж.-рус.староста ‘стары; старшыня; стараста; кіраўнік, эканом’. Прасл.*starosta. Да стары; гл. Фасмер, 3, 747; Брукнер, 514; Махэк₂, 574; Борысь (575) мяркуе, што першапачаткова гэта быў абстрактны назоўнік на ‑ostь: *starostь, які потым перайшоў у катэгорыю назоўнікаў на ‑а тыпу слуга, ваявода.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,
пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.І.Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСА́НДРЫ ((Alecsandri) Васіле) (21.7.1821, г. Бакэу, Румынія — 22.8.1890),
малдаўскі і румынскі пісьменнік, тэатр. дзеяч, збіральнік фальклору. Вучыўся ў Парыжы (1834—39). У сатыр. п’есах «Іоргу з Садагура» (1844), «Ясы ў час карнавалу», «Кірыца ў правінцыі» (абедзве 1852), казцы «Гісторыя аднаго залатога» (1843) і інш. адлюстраваў рэчаіснасць тагачаснай Малдавіі. Пад уплывам нар. творчасці напісаў вершаваны цыкл «Дойны» (1848—49, асобнае выд. 1853) і зб. «Народныя вершы» (1852). Аўтар гіст. паэмы «Чырвоная дуброва» (1872), гіст. драмы «Ваявода-дэспат» (1880), феерыі «Сінзіяна і Пепеля» (1883) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТО́ЎТЫ (Мантоўтавічы),
шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Родапачынальнік — літ. баярын Мантоўт (у хрышчэнні Аляксандр), верагодны родзіч Бутрыма, які ў час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 прыняў герб «Тапор». У 1422—35 Мантоўт быў старостам салечніцкім (пасля атрымаў Салечнікі ад вял.кн.ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ва ўласнасць), у 1440 староста эйшышкскі. Найб. вядомыя М.: Міхал (?—1486), сын Мантоўта, староста луцкі ў 1463—75, намеснік новагародскі і маршалак гаспадарскі ў 1482, кашталян трокскі з 1483. Узначальваў раду вял.кн. Жыгімонта. Меў маёнткі на Украіне, Жырмуны каля Ліды, Шарсцін у Гомельскай вол.Юрый (?—1508), сын Міхала, староста крамянецкі ў 1502—05, ваявода кіеўскі з 1507.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́Й (Mihai; н. 25.10.1921, г. Сіная, Румынія),
апошні кароль Румыніі [1927—30 (правіў Рэгенцкі савет), 1940—47]. З дынастыі Гогенцолернаў-Зігмарынгенаў. Сын Караля II [1930—40]. У 1930—40 кронпрынц, вял.ваявода. У 1940—44 знаходзіўся ў апазіцыі да дыктатуры маршала І.Антанеску, які фактычна пазбавіў М. ўлады. Пад уплывам паражэнняў Румыніі ў вайне супраць СССР у жн. 1944 пайшоў на пагадненне з Камуніст. партыяй і санкцыяніраваў арышт (23 жн.) Антанеску, 24 жн. абвясціў пра далучэнне Румыніі да антыгітлераўскай кааліцыі. Узнаг.сав. ордэнам Перамогі. У далейшым процідзейнічаў прыходу да ўлады ў краіне блока камуністаў з інш. левымі паліт. арг-цыямі, але пад іх націскам 30 12.1947 адрокся ад прастола і эмігрыраваў.