БЫЛІ́ЧКА,

жанр фальклору, кароткае вуснае апавяданне пра незвычайныя падзеі, якія быццам адбыліся ў сапраўднасці. Звычайна расказвае пра сустрэчы (герой часта на падпітку або ў нейкім замарачэнні) з чортам, русалкамі, ваўкалакам, мерцвяком, чалавекам-пярэваратнем, ведзьмаю, зачараванымі скарбамі. Жанравыя вытокі былічкі — у міфал. уяўленнях, павер’ях, пашыраных ва ўмовах патрыярхальнага сял. побыту ўсх. славян і інш. народаў. Па стылі былічкі блізкія да казак, паданняў, легендаў. Былічка, якая часта не мае цэласнай сюжэтнай формы, часам трансфармуецца ў бывальшчыну. У выніку згасання традыц. нар. вераванняў былічкі ператвараюцца ў займальныя вусныя аповяды, блізкія да казак, анекдотаў, жартаў і гумарэсак. Шмат былічак сабралі М.​Федароўскі, А.​Сержпутоўскі. Матывы былічак выкарыстоўвалі ў сваіх творах Я.​Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Ф.​Багушэвіч («Палясоўшчык», «Дзядзіна»), Я.​Колас («Страшнае спатканне»), Я.​Купала, З.​Бядуля і інш. бел. пісьменнікі.

Публ.:Federowski M. Lud białoruski. Т. 1—3. Kraków, 1897—1903; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Л., 1926.

Літ.:

Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;

Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;

Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973;

Зиновьев В.П. Быличка как жанр фольклора и ее современные судьбы // Мифологические рассказы русского населения Восточной Сибири. Новосибирск, 1987.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ МУЗЕЙ СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ.

Існаваў у Вільні з 1856 да пач. 1-й сусв. вайны. Засн. 29.4.1855 Я.П.Тышкевічам, адкрыты 1.12.1856. Аддзелы: археалогія, этнаграфія, мастацтва, зброя, мінералогія, арніталогія. Свае калекцыі музею перадалі Я.П. і К.​П.​Тышкевічы, У.​Сыракомля, А.​К.​Кіркор, Т.​У.​Нарбут, М.​І.​Балінскі, Ф.​К.​Багушэвіч, А.​А.​Плятар і інш. У канцы 19 ст. ў фондах налічвалася больш за 12 тыс. экспанатаў, у т. л. стараж. рукапісы, інкунабулы, рэдкія выданні 15—18 ст., багатыя калекцыі зброі, слуцкіх паясоў, габеленаў, графікі, скульптуры, партрэтаў прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, гербаў гарадоў Беларусі і Літвы, этрускіх ваз, яп., італьян. і кіт. тканін, фарфору, бронзавых вырабаў, нумізматычныя калекцыі (у 1858 былі 3264 антычныя, усх., рус., польска-літ., зах.-еўрап. манеты). Пераважная большасць матэрыялаў была з Беларусі. У фондах музея ўпершыню выкарыстаны метад захавання прадметаў па аднароднасці матэрыялаў, з якіх яны зроблены (метал, дрэва, шкло, косць, папера і г. д.). Пры Віленскім музеі старажытнасцей дзейнічала Віленская археалагічная камісія. У сувязі з паўстаннем 1863—64 музей падвергнуты рэвізіі, пасля якой шмат экспанатаў адпраўлена ў Маскву, але пазней частка іх вернута. Большасць экспанатаў цяпер зберагаецца ў гіст.-этнагр. музеі АН Літвы і Рэсп. мастацкай галерэі Літвы, Музеі бурштыну (г. Паланга), Дзярж. гіст. музеі (г. Масква), Нар. музеі (г. Варшава).

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЗКАЕ ў мастацтве,

эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.

Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.

У гісторыі бел. маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.​Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адмаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Незак. да адмовіць.

2. Выступаць праціўнікам чаго‑н.; не прызнаваць існавання, значэння, мэтазгоднасці чаго‑н. Адмаўляць існаванне бога. □ У процівагу В. Дуніну-Марцінкевічу паэт-грамадзяін Ф. Багушэвіч адмаўляў увесь тагачасны, і дзяржаўны лад. Шкраба. Помніць толькі [Сяргей], што ён нешта нігілістычна адмаўляў, і не столькі ад цвёрдага пераканання, колькі ад простай мужчынскай ўпартасці. Шамякін.

3. Абвяргаць што‑н., не згаджацца з кім‑, чым‑н. Да гэтага часу Скуратовіч прызнаўся, што некалькі разоў бачыўся з Толікам, але адмаўляў удзел сына ў забойствах. Чорны. [Уладзік:] — А таму нам [настаўнікам] трэба дагаварыцца загадзя; як трымацца на допыце, што казаць, а пра што маўчаць або адмаўляць зусім, каб не было супярэчлівых паказанняў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АПАВЯДА́ННЕ,

невялікі празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас). Звычайна ў яго аснове адна жыццёвая сітуацыя, падзея, эпізод, творам гэтага жанру характэрны адна сюжэтная лінія, невял. колькасць дзейных асоб. Генетычна апавяданне звязана з жанрамі вуснай паэт. творчасці: казкай, анекдотам, паданнем і інш. Паводле характару адлюстравання рэчаіснасці і выяўлення асобы аўтара вылучаюць апавяданне бытавое, сатыр., псіхал., лірычнае і г.д.

Шырока вядомы апавяданні: Дж.​Бакачыо ў італьянскай л-ры, М.​Сервантэса ў іспанскай, Гі дэ Мапасана, П.​Мерымэ, Стэндаля ў французскай, О.​Генры, У.​Фолкнера, Э.​Хемінгуэя ў амерыканскай, С.​Моэма ў англійскай, Р.​Акутагавы ў японскай, А.​Пушкіна, М.​Гогаля, І.​Тургенева, Л.​Талстога, А.​Чэхава, М.​Горкага, І.​Бабеля, М.​Зошчанкі, М.​Прышвіна, Ю.​Нагібіна, В.​Шукшына ў рускай. Першыя ўзоры бел. апавядання стварылі А.​Плуг («Кручаная баба», нап. 1849), Ф.​Багушэвіч («Тралялёначка», апубл. 1892). Напачатку апавяданне мела рысы жанравай замалёўкі, быт. жарту, анекдота (Ядвігін Ш.). Паступова яно пазбаўлялася бытавізму, набывала моцнае сац. гучанне («Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі). Я.​Колас стварыў першыя ў бел. л-ры алегарычна-філас. апавяданне («Казкі жыцця»). У жанры апавядання паспяхова працавалі Ц.​Гартны, М.​Зарэцкі, К.​Чорны, З.​Бядуля, П.​Галавач, Э.​Самуйлёнак. Сучаснае апавяданне звязана з імёнамі М.​Лынькова, Я.​Брыля, В.​Быкава, І.​Мележа, Я.​Скрыгана, У.​Караткевіча, А.​Кулакоўскага, І.​Шамякіна, А.​Чарнышэвіча, М.​Стральцова, І.​Пташнікава, В.​Адамчыка, Б.​Сачанкі, І.​Чыгрынава і інш.

Літ.:

Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс. Мн., 1971.

С.​А.​Андраюк.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Труна́ ‘дамавіна’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Бес., Ласт., Федар. 4, Шым. Собр., Сержп. Прымхі, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Яруш., Мал., Булг., Гарэц., Мат., Др.-Падб., Варл., ТС, Вруб., Растарг.; петрык., Яшк. Мясц., ЛА, 3, Сл. ПЗБ), ‘пагібель, канец; вельмі дрэнна’ (ТСБМ), ст.-бел. труна (трумна, трунна) ‘труна’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trona, truna, trumna, trunna < с.-в.-ням. truhe ‘скрыня, труна’ (Булыка, Лекс. запазыч., 102), якое з’яўляецца роднасным ням. сілез. trūne ‘тс’, truhe, н.-в.-ням. truhne ‘тс’, ‘сундук’, trügge ‘карыта’, нарв. trygja ‘кошык для рыбы’, англ. trough ‘карыта’, ‘дзяжа, кадка’, якія, відаць, зводзяцца да гоц. triu, англ. tree ‘дрэва’, што да і.-е. *dereu̯(o)‑ ‘дрэва’ (Фасмер, 4, 109; Брукнер, 577; Шустар-Шэўц, 1538; ЕСУМ, 5, 656; Васэрцыер, 236, 237; Борысь, 644). Польск. trumna Вінцэнц (гл.) лічыць гіперкарэктнай формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гвалт, ‑у, М ‑лце, м.

1. Прымяненне фізічнай сілы ў адносінах да каго‑н.; здзек. Выходзяць на бітву аршанцы, Суровы ідзе Магілёў, Каб помсціць фашысцкім паганцам За гвалты, за здзек і за кроў. Астрэйка.

2. Прымусовае ўздзеянне на каго‑н.; уціск. Паказваючы, напрыклад, урадніка, Ф. Багушэвіч падкрэслівае, што ён чыніць гвалт і прымус імем цара. Шкраба.

3. Крык, шум, лямант. Убачыўшы мядзведзіцу ў лесе ці на дарозе, людзі страшэнна палохаліся, узнімалі гвалт. В. Вольскі. Да сябе.. [Люба] не запрашала Ігнася. Ведала, як скрыва паглядзелі б бацькі і які гвалт узняўся б .. у хаце. Мурашка.

4. у знач. прысл. гва́лтам. Супраць волі, жадання; сілай. Мужчыны гвалтам пасадзілі.. [Грэт] у лодку. Маўр.

5. у знач. выкл. Разм. Кліч аб паратунку ў выпадку небяспекі. Ратуйце, гвалт!

•••

Хоць гвалт крычы гл. крычаць.

[Польск. gwalt з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труп ‘ мёртвае цела чалавека або жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Ласт., Федар. 4; уздз., Мат.; віл., Сл. ПЗБ), ‘тулава’ (уздз., уласн. інфарм.): …паненкам — крылушкі… А я мужык глуп — мне ўвесь труп (Бел. казкі), ‘прах, астанкі’: адзежа трупам узялася (Нас.), ‘гніль’ (Багушэвіч, Байк. і Некр.): труп яго бяры — праклён (Вушац. сл.), ст.-бел. трупъ ‘мёртвае цела’, зборн. трупие ‘целы мёртвых’ (ГСБМ), трупъ ‘тс’: страшно было трупу московского гледѣти (17 ст., Карскі 2–3, 316); stojaczy na trupi (Хроніка Быхаўца). Укр. труп ‘мёртвае цела, мярцвяк’, рус. труп ‘тс’, ‘тулава’, ‘струп’, стараж.-рус. трупъ ‘мёртвае цела’, ‘ствол дрэва, пень’, польск. trup, н.-луж. tšup ‘мярцвяк’, в.-луж. trup ‘струп’, ст.-чэш. trup ‘пень’, ‘ствол’, чэш. trup, славац. trup ‘тулава, корпус’, славен. trúp ‘тулава’, ‘корпус карабля’, харв. trûp, серб. труп ‘тс’, ‘пень, калода’, макед. труп ‘тулава’, ‘мёртвае цела’, ‘пень, пацурбалак’, ‘даўбешка’, балг. труп ‘тулава’, ‘ствол дрэва’, ‘мёртвае цела’, ст.-слав. троупъ ‘мёртвае цела’, зборн. троупиѥ. Прасл. *trupъ роднаснае літ. traupùs ‘крохкі’, trupė́ti ‘крышыцца, гніць, драбніцца’, trùpas ‘старац’, ст.-прус. trupis ‘калода’ — на думку Мілеўскага (SOc, 18, 29), запазычана з польскай; лат. satrupēt ‘гніць, згніваць’, ‘спарахнець’, ст.-грэч. τρΰπη ‘дзірка’, τρυπάω ‘свідрую’, якія ўзыходзяць да і.-е. *trou‑po‑/‑s ‘пень, калода’ < і.-е. *ter‑/*treu̯/*trou̯‑ ‘церці, расціраць’, ‘свідраваць’ (Фасмер, 4, 109; Голуб-Копечны, 392; Брукнер, 578; Младэнаў, 640; Буга, РФВ, 75, 151; Скок, 3, 516; Каруліс, 2, 433; ЕСУМ, 5, 657; Сной₂, 789; Борысь, 645). Паводле Махэка₂ (655), прасл. *trupъ мела першаснае значэнне ‘спарахнелы ствол дрэва’, параўн. каш. trëpa ‘спарахнелае бервяно, асабліва ў тарфянішчы’ (SEK, 5, 166), польск. trupieć ‘трухлявець, дзеравянець’. Гл. таксама меркаванні пра зыходнае значэнне ‘частка, кавалак’ на падставе балг. разтру́пя ‘парубаць дрэва на часткі’ (Новое в рус. этим., 239), параўн. таксама харв. rastrupati ‘разбіць на кавалкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГУСТ ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,

здольнасць чалавека ўспрымаць і ацэньваць эстэт. ўласцівасці з’яў і прадметаў, адрозніваць прыгожае і агіднае. У выпадках ацэнкі твораў мастацтва густ эстэтычны называецца маст. густам. Праяўляецца пераважна як сістэма асобасных прыхільнасцей, якія арыентуюцца на агульнапрынятыя эстэт. ацэнкі. Уяўляе сабой эмацыянальна-рацыянальнае засваенне рэчаіснасці, выступае як адзінства эстэт. пачуцця і эстэт. ідэалу (найвышэйшага крытэрыя эстэт. ацэнкі). Праблема густу эстэтычнага атрымала асаблівае развіццё ў эстэтыцы 17—18 ст. (Б.​Грасіян-і-Маралес). Франц. філосафы-асветнікі і эстэтыкі класіцызму (Н.​Буало, Ш.​Бацё, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Вальтэр і інш.) трактавалі густ эстэтычны з пазіцый рацыяналізму і нарматывізму. У англ. сенсуалістычнай эстэтыцы (А.​Шэфтсберы, Г.​Хом і інш.) густ эстэтычны звязвалі з характарам чалавечых адчуванняў і этычнымі нормамі. Суб’ектыўнасць густу эстэтычнага акцэнтавалася Д.​Юмам. Густ эстэтычны І.​Кант абгрунтоўваў як прынцыповы суб’ектывізм і прыроджаны характар, лічыў з’явай адначасова грамадскай і індывідуальнай. Марксісцка-ленінская эстэтыка разглядала густ эстэтычны перш за ўсё як сац.-гіст. з’яву. У аналізе густу эстэтычнага рус. рэв.-дэмакр. эстэтыкі акцэнт рабіўся на сац.-гіст. ўмовы фарміравання асобы.

У бел. культуры цікавасць да праблемы густу эстэтычнага пачынаецца з эпохі Адраджэння (М.​Гусоўскі, Ф.​Скарына). У спасціжэнні прыроды густу эстэтычнага Сімяон Полацкі і М.​Сарбеўскі абапіраліся на эстэтыку класіцызму і барока, Я.​Чачот, В.​Каратынскі зыходзілі з узвышанага эстэт. ідэалу, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына — з сац. рэальнасці. М.​Багдановіч імкнуўся выявіць сутнасць густу эстэтычнага на аб’ектыўнай аснове, шукаў эстэт. магчымасці для выключэння суб’ектывізму, густаўшчыны, З.​Бядуля зыходзіў з паняцця прыгожага, як агульначалавечай каштоўнасці. За ацэнкамі густу эстэтычнага заўсёды стаіць асоба ва ўсёй сваёй духоўнай непаўторнасці. Таму фарміраванне густу эстэтычнага выступае як адна з цэнтр. задач эстэт. выхавання і развіцця асобы.

Літ.:

Эстетическое воспитание на современном этапе: Теория, методология, практика. М., 1990;

Салееў В.А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994.

В.​А.​Салееў.

т. 5, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Звадыяш ’зводнік, падбухторшчык’, дыял. зваду́н, звод ’тс’ (Касп.). Параўн. рус. сводня, сводник ’асобы, што выступаюць пасрэднікамі’ (у тым ліку, паводле Даля, ’злачынных сувязей’), укр. звідник ’абманшчык’ (Грынч.), уст. дыял. зводи́тель ’спакуснік’, польск. дыял. zwodzijasz, zwodzijaś ’птушка ляляк, Caprimulgus europaeus, якая водзіць людзей па лесе’, ’падманшчык’ (1 красавіка — dzień św. Zwodzijasa) (Карловіч), ст.-польск. zwodzicz, zwodca ’баламут, падманшчык’ (Рэчак). Параўн. бел. звада ’спрэчка’ (Мікуцкі, Полымя, 1971, 8, 251), звадзіць ’пасварыць’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 176). Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 9, 149), да кораня вад‑ (гл. вадзіць). Аднак у словатворчых адносінах дакладней Сцяцко (Афікс. наз., 32–33): звадыяш ад зводнік. Сувязь з вадзіць пазнейшая. Зважаючы на бел.-польск. пашырэнне, хутчэй тут запазычанне, верагодна, з польск. у бел. Ад зводзіць з суфіксам ‑ун утворана звадун, што тыпова для бел. словаўтварэння. Звод можа быць рэфлексам старога ўтварэння з аблаўтам ад sъved‑ti (рус. свести) у спецыфічным значэнні, адкуль потым адназоўнікавы дзеяслоў зводзіць, але магчыма і больш новае, другаснае ўтварэнне ад гэтага дзеяслова, утворанага на базе звод з шырокім значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)