СТАРЫ́ЦКІ Міхаіл Пятровіч (14.12.1840, с. Клешчынцы Чарнабаеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 27.4.1904),

украінскі пісьменнік, перакладчык, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў Харкаўскім (1858—60) і Кіеўскім (1860—66) ун-тах. З 1864 выступаў у аматарскіх тэатр. гуртках. З 1883 узначальваў першую ўкр. прафес. тэатр. трупу М.​Крапіўніцкага (у 1880—90-я г. гастраліравала на Беларусі). Майстэрствам трупы захапляліся Я.​Лучына, які прысвяціў трупе вершы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею артысту Манько» (нап. 1887, апубл. 1932), і Ф.​Багушэвіч. С. — майстар рэжысёрскага вырашэння масавых сцэн, асаблівую ўвагу аддаваў муз. і маст. афармленню спектакля. Аўтар зб. вершаў «Са старога сшытка. Песні і думы» (ч. 1—2, 1881—83), сац.-быт. п’ес «Не суджана» (1883), «У цемры» (1893), «Лёс» (1894), гіст. драм «Багдан Хмяльніцкі» (1897), «Маруся Багуслаўка» (1899), вадэвіляў. Трылогія «Багдан Хмяльніцкі» («Перад бурай», «Бура», «Каля прыстані», 1895—97), аповесць «Абарона Бушы» (1894) пра падзеі антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54. Інсцэніраваў творы М.​Гогаля, Э.​Ажэшкі, Ю.​Крашэўскага і інш. На ўкр. мову пераклаў некат. творы А.​Пушкіна, М.​Лермантава, М.​Някрасава, Ю.​Славацкага, А.​Міцкевіча, У.​Сыракомлі, І.​В.​Гётэ, Дж.​Байрана. На бел. мову асобныя творы С. пераклаў Э.​Валасевіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—8. Київ, 1963—65;

Рус. пер. — Пьесы. Л.;

М., 1958;

Стихи. М., 1965.

Літ.:

Сокирко Л.Г. М.​П.​Старицький. Київ, 1960;

Комишанченко М.​М.​Старицький. Київ, 1968.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)