КЛІ́НТУХ (Columna oenas),

птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі пералётны від; сустракаецца ўсюды, найб. на Палессі. Жыве пераважна ў старых лісцевых і мяшаных увільготненых лясах; чароды трапляюцца на лугах, палях, выганах.

Даўж. да 33 см, маса да 340 г. Апярэнне шаравата-шызае, шыя і валлё з метал. бляскам, дзюба белая або жаўтаватая. Корміцца насеннем травяністых раслін. Гняздуецца ў дуплах, зрэдку на галінах асіны, вольхі, дуба, ліпы, хвоі. Нясе 2 яйцы (двойчы за год).

Клінтух.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКІ́ (Limicolae),

падатрад птушак атр. сеўцападобных. 14 сям., каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць па берагах вадаёмаў, у тундры, стэпе, на высакагор’і, пераважна на адкрытых месцах, некаторыя віды — у лясах ці хмызняках. На Беларусі 23 віды з 5 сямействаў.

Даўж. да 62 см, маса да 1,1 кг. Апярэнне шчыльнае, звычайна няяркае. Дзюба ад кароткай шылападобнай ці тоўстай да доўгай, прамой ці выгнутай. Крылы пераважна доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. Гнёзды звычайна на зямлі. Нясуць 2—5 яец. Аб’ект палявання.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮСТРА́НЫЯ КА́ЧКІ,

пародная група мяса-яечнага кірунку. Выведзена на Кучынскім птушказаводзе (Маскоўская вобл., Расія) у 1950 скрыжаваннем мясцовых качак з пекінскай і хакі-кемпбел пародамі. На Беларусі гадуюць пераважна ў асабістых гаспадарках.

Маса качараў 3—4 кг, качак 2,8—3,5 кг. Апярэнне качараў светла-шэрае, грудзі карычнева-чырвоныя, качак — светла-карычневае з цёмна-сінімі люстэркамі на крылах. Тулава падоўжанае, шырокае, крыху прыўзнятае. Галава невял., дзюба цёмная. Шыя крыху выгнутая. Ногі невысокія. Яйцаноскасць да 200 (найб. 234) яец за год.

Люстраныя качкі.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРАЗЛУ́ЧНІКІ, неразлучкі (Agapornis),

род птушак атр. папугаепадобных. 6—9 відаў. Пашыраны ў трапічнай Афрыцы, на в-ве Мадагаскар і прылеглых астравах. Жывуць у лясах, саваннах, гарах. Гняздуюць у грамадскіх гнёздах ткачыкаў, дуплах, расколінах скал, тэрмітніках, пабудовах. Трымаюцца парамі. Назва з-за памылковага погляду, што пры гібелі адной птушкі гіне і другая.

Даўж. да 17 см. Крылы і хвост кароткія, круглявыя. Апярэнне яркае — зялёнае з чырв., жоўтым або сінім. Кормяцца насеннем, пладамі. ягадамі. Часам Н. наз. аўстрал. хвалістых папугайчыкаў.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СТАРЫ (Nestor),

род птушак атр. папугаепадобных. 2 віды: кеа (N. notabilis) і кака (N. meridionalis). Пашыраны ў Новай Зеландыі. Кеа жывуць у гарах, гнёзды ў расколінах скал і норах; кака — у лясах, гнёзды ў дуплах.

Даўж. каля 50 см, кака драбнейшыя. Апярэнне зялёнае, аліўкавае з чырв. або аранжавым. Кормяцца насякомымі, нектарам, насеннем, парасткамі, карэньчыкамі. Некат. кеа драпежнікі: выклёўвалі ў авечак кавалачкі падскурнага тлушчу і мяса, што прыводзіла да гібелі жывёл, з-за гэтага мноства птушак было знішчана. Ахоўваюцца.

Да арт. Нестары. Кеа.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРУЧА́ЙНІК (Tringa stagnatilis),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў лесастэпавай і стэпавай зонах, на балотах і па берагах вадаёмаў. На Беларусі рэдкі гняздоўны і пералётны від, трапляецца пераважна на Пд Гомельскай вобл.; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 23 см, маса да 85 г. Апярэнне спіны шаравата-бурае, брушка і надхвосце белае. На валляку і грудзях цёмныя стракаціны. Хвост з папярочнымі цёмнымі палосамі. Дзюба тонкая, чорная. Корміцца воднымі беспазваночнымі. Нясе 3—4 яйцы.

Э.​Р.​Самусенка.

Паручайнік.

т. 12, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПЁЛКА звычайная

(Coturnix coturnix),

птушка сям. фазанавых атр. курападобных. Пашырана ў Еўразіі, Афрыцы, на в-ве Мадагаскар. Насяляе пераважна ўзлескі, лясныя паляны, лугі, с.-г. палеткі. На Беларусі трапляецца ўсюды, найб. на Пд. Пералётная птушка.

Даўж. каля 20 см, маса да 145 г. Апярэнне страката-бураватае. Хвост кароткі. Корміцца пераважна насеннем раслін і насякомымі. У шлюбны перыяд самцы такуюць. Нясе да 24 яец. Вывадкавая птушка. Аб’ект спарт. палявання і развядзення (для атрымання яец).

Э.​Р.​Самусенка.

Перапёлка: 1 — самка; 2 — самец.

т. 12, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́РЫ, горныя індыкі (Tetraogallus),

род птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 5 відаў. Пашыраны на Каўказе, у Азіі. Жывуць на горных лугах да выш. 4000 м.

Даўж. да 70 см, маса да 3 кг. Апярэнне глініста-шэрае з дробнымі чорнымі плямкамі, на баках і шыі каштанавыя палоскі. Крылы шырокія. Ногі моцныя, у самцоў з кароткай шпорай. Кормяцца парасткамі, пупышкамі, кветкамі, насеннем, цыбулінамі; птушаняты — насякомымі. Манагамы. Адкладваюць да 6, зрэдку да 12 яец. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Улары: 1 — каспійскі; 2 — каўказскі.

т. 16, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЧО́ТКІ (Acanthis),

род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. і Паўд.-Усх. Азіі, Афрыцы. На Беларусі трапляюцца канаплянка, у перыяд зімовага вандравання Ч. звычайная (A. flammea) і вельмі рэдкі залётны від Ч. горная (A. flavirostris).

Даўж. да 16 см, маса да 25 г. Ч. звычайная мае бура-шэрае з ружаватым на грудзях і брушку апярэнне, чырв. «шапачку» і надхвосце. Кормяцца пераважна насеннем і дробнымі насякомымі.

Чачоткі. Самцы: 1 — звычайная; 2 — тундраная, або попельная; 3 — горная.

т. 17, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСТРАБІ́НАЯ САВА́ (Surnia ulula),

птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве ў лесатундры і тайзе. На Беларусі вельмі рэдкі, нерэгулярна залётны зімою від.

Даўж. 36—41 см, маса 250—370 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны бурае з белымі плямамі, знізу светлае з цёмнымі папярочнымі палоскамі, як у ястрабаў (адсюль назва). Тваравы дыск белы. Хвост ступеньчаты, закруглены. Нясе 3—4 яйцы. Корміцца мышападобнымі грызунамі, радзей птушкамі. Іл. гл. да арт. Савіныя.

т. 18, кн. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)