існавалі ў 11—17 ст.Абарончыя збудаванні мелі ўсе асн. раёны стараж.Полацка: Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак, Вял. і Запалоцкі пасады. Паводле летапісных звестак, яны былі зроблены з дрэва. «Сага аб Цідрыку Бернскім» (запіс адносіцца да 13 ст.) паведамляе пра наяўнасць у Полацку мураваных умацаванняў. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах 15—17 ст. ’Паводле іх, у 1552 на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафейская і 4 безыменныя. У 17 ст., пасля ўмацавання замка, вежы перабудаваны, некат. пастаўлены ў інш. месцах. Паводле дакумента 1654, было 10 вежаў: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Гуська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная. Умацаванні Вял. пасада вядомы з 11 ст. У 16—17 ст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Зах. Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на Пн, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўн.-ўсх.). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р.Палата на З да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без вежаў. На Ніжнім замку ў 17 ст. вежы і сцены заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з 12 ст. У 16 ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вял. пасада. Аднак тут адсутнічалі валы, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын». Археал. даследаванні П.г.у. праводзілі В.А.Булкін (1979), С.В.Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
Літ.:
Гл. пры арт.Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ,
стараж. прадметы, збудаванні, пахаванні, што захаваліся на зямной паверхні, пад зямлёй або пад вадой і з’яўляюцца аб’ектам археал. даследаванняў. Да археалагічных помнікаў адносяцца: выкапнёвыя прылады працы, зброя, упрыгожанні, паселішчы (стаянкі, селішчы, гарадзішчы), рэшткі жытлаў, гідратэхн. збудаванняў, майстэрні, горныя выпрацоўкі, пячоры, стараж. ўмацаваныя лініі (абарончыя валы, равы), дарогі, пабудовы на па́лях, малюнкі і надпісы, высечаныя на асобных камянях і скалах, стараж.арх. помнікі, пахаванні, надмагільныя і культавыя збудаванні (каменныя бабы, следавікі, ідалы, свяцілішчы і інш.). Археалагічныя помнікі — рэчавыя гіст. крыніцы, па якіх можна аднавіць мінулае чалавечага грамадства. На Беларусі выяўлена каля 900 стаянак каменнага і бронзавага вякоў, каля 1500 гарадзішчаў і селішчаў ранняга жал. веку і інш.
Да арт.Археалагічныя помнікі. Умацаванае паселішча бронзавага веку Дун Энгус. Астравы Аран, графства Голуэй, Ірландыя.Да арт.Археалагічныя помнікі. Гарадзішча Індура ў Гродзенскім р-не.Да арт.Археалагічныя помнікі. Курганы каля в. Высачаны Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКІ РАЁННЫ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1976 у г. Гарадок Віцебскай вобл.Пл. экспазіцыі 404 м², 26 тыс. экспанатаў асн. фонду (1991). Сярод экспанатаў рэчы з археал. даследаванняў на тэр. Гарадоцкага р-на (косці маманта, крамянёвыя прылады працы, вырабы з жалеза, керамічны посуд і цацкі, нумізматычная калекцыя). Ёсць матэрыялы пра стараж. Гарадок, у т. л.Гарадоцкі замак, пра падзеі рэв. руху, грамадз. вайны, аднаўленне нар. гаспадаркі. Значную колькасць складаюць экспанаты перыяду Вял.Айч. вайны: пра абарончыя баі, узнікненне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў раёне, злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў ходзе Гарадоцкай аперацыі 1943, матэрыялы пра землякоў Герояў Сав. Саюза М.І.Аверчанку, М.А.Ананьева, Р.Б.Багданава, І.Р.Бумагіна, М.І.Гапяёнка, А.Я.Казлова, П.М.Каралёва, І.А.Круміня, Ц.Ц.Рамашкіна, А.П.Сабалеўскага, пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій, удзельнікаў вайны ў Афганістане і інш. Экспануюцца этнагр. матэрыялы 19 — пач. 20 ст., дэкар.-прыкладнога мастацтва (кераміка, вырабы ткацтва, з саломкі, лазы, вышыванкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЖО́Н (франц. donjon),
галоўная шмат’ярусная вежа феад. замка, якая служыла месцам апошняй абароны і сховішчам пры нападзе ворага. Адначасова была назіральным і камандным пунктам у часы ваен. дзеянняў, магла выконваць функцыі аўтаномнай цытадэлі, дзе захоўваўся запас правіянту, ваен. рыштунку. Д. ў Еўропе будавалі ў 9—10 ст., пазней вядомы ўсюды, у т. л. на мусульм. усходзе і ў Закаўказзі На Беларусі былі пашыраны ў 13—17 ст. Вядомы Д. ў Брэсце, Тураве, Гродне, Навагрудку, Полацку, Шклове і інш. Уцалела вежа-данжон у Камянцы (гл.Камянецкая вежа).
Д. размяшчаліся пры гал. браме, непасрэдна каля ўезда ў замак або ў цэнтры ўмацаванняў. У плане маглі быць круглыя, авальныя, прамавугольныя, шматвугольныя. Стральба вялася праз байніцы, разлічаныя на кругавую абарону, з баявых балконаў, верхніх баявых пляцовак з-за зубцоў і праз машыкулі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬНІКО́ЎСКАЯ (Вольга Мікалаеўна) (н. 14.9.1921, г. Сасава Разанскай вобл., Расія),
расійскі археолаг. Канд.гіст.н. (1965). Скончыла Маскоўскі ун-т (1946). З 1946 працуе ў Ін-це археалогіі Рас.АН. У 1951—61 вывучала помнікі археалогіі паўд.-ўсх. Беларусі (Борхаў, Гарошкаў, Глыбаў, Калочын, Мілаград, Мохаў і інш.). На іх падставе вылучыла мілаградскую культуру. Даследавала абарончыя ўмацаванні, жытлы, гасп. пабудовы і вырабы прыкладнога мастацтва гэтай культуры, вызначыла культ.гандл. сувязі носьбітаў культуры з інш. плямёнамі. Распрацавала пытанні храналогіі культуры, звязала яе насельніцтва з неўрамі, якіх лічыць славянамі.
Тв.:
Древнейшие городища Южной Белоруссии // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры АНСССР. М., 1957. Вьш. 70;
Могильник милоградской культуры в дер. Горошков в Южной Белоруссии // Сов. археология. 1962. № 31;
О взаимосвязи милоградской и зарубинецкой культур в Южной Белоруссии // Там жа. 1963. № 1;
Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАНЕ́Г Пётр, бел. дойлід 12 ст. Прадстаўнік Гродзенскай школы дойлідства. Ім узведзены шэраг манум. будынкаў у Гродне (верагодна, Ніжняя, Барысаглебская і Прачысценская цэрквы, княжацкія палаты і мураваныя абарончыя сцены). У пач. 12 ст. быў асабістым дойлідам кіеўскага кн. Рурыка. Яго прозвішча зафіксавана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1119 пры сведчанні пра ўзвядзенне ў Выдубіцкім манастыры пад Кіевам мураванай падпорнай сценкі з боку р. Дняпро (адначасова з’яўлялася агляднай пляцоўкай). На заказ князя М. пабудаваў цэрквы св. Васіля ў Оўручы, св. Апосталаў у Белгарадзе і Пятніцкую ў Чарнігаве. У гэтых помніках відавочны традыцыі гродзенскай архітэктуры, што дазваляе даследчыкам меркаваць пра аўтарства М.: у сцены ўмураваны каляровыя шліфаваныя камяні і паліваныя керамічныя пліткі, скошаныя вонкавыя вуглы, аналагічныя падпорныя і аглядныя сцены Выдубіцкага манастыра і на мысе Гродзенскага дзядзінца.
Літ.:
Рапапорт П. Пётр Міланег — гродзенскі дойлід XII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯў архітэктуры,
сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст.н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст. — асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл.Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт.Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц.нар. жыллі і гасп. пабудовах.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Вянковая канструкцыя. Вянковы двор. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. Сектар «Цэнтральная Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙТМАН (Леў Мееравіч) (23.3.1896, г. Петрыкаў Гомельскай вобл. — 20.9.1974),
бел. графік, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Вучыўся ў Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна. Выкладаў у Віцебскім (1931—41) і Мінскім (1947—58) маст. вучылішчах. Працаваў пераважна ў тэхніцы акварэлі. Ствараў пейзажы, партрэты, нацюрморты, у тэматычных работах адлюстроўваў індустр. тэму. Аўтар лірычных, тонкіх паводле колеру пейзажаў «Дажджлівы дзень. Дзвіна» (1934), «Вясна» (1939), «Зіма» (1942), «Чырвоныя дахі», «Вёска Серада» (абодва 1943), «Старадаўняя альтанка», «Цішыня» (абодва 1945), краявідаў Мінска («Мінская ўскраіна», 1945; «Ля таполі Янкі Купалы», 1957, і інш.). Сярод інш. твораў: серыі акварэлей «Жанчыны на вытворчасці» (1930-я г.), «Абарончыя збудаванні пад Масквой» (1942), «Новыя абрысы гарадоў Беларусі» (1950-я г.), акварэль «Маладзёжная брыгада за работай», партрэты Л.С.Дуброўскай (абодва 1950), М.П.Кірпічковай (1951), М.Г.Берасцевіч (1962), будаўніцы (1970), настаўніцы («Першага верасня», 1971) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—2-й пал. 18 ст. Пабудаваны з дрэва на месцы гарадзішча стараж. Рагачова 11 ст., на высокім мысе ў сутоку рэк Дняпро і Друць. У 1750—60-я г. замак быў абнесены земляным валам (вал існаваў з 11 ст., але ў гэты перыяд быў падсыпаны) з ровам, абарончыя сцены мелі выгляд астрога. У цэнтры дзядзінца стаяў палац — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з мезанінам, накрыты гонтавым дахам. Уключаў прыхожую, сталовую, 5 жылых памяшканняў, алькеж, камору, аптэчку, кухню і інш., у мезаніне была зала. Гал. ўваход аформлены ганкам на слупах, на процілеглым фасадзе — галерэя. Каля палаца размяшчаліся флігель (8 жылых памяшканняў, гардэроб, кухня), царква, дом аканома, гасп. пабудовы. Перад 2-яруснай брамай-вежай (у 1-м ярусе абапал праезда былі 2 каморы, у 2-м — зала, абкружаная галерэяй і накрытая гонтавым дахам) цераз роў быў мост на ізбіцах. Да пач. 1770-х г. замак прыйшоў у заняпад.
рускі археолаг, гісторык архітэктуры. Д-ргіст.н. (1965). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). Працаваў у Ленінградскім аддз. Ін-та археалогіі АНСССР (1939—88). Выкладаў гісторыю архітэктуры у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры Акадэміі мастацтваў СССР. Даследаваў праблемы гісторыі і археалогіі манум. архітэктуры Кіеўскай Русі і Маскоўскай дзяржавы. Даследаваў 12 помнікаў архітэктуры Беларусі часоў сярэдневякоўя; абследаваў некалькі дзесяткаў гарадзішчаў на тэр.стараж. Турава-Пінскай і Полацкай зямель і ў гарадах т. зв. Чорнай Русі, археалагічна вывучыў канструкцыю абарончых збудаванняў больш як 10 гарадзішчаў на тэр. Беларусі, у т. л.абарончыя збудаванні стараж. Ваўкавыска, Навагрудка, гарадзішча Турэцкая горка каля Слоніма і інш.
Тв.:
Раскопки в Волковыске в 1959 г. // Сов. археология. 1963. № 1;
Полоцкое зодчество XII в. // Там жа. 1980. № 3;
Памятники культуры: Новые открытия, 1979. Л., 1980 (у сааўт.);
Новые данные об архитектуре древнего Гродно // Древнерусское искусство: Худож. культура X—первой пол. XIII в. М., 1988.