спецыфічная форма ліквідацыі абшчынных зямель і распарадкаў у еўрап. краінах у 13 — пач. 19 ст. Назва ад распачатага ў Англіі працэсу захопу і агароджвання лендлордамі абшчынных пашаў для гадоўлі на іх авечак. У 15—16 ст. развіццё тэкст. прам-сці і вял. попыт на воўну зрабілі авечкагадоўлю прыбытковай справай. Таму буйныя землеўладальнікі пачалі інтэнсіўна зганяць сялян з ворных зямель і ператвараць іх у пашу. У 16—18 ст. агароджванні былі пашыраны ў Нідэрландах, Францыі, Германіі. У 18 ст.англ. парламент узаконіў агароджванні і яны працягваліся да пач. 19 ст. Супраціўленне і паўстанні збяднелых сялян супраць агароджванняў (адно з буйнейшых у 1549 пад кіраўніцтвам Р.Кета) душыліся ўладамі. Адным з вынікаў агароджванняў быў адток сялян у прамысловасць.
Літ.:
Митрофанов В.П. Вопрос об огораживаниях в английском парламенте (конец XVI — начало XVII в.) // Проблемы истории Западной Европы развитого и позднего феодализма. Иваново, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАС ((Witos) Вінцэнты) (21.1.1874, в. Вежхаславіцы, Кракаўскае ваяв., Польшча — 31.10.1945),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Дэп. галіцыйскага сейма (1908—18), гал.аўстр. рэйхсрата (1911—18), польск. сейма (1919—33). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў сял. партыі «Пяст» (1913—31). Прэм’ер-міністр у 1920—21, 1923 і 1926. Актыўна ўдзельнічаў у блоку апазіцыйных партый «Цэнтралеў», за што быў зняволены ў турму (1930). У 1931—35 старшыня Гал. савета сял. партыі «Стронніцтва людовэ», з 1935 старшыня партыі. У 1933—39 у эміграцыі ў Чэхаславакіі. У 1939—41 зняволены ням.-фаш. акупантамі, пасля пад наглядам гестапа. У 1945 адмовіўся супрацоўнічаць зкамуніст. ўладамі (быў прызначаны нам. старшыні Краёвай Рады Нарадовай, але ў яе рабоце не ўдзельнічаў).
Тв.:
Dzeła wybrane: W 5 t. T 1—3. Warszawa, 1988—95;
Wybór pism. Warszawa, 1989.
Літ.:
О Wincentym Witosie. Warszawa, 1983;
Borkowski J. O Wincentym Witosie: Relacje i wspomnienia. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ АЛЯКСЕ́Я, ЧАЛАВЕ́КА БО́ЖАГА»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры канца 15 ст. Змешчана ў рукапісным зб-ку разам з«Страсцямі Хрыстовымі» і «Аповесцю пра трох каралёў». Перакладзена злац. мовы з выкарыстаннем чэш. крыніц. Шырока адлюстроўвае рысы бел.нар. гаворкі свайго часу.
«Жыціе...» апавядае пра Аляксея, які ў імя веры пакінуў багатых бацькоў і жонку і стаў хрысціянскім падзвіжнікам. Пасля вярнуўся ў бацькоўскі дом пад выглядам жабрака і жыў так 17 гадоў. Толькі пасля яго смерці бацькі даведаліся, што гэта быў іх сын. Аповесць вядома ў чэш. і польскім перакладах, у празаічным, вершаваным і драматургічным варыянтах. Зборнік зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Публ.:
Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959;
Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.
Літ.:
Адрианова В.П. Житие Алексея, человека божия, в древней русской литературе и народной словесности. Пг., 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАВА́ЛЬНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
патокі элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў, узаемадзеянне якіх з асяроддзем даводзіць да іанізацыі яго атамы і малекулы. Напр., ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, для стэрылізацыі, пастэрызацыі і захоўвання харч. прадуктаў, фармацэўтычных прэпаратаў і інш.
Зараджаныя часціцы іанізуюць атамы асяроддзя непасрэдна пры сутыкненнях з імі; выбітыя электроны пры наяўнасці дастатковай энергіі таксама могуць іанізаваць (другасная іанізацыя). Пры праходжанні нейтральных часціц (напр., нейтронаў, фатонаў) іанізацыя абумоўлена другаснымі зараджанымі часціцамі, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння першасных часціц з асяроддзем. І.в. разбуральна ўздзейнічае на рэчыва і жывыя арганізмы; многія хім. рэакцыі пад уплывам І.в. ажыццяўляюцца больш лёгка або працякаюць пры значна меншых цісках і т-рах. У выніку дзеяння І.в. можна атрымаць розныя мутацыі мікраарганізмаў і раслін. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення, Радыяцыйныя дэфекты, Прамянёвая тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератар эл.аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10−6 да 10−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.
Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (105—107) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).
В.І.Вараб’ёў.
Прынцыповая схема кварцавага генератараз кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕДР (Cedrus),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. 3 віды пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, 1 — у Гімалаях. Маюць назву сапраўдных, або паўд. К. Найб. вядомы К. ліванскі (C. libani). На Беларусі пад назвай К. вырошчваецца кедравая хвоя, або паўн. К.; найб. вядомыя К. еўрапейскі (Pinus cembra) і сібірскі (P. sibirica).
Вечназялёныя аднадомныя дрэвы з магутным ствалом выш. да 60 м, шырокай разгалінаванай ці парасонападобнай кронай. Жывуць да 1000 і болей гадоў. Ігліца 3—4-гранная, калючая, ад цёмна- і сіне-зялёнай да серабрыста-шэрай, у пучках па 30—40 ці адзіночная. Шышкі даўж. 5—10 см, шыр. 4—6 см, выспяваюць і рассыпаюцца на 2—3-і год. Насенне даўж. да 1,8 смзвял. крыльцам, неядомае. Драўніна ўстойлівая да шкоднікаў, мае прыемны колер і пах. Тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЮХ (Пётр Васілевіч) (8.3.1910, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.7.1994),
бел. спявак (бас). Скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы, да 1939 працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце. У 2-ю сусв. вайну ў арміі Андэрса. З 1945 як стыпендыят 2-га корпуса Войска Польскага вучыўся ў АМ у Рыме. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка дазвалялі яму па-майстэрску выконваць вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно, «Мефістофель» А.Бойта, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Выступаў у Італіі, здзейсніў турнэ па Еўропе. З 1950 у ЗША, потым у Канадзе. У 1958—85 саліст хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Жарава (ЗША). Выкладаў спевы ва ўласнай школе ў Нью-Йорку, у Гамбургу (Германія). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыме (1957). У 1975 наведаў Беларусь. Сябраваў з Р.Шырмай, Я.Брылём, А.Бажко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫ ПАХО́Д СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н 1147,
ваенны паход ням. (саксонскіх), дацкіх і бургундскіх рыцараў на землі палабска-прыбалтыйскіх славян. Адбываўся адначасова з 2-м крыжовым паходам у Палесціну (гл.Крыжовыя паходы). Меў на мэце ўмацаваць уплыў саксонцаў, аслаблены ў выніку паўстанняў славян у 983 і 1102. Супраць славян дзейнічалі 2 войскі (паводле хронік, да 100 тыс. воінаў). Войска саксонскага герцага Генрыха Льва аблажыла крэпасць Добін на землях бодрычаў. Апошнія пад кіраўніцтвам кн. Ніклата адбілі наступ крыжакоў, спустошылі іх базы ў Вагрыі (гл.Вагры), разбурылі г. Любек, захапілі дацкі флот каля ўзбярэжжа. Крыжакі вымушаны былі заключыць з Ніклатам мір. Спробы другога войска на чале зАльбрэхтам Мядзведзем падначаліць племя люцічаў, захапіць іх крэпасць Дымін і цэнтр памораў Шчэцін таксама былі няўдалымі. Разгром крыжовага паходу 1147 — апошняя перамога аб’яднаных сіл палабска-паморскіх славян. У 1150—60-я г. на іх землях заснаваны ням. графства Брандэнбург і герцагства Мекленбург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАКО́Л,
судна, якое пракладвае шлях іншым суднам у льдах замярзаючых басейнаў і служыць для падтрымання навігацыі. Ламае лёд масай свайго корпуса пры напаўзанні нахіленай насавой ч. на край ільдзіны. Ахова корпуса ад бакавога сціскання забяспечваецца яго спец. формай і павышанай трываласцю, засцярога вінтоў і рулёў — вял. асадкай.
Л. бываюць марскія, у т. л. лінейныя (для далёкіх пераходаў у арктычных морах, даўж. да 150 м, водазмяшчэнне да 23,5 тыс.т), азёрныя і рачныя. Першы ў свеце арктычны Л. «Ермак» пабудаваны ў 1899 пад кіраўніцтвам С.В.Макарава. Найб. магутныя сучасныя Л. — атамныя ледаколы. Ледакольныя флаты маюць Расія, ЗША, Канада, Швецыя, Фінляндыя.
Літ.:
Белкин С.И. Сокрушающие лед. М., 1983;
Безопасность плавания во льдах. М., 1993.
Спосабы разбурэння ледзянога покрыва ледаколам: 1, 2 — з дапамогай крэну корпуса; 3, 4 — з дапамогай насавой баластнай цыстэрны (у яе перапампоўваецца паліва з кармавой цыстэрны пасля насоўвання носа карабля на лёд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСКО́ЎСКІ (Юльян) (псеўд.БандурыстКарабіч, Ю. Карабіч, Марцін Мізэра; 1826, в. Новая Жосна Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1888),
польскі і бел. пісьменнік, журналіст. Паходзіў са шляхты герба «Кораб», адсюль адзін з псеўданімаў Карабіч. Адукацыю атрымаў у бернардзінскай школе (відаць, у Будславе). Працаваў канцылярыстам у Вільні. Удзельнічаў у вызв. руху. У 1849 эмігрыраваў. Жыў у Лондане, дзе ў 1855 напісаў рамант. паэму «У чужой старане», у якой паэтызаваў родны край. З 1860 у Вільні. Выдаў зб. «Беларускі бандурыст» (1861), прасякнуты патрыят. пачуццямі, пратэстам супраць сац. прыгнёту (верш «Сірата»), напоўнены беларусізмамі. Аповесць «У Амерыку па золата» (1888) пра цяжкое жыццё эмігрантаў з Польшчы і Беларусі. У арт. «Слова пра песню» (1882) выявіў добрае веданне бел. мовы і фальклору, змясціў тэксты бел. вершаў «Зямелька мая» і «Пад дуду» (відаць, аўтарскія).
Літ.:
Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мн., 1994. С. 148—161.