адзін з відаў транспарту, які ажыццяўляе скарасныя перавозкі пасажыраў, грузаў і пошты на ўнутр. і міжнар.авіялініях з дапамогай авіяц. тэхнікі (самалётаў і верталётаў). Карыстаецца аэрапортамі і аэрадромамі, аснашчаны сучаснымі сродкамі сувязі і навігацыі паветранай, што гарантуюць высокую бяспеку палётаў. Займае важнае месца ў перавозках на далёкія адлегласці і цяжкадаступныя раёны. Выкарыстоўваецца таксама як сан. транспарт, у тушэнні лясных пажараў, для аэрафотаздымак і абслугоўвання геолагаразведкі, пошуку рыбных касякоў, авіяхім. работ і інш.
Узнік у краінах Еўропы і ЗША пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, напр., у Францыі і Германіі як від транспарту — з 1920-х г. У СССР першая паветр. лінія Масква—Ніжні Ноўгарад адкрыта ў 1923. Развіццё П.т. паскорылася з 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з выкарыстаннем пасажырскіх шматмесных рэактыўных самалётаў Ту-104, Ту-114, Ту-124, Іл-18, Ан-10, Ан-24 і інш. З 1970-х г. на авіялініях эксплуатуюцца самалёты Іл-62, Ту-134, Ту-154; на мясц. лініях — Як-40 і інш., пасаж. верталёты Мі-4, Мі-6, Мі-8, Мі-10, К-26 і інш. У пач. 1990-х г.паветр. лініі звязвалі 3600 гарадоў і інш.нас. пунктаў СССР. На міжнар. авіялініях значная доля паветр. перавозак прыпадае на лятальныя апараты амер. фірмы «Боінг», адна з мадэляў якога «Б-747» (умяшчальнасць каля 500 пасажыраў) эксплуатуецца з 1971. На канец 20 ст.сусв. П.т. налічваў каля 15 тыс. магістральных самалётаў, больш за 300 тыс. лёгкіх лятальных апаратаў; на рэгулярных маршрутах перавозілася больш за 1 млрд. пасажыраў за год.
На Беларусі П.т. развіваецца з 1930-х г. Першая трансп. лінія па маршруце Мінск—Мазыр адкрыта ў 1932, перавозка пасажыраў (Мінск—Масква) пачалася ў 1938. У Вял.Айч. вайну П.т. адыгрываў вял. ролю ў арганізацыі дапамогі партызанам. За час акупацыі сав. авіятары здзейснілі каля 6 тыс. самалётавылетаў да партызан, даставілі каля 2,5 тыс.т разнастайных грузаў, перавезлі з Вял. зямлі і вывезлі з партыз. зон 11,6 тыс.чал.Пасля вайны авіялініямі звязаны Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі свету (2000), у т. л. з Вялікабрытаніяй, Германіяй, Кітаем, ЗША. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія», міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нац. і мясц. аэрапорт ў інш.абл. цэнтрах, таксама ў гарадах Мазыр, Пінск, Полацк, Салігорск і інш. Грузаабарот П.т. (1999) склаў 12 млн.ткм; пасажыраабарот каля 730 млн.пас.-км (перавезена больш за 270 тыс.чал.); авіяхім. работы ў сельскай і лясной гаспадарцы праведзены на плошчы каля 90 тыс.га. Дзейнасць сродкаў П.т., структура яго арганізацыі, прававыя адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з яго выкарыстаннем, рэгулююцца Паветраным кодэксам Рэспублікі Беларусь ад 11.1.1999 і інш. нарматыўна-прававымі актамі. Гл. таксама Авіяцыя, Грамадзянская авіяцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР IАляксеевіч
(9.6.1672, Масква — 8.2.1725),
расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.К.Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.І.Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр.фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн.спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас. войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каля в.Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Літ.:
Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;
Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;
Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ.Т. 1—3. Смоленск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Мікалай Крыштоф) (мянушка Сіротка; 2.8.1549, г. Цьмелеў Свентакшыскага ваяв., Польшча — 28.2.1616),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат, пісьменнік. Сын М.Радзівіла Чорнага. З 1563 вучыўся ва ун-тах Страсбурга і Цюбінгена. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83: у 1567 узначаліў уласны атрад у Радашковіцкай аперацыі, у 1568 удзельнічаў у аблозе Улы. У час заключэння Люблінскай уніі 1569, як і большасць паноў ВКЛ, адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту II Аўгусту са сваіх маёнткаў на Падляшшы і зрабіў гэта толькі пад пагрозай іх канфіскацыі. Адыход ад палітыкі сабатажу каралеўскага плана уніі і ўдзел у Лівонскай вайне прынеслі Р. ў 1569 годнасць маршалка надворнага ВКЛ. У 1573 быў у складзе дэлегацыі ў Парыж, каб запрасіць на трон Генрыка Валезы. З 1574 пачаў контррэфармацыйную дзейнасць: выдаў сродкі для скупкі пратэстанцкай л-ры (у т. л.Брэсцкай Бібліі), падтрымліваў праваслаўныя цэрквы, але больш клапаціўся пра пабудову касцёлаў. Пасля ўцёку Генрыка Валезы (1574) на трон Рэчы Паспалітай падтрымліваў кандыдатуру Эрнеста Габсбурга, але пасля паразумеўся са Стафанам Баторыем. За ўдзел у кампаніі 1579 прызначаны маршалкам вялікім ВКЛ. У 1581 удзельнічаў у аблозе Пскова. У 1582 выехаў у Італію, адкуль у 1583 — вырушыў у Святую Зямлю. Падарожжа апісаў у кн. «Пэрэгрынацыя» (на лац. мове; Бранева, 1601). У 1586 адмовіўся ад пасады маршалка вялікага ВКЛ на карысць свайго брата Альбрыхта і быў прызначаны кашталянам трокскім, а ў 1590 ваяводам трокскім. Падтрымаў заключэнне Брэсцкай уніі 1596, быў адным з 3 каралеўскіх паслоў на сабор у Брэсце. У 1604 прызначаны ваяводам віленскім. Разам з інш. лідэрамі ВКЛ выступаў супраць падтрымкі Лжэдзмітрыя I і ўмяшання ва ўнутр. справы Масквы, супраць вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У ВКЛ валодаў найбуйнейшымі латыфундыямі. Разам з братамі Станіславам і Альбрыхтам стварыў у 1586 Нясвіжскую, Клецкую і Алыцкую ардынацыі, стаў 1-м нясвіжскім ардынатам. У 1579 выдаў прывілей на самакіраванне г. Мір. Па хадайніцтву Р. ў 1586 Стафан Баторый даў Нясвіжу магдэбургскае права. У ліку першых правёў валочную памеру ў многіх сваіх маёнтках. Фундаваў касцёлы і шпіталі ў Нясвіжы, Дуброве, Чарнаўчыцах, Міры, Свержані. Бялай. Збудаваў замкі ў Бялай і Нясвіжы (сабраў там галерэю партрэтаў, б-ку, збраёўню), Нясвіжскі езуіцкі калегіум, Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў (разам з жонкай), заклаў парк у Альбе (пад Нясвіжам). Па ініцыятыве Р. і за яго кошт выдадзена 1-я дакладная карта ВКЛ (каля 1603, захавалася 2-е выд., Амстэрдам, 1613).
Тв.:
Бел пер. — Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ясна асветленага князя ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю // Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.
Літ.:
Bernatowicz T. Miles christianus et peregrinus: Fundacje Mikolaja Radziwiłla «Sierotki» w ordynacji Nieświeskiej. Warszawa, 1998;
Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłl Sierotka (1549—1616), wojewoda wileński. Warszawa, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ФРАНЦУ́ЗСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.
Пакт 1932 аб ненападзе паміж СССР і Францыяй, падпісаны 29 ліст. ў Парыжы. Краіны пацвердзілі прынцып адмаўлення ад вайны як сродку вырашэння міжнар. спрэчак, абавязаліся не ваяваць адна супраць адной, не ўмешвацца ва ўнутр. справы адна адной, не перашкаджаць развіццю ўзаемнага гандлю. Тэрмін дзеяння пакта не быў вызначаны. Дагавор 1935 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 2 мая ў Парыжы на 5 гадоў. Урады абедзвюх дзяржаў абавязваліся пры пагрозе нападу на адзін з бакоў якой-н. еўрап. дзяржавы пачаць адразу кансультацыі, у выпадку нападу на СССР або Францыю адразу аказаць дапамогу і падтрымку. Пасля зрыву Маскоўскіх перагавораў 1939 дагавор фактычна страціў значэнне. Франка-савецкае камюніке 1942 аб адносінах урада СССР да руху «Змагарная Францыя» і «Французскага нацыянальнага камітэта», падпісана 28 верасня. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць памагчы руху Супраціўлення, прызнаў Французскі нац. камітэт кіраўнічым органам «Змагарнай Францыі» і адзіным органам, які мае права арганізоўваць удзел у вайне франц. грамадзян і тэрыторыі і прадстаўляць іх інтарэсы пры ўрадзе СССР. Дагавор 1944 аб саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны ў Маскве 10 снежня. СССР і Францыя абавязваліся: працягваць сумесную барацьбу да перамогі над фаш. Германіяй, не ўступаць з ёю ў сепаратныя перагаворы і не заключаць без узаемнай згоды перамір’я ці міру з гітлераўскім урадам; пасля вайны разам рабіць усе неабходныя захады для ліквідацыі любой інш. пагрозы з боку Германіі, не ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць дагаворных бакоў. Прыём у 1955 ФРГ у НАТО быў расцэнены сав. бокам як парушэнне Францыяй узятых на сябе абавязацельстваў, таму дагавор быў ануляваны Вярх. Саветам СССР у тым жа годзе. Савецка-французская дэкларацыя 1966, падпісана 30 чэрв. ў Маскве. Бакі выказалі жаданне развіваць узаемныя абмены і супрацоўніцтва, вырашылі прадаўжаць паміж сабой кансультацыі па еўрап. і інш.міжнар. праблемах. Дэкларацыя падкрэслівала значэнне падпісаных міжурадавых пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне вывучэння і асваення касм. прасторы ў мірных мэтах і аб навук.-тэхн. і эканам. супрацоўніцтве. Савецка-французскі пратакол 1970, падпісаны 13 кастр. ў Маскве. Пацвердзіў палажэнні дэкларацыі 1966. Бакі дамовіліся ў выпадку, калі ўзнікнуць сітуацыі, якія пагражаюць парушыць мір або выклікаць міжнар. напружанасць, адразу ўступіць у кантакт адзін з адным, каб узгадніць пазіцыі, расшыраць і паглыбляць паліт. кансультацыі па важных міжнар. праблемах. Савецка-французская дэкларацыя 1971, падпісана ў Парыжы 30 кастрычніка. Пацвердзіла пратакол 1970 і адзначыла, што супрацоўніцтва паміж СССР і Францыяй не накіравана супраць інтарэсаў якога-н. народа, а мае на мэце садзейнічаць аднаўленню міру ў раёнах канфліктаў, эканам. развіццю і паляпшэнню ўмоў жыцця народаў, рэгуляваць спрэчныя пытанні мірнымі сродкамі. Абмен пісьмамі аб папярэджанні выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядзернай зброі. Адбыўся 16.7.1976 у Маскве. Краіны абавязаліся ажыццяўляць і ўдасканальваць арганізац. і тэхн. меры па прадухіленні выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядзернай зброі, якая знаходзіцца пад іх кантролем. Праграма далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж СССР і Францыяй на карысць разрадкі і міру, падпісана ў Маскве 8.4.1979, як выражэнне волі народаў абедзвюх краін да падтрымкі ўстойлівых дружалюбных адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВА́ТАННЕ, сватаўство, сваты,
даўні звычай наладжвання шлюбу ў многіх народаў свету, калі жаніх пасылае сваіх прадстаўнікоў (сватоў) да бацькоў нявесты прасіць яе сабе за жонку; адзін з этапаў падрыхтоўчага перыяду вяселля, у час якога бацькі і нявеста даюць згоду на шлюб. На Беларусі — рэгіянальная назва дружкі (Пружаншчына, Слонімшчына). У С. найчасцей ехалі бацька жаніха, яго старэйшы брат, дзядзька або хто-небудзь з блізкіх сваякоў, абавязкова жанатыя і не ўдаўцы. На ПдЗ Беларусі ў С. магла ўдзельнічаць і замужняя жанчына. Самога жаніха звычайна не бралі. Нярэдка за гал. свата запрашалі каго-небудзь са старонніх, хто добра ведаў рытуалы С. Звычайна сватаць ехалі ў аўторак, чацвер, суботу або напярэдадні якога-небудзь свята ўначы без папярэдняй дамоўленасці або пасля яе. У першым выпадку сваты частавання і падарункаў не бралі, у другім — бралі. Часта сваты прыходзілі нечакана ў будны дзень, каб паглядзець парадак у хаце, як выглядае і апранута нявеста ў час працы.
Перад ад’ездам у С. сватоў частавалі, благаслаўлялі, жадалі поспеху. Сваты не павінны былі адразу заходзіць у хату, а стукалі ў акно і прасілі пусціць іх нанач, выдаючы сябе за падарожных, паляўнічых, купцоў і г.д. Увайшоўшы ў хату, сваты не адразу гаварылі пра мэту прыходу, спыняліся перад першай бэлькай, не віталіся за руку, не ішлі адразу да стала, а калі іх запрашалі, садзіліся на лаву каля сцяны ад двара (паводле нар. прыкмет, садзіцца на лаву каля сцяны ад вуліцы азначала, што адзін з маладых аўдавее). У час С. гаварыліся спец. прымаўкі, прыказкі, намёкі, прыгаворы, іншасказанні, умоўныя формулы. У большасці формул захаваліся рэшткі паляўнічага, жывёлагадоўчага, земляробчага спосабаў жыцця продкаў, водгукі стараж звычаю куплі-продажу нявесты. У С. ездзілі нярэдка да трох разоў. Другі раз прыязджалі з жаніхом. Калі сваты заходзілі ў хату, нявеста хавалася. А калі яе запрашалі выйсці да сватоў, усяляк аднеквалася. Часам яна не хавалася, а дэманстравала перад сватамі сваю працавітасць. Сватоў частавалі (абавязкова былі сыр і яешня), потым сват і бацька нявесты паціскалі адзін аднаму рукі, папярэдне накрыўшы іх крысом.
У час С. бакі гаварылі пра падрыхтоўку да вяселля і тэрмін запоін. Пра пасаг дамаўляліся папярэдне. Перад ад’ездам сватоў маці нявесты давала ім загорнуты ў ручнік свой рытуальны хлеб, які, як і хлеб жаніха, называўся мінельнікам, і бутэльку з-пад гарэлкі, у якую насыпала жыта і абвязвала яе каляровым поясам. У выпадку адмовы ад шлюбу аднаго з бакоў апошні адсылаў мінельнік назад, а нявесце, акрамя таго, вярталі з бутэлькай жыта. У выпадку адмовы сяброўкі нявесты імкнуліся ўваткнуць у сані або воз сватоў дзяркач («галень»), Нярэдка з воза сватоў сяброўкі нявесты выбіралі сена і салому і пасыпалі імі сцежкі да сваіх хат, што павінна было азначаць хуткі прыезд да іх сватоў. Калі нявеста абвязвала сватоў ручнікамі, гэта з’яўлялася знакам згоды на шлюб. Пасля С. спраўлялі заручыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
перакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Кінуць што‑н. цераз каго‑, што‑н. Прайшоўшы некалькі крокаў, белабрысы [хлопчык] спыніўся, азірнуўся, пасля падбег да высокага плоту і, размахнуўшыся, перакінуў бант цераз плот.Арабей.// Штуршком, махам перамясціць цераз што‑н. — Дзядзька Сцяпан! — ускрыкнуў я і, перакінуўшы цераз драбіны ногі, саскочыў з воза.Брыль.Русаковіч прыпыніўся, дастаў з меха нямецкі аўтамат і перакінуў яго рэмень цераз галаву.Паслядовіч.// Імклівым рухам перамясціць якую‑н. рэч на другое месца або з месца на месца, перавесці ў іншае становішча. Перакінуць мяшок з аднаго пляча на другое. □ [Міхаська] нагнуўся і выхапіў з прыску бульбіну, перакінуў яе з далоні на далонь, здзьмухнуў попел, пачаў абіраць.Сіняўскі.Віцька зачыніўся, намацаў на дзвярах ручку і перакінуў яе на скабу.Паўлаў.//перан. Накіраваць, звярнуць (погляд, зрок, гнеў і пад.). Галілей борздзенька перакінуў свой погляд з акна на печку.Зарэцкі.— Не перабівай! — грозна крыкнуў дзед, падкідаў ламачча на агонь і далей баяў, не збаўляючы грознага тону, нібы гнеў свой перакінуў з унука на герояў байкі.Бядуля.//церазшто. Павесіць так, каб канцы чаго‑н. свабодна звісалі; перавесіць. Скуратовічык ірвануў пастушка за плечы, дэманстрацыйна і злосна перакінуў цераз сваё плячо, галавой назад, нагамі сабе ў рукі, і панёс.Чорны.Канстанцін Пятровіч узяў сваё паліто, але не стаў надзяваць яго, а проста перакінуў цераз руку.Васілёнак.
2. Закінуць далей, чым трэба.
3. Перамясціць, адправіць на новае месца. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу.Сабаленка.[Оберст] перакінуў у раён бою ўсю тэхніку, амаль усе падначаленыя яму часці.Шахавец.// Накіраваць, перавесці на другое месца працы, для выканання іншага задання. Вера сказала, што яе перакінулі на работу на камбінат у якасці табельшчыка.Мікуліч.// Перавезці, даставіць. [Мікола] пачаў расказваць мне пра .. партызанскі бой, пра самалёт, які перакінуў яго пасля ранення цераз фронт.Брыль.Раніцай партыя геолагаў пачне работу і трэба паспець за ноч перакінуць ёй усё неабходнае.«Звязда».
4. Палажыць што‑н. упоперак чаго‑н. для пераправы, пераходу. Перакінуць кладку цераз ручай. □ Рэчка там звужвалася, можна было нават жэрдкі з берага на бераг перакінуць.Кулакоўскі.//перан. Пралажыць, пракласці што‑н. над чым‑н., цераз што‑н. Над возерам перакінула сваё каляровае каромысла радуга, але вясёлы, бліскучы грыбны дожджык усё яшчэ ішоў.В. Вольскі.
5.Разм. Рэзка перавярнуць што‑н. на бок, перакуліць. // Хутка перагарнуць, перабраць (старонкі кнігі, рукапісу і пад.). Пісар тым часам борзда перакінуў паперы, спыніўся.Колас.
6. і чаго. Даць, перадаць, пераслаць што‑н. Язэп памагаў нам сім-тым, — то солі выкраіць якое кіло, то з харчоў што-кольвечы перакіне.Сачанка.— Можа калі па-суседску і нам якога дэфіцыту перакіне, — жартаўліва гаварыў я агрэсіўна настроенай Соні.Даніленка.
7. Даць больш, чым патрэбна, перадаць.
8. Тое, што і перакуліць (у 2 знач.). Ідзе ён [Міхал] смела, не баіцца Праборкі дома за гарэлку: Вяліка важнасць, што кватэрку Ён з гора тога перакінуў!Колас.[Казік:] — Пасля ўсяго страху варта было б перакінуць чарку.Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
след, ‑у, М следзе; мн. сляды, ‑оў; м.
1. Адбітак ступні нагі, капыта, лапы на якой‑н. паверхні. Калі Мікола праходзіў па гліне, дык ногі гразлі і сляды ад іх заставаліся на памосце.Бядуля.— Вось зайчык бег, — паказаў Косцік.. — Дзе? — Во сляды, бачыш, во! Гэта і гэта. Дзвюма ножкамі... Ці, праўда, чатырма.Брыль.// Адзнака таго, што тут хадзілі; дарога, шлях. След конь чуў добра сам, і яго не трэба было кратаць лейцамі.Пташнікаў./уперан.ужыв.Мая Дуброўка!.. Успаміны Вядуць на мой юнацкі след.Бялевіч.// Паглыбленне, паласа і пад. на паверхні чаго‑н. пасля перамяшчэння па ёй. Пракладаецца першы след па новай саннай дарозе.Машара.[Незнаёмы:] — Вось паслухай, якім чынам утвараецца белаваты след за самалётам.Шыловіч.// Вынік чыёй‑н. дзейнасці, якой‑н. падзеі і пад. [Лявон:] — Чалавек павінен па сабе след на зямлі пакінуць. Інакш ён не чалавек...Б. Стральцоў.След гэтай гаворкі астаўся ў Алесі надоўга.Скрыган.[Тварыцкаму] хацелася і ашчаслівіць дачку, і адарвацца, адрачыся, ачысціцца ад свайго мінулага, знішчыць у сабе ўсе яго сляды.Кудраўцаў.
2. Адбітак, які‑н. знак ад ціснення, дотыку і. пад. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі.Лынькоў.Вешалка толькі адарвалася, і на каўняры відзён след ад цвіка.Васілевіч.Вашамірскі расшпільваўся і паказваў .. рубцы — сляды кіпцюроў.Бядуля.// Тое, што, застаўшыся пасля каго‑, чаго‑н., з’яўляецца яго прыкметай, сведчыць аб чым‑н. Тут [у лесе] зусім не відно слядоў чалавека: ні сцежкі, ні ссечанага дрэва.Шамякін./уперан.ужыв.Мы раз-пораз угадваем у творчасці ранняга Чарота сляды вучобы ў Купалы.Перкін.
3. Уцалелая частка чаго‑н., астаткі чаго‑н. Сляды пазалоты. □ У штабе тым [сельсавеце] усё заўжды Праверана, знаёма: Дзе вапна ёсць, Дзе глін сляды, І колькі тон, вядома.Астрэйка.Даўніх вогнішчаў сляды Зараслі травою.Гілевіч./уперан.ужыв.Бачу я на твары Дзіцячай, шчырай радасці сляды.Агняцвет.
•••
У адзін след; у два (тры і пад.) сляды (дыскаваць, баранаваць) — разрыхляючы ўзараную зямлю, праходзіць з бараной, дыскамі па адным і тым жа месцы адзін або некалькі разоў.
Без следу — зусім бясследна (знікнуць, згінуць і пад.). Без следу згінуў камарыны кут, як быццам тут за ноч адбыўся цуд.А. Вольскі.
Блытаць слядыгл. блытаць.
Браць (узяць) следгл. браць.
Заблытаць сляды (след)гл. заблытаць.
Замесці сляды (след)гл. замесці.
Зблытаць сляды (след)гл. зблытаць.
Здвоіць следгл. здвоіць.
(І) след прастыў (прапаў) — пра знікненне каго‑, чаго‑н.
І следу не засталосягл. застацца.
І следу нямагл. няма.
Лавіць бягучага воўка следгл. лавіць.
Напасці (трапіць, натрапіць) на следгл. напасці.
Па гарачых (свежых) слядах — зараз жа, адразу пасля якой‑н. падзеі.
След у след — адзін за адным, ставячы нагу туды, куды ступаў той, хто ішоў наперадзе.
Як след — як трэба, як мае быць. Здалёк разгледзець жанчыну як след было цяжка.Лупсякоў.[Баба Іваніха:] — Цяпер, глядзі, бярыся як след за кніжкі.Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́на Беларусі,
аб’яднанне каталіцкіх дыяцэзій на тэр. Беларусі. Зах.-хрысц. ўплывы пранікалі на бел. землі з 11 ст. праз місіянераў, гандл. і эканам. сувязі з зах.-еўрап. краінамі (гл.Хрысціянства). У 1250-я г. ў сувязі з прыняццем вял.кн.Міндоўгам каталіцкага хрышчэння адбылося першае прызначэнне рымска-каталіцкага біскупа для часткі бел. і літ. зямель. У 1263—1387 Р.-к.ц. не мела ў ВКЛтэр. арг-цыі, хоць місіянерская дзейнасць не спынялася. Трывала ў ВКЛкаталіцызм замацаваўся пры вял.кн.Ягайле, калі ён заснаваў у 1387 Віленскую рымска-каталіцкую епархію, якая ахоплівала літ. і большую частку бел. зямель. Паўд.-зах. землі Беларусі, у т. л. Брэст, Пінск, уваходзілі ў склад Уладзімірскага біскупства (г. Уладзімір на Валыні). У 1417 створана Жмудскае біскупства, у 1613 — Смаленскае. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў перыяд Рэфармацыі Р.-к.ц. часткова страціла свае пазіцыі. Для пераадолення крызісу праведзена царк. рэформа, якая была падтрымана папствам і санкцыяніравана Трыдэнцкім саборам 1545—63. У парафіях ад ксяндзоў патрабавалася весці метрычныя запісы, здзяйсняць паломніцтвы, ствараць каталіцкія брацтвы, шпіталі, пач. школы, б-кі (гл. таксама Контррэфармацыя). Вял. ролю ў пашырэнні каталіцызму на Беларусі адыгралі ордэны манаскія. У 1772 на тэр. Беларусі дзейнічалі кляштары 27 ордэнаў (аўгусцінцы, баніфраты, бернардзінцы, дамініканцы, камуністы, кармеліты, марыяне, місіянеры, піяры, рахіты, трынітарыі, францысканцы і інш.). Іх дзейнасць прыўнесла на Беларусь зах.-еўрап.культ. ўплыў і пакінула прыкметны след у яе гісторыі і культуры, спрыяла развіццю навуч. устаноў і кнігадрукавання, навукі, у галіне мастацтва прынесла культуру барока, традыцыі школьных тэатраў, грыгарыянскіх спеваў, вакальна-інстр. музыкі.
У 1772 у выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай да Рас. імперыі адышла тэрыторыя, на якой жыло каля 100 тыс. католікаў. У 1773 указам Кацярыны II тут утворана Бел. рымска-каталіцкая епархія (дыяцэзія) з цэнтрам у Магілёве; яе біскупу (на той час С.І.Богуш-Сестранцэвіч) падпарадкаваліся ўсе касцёлы і кляштары ў дзяржаве. У 1783 замест Бел. дыяцэзіі створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія, зацверджаная булай папы Пія VI. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795—98 замест скасаванага Віленскага біскупства створана Інфлянцкае біскупства з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленскае біскупства адноўлена. На 1798 у Рас. імперыі было 6 рымска-каталіцкіх дыяцэзій, з іх З (Віленская, Магілёўская, Мінская рымска-каталіцкая епархія) ахоплівалі ўсю тэр. Беларусі. У 1797 для кіравання Р.-к.ц. створаны дэпартамент для рымска-каталіцкіх спраў пры Юстыц-калегіі ліфляндскіх, эстляндскіх і фінляндскіх спраў. У 1801 замест дэпартамента засн. рымска-каталіцкая духоўная калегія, якой было падпарадкавана ўсё каталіцкае духавенства. У 1869 Мінская дыяцэзія скасавана, кіраванне яе касцёламі даручалася магілёўскаму архібіскупу. У сувязі з паўстаннямі 1830—31 і 1863—64 царскія ўлады закрылі шэраг бел. каталіцкіх кляштараў, былі скасаваны езуіцкія навучальныя ўстановы, школы і калегіумы піяраў і дамініканцаў. У 1892 усе навуч. ўстановы пры касцёлах перададзены мін-ву нар. асветы. Духоўную адукацыю ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. атрымлівалі ў Рыме, Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, Полацкай езуіцкай акадэміі, семінарыях у Вільні, Беластоку, Магілёве, Мінску. У 2-й пал. 19 ст. дзейнічалі Духоўная акадэмія ў С.-Пецярбургу і па адной семінарыі ў кожнай дыяцэзіі.
Пасля Кастр, рэвалюцыі 1917 у Расіі, ва ўмовах неўмяшання дзяржавы ў справы царквы, была адноўлена Мінская дыяцэзія. Але ў 1920—30-я г. Р.-к.ц. перажыла шэраг антырэліг. кампаній: канфіскацыю царк. каштоўнасцей, закрыццё касцёлаў, суд. працэсы над прадстаўнікамі каталіцкага духавенства па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і шпіянажы на карысць Польшчы. На 1938 у БССР не засталося ніводнага дзеючага касцёла. У Зах. Беларусі ў складзе Польшчы Р.-к.ц. знаходзілася ў спрыяльных умовах: у Драгічыне і Пінску былі адкрыты духоўныя семінарыі, адраджаліся кляштары, будаваліся новыя касцёлы і інш.Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) уплыў Р.-к.ц. рэзка скараціўся, ксяндзы падвяргаліся рэпрэсіям. У Вял.Айч. вайну многія ксяндзы ўдзельнічалі ў партыз. руху, асабліва актыўным было польскае духавенства ў Арміі Краёвай. За ўдзел у антыфаш. руху акупантамі загублена больш за 100 чал. каталіцкага духавенства. На 1945 у БССР захавалася 325 касцёлаў (90 разбурана ў вайну). Пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці Р.-к.ц., духавенства масава выязджала ў Польшчу, многія рэпрэсіраваны. На 1.1.1960 у БССР існавала 191 каталіцкае аб’яднанне са 102 ксяндзамі, у 1985—96 аб’яднанняў з 52 ксяндзамі. Сувязі Р.-к.ц. Беларусі з Ватыканам былі парушаны (ажыццяўляліся нелегальна праз епіскапат Польшчы). Кадры духавенства для Беларусі рыхтаваліся з 1975 у Рыжскай каталіцкай духоўнай семінарыі. У 2-й пал. 1980-х г. у СССР пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці, у т. л. Р.-к.ц. Адчыняюцца старыя і будуюцца новыя касцёлы, аднаўляецца дзейнасць манаскіх ордэнаў, вядзецца місіянерская дзейнасць, выдаецца рэліг.л-ра і інш. Арганізаваны епархіяльныя структуры: у 1989 засн. апостальская адміністрацыя ў Мінску, у 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенскае біскупства (у межах Гродзенскай вобл.), Мінска-Магілёўская архідыяцэзія (у межах Мінскай, Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай дыяцэзіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1998 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 417 парафій, 266 ксяндзоў, 7 кляштараў, Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне (з 1990), выдаюцца час. «Наша вера» (Мінск), «Дыялог» (Баранавічы), «Ave Maria» (час. Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі), «Ave Maria. Маленькі рыцар Беззаганнай» (Мінск), «Misericordia» («Міласэрнасць», Гродна), газ. «Слова Жыцця» (Гродна), «Odkupiciel» («Збавіцель», Гродна), «Каталіцкія навіны» (Мінск; Магілёў).
Літ.:
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). Мн., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994. № 1—2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лой, лый, лаёк ’топлены авечы або ялавічны нутраны тлушч’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Вешт., Клім., ТС, Булг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’авечы тлушч’ (Гарэц., Касп., Шат., Бес.), ’ялавічны тлушч’ (Яруш., Мат. Бых.), ’свечачнае сала’ (Грыг.; паўд.-усх., КЭС), ’свіное сала’ (горац., маг., КЭС). Укр.лій, рус.лой, польск.łój, чэш.lůj, славац.loj; славен.lǫj ’лейка’, серб.-харв.ло̑ј, макед.лой, лујот, балг.лой, ц.-слав.лои. Прасл.lojь ’топлены тлушч жывёл’. Утворана ад liti ’ліць’ (як bojь ад biti і да т. п.) і першапачаткова было nomen actionis (’ліццё’), пасля перайшло ў разрад nomen acti ’тое, што льецца, топіцца’ (Слаўскі, 5, 259; Фасмер, 2, 513). Сюды ж лоевы ’тлушчавы (аб свечцы)’ (Нас., ТС), лаёвы, лаевый ’тс’ (Гарэц., Др.-Падб., Грыг., Нас.), а таксама сувалк.łoi̯ić ’біць’, якое разам з чэш.slíti se ’ўхіліцца ад абавязкаў, не прыйсці куды-небудзь’, ulít se ’сачкануць’, ulejvák ’лодыр, сачок’, балг.радоп.лойам съ ’сцерагчыся, каб не ўдарылі пры гульні ў мяч’, ’пазбягаць цяжкай працы’ і інш., дазваляюць гіпатэтычна меркаваць аб тым, што ў адыменнага прасл.lojiti было апрача значэння ’намазваць тлушчам’ (гл. Слаўскі, 5, 146–147) таксама значэнне ’ісці, хутка рухацца, пазбягаць’ (Варбот, Этимология–73, 29–31; яна ж, СБЯ, 1981, 57).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нядзе́ля ’нядзеля, рус. воскресение’ (Нас., Гарэц., Булг.), ’нядзеля; тыдзень’ (Яруш., Грыг., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’тыдзень’ (Бяльк., Касп.), укр.неділя ’нядзеля’, рус.неделя ’тыдзень’, польск.niedziela ’нядзеля’, чэш.neděle ’нядзеля; тыдзень’, славац.nedeľa ’тс’, палаб.nidelʼɛ ’тс’, в.-луж.njedźela ’тс’, н.-луж.njeźela ’тс’, славен.nedélja ’тс’, серб.-харв.нѐдеља ’тс’, макед.недела ’тс’, балг.неделя ’тс’, ст.-слав.недѣлꙗ ’тс’. Прасл.*nedělja, лічыцца калькай з лац.feria, сярод значэнняў якога ’свята; вольны ад работы дзень’; менш верагоднай крыніцай з’яўляецца грэч.ἄπρακτος (ἥμερος) са значэннямі ’бязмэтны; які праводзіцца ў бяздзеянні, нерабочы’ (Фасмер, 3, 57); паводле Львова (Зб. Нахцігалю, 186–187), ст.-слав.недѣлꙗ магло з’явіцца і ўвайсці ў славянскія кнігі ў Маравіі са значэннем ’стан нядзеяння’, дзе другая частка *дѣлꙗ як у слове дрѣводѣлꙗ ’цясляр’ і пад. (гл. дзеля). Перанос назвы з дня тыдня, ад якога вялі адлік, на адрэзак часу пасля гэтага дня: ’нядзеля’ — ’тыдзень’, параўн. рус.арх.ле́то ’год’ < ле́то ’лета’. Гл. таксама Дурнаво, RÉS, 6, 107; Матушэўскі, Słowiański tydzień. Łódź, 1978; Сямчынскі, Семант. інтэрф. мов. Київ, 1974, 178; Ферлюга–Пятроніа, Živa antika, 34, 1–2; 43–48. Сюды ж нядзе́льнікаваць ’адпачываць, па-святочнаму прыбірацца’ (Сцяшк. Сл.).